Раздзел чацверты 1 Прыпыніліся: куды цяпер ісці. Глушак, не доўга думаючы, параіў – на край, пачаць з першай. Башлыкоў згадзіўся. Ступаючы побач з Башлыковым, паведаміў: гэты, калі б не Куліна, жонка, хоць цяпер гатовы ў калгас. Там усё жонка круціць... Ужо калі ўздымаліся на ганак, Глушак сказаў раптам спакойна, абы сказаць: – Ето хата той Ганны, што ў школе ў Глінішчах. Сказаў так, што было відаць: не надае факту гэтаму нейкага значэння. Разумее, што Башлыкову ніякай цікавасці да гэтага, ён, можа, і не помніць ужо тую Ганну. Сказаў таму, што трэба было гаварыць, тлумачыць. Башлыкоў і не сказаў нічога. Як бы не выказаў цікавасці да весткі. Зрабіў так, як належала. Але ў душы яго ўсё, што было перад ім, умомант зыначылася. Усё набыло раптам асаблівае значэнне, як бы зазырчэла ў неспадзяваным, яркім святле. На яго як бы абрынулася, апанавала яго моцнае хваляванне. Такое моцнае, што, здалося, не змог стрымаць, здалося, кінулася ўсім у вочы. Добра, што ступілі ў сенцы, змрок іх памог ухаваць утрапенне. Даў момант, каб абвыкнуцца хоць трохі з неспадзеўкай. Мімаволі падумалася: трэба ж, каб так сышлося! Проста ў хату яе трапіць! Як знарок! За гэтым узяло вострае, новае: «А можа, і яна тут?!» Хваляванне яго ўзяло новы кірунак. Сэрца забілася часта і трывожна прадчуваннем неспадзяванай, блізкай сустрэчы. Сустрэча гэта трывожыла асабліва таму, што чулася важнай яму і ён не быў, зусім не быў гатовы да яе. Пільны, насцярожаны, ступіў ён у хату. Адразу ўхапіў позіркам: у хаце была адна пажылая, чырванатварая жанчына, што клапацілася пры печы. Як бы не верачы, агледзеў хату: у пакоі нікога больш не было. Ён на момант як бы ўзрадаваўся, адчуў палёгку. Хаваючы толькі што перабытае, паважна, упэўнена прывітаўся. Жанчына, падгарнуўшы жар у печы, трымаючы чапялу ля ног, дапытліва і няцямна ўгледзелася. У позірку яе нелагодных, унізлівых вачэй было насцярожанае: чаго прыйшлі? Гэта, відаць, так турбавала, што не адказала на прывітанне. – А дзе дзядзько? – са знарочыстай весялосцю спытаў Глушак. – На печы... – нелагодна і, падобна, неахвотна прамовіла жанчына. Дзядзька, мусіць, прыслухоўваўся да размовы. Пасля жончыных слоў на печы паказалася яго ўскудлачаная галава, потым і ўвесь ён, хударлявы таксама, у даматканых сарочцы і штанах, босы, з кручкаватымі жоўтымі пальцамі на нагах. Мелькам зірнуўшы на гасцей, павольны і спакойны ссоўваўся з печы. – Што ж ето ты, Чарнушка! Сярод белаго дня! – папракнуў яго Дубадзел. Чарнушка зніякавела паскардзіўся: – Прастудзіўся недзе. – Нібы падмацоўваючы словы свае, сіпла закашляў: – Грэюся от. Башлыкоў сачыў за ім з цікаўнай увагай. Звычайны селянін, якога ён упершыню бачыў, адразу вылучыўся сярод іншых: гэта быў яе бацька. Як і жонка яго, самы блізкі да глінішчанскай знаёмай незнаёмкі чалавек. Яна, тая загадкавая прысуха, была часцінкай гэтых людзей, у іх нібы таілася адгадка той загадкі, якая карцела яму. Сочачы за дзядзькам, адзначыў мімаволі: тая, глінішчанская, мала падобная на бацьку. Толькі ў ладзе твару нешта блізкае, у позірку вачэй, спасцярожлівым, разумным. Але ў позірку гэтым няма той жывасці, неспакою, што раз-пораз паблісквалі ў вачах глінішчанскай красуні. З маці яшчэ менш падабенства. Здаецца, зусім няма... Побач з гэтым прайшло мімаволі: колькі зацятасці і непрыязнасці ў твары маці! Як бы загадзя папярэджвае: нічога добрага не чакайце! Трывогі той, амаль страху, што момант былі апанавалі, ужо не ведаў. Сэрца білася ўпэўнена. Усё ж спакою поўнага не было. Хваляваў, даваў вастрыню адчуванням той факт, што гэта яе хата, яе звыклы свет. Ад таго з не абы-якой цікавасцю ўбіраў усё, што бачылася: пафарбаваная, сіняватая старая печ, прыладдзе для печы і венік у куце ля дзвярэй, кажух, кінуты на ложку. Ложак накрыты даматканай коўдрай. Вазоны ў абодвух вокнах, што на вуліцу. Стары, учарнелы стол без настольніка, з непрыбранымі міскай і лыжкамі. Абразы ў куце, здаецца, няветліва ўзіраюцца ў няпрошаных гасцей... Небагатая, нават – бедная сялянская хата. Кожная рэч у ёй, здаецца, гаворыць пра кепскі дастатак, пра затхлую даўніну, затхлае жыццё. Гэта дадавала ў адчуванні Башлыкова супярэчлівасці: неяк цяжка было паверыць у тое, што бачыў сваімі вачыма – што тут, у гэтай беднасці, гэтай затхласці, гэтай нікчэмнасці, магла яна нарадзіцца, жыць! Тое, якой ён яе бачыў і помніў, так не пасавала з гэтым, што не ядналася ў адзін свет, ён нібы не мог уявіць яе сярод усяго гэтага. Не мог нават нібы згадзіцца, што такое магло быць. Гэты факт меў і іншае, добрае значэнне. Тое, што яна не дзе-небудзь, а іменна тут жыла, адсюль выйшла, значыла, што ў яе годнае, блізкае паходжанне. Вядома, паходжанне яе не пралетарскае, не рабочае, але ўсё ж – працоўнае і, як можна бачыць, бядняцкае. Гэты факт значыў, што яна блізкая яму па становішчы, у адных з ім шэрагах. Ён, Башлыкоў, канешне, і не думаў, што яна памешчыцкая дачка, памешчыкаў даўно няма, але магло ж здарыцца, што ў становішчы яе ёсць якая-небудзь закавыка, якая б сапсавала ўсё адразу. Бывае ж такое тут ледзь не на кожным кроку... Не прызнаючыся сабе, пабойваўся гэтага: тым больш што ў глінішчанскай знаёмай чуліся нейкая ганарлівасць, непадступнасць. На шчасце, падазрэнне гэта адпала... У тым, што хвалявала Башлыкова ў гэты момант, было і яшчэ адно, прытоенае. Ён стрымліваў гэта, як не вартае яго, але яно ўсё ж было і ўсё ж цешыла. Тое, што яна выйшла з такой беднасці, з такой чарнаты, што ён бачыў гэта, можна сказаць, дакранаўся сам да гэтага, рабіла яе ў яго вачах больш звычайнай, блізкай. Як бы там ні было, ад той сустрэчы ў Глінішчах жыло ў Башлыкове неадольнае захапленне ёю, адчуванне нейкай нібы незямной завабнасці, нават нібы недаступнасці. Смешнае, хлапечае пачуццё, дзіўнае ў сталым чалавеку, адказным работніку. І вось бачыў сам, сваімі вачыма: зусім зямная, падобная на іншых, нават звычайная. Даступная. Поўны супярэчлівых адчуванняў, пільным позіркам вылучыў картку на сцяне ў самаробнай дубовай рамцы. Зацікавіўся ўмомант: на картцы было двое, мужчына і жанчына, маладыя, побач. Працяла здагадка: яна з некім, ледзь не ўстаў, не ступіў бліжэй. Стрымаўся, прыгледзеўся зводдалек: на здымку былі бравы, з круглай мікалаеўскай фуражкай, з пагонамі салдат і танклявая, у белай кофце і доўгай спадніцы жанчына. Даўняя, пажоўклая ад часу картка і мікалаеўская, набок, зухаватая фуражка сведчылі, што здымку багата гадоў. Але танклявая маладая жанчына здалася дзіўна падобнаю на Ганну. Хто гэта? Гадаючы пра гэта, узрушаны яшчэ ўбачаным і адчутым, Башлыкоў цяжкавата сачыў за тым, як Глушак цырымонна, па-сялянску падступаўся да гаспадароў, тлумачыў, чаго зайшлі. Дубадзел, што нецярпліва і з гаспадарскай упэўненасцю пахаджваў па хаце, не вытрываў глушакоўскай цырымоннасці, перабіў яго, аб'явіў адразу: – Адным словам, явіліся выясніць: чаго ў калхоз не ідзеце? У тым, як ён гаварыў, было не так пытанне, як патрабаванне адказаць, адкрыта і ясна. Было і абвінавачанне: чаму валаводзіце ў гэтай, такой простай справе? Стары, падобна было, і наогул чуў сябе ніякавата ад таго, што засталі на печы, горбіўся, адводзіў вочы. Пасля Дубадзелавых слоў ён, здалося, яшчэ больш угнуў плечы, унурыў позірк. Хвіліну было цягучае, звыклае ўжо маўчанне. Тады стары неспадзявана ажыў, усміхнуўся, дзіўна, па-змоўніцку да гасцей: як бы пасмейваючыся з імі. Вясёлым вокам павёў да печы, да жонкі. – Да я хоць сягоння гатовы, – прамовіў хітравата, нібы бесклапотна. – Хоць зараз. Калі яна скажа, што згодна. Угаварыце яе!.. У позірку яго, у манеры гаварыць мільгнула Башлыкову знаёмае: так мела звычку паглядваць, гаварыць тая, глінішчанская, яго дачка. Старая ля печы, чырвоная, злосная і да таго, зіркнула на мужа так люта, што і Башлыкову стала не па сабе. Разгневаная, усхапіла чапялу, што трымала, з такім рашучым выглядам, што было відаць – не завагаецца ні на момант. Чарнушка адразу спрытна ўскочыў. Сур'ёзны, пагрозны, папракнуў: – Ну, здурнела! Гасцей пасаромейся! Мяркуючы па тым, як яна глянула на Башлыкова, толькі дзякуючы яму чапяла затрымалася, стала зноў на падлогу. Але старая дала волю гневу свайму: – Ён хоць сягоння гатовы! Угаварыце яе! Гаспадар, няма чаго! Сам гатовы распетрыць усё! «Хоць зараз аддам усё!..» Кепікі яшчэ строіць! Чарнушка, мусіць, каб не рызыкаваць больш перад гасцямі, адно прамовіў з папрокам: – Чаго там распетруваць!.. Старая, разгневаная, не глядзела на яго. Худыя грудзі хадзілі часта, неспакойна. Дубадзел, што сярод хаты сачыў за ўсім весела, як бы забаўляючыся, – на што аптыміст, а зазначыў важка, без радасці: – З тваёй жонкай, Чарнушка, чорт не згаворыцца! – Ён, аднак, тут жа змяніў тон гаворкі: не яму было паказваць кволасць, ды яшчэ перад Башлыковым, дадаў нібы жартам: – Дажджэцца яна, што прыпаяем цвёрдае! Жанчына ці не разумела жартаў, ці ведала, што значыць жарт Дубадзела, зірнула люта на яго, урэзала: – Цвёрдае! Ето нам цвёрдае?! Кеб у цябе язык папух, за такія твае словы! Яна ў запале вельмі спрытна далучыла да гэтага яшчэ некалькі, такіх жа ласкавых і шчырых пажаданняў. Было відаць: старая не ведае, што такое далікатнасць. Зацятая, было відаць, і смелая: стоячы за сваё, ні перад чым не спыніцца. Дубадзел, ці то таму, што добра ведаў старую, ці таму, што лічыў не годным паступацца перад жанчынаю, адказаў ёй рогатам: нібы ўхваліў спрыт пажаданняў. Паказаў, што не крыўдзіцца. Усё ж надышла нядобрая няёмкасць. Няёмкасць гняла і Башлыкова, яго, можа, нават больш, чым іншых. Усё тое, што ён адчуў ад старой, маці яго завабнай знаёмай, так не пасавала з усім тым, што ад сустрэчы ў Глінішчах было ў душы. Гэтае так груба таптала тое кволае, добрае, што чулася яму як абраза яго шчырым пачуццям. Абражаны, Башлыкоў не знаходзіў той цвёрдасці, якая прыходзіла заўсёды ў такі момант. Тое, што перад ім быў не нехта чужы, а самы блізкі чалавек загадкавай глінішчанкі, зыначвала, блытала ўсё. Глушак, відаць, лічыў сябе асабліва вінаватым за нядобры лад гаворкі: як-ніяк, такое было ў яго вёсцы. У вёсцы, за якую ён фактычна адказваў перад райкомам як адзіны партыец і старшыня калгаса. Таму натуральным было, што ён рашыў выправіць становішча. Глушак палічыў самым надзейным сродкам ласкавасць. – З цёткай Кулінай мы згаворымся, – прамовіў ён па-таварыску, мусіць, тым тонам, якім гавораць добрыя суседзі. Жанчына, аднак, не адгукнулася на гэту хітрасць. Ліслівасць, што чулася ў голасе Глушака, яе нават запаліла. Яна з дзіўнай радасцю абрэзала: – Ты сваю матку ўгавары спярша! Быў у яе словах нейкі намёк. Улавіўшы гэта і, пэўна, зразумеўшы, што гэта адчулі і другія, Глушак занепакоіўся, але зрабіў выгляд, што ў словах Чарнушчыхі няма нічога. – Чаго яе ўгаворуваць? – нібы здзівіўся ён. – Яна ўжэ ўступіла... Здзіўленне яго было такім няшчырым, так чулася ў ім трывога, што гэта было відаць усім. Ён, няйнакш, хацеў годна адступіць, не ганьбячыся перад гасцямі. Лепш бы ён перамаўчаў старой. На яго словы Чарнушчыха зноў ускінулася. – Аге! – згадзілася яна радасна-з'едліва. – Уступіла! Улезла! Да не знае, як вылезці! – Што ето вы кажаце, цётко? – Глушак гаварыў зноў няшчыра і мірна, як бы прасіў перамаўчаць. Не сарамаціць перад чужымі. – Што кажу! А што сяло ўсё чуе! – Не жадаючы гаварыць марна, яна змяніла кірунак размовы. Каб адразу выказаць усё, заявіла непахісна: – І слухаць не хочу пра ваш калгас! Тут уступіў у спрэчку Башлыкоў. Роўным, стрыманым тонам, з упэўненасцю чалавека, які багата больш ведае і разумее, папракнуў за баязлівасць, за тое, што верыць варожым плёткам. Сказаў, што мільёны працоўных сялян адкінулі паклёпы кулацкіх элементаў, смела пайшлі па калгаснай дарозе. Што мільёны людзей пераканаліся ўжо на жывым вопыце ў перавагах калгасаў. Выбраліся з галечы, з голаду. – Хто выбраўся, а хто – улез! – адрэзала нецярпліва жанчына. Сказала так злосна і непахісна, што было відаць: гаварыць з ёй далей марна. Усё ж Башлыкоў з цярплівасцю, на якую толькі быў здатны, павёў гаворку далей. Паспрабаваў пераканаць, што страхі іх – дарэмныя, што трэба смела выходзіць на новы прастор. Гаварыў то да старой, то да Чарнушкі – Чарнушка, звесіўшы ногі з палацяў, горбячыся, слухаў з пільнай цікавасцю, старая ля печы камянела нерухома. Не таіла, знарок паказвала, што чуць нічога не хоча. Зацятая злосць і глухата старой панурым ценем захмарылі ўсё, што ўвайшло ў душу Башлыкова ў гэтай неабыякавай яму хаце. Нарэшце цярплівасць яго скончылася, ён важка ўзняўся з лаўкі. У яго было брыдкае адчуванне бяссілля і нібы зняважанасці, яны асабліва хвалявалі яго ў гэтай хаце. Стараючыся адолець прыкрасць, паказаць як мае быць сваю годнасць, ён строга, з намёкам параіў старой, Чарнушку добра падумаць над тым, што ён сказаў. Тон, якім ён гаварыў, паказваў: гэта вельмі важна. Каб не шкадавалі потым. Даў стрыманае «да пабачэння» і цвёрда рушыў да дзвярэй. На ганку зіхнула шырокім святлом снежнага дня, дыхнула марозам. Башлыкоў маркотна, няцямна акінуў вузкі, убогі двор, падумаў стомлена: як яна вырасла такая тут, у глухамані, у затхласці гэтай!.. Акінуў неўразуменным позіркам двор, пакіраваў на вуліцу. За веснічкамі Дубадзел, што выйшаў першы, пачакаў яго, пакрочыў побач, дужа, бадзёра пагойдваючыся ў хадзе. Зірнуўшы на заклапочаны твар Башлыкова, здагадліва зразумеў настрой таго, адгукнуўся па-сяброўску: – Ету разгаворчыкамі не возьмеш! Етай трэба другое срэдство!.. Меры трэба!.. Глушак гойдаўся з другога боку, маўклівы, з вінаватым тварам. Башлыкоў не дзівіўся: было чаго адчуваць вінаватым. Не дзівіўся і не спачуваў Глушаку: заслужана атрымаў. Глушак, як бы дабіваючыся вярнуць страчаную дружбу, выказаў раптам горача, гнеўна: – Злая жмінда!.. Ето ж, – паведаміў шчыра, – з-за прагнасці сваёй Ганну выпхнула з дому! Жыццё дзеўцы пакалечыла! Вестка гэта працяла панылае думанне Башлыкова, ён кінуў зацікаўлены позірк на Глушака. Вунь што! Вунь чаму яна ў Глінішчах! – адкрыў ён адну з загадак. У ім зацеплілася спачуванне. Башлыкоў, аднак, тут жа нагнаў строгасць на твар, паказаў, што турбуецца іншым, галоўным, і Глушак перамаўчаў. Не адгукнуўся на Глушакову вестку і Дубадзел. Не да таго было: падышлі да новага двара. 2 Праз некалькі хат натрапілі на застолле. На стале, пасярод яго, круглілася чорная скаварада з недаедзенай яечняй. Побач былі глыбокая гліняная міска з мокрымі агуркамі, кацялок з бульбай у мундзірах, паўбохана хлеба. Мутна значыліся дзве пустыя шклянкі. Бутэлькі на стале не было. Пэўна, прыхавалі спехам, пакуль яны, госці, ішлі па двары, у сенцах. Было відаць: не ў час прыбіліся. У хаце было траіх. Адна, старая, сухая, корпалася пры печы. Двое другіх гаспадарылі за сталом, яны найбольш кідаліся ў вочы. Асабліва ўпадаў у вочы той, што быў насупраць: чырвоны, з сальным водбліскам на лбе, на шчоках, здаровы, горбіўся над сталом магутнай глыбай. З-пад нізкага лба дробныя вочы глядзелі нядобра, тупавата. Башлыкову мімаволі падумалася: сустрэнешся з такім у лесе – аднаго выгляду напалохаешся. Другі на першы погляд не вылучаўся нічым: нярослы, сухаваты, у старым пінжаку, у расшпіленай сарочцы, здаваўся вельмі звычайным. Заўважаўся хіба позірк: светлыя, з-пад чуба, вочы глядзелі востра, пранізліва. – Здароў, Ларывон! – сказаў Глушак асобна, калі прывіталіся з усімі. Ларывон зірнуў нібы з недавер'ем, не адказаў. У тупым позірку паявіўся цяжкі роздум. – Здароў, – выціснуў неахвотна, пільна ўтаропіўся. Башлыкоў успомніў мянушку Ларывона, якую яму сказаў Глушак: «Бугай». Падумаў з ухвалай: «Дакладна назвалі. Бугай і ёсць». – Угашчаецеся? – ці то проста адзначыў, ці то папракнуў Дубадзел. Голас быў звонкі, гаспадарскі. – Свято якое? – Свято, – адказаў Бугай з насцярожанасцю і з выклікам. Башлыкоў прыкмеціў: Бугай павёў позіркам да таго, у пінжачку, з чубам. Павёў позіркам не проста так, а нібы пытаючыся. Глушак помніў сваю ролю, выказваючы тонам голасу належную значнасць моманту, назваў Башлыкова, яго пасаду. Потым, павярнуўшыся пачціва да Башлыкова, сказаў пра гаспадара: Ларывон Глушак. Тут Міканор затрымаўся, вагаючыся, мусіць, знаёміць ці не знаёміць з Ларывонавым госцем. А можа, разважаючы – як яго назваць. Той, у пінжачку, унізаў востры позірк у Міканора Глушака, пачакаў з выразнай насмешкай. Устаў, з гуллівым выразам на твары пакланіўся: – Яўхім Глушак. Сын Халімона Глушака. У тоне, якім ён назваўся, пад гуллівасцю таілася значнае, сур'ёзнае. «А-а, вось ён!» – Башлыкоў не ўхаваў цікавасці, прыгледзеўся: асоба гэта завочна даўно была вядома сакратару райкома. І неабыякаваю была. Таму першым адчуваннем была цікавасць: а, вось які ён знешне. Гэта прабівалася праз даўнюю і трывалую непрыхільнасць да яго, кулацкага сынка, па вестках, якія даходзілі да Башлыкова – небяспечнага тыпа. Тое, што цяпер бачыў Башлыкоў, не мяняючы нічога, дапаўняла ўсё, што ён ужо ведаў, рабіла больш наглядным, жывым. Такою была цікавасць, з якою Башлыкоў глядзеў на Глушака. Услед за гэтым Башлыкоў адзначыў уважліва, як пранікліва гэты кулацкі выкармак выкрыў сэнс Міканоравага вагання і як спрытна знайшоў, што сказаць. Умомант зразумеў, што ад яго трэба. Здагадлівы проста надзіва. І разумны, відаць. Па-свойму, вядома, разумны. «Халімона Глушака сынок. Яс-сна». Яўхім Глушак нібы ведаць не хацеў, што там пра яго могуць разважаць. З той жа насцярожлівай гуллівасцю глянуў да печы, з дзіўнай, задзірлівай весялосцю сказаў: – Цётко, што ж вы ето! Не прыглашаеце гасцей за стол! – Ён павярнуўся да Ларывона, крутнуў галавой і з дакорам: – І ты, Ларывон! – Аге! – адразу азвалася старая. Мітусліва ўзялася перавязваць фартух, як бы паказваючы, што зараз гатова старацца для гасцей. Ларывон не зварухнуўся, утаропіўся ў Яўхіма Глушака п'яна, няцямна: як бы хацеў зразумець нешта і не мог. – Такія госці прыбулі! З самаго раёну! – Яўхім Глушак гаварыў без ліслівасці і без насмешкі, нібы тлумачыў абоім: – Можно сказаць, першы чалавек у раёне. І – сваё начальство! – Тут Глушак кіўнуў на Дубадзела. Пры апошніх словах, улавіў Башлыкоў, зноў пачулася гуллівасць. Гуллівасць была такая, быццам кулачок падсмейваўся з Дубадзела. Быццам лічыў сябе роўным з ім. Ларывон Бугай кінуў позірк на Яўхіма Глушака і раптам дзіўна павесялеў. І позірк быў вясёлы, гарэзны, як бы змоўніцкі; здалося, паказваў дружку: зразумеў усё, падтрымаю. Чырвоны твар распоўзся дурнаватаю ўсмешкаю. Дужа ўзняўся, шырока павёў рукою з тоўстымі, нібы распаранымі, пальцамі. Нахабна-шчодра аб'явіў: – Давайце!.. Прыглашаю ўсіх!.. Башлыкоў паглядзеў на яго са знішчальнай строгасцю, хацеў асадзіць адразу, адкінуць недарэчныя жарцікі. Адрэзаў строга, годна: – Дзякую. Але мы прыйшлі па справе. – А што, за сталом хіба не робяць справы? – адгукнуўся адразу той, у пінжаку. – За сталом толькі і робяць! – падхапіў Ларывон. – Усякая справа за сталом – як па маслу! За яечняй ды з чаркай – адразу йдзе! Ён зіркнуў на Глушака, як бы чакаючы ўхвалы, голасна зарагатаў. Адчувалася, здаравіла гэты ва ўсім слухаўся таго, дружка. Той кіраваў ім. Глушак не падтрымаў рогату, і Ларывон сціх. Тут у гаворку ўступіў Міканор Глушак: адчуў, што настала яго пара. Важна, вельмі недавольна, як бы судзячы, папракнуў: – Чаго з калгасам валаводзіш? Заяву не падаеш! Ларывон знарок пачухаў патыліцу. Ашчэрыўся задзірліваю, нахабнаю ўсмешкай: – Няграматны я. Пісаць не ўмею. Міканор не адказаў на ўсмешку, але падхапіў яго словы: – Дак, можа, – памагці? Напісаць табе? – Не трэба, – адказаў ён цвёрда. Потым паспрабаваў зноў нібы пажартаваць: – От сам вывучуся... – Доўго сабіраешся! – аб'явіў упэўнена Дубадзел. У тым, як ён сказаў свае словы, здавалася, быў яшчэ важны, недагавораны сэнс. – А хіба трэба канешне хутко? – Ларывон, адчувалася, не хацеў адступацца ад свайго тону. Стараўся трымацца малайцом. Нават пакпіў: – Ці вы баіцеся не ўправіцца? – Каму, можа, і трэба баяцца, – адказаў рэзка Дубадзел, зноў быццам прытаіўшы важнае, з якім лічыцца трэба. – Толькі не нам. Нам баяцца няма чаго. Цягнуць не хочацца. Ясно?.. Дак як? Пытанне Дубадзела было грознае. Ларывон сцёр усмешку. – Што вам канешне я? – сказаў ніякавата. Ён глянуў на дружка, які быццам не бачыў нічога. – У вас ужэ і без мяне багато. Хапае без мяне... А я і граматы не знаю... – Хваціць граматы! А не хваціць – навучым! Бо ты ж, мабуць, араць, сеяць не вучаны! – паіранізаваў Дубадзел. Ларывон прамаўчаў. Башлыкоў адчуваў, што ва ўсім тым, што гаварыў і як трымаўся Ларывон, мела значэнне, што побач быў друг яго, Яўхім Глушак. Ларывон усё рабіў так, каб выглядаць малайцом перад другам. Друг жа, можна было падумаць, вельмі спакойна сачыў за ўсім, што было з Ларывонам. Выглядам сваім паказваў: тое, што гаварыць і як паводзіць, – клопат аднаго Ларывона, нікога больш не датычыцца. Башлыкоў, аднак, бачыў, што слухае і сочыць за ўсім Глушак гэты неспакойна, нацята. Толькі стрымліваецца, тоіць. Умее стрымлівацца. Па ўсім відаць, характар дужы. Відаць: цану сабе ведае. Цэніць сябе высока. Больш, чым трэба, няйнакш... Башлыкоў быў упэўнены, што бачыць яго навылёт. Не з такіх Башлыкоў, каб надта даверыцца таму, што бачыцца звонку. Ды і звонку пільнае вока нямала прыкмеціць можа. Тоіцца Глушак, але выдаюць яго вочы. Не-не ды і пакажуць, што там на душы. Цікаўнасць і непрыязнасць там, схаваныя. Апасліва схаваныя. Башлыкову такое вядома ўжо. Не адзін раз прыкмячаў такое ў іншых. Яўхім Глушак, аднак, раптам засмяяўся адкрытай, задзірыстай усмешкай. Задзірыста запытаў Дубадзела: – Дак, можа, і мяне возьмецеся навучыць грамаце? Дубадзел памаўчаў строга. Засунуўшы рукі ў кішэні шыняля, стаяў недаступны, непахісны. Паказаў, што не ўхваляе такога несур'ёзнага тону з такім пытаннем. Прамовіў важка: – З табой не возьмемся. З табой асобы разгавор. – Чаму ето? – Ты знаеш. Глушак раптам парывіста павярнуўся да Башлыкова. Башлыкоў убачыў проста перад сабой яго вочы: яны глядзелі востра, патрабавальна. – А мяне чаму не завеце? – сказаў ён ціха, з выклікам. Позірк быў такі смелы і ў тоне была такая ўпэўненасць, што Башлыкоў мімаволі прыгледзеўся: як бы нанава пазнаваў чалавека ў пінжаку. Як бы ўбачыў толькі што. Башлыкоў не быў чалавекам вельмі ўражлівым. Усяго нагледзеўся і да ўсяго быў гатовы. І ўсё ж тое, з якой смеласцю, нават нахабнасцю глядзеў і пытаў гэты выкармак, адзначылася ў ім. Нібы судзіць, нібы загадвае! Было ў тым, што адчуваў Башлыкоў, яшчэ адно: вось ён, адкрыўся сваёй сапраўднай сутнасцю, кулацкі выкармак. Паказаў сваё аблічча. Выказаў жаданне сваё. «Чаму мяне не завеце?» Чаго захацеў! – А я – пайду! – сказаў Глушак, нібы задзіраючыся. – Зразу пайду! Ей-бо! От хоць цяпер! Па тым, як ён глядзеў і казаў, Башлыкоў адчуваў: пойдзе! Башлыкова не дзівіла гэта: сярод такіх нямала ўжо бачыў, што гатовы былі. Толькі чаму гатовы былі, дзеля чаго? Гатовы – таму, што хацелі ўхавацца ад падаткаў, цёпла ўладзіцца, зашыцца. Каб дачакацца зручнай пары. Каб шкодзіць знутры. – Пайду! Толькі скажыце! – Ведаю, – дасведчана, лядзяна аб'явіў Башлыкоў. – Не хочаце! – Не хочам. – Чаму? – наступаў Глушак. – Я здам усё! Рабіць буду, як усе. Старацца буду. – Позірк яго ўсё вастрэў. Усё нецярплівей унізваўся ў Башлыкова. – Старацца вы будзеце, – губы Башлыкова працяла з'едлівая, мудрая ўсмешка. Уся іронія яго была ў гэтым «старацца». – Старацца буду! – зацята вёў сваё Глушак. З рашучасцю, як самае пераконлівае, выказаў: – Што я, жыць не хочу? Башлыкоў падхапіў гэта: – Іменна таму, што жыць хочаце. Па-свойму! Па-кулацкі! Ён сказаў з нудою на твары і з нудою ў голасе. Сказаў і адвярнуўся, паказваючы, што кончыў непатрэбную балбатню. – Не хочаце! – пачуў ён. Глушак прамовіў гэта так цвёрда і з такой нястрымнай злосцю, што Башлыкоў азірнуўся. Іх позіркі сутыкнуліся. У вачах Глушака гарэла такая лютая нянавісць, што здавалася: ён любы момант можа кінуцца, учапіцца рукамі ў шыю. – Не хочаце! Куды ж мяне? Куды ўсіх нас? На падсцілку! На гной! Ці – як вошы, пад ногаць! Па тым, як казаў ён, Башлыкоў адчуў, што гэта – невыпадковае. Перадуманае. Што яно збіралася не сёння і вось – вырвалася. І ад таго, што ён бачыў, якая лютасць за гэтым і якая смеласць у вачах кулацкага выкармка, ён адразу зразумеў, як небяспечны гэты тып. І як неабходна ўжыць належныя захады, каб яго абясшкодзіць. Ён павёў гаворку з Ларывонам. Стараўся гаварыць разважна, стрымана, але ўзрушанасць не адступала. З ёю ён і пакрочыў з хаты. На вуліцы ён увесь час адчуваў на сабе ненавідны, бязлітасны позірк Яўхіма Глушака. Недарэчна падумалася, што, калі з такім трапіцца сустрэцца на дарозе адзін на адзін! Тады прыйшла іншая, цвярозая думка, важнасць якой ён адчуў адразу: вось такія тут і верхаводзяць! Разумеючы нядобрае значэнне гэтага факта, Башлыкоў падумаў турботна: «Чаму ён расхаджвае на волі?» 3 Яшчэ адна сустрэча выдалася асабліваю. Ігнат Глушак – вядома ж, Глушак, – хударлявы, нервовы, лысы, з нейкай дзіўнай іроніяй ківаў, калі Міканор, Дубадзел, а потым і Башлыкоў тлумачылі прычыну прыходу, папракалі за адсталасць. Да пары да часу маўчаў, ківаў лысаю галавою, а вочы, пільныя, хваравіта-неспакойныя, сцераглі, высочвалі і ўсё свяціліся іроніяй. Нібы паказвалі: вось слухаю, чакаю, калі разумнае што пачую, а няма ўсё, няма... Не вытрываў хутка, рынуўся, запалены: – От зганяеце ў гурт!.. – Не зганяем, а арганізуем, – адразу паправіў Башлыкоў. – У калектыў. – Ну добра – арганізуеце. Зводзіце, нібыто. А хто – над гуртам... над калектывам будзе? – Каго выбера агульны сход калгаса. – Башлыкоў без усмешкі дадаў: – Могуць і вас выбраць. Ігнат зіркнуў строга, заявіў: – Хрэн вы мяне, нібыто, паставіце! – Паставім, калі выберуць! – Башлыкоў гаварыў такім тонам, што і сумнявацца не даваў. Ігнат на момант задумаўся. – Не выберуць мяне, – сказаў упэўнена, без шкадавання. Проста канстатаваў факт. Потым з выклікам, не вагаючыся, нібы радуючыся, заявіў: – А калі б і выбралі – я б не пайшоў! От! Вочы яго свяціліся рашучасцю. – Гэта – іншая рэч... – сказаў Башлыкоў. – А чаму б я не пайшоў? – Ігнат глядзеў на Башлыкова так, нібы патрабаваў: ну, дапетры, вучоны чалавек! Адказаў сам, з гонарам: – Бо з такім кагалам, нібыто, зладзіць – не з маім харакцерам! Я пераб'ю палавіну! Так казаў, што было відаць: не жартуе. Пераб'е. Жонка ля стала ўхапілася за галаву: што гаворыць! – Ігнатко, што ето ты пляцеш? – амаль прастагнала яна. – Людзі і праўда падумаюць. Ігнат зіркнуў на яе. – За ето – знаеш што? – падчапіў яго Андрэй, дзядзька ў кажушку, што зноў аказаўся пры іх. Ён яўна пакепліваў дзеля начальства. – Засудзяць па закону! – Ты, Андрэй, не лезь! Куды не просяць! Не сунь, нібыто, носа! – Да дайце выказацца да канца! – распарадзіўся Дубадзел. У голасе яго чулася незразумелая Башлыкову злараднасць. Міканор Глушак маўчаў, было відаць, неспакойны: пабойваўся, мусіць, што гэты несамавіты таксама выкіне што-небудзь на бяду яму. Ігнат, здавалася, не мог бы ўжо спыніцца. Прагнуў дагаварыць, давесці. – А чаму я перабіў бы? – зноў патрабаваў ён ад Башлыкова: дапетры. – А таму! Бо за кажным вачэй не зводзь! Тут жа стаў чалавека да за ім, нібыто, наглядчыка! Штоб глядзелі, як робіць кажны! Штоб сцераглі дабро! Вачэй не зводзілі! А не, дак такое наробяць! Расцягаюць усё па норах сваіх! І не ўгледзіш!.. Кажны, ён што? Да сябе добранькі! Да сябе грабе! От! Башлыкоў спыніў Міканора, які абурана хацеў запярэчыць штосьці, сказаў дасведчана: – Калгас хутка пераробіць гэту псіхалогію. У калгасе будзе іншая псіхалогія. – Іншае? – засмяяўся горача Ігнат. – Адкуль яно возьмецца! – Не даў нікому слова сказаць, заявіў: – А я такога цярпець не магу! Я праўду люблю! А тых, хто за праўду, – не любяць! – Гэта ў вас – адсталы настрой, – сказаў Башлыкоў. – Дак от, я не пайду! – вёў сваё Ігнат. – Кеб і выбралі, не пайду! – Ён прыпыніўся на момант, востра зірнуў на Башлыкова: – Да і вы не паставіце! – выказаў непахісна. – Я – непаслухмяны, нібыто. Нязручны! А начальство ўсякае нязручных не любіць! Дак вы не возьмеце! А калі і возьмеце, дак патом – пад зад! А я етаго – не люблю! І не пайду адтаго! Ён перачакаў пярэчанні Міканора, Башлыкова з усмешачкай, якая казала: гаварыце, гаварыце, не саб'еце! Было падобна, што і не слухаў нікога. Ледзь настала паўза, выказаў сваё: – Дак вы і паставіце – каго? Ігнат глядзеў з насмешкай, у якой былі і з'едлівасць і непахіснае перакананне ў сваёй мудрасці. Ён імкліва павярнуўся да Міканора Глушака: – Яго паставіце! Паставілі ўжэ!.. А ён – які гаспадар, запытайце? Ну, Андрэй, скажы, – загадаў ён раптам дзядзьку ў кажушку. Дзядзька падумаў, аўтарытэтна адказаў: – Міканор – чалавек сазнацельны, ідзейны. – «Сазнацельны, ідзейны», – перакрывіў яго Ігнат. – Гаспадар ён які, пытаю!.. Гаспадар ён, – сказаў Ігнат дзіўна зларадна, – нібыто з г... пуля! От які ён гаспадар! – Вы дарэмна абражаеце, – нелагодна сказаў Башлыкоў. Дубадзел падтрымаў яго. Ігната гэта яшчэ больш запаліла. – Я праўду кажу. Ён і ў сваёй гаспадарцы не быў ніколі гаспадаром. Поля сам, можна сказаць, адзін не абрабіў. Бацько ўсё. Ці пад бацькавым наглядам. Няпраўду хіба, Міканор? – бязлітасна сказаў ён да цяперашняга старшыні. Той, гнеўны, не адазваўся. – Ну от, – Ігнат як пераможца павярнуўся да Башлыкова. – А цяпер яму – усе гаспадаркі! Зноў з насмешачкай чалавека, якога ніхто не можа збіць з адзіна правільных пазіцый, слухаў, што пярэчылі яму. Перачакаўшы, зацята павёў далей сваё: – От і вы! Адкуль? – рынуўся ўжо на Башлыкова. – З горада – відно! Знаеце хоць, як, нібыто, адрозніць грэчку ад жыта? – Ты, Глушак, кінь ето! – адразу важка, з пагрозным намёкам сказаў Дубадзел. – Кінь ету кулацкую анцімонію! – Ігнатко! Памаўчы! – забедавала жонка. Ухапілася за рукаў, хацела адвясці ўбок, як ад бойкі. Ён нецярпліва адштурхнуў яе. – Не лезь! – У нястрымным запале сказаў Дубадзелу: – Не, няхай ён паслухае! Бо вы ж не скажаце! – Узрадавана сказаў Башлыкову пра грэчку-жыта: – Не знаеце! Башлыкоў не спрачаўся, не пярэчыў: смешна, нікчэмна было спрачацца, абараняць сябе ў такой дыскусіі. Годнасць не дазваляла прыніжаць сябе такім чынам. Ігнат махнуў неспакойнаю, кручкаватаю рукою, як чалавек, што гатовы на ўсё. – Ну, так і быць! Станьце ў нас старшыном! Пайду! Ей-богу! Хоць зараз! Пайду! – Ты, Глушак, етыя кулацкія свае штучкі! – заступіўся зноў за Башлыкова Дубадзел. – За агітацыю проціў прадстаўніка ўласці – знаеш што?! – Дзела нашаго, нібыто, не знаеце, – Ігнат не зважаў на Дубадзела, бачыў толькі Башлыкова, – дак хоць грамату знаеце! А сельскаму хазяйству – навучыцеся! Давайце! Пайду! Ей-бо! Башлыкоў сказаў строга: – Маім жыццём распараджаецца партыя. Куды яна загадае, туды я і пайду. Не раздумваючы. – Ну от! – адгукнуўся Ігнат з насмешкай, якая значыла: я так і ведаў. – Не пойдзеце. – Ты, Глушак, кінь етыя жартачкі! – пагразіўся Дубадзел. – Далеко завядуць яны цябе. Запомні! Ігнат не паслухаўся папярэджання Дубадзела. – А я не жартую, – сказаў ён задзірыста. – Дзеці унь. Карміць трэба. Калі ішлі вуліцаю, Міканор Глушак адстаў, прытрымаў з сабой дзядзьку ў кажушку. Башлыкоў, што неўзабаве спыніўся, азірнуўся, бачыў, як Глушак штосьці недавольна кажа дзядзьку, дзядзька спрачаецца з ім ці апраўдваецца. Башлыкоў падумаў, што Глушак, няйнакш, хоча адшыць дзядзьку, які невядома чаму круціцца побач. Згадзіўся, што правільна робіць: дзядзька тут ні да чога. Падумаў, аднак, Башлыкоў пра гэта мімаходзь, хвалявала, турбавала яго іншае: толькі што перабытая размова. Было ад яе на душы нядобра, мутна, адчуваў патрэбу разабрацца, праясніць... – Усюды трэба ўткнуць яму нос! – сказаў Глушак, нібы апраўдваючыся. Башлыкоў не адгукнуўся. Дымячы папяросай, паказаў, што ў яго свой клопат, і клопат сур'ёзны. – Душок нядобры! – прамовіў ён значна, ледзь кіўнуўшы да хаты Ігната. Позірк, якім павёў да Глушака, да Дубадзела, казаў, як гэта важна: «душок». – Д-да, – адразу падтрымаў Дубадзел. Тон згоды паказаў, што ён разумее цалкам, як гэта сур'ёзна. Глушак вінавата пераступіў з нагі на нагу. – Пляце сам не ведае што. – Знае. Добра знае, – выказаў непахісна Дубадзел. У тым, як сказаў, чуліся і праніклівасць, і нейкі сур'ёзны намёк. Быццам мудрае папярэджанне: небяспечны тып. Трэба пільна глядзець... – Ад кантузіі, можа... Кантужаны буў... Дубадзел смыкнуў губамі недавольна, сказаў, судзячы: – Сердабольны ты нешто, Глушак! Башлыкова таксама здзівілі словы Глушака, паблажлівасць яго. Падумаў: разгублены пачутым, ці не хоча, каб палічылі, што ён помсціць за злыя словы? Ці – мяккацеласць?.. Не дадумаў, гледзячы ў вочы Глушаку, выказаў галоўнае: – Як ён, не займаўся такімі разгаворчыкамі публічна? Міканор на момант задумаўся. Сказаў няцвёрда: – Да не. Ён не вылазіць асабліва... – Што значыць – не асабліва? Значыць, бывае часам? – Да не. Можно сказаць, не... – Зноў: можна сказаць! Міканор зусім зніякавеў. Адолеў сябе: – Не. Дубадзел хмыкнуў з пагардай. – А летам? Калі наразалі землю? – сказаў з намёкам. Як бы выкрываючы. Глушак пачырванеў, пацвердзіў: – Схапіўся загрудкі. З каморнікам... – Узялі пад арышт, – Дубадзел гаварыў да Башлыкова. Адкрыта, аддана. – Адправілі ў Алешнікі, у сельсавет. – Судзілі? – Не. Адпусцілі. – Калі? – Адразу! – Хто? – Гайліс. – Чаму? Дубадзел прамаўчаў. Маўчанне яго сказала больш за словы. Твар яго сказаў: ён, Дубадзел, дасюль зразумець не можа такі фокус. – З-за дзяцей... Пашкадавалі... – адгукнуўся Глушак. Башлыкоў быццам не зразумеў. Раптам, не дакурыўшы, кінуў папяросу ў снег. Рашуча загадаў Глушаку: – Вядзі!
|