Раздзел другі 1 Скончыўшы, Башлыкоў адчуваў сябе ўзрушана і дужа. Рашучасць, з якой гаварыў, нібы падняла самога, надала сілы. Ён гатоў быў дзейнічаць. Башлыкоў помніў, што яны з Апейкам на многае глядзяць па-рознаму і што Апейка чалавек упарты, але цяпер тое, што выказаў, Башлыкоў лічыў настолькі правільным, неабходным, што ўсё ж чакаў – павінен згадзіцца. Калі ж Апейка пачне зноў гнуць сваё, Башлыкоў гатоў быў і да гэтага: гатоў быў даць бой, сур'ёзны і прынцыповы. Папярэдзіць як належыць. Ён хацеў толькі аднаго, каб спрэчка не была доўгай: нельга было траціць час попусту. Засунуўшы рукі ў кішэні штаноў, ён пранікліва глядзеў на Апейку. – Я згодны, – сказаў Апейка, – трэба дзейнічаць. І дзейнічаць зараз жа... І згодны, што трэба вывады па ўсяму раёну... Ты праўду кажаш: тое, што здарылася ў «Рассвеце», – сігнал. Сігнал – небяспечны... А от вывады, якія ты зрабіў, – у Апейкавым голасе пачулася цвёрдасць, – я лічу аднабаковымі. – Якія ж твае вывады? – Башлыкоў прамовіў так, быццам паказваў, што ні трохі не здзіўлены. У Апейкі заўсёды свае вывады. – Вывады мае такія, – павысіў голас Апейка, – што ва ўсім вінаваты перш за ўсё мы самі. Давай глядзець праўдзе ў вочы! І не ківаць на кагосьці! Калі ўжо сказаў, што вінаваты... Папрок Апейкі, нібы ён, Башлыкоў, не глядзіць праўдзе ў вочы і ўзяў віну на сябе толькі для прыліку, Башлыкову не спадабаўся. Адчуваючы сябе несправядліва пакрыўджаным, ён усё ж больш заўважыў дзіўнае: «не ківаць на кагосьці!». – Як гэта разумець: «не ківаць на кагосьці»? – Так і разумець. – Апейка глянуў прама, рашуча. – Узяць віну найперш на сябе. Не шукаць чарцей там, дзе іх няма. А сур'ёзна разабрацца ў сапраўдных прычынах. – Ты разумееш, што твой намёк – дрэнна пахне? У тоне Башлыкова добра адчувалася, што ён папярэджвае – пах гэты вельмі небяспечны. – Я разумею, – сказаў Апейка ўпарта, – што ніякага міндальнічання ў нас не было. Наогул! Тым больш да кулацкіх элементаў! А от ты разумець не хочаш, што сілаю не ўсяго можна дабіцца! – Ліберальнічанне – у такі момант, як цяпер, – наогул... – Ліберальнічанне! – непахісна перабіў яго Апейка. – Якое ліберальнічанне?.. Тыя людзі, якіх мы ўчора ўгаворвалі, прыйшлі самі ў калгас. Сярод першых... Значыць, яны не горшыя. Не праціўнікі нашы ва ўсякім разе. Не праціўнікі. – Апейка ўзняў вочы на Башлыкова, позіркі іх сустрэліся. Башлыкоў заўважыў: позірк Апейкі быў настойлівы, патрабавальны. – А от пабылі, паспрабавалі абяцанага і ледзь не ў адзін голас: «Не хочам!» І ўгавораў новых не паслухаліся. І ўгавораў, і пагроз!.. От што зрабілася! От што павінна трывожыць!.. Людзі паверылі нам, пайшлі, куды мы звалі. Пабылі і – расчараваліся і ў арцелі, і разам – у нас... А цяпер мы рашылі, – у Апейкавым голасе пачулася насмешлівасць, – «правільны вывад»: «прыняць меры!». Папомсціць ім! За што? За тое, што яны паверылі нам? За тое, у чым мы самі вінаваты? Башлыкоў, чым далей, тым больш, слухаў яго нецярпліва. Не толькі таму, што гаворка была не ў час і блытала думкі, а і таму, што чуў у Апейкавых словах непатрэбную, проста шкодную цяпер жаласлівасць. Жаласць, да ўсяго і фальшывую: тое, што Апейка так чулліва маляваў, – ён, Башлыкоў, сам бачыў – выглядала крыху інакш. Ён хацеў спыніць Апейку, але той сухім голасам апярэдзіў: – Пачакай! Каб было ўсё ясна, слухай, яшчэ раз скажу: кулацкія элементы, розных крыкуноў і злосных трэба прыціснуць!.. Але ж, зразумей, – голас яго пацішэў, – там былі не адны кулацкія элементы... – Што там былі не адны кулацкія элементы, я сам добра ведаю, – загаварыў Башлыкоў з раздражненнем. – А вось ты гаворыш так, быццам іх не было. Быццам мы выдумалі «чарцей», як ты выказаўся. Ты фактычна змазваеш, што ідзе жорсткая класавая барацьба... – Нічога я не змазваю! Я толькі лічу, што даволі нам ківаць на гэтую барацьбу адну. Што трэба пачаць нарэшце сур'ёзна працаваць з людзьмі. Прыслухоўвацца да іх, старацца зразумець. І памагаць ім. Што пара нарэшце нам узяцца за калгасы, як гаспадары. Добрыя гаспадары. Разабрацца ва ўсім. Навесці парадак. – Я гэта ўжо чуў учора. – Я скажу гэта і сёння. І дадаць магу. От мы заварушыліся – бяда ў «Рассвеце». А пра бяду гэту папярэджваў Чарнаштан два ці яшчэ тры месяцы. У гэтым самым кабінеце. Цябе самога. І мяне – таму, што я быў таксама тут. Казаў: «Недавольны людзі. Хто работае, хто не работае – кожнаму палачка!» За тое, што адбыў дзень. Што ты, што я зрабілі на гэта?.. А такія гаворкі, настроі такія не толькі ў «Рассвеце»!.. – Ты зноў пра гэта! – Башлыкоў нецярпліва захадзіў за сталом. – Няўжо не ясна, што не ўсякім настроям мы павінны патакаць! Што патаканне такое – чысцейшы апартунізм! Прывычкі старога – гэта пустазелле, якое моцна трымаецца. І мы яму не кланяцца павінны, а рваць яго. Змагацца з ім. – Я не думаю, што гэта «пустазелле старога». І не бачу нічога ў тым, што людзі хочуць, каб той, хто больш зрабіў, больш атрымаў. – Ты многага не бачыш! – Башлыкоў не таіў, што адчувае перавагу перад гэтым блытанікам, якому ўсё не ясна. – Бярэшся толькі меркаваць аб усім. Дай табе волю: зноў кулакоў новых развядзеш! На калгаснай аснове! Апейка, запалены сваімі думкамі, не мог спыніцца: – Мы разгарнулі гаспадарку, а нярэдка сунемся, як сляпыя. Мацаем дарогу кіёчкам. Туды ступім, памацаем, у другі бок ступім. Разгарнулі, а яшчэ спрачаемся, як плаціць. Па едаках, па паі... Не ведаем толкам – што абагульняць?! Адны – толькі коней, кароў, другія – падчыстую... – Ты, канечне, напалавінку рабіў бы. Каб адной нагой – у калгасе, другой – на сваёй палосцы. Каб у калгасе так, напалавінку. Для выгляду. – Пры чым тут – для выгляду! Што з тых курачак ды свінак, – зазлаваў Апейка. – Што, калгас на курачках паедзе? А з-за іх столькі галасу ў жанок! Як бы весялей пайшло б усё, каб не гэтыя курачкі! – Рэвалюцыю трэба рабіць або да канца, або – зусім не брацца! Рэвалюцыю нельга рабіць напалавіну! І жаласць у ёй – штука небяспечная. Асабліва тут, у сяле. Дзе ў кожным жыве ўласнік!.. Дзе гэты самы мужычок і ў табе ўвесь час гаворыць!.. Башлыкоў і выглядам, і тонам гаворкі паказваў: пара канчаць гаварыльню. Ён кінуў нецярплівы позірк на тэлефон: трэба зараз жа выклікаць Харчава, даць указанні. Але Апейка не хацеў канчаць. – Я не прарок, Аляксей. Але я прадчуваю: можа быць горш. Калі мы сур'ёзна не перагледзім усё. Калі мы не перастанем лічыць толькі працэнты. Як кура кураняты! Ашукваць сябе і іншых! – Башлыкоў пачуў: Апейкаў голас судзіў. – Ты ўпэўнен, што сярод тых працэнтаў няма такіх, якія мы мелі ў «Рассвеце»? Ты ўпэўнен, што няма яшчэ арцеляў, якія ледзь ліпяць? Няма калгаснікаў, якія глядзяць убок? – Для чаго ты ўсё гэта разводзіш? Башлыкоў, засунуўшы рукі ў кішэні, глядзеў на Апейку строга і востра. І ў позірку, і ў тоне адчувалася, што разважанні Апейкі для яго не проста развагі. Што ва ўсім гэтым ёсць, ён разумее, і іншы сэнс. – А для таго «разводжу», – павысіў голас і Апейка, – што трэба нам з табою – зразумей ты – сур'ёзна агледзецца, разабрацца. Адзначыць, дзе ёсць слабіны. І «прыняць меры». Своечасова. І яшчэ для таго, што мы з табой павінны стаць гаспадарамі. Займацца калгасамі, як добрыя гаспадары... – Я за ўсёй гэтай тваёй філасофіяй, – цвёрда, упэўнена загаварыў Башлыкоў, – бачу адно жаданне: каб мы затрымаліся. Сталі, аглядаліся. Корпаліся. Даўняе тваё жаданне, якое ты ніяк не хочаш кінуць. І якое ты ўжо каторы раз адстойваеш. Раздуваючы нашы цяжкасці і некаторыя памылкі... Я цябе, Іван Анісімавіч, яшчэ раз папярэджваю: ты становішся на хісткую глебу. Твае гэтыя развагі – гэта хістанні, якія маюць небяспечны палітычны характар. – Давай не будзем падводзіць вялікую палітыку сюды. – Апейка гаварыў таксама рэзка, цвёрда. – Не трэба прыпісваць мне грахі, якіх у мяне няма. Ды яшчэ з палітычнымі ацэнкамі. У мяне сваіх даволі. – Я папярэджваю цябе яшчэ раз. І раю вельмі сур'ёзна задумацца! Цябе ўжо не першы раз фактычна заносіць управа! – Башлыкоў заўважыў, што Апейка намерыўся быў запярэчыць, але прамаўчаў. Нібы палічыў, што спрачацца – ніякай карысці. Гэта Башлыкову дадало жорсткасці. – Ты ўжо не першы раз рознымі спосабамі фактычна стараешся прытармазіць нашы тэмпы. Як гэта назваць цяпер, калі партыя патрабуе ад нас – не спыняючыся, з усіх сіл ісці наперад? Калі партыя патрабуе: тэмпы, тэмпы, тэмпы?! Башлыкоў глядзеў гнеўна: словы, якія ён сказаў горача, узрушылі і самога. Глядзеў, поўны разумення сваёй дужасці: праўда яго думкі, адчувалася, была такою моцнаю, бясспрэчнаю. Апейка адвёў вочы. Сумна маўчаў. – Ты не быў пад Варшаваю? – не то спытаў, не то проста сказаў. – У дваццатым. Калі наступалі. Башлыкоў не адказаў. Пры чым тут гэтае недарэчнае пытанне? Тым больш што ён добра ведае – не быў. – А я быў. Ледзь не пайшоў там... у іншы свет... Узводны Сарокін вывез. Паўз уланскія патрулі... – Ён зірнуў на Башлыкова. Вачыма, якія былі недзе далёка, з успамінамі. Загаварыў раптам непрыязна: – Калі мы ішлі на Варшаву, у дваццатым, таксама, помню, былі тэмпы. Дайшлі да самай Варшавы. А потым аказаліся – пад Менскам... Башлыкоў наогул не любіў Апейкавых «штучак»: вобразы-намёкі, загадкі. Тут жа гэтае параўнанне проста нібы дражніла. – Аналогія гэта твая – няўдалая. Палітычна нясмачная. – Гэта – не аналогія. Проста ўспомнілася дарэчы... Пры любых тэмпах трэба добры тыл. Асабліва – пры хуткіх... 2 Башлыкову пачулася насмешачка: «асабліва – пры хуткіх». І гэта дакончыла ўжо цярплівасць яго. Апанаваў гнеў: так гаварыць на яго прынцыповае, партыйнае папярэджанне! Башлыкоў рэзка абарваў гаворку. Першы. Паказаў, што ён выклаў самае важнае і не дасць сябе заблытаць у непатрэбнай гаварыльні. У разважаннях з нядобрым душком. З адчуваннем праваты сваёй і дужасці маўкліва стаяў за сталом, трымаючы руку ў кішэні штаноў, адасоблены, замкнёны ў сабе. Не хаваў нездавальнення. Не лічыў патрэбным хаваць. Была цішыня, няветлівая, нязгодная. Потым Апейка неахвотна ўзняўся, прамовіў панура: «Да пабачэння». Башлыкоў адказаў стрымана, як бы знарок паказваючы тую мяжу, што легла між іх. На момант позіркі іх сустрэліся, і Башлыкоў дадаў – як папярэдзіў: – Раю падумаць сур'ёзна. Апейка прыпыніўся, зірнуў спадылба, па-бычынаму: – Нам абодвум падумаць трэба... І ўпартасць, і тон гаворкі: нібы звысака гаворыць! – зноў зачапілі Башлыкова, і ў ім ускінуўся гнеў. Нелагодна сачыў ён, як Апейка, угнуўшы галаву, важка сунуўся да дзвярэй. Калі дзверы зачыніліся, яшчэ нейкі час стаяў за сталом. Не мог адразу адолець злога ўзрушэння спрэчкай, тым, што Апейка не разумее нічога і не хоча зразумець. Не слухае, па сутнасці. Дазваляе сабе гаварыць так, нібы не сам, а ён, Башлыкоў, чагосьці не разумее. Башлыкоў думаў пра гэта без сумненняў у сабе, з добрым адчуваннем сваёй праўды. Яму было добра ад таго, што ён вёў у спрэчцы не толькі адзіна правільную лінію, але і трымаўся прынцыпова, цвёрда. Ён трымаўся прынцыпова цяпер і, што там ні будуць плясці потым розныя блытанікі, з прынцыповай лініі не саступіць ніколі. Не пахіснецца нават. Думкі гэтыя давалі адчуванне дужасці, трываласці грунту пад сабой. Яснасці таго, што ёсць навокал і куды трэба ісці. Перавагі над чалавекам, які многае не бачыць. Не можа зразумець. Ён выйшаў з-за стала і цвёрда, упэўнена захадзіў. Але дзіўна: якім цвёрдым ні хацеў ён здавацца сабе, у жаданую ўпэўненасць яго ўсё ж штосьці ўнізвалася, трывожыла. Неспакойны, ён стаў перабіраць спрэчку з Апейкам. Амаль адразу памяць нагадала, што Апейка сказаў пра яго выступленне: «Пустое... Пусты стрэл!..» Непрыемна зашчымела ўсярэдзіне – Апейка крануў балючае: выступленне не дайшло, не адгукнулася ў людзях. Памяць адразу за гэтым падсунула новае: Апейка папракнуў, быццам ён ківае на кагосьці. Баіцца глядзець праўдзе ў вочы. Хлусня гэтых слоў пачулася Башлыкову такой відавочнай, што ў ім зноў ускінулася абурэнне. Калі гэта ён, Башлыкоў, спіхваў на кагосьці адказнасць, туліўся за спіны другіх? Ён успомніў, як Апейка сіліўся даказаць, што ва ўсёй бядзе з калектывізацыяй у раёне вінаваты быццам няправільны падыход да сялян. Мала, бачыце, вучылі, як трэба сеяць і касіць у калгасах, лічыць заробленыя грошы. Мала чуласці да тых, хто ўчапіўся ў сваю латку зямлі і не хоча разумець нічога. Мала чуласці «да душы»! Перабіраючы ўсё гэта нанава, Башлыкоў пранікліва бачыў, што пад усімі гэтымі «мудрымі» прыдумкамі скрываецца, па сутнасці, не што іншае, як імкненне пераканаць, што патрэбна не ясная і цвёрдая партыйная лінія, а туманныя ўгаворчыкі. Не бязлітасная класавая барацьба, а ліберальнае міндальнічанне. Наступаючы ў думках на Апейку і мімаволі шкадуючы, што не ўсё выказаў як мае быць, не знайшоў найлепшых слоў, ён з уцехай успомніў, што ўдала, дакладна выказаў формулу дзеянняў. Рэвалюцыю трэба рабіць або рашуча, да канца, або зусім не брацца. Да канца, да канчатковай перамогі трэба ісці! «Апартуніст. Форменны апартуніст, – з той жа яснасцю, пераконанасцю даў адзначэнне Апейку. – Яўна кульгае на правую. І відаць ужо – безнадзейна... Не разумее сутнасці. І не хоча разумець... – Тое, што чулася раней, набыло выразнасці. – З такім далёка не пойдзеш у адной упражцы. – Натуральна вынікла далейшае, практычнае: – Не на месцы. Яўна не на месцы». Падумаў, што трэба рабіць сур'ёзныя вывады з усяго, даць усім фактам палітычную, бальшавіцкую ацэнку. Што далейшае яго замоўчванне поглядаў Апейкі падобна ўжо на ўласны апартунізм. Так, яго, Башлыкова, цярплівасць папахвае апартунізмам. Вельмі чутна папахвае. Трэба неадкладна прыняць меры. Абмеркаваць на бюро. Папярэдзіць акружком. І наогул – дзейнічаць больш рашуча! 3 Башлыкоў перастаў мераць пакой, энергічна пакіраваў да тэлефона. Выклікаў Харчава. У нецярплівым чаканні ўзяўся пераглядаць паперы. Калі ўвайшоў Харчаў, адразу ўзняўся за сталом, моцна паціснуў руку. Башлыкоў з самага пачатку даў зразумець, што гаворка будзе самая сур'ёзная. Ні аднаго пытання папярэдне, выгляд засяроджаны, афіцыйны. Як бы падкрэсліў афіцыйнасць тым, што сеў на сваё месца, па другі бок стала. Пачаў адразу з галоўнага. Учора быў у Глінішчах. Высветліў, што там адбываецца. Днём прайшоў па многіх дварах, вечарам правёў сход. Яшчэ знаёмячыся з абстаноўкай удзень, пераканаўся: калгас распаўся невыпадкова. У сяле ваўсю ідзе скрытая антыкалгасная агітацыя, якая шырока пусціла карэнне. Сход, які ён рашыў склікаць, паспрабавалі сарваць, сабаціравалі. На сходзе перайшлі да адкрытых выступленняў, да злосных выкрыкаў пад выглядам голасу мас. Асабліва актыўнічаў тып з яўна кулацкім нутром па мянушцы Свердзел. Адным словам, абстаноўка, якая склалася ў Глінішчах, вельмі нездаровая і патрабуе неадкладных і самых рашучых мер. Ведаючы, што баявому, надзейнаму Харчаву нярэдка не хапае ўмення глядзець на з'явы ў іх шырокім палітычным значэнні, Башлыкоў спецыяльна падкрэсліў, што ўсё, што адбылося ў Глінішчах, нельга разглядаць як мясцовую з'яву. Варожыя вылазкі ў Глінішчах, бясспрэчна, выклікаюць варожую актыўнасць у іншых месцах. Па ўсяму раёну. Коратка, патрабавальна скончыў: трэба зараз жа выехаць у Глінішчы, расследаваць усё на месцы. Прыняць самыя строгія меры. Абветраны, важкаваты твар Харчава быў уважлівы. Харчаў толькі раз-другі мелькам сустрэўся з позіркам Башлыкова, але ў Башлыкова было добрае адчуванне еднасці з ім. Гэтаму не толькі не шкодзіла, а нават нібы спрыяла тое, што Харчаў, як заўсёды, трымаўся незалежна, як роўны з роўным. Башлыкоў быў упэўнены ў галоўным: Харчаў разумее ўсё і на яго можна спадзявацца. Калі Башлыкоў скончыў, Харчаў кінуў позірк: ці ўсё, спакойна ўзняўся. Ад усёй постаці Харчава ішло адчуванне дужасці: моцнае цела пад напятай, бляклай ужо гімнасцёркай, чырванаватая шыя цісне на каўнер. І дужасць гэта, і спакой падзейнічалі на Башлыкова абнадзейліва. Падтрымала і кароткае, гаспадарскае: зараз паедзе, зробіць усё. Якраз увайшоў Міша, далажыў, што явіўся, чакае карэспандэнт з Менска. Башлыкоў з афіцыйнай жа стрыманасцю, усё асцерагаючыся паказаць кволасць, паціснуў руку Харчаву, загадаў Мішу ўпусціць карэспандэнта. Карэспандэнт аказаўся чорненькім, вельмі маладым хлопцам. Дробны, кірпаты, ён здаваўся проста хлапчуком, але Башлыкоў сустрэў яго з увагай. Башлыкоў паважаў журналістаў. Прывітаўшыся, ён, аднак, папрасіў пасведчанне: парадак ёсць парадак. Пільнасць ніколі не лішняя, раён, можна сказаць, у прыгранічнай зоне. І ён, журналіст, няхай ведае, што тут ёсць парадак. Журналіст замітусіўся, з-пад пацёртага картовага пінжачка дастаў згорнуты, памяты лісток паперы. Ого, «Савецкая Беларусь», цэнтральная рэспубліканская газета. Хведар Кулеш, супрацоўнік аддзела калгаснага будаўніцтва. Башлыкоў вярнуў пасведчанне, запрасіў сесці, высветліў, калі той прыехаў, ці ўладзіўся з жыллём, што цікавіць у раёне. Госця, вядома, цікавіла калектывізацыя. Як ідзе калектывізацыя гаспадарак, і ў цэлым становішча ў раёне з калгасамі. – Ясна, – сказаў Башлыкоў. Як гавораць пра самае простае. Ён і выглядам сваім паказваў, што яму ўсё гэта ясна і проста. Але ў душы яго было і няясна, і няпроста. Супярэчліва было. З пытаннем журналіста ў ім як бы памацнела трывожнасць ад учарашняга. Чалавека ўражлівага і праўдзівага перад сабой, яго гэта найбольш вярэдзіла. Але разам з праўдзівасцю жыла ў ім і даўняя звычка не паказваць нікому свайго непрыемнага, слабасці сваёй. Тым больш не любіў ён скардзіцца. Тут жа, да ўсяго, выступаў ён не проста як Башлыкоў, звычайны чалавек, а як сакратар райкома партыі. І быў перад ім не сябра-прыяцель, а работнік прэсы, прадстаўнік рэспубліканскай установы. І патрэбны былі яму не прыватныя адчуванні нейкага Башлыкова, а погляды партыйнага кіраўніка раёна. Прынцыповыя погляды. Ясна было, перш за ўсё належала даць палітычную характарыстыку становішча ў раёне. У адпаведнасці з агульнымі, прынцыповымі палажэннямі аб калектывізацыі. Ён пачаў з таго, што паведаміў: у раёне ідзе вострая класавая барацьба. Кулацтва, адчуваючы сваю блізкую пагібель, не спыняецца ні перад чым. Дзейнічае ўсімі метадамі. Расказваючы пра варожую дзейнасць, Башлыкоў нанава ўспомніў спрэчку з Апейкам, загарэўся больш. Нібы стаў працягваць незакончаную спрэчку... Як адзін з прыкладаў, дзе кулацтва асабліва разгарнула дзейнасць, Башлыкоў назваў вёску Глінішчы. Хацеў расказаць пра сход, але стрымаў сябе: непазбежна ён выказаў бы сваё бяссілле, сваё і ўсяго кіраўніцтва раёна. Ды і балела гэта занадта для таго, каб паказваць пабочнаму чалавеку... – Вы, напэўна, ведаеце, што раён уключан у першую групу, – пайшоў Башлыкоў далей. Карэспандэнт кіўнуў: ведае. – Мы павінны калектывізаваць раён да вясны наступнага года. Гэта наша галоўная задача... – Башлыкоў самакрытычна прызнаў, што тэмпы калектывізацыі ў раёне пакуль недастатковыя. Каб у карэспандэнта не засталося думкі, што ў раёне змірыліся з гэтым, ён адразу ж запэўніў, што раён будзе рабіць усё для таго, каб тэмпы рашуча паскорыць. І што задача, якая пастаўлена, будзе выканана. Ён помніў: краіна павінна ведаць сваіх герояў, з гонарам стаў расказваць пра лепшыя калгасы, лепшых людзей. Карэспандэнт, схіліўшы галаву, на якой тапырыліся неадрослыя валасы, падобны на маладога шпака, хапатліва пісаў у сшытак, і Башлыкоў гаварыў павольна, каб той упраўляўся. Калі казаў назвы, лічбы, то нават паўтараў, каб газетчык не памыліўся. Сачыў, як той піша прозвішчы, папраўляў. Ён разумее, якая адказная справа – газета. Перабіраючы ў памяці людзей, ён між іншых успомніў Казачэнку, Дубадзела, Міканора, Гайліса. Да паганай гісторыі з «Рассветам» ён ставіўся да іх па-рознаму, то хваліў, то крытыкаваў, цяпер жа, і то вагаючыся, адзначыў добрым словам аднаго Дубадзела. Башлыкоў параіў, куды лепш паехаць, да каго звярнуцца. Паабяцаў пазваніць, каб там дапамаглі. Тут жа ўстаў, паклікаў Мішу, загадаў арганізаваць падводу. У карэспандэнта было пісьмо з рэдакцыі. Башлыкоў паглядзеў яго: рэдакцыя пісала, што са Слабодкі паступіла скарга – прыцясняюць селькора Корбіта. Башлыкоў тонам, які паказваў, што ён добра разумее палітычнае значэнне скаргі, заявіў, што будуць прыняты строгія меры. Правёўшы журналіста да дзвярэй, Башлыкоў вярнуўся за стол. Нейкі час сядзеў нерухома. У памяці засталося: у хлопчыка-журналіста быў дзіўна пранізлівы позірк. Зусім не юнацкі позірк. Было смутна на душы: нібы не ўсё сказаў добра. Было неспакойна. У кепскі час журналіст прыехаў... Башлыкоў як бы прыслухоўваўся да сябе. Яго не палохае, што ён там напіша, карэспандэнт. Самае паганае – напіша ён ці не – гэта ёсць. Правал. Зноў гняло адчуванне ўчарашняй няўдачы. Помнілася сённяшняя размова з Апейкам. І званок сакратара акружкома. Была хвіліна суму, адзіноцтва. Потым ён стаў ліхаманкава думаць: што рабіць, як выбрацца з прарыву? Трэба ўсё перагледзець нанава, усе сілы. Усё і ўсіх падняць на ліквідацыю прарыву. Апошнімі днямі, ездзячы па раёну, ён зусім выпусціў з рук раённыя звенні. Трэба ўзняць іх: агітацыю, моладзь, культурныя сілы. Шэфаў. Ён даўно збіраўся паставіць пытанне пра шэфскую работу. Трэба сёння ж нарэшце паставіць. Сабраць усіх шэфаў і спытаць з іх. Ён дастаў паперу, пачаў складаць спісак. Спісак сакратароў партячэек. Усіх, каго належыць сабраць на нараду па шэфскай рабоце ў калгасах. Імкліва рушыў да дзвярэй. Міша ўжо быў у пакойчыку прыёмнай. Загадаў яму склікаць усіх на семнаццаць нуль-нуль. Папярэдзіць, каб прыйшлі з матэрыяламі пра зробленае. Усе павінны будуць далажыць. 4 Было ліхаманкавае жаданне дзейнічаць. У дзейнасці як бы шукаў трываласць сабе, упэўненасць. То аднаго, то другога выклікаў работнікаў райкома, адказных работнікаў раённых устаноў. І ў райкоме, і ў іншых раённых установах у мястэчку заставалася мала, большасць былі ў вёсках, займаліся калектывізацыяй, але яго гэта не супакойвала. Увесь час, як цень, жыла ў ім памяць пра ўчарашняе, пра спрэчку з Апейкам, званок з Мазыра. Усе давалі адказ, што зроблена, што плануецца зрабіць. Усе адчувалі яго энергічную, строгую патрабавальнасць, незадаволенасць зробленым. Пасля некалькіх такіх гаворак ён выклікаў загадчыка агітпропа Каржыцкага. Каржыцкі, чалавек таксама новы ў раёне і таксама малады, амаль увесь час бадзяўся па раёну. Выпраўляць не трэба было, ведаў сваю справу: то з агітатарамі дзе-небудзь у сельсавеце ці школе, вучыць, адукоўвае, то сам – на сходзе, з дакладам, з прамовай. Узялі яго з вучобы, з менскага інстытута. Башлыкоў звычайна не папракаў свайго агітпропа. У той павазе, якую ён чуў да загадчыка агітпропа, было нават стоенае разуменне некаторай перавагі таго над ім, Башлыковым. Каржыцкі, не адзін раз заўважаў Башлыкоў, мацней быў у веданні гісторыі партыі, тэарэтычна быў лепш падкаваны. Башлыкова супакойвала тое, што Каржыцкаму было далёка да яго ва ўменні звязваць тэарэтычныя веды з практыкай, ва ўменні арганізаваць справу. Хіліў Башлыкоў да Каржыцкага мяккі, светлы характар загадчыка агітпропа. У Каржыцкага і сёння быў чысты, сіні позірк вачэй. Былі дзелавітая сабранасць, акуратнасць ва ўсім. І расказваў ён талкова, з веданнем, роўным, як звычайна, голасам. Усё было ў ім як заўсёды, але сёння ўсё гэта выклікала ў Башлыкова глухую непрыхільнасць. Было такое адчуванне, быццам Каржыцкі, хоць таксама вінаваты ва ўсім, не хоча браць сваю долю віны на сябе. Стрымліваючы нядобрае ў сабе, распытваў Башлыкоў пра работу ў асобных сельсаветах, хатах-чытальнях, пра асобных агітатараў. З асаблівай пільнасцю высвятляў, што агітпроп рабіў у Алешніках, у Глінішчах. З раздражненнем слухаў, што было зроблена ў Глінішчах: выходзіла – нямала было зроблена. З нездавальненнем пачуў ён хвалу Парасцы Дарошка, адразу ўспомніў яе выступленне на сходзе. Успомніў так, быццам яна здрадзіла яму, які так спадзяваўся. Здрадзіла ў такі момант, ухілістка... Вядома, не трэба было хваліць агітпропаўцаў у Глінішчах. Няма за што хваліць, калі на іх вачах развалілі калгас. У неразуменні гэтага выявілася слабасць Каржыцкага, якую Башлыкоў адзначыў зноў: мала практычнай хваткі. З адчуваннем бясспрэчнай перавагі сваёй над Каржыцкім і дакладным веданнем мэты Башлыкоў пайшоў у крытычны наступ на загадчыка агітпропа. – Там папрацавалі добра, – панура падхапіў думку Каржыцкага. Рэзка павярнуў: – Толькі – не мы, а іншыя. Вынікі іх работы добра відны. Учора сам бачыў у Глінішчах. Добра папрацавалі! Кулакі і ўсе іх падгалоскі. – Сінія, чыстыя вочы Каржыцкага замутніла збянтэжанасць. Вінавата адвёў позірк. На твары вынікла далікатнае, дзявочае ружавінне. Быў, здалося, не згодны, але не запярэчыў. Змоўчаў. Гэта яго нязгода дадала Башлыкову ўпартасці. – Аб рабоце ўсіх нас будуць меркаваць па выніках, – сказаў ён, усё як бы набіраючыся дужасці. – А вынікі нашы – вось яны. Трыццаць сем гаспадарак за тыдзень новых улілося. І дваццаць дзевяць за дзень – з калгаса. Крок наперад, два назад. Нашы тэмпы. Вынікі нашай работы... Башлыкоў добра разумеў, што, хоць ён гаворыць «нас», «нашы», Каржыцкі чуе гэта як абвінавачанне яго асабіста і яго аддзела. Гэта зусім адпавядала імкненню Башлыкова, ён і хацеў, каб Каржыцкі ўзяў вялікую долю віны на сябе. Чым большую, тым лепш. Тым лепш будзе старацца рабіць. З гэтым імкненнем Башлыкоў і вінаваціў Каржыцкага ў тым, што агітпроп далёка не спраўляецца з задачамі, якіх патрабуюць ад яго цяперашні адказны момант, тыя тэмпы, якія неабходна ўзяць, каб выканаць абавязацельствы па калектывізацыі раёна. Каб ліквідаваць той прарыў, у якім раён апынуўся. Каб дабіцца рашучага пералому. Башлыкоў строга, прыдзірліва разгледзеў план агітпропработы, пакрэсліў яго, пакрытыкаваў, вярнуў дадумаць, дапрацаваць. У плане, на яго думку, недастаткова скіроўвалася ўвага на барацьбу з кулацкай агітацыяй, і асабліва – на барацьбу за ўзмацненне тэмпаў калектывізацыі. Калі Каржыцкі пайшоў, Башлыкоў адчуваў, што недарэмна стараўся: агітпроп, падобна, зразумеў становішча. Але супакаення ў Башлыкова па-ранейшаму не было. Наперадзе чакалі многія іншыя клопаты: многія звенні яшчэ трэба было мабілізаваць. Перш за ўсё – моладзь. Кудравец толькі што прыехаў з раёна. Ён увайшоў у кабінет Башлыкова яшчэ чырвоны з холаду. Башлыкову кінулася ў вочы: быў незразумела чаму радасны і нават быццам бесклапотны. Гэта яго бесклапотнасць – у такі час – непрыемна здзівіла. Здзівіла, тым больш што Кудравец быў асабліва блізкі. У Башлыкова да Кудраўца было нават адчуванне роднасці: Кудравец жыў у тым свеце, які нядаўна зусім быў і яго, башлыкоўскім, светам, у дарагім камсамольскім віраванні. Кудравец прыехаў з Бярозаўкі. Башлыкоў спасцярожліва запытаў, што там у Бярозаўцы. Навіны былі добрыя, камсамол дабіўся – калектывізавалі яшчэ дванаццаць гаспадарак. Але Башлыкова гэта не супакоіла, ледзь даслухаў адказ, павёў гаворку на тое, што балела. Коратка, энергічна расказаў пра ўчарашнія дзень і вечар у Глінішчах, асабліва вылучыў, як паводзілі сябе камсамольцы і ў цэлым моладзь. Большасць камсамольцаў, павінен адкрыта сказаць, дзіўна сябе паводзіла: і днём – ззаду, цішком, і ўвечары, на сходзе, – моўчкі. Многіх і наогул нельга было зразумець: за каго яны? Адзін Казачэнка дзейнічаў смела, актыўна. Адным словам, усе факты гавораць пра поўнае разлажэнне цэлай ячэйкі. На вачах у райкома камсамола. Башлыкоў бачыў, як проста вачавідкі вясёлую бесклапотнасць на твары Кудраўца змянілі вінаватасць і няёмкасць. Заўважыўшы мелькам, як ён стуліўся, як нацята, нібы школьнік, чакае далейшага, горшага, Башлыкоў раптам адчуў жаласць да яго. Але тут жа цвяроза прыглушыў жаласць: не тая абстаноўка, каб паддавацца кволасці. І наогул ведаў: павінен быць як мага строгім, прынцыповым. Цвёрда павёў далей: разлажэнне ячэйкі ў Глінішчах недаравальнае асабліва таму, што яно не выпадак, што ўсё гэта здарылася не за адзін дзень. Гэта, бясспрэчна, паступовае разлажэнне. І тое, што райком камсамола не змог заўважыць яго, гаворыць пра поўную страту пільнасці, пра слепату. Пра галавацяпства. Факт гэты сведчыць і пра тое, што райком у цэлым дрэнна ведае становішча ў ячэйках. Дрэнна ведае – значыць, і дрэнна кіруе імі. Башлыкоў ніколі не гаварыў так рэзка з Кудраўцом, але ж ніколі дасюль не было і такой прычыны, такога становішча, якое вымагала само па сабе і асаблівай патрабавальнасці, і асаблівай строгасці. Не забываючы ні на момант становішча, Башлыкоў адчуваў як абавязак выказаць жорстка: калі галавацяпства ў кіраўніцтве наогул нельга дараваць, то цяпер – у ганебным прарыве, да якога яны давялі раён, – такое галавацяпства ёсць злачынства. Самае цяжкае палітычнае злачынства. Адсюль Башлыкоў вёў гаворку пра тое, што найбольш трывожыла: як выправіць становішча ў раёне. Ужо не толькі судзячы, а і нібы далучаючыся, выказваючы спадзяванне на Кудраўца, на райком камсамола, яшчэ нелагодным голасам тлумачыў: трэба ўсё падцягнуць. Усе арганізацыі, усе сілы ўзняць. Дабіцца рашучага павароту ў тэмпах. Не толькі таму, што перад ім быў кіраўнік моладзі, а і з непахіснага пераканання Башлыкоў падкрэсліў: вынікі ўсёй работы ў раёне будуць вельмі залежаць ад камсамола, ад моладзі. Шукаючы ратунку са сваёй бяды, ён больш за ўсё спадзяваўся на тое, што калі хто і можа выратаваць, то найперш – камсамол, моладзь. Была гэта вера і ад таго, што яшчэ і сам жыў, можна сказаць, у камсамоле, і ад адчування, што моладзь – самая жывая і дзейсная сіла ў грамадстве. У сельскую моладзь ён, праўда, і верыў, і не верыў. Яна не раз і радавала, і ашуквала. Здавалася – больш ашуквала: больш востра расчароўвала сваёй непадатнасцю, абмежаванасцю, чым старыя сяляне. У маладых вясковых ён проста цярпець не мог прывязанасці да прыватнай уласнасці, недаверлівасці, асцярожнасці. Памяць пра ўчарашняе гэтую звыклую непрыхільнасць яго рабіла яшчэ больш чутнай. І ўсё ж, як бы там ні было, – ён нагадваў сабе цяпер: і ў сяле, у гэтым нерухомым балоце, моладзь часта лягчэй адгукалася на новае. Хоць і не так, як трэба было і як хацелася б. Але хто асабліва абнадзейваў Башлыкова, дык гэта пралетарская моладзь. Яе, праўда, небагата ў мястэчку, дзе самы вялікі завод – паравы млын. Але яна ёсць. А ад таго, што яе мала, асабліва важна ўмела арганізаваць яе. Арганізаваць і накіраваць так, каб яна павяла іншых за сабой. У сяло, на калектывізацыю. Няпростыя пачуцці турбавалі Башлыкова, калі ён раіў Кудраўцу, як арганізаваць моладзь, каб вывесці раён з прарыву, узняць тэмпы калектывізацыі. І надзеі, і сумненні, і цвярозая ацэнка, і легкадумныя мары – усяго было ў яго пачуццях, з якіх упарта лез, намагаўся адолець усё адчай. Башлыкоў глушыў адчай, стараўся не паддавацца. Практычныя парады, указанні, якія пераказваў Башлыкоў Кудраўцу, то седзячы за сталом, то праходжваючыся, давалі дужасці самому. І давала дужасці яшчэ тое, што сакратар райкома камсамола, худы, русявы, аддана сачыў за кожным словам, кожным рухам яго. Гатоў быў падставіць плячо, верыў яму. Праўда, Башлыкова гэта Кудраўцова вера, наіўная, амаль дзіцячая, трохі і дражніла. Як бы ненадзейным чуў плячо, якое той мог падставіць. Ад таго ў патрабавальную строгасць тону гаворкі Башлыкова не раз унізвалася раздражненне. Ён стрымліваў раздражненне. Як мог упэўнена і патрабавальна, тонам старэйшага таварыша скончыў: – Прадумай усё, парайся. Прыходзь з прапановамі. Абмяркуем на бюро райкома. Калі Кудравец выйшаў, было нейкае супярэчлівае нездавальненне. Відаць, лішне рэзка гаварыў, асабліва спачатку. Пакрыўдзіў несправядліва стараннага, адданага хлопца. Тады ж зазлаваў на сябе, на сваю мяккацеласць: няма чаго шкадаваць, праўду сказаў. Адданы, старанны – гэта так. Але ж таксама факт, што – слабаваты. Мала арганізатарскай хваткі. Настойлівасці малавата... Ці не замяніць? Кім? Можна папрасіць у акружкоме? Пашкадаваў мімаволі: каго-небудзь з Гомеля б, з сяброў! Пасля Кудраўца Башлыкоў выклікаў яшчэ некалькі чалавек. Самым важным сярод іх быў, бадай, загадчык райана Мормаль. Мормаль, былы настаўнік, немалады ўжо, увайшоў у кабінет, нібы ў клас, выпрастаны, падрыхтаваны да ўсяго, з папачкай у руцэ. У картовым пінжаку, у чырвонаармейскіх штанах і начышчаных ботах, ён спыніўся каля дзвярэй, няўпэўнены і быццам вінаваты. Башлыкоў выйшаў насустрач яму, паціснуў руку, запрасіў сесці. Мормаль сеў на край крэсла, папачку ўзяў у абедзве рукі на каленях, ціха глядзеў на сакратара райкома. Башлыкоў трымаўся з ім ветліва, але строга афіцыйна. За знарокавай ветлівасцю і афіцыйнай халаднаватасцю прыхоўваў Башлыкоў незадавальненне: загадчык райана не падабаўся, глухаваты што да палітыкі, няўпраўны, быў яўна не на сваім месцы. Яго трэба было б даўно замяніць, Башлыкоў і замяніў бы, але Апейка ўпарта пярэчыў гэтаму, заступаўся за старога. Мела, вядома, значэнне і тое, што замяніць загадчыка было не так проста. Адукаваных, з арганізатарскім талентам людзей не хапала і на больш важных месцах. Мормаль, не інакш, ці ведаў, ці здагадваўся пра адносіны сакратара да сябе. Усё гэта ўскладняла гаворку. Немаладыя гады і настаўніцкае званне загадчыка райана вымушалі Башлыкова гаварыць як мага далікатна. Абавязак лічыцца з гадамі і званнем былога настаўніка, аднак, не перашкодзіў Башлыкову выказаць усё, што трэба было, з належнай прынцыповасцю. Аддзелены ад загадчыка райана мяжой стала, цвёрда ўсклаўшы рукі на яго паверхню, Башлыкоў слова за словам выкладваў, важка, жорстка. Настаўнікі мала працуюць з жыхарамі вёсак. Недастаткова вядуць работу па калектывізацыі. Не ўцягваюць сялян у калгасы, не вядуць растлумачальнай работы пра перавагі калгаснага ладу. Ухіляюцца ад барацьбы з кулацтвам. Амаль не прыцягваюць да калектывізацыі дзяцей. Каб дзеці ўплывалі на бацькоў, дабіваліся ад іх уступлення ў калгасы. Гаворачы гэта, Башлыкоў успамінаў сход у Глінішчах: дзіцячыя постаці, што гайсалі па хатах, склікалі. Цікаўныя, усхваляваныя вочкі на сходзе, між дарослых. Чуў як бы дакор сабе за няпраўду жорсткіх слоў пра дзяцей, але не мякчыў выразаў – помніў: галоўнае – настроіць загадчыка на рашучы пералом. Неабходнасць такіх слоў падмацоўваў успамін пра тое, як выступала на сходзе Параска. Як вывад усяму Башлыкоў заявіў Мормалю, што райана, па сутнасці, амаль не займаецца калектывізацыяй, пусціў гэту важнейшую дзяржаўную кампанію на самацёк. Што гэтага ва ўмовах таго прарыву, у якім апынуўся раён, райком трываць далей не можа. Мормаль, неспакойна соўгаючы папачку на каленях, вінавата спрабаваў пярэчыць: настаўнікі не ўхіляюцца ад калектывізацыі. З дзецьмі работа вядзецца, але бацькі не слухаюць іх. Райана ўвесь час займаецца калектывізацыяй. Бачачы, як недавольна слухае яго пярэчанні Башлыкоў, загадчык райана ніякавеў, згаджаўся: вядома, трэба больш рабіць. Лепш агітаваць. Башлыкоў разумеў: Мормаль казаў праўду. Настаўнікі рабілі сваё, і райана займаўся калектывізацыяй. І ўсё ж гэтыя адгаворачкі злавалі: загадчык райана імі быццам хацеў адасобіцца. Не хацеў зразумець становішча, напружыць сілы так, як гэтага вымагаў момант. Башлыкоў гаварыў усё больш рэзка, дабіваўся зламаць гэты благадушны, апартуністычны настрой. Дабіўся нібы нарэшце, бачылася – быццам дайшло. Мормаль пакляўся, што мабілізуе ўсе сілы настаўнікаў і школьнікаў. Башлыкоў дамовіўся, што Мормаль увесь час будзе дакладваць пра зробленае. Калі развіталіся, не было палёгкі. Было ўсё тое ж адчуванне, што зрабіў мала. Увесь дзень вярэдзіла яно, не аціхала і цяпер. 5 Яно было прыціхла на бюро райкома, якое ён сабраў пасля поўдня. На бюро прыйшло толькі чацвера, ды і то двое з іх – Апейка і Каржыцкі. З кандыдатаў у члены бюро быў Кудравец. Іншыя былі на раёне. Але сабраць бюро было неабходна, сярод усяго таго, што трэба было мабілізаваць у гэты момант, бюро належала найважнейшая роля. Акрамя таго, што Башлыкоў хацеў узняць супраць прарыву сваіх асноўных таварышаў, бюро неабходна было і для таго, каб арганізаваць некаторыя далейшыя мерапрыемствы. У бліжэйшыя дні Башлыкоў рашыў сабраць раённы сход упаўнаважаных па калектывізацыі і партыйнага актыву. Трэба, каб бюро выказала свае меркаванні пра такі сход. Башлыкоў знарок гаварыў стрымана, каб у членаў бюро не стварылася думкі, нібы ён паддаецца адчаю. Разам з тым ён і не прыхарошваў становішча, зрабіў усё, каб члены бюро зразумелі, які небяспечны момант настаў. Асцерагаючыся, што спрэчка з Апейкам можа адвесці ўвагу ад галоўнага, ён ні словам не зачапіў старшыню выканкома. Члены бюро ва ўсім падтрымалі Башлыкова: згадзіліся, што ўсім ім трэба раз'ехацца па сваіх сельсаветах, прыняць захады, каб не даць паўтарыцца таму, што здарылася ў Глінішчах. Усе дружна ўхвалілі думку Башлыкова пра сход упаўнаважаных і актыву. Усе згадзіліся, што сход такі ў цяперашні момант проста неабходны. Даклад даручылі Башлыкову, і Апейка згодна кіўнуў з іншымі. Ці ад таго, што Башлыкоў адчуў падтрымку іншых, што бюро прайшло вельмі дружна і дзелавіта, ці ад таго, што на бюро зрабіў важныя захады на далейшае, першы час ён адчуваў сябе лягчэй. З адчуваннем дужасці сваёй і з настойлівай нецярплівасцю думаў ён пра заўтрашнюю паездку ў Алешніцкі сельсавет, якую аб'явіў на бюро і якою ён спадзяваўся выправіць тое, што пачалося ў Глінішчах. З гэтым настроем рыхтаваўся Башлыкоў да нарады пра шэфства. Перагледзеў звесткі пра работу шэфаў, і даўнейшыя, і новыя, якія толькі што прынёс Міша. Перачытаў падабраныя Мішам рашэнні, у якіх гаварылася пра шэфства. Прадумаў і накідаў на паперы план выступлення на нарадзе. Калі ён рабіў гэта, думкі яго адбягалі то ў заўтрашнюю паездку ў Алешнікі, то яшчэ далей – на нараду актыву. Ён быў упэўнены, што дабярэцца там, у Алешніках, да самых каранёў, выведзе ўсякую нечысць напаверх. Навядзе парадак. Навядзе ды яшчэ іншых навучыць. На нарадзе актыву... Да нарады будзе жывы матэрыял. Тое, што ўбачыць сваімі вачыма... За акном было цёмна, калі сталі сыходзіцца шэфы. Першым аб'явіўся Гірш Кофман, старшыня шавецкай арцелі, рушыў адразу ў кабінет, па-прыяцельску, зычліва прывітаўся. Ён быў у брызентавым плашчы, з пугаю, з чаго Башлыкоў вывеў, што Кофман прыехаў з Прудка. Кофман адразу ўлавіў, што Башлыкоў заняты, умомант нагнаў на сябе заклапочаны, афіцыйны выгляд, запытаў: «Дзе ето будзе?» – папрасіў прабачыць, што перашкодзіў. Проста ён хацеў высветліць, бо там нікога няма. І Мішы таксама... Роўна а шостай, нібы хвалячыся дакладнасцю, Міша ступіў у кабінет, далажыў, што народ сабраўся, чакае, і Башлыкоў узяў падрыхтаваныя лісткі, пакіраваў да залы, большага пакоя ў будынку, дзе мелася быць нарада. З-за стала ён агледзеў пакой, зала была не запоўнена і напалову, але галоўныя, хто найбольш патрэбны, былі тут. Акрамя Кофмана, ён вылучыў чарнявага, маўклівага Лазара Голада, старшыню швейнай арцелі, загадчыка млына – рослага, нецырымоннага Сопата, маладога, усмешлівага загадчыка школы Волаха, дырэктара дзіцячага дома Бабуру. Былі сакратары партыйных ячэек, камсамольскія кіраўнікі з ячэек, сярод якіх Башлыкову кінулася ў вочы Міхаленка, што калісьці, на чыстцы, так адважна абараняла Апейку. Адразу было відаць, што сабраліся далёка не ўсе. Вядома, нямала каго не аказалася тут таму, што былі на раёне, не ўправіліся прыехаць ці не ведалі пра нараду. Як бы там ні было, Башлыкоў ад сваёй ужо нязменнай звычкі перагледзеў спісак запрошаных, час ад часу ўздымаючы вочы, пытаючыся ў залы, чаму не відаць на нарадзе таго ці іншага чалавека. У зале то гаманілі, адказваючы, то маўчалі, з самага пачатку, калі Башлыкоў пачаў перабіраць спісак, у ёй усё больш мацнела рабочая патрабавальнасць. Башлыкоў з самага пачатку даваў зразумець, што размова будзе строгая. Ён быў сабраны і настроены рашуча, але разам з гэтым цяпер, калі ён чуў і бачыў людзей, у яго было і, няхай ціхае, адчуванне палёгкі. Перад ім нібы было падмацаванне, якое давала права спадзявацца на добрае. Ён рашыў пачаць з дакладаў кіраўнікоў прадпрыемстваў і сакратароў ячэек. Седзячы за сталом, засланым чырвоным бляклым паркалем, ён запытаў, хто хоча пачаць, узяць першы слова. Хвіліну была цішыня, варушыліся, адводзілі вочы ўбок. Кофман на гэта сказаў, што таварыш сакратар ставіць усіх у цяжкае становішча, бо нікому няёмка першаму выходзіць хваліцца поспехамі. Яго жарт зразумелі, у зале паявіліся ўсмешкі, пачуліся вясёлыя водгукі. Усе ведалі: поспехаў няма, гаворка чакае нялёгкая, і слова Кофмана палагодзіла нядобрае чаканне. Кофман жа першы і ўзняўся ўсё з той жа пугай у руцэ. Хваліцца ён не хваліўся, цікава расказаў пра справы ў вёсцы, з якой прыехаў, але Башлыкову не спадабаўся яго гарэзны і бесклапотны тон, які, бачылася, няправільна, легкадумна настройваў людзей. Башлыкоў рашуча перапыніў яго, стаў патрабавальна дапытваць, што канкрэтна зроблена па шэфскай рабоце. Ён хутка збіў бесклапотнасць з Кофмана, паказаў яму шэфскія яго «поспехі» ў сапраўдным святле, так што, вяртаючыся назад, Кофман адно круціў галавою ды адгукваўся. Узрушаны размовай з Кофманам, тым урокам, які падаў яму, Башлыкоў ужо не стаў пытацца добраахвотнікаў, а пачаў выклікаць. Уважліва, патрабавальна слухаў кожнага. Раз-пораз перапыняў пытаннямі, адзначэннямі таго, што чуў, найбольш – крытычнымі, незадаволенымі. Часам ён спехам запісваў у лістку думку, каб не забыць, прабягаў вачыма па зале, па тварах, але ні на момант не аслабляў пільнай увагі, цвёрдай рукой вёў належную лінію. Кожнаму прамоўцу і ўсім у зале ён паказваў, як мала і як кепска зроблена такой важнай справы. І якія недаравальныя адносіны да яе. Не ўсе разумелі яго становішча. Былі спробы апраўдацца рознымі прычынамі, нават – спробы ўхіліцца былі. Слухаючы некаторых, іх абяцанкі, ён адчуваў, што яго клопаты мала турбуюць іх. Што змен асаблівых не будзе. Гэта вярэдзіла яго, злавала. Можа, ад таго, што яму так даліся ўчарашнія дзень і ноч, ён так хутка пачаў зноў нервавацца. Праўда, і становішча з шэфскай работай было – горш горшага; але ў тым, як адгукаўся цяпер Башлыкоў на нелады, з якой гарачкавасцю, адбівалася, не інакш, тое, што нервы не вытрымлівалі напружання. Гэтая гарачкавасць была ў ім і калі ён устаў, каб сваім словам скончыць нараду. Ён не толькі не шукаў нейкіх лагодных слоў, а як бы выбіраў самыя балючыя, бязлітасныя, калі маляваў становішча раёна з калектывізацыяй, калі расказваў пра тое, што здарылася ў Глінішчах, пра тую агідную работу, якую вядзе ў вёсках кулацтва і яму падобная нечысць супраць калгасаў. Вядзе ў той час, калі большасць шэфаў спяць абыякава. Ён, як бы выкрываючы, судзячы, гнеўна заявіў, што ў той фактычнай катастрофе, у якой раён апынуўся, вялікая віна і шэфаў, іх слабой дзейнасці, а ў многіх, па сутнасці, выпадках – бяздзейнасці. Такія адносіны да шэфскай работы, якія выявіліся ў некаторых выступленнях і тут, на нарадзе, заявіў Башлыкоў, ёсць не што іншае, як галавацяпства, цяжкае злачынства. Яго гарачая, вострая прамова, бачыў Башлыкоў, хвалявала, даходзіла. Факт гэты, аднак, з-за незадавальнення станам спраў не толькі не цешыў, але і не супакойваў ні трохі. Настойлівы, зацяты, ён, як бы грозячыся, сказаў, што за зрыў шэфскай работы райком будзе патрабаваць, як за зрыў важнейшай дзяржаўнай кампаніі. Ніякія адгаворкі не будуць прымацца. Як ні ўсхваляваны быў, не толькі належна настроіў усіх, але і даў канкрэтныя ўказанні. Дакладна падаў, што неабходна зрабіць кожнай установе. Назваў тэрміны, вызначыў адказных. 6 За вокнамі была ўжо ноч, калі Башлыкоў закрыў нараду і зала пачала пусцець. Ён вярнуўся ў кабінет. Тут, за зачыненымі дзвярамі, адзін, нейкі момант пастаяў, як бы на раздарожжы. Як бы хацеў разважыць: што ж далей. Не прыдумаў нічога. Угледзеў на стале пачак папярос. Закурыў, захадзіў. Была вялікая стома і разам – узрушанасць. І рабіць больш не быў здатны, і адпачываць не мог. Не першы раз у галаве прайшло: гэтымі сваімі прамовамі, пэўна, не так другіх уздымаеш, як расцвельваеш сябе. Трэба было б пайсці паабедаць, але есці не хацелася. Схамянуўшыся, ён пазваў Мішу, распарадзіўся, каб той перадаў возчыку: заўтра да сямі быць гатовым у дарогу. Дазволіў Мішу ісці дадому. Можна было б і самому ісці. Нават – трэба б. Адпачыць перад заўтрашнім. Але і ісці не хацелася. Нічога не хацелася. Не зважаючы на змору, душу трывожыў неспакой. Вось жа ліха, разумеў: усё зрабіў як мог, а задавальнення не было. Не толькі задавальнення, а і якой-небудзь палёгкі. Не, і разумення такога, што зрабіў тое, што мог і павінен быў, не было. Не было такой упэўненасці, тачыла нават глухое, але настойлівае адчуванне, што рабіў не тое, не галоўнае. Што мала зрушыў тое, што павінен быў. Можа быць, зусім не скрануў. І гэта адчуванне было тады, калі ўсё больш ціснула трывога, важкая, вялікая, неадступная. Калі так упарта насядалі паганыя згадкі-напаміны. Удзень паганае гэта прыціхла за клопатамі, яго можна было стрымліваць; да таго ж тады – дзень быў наперадзе, надзея была. Цяпер дзень быў ззаду, усё, што мог, зрабіў, і цяпер відаць была цана зробленаму. З яснасцю, ад якой брала кволасць, бачыў, што зрабіў мала, нікчэмна мала, амаль нічога не зрабіў, а ў галаву, гарачую, узрушаную, усё ўнізваліся згадкі: учарашнія дзень і вечар у Глінішчах, размова з Галубовічам, Нінін ліст, спрэчка з Апейкам. Як бы нанава гучала: «Не пойдзем! Не аддадзім!..», «Галаву здымем!..», «Ты сваяк пана Шэпеля!..». Сярод усяго ўбілася Апейкава, асабліва жорсткае, таму што і сам чуў значэнне, небяспечнасць яго: «Гэта толькі сігнал!.. Можа быць горш...» Пачуўшы зноў гэта, захадзіў хутчэй, крайне неспакойны. Можа быць горш. Хоць горш не трэба. І так пагана, далей, здаецца, няма куды. Да вясны з такімі тэмпамі – правал бясспрэчны... Тут думкі яго працяла раптоўнае: «Алёшка, чарцяка! Мы табой ганарымся!..» – і вокліч гэты стрэмкаю ўчапіўся ў сэрца. Як знарок, як насмешка!.. Не адразу змог вярнуцца да перарванай думкі, даць нейкі лад свайму думанню... Яму даверылі такую важную справу, паставілі на такі важны ўчастак. А ён, відаць ужо, можа не спраўдзіць надзей... За нядобрымі развагамі ўзяла больш кволасць. Сем месяцаў тут! Не спіць, не есць, можна сказаць – усю душу аддае! А вынікі?!. Узяў адчай, такі моцны, які можа захапіць, толькі калі ты без меры нацяты, калі ты гарачы і табе дваццаць пяць... У гэту хвіліну агіднай кволасці яго апякла зноў згадка пра ўчарашні сход, пра паводзіны на ім Апейкі і Гайліса. Нанава ўспомнілася ранішняя спрэчка з Апейкам, і ў ім з новай сілай ускінулася нязгода з усім, што Апейка спрабаваў увесці ў яго. Ён цяпер з яшчэ большай яснасцю ўбачыў усю ілжывасць Апейкавых мудрагельстваў, ілжывасць і нават небяспечнасць іх, якія маглі збіць з правільнай дарогі, аслабіць у той момант, калі так патрэбны цвёрдасць і ўпэўненасць. «Яўна кульгае на правую! Сам кульгае і другіх падбівае!» – падумаў абурана. Пасля гэтага лепш адкрылася, чаму недавольны пражытым днём. Лепш бачылася, што гэты дзень і тое, што зрабіў, мала што зменяць у становішчы, таму што і Каржыцкі, і Мормаль не тая сіла, якая можа сур'ёзна выправіць тое, што ёсць. І не таму, што Каржыцкі і Мормаль кепскія самі па сабе. Хто б ні быў на іх месцы – нічога не зробіць. Таму што патрэбны не размовы, а дзеянні. Дзейныя, цвёрдыя людзі, сапраўдныя бальшавікі патрэбны там, на месцы. А там – чарнаштаны ды гайлісы. Мяккацеласць. Апартунізм. Правы ўхіл. «Не тое робім, не так, – мацнела ўпэўненасць. – Гаворым многа. Многа спадзяванняў на словы. На ўгаворы. Тут наша няўдача. Угаворы – пустазвонства. Дзейнічаць трэба! Сіла трэба. На сілу сіла! І не чыкацца! Не міндальнічаць! Рашучасць трэба! Націск!.. Націснуць падаткамі! Судзіць злосных! Каб адчулі сілу!..» Ён ухваліў сябе, што добра распарадзіўся Харчавым... Ад гэтых думак весялей было. Нібы ўбачыў наперадзе прасветліну, ясна ўбачыў, куды ісці, і ўбачыў, што дарога там абяцае яму добрае. Сам не заўважыў, як стаў хадзіць дужа, цвёрда. У думкі ўнізалася вестка з пісьма: Лена пыталася, цікавіцца, шкадуе. У гэты момант напамінак пра Лену быў лагодны. Лена бачыла яго дужым, прыгожым. Няхай паглядзіць!.. Згадаўшы пісьмо, думаў нейкі час пра маці, пра Ніну, рашыў цвёрда: «Трэба забраць сюды. Забраць...» За гэтым ён намогся, павёў думкі на заўтрашнюю паездку. І раптам ва ўсю яго супярэчлівую турботнасць памяць увяла ўпарта яго новую глінішчанскую знаёмую. Нібы ўбачыў зноў, як яна схілілася да яго, льючы ваду; адчуў цяпло яе рукі, якую яна падала, вылазячы са склепа. Яна раптам нібы стала перад ім. Яе вочы, кплівыя, незразумелыя, уся яна, незалежная, поўная годнасці, была, здалося, побач. І побач, і далёка. Умомант апанавала дзіўнае: як не хапае яе тут. Яе воч, яе голасу, яе смеху. Усёй яе. У гэты вечар. У гэтую хвіліну. Здзівіўся, пашкадаваў: як ён так развітаўся з ёю? Чаму не прыгледзеўся, не распытаў хоць бы толкам? Так захацелася пабачыць яе, пабыць з ёю, што ўзяла шалёная думка: сесці зараз у вазок ды махнуць туды. Зірнуць хоць. Ён тут жа стрымаў сябе цвяроза: прыхамаць дурная. Гэтага яму толькі не хапала. І наогул – што ён ведае пра яе? Хто яна? Але развагі не даходзілі. Не знікала: яна павінна быць тут. З ім павінна была быць!..
|