Раздзел трэці 1 Башлыкоў выехаў з Юравіч зацемна, з такім разлікам, каб дабрацца да Алешнікаў у самым белым ранку. Калі яго вазок узняўся на гару, уся шырокая раўніна, што разлягалася перад ім, была шэрая, непраніклівая. Ішла ад гэтай шэрані ў душу неадольная панылая сумотнасць; толькі вецер, што налятаў тут, на абдзьмутай вышыні, як бы абяцаў штосьці абнадзейлівае. Каля Вадавіч, як ён і спадзяваўся, стала прыкметна развідняцца. У гэтай парадзелай каламуці, што ўсё расступалася, вазок Башлыкова шухнуў цераз масток над Тур'ёю, паплыў па шляху паўз Глінішчы. Са шляху Башлыкоў мімаволі неспакойна і востра зірнуў туды, дзе павінна была быць глінішчанская школа. Разам з нядобрым, што засталося ад сходу, як ад павеву ветру, зацеплілася ў душы зноў згадка пра нераспазнаную жанчыну. Спадзяваўся ўбачыць агеньчык з вокан, але яго не было. Можа, закрывала поле. Толькі развіднела, калі ён выйшаў з вазка каля сельсавета. У сельсавеце быў адзін дзяжурны, ён, відаць, драмаў перад гэтым і, калі Башлыкоў, моцна гупаючы ботамі, абабіваючы снег, ступіў у пакой, сустрэў яго нібы вінавата. Глядзеў з незразумелай насцярожанасцю. Башлыкоў знарок весела патупаў па пакоі, паціраючы рукі, паказваючы, што памёрз трохі ў дарозе, трэба сагрэцца, весела запытаў пра навіны. На людзях Башлыкоў заўсёды меў звычку трымацца весела і бадзёра. Дзядзька, аднак, трапіўся негаваркі, на пытанне Башлыкова адно няветліва аб'явіў, што Гайліс у Хвойным, па калектывізацыі, а сакратар пакуль не прыйшоў. Ён павесялеў толькі тады, калі Башлыкоў загадаў яму паклікаць Дубадзела. Пажвавелы ўраз, усцягнуў на калматую галаву барановую кучомку і, мякка ступаючы валёнкамі, выбег на ганак. Башлыкоў зноў захадзіў па пакоі, раз-пораз кідаючы позіркі ў акно на вуліцу. Ён чакаў Дубадзела з неспакоем: было б прыкра, калі б Дубадзела дома не аказалася. Дубадзел яму быў вельмі патрэбны. Яшчэ ўчора, думаючы пра гэту паездку, Башлыкоў згадваў Дубадзела, таму ён рашыў, што Дубадзел будзе ў гэтай паездцы пры ім. Башлыкоў хацеў прыгледзецца лепш да яго, прымерыцца, чаго ён варты. З Дубадзелам у Башлыкова былі важныя надзеі. Надзеі гэтыя трэба было праверыць. Дубадзел быў дома. Башлыкоў убачыў яго, калі ён паявіўся перад акном – ішоў хутка, імкліва, так што крылы яго зашпіленага на адзін кручок шыняля разляталіся ў бакі. Разляталіся ў бакі вушы будзёнаўкі, што трымалася на макаўцы. Ногі ў разношаных ботах ступалі цвёрда, а на касцістым твары была рашучасць. Чалавек як бы спяшаўся на выручку і гатоў быў на ўсё. Ён імкліва пратупаў па ганку, ступіў у пакой. Голасна прывітаўся, зычліва і разам з павагай назваўшы: таварыш сакратар. Руку, якую падаў Башлыкоў, паціснуў моцна, як бы пацвярджаючы, што ў ім усё надзейна. Башлыкоў зацягнуўся, зірнуў спасцярожліва: – Трэба ў Курані. У тым, як прамовіў, была значнасць. Значнасць была і ў позірку. Дубадзел кіўнуў моўчкі і таксама значна: ясна. Твар дзелавіта засяродзіўся; шмаргануў прастуджаным носам. – Зараз? – А чаго ж? – Башлыкоў па-таварыску дадаў: – Адклад, кажуць, не ў лад. – Аге, – шмаргануў носам Дубадзел. – Адкладуваць няма куды. – От іменна. Так што – збірайцеся. Хутка. Дубадзел ускінуўся, як па камандзе. Адазваўся ўмомант: – А чаго тут сабіраць? Рукі хутка, рашуча ўхапілі другі кручок на шынялі, зашпілілі, нацягнулі глыбей будзёнаўку. – От толькі перакусім, – дадаў дзелавіта. – Паснедаем толькі... – Вы не снедалі? – спыніў яго Башлыкоў. – Да я ўжэ, канешно. Я пра вас. Жонка там умэнт... Башлыкоў улавіў, што ў голасе яго тут не было цвёрдасці, не надта дабіваўся. Відаць, не вельмі верыў у снеданне сваё. Башлыкоў супакоіў: – Я паснедаў ужо. – Ну, тады – хоць зараз. – Заедзьце дадому і паведаміце, – распарадзіўся Башлыкоў. – Каб не турбаваліся. Дні на два, скажыце... Дубадзел рынуўся да дзвярэй. 2 Вазок хутка адкінуў назад рэшту алешніцкай вуліцы, павярнуў за вугал яе, рушыў да грэблі, да зараснікаў. Вымерзлая, наезджаная грэбля ўмомант дамчала да цагельні, і вось зачарнелі наперадзе ранішнія дымы над куранёўскімі стрэхамі. У Башлыкове і дымы гэтыя, і стрэхі, нахмураныя, панурыя, хоць падбеленыя снегам, адазваліся неспакоем. Падыходзіла ўсутыч, уздымалася каменнай сцяной непадатнае, чужое, што належала зрушыць. І што не хацела зрушвацца. Башлыкоў загадаў кіраваць да хаты Міканора Глушака. Калі ехалі вуліцаю, чуў сябе пад маўклівым наглядам з двух бакоў. Пільна лавіў насцярожаную чарнату вокан, стракатасць двароў: і вокны, і двары былі амаль усе пустыя, вёска жыла, здавалася, бесклапотна, але ён добра ведаў, што спакой гэты зманлівы. Заўважыў, як выйшаў з хаты, застыў на ганку дзядзька, пільным вокам праводзіў, пакуль не схаваліся за рагом хаты. Двое жанок унізаліся позіркамі ад калодзежа, адна аж перастала цягнуць вочап. Ад неспакою, ад адчування ўвагі падабраўся, сеў раўней, паставаю ўсёй выказваў рашучасць, смеласць. Бачыў: Дубадзел пажвавеў, выцягнуў шыю, нецярпліва і весела цікаваў за хатамі, за дварамі. Здавалася, трымаўся так, нібы адчуваў блізкую бойку і радаваўся ёй, ірваўся да яе. Гэтая вясёлая задзірлівасць была даспадобы Башлыкову. Перад двума радамі насцярожаных хат Башлыкову добра было чуць такую смелую ўпэўненасць, чуць побач чалавека, які ў любы момант гатоў быў памагчы. Ля хаты Міканора Глушака Дубадзел першы саскочыў з вазка, рашуча пакрочыў да варот. Ужо ля варот ён схамянуўся, як бы стрымаў сябе, пачакаў Башлыкова, прапусціў яго наперад. Ледзь ступілі на двор, на ганку паявіўся Міканор Глушак. Быў апрануты ў нефарбаваны, заношаны кажух, з заечай шапкай у руцэ. Падобна было: збіраўся кудысьці ісці, апрануўся за хвіліну перад гэтым. Глядзеў цікаўна, вочы на васпаватым твары былі неспакойныя, пыталіся, чаго наведалася такое высокае начальства. З гэтым была ўсмешка на твары, лагодная, гасцінная. – Сустракай гасцей! – прамовіў Башлыкоў, весела крочачы насустрач. Ён прыязна працягнуў Міканору руку. Глушак спехам надзеў шапку, падаў сваю руку. Башлыкоў моцна, дужа паціснуў яе. – Угадалі! Заспелі дома! – сказаў Башлыкоў зноў, звонка, задаволена. Ён узяўся абабіваць снег з ботаў, атрэсваць з паліто, з шапкі. Гледзячы на яго, стаў абабіваць снег і Дубадзел, але без старання, абы-як. Нібы рабіў непатрэбнае. Міканор няёмка, як належала, папрасіў: – Ат, чаго тут... Заходзьце!.. У хаце было двое старых. Мужчына, седзячы на палацях, абуваў лапці, накручваў анучы, а старая замятала пры печы гліняную падлогу. Замятала, хапаючыся. Башлыкоў тым жа звонкім голасам даў ім «добры дзень», працягнуў ружовую з марозу руку да старой. Тая, хапаючыся, выцерла сваю аб прыпол, як бы ўрачыста, лапатачкай падала яму. Рука яе была цёмная і касцістая, Башлыкоў паціснуў яе асцярожна, з пашанай. Стары, завязаўшы абору, таксама ўстаў насустрач Башлыкову. На дужы поціск рукі сакратара адказаў ветліва, ахвоча. Дубадзел растлумачыў, што гэта бацька і маці Міканора: Дамецік і Дамеціха – цётка Аўдоцця. – Угадалі! Заспелі дома! – зноў сказаў Башлыкоў, ужо да старых. Завязваючы гаворку. – Аге! – адразу адгукнулася Дамеціха. – То ж ужэ унь шапку ўзяў, сабраўся ісці! Кеб на мінуту пазней, дык і не було б тут! – Не далеко сабраўся! – далучыўся Міканор. – Хазяйство паглядзець!.. Ён усё з цікаўнасцю чакаў адгадкі, чаго завітаў Башлыкоў. Такая ж цікаўнасць, толькі больш адкрытая, была відаць і ў старой. Але над усім быў звычай, неадменны закон гасціннасці да чалавека, што ступіў у хату. Міканор запрасіў Башлыкова распрануцца, і старая з ухвалай падтрымала сына. Башлыкоў ведаў «закон», разумеў, што трэба было гасцінным гаспадарам паказаць сябе прыязным госцем, распрануцца, сесці да стала. Але не цярпелася, дораг быў час. Адно сеў да стала, расшпіліў верхні кручок паліто. Глушак, пэўна, зразумеў настрой яго; аднак з сялянскай настойлівасцю паўтарыў, што просіць распрануцца, а маці распарадзіўся: накарміць гасцей. З дарогі людзі. Маці падтрымала яго, але, адзначыў Башлыкоў, не надта цвёрда. – Паснедалі ўжо, – сказаў Башлыкоў мякка і разам заклапочана. – Калі тое було! – павёў сваё Міканор. Башлыкоў даў зразумець, што ён не мае звычкі цырымоніцца, сказаў рашуча: – Пройдзем па вёсцы. Тады – вернемся! – Не зарабілі шчэ на снеданне! – весела кінуў позірк на Міканора Дубадзел. Ён зарагатаў. – Зарабіць трэба, ясно! Трэба было ўсё ж, хоць трохі, аддаць належнае звычаям. Паказаць сябе перад гаспадарамі чалавекам, культурнаю істотаю. Башлыкоў затрымаўся ў хаце, дазволіў пабавіцца тут дзесятак хвілін. Да таго ж варта было лепш прыгледзецца да Глушаковага жытла, бацькоў яго. За гэтым адразу пайшло галоўнае, турботнае: высветліць абстаноўку ў сяле, як яна бачыцца іх вачыма... Седзячы пры стале, не выказваючы цікаўнасці, агледзеўся: хата маленькая, на адзін пакой, падлога з гліны. Можна сказаць, няма падлогі. Палаці, двое палацяў: сына і старых. Даматканыя коўдры. Вялікая скрыня – гонар сялянскіх хат на Палессі. Таксама, мабыць, з даматканым палатном, са святочнай вопраткай. На сценцы – партрэты Сталіна і Калініна. У кутку ўверсе – пуста, абразы зняты. Але ручнік вісіць, як даніна старому... На падаконніку – стосік кніжак. Брашуры... Дзе ж калгасныя дакументы? Пэўна, у скрыні... Паветра было нясвежае, нячыстае. Нядобра, кісла пахла. Мусіць, у хаце кармілі свінню ці парася. І наогул у хаце не адчувалася чысціні, дбайнасці. Звыкліся. Башлыкоў набачыўся ўсякага, але ў апошнія гады ўсё ж меў свой пакой, звык да чыстага паветра, да ахайнасці. І тут, як і кожны такі раз, ён адчуваў, што горад – гэта горад, а вёска – вёска і што між іх ва ўсім адлегласць вялізная. Як два розныя светы. І адчуваў востра, нязменна, што ён – чалавек да драбніцы гарадскі, з таго, гарадскога свету. Ніколі не звыкнецца з гэтай чарнатой, нясвежым пахам. Трываць зможа, а звыкнуцца не звыкнецца. Увайшоў з пугаю возчык, на запрашэнне Дамеціхі распрануўся, сеў каля Дубадзела. Трэба было весці зычлівую гаворку. – Як жа жывем, Аўдоцця Пятроўна? – пацікавіўся звонка, прыязна Башлыкоў. Імя па бацьку старой выпытаў ціха ў сына. Тая на момант перастала завіхацца, азірнулася. – Да як? Жывем. Зноў адвярнулася да печы, стала чапялой гаспадарыць у глыбіні печы. – Сын не крыўдзіць? – Аге! – адказала насмешліва. – Е калі яму! Рэдко і відаць дома!.. – Нявестку б трэба, пэўна? – Казала яму. Слухаць не хоча. Усё – дзело адно... – Пары, можа, няма? – памог Башлыкову Дубадзел. – Етаго цвету хапае. – Маці Глушака паставіла чапялу ў кут. Гаворка, было відаць, зачапіла за жывое. – Дзве было дабрэнныя. Адну, Хадоську, дак думалі ўжэ... – Мамо! – перабіў Глушак-сын недавольна. Але яна даказала сваё: – Празяваў. Хоня забраў. – Знайдзем другую, цётко! – весела паабяцаў Дубадзел. – І жэнім! У парадку парційнай дзісціпліны! – Ён зарагатаў. Старой не спадабаліся і яго жарт, і яго рогат. Не тоячыся, нелагодна зірнула на Дубадзела; Башлыкоў заўважыў, што яна наогул не надта шанавала яго спадарожніка. Не сказала нічога. Аднак спыніла гаворку, павярнулася да печы, узялася за вілкі. Стала гаспадарыць у печы. Башлыкоў перачакаў, пакуль маці Міканора ўправілася ў печы, перабіў непатрэбнае маўчанне. Павёў гаворку пра тое, што карцела: – Аўдоцця Пятроўна, скажыце, калі ласка: чаго гэта ў калгас у вашай вёсцы так туга ідуць? Яна зірнула на Башлыкова, пільна, як бы з недавер'ем. Башлыкову здалося: позірк яе не верыў, што ён пытае гэта сур'ёзна, не ведае сам. Як бы павагаўшыся, адказала: – Чаму? Баяцца. – Чаго? – Цёмны народ, – растлумачыў бацька Глушака, што звешваў ногі з палацяў. – Як бы не ўскочыць у пельку, баяцца, – прамовіла яна, не слухаючы мужа, а выказваючы сваё. І ўсё быццам не верыла, што Башлыкоў гэтага сам не ведае. – Чаго тут баяцца! Маці Міканора нейкі час маўчала. Святло з печы ўскідвалася і ападала на яе твары, на плячы. Рухавы ад святла, у маршчынах, твар быў засяроджаны. Міканор глядзеў на яе яўна занепакоена. Баяўся яўна нечага. – Да і тое, – сказала яна задуменна, – вельмі хутко гоняць. А людзям – агледзецца хочацца. Прымерыцца. – Хто ето гоніць? – абурыўся Глушак-сын. – Што вы кажаце, мамо! Дубадзела, здавалася, пацешыў сынаў гнеў. Але ён не выказаў весялосці, строга папракнуў: – Доўго думаюць, цётко! – Абдумана ўсё, – заявіў Башлыкоў спакойна, паблажліва. – Па ўсіх пунктах. З усіх бакоў. Сур'ёзна абдумана. Можна не сумнявацца. – Яно-то, пэўна, так, – кіўнула яна. Не то не вельмі паверыла, не то не хацела спрачацца. Далікатна, як бы тлумачачы, выказала: – Толькі ж не ўсе тое знаюць. Да і тое: у кожнаго ж свая галава е. – У тым-то і бяда! – з'едліва адгукнуўся сын. – Да добра, калі ў каго шчэ разумная! Башлыкову не давялося сказаць: тут у сенцах стукнулі дзверы і ў хату ступіў дзядзька ў кароткім кажушку і ў ботах. Чыста паголены, з вусікамі, ён з парога скінуў шапку, прывітаўся з усімі: «Здраствуйце». Упэўнена падышоў да Башлыкова, працягнуў руку, з выразнай пачцівасцю назваў: «Таварыш сакратар». Абышоў усіх, падаючы руку, назваў кожнага імем яго – бацькавым. Справіўшы належна гэты абавязак, дзядзька зноў, з годнасцю, пакіраваў да Башлыкова, сеў побач. Дастаў капшук з-пад кажушка, стаў круціць папяросу. Па-сяброўску пацікавіўся ў Башлыкова: – Рашылі, значыцца, пасяціць нашу куранёўскую глуш? Паглядзець, чым жыве-дыша ў глушы народ?.. Здавалася, ранейшая гаворка перарвалася зусім і будзе цяпер уладарыць іншая, тая, якую завязаў дзядзька – Андрэй Руды. Так яно нейкі час і было: папыхваючы папяроскай, далікатна пускаючы праз ноздры дым, Андрэй растарэкваў пра цемнату людскую, пра калектывізацыю – новы шлях для людзей, паказваючы, што і тут, у глушы, таксама не ўсе лыкам шыты. Гаспадыня, здавалася, слухала яго і не слухала. То корпалася пры печы, то неспакойна думала. Было відаць: вярэдзяць старую нейкія турботы, не даюць спакою. Недавольна паглядвала на Рудога: трэба ж, прынесла не ў час балбатуна пустога. – Да і ето, – адважылася нарэшце, нагадала пра перарваную размову, – гаворкі тут усякія. Пра раскулачанне... Башлыкоў адвярнуўся ад Рудога, уважліва зірнуў на яе. – Баяцца етаго. Не наравіцца ето, – горача выказала яна. – Каму «не наравіцца»? – адразу напаў Глушак-сын. – Людзям не наравіцца. – Сказала! – А то не? Не баяцца? – Усе?! Кулакі, можа! Кулакам етаго трэба баяцца! – Правільно, Дамецевіч! – з ухвалай кіўнуў Руды. Дамеціха не паддалася сынаваму гневу. Нават як бы заўпарцілася. – Брату на брата нагаворуваюць, – загаварыла галасней, зацята. – Сваяку на сваяка. Як бы кусаць адзін аднаго трэба! – Кажаце вы, мамо! Яна зазлавала, ускінулася: – Дай сказаць людзям! Не з табой гавораць! Слова ўжэ сказаць не можно! – Гаварыце, да знайце што! – Правільно, Дамецевіч! – заявіў важка Руды. – Ты, Андрэй, прыйшоў, дак сядзі! Не лезь, куды не просяць!.. – Яна перавяла дыханне, заявіла сыну, усім: – Знаю! Праўду кажу!.. – Стрымала сябе, сказала цішэй: – От тут у нас сваяк е! Брат мой дваюрадны! – Знайшлі брата! – Брат! Халімон! Мая матка і яго бацька – сястра і брат родныя! – Ето – пра Карча Халімона! Халімона Глушака! – растлумачыў Башлыкову Руды, задаволена пыхнуўшы папяроскай. Было відаць: страшэнна рады быў спрэчцы. Як цікаваму здарэнню. Міканор з нянавісцю зірнуў на яго: знайшоў забаву. Трэба ж, прынесла ў такі момант, заўтра брахня пойдзе па ўсяму сялу... – Аге, Глушак. Глушак Халімон, – пацвердзіла старая, у запале не заўважыўшы тону гаворкі Рудога. – Дак чаго ўжэ на яго! – Павяла шчыра, горача, верачы непахісна ў сваю праўду: – Мало таго што налогамі. Дак і ў калгас не пускаюць! Свет чалавеку завязалі! Так ето трэба? – Сколькі ні талкую, не разумее нічого! Міканор, ружова-чырвоны, няспрытнымі рукамі скруціў папяросу, схіліўся да Рудога, прыкурыўшы, патупаў да палацяў, сеў на іх. Згорбіўшыся, густа задыміў. Башлыкоў разумеў яго: Міканор Глушак, як на суддзю, глядзеў на яго, сакратара райкома. Быў разгневаны на маці і адчуваў сябе такім вінаватым, што гатоў быў на любую кару. Так, было чаго хвалявацца: зганьбіла старая, і перад кім, перад сакратаром райкома. Ды перад Дубадзелам, які яўна не спачувае, а як бы потай цешыцца. – У адносінах да кулацкіх элементаў, Аўдоцця Пятроўна, – лагодна, стрымана сказаў Башлыкоў, – лінія ў нас цвёрдая. Кулацкія элементы мы лічым класавым ворагам. – Які ён цяпер элемент! – старая зняважліва махнула рукой. – Толькі званне асталося – што багацей! Дубадзел хацеў падчапіць жартам: не ведаў, што яна такая кулацкая заступніца, але старая не адазвалася на жарт. Міканор Глушак, хапаючыся, нервова дыміў, ледзь стрымліваў гнеў. – Падгаварыў ён вас, ці што! – У голасе яго з гневам чулася крыўда. Башлыкоў улавіў: словы гэтыя былі як бы не толькі да яе, а і да яго з Дубадзелам. Можа, нават – больш да іх дваіх. – Не можно – штоб брат на брата! – выказала яна зацята, непахісна. Сын, угневаны, саскочыў з палацяў. Зірнуў злосна на старую, захадзіў нецярпліва. Башлыкоў узняўся з лаўкі, сказаў, што пара ісці. Час не чакае. Старая ўраз схамянулася, згадала пра абавязак гаспадыні: – Дак калі вернецеся? Кеб знаць... – От як вызвалімся, – няпэўна сказаў Башлыкоў. – Калі справу зробім... – Дадзім знак як-небудзь! Калі прагаладаемся! Старая няёмка папрасіла: – Мо я што не так. То вы не сярдуйце... Я ад душы. Што думаю... – Не сярдуем, – Башлыкоў паблажліва ўсміхнуўся. – Але з поглядамі вашымі не згодны... Ён лагодна патрымаў старую за локаць, рушыў з хаты. На двары азірнуўся: усе выйшлі ўслед, нават стары стаяў, у сарочцы, без шапкі. Башлыкоў паклапаціўся перш пра яго: параіў вярнуцца, не прастудзіцца. Потым сказаў возчыку ісці ў хату, чакаць. Заўважыў: Міканор Глушак лавіў яго позірк. Башлыкоў зрабіў выгляд, што не бачыць гэтага. Калі выйшлі на вуліцу, Глушак не вытрываў. – Падгаварыў, мабуць, гад, – сказаў вінавата. Як бы прасіў злітасціцца, зразумець. Дадаў злосна: – У сям'ю маю ўжэ ўлезці хоча! – Васпітацельнай работай не займаешся! – укалоў знарок Дубадзел з рогатам. Башлыкоў адвёў нялітасцівы позірк. Чуў: Глушак пабойваецца нядобрага свайго сваяцтва, таго, што гэта вядома яму, Башлыкову. Так, трывожыцца ёсць чаго. Такое сваяцтва не ўпрыгожвае... Што там ні кажы, а сваяцтва ёсць сваяцтва. Сувязь. Сувязь з кулаком... Было незадавальненне сабою: такога факта пра Глушака, пра актывіста, партыйца, не ведаў. Праўда, віна тут найбольшая Глушака, але і сам вінаваты! Не першы раз, як пра абрыдлае, непрыязна падумаў: «Усе яны тут перамешаны, паспрабуй разбяры!..» За гэтым як бы нанава пачуў плаканне-войканне старой, плаканне аб крывасмоку, узяло злое: жаласці дурной у людзей аж лішне! Крывасмокаў самых яўных то не судзяць, то – шкадуюць! І каб адзін-два, з дабраты шчодрай, а то ж – не ў адной вёсцы! Чуласць якая!.. Ён з прыкрасцю перарваў думанне, кінуў позірк да Глушака: – З каго пачнем? 3 Глушак як бы не цяміў. Відаць, усё не мог супакоіцца. Схамянуўся нарэшце: – Да от, к суседу можно. Дадаў: адзін з тых, што ўпіраюцца асабліва. Дзяцел Васіль. Пакіравалі да Дзятла. Адразу, як ступілі на двор, ля новага зруба, трапілася пажылая жанчына. Ішла з хлява з пустым драўляным вядром. – Эй, цётко, можно ў госці?! – Глушак як мог нагнаў на сябе весялосць. – А чаго ж, – жанчына мелькам зірнула на іншых, прамовіла да Глушака: – Сусед, а рэдко заходзіш нешто... Паяўленне нязваных гасцей выклікала ў яе клопатнасць, але яна схавала гэта. На прывітанне Башлыкова адказала ветліва, прыхільна. – От госць з раёну, – сказаў Глушак, усё яшчэ з ранейшым хваляваннем і імкненнем разагнаць яго. Глушак назваў Башлыкова, і жанчына зноў зірнула на яго, з большай увагай і цікавасцю. Запрасіла ў хату, першая падалася на ганак. У хаце, каля палацяў, была яшчэ жанчына, паўнацелая, маладзейшая, з дзіцем на руках. Перад ёю паволі вяло калыску, што звешвалася са столі, – відаць, дзіця ўзяла з калыскі. Полаг на почапках калыскі быў адхінуты. Башлыкоў і з ёй ветліва прывітаўся, але жанчына не адказала. Паглядзела на яго, кінула позірк на іншых, нядобра, спадылба. Вочы нібы судзілі: чаго прыперліся! Абвяла вачыма і адвярнулася. Паказала, што ведаць не хоча. Глушак, як бы і не бачыў маладой, з вясёлым тварам павярнуўся да першай, што паставіла вядро ў кут ля парога. – От застаўляеце вы, цётко, начальство з раёну трывожыцца! Башлыкоў прыкмеціў: маладая зірнула злосна, злосна адвярнулася. Лагодна перапыніў Глушака, дзелавіта спытаў у старой: – Дзе гаспадар ваш? Дубадзел паясніў Башлыкову, што чалавека ў цёткі няма, загінуў на вайне, гаспадарыць у цёткі сын Васіль. – Ці дома ето Васіль? – Дома, – кіўнула Глушаку старая. Момант як бы думала, разважала, не зусім упэўнена сказала: – У хаце новай корпаецца. Ніяк не ўлезем... Дзядзька ў кароткім кажушку, што аказаўся і тут, варухнуўся быў кінуцца пазваць, але адумаўся. Рашыў, мусіць, што і тут старанне яго можа не спадабацца. Старая выйшла. Пакуль не вярнулася, у хаце была негасцінная цішыня. Дзядзька ў кажушку не вытрываў, папракнуў маладую: – Што ж ето ты, Маня, так нявежліво да гасцей? Спінаю, так сказаць... Тая яшчэ нацялася, прамаўчала. Дзядзька гарэзліва падміргнуў Глушаку, Дубадзелу, пакруціў галавою: «От стварэнне!» Башлыкову прыйшло ў галаву, што гаспадар, не інакш, бачыў іх з новай сваёй будовы, не пажадаў бачыцца. Думаў, значыць, адсядзецца! Башлыкоў павёў позірк па хаце: цесна, бедна. Як ва ўсіх беднякоў, ні аднаго ложка. Палаці, на палацях даматканае рыззё. Падлога, праўда, не земляная, але падгніла ўжо. Гнілыя вушакі ў акенцах. Сцены пакрыўленыя, гнілаватыя таксама. Па ўсіх прыкметах – век хаты нядоўгі. Як і ў іншых хатах – бруду даволі. – От і хадзяін наш! – аб'явіла жанчына з парога. Малады гаспадар, у свіце, у лапцях, з парога паздароваўся, кінуў позіркам, запыніўся на Башлыкове. У тым, як паводзіў ён сябе, найбольш адчувалася годнасць, іменна яе ён выказваў тым, як спакойна зняў шапку, як стаяў каля дзвярэй. За гэтай знешняй упэўненасцю Башлыкоў, аднак, бачыў насцярожанасць. Позірк, прыкмеціў, быў пільны, нібы пытаў: чаго прыбылі! І ведаў загадзя: не для добрага. Башлыкоў разумеў: дыпламатнічаць тут няма чаго. Пайшоў адразу напрасткі. – Прыбылі мы да вас – даведацца, чаму не хочаце ісці ў калгас. – Чаго ад народу адстаеш! – падмацаваў Башлыкова Дубадзел. Гаспадар пераступіў з нагі на нагу, адвёў позірк. Адвёў з нудою: чуў ужо такое. І адказваў не раз. Чаго ж тут гаварыць попусту. Знарок зачапіў словы Дубадзела: – Народ шчэ і там, і тут... – Перадавы народ увесь там! – заявіў пераканана Дубадзел. Гаспадар перамаўчаў яму. Перамаўчаў, было відаць, таму, што не хацеў пустой гаворкі, не таіў, што словы Дубадзела ні трохі не змянілі яго ўпэўненасці. Падобна было, што не надае тым словам ніякага значэння. Здавалася, што і самога Дубадзела не надта шануе. Тут у хату ўвайшоў дзед, зняў шапку, пакланіўся. Лагодна з-пад белых броў агледзеў усіх. Башлыкоў думаў, што прыйшоў хтосьці з цікаўных суседзяў, але дзед, старэча горбячыся, зняў кажух, звыкла палез на палаці. З палацяў, цьмяна свецячы лысінай, ціха папытаў нешта старую, кіўнуў галавою. Башлыкоў улавіў, што глядзіць на яго. Разумным дапытлівым позіркам. – Дак як ты, Дзяцел, на тое, што сказано? – прамовіў строга, патрабуючы, Дубадзел. – Чаму не ідзеш?! Тон, якім ён гаварыў, добра паказваў, што далікатнічаць, валаводзіцца тут няма чаго. Трэба цвёрда весці сваё. Маладая ля калыскі неспадзеўкі рэзка крутнулася. Твар яе скрывіла лютасцю. – Сказалі ўжэ! Сто разоў казалі! – закрычала яна прарэзліва. – Чаго вы ўсё лезеце! Гаспадар нядобра, строга зірнуў на яе: – Не тваё дзело. – Сходаў мало! – не паслухалася жонка. – Сходамі жыць не даюць! Дак шчэ і ў хату век! Твар гаспадара скамянеў ад гневу. – Не сунь носа! – узняў голас гаспадар. – Сказано! У голасе яго чуліся сіла і цвёрдасць. Жонка зірнула на яго, недавольная, яшчэ поўная лютасці, але не запярэчыла. Не наважылася. – Усё лезуць! – не вытрывала, прамовіла непрыхільна. Цішэй ужо, саступаючы. – Тым часам, думаем пра ето ўжэ, – прымірэнча, разважліва ўступіў дзед ад палацяў. У тым, як гаварыў дзед, адчувалася, што ён бачыць, што гаворка пайшла неразумна і нічога добрага з яе не будзе. Што без яго ўдзелу не будзе ладу ў гарачай і бесталковай спрэчцы маладых. У тым, як гаварыў і трымаўся дзед, бачылася, што ён наогул перакананы ў асаблівым значэнні сваім тут. – Доўга думаеце, – з павагай, нібы становячыся ўпоравень з ім, як роўны роўнаму, зазначыў Башлыкоў. – Доўго, – не запярэчыў дзед. – Хутчэй думаць трэба! – параіў Башлыкоў з павагай і зноў як роўны з роўным. Нават непрыкметна для сябе пераняў яго лад гаворкі. – Да яно б трэба. Толькі ж яно, – з давер'ем сказаў дзед, – тым часам, не просто так і рашыцца! Усё аддаць. Астацца ні з чым. – Чаму ні з чым?! – здзівіўся Башлыкоў. – Усё ваша вашым і астанецца. Толькі што агульным стане. – Аге, – кіўнуў дзед. Башлыкову ў гэтым «аге» пачуліся цікаўнасць, разуменне, і ён стаў цярпліва, па-прыяцельску тлумачыць выгады агульнага гаспадарання. Дзед – Башлыкоў ведаў ужо, як яго завуць, казаў да яго пачціва «Дзяніс Ігнатавіч» – слухаў уважліва, ківаў згодна, ухваляў, падобна. Але абяцаў толькі адно: «Трэба падумаць». Пільны Башлыкоў хутка зразумеў, што лагодны дзед, не інакш, хітруе, адводзіць гаворку ў спакойны кірунак. Змазаць хоча пытанне. – Думаць цяпер ужо мала, – сказаў Башлыкоў цвёрда. – Дзейнічаць, рашаць трэба! Неадкладна! Ён адвярнуўся ад дзеда, паказваючы, што ў яго не лішне часу, што чакае рашучых дзеянняў, патрабавальна зірнуў на маладога гаспадара. – А што гаспадар «думае»? Ён не таіў іроніі, знарок з націскам сказаў «думае». Малады адразу, як адчуў увагу да сябе, нацяўся зноў, пастражэў позіркам. Выпрастаўся, нібы падрыхтаваўся да бойкі. – А я пабачыць хочу, што з етаго ўсяго шчэ будзе, – заявіў без хітрыкаў, як бы з выклікам. – Значыць, вы яшчэ сумняваецеся, што гэта – сур'ёзна? – Пабачыць хочу. Спрачацца, даводзіць, адчуваў Башлыкоў, было бескарысна. І ўсё ж, ледзь стрымліваючыся, паказаў, як гэта грунтоўна абдумана і праверана; абдумана партыяй, лепшымі галовамі, праверана мільёнамі людзей. Не першы раз, не першаму гаварыў гэта і не першы раз бачыў, што не даходзяць яго такія ясныя, пераканаўчыя доказы. Як і многія іншыя, нібы не разумеў дарослы, сталы чалавек надзейныя, важкія факты! На шчырае слова Башлыкова ў адказ была тупая глухата. Бачыў: позірк у гаспадара – упарты, тупаваты. Разумеў: марна даводзіць такому, не дойдзе да такога! Башлыкова дурная глухата гэта паліла. Трываць не мог ён гэту няздатнасць разумець такі просты сэнс. Гэту дзікую ўпартасць. Каб трохі яшчэ, сарваўся б, нагаварыў бы нястрымных, гнеўных слоў. Але не хацеў паступацца годнасцю, даць ім адчуць перавагу іх. Стрымаў сябе. Павёў позіркам па хаце, нібы нанава ўбачыў беднасць, убоства яе, гэтага іх «раю», які яны так аберагаюць; варухнулася цяжка, няцямна: чаго яны так чапляюцца за гэта?! Не мог уразумець гэтага. Падумаў ужо без горычы, апанавала раптам душу стома. Надакучыла, без меры надакучыла здзіўляцца глупству. Гаварыць адно і тое ж глухім... У цішыні, што настала ў хаце, чулася варожасць. – Мы не проціў, не думайце, – азвалася зычліва і вінавата ад прыпечка старая. Яна глядзела Башлыкову ў вочы з трывогай і надзеяй, як бы прасіла яго злітасціцца. – Толькі ж, праўда, – асмеліцца трудно... Яна верыла, што ён, такі дасведчаны, адукаваны, зразумее іх. – Доўга вы асмельваецеся! – не паддаўся ёй, строга вымавіў Башлыкоў. Рэзка заявіў: – А мы чакаць не можам! Не можам! Не тоячы незадавальнення, нават знарок выказваючы яго, узняўся. Узняліся іншыя. – Саветуем падумаць, Дзяцел! – з пагрозай параіў Дубадзел. Ён зірнуў так, як бы намякаў на нешта грознае. Зноў апынуліся на двары. Башлыкову вастрэй кінулася цяпер: новая, з жаўтлявымі, старанна ачышчанымі бярвеннямі хата была не раўня старой – прасторная, з размахам. Трое вокан на двор, два пакоі – відаць у прарэз дзвярэй. Сенцы шырокія пачаты. Гэта ўжо іншая, не бядняцкая хата. – Выясніць трэба, адкуль лесу набраў! – зазначыў Дубадзел, перахапіўшы позірк Башлыкова. Намякнуў: – Сколькі аплачано. Калі выйшлі на вуліцу, Глушак вінавата паведаміў Башлыкову: – Ета – жонка яго – кулацкага роду. – Дадаў з роздумам: – І сам ён, не сакрэт, з кулацкім нутром. Хоць ты цвёрдае давай... Дубадзел як бы чакаў гэтага, падхапіў адразу ўпэўнена: – А можно і даць! Башлыкоў прамаўчаў. Але не запярэчыў.
|