РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Цётка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Успаміны з паездкі ў Фінляндыю
У дарозе
На станцыі Ганілля
У Кюмеляйна
Будні дзень у фінаў
Што ядуць фіны
Нядзеля
Фінскі народ
У ДАРОЗЕ
        У палове сакавіка, перад ад’ездам у Фінляндыю, прыйшлося пабываць у Вільні і Мінску. Нішто: дожджык трусіць, зіма-старушка рушыла з месца, толькі астаткі снегу дзе-нідзе ляжаць па стрэхах. Балотца, праўда, плывае па вуліцах, але не так ужо блага, можна з бяды чакаць лепшага часу – вясны.
        А вось селі ў цягнік і праз ноч з Вільні ў Пецярбургу апынуліся. Або... якая страхата! Пекла вірутнае: чалавек чалавека, упоруч ідучы, не бачыць: туман, дождж, імгла нейкая ліпкая, клейкая чалавека абсядаець. Людзі панурыя, згнобленыя, паморшчаныя, як тры дні не еўшы, кудысь ідуць, едуць, спяшаюць.
        Хацелі і мы затрымацца – думаем – сталіца: што ні крок, то міністар, сенатар або якая іншая вялікая шышка пад бокам, толькі пальцамі ткнуць, і Гасударсцвенная дума свянцоны хлябок есць; шмат чаго цікавага можна даведацца, пачуць, але куды! Так неяк гэта захмуранае неба, гэты густы мокры туман ды казённыя высокія дамы чалавека пужаюць, гнятуць, што ахвота адпадала надаўжэй затрымацца ў гэткі перадвясновы час.
        Ледзь здолелі перавязці клумкі з аднаго вакзала на другі і ўскочыць да вагона.
        Едзем у Фінляндыю. Кандуктар ветла (гжэчна) спраўджае білеты. Вагоны чысценькія, меншыя за нашы, толькі вокны непамерна вялікія, а ў іх праз усю велічыню ўстаўлена толькі адна шыба – гэта, каб рамы шмат месца не займалі і каб, як хто едзе ў Фінляндыю, мог як найболей убачыць край і яго людзей.
        Цягнік бяжыць крыху барзджэй, як у Расеі. На станцыях затрымліваецца карацей.
        У вагоне едзе колькі фінаў мужчын і адна жонка з дзецьмі. Усе светла-русыя, вочы сінія, нізкі лоб, куксаваты твар, здаровыя. Цікавасць, ці ўсе фіны такія? Кабета выйшла з вагона вады ўзяць, дзіцянятка пачало плакаць, мужчыны ўсе цопнуліся дзіця забаўляць, адзін нават узяў на рукі.
        Пэўна, фіны дзяцей любяць; у нас так пасажыры не дбаюць аб чужых дзецях.
        На станцыях стаіць шмат звожчыкаў, коні ўсе невялічкія, каштанаватыя, санкі маляваныя розна, малыя, пекныя, вазніцы адзеты ў шэрыя самадзялковыя марынаркі і порткі, на галовах шапкі баранковыя, пацягненыя шэрым сукном, з вушамі, з патыліцы – цёплы брыль і спераду брыль, агулам кажучы, шапка выглядае, як каптур.
        Зіма цвёрдая, снегу многа, кажуць – па Вялікадні за тыдні два зіма толькі рушыць. Во як позна: у нас ужо цяпер на прагалачках трава зелянее. Мы чулі, што ў Фінляндыі цяпер найлепшы час для тых, хто хоча адпачыць або палячыцца, бо прымаразкі яшчэ стаяць, а слонка ўжо свеціць, цёпла, паветра здаровае і спакойна старонка. Праўда, праз вокны вагона па Пецярбурзе Фінляндыя нам выдаецца, як іншы нейкі свет. Снег – беленькі ўсё пакрывае, слонка па ім густымі праменнямі коўзаецца: лес і лес, як вокам сягнуць.
        Даліны з гаркамі пераменьваюцца, скалы вісяць, а раўніна замерзлых азёраў вылынае.
        Трэба ведаць, што Фінляндыя – гэта старонка лясоў, азёр і скалаў. На адной станцыі цягнік затрымаўся на некалькі часін, каб у буфеце, калі хто хоча, закусіў. Высыпаліся і мы з вагона. Станцыя вельмі чыстая. Два сталы пекна накрыты, застаўлены ядой, якую толькі здумаць: там і мяса, і рыба, яйкі, сыры розных гатункаў, малако, гарбата, квас, піва. Як толькі падходзіш да стала, мусіш заплаціць марку, фінскую манету вартасці 38 капеек. Пасля, калі хочаш, еш, колькі душа прымае, а не – крошку палажы на зуб – плата аднолькава: там жыватоў людскіх не мераюць; такі звычай укараніўся пэўна дзеля таго, што ніхто з фінаў не мае ў натуры сваёй, каб карыстаць болей за тое, чым плаце. Фіна не трэба пільнаваць, ён сам у сябе стаіць на стражы. Дзеля таго на станцыі фіны ядуць паволі, не спяшаючыся, як у сябе ў хаце за сталом.
        Але было некалькі расейцаў, дык тыя завіхаліся каля яды, ажно папацелі. Аб сабе трудна сказаць: лепш відна збоку, аднак мушу прызнаца, што добра-такі пасіленай вярнулася ў вагон, ажно цяпло па жылах разышлося, весялей стала: усе закускі былі вельмі смачныя...
        Прыехалі да горада Віпуры, па-расейску Выбарг, гэта найбліжэйшы вялікі горад у Фінляндыі ад Пецярбурга. Не затрымываемся ў Віпуры – адкладаем гэта на пасля – з паваротам, бо цяпер маем яшчэ праехаць колькі станцыяў, а адтуль фурманкай да аднаго гаспадара ў нейкую вёску Лотала. Да аднаго тамтэйшага гаспадара далі нам адрас – казалі, танна бярэ, яда гаспадарская, добрая, здаровая, так што можна адпачыць і паправіцца, а разам з тым прыгледзецца да вясковага ў фінаў жыцця.
        Мусім гадзіну чакаць на іншы цягнік, каб ехаць далей. Аглядаем вакзал новапабудаваны: вельмі пекны – як палац, выкаваны з шэрага каменю. Адразу відно, што фінскі народ дэмакратычны: стараецца, каб усе былі роўныя, дзеля таго на вакзале 1, 2 і 3-я клясы ўсе аднолькавы: такія самыя крэслы, такія самыя сталы, такая самая чыстасць усюды; не то што ў Расеі: у першай клясе крэслы аксамітныя, канапы плюшавыя, а ў трэцяй – сметнічак...
        Купілі кніжку з фінскімі і расейскімі словамі, будзем з помачай кніжкі гаварыць, бо, як бачымо, фінчыкі па-расейску не разумеюць, хоць і блізка жывуць, а куды ж нам – беларусам з сваёй гутаркай цопацца да іх: мы народ дальшы ад фінаў і мала ім знаны.
        Пераселі ў іншы цягнік. Едзем. Лес і лес: нідзе людскіх сяліб не відаць. Вучымся словы: хлеб па-фінску лейпа, масла – войта, малако – майта. Хоць каб крыху падвучыцца, а то чаго добрага не разгаворышся з фінчыкамі і прыйдзецца хоць назад аглоблі павярнуць. Пры навуцы час праляцеў хутка, і не агледзеліся, як прыехалі ўжо на сваю станцыю.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.