РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Цётка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Успаміны з паездкі ў Фінляндыю
У дарозе
На станцыі Ганілля
У Кюмеляйна
Будні дзень у фінаў
Што ядуць фіны
Нядзеля
Фінскі народ
У КЮМЕЛЯЙНА
        Назаўтра нас абудзіў сланечны ранак. Выглянулі мы праз акно – лес блізка стаяў, улева – замерзлае возера. Вуліцай хлопчыкі і дзяўчынкі з кніжкамі ў торбачках да школы беглі. Мары, вярнуўшыся з мястэчка, прасунула галаву праз дзверы: «Хуомэнта», – дзень добры аддала і стала дапытываць: «Кофе, кофе? хоцэце? хоцэце?» Мы патакнулі галавой, што хочамо. На тацы, накрытай сарвэткай, прынеслі каву, жбанок паранага, гарачага малака, яйкі, масла і смажаную кабаніну з бульбай паранай.
        Паснедаўшы, мы выйшлі абгледзець будоўлю і ўсю гаспадарку Кюмеляйна. Хата, дзе самі жывуць Кюмеляйны, у каторай учора мы былі, але ў такой тарапаці добра ўсяго не разгледзелі, на падлозе, чатыры вялікія акны, пяць вузенькіх драўляных ложкаў стаіць на вішнёва памаляваных, нанач яны расцягваюцца – шырокімі робяцца. У старых – коўдры аўчынкамі падбіты, у маладых – вайлаковыя.
        Дзве шырокія нізкія бэлькі ідуць праз усю хату: адна – уздоўж, другая – упоперак, на іх вешаюць адзенне, калыскі, кладуць гаспадарскія прылады – як сякеры, свідры, гэблі, у покуццю дзве да сцяны прыбітыя шафкі, у іх ляжаць кніжкі, газеты.
        Такая ў старане ціхая вёска, як Лотала, мае два разы на тыдзень пошту, кожны гаспадар выпісвае газету, а то і дзве; каторая газета дарагавата, то згаворываецца двох-трох суседзяў, што бліжэй жывуць ад сябе, і выпісываюць газету супольна. Чалавек, сумысля наняты круглы год, прыносе пошту два разы на тыдзень, разам з тым ён прадае маркі, адкрытыя пісулькі, забірае напісаныя лісты.
        Цікавы такі фінскі паштальён якраз ось прыйшоў. Вялікая раменная торба набіта туга газетамі, лістамі, развозіць ён гэту газету на «келках».
        Келкі – гэта такія саначкі: два жалезныя палазы з паўтараця аршына даўжынёй, на палазах умацована крэсла, на каторае паштальён кладзе свае клумкі, сам апіраецца на поручы крэсла і стае нагамі на палазы, адной нагой полаз падпіхне, значыцца падтаўкне, каб келкі крануліся з месца. А як у Фінляндыі дарога няроўная – з горкі на горку, то як дзе разгоняцца такія келкі, дык шпарчэй шыбкага каня бягуць. Шмат фінаў на торг, вакзал, да кірхі гэтак едзе. Жонку нават часта або дзіця пасадзіць на крэсла, сам стане на палазы, і гайда ў дарогу; пад горку, праўда, прыходзіцца адной нагой падпіхаць, але затое з горкі як ляціць!
        Паштальён прывёз газету, ліст з Амерыкі ад сына Янко, выпіў кавы і паехаў на келках далей. Мы кончылі абглядаць хату. У шафцы шмат кніжак гаспадарскіх. На месцы нашага ложачніку – каля парога – стаіць шафка з суддзём: сподкі, кубачкі, талеркі, паўміскі, відэльцы, толькі кілішкаў няма, бо фіны не п’юць ніякіх трункаў. Найцікавейша – печ: вялікая, высокая, ажно пад столь, толькі адзін кот туды можа ўзлезці, а фін, хоць і мае зіму ў паўтара разы даўжэйшую і зімнейшую, чым у нас, аднак на печ ніколі не лезе. Падпечку таксама няма, – куры зімуюць разам са скацінай у хлеве. У печы фінляндка-гаспадыня паліць раз у дзень – зрання, нічога ў ёй не варыць, толькі хлеб або пірагі пячэ. Усенек жар выграбаецца ў прыпечак, прыпечак усярэдзіне пусты, зверху накрыты таўстой бляхай з фаеркамі, да жару дроў падкідаецца, на фаеркі ставяць гаршкі, варыцца страва. Пад прыпечкам ніколі агонь не гасне, кава праз увесь дзень стаіць гарачая. У фінляндцаў ёсць звычай кожнага прыйшоўшага чалавека пачаставаць кавай. Усё роўна як наш чалавек, увайшоўшы ў чужую хату, зараз закурывае люльку, так у фінаў свежы чалавек зараз сядае за стол і каву п’е.
        Сенцы на падлозе, пры сенцах камора таксама на падлозе, пры сценах каморы пароблены палічкі, шуфлядкі, панасыпаныя крупамі, мукой; вада ў цэбры стаіць, абрусікам накрыта; ганак – з лавачкамі. Напроць хаты стаіць з ганачкам свіран даўгі, раздзелены на колькі станцяў; да кожнай з іх вядуць асобныя дзверы. У адной станцаі фін хавае збожжа, у другой – куфры, адзенне, у трэцяй – ложкі, дзе летам спяць, болей на хатнім падворку нічога няма; на другім упоруч падворку стаяць вазоўня, стайня, хлеў. У хлеве Кюмеляйн мае шэсць каровак, бычка, двое цялятак, у малым хлеўчыку – з дзесяць авечак. Скаціну даглядаюць толькі кабеты; мужчыны – коней. Кароў кормяць трасянкай, у каторай больш сена, чым саломы, бо сенажацяў маюць фіны даволі, а збожжа сеюць нямнога – трудна там зямлю адваяваць у скалаў і азёраў. Пояць скаціну ў хлеве пойлам: вада, падкалочана мукой. Ваду на саначках з недалёкае студні падвозяць: адна кабета саначкі цягне, другая – падпіхае.
        Мы кабетам на падмогу падаспелі – саначкі ажно забурчэлі. «Харасо, харасо!» –пахвальвае нас Мары. Напаіўшы, пачалі кароў часаць згрэбламі. Каровы так прывыклі, што самі выцягваюць шыі яшчэ здалёк.
        Хлеў мае тры вокны ашклёны. Падсцілаюць жывёле насушаным улетку торфам. Зімой толькі гэты торф рэжуць у спецыяльнай сячкарні. Мы і торфу памаглі нарэзаць. Кабеты – як мага – разгаварыліся. I дачка Кюмеляйна Мары завецца і сынавая – Мары. А муж Мары – значыцца сын дзядулі Янкі – завецца Іван. Іван тут жа каля коняў пахаджвае. Пытаем, а ці б’юць у вас мужчыны кабет? – «Эй-эй! – не-не!» – адказваюць з нейкім не то дзівам, не то страхам: як то мужчына асмеліўся б на кабету руку падняць?
        Пасля, як мы ўбачылі, фіны таксама і дзяцей ніколі не б’юць. Дзіця проста не разумее, што гэта знача, калі на яго замахнуцца або дзіцяці пагразіць. Толькі ж і дзеткі, праўду сказаць, іншыя зусім там, як у нас: дзіцяці нават у галоўку не прыходзіць, каб яно магло старшага не паслухаць або са старшым дражніцца.
        Пасля абгледзелі мы яшчэ лазню, па-фінску – «саўна». Стаіць за гародам, нішто хатка – з комінам, з вокнамі, усярэдзіне палок зроблены. Печ каменная, яе награваюць, пасля мокрымі венікамі пырскаюць на распаленыя каменні, пара бухае, і лазня гатова. Фін вельмі любіць лазню, парыцца ў ёй разоў тры на тыдзень, нават дзяцей малых-аднагодкаў з сабой забірае. Парачыся, фін не раз выскача на мароз, астыне, пасядзіць на снягу ды зноў у лазню і гэтак гартуюцца. Фін дроў не шкадуе, бо мае лесу даволі.
        Саўна яго ўжо ад паўдня паліцца, каб да вечара добра нагрэлася. «Саўна! Саўна!» – кожны раз дзядуль Янко нас заахвочываў у лазню. Мы са смехам пыталі: «Што, дзядуль, ізноў лазня?» – «Юю-ю!» – Так, так, – адказваў, смеючыся. – «Хюве! Саўна!»

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.