РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Цётка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Успаміны з паездкі ў Фінляндыю
У дарозе
На станцыі Ганілля
У Кюмеляйна
Будні дзень у фінаў
Што ядуць фіны
Нядзеля
Фінскі народ
НЯДЗЕЛЯ
        Дзядуль Янко сядзіць у адным кутку і чытае Біблію ўголас, а Мома – цётка дзядулі, аб каторай ужо і смерць забылася – столькі мае гадоў бабуля, – у другім куточку не чытае, а пяе ўголас з Бібліі. Голас выходзіць ні то з-пад зямлі, ні то ката ў мяшку, але ніхто не смее закпіць з бабулі, я не вытрывала і – каб не засмяяцца – ледзь уцякла з хаты.
        Кабеты ідуць на сход таварыства біблейскага. Моладзь робіць платныя вечарынкі, з каторых даход адкладаецца на новую школу ў Лотала. Хочуць зрабіць сад пры вучылішчы, каб дзеці заахвочываліся і ў сябе садзілі дрэўкі, бо дагэтуль у Фінляндыі няма садоў – клімат надта суровы. Аднак некаторыя фруктовыя дрэвы маглі б і тут радзіць. Дык усё сяло Лотала хоча і ў сябе ў будучыні завесці сады.
        Аднае нядзелі папрасілі мы каня, каб паехаць да кірхі. Іван закратаўся, сам прыбраўся ў сівое адзенне суконнае. Мне далі суконныя барлячы, рукавіцы. Паехалі. Дарога санная – як люстра...
        Да мястэчка Яські 14 вёрст. Лес і лес. Вёска Лотала даўжынёй вёрст з восем цягнецца. У Фінляндыі няма такіх вёсак, як у нас. Там каля скалаў асобна сялібы папрычэплены; пасярэдзіне часам ляжаць азёры; адны да адных ездзяць у госці на чаўнах.
        Прыехалі ў Яські. Вялікі жалезны мост перакінены праз раку Вуоксу. Рака быстрая, ніколі не замярзае. Берагам рэчкі конікі пастаўлены, панакрываны цёплымі гунькамі, ядуць аброк з торбаў. Да коней фінскіх не падходзь: надта злыя – гатовы ўкусіць; большая часць – каштанаватыя.
        Увайшлі ў кірху. Напалена цёпла. Сама кірха чысценькая – летась толькі аднавілі. Уся застаўлена лаўкамі. Народ – хлебаробы, ніводнага капелюха не відаць. Кабеты найбольш у белых хустачках, у чорных бурносах. Мужчыны ў шэрае сукно адзеты. Большая часць фінляндчыкаў светла-русыя, крэпкія, здаровыя, шчокі румяныя; маладыя хлапцы нізка стрыгуць галовы; старыя мужчыны носяць валасы даўгія пад скобку, як нашыя палешукі, наперадзе раздзелены.
        У кірсе ўсе пяюць псалмы. Фіны ўсе лютэраны. Адзін пастыр адпраўляе імшу пры алтары, адзеты ў даўгую чорную сукню, як ксяндзоўскую сутану, толькі з фалдамі на плячах. Сам барадаты, таўсты. Другі – з амбоны казанне гаварыў, гэты – голены – падобны да ксяндза. Народ – як сцяна, спакойна слухае, ані вокам не міргне, – і не спазнаць, што ў яго на душы робіцца, аб чым ён думае... Пяюць страшэнна нудна, аднастайна, як скала стогне, калі ў яе размерна біць молатам. Ажно галава закруцілася нам, не прывыкшым да такога пяяння.
        Як выйшлі па набажэнстве, дык кожны адразу ў санкі сеў і «но, кося, дахаты!». Крамы ў свята зачынены, піўных – няма, гарэлкі – анізвання.
        У нашага каня адляцела падкова, як толькі з вярсту ад’ехалі ад Яськаў. Іван зараз завярнуў каштанчыка, заехаў да аднаго каваля – няма ў хаце, заехаў да другога – няма, тады павярнуў управа, і паехалі мы да вёскі за вярсты дзве ад Яськаў – да сваякоў Кюмеляйна. Там нам зараз далі кавы, каню прыбілі падкову. Крыху пагрэліся. Першы раз напаткалі такога фіна: стары – гадоў 60,відно, бывалы і мову расейску добра знае, але не хацеў гаварыць па-расейску, – сказаў, што не любе. Мы яму растлумачылі, што мы не расейцы, паглядаў на нас жычліва, прасіў есці, піць, але гаварыць не гаварыў – роўна запрысягнуў гэтай мовы не ўжываць. Адвіталіся і ўжо ўва ўсёй спраўнасці паехалі.
        Трэба ведаць, што фін вельмі ацэньвае тую карысць, якую прыносе яму конь, і дзеля таго, як сябе самога, так даглядае каня.
        Пугі – ніколі не ўжывае. Конь падкаваны, вычышчаны, накормлены, накрыты, стайня цёплая.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.