РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Цётка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Успаміны з паездкі ў Фінляндыю
У дарозе
На станцыі Ганілля
У Кюмеляйна
Будні дзень у фінаў
Што ядуць фіны
Нядзеля
Фінскі народ
БУДНІ ДЗЕНЬ У ФІНАЎ
        У Кюмеляйна акром дачкі Мары і сынавой Мары ёсць яшчэ сястра незамужня – Катры і старая 96 гадоў цётка, бабулька сухая, зморшчаная, скручаная, не мяркуючы як лупіна з цыбулі. Глянеш ды падумаеш: от чалавека і смерць забыла, і жыццё не хоча.
        Дзеці, унукі паўміралі, асталася адна, прадала гаспадарку за 10 000 марак і ў братняга сына свой доўгі век дажывае. Жыве ў пачоце, нічога не робіць. Малая Галена штораз бярэ бабулю за спадніцу і вядзе да стала есці. Абедзве нічога не робяць, часам нат супольна забаўляюцца.
        Малодшыя кабеты ў хаце Кюмеляйна, як і ўсе фінкі, найбольш часу свайго трацяць на дагляд скаціны: трасуць трасянку, пояць, дояць каровак, а ў кожнага гаспадара іх штук шэсць, а то і больш. Масла ў фінаў вельмі добрае, тварог смачны, але сыраў няма звычаю рабіць – так і з’ядаюць тварагом, а то найбольш квасным млекам або выпіваюць салодкім.
        Шмат часу займае папратванне ў хаце: мыццё пасуддзя, чышчэнне гаршкоў; штосуботу мыюць падлогі ў хаце, каморы, сенцах: пасцелі на падворку ветруцца; мядзяныя імбрычкі вычысцяць, як люстэрка, хоць ты прыбірайся перад імі.
        Каля дзяцей таксама шмат работы, але ж і гадуюцца яны там па-панску. Каптурчыкі гафтаваныя, кашулькі з анталяжамі, у панчошках, чаравічках, сукеначкі кароценькія. Калысачка, або ложачка, чысценькае, каўдэрка белай посцілкай падшыта. Толькі падушкі шмат горшыя ад нашых: малыя, як кулачкі, напханы курыным або дзікіх качак пер’ем, і то, здаецца, нядраным.
        Фінскія кабеты блізка што зусім не прадуць, лён там не родзіць. Воўну калісь пралі на сукно і ткалі, але цяпер карысней аддаваць яе на фабрыку, дзе за невялікую плату пераробяць на сукно, каторае вельмі падобна да нашага самадзялковага сівога сукна, але крыху цянейшае.
        3 сукна толькі мужчыны робяць сабе адзенне, кабеты апратаюцца ў крамнае. Кожна гаспадыня – кабета мае ножную машыну да шыцця. Дзяцей і сябе абшывае сама. Панчохі і рукавіцы робяць у хаце і ўжо на іх прадуць воўну самі на калаўротах – лежаках. Прасніцы прыладжаны да калаўроткаў, на прасніцах некаторых шмат выразана ўзораў.
        Мужчыны зімой найбольш працуюць у лесе. Рыхтуюць дровы на цэлы год, матэрыял на будову, платы папраўляюць, бо кожнага гаспадара-фіна лес навокал абгароджаны, улетку ў ім скаціна пасецца без пастуха. Папраўляюць буцынкі, упражку, гаспадарскія прылады: вазы, драбіны, граблі, вілы і т. п. Сена прывозяць з сенажацяў далёкіх, бо сенажаткі фінскія знаходзяцца паводдаль ад сяліб, на іх пабудаваны адрыны. У Фінляндыі вельмі кароткія вясна і лета, – людзям тады нельга часу траціць на звозку сена дахаты.
        Улетку фіны з сяліб выязджаюць усе на поле – там днююць і начуюць. Хат толькі старэнькія ды дзеці пільнуюць. У Кюмеляйна ёсць таксама такая хата за вёрстаў чатыры ад Лотала, стаіць у ёй стол, два пустыя ложкі, шафа, печ. Кругом цягнуцца ніўкі. Малоцяць збожжа ручной малатарняй, спярша падсушыўшы яго ў сушнях.

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2018. Беларусь, Менск.