РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Нарач
Прадспеў
Частка першая
Частка другая
Частка трэцяя
Частка чацвёртая
Частка пятая
Частка шостая
Частка сёмая
Эпілог
ЧАСТКА ДРУГАЯ
ЧАСТКА ДРУГАЯ
        
1
        
Нямала зор
Апала ў Нарач
Шэрай восенню,
Шмат згасла іх
Начамі цёмнымі, глыбокімі,
Нат вецер іх
Усіх не можа вылавіць
Ні невадам густым,
Ні падвалокамі.
 
Нямала песняў
Адцвітае шэрай восенню,
Заносяць зімы іх
Завеямі марознымі,
Нямала песняў,
Што рассеялі па свеце мы,
Ўдаль ідучы
Шляхамі чорнымі, астрожнымі.
 
Але час прыйдзе, –
Яны узыдуць, яны збудзяцца,
Зазвоняць нашымі барознамі,
Разорамі,
I зашумяць яны
Прасторамі бязмежнымі,
I засінеюць яны хвалямі
Азёрнымі.
        
        
2
        
Думы шэрыя Тацяніны нявесела
На бярозах прыдарожных ноч развесіла.
«У людзей палосы роўныя, шырокія,
I ляны растуць густыя і высокія.
Ткуць дзяўчаты з іх палотны
                                                    і настольнікі,
Вышываючы у краскі, ў ясны зоранькі.
А ў мяне ж, батрачкі, зрэб’е
                                                  ды анучанькі
I ад працы ад мазольнай баляць
                                                           ручанькі.
Толькі, кажуць людзі,
                                      бровы маю чорныя,
Бровы чорныя і сэрца непакорнае,
Сэрца, што ніяк забыць не можа многага:
Ноч і провады ў дарогу незнаёмага.
Дзе ён з думамі сваімі неспакойнымі,
Дзе завеянымі ходзіць ён дарогамі?..»
А за вокнамі кудлатая мяцеліца
Белай пенай, белай хмарай звонка
                                                               сцелецца.
        
        
3
        
С ы м о н
 
Тацяна!
 
Т а ц я н а
 
Што?
 
С ы м о н
 
Іванаў бацька
Пытаўся ўчора, як жывецца.
Дні неспакойныя насталі –
Ўсё больш трывог на белым свеце.
Казаў, жаніць задумаў сына.
Казаў, без гаспадыні блага.
Каб добрую знайшоў дзяўчыну,
Узяў бы ў хату без пасагу.
 
Т а ц я н а
 
Дзяўчат нямала, свет вялікі...
 
С ы м о н
 
Яно-то праўда.
Толькі хата
У нас згніла і пастарэла,
Ды мы нядужы, небагаты.
Адно што ёсць, вясло ды сетка,
Рызман стары, вузкі палетак.
Нясоладка жыць вечна гэтак...
Пайшла...
I слухаць нат не хоча.
На вёсцы сёння вечарына.
I вецер затрубіў з паўночы
Над возерам бурлівым, сінім...
        
        
4
        
Заіграла скрыпка
Гулкім пералівам,
Як вясна іграе, як пяе жняя,
Як у чыстым ттолі, каласістай грывай
Да зямлі прыпаўшы, плача сіратліва
Паласа стаптаная мая.
 
За лявунняй-скрыпкай
Заіграў гармонік,
Загулі чмялямі тэнары, басы,
Ўдарылі ў падлогу, ў сцены з хвояў гонкіх,
У бары, ў гушчары, ў струны сосен
                                                              звонкіх
Снежнаю завеяй галасы.
 
А у гэту буру
Бліскавіц, вясёлак
Гром цымбалаў кінуў п’яны музыкант.
I ў адказ на гром той, яркі і вясёлы,
Віхрам закружыўся збуджаны пасёлак,
Вербы, зоры, серп маладзіка.
        
        
5
        
I в а н
 
Хадзі, Тацяна, пагуляем!
Што музыкантам загадаць?
Глядзі, як сёння закіпела,
На месцы цяжка устаяць.
 
Т а ц я н а
 
Ты п’яны, не смяшы людзей ты.
Лепш адчапіся і не лезь.
Пайшоў бы з вечарыны гэтай,
Ў запечку выспаўся б ты лепш.
 
«Ходзе вецер ашалелы.
I калыша трыснікі.
Досыць рыбакі цярпелі,
Галадалі рыбакі!То не хвалі зашумелі
Ад вясняных ад вятроў, –
Нарачанскія арцелі
Выплывалі на палоў.
 
То не ў лесе стогнуць сосны,
Не шуміць зялены бор, –
Гэта нашы рэжуць вёслы
Хваль успенены прастор.
 
Эх ты, доля, доля-гора,
Эх, рыбацкая зямля!»
 
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
 
Заліваецца гармонік,
Падсыпаючы вугля.
 
I в а н
 
Мяне не ведаеш, Тацяна,
Гарэлкай цяжка упаіць.
Па тым, што выпіў я, да рана
Гатоў нагамі малаціць.
 
Т а ц я н а
 
Ідзі, ўжо досыць, не хваліўся б,
Ото ж сустрэла на бяду!
 
I в а н
 
Чакай, Тацяна, заўтра рана
У сваты да цябе прыйду.
 
«Наляцелі скурадзёры
3 паліцэйскаю ардой.
Заазёры, заазёры
Пастаім мы галавой!
 
Пастаім мы за палеткі
Дружна, смела у баю.
Ёсць у нас густыя сеткі, –
Долю вылавім сваю!
 
Ёсць і сілы ў нас нямала
На паноў пайсці з калом...»
 
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
 
Расшумеліся цымбалы,
Быццам Нарач бурным днём.
 
Р ы б а к
 
Ды ты, Іван, ужо спазніўся.
Яшчэ як верасы цвілі,
Ў Сымона ноч усю да ўсходу
Сваты гулялі і пілі.
 
Т а ц я н а
 
Ты бачыў мо, ці піў мо разам,
Ці дамаўляліся з табой?
 
Р ы б а к
 
Не, толькі бачыў, як ішла ты
3 сваім каханым раніцой...
 
«Пойдзем грамадой наперад,
Возьмем за грудзі бяду
I густы закінем невад,
Падвалокі пад ваду!
 
Эх ты, доля, з лыка звіта,
Нарач – наша старана!»
 
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
 
Скрыпка кнігаўкай падбітай
Доўга плакала адна.
        
        
6
        
I в а н
 
Я адвяду цябе, Тацяна.
 
Т а ц я н а
 
Зайду сама, мне недалёка.
 
I в а н
 
Тады ідзі...
Каб ведаў, хто цябе засватаў,
Узяў бы я яго на вока.
 
Т а ц я н а
 
Злаві, спытай.
 
I в а н
 
А што ж, – злаўлю.
Яшчэ пачуеш.
I ён мо з тых, якія тут
Над Мястрам, Нараччу бунтуюць.
 
Т а ц я н а
 
Ты, можа, паліцэйскі шпік?
Бунтуюць людзі – есці хочуць.
Не аддадуць паны азёр, –
Устане наша Наднарочча.
        
        
7
        
Азёры, азёры, азёры
Ўдалі забялелі.
I думы кладуцца узорам
На снежнай кудзелі.
 
Далёка – узгоркамі поле,
Акопы, траншэі, драты,
Магілы вайны і нядолі
Заснулі пад снегам густым.
 
Мо вецер з-над Рэйну, Дунаю
Тут плача заўсёды з тугі
Ці бура ад краю да краю
Галосіць з далёкай тайгі?
 
Азёры, азёры, азёры,
Шум бору сасновы,
Вузкіх палазінаў узоры
I кій ялянцовы!
 
Старыя рыбацкія хаты,
Пад прызбамі – гурбамі снег.
А вокны з-пад броваў кудлатых
Глядзяць з-пад завеяных стрэх.
 
А ў хатах і змрочных, і цесных
Варожаць: як выйсці з бяды,
I з сумнай азёрнаю песняй
Снуюць невады.
 
Азёры, азёры, азёры
Ў імгле забялелі.
Калышацца снежнае мора
На крылах мяцелі.
 
Азёры, да вас я дарогай
Прыйшоў пралажыць новы след.
3-за кратаў жалезных, з астрогаў
Прынёс вам прывет.
 
Ад тых, што вас больш не пабачаць,
Ад тых, што прыйдуць грамадой
У сонечны час, у гарачы,
Шчаслівай вяснянай парой.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.