РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Нарач
Прадспеў
Частка першая
Частка другая
Частка трэцяя
Частка чацвёртая
Частка пятая
Частка шостая
Частка сёмая
Эпілог
ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ
ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ
        
1
        
Кашуля шырокая з порту,
Лапці з пяньковых абор,
Ў шапцы салдацкай падзёртай
Ходзіць па вёсцы Прахор.
Ходзіць ад хаты да хаты:
– Гэй, нарачанскі народ,
Госці прыехалі ў сваты,
Клічуць збірацца на сход!
А вецер з-за возера сіні
3 пахам смалістай сасны
Зблытаў Прахора чупрьшу,
Рве на грудзях рызманы,
Гне вербалозінаў веткі,
Шэпчучы казкі свае,
I на развешаных сетках
Песню пра Нарач пяе.
 
– Эх, рыбныя дні наступаюць,
Панства накорміць сірот! –
Ходзіць Прахор і склікае
Ўвесь нарачанскі народ.
 
Хаты прачнуліся, гумны,
I затрашчалі калкі, –
Вулкай вясковаю шумна
Гуртам пайшлі рыбакі.
        
        
2
        
У хаце Архіпа
Рана збіраўся натоўп.
Тужліва глядзелі ўдаль
Слепаватыя шыбы.
Горкі і ўедлівы
Дым ад махоркі ішоў.
Пахла балотам,
Вясной,
Невадамі і рыбай.
Каля стала – улада.
Загад: маўчаць!
Ды толькі шуміць
Да адказу набітая хата.
Плача ў калысцы
3 соскай пустой дзіця,
I плачуць ў кутку
Сіратліва
Пад ложкам ягняты.
 
А за акном далёка
Відаць рабы
3-пад снегу гасцінец,
Старыя бярозы і гоні,
Скібы разораў
I межаў бясконцых гарбы,
Як мазалі
На працоўных сялянскіх далонях.
 
 
3 лавы падняўся
Солтыс грамадскі,
Угору задзёр бараду –
Вехаць іржавай саломы.
Камнем лягла цішыня
На спінах рыбацкіх.
Кашаль сухі надрываў
Грудзі Сымону старому.
Солтыс пачаў гаварыць,
Што Рэч Паспалітая хоча
Ўсім рыбакам памагчы
Рыбу лавіць невадамі...
Плёў небыліцы, як п’яны,
Заплюшчыўшы вочы, –
Нат і старыя ў кутку
Ўсе замахалі рукамі.
Пасля з-за стала падняўся
Войт у акулярах:
– Трэба урад шанаваць!.. –
Карамі страшыў
                               законам.
 
З   н а т о ў п у 
 
Але як жыць нам, скажы,
Калі вы адбіраеце Нарач?
1 палыном з лебядой
Нас не пракормяць загоны.
Тут секвестратар пачаў:
– Усе мы павінны
Подаці спраўна плаціць,
Ціха жыць, не бунтавацца
I працаваць на карысць
Нашай айчыны.
3 гора каб выйсці, з бяды,
Трэба не шкадаваць сваёй працы...
Сёння будуем для вас
Дарогі-гасцінцы;
Польшча культуру нясе
У беларускія сёлы.Можаце самі,
Ідзеці вашы вучыцца
Могуць дарма у святліцах
I ўшколах...
Словамі сыпаў,
Як рыбай з падзёртага саку.
Нават успомніў
I пра рыбацкае гора,
I над рыбацкаю доляй
Ён ледзь не заплакаў.
I мімаходам пачаў
Гаварыць пра азёры.
 
А цішыня,
Як хмара, апала на плечы.
Толькі часамі
Шэпат хусткі і шапкі ўскалыша,
Змые натоўп,
Згасне ў кутку
Каля печы.
Чутнатады:
Шэры дождж
Шыбы аконныя ліжа.
 
С ы м о н
 
Я, паны, ўжо не рыбак,
I сілы не маю,
Сілы сваёй маладой.
Дні ўжо мае мінавалі.
Рукі не так ужо моцна
Вёслы трымаюць,
I на руках мазалёў
Больш, як у пана медаляў.
Шмат каштавала ўсім нам
Міколы айчына.
I панская, ваша, відаць,
Яшчэ з горшага лыка саткана.
Сёння на брацкіх магілах
Вербы, хваіны
Павырасталі, –
Толькі ў грудзях не загаіліся раны.
А паглядзіш на зямлю,
Як вокам ахопіш, –
Ямы, канавы –
Рубцы не зажылі і чарнеюць,
Плугам не раз
Выараш дрот, косці з акопаў,
Пліты разбітых магіл –
Рэшткі даўнейшых траншэяў...
I успаміны прыйшлі
3 асенніх дарог і вясновых,
Дзе непагодай ліхой
Вербы сумуюць маркотна.
Усталі мінулыя дні
3-пад магіл-валатовак,
Дзе паласкаў дождж
Зрэбныя ніваўпалотны...
 
– Кажаш, пан, нам пра гасцінцы...
Чорнага поту
Шмат пралілося і там
3 рук нашых,
3 нашага карку.
I там, пан, пабачыш нашу работу.
Вёска пацвердзіць,
Як нас катавалі шарваркі.
Так і асвета, паны...
Не павіднела
У нашых саломенных хатах.
 
 
Дзень непагодны, ветраны, шэры,
Невадам з стрэхаў рыбацкіх
Спусціўшыся, мокне,
I шалясцяць на стале
Загады-паперы;
Мутна глядзяць
Запацелыя вокны.
Вось тут умова ляжыць, –
Зноў пачаў войт ў акулярах.
Быццам ударыў віхор
У алавяную цішу:
– Не!
– Пастаім да канца за Нарач!
– За Нарач!
– Не, з рыбакоў ні адзін
Гэтых умоў не падпіша!..
 
Солтыс яшчэ гаварыў –
Крычаў неяк хрыпла.
Хата шумела, як бор,
Грозна, магутна і гулка.
Натоўп, як рака напрадвесні,
Нястрыманы выплыў,
Хваляй расплыўся, пайшоў
Бурна вясковаю вулкай.
        
        
3
        
Над шляхамі, пераваламі,
Над разорамі і хатамі,
Над глухімі пералескамі,
Над лясамі над кудлатымі
Гаслі зоры, загараліся,
Майскім цветам асыпаліся...
Толькі маладосць адзіная
Расцвіла ў садах рабінаю.
Расцвіла, а можа, восенню
Яе скосяць ветры чорныя,
Што гуляюць над азёрамі,
Над старонкай непакорнаю.
Ці мо скутая і босая
Пройдзе сцежкамі, палосамі,
Незнаёмымі разлогамі,
Невядомымі дарогамі
I пачне блудзіць зноў песнямі
Па-над нівамі прасторнымі,
На ўсхвалёваных гармоніках
Тэнарамі непакорнымі...
 
 
Быў пагодны, быў сонечны час.
На шырокім на Мядзельскім рынку
Надрывалася хрыпла катрынка –
Пачынаўся вясенні кірмаш.
Быццам войска, пасталі вазы,
Бы на нейкім парадзе, на вечы.
I з натоўпу, як з цёмнай лазы,
Лес аглобляў узняўшы на плечы.
Сотняй звітых вясёлак паркаль
Усміхаўся з палатак на сонцы,
I каралі цвілі на руках
Прадаўцоў,
                           у прыборах бясконцых,
Вецер пальцамі перабіраў
3 гарманістам вясёлым частушкі,
Шматкаляровыя яркія стужкі
У дзявочыя косы ўплятаў.
На шнурах – чаравікі, кнаты;
А вышэй, на падмостках і ганках, –
Скуры жоўтыя і хамуты
I, яксонца,
                      вянкі абаранкаў,
Плешча мора людскіх галасоў.
– Гэй, тавар загранічны, парыжскі! –
I кудакчуць між крам і вазоў
Маладзіцы, купляючы міскі.
 
Ззяюць хусткі вясёлкай, зарой.
Шоўк дзяўчына ускіне на грудзі.
– Гэй, купі чарнабровай сваёй,
Пакахае і век не забудзе!
        
        
4
        
Грышка доўга па рынку хадзіў
Прыглядаўся да розных убораў;
Хустку, не таргаваўся, купіў –
Сіні шоўк з пералівам азёраў.
Добра – блізка дзяўчат не было,
Бо, пакуль бы з мястэчка прыехаў,
Раззваніла б у лапці сяло,
Было б гутаркі лішняй і смеху.
 
I в а н
 
Што прыехаў: наведаць кірмаш
Ці мо стужкамі палюбавацца?
 
П р а х о р
 
Кінь, Іван, чалавек гэта наш,
I не варта табе з ім спрачацца.
А табе, Грышка, гэтак хадзіць
Па мястэчку ніколі не раю...
Тут пранюхае, можа сачыць
Дэфензіўская лютая зграя.
Ды нам час. Каля крайніх вазоў
Нас чакаюць, сабраўшыся, людзі.
Шмат баторынскіх ёсць рыбакоў,
Нехта з Гатавіч, з Пасынак будзе.
 
Г р ы ш к а
 
Крыху сілы збіраць пачалі.
Справу з месца крануць было горай.
Калі б ўсіх рыбакоў паднялі –
Ўскалыхнуліся б нашы азёры.
Рынак, як навальніца, шуміць,
То ён шматкаляровы, то зрэбны.
Сонца горача паліць, гарыць
На люстэрках, на хустках, на грэбнях,
Маладзіцы свой лён прадаюць:
Дываны, ручнікі, палатніны.
I калі яны зноў напрадуць
Ўсё, што вынесла гора на рынак?
Як сцяжынкі,
                           цвітуць паяскі,
I расшытыя яркія стужкі
Ў каляровыя зоры і птушкі,
Ў каласы, верасы, васількі.
 
Ззяюць крамаў багатых рады.
Гоман-шум гандляроў, ржанне коней.
Вецер з возера, з Мястры, густы
Ў залатыя шарахаўкі звоніць.
– Гэй, купіце прыборы хутчэй!.. –
Не, купец не маніў, не марудзіў.
Ведаў – хлопца любіць весялей
Чарнабровая з хустачкай будзе.
        
        
5
        
Ні галасоў, ні гоману
Ў нахлынуўшым тумане.
Ля возера Баторына
Сядзіць адна Тацяна.
Даўно паснулі вуліцы,
I толькі адгалосы
Яшчэ дзе-недзе чуюцца
Асвераў і калёсаў.
Зара ў трысці хаваецца,
Мігціць Шлях Млечны зораў.
Дзяўчына прыслухаецца,
Што возера гаворыць,
А хвалі пераліўныя
Пяшчотна з трыснікамі
Шапочуць казкі дзіўныя
I гойдаюць чаўнамі.
А месяц пераломаны
То вынырне з туману,
То выплыве з Баторына
Каля чаўна Тацяны.
 
Г р ы ш к а
 
Прыйшлі, ці доўга нас чакала?
Сход зацягнуўся дапазна.
Што ж, кагарка, не сумавала
Над Мястрам-возерам адна?
 
Т а ц я н а
 
Дамоў ісці была гатова,
На кірмашы пакінуць вас... –
А вочы зорацца з-пад броваў,
Як золак у вясновы час.
 
П р а х о р
 
Ну, хлопцы, ўдаль па хвалях сініх,
Каб дома быць нам да зары.
А ты, арол, глядзі – дзяўчыны
У рыбакоў не забяры!
 
I пырснуў смех з блакітнай хваляй,
Аж зашумелі трыснікі.
На першых лодках рыбакі
Пра Нарач песню заспявалі.
I паплыло па хвалях рэха
Туды, дзе цёмны бор стаяў,
Дзе летнім сном драмалі стрэхі...
Эх, песня родная мая!
        
        
6
        
Трэба вёсламі ударыць, –
Зноў Прахор гаворыць.
Лодкі выплылі на Нарач,
Бы на сіне мора.
Лес над берагам прачнуўся,
Песню паўтарае...
«Паляцелі белы гусі
Ды з чужога краю...»
 
Г р ы ш к а
 
Слухай, сэрцамаё, шчыра
Я цябе кахаю,
А ты вечна, быццам вырай,
Ад мяне ўцякаеш.
Ціха кагарка паўноччу
Песню абарвала,
За шаўковай хусткай вочы
Зорныя схавала.
– Я даўно цябе кахаю, –
У адказ дзяўчына,
Ці мо прашаптала хваля,
Грышка вёслы кінуў.
– Што ж там песню абарвалі? –
Зноў Прахор гаворыць.
Паняслася песня хваляй,
Хваляй па азёрах.
Уздымецца высока
Недзе над барамі,
Рэе-кружыць, нібы сокал
Па-над трыснікамі,
На прасторах Беларусі
Долі след шукае...
«Вы пастойце, белы гусі,
Я вас запытаю...»

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.