РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сотнікаў
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
6
        
6

        
        Сотнікаў не меў ніякага намеру пачынаць перастрэлку – ён проста ўпаў на схіле, у галаве закружылася, усё навокал паплыло, і такая знямога скавала цела, што ён, бы нежывы, распластаўся ніц, убіўшы ў снег галаву.
        Перад тым як упасці, ён убачыў, што Рыбак шпарка шыбаваў наперадзе, але рукі ў таго былі заняты ношай, ды ён, мабыць, і не заўважыў, што стала з напарнікам, які і не азваўся, не крыкнуў, бо ведаў: дарма, яго ратаваць позна. І Сотнікаў ляжаў некалькі доўгіх секунд, пакуль не пачуў ззаду галасы і не зразумеў, што яго хутка схопяць. Тады ён выдзер са снегу вінтоўку і, каб на якую хвіліну адсунуць ад сябе тое самае страшнае, што павінна было адбыцца, не ўстаючы, стрэліў у змрок. Хай ведаюць, што так проста ён ім не здасца. Мусіць, гэта падзейнічала: яны там, у полі, нібы прыпыніліся, і ён падумаў, што трэба паспрабаваць яшчэ. Хоць ён і ведаў, што шансы яго надта мізэрныя, але ўсё ж неяк саўладаў з сваёй слабасцю, намогся і, абапёршыся на вінтоўку, устаў. У той момант яны паказаліся нечакана блізка – тры чорныя цені на шэрым горбе пагорка, прыпыніўшы бег, насцярожана пазіралі ўніз. Мабыць, згледзеўшы яго, крайні справа штось крыкнуў, і Сотнікаў, амаль не цэлячыся, стрэліў другі раз. Было бачна, як яны там хіснуліся долу ад яго кулі, папрыселі, мусіць, чакаючы новых стрэлаў, а ён, заграбаючы нагамі снег, слаба і няўклюдна пабег, кожную секунду рызыкуючы зноў грымнуць на снегавы дол. Рыбак ужо быў далекавата наперадзе, спорна шыбаваў да ляска, і Сотнікаў падумаў: можа, уцячэ. Ён і сам стараўся з астатніх сіл як надалей адбегчыся ад таго пагорка, ды ззаду ледзь не залпам ураз бабахнулі тры стрэлы.
        Некалькі крокаў ён яшчэ прабег, але ўжо ведаў, што ўпадзе, – у правым сцягне жахліва запякло, ліпкая гарачыня палілася па калене ў брак. Яшчэ праз два крокі ён перастаў адчуваць нагу, якая незразумела змярцвела, падвярнулася, і ён спотырч рухнуў грудзьмі на снег. Вялікага болю ён не адчуваў, было толькі млосна і надта горача вышэй калена, у калашыне хутка макрэла. Некалькі часу ён нязрушна ляжаў так, да болю закусіўшы губу. У яго свядомасці ўжо не было спалоху, ён перажыў яго трохі раней, не было нават жалю – было толькі надта выразнае, цвярозае і быццам не яго, а чужое ўсведамленне таго, што гэта – канец.
        Ззаду зноў пачуліся галасы – мабыць, гэта ішлі ягоныя забойцы, каб узяць яго, жывога ці мёртвага. Трываючы моцны боль у назе і ледзь перамагаючы слабасць, ён прыўзняўся на руках і сеў. Полы яго шыняля, буркі, рукавы і калені былі густа абсыпаны марозным снегам, на штаніне вышэй калена расплывалася мокрая пляма. Зрэшты, ён не зважаў на тое, выкінуў з патронніка смярдзючую стрэляную гільзу і дастаў новы патрон. Ён зноў выразна ўбачыў тых трох на схіле – адзін наперадзе, а два ззаду – не дужа ўпэўнена яны спускаліся ў месячным мроіве з пагорка ўніз. Тады ён нетаропка выцяг на снезе параненую нагу, улёгся і старанней, чымся раней, прыцэліўся. Як гул стрэлу адляцеў удалячынь, ён згледзеў, што яны там, на схіле, таропка пападалі, і адразу ж у начной цішы забахалі іхнія стрэлы. Ён зразумеў, што спыніў іх, прымусіў забаяцца сябе, і гэта ціхім задавальненнем кранула яго пачуцці. Расслабіўшыся ад балючага напружання, ён апусціўся лбом на прыклад. Ад стомы ўжо не хапала сілы сачыць за імі ці хавацца ад іх стрэлаў – ён толькі ціха ляжаў, ашчаджаючы рэшткі свае здольнасці стрэліць яшчэ. Тыя ж пачалі па ім біць з вінтовак. Разы два ён пачуў кулі – адна нізка зыўкнула над галавой, другая дзёўбнула недзе ля локця, абдаўшы ягоны твар снегам. Ён не паварушыўся – хай б’юць. Калі заб’юць, дык што ж! Але, пакуль жывы, ён іх да сябе не падпусціць.
        Смерці ў баі ён не баяўся – перабаяўся ўжо за дзесятак самых безнадзейных выпадкаў – і не калаціўся за сваё жыццё, якое даўно не было яму асалодай, а з нейкага часу перастала быць і абавязкам. Важна было жыць, калі ён быў камандзірам у арміі, калі ў яго была сіла, якая давала яму магчымасць выконваць свой абавязак, калі ад яго турбот і ўмельства залежалі жыцці людзей. А цяпер ён быў сам, адзін і дбаў толькі аб сабе. Праўда, у іхнім партызанскім жыцці гэта таксама было важна і нялёгка – так дбаць аб сабе, каб не зрабіцца лішнім клопатам для астатніх. Такім, напрыклад, як той узводны Жмачэнка, каторы ў студзені так намучыў усіх у Крыжоўскім лесе. Паранены асколкам у жывот, ён ледзь ліпеў, і яны дзве ночы выносілі яго з-пад носа немцаў і толькі выбраліся ў бяспечнае месца, як ён сканаў.
        Сотнікаў болей за ўсё апасаўся такога вось лёсу, але, здаецца, такі яго абміне. Уратавацца, вядома, не ўдасца, затое ён быў пры памяці і меў зброю – гэта галоўнае. Нага ўся дранцвела, ад ступні да сцягна, ён ужо не адчуваў і цеплыні крыві, якой, мусіць, сплыло нямала. Тыя, з пагорка, пасля некалькіх стрэлаў памарудзілі крыху, і нехта з іх там падняўся. Астатнія ляжалі, а ён, гэты адзін, хутка і рухава перабег па схіле ўніз. Ягоны цень цёмным камяком пракаціўся некалькі крокаў і апаў на снезе. Сотнікаў пацягнуўся рукамі з вінтоўкай, каб уперці прыклад у плячо, і адчуў, як здорава стала балець нага. Балела чамусь калена і сухажылле пад ім, хоць ён адчуваў, што куля трапіла вышэй, у сцягно. Ён сцяў зубы і павярнуўся трохі на левы бок, каб з правага зняць нагрузку. У той час на пагорку мільгануў яшчэ адзін цень – здаецца, яны там па ўсіх правілах вайсковае тактыкі перабежкамі набліжаліся да яго. Тады ён дачакаўся, калі паднімецца трэці, і стрэліў. Стрэліў наўздагад, прыблізна – мушка і проразь дрэнна былі відаць у паўзмроку. У адказ зноў забахалі іхнія стрэлы – на гэты раз многа, можа, стрэлаў з дзесяць, не менш. Счакаўшы, калі яны сціхлі, ён дастаў з кішэні новую абойму і перазарадзіў вінтоўку. Усё ж патроны трэба было ашчаджаць, іх заставалася ўсяго пятнаццаць.
        Мусіць, ён ужо даўгавата праляжаў так, цела пачало здорава мерзнуць, нага балела ўсё болей; ад сцюжы і ад страты крыві яго зноў пачала біць дрыготка. А тыя, пастраляўшы, сціхлі, нібы прапалі ўначы – нідзе не відно стала ніводнай постаці. Але ён адчуваў, што наўрад ці яны пакінуць яго тут – пастараюцца ўзяць жывога ці хоць бы мёртвага. І ён падумаў, што, можа, яны да яго паўзуць. А можа, ён ужо кепска бачыць – ад слабасці ў вачах пачалі лётаць нейкія матылі, стала млосна. І ён спалохаўся, што можа страціць прытомнасць і тады здарыцца самае горшае, чаго ён найбольш баяўся на гэтай вайне. Значыць, апошняе, на што ён павінен намагчыся, хоць цераз сілу, хоць самаю апошняй рэшткай свае здольнасці – не здацца жывым.
        Ён памалу прыўзняў галаву – недзе наперадзе ў марозных прыцемках мільганула штось надта цёмнае – здалося, чалавек. Але неўзабаве ён зразумеў, што гэта на ветры матляўся перад ствалом быльнёг. Тады ён праз боль паварушыў параненай нагой, якую сціскала скразная балючая сутарга, трохі сагнуў яе ў калене. Пальцаў на ступні ён не адчуваў. Зрэшты, чорт з імі, з пальцамі, цяпер яны былі яму непатрэбныя. Другая яго нага была здаровая.
        Часу, мусіць, мінула нямала, а можа, і не многа – ён страціў усякае адчуванне яго. Трывожыла самая галоўная думка: не даць сябе захапіць знянацку. Мяркуючы, што яны паўзуць, і каб трохі затрымаць іх, ён прыклаўся да вінтоўкі і зноў стрэліў тры разы ў ранейшым кірунку. Ён чакаў стрэлаў у адказ, але стрэлы нешта марудзілі, і ён падумаў, што, можа, паліцаі запаўзлі дзе ў лагчынку і пакуль не бачаць яго. Тады ён таксама рашыў пакарыстацца здатным для сябе момантам і пакутна пераваліўся на бок.
        Намёрзлы яго бурак наогул кепска знімаўся з нагі, цяпер яго трэба было садраць лежачы і толькі аднымі рукамі. Правай нагой ён баяўся паварушыць нават – правая была не памочніца. І ён скурчыўся, напружыўся, да болю сцяў зубы і з усяе сілы пацягнуў бурак. Першая спроба нічога не дала, толькі адабрала большую частку яго небагатай сілы. Праз хвіліну ён засопся, абліўся сцюдзёным потам і спыніў свае намаганні. Але, перадыхнуўшы крыху і агледзеўшыся, з яшчэ большай рашучасцю ўчапіўся ў бурак.
        Ён садраў яго пасля пятай ці шостай спробы і некалькі хвілін не мог пакратацца на снезе. Ён ляжаў на баку з буркам у руках, пакуль думка аб блізкай небяспецы не абудзіла яго. Баючыся спазніцца, ён кінуў на снег бурак і падняў галаву. Здаецца, наперадзе не было нікога. Цяпер хай бягуць – ён гатовы быў прыкончыць сябе, варта толькі ўперці ў падбародак рулю вінтоўкі і пальцамі нагі націснуць спуск. І ён парадаваўся ціхай злой радасцю, што ўсё ж выходзіла не па іх – па яго. Але ў яго былі яшчэ дзве абоймы патронаў – імі ён дасць свой апошні бой. Ён прыўстаў вышэй – недзе ж яны павінны быць, не праз зямлю ж яны праваліліся.
        Чамусьці іх не было паблізу. Ці, можа, ён кепска ўжо бачыў уначы? Зрэшты, ноч пацямнела, здаецца, маладзічок угары недзе знік, адны зоркі праз марозную смугу мільгалі на небасхіле. Значыць, жыццё ўсё ж скончыцца ноччу, падумаў ён, у змрочным прамёрзлым полі, на адзіноце. Пасля яго, мабыць, завязуць у паліцыю, распрануць, вядома, і там закапаюць дзе-небудзь на конскім могільніку. Брацкая магіла, якая некалі палохала яго, цяпер была недасяжнаю марай, амаль раскошай. Закапаюць, і ніхто не ўведае ніколі, хто ляжыць у той зямлі. Зрэшты, усё гэта дробязі. У апошнюю хвіліну шкадаваць яму не было чаго, хіба што не хацелася разлучацца з сваёй вінтоўкай, якая слаўна і безадмоўна паслужыла яму паўзімы. Ні разу не заела, ніводзін яе механізм не збракаваў пры стральбе, бой яе быў надзіва спраўны і трапны. Іншыя мелі скарастрэльныя нямецкія аўтаматы, некаторыя насілі СВТ – ён жа не расставаўся з вінтоўкай, якая дасталася яму выпадкам, але ўжо ў тым выпадку выратавала яго жыццё. Здарылася гэта ў восеньскім баі на раз’ездзе, які яны атакавалі ўсёй групай. Рэшта немцаў разбеглася, пакінуўшы машыны, але некалькі чалавек не паспелі ўцячы і схаваліся за штабелем шпал, адкуль адкрылі агонь з карабінаў. Ён упаў тады непадалёку ад насыпу, якраз на самым відавоку, і немцы пачалі біць па ім ледзь не ва ўпор. Адна куля прашыла яму шынелак на плячы, другая ўдарыла пад бок. Ён асыпаў штабель аўтаматнымі чэргамі з «шмайсера», але чэргі тыя мала што маглі зрабіць немцам, укрытым радамі прасмаленых шпал. Праўда, ён у час зразумеў гэта і азірнуўся: непадалёк у канаве ляжаў з паніклаю галавой партызан, ля яго тырчаў з быльнягу ствол вінтоўкі. Сотнікаў задам адпоўз да канавы і пераўзброіўся. Варта было яму, добра прыцэліўшыся, выпусціць туды пяць куль, як нямецкі агонь спыніўся і партызаны пабеглі да будкі. На тым раз’ездзе яны спалілі шэсць цыстэрнаў з гаручым і ўзарвалі стрэлкі. Пасля ён убачыў за штабелем двух забітых эсэсаўцаў і наскрозь прабітыя яго кулямі шпалы, што і вырашыла ягоны выбар: «шмайсер» ён аддаў Мікулічу, а сам узяў вінтоўку. Праз усю партызанскую зіму яна была яго вернай заступніцай і абаронцай. А цяпер, мабыць, дастанецца якому-небудзь п’яніцу-паліцаю, які будзе страляць у вёсках сабак ды збіваць каптуркі з каміноў. Вінтоўка была адзінае яго шкадаванне, іншыя ўсе перабалелі за страшныя месяцы вайны. Але што ж... Там, дзе смерць вызваляла ад пакут, яна не была страшная – была сумнай неабходнасцю, і толькі.
        Пачала мерзнуць яго босая нага, і ён падумаў, што не хапала яшчэ адмарозіць яе – як тады націснеш на спуск? Праз боль і знямогу ён паварушыўся на снезе і раптам згледзеў на пагорку рух. Толькі рух не адтуль, а туды. Два цені, надта няпэўныя, размытыя зімовым змрокам, марудна сунуліся па схіле ўгару. Яны ўжо былі пад самым верхам, і ён спярша не зразумеў нават, што там адбылося. Але, пэўна, яны аддаляліся: можа, да саней або па дапамогу, ці што? Гэта было пэўна, ён не мог памыліцца, ён бачыў: яны пайшлі назад, да дарогі. Але што ж тады атрымліваецца? З таемнаю радасцю ў душы ён пабаяўся яшчэ паверыць, што яны пакінулі яго. Зноў жа – ён ведаў, што доўга не працягне паранены на такім марозе ў полі. Значыць, яшчэ выходзіла горш, чым раней, калі абкладвалі яго асадай. Цяпер ён аставаўся прападаць марудна ад страты крыві і ад марозу. Нібы злуючыся на іх за такі паварот справы, а болей ад сваёй безнадзейнасці, ён як-колечы прыцэліўся і стрэліў.
        І тут ён здагадаўся, што баяўся дарма: непадалёк з-пад пагорка прагучаў стрэл у адказ. Значыць, вартаўнік усё ж астаўся. Тыя, мабыць, адправіліся па падмогу, а аднаго пакінулі сачыць за ім і трымаць пад абстрэлам. Мусіць, яны сцямілі, што ён паранены і далёка ад іх не ўцячэ. Што ж, усё правільна.
        Гэта засмуціла і яшчэ больш. Найгорш, што ён зусім не бачыў таго пад пагоркам, мусіць, добра замаскіраваўся, гад, а па стрэлах уначы не ўгадаеш, дзе ён засеў. Па-ранейшаму было млосна і трошкі блажыла, нібы ён з’еў што нядобрае. Хацелася піць. Дрыготка ж калаціла ўжо нясціхна, і ён падумаў, што, мабыць, доўга так не прачакае.
        Але ён чакаў, невядома на што спадзеючыся, хоць так проста было скончыць з усім. Можа, ён хацеў жыць? Відаць, што хацеў, асабліва цяпер, калі тыя знялі аблогу – сапраўды, яму захацелася выжыць. Толькі як? Балючай нагой ён стараўся не кратаць, нават найменш варушыцца наогул. Але здаровая ступня ўжо, мабыць, адмерзла – значыць, ён зусім аставаўся без ног. А без ног – які ж паратунак?
        Пакінуўшы ў снезе вінтоўку, ён павярнуўся на бок, пашукаў побач бурак. Той ляжаў блізка, халявай у снезе. Ён дацягнуўся да яго, высыпаў снег і пачаў намацваць здранцвелай нагою, каб надзець. Надзець, аднак, не ўдалося, гэта аказалася трудней, чым здзерці. Ступня толькі ўлезла ў халявіну, як у яго зноў закружылася ў галаве, поле паплыло кудысь вялізнаю сцюдзёнай крыгай. Стала нясцерпна, і ён сцяўся, стараючыся ператрываць пакуты. У той час здаля бахнуў і пакаціўся гулкім марозным рэхам вінтовачны стрэл – усё адтуль, з-пад пагорка. Бахнуў і другі раз, і трэці. Куль, аднак, ён не пачуў, ды ён і не слухаў. Бокам скурчыўшыся ў сваім снежным лаўжы, ён з усяе сілы стараўся ўздзець бурак. І ён уздзеў яго, хоць і не да канца, неяк ператрываў прыступ асабліва нясцерпнага болю, і яму стала лягчэй. Ён нават павярнуў твар, бо дужа пякло марозам шчаку і лоб. І тады пачуў голас:
        – Сотнікаў, Сотнікаў...
        Гэта нібы ўдарыла яго нямым здзіўленнем, але ён тут жа падумаў, што, мабыць, яму здалося. Тым не менш ён азірнуўся – ззаду ў змроку варушылася нешта жывое, рухава паўзло і паўтарала ціха, але настойліва:
        – Сотнікаў! Сотнікаў!
        Вядома, гэта Рыбак. Сотнікаў пазнаў яго басавіты голас і тады зусім ужо апаў у сваім пакутным напружанні. Хоць у той час ён яшчэ не ведаў, добра гэта ці не, што Рыбак вярнуўся, але ўжо разумеў, што як ні дзіўна, але і гэты раз ягоны канец адсоўваецца на няпэўнае, невядома якое будучае...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.