РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сотнікаў
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
10
        
10

        
        Аднекуль прыцягнулі драбіну, на гарышча ўзлезлі ўсе трое, перапаролі куткі, ператрэслі пакулле, забралі вінтоўкі. Пакуль двое завіхаліся тут, палонныя пад аўтаматам трэцяга стаялі ўбаку, ля коміна.
        Сотнікаў, падкурчыўшы босую параненую нагу, трымаўся за комін і кашляў. Цяпер ужо можна было не стрымлівацца і накашляцца ўволю. Як ні дзіва, але ён не надта і спалохаўся паліцаяў, не дужа баяўся расправы – яго ашаломіла ўсведамленне ўласнай віны, што гэтак падвёў Рыбака, ды і Дзёмчыху, якой цяпер таксама не паздаровіцца. Ён вельмі шкадаваў, што не застрэліўся, пакуль меў вінтоўку, не загінуў у той перастрэлцы з паліцаямі – навошта было цягнуцца сюды, каб так недарэчна трапіць у іхнія рукі? Ён гатовы быў праваліцца скрозь зямлю, каб толькі не сустракацца з Дзёмчыхай, якая мела ўсе падставы выдраць абодвум ім вочы за ўсё тое, на што яны асуджалі яе. І ён у роспачы думаў, што дарма яны ўсё ж адгукнуліся, хай бы ўжо стралялі – пагінулі б, але толькі ўдвух.
        З вокрыкамі і лаянкай іх штурхнулі на драбіну ўніз, у сенцы, дзе ля расчыненых у хату дзвярэй хліпала Дзёмчыха і недзе за перагародкай спалохана румзаў малы. Рыбак злез па драбіне хутка, а Сотнікаў замарудзіў, паўзучы задам, на адных руках, і той старшы паліцыянт – плячысты мужык у чорным чыгуначным шынялі, са звераватым бандыцкім абліччам – так хапіў яго за плячо, што ён разам з драбінай паляцеў цераз жорны. Праўда, ён не надта ўдарыўся, толькі павярэдзіў нагу – уваччу пацямнела, захлынулася дыханне, і ён не адразу, пакутна пачаў уставаць з долу.
        – Што вы робіце, злодзеі! Ён жа раніты, ці вы не бачыце! Людаеды вы! – закрычала Дзёмчыха.
        Старшы паліцай важна павярнуўся да таго, у кубанцы.
        – Стась!
        Той, відаць, ужо ведаў, што ад яго патрабавалася, – дзерануў з вінтоўкі шомпал і з віскам выцяў ім па жанчыне.
        – Ой!
        – Сволач ты! – трацячы разважлівасць, сіпата выкрыкнуў Сотнікаў. – За што? Жанчыну за што?
        У ім усё нервова затрэслася ад гневу, які, аднак, вярнуў рэшту ягонае сілы, і Сотнікаў неяк узгробся пад сцяной на адну нагу і павярнуўся да таго Стася. Ён, можа, толькі цяпер адчуў, якая яна, гэтая Дзёмчыха, і міжвольна памкнуўся абараніць яе. Падхоплены хваляй гневу, ён зусім забыўся на сябе і ніколькі не баяўся паліцая, хоць і падумаў, што той Стась, мусіць, дасць і яму. Але спрытны, ухопісты Стась толькі ўхмыльнуўся на яго крык і дакладным напрактыкаваным рухам саўгануў шомпал назад у вінтоўку.
        – Будзе ведаць, за што!
        Сотнікаў пакрысе саўладаў з сабой, пачаў аддыхвацца і спакойнець.
        Усё было вядома, проста і надта звычайна – яны самі аддалі сябе ва ўладу вылюдкаў – чаго было іншага ад іх чакаць. Калі не застрэляць адразу, трэба рыхтавацца да допытаў, катавання, пакутнай, зняважлівай смерці. На які паратунак ён ні разлічваў, усе яго шансы-надзеі ўжо беззваротна скончыліся.
        У сенцах іх абшукалі – выграблі ўсю драбязу з кішэняў, патроны, раменнымі супонямі туга звязалі рукі – Рыбаку ззаду, а Сотнікаву спераду – і пасадзілі на шурпаты гліняны дол. Потым той, старшы, са звераватым абліччам паліцай пайшоў у хату да Дзёмчыхі, а другі, якога называлі Стасем, астаўся на ганку іх пільнаваць.
        Марознае паветра апякала хворыя грудзі Сотнікава, у галаве яго блажліва кружылася, пашчыпвала ад сцюжы падмёрзлыя вушы – пілотку ён недзе згубіў, мабыць, на гарышчы. Мерзла і таму яшчэ болей балела яго параненая нага. Калена распухла, ён проста не мог варухнуць ім, а босая ступня ссінела і азызла. Мусіць, трэба было б папрасіць бурак, але ён уявіў, як балюча будзе надзець яго, і перадумаў: чорт з ім! Цяпер ужо ўсё адно, хай мерзне нага, мабыць, хутка яна яму будзе ўжо без патрэбы. Седзячы ў доле і ўсё кашляючы, ён пазіраў на свайго канваіра – маладога хлопца ў чорнай фарсістай кубанцы, яго прыгожы з пародзістым носам твар, на якім часам з’яўлялася нечакана прываблівая ўсмешка. Адчувалася ў ім нешта людскае і нібы знаёмае, вайсковае, ці што; можа, таму, што той быў у вайсковым бушлаце і ботах – спраўных хромавых ботах, у якія былі запраўлены, аднак, чорныя цывільныя штаны. Стась трымаў на плячы вінтоўку, другім прысланіўся да шула і, палузгваючы гарбузныя семкі, паглядваў то на палонных, то некуды на вуліцу – мусіць, чакаў транспарт. Але транспарту пакуль не было, і ён, патаптаўшыся крыху, сеў на парозе, паставіў між ног вінтоўку. Зблізку пільна, але без злосці, хутчэй насмешліва агледзеў абодвух.
        – За пакулле залезлі, ха! Як прусакі!
        Яны маўчалі, толькі Рыбак, з пакутнаю спробай нешта зразумець, зірнуў на яго і патупіўся.
        – Цяпер вас памыюць, папрасуюць і таго – трошкі павесяць! Пасушыцца, ха-ха! – засмяяўся паліцай так дабрадушна і натуральна, што Сотнікаў аж схамянуўся – так гэта было падобна на прыяцельскі, нахабнаваты, але добразычлівы жарт. Але смех гэты раптам абарваўся, і ўжо зусім іншым тонам, ад якога нельга было не здрыгануцца, паліцай вылаяўся.
        – Такія-сякія нямазаныя! Хадаронка ўгробілі? Цяпер мы вам разматаем на плоце кішкі.
        – За што матаць? Не ведаем мы ніякага Хадаронка, – паныла сказаў Рыбак.
        – Ах, не ведаеце? Можа, гэта не вы ноччу стралялі?
        – Мы не стралялі.
        – Вы ці не, а рэбры ўсё роўна вам ламаць будзем. Паняў?
        Стась пасур’ёзнеў, вочы яго пагрозліва засцюдзянелі, і ўсё тое чалавечае, што маладою добрасцю ляжала на твары, неяк дзіўна знікла з яго, саступіўшы месца злой бяздушнай рашучасці.
        Яны ненадоўга змоўклі, паліцай – пазіраючы на іх са злосцю, а палонныя – непрыемна перажываючы яго жахлівую пагрозу. Пэўна, каб хутчэй пазбыцца яе, Рыбак запытаў пра іншае:
        – У арміі служыў?
        – У якой арміі?
        – Чырвонай хаця б.
        – С... я хацеў на вашу армію! – яшчэ больш вызверыўся паліцай і зрабіў страшныя вочы. Потым неяк паступова твар яго перамяніўся, на ім з’явілася ўсё тая ж паблажлівая ўсмешка. Адставіўшы ўбок нагу, ён наском бота размерана пацепаў па зямлі. – Ось так!
        – А бушлат? – паказаў позіркам Рыбак.
        – Ах, бушлат! У аднаго жыдка-камісара ўзяў. Таму не спатрэбіўся, – сказаў паліцай і, заўважыўшы яго запытальны позірк, спакойна дадаў: – Твой паўшубачак таксама прыбяром. Будзіла возьме, ягоная чарга. От так.
        – А не падавіцеся? – раптам цвёрда, трошкі стрымліваючы хваляванне, сказаў Сотнікаў.
        Стась ускінуў галаву.
        – Што?
        – Не падавіцеся, кажу? Паўшубачкамі, і наогул!
        – Гэта чаму нам давіцца? За нас Германія – паняў ты, чмур? А вот вам точна капут! Будзьце ўпэўнены, у бога душу маць! – свірэпа закончыў Стась.
        Што ж, і гэта было зразумела і натуральна. Рыбак задумліва апусціў галаву, Сотнікаў асцярожна паспрабаваў варухнуцца – дранцвела сцягно, вузкая сырамятная супонь рэзала яго тонкія рукі.
        Урэшце паліцай прыгнаў двое саней. Адны асталіся на вуліцы, а другія са скрыпам і конскім тупатам пад’ехалі пад самы ганак, і Стась усхапіўся з парога. Першага ён упіхнуў у развальні Рыбака, потым дужым рыўком за каршэнь падняў з долу Сотнікава. Калі той, дастыргікаўшы, неяк уладкаваўся поруч з таварышам, паліцай уваліўся ў сані ззаду. Возчык – стараваты напалоханы дзядзька ў драным кажуху – боязна прыткнуўся ў перадку. Змёрзлую босую нагу Сотнікаў патроху падапхнуў пад сена, зверху прыкрыў палой шыняля. Яму зноў рабілася надта дрэнна, але неяк трэба было трываць. Цяпер трэба было толькі адно: трываць. І ён трываў, ашчадна выдаткоўваючы не надта багаты запас гэтага свайго трывання.
        Ён думаў, што яны адразу паедуць, але з хаты нешта не выходзіў старшы паліцай, па яго пайшоў той, што хадзіў па сані. Неўзабаве адтуль пачуліся галасы і плач Дзёмчыхі, Сотнікаў нявесела ўслухаўся: пакінуць яе ці не? Хвіліну яшчэ, падобна было, там нешта шукалі, стукала аб папярочыну драбіна ўгары, плакалі дзеці, а потым гучней загаласіла Дзёмчыха.
        – Праклятыя вы! Каб вам да нядзелі не дажыць! Каб вы маці сваіх не ўбачылі!
        – Ну-ну! Жыва, сказана! Жыва!!
        – На каго я дзяцей пакіну, гадаўё вы неміласэрнае!..
        – Жыва!
        Так, не выйшла, забіралі і яе – значыць, іхняе становішча і яшчэ ўскладнялася. Мабыць, будзе і горш. Сотнікаў зірнуў на Рыбака. Той сядзеў да яго бокам, і здалося, на яго аброслым шчаціннем твары слізгануў пакутлівы цень. Было ад чаго.
        Па той самай сцяжынцы ўздоўж плота яны выехалі на дарогу і павярнулі паўз могілкі. Сотнікаў уцягнуў галаву ў каўнер, трохі прыхінуўся плячом да аўчыннае спіны Рыбака і заплюшчыў вочы. Развальні тузаліся пад імі, палазы часам заносіла ўбок. Стась ззаду, чуваць было, лузгаў і пляваўся сваімі семкамі... Мусіць, іх везлі ў паліцыю або СД – значыць, спакойнага часу асталося надта мала – трэба сабрацца з душэўнымі сіламі, падрыхтавацца да яшчэ большых пакут. Вядома, яны не скажуць ім праўды, хоць таго, што яны з лесу, відаць, утаіць не ўдасца, але каб хоць выгарадзіць Дзёмчыху. Бедная цётка! Бегла дадому і не сніла, не ведала, што яе чакае там. Цяпер яна нешта ўсё крычала ззаду, сварылася і плакала, звераваты паліцай лаяўся на яе – брыдка, са смакам і з намерам як найбольш дапячы жанчыну. Але Дзёмчыха таксама не аставалася ў даўгу.
        – Звяры! Фашысты! Куды вы мяне везяцё? Там дзеці! Дзетачкі мае родненькія, залаценькія мае! Гэлечка мая, як жа ты будзеш...
        – Трэ было раней думаць!
        – Ах ты, погань нячыстая! Ты мяне папракаеш яшчэ, запраданец нямецкі! Што я зрабіла вам?
        – Бандытаў хавала.
        – Гэта вы бандыты, а тыя як людзі: зайшлі і выйшлі. Што я знала, што яны на гарышча ўзлезлі? Што я – сваім дзіцям на загубу? Гадаўё вы паганае! Гітляроўскае!
        – Маўчаць! Бо кляп усаджу!
        – Каб табе кол усадзілі, нячысцік!
        – Так! Стась, стой! – гукнулі з задніх саней, і абое сані спыніліся, не даязджаючы дзвюх тоненькіх бярозак, што пагойдваліся на ветры ў кусце лазняку за канавай. Рыбак і возчык цікаўна азірнуліся, а Сотнікаў толькі сцяўся нутром, чакаючы чагось абразлівага і страшнага. І сапраўды Дзёмчыха неўзабаве закрычала, затузалася, сані ззаду скрануліся на дарозе, рыпнуў хамут, і нават конь неспакойна пераступіў на снезе. Потым усё сціхла. Стась саскочыў быў з развальнёў, ды хутка зноў задаволена паваліўся на сваё месца.
        – Хе! Рукавіцу ў зяпу – не крычы, шалёная баба!
        Сотнікаў з натугай павярнуў галаву і апынуўся твар у твар з канваірам.
        – Падлюгі!
        – Ты, заступнік! Адвярні нюхаўку, а то красную юшку спушчу!
        Паліцай зрабіў страшны выраз твару, вочы яго нядобра схаладнелі, зрэнкі патанулі ў іх некуды ўглыб. Але Сотнікаў ужо ведаў, з кім мае справу, і з выклікам і непрыкрытай варожасцю вытрымаў гэты позірк.
        – Спрабуй, гад!
        – Ха, пагражае! Ды знаеш – я цябе зараз шпокну і атвячаць не буду! Гэта табе не Саветы!
        – Шпокні! Зрабі ласку.
        – А то слабо? – Паліцай узяўся за затвор вінтоўкі, але толькі пырануў ствалом у грудзі і вылаяўся.
        Сотнікаў нават не міргнуў – ён ужо не баяўся гэтага вылюдка. Ён ведаў, што на яго нахабства трэба адказваць такім жа нахабствам – гэтыя людзі разумелі абыходжанне толькі ў іх тоне. Самая малая прыкмета страху, залежнасці адзывалася ў іх звыклай рэакцыяй драпежніка перад безабароннай ахвярай.
        – Жанчына ні пры чым, запомні, – сказаў ён з разлікам – не так для паліцая, як для Рыбака: каб той зразумеў, што трэба казаць на допытах. – Мы без яе залезлі на хату.
        – Будзеш бабцы байкі баіць! – заківаў галавой Стась і апусціў вінтоўку. – Нябось Будзіла з цябе ўсё выцягне. З вантробамі вырве.
        – Пляваць мы хацелі на таго Будзілу.
        – Чакай, паплюешся!
        «На якога д’ябла ён задзіраецца з ім?» – раздражнена думаў Рыбак, слухаючы злосную сварку Сотнікава з паліцаем.
        Іх везлі дарогай, якой уранку яны пляліся да вёскі, толькі цяпер поле не здавалася такім доўгім і паныла-раўнінным, конік ладна варушыў нагамі, пасцёбваючы па санях жорсткім валассём хваста. Рыбак з прыкрасцю адзначыў, што яны едуць хутка, і яму з усяе сілы хацелася запаволіць язду, адчувала яго душа – гэта апошнія гадзіны на волі з яе апошняй магчымасцю ўцячы, болей такой не будзе. Ён праклінаў сябе за неасцярогу, за тое, што так бязглузда ўзлез на тое гарышча, што не абышоў за вярсту той крайняй хаты – колькі яму ўжо было навукі не совацца да крайняй, у якую заўжды лезлі і немцы. Ён не мог дараваць сабе таго, што яны гэтак неабдумана забрылі ў тую злашчасную вёску – лепш бы пераднявалі дзе ў хмызняку. Наогул з самага пачатку гэтага задання ўсё пайшло не так, наперакос, калі ўжо цяжка было і спадзявацца на ўдалы канец. Але таго, што здарылася, проста немагчыма было прадбачыць.
        Зрэшты, усё праз Сотнікава. Тое незадаволенне напарнікам, якое ўвесь час прабівалася ў ім і якое ён намаганнем волі збольшага глушыў у сабе, цяпер ужо заглушыць было нельга. Рыбак ужо выразна разумеў, што, калі б не Сотнікаў, не яго прастуда, яны б напэўна дайшлі ўжо да лесу. Ва ўсякім разе, паліцаі б іх не ўзялі. У іх былі вінтоўкі – можна было пастаяць за сябе. Але калі цябе загналі на гарышча, а ў хаце куча дзяцей, тады ўжо з вінтоўкай не дужа разгонішся.
        Рыбак коратка вылаяўся ад прыкрасці, жыва ўявіўшы сабе, як нецярпліва іх чакаюць у лесе, даядаючы апошнія крошкі з кішэняў. Напэўна, думаюць, што яны гоняць карову і таму так забавіліся. Вядома, можна было б і карову... Ніколі яшчэ ён не падводзіў таварышаў і не трапляў у гэткі тупік сам, бо меў на плячах цвярозую галаву. Дагэтуль яму шанцавала.
        Пакуль на яго дарозе не апынуўся Сотнікаў. З Сотнікавым ён сышоўся выпадкова тыдзень ці дзён дзесяць таму назад, калі, вырваўшыся з Баркоўскага лесу, атрад пераходзіў шашу. Тады яны таксама прыпазніліся, выйшлі на дарогу ўжо на світанні і сутыкнуліся з нямецкай калонай, якая адразу пачала іх праследаваць. Каб адарвацца ад немцаў, камандзір пакінуў заслон: яго, Сотнікава і яшчэ аднаго партызана – Гасціновіча. Але ці доўга могуць пратрымацца трое перад некалькімі дзесяткамі ўзброеных кулямётамі немцаў. Вельмі хутка яны пачалі адступаць, адстрэльваючыся з вінтовак; немцы ж насядалі, і Рыбак падумаў: будзе хана! Як на бяду, прыдарожны лясок скончыўся, наперадзе ляжала вялізнае голае поле, за якім толькі праз кіламетры два, не меней, цямнеў кучаравы сасоннік; туды ўжо ўцягваліся рэшткі іхняга атрада. Уцалець на тым полі пад агнём двух дзесяткаў немцаў было немагчыма. І тады Сотнікаў крыкнуў: «Уцякайце! Прыкрыю!»
        Яны пабеглі ўдвух з Гасціновічам, камлюкаватым, не дужа маладым партызанам з мясцовых, – коратка перабягалі, раз-поразу падаючы ў снег, а Сотнікаў у той час страляў, ды так трапна, што ніводзін з пярэдніх немцаў не мог падняць галавы. Мабыць, ён там падстрэліў яшчэ некалькіх, пакуль яны ўдвух не дабеглі да крушні камення ў полі, з якое таксама адкрылі агонь па хмызняку.
        Хвілін пяць яны білі туды з дзвюх вінтовак, даючы тым магчымасць адбегчы Сотнікаву. Немцы таксама пачалі страляць, але ўсё ж яму ўдалося адарвацца, дабегчы да іхняе крушні, і ён, упаўшы, зноў пагнаў іх далей, за сваімі. Добра, патронаў тады хапала, Сотнікаў адразу прымусіў залегчы не ў меру порсткага аўтаматчыка, што выскачыў наўздагон і сеяў па полі чэргамі, іншыя трымаліся зводдаль. Тым не менш нейкая куля ўсё ж трапіла ў Гасціновіча. Бегучы, Рыбак нават і не заўважыў, калі той упаў, але як распластаўся на снезе сам, Гасціновіча ледзь убачыў каля грыўкі быльнягу на мяжы. Да яго зараз жа кінуўся Сотнікаў, падхапіў вінтоўку забітага і хутка нагнаў таварыша. Яны абодва леглі за пагорачкам, тут ужо было больш-менш схоўна, можна было бегчы далей, але Рыбак тады ўспомніў, што ў Гасціновіча ў сумцы астаўся акрайчык хлеба, якім той учора разжыўся на хутары. Усе тыя дні яны былі згаладнелыя, і Гасціновічаў акрайчык так заўладаў іхняй увагай, што Рыбак, крыху павагаўшыся, папоўз да забітага. Сотнікаў пасунуўся на вышэйшае і зноў узяў пад абстрэл немцаў, пакуль Рыбак двойчы не адолеў якіх сто метраў, што аддзялялі іх ад Гасціновіча. Яны тут жа разламалі акрайчык напалам і, пакуль даганялі сваіх, амаль усё з’елі.
        Так яны прыкрылі выхад атрада з бою і адарваліся самі – і ўсё дзякуючы Сотнікаву. Яны і сышліся тады з ім, амаль пасябравалі; хоць зусім мала што ведалі адзін пра аднаго, але ўжо трымаліся разам, разам вырываліся з-за чыгункі і, мабыць, таму разам трапілі на гэта заданне.
        Але цяпер будзе капут, гэта пэўна. Мала што яны не адстрэльваліся – усё ж іх узялі са зброяй, і гэтага было дастаткова, каб расстраляць абодвух. Вядома, на што іншае Рыбак і не разлічваў, калі вылазіў з-за пакулля, але ж...
        Ён хацеў жыць! Ён яшчэ і цяпер не траціў надзеі, кожную секунду шукаў выпадку, каб як абысці свой лёс і ўратавацца. Цяпер ужо Сотнікаў не меў для яго ранейшага значэння. Апынуўшыся ў палоне, былы камбат вызваляў яго ад усіх абавязкаў у адносінах да сябе. Цяпер абы толькі пашчасціла, і Рыбакова сумленне перад ім было б амаль чыстае – не мог жа ён уратаваць яшчэ і параненага. І ён прагна лавіў вачыма ўсё навакол з самае той хвіліны, як падняў рукі: на гарышчы, пасля ў сенцах усё лучыў момант, каб выскачыць. Ды там выскачыць не надарылася выпадку, а потым ім звязалі рукі – колькі ён неўзаметку ні высільваў іх з тае супонькі, нічога не атрымлівалася. І ён думаў: праклятая супоня, няўжо праз яе давядзецца загінуць?
        Можа, варта было паспрабаваць кінуцца са звязанымі рукамі? Але на гэта патрэбна больш зручнае месца; не роўнядзь, а якая-небудзь паваротка, роў з хмызам, які-небудзь абрыў або лес. Тут жа, як на бяду, было поле, пагорак, потым дарога пайшла логам. Трапіўся масток, але раўчук пры ім быў зусім неглыбокі, адкрыты, у такім не схаваешся. Стараючыся не дужа круціць галавой у санях, Рыбак тым не менш пільна азіраўся навокал, шукаючы хоць колькі-небудзь прыдатную для ўцёкаў мясціну, і не знаходзіў нічога. І чым болей мінала часу, і чым яны бліжэй пад’язджалі да мястэчка, тым усё большы неспакой, амаль разгубленасць апаноўвалі Рыбака. Станавілася ўсё болей зразумела: яны прапалі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.