РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сотнікаў
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
9
        
9

        
        Сотнікаў знерухомеў на лаўцы, мусіць, заснуў, а Рыбак перасеў у куток ля акна і стаў пазіраць з-за вушака на сцежку, каб адразу ўбачыць, калі хто будзе ісці на падворак. Ён трохі перабіў бульбай голад, рабіць яму тут ужо не было чаго, але і ісці не выпадала – трэба было чакаць. Мусіць, таму, ці яшчэ па якой прычыне, у ім пачала нарастаць прыкрасць, якая з цягам часу пераходзіла ў злосць, хоць злавацца быццам і не было на каго. Хіба на Сотнікава, які так вось прывязаў яго да сябе, што не адвяжашся: не мог жа ён пакінуць яго на гэтых дзяцей. Гаспадыня ж усё не вярталася, паслаць па яе ён не наважваўся – як было ў такой справе спадзявацца на нейкае дзевяцігадовае дзяўчо?
        І ён сядзеў у кутку ля акна, невядома чаго чакаючы, прыслухоўваючыся да выпадковых гукаў знадворку. Па той бок загародкі паўставалі дзеці, чулася іх стоеная валтузня на ложку – часам на дзвярах адхіналася шырмачка, і ў шчыліну прасоўваўся мурзаты цікаўны тварык, але тут жа хаваўся зноў. Дзяўчынка крыкліва камандавала там імі, нікога не пускаючы з-за перагародкі.
        Рыбак ужо да драбніц вывучыў сцежку за акном, рэшту разламанага плота пры ёй, ускраек неагароджаных могілак з калючым галлём хмызняку на мяжы. Выбітая і заткнутая шыбка ў акенцы няблага затуляла яго знадворку. На сырым гнілаватым падаконніку побач стаяла некалькі пустых брудных бутэлечак ад лякарства, валяўся клубок зрэбных нітак і змайстраваная з рыззя лялька, вочы і рот якой былі старанна намаляваны хімічным алоўкам. Побач за сталом задышліва стагнаў у сне Сотнікаў, якога трэба было ўладкаваць болей надзейна, але на тое патрэбна была гаспадыня. Усё болей нервуючыся ў няпэўным чаканні, Рыбак амаль з непрыязнасцю слухаў хваравітае дыханне таварыша і каторы раз думаў, што з напарнікам яму не пашэнціла. Рыбак быў нязлы чалавек, але, маючы неблагое здароўе, ставіўся да хворых трохі безуважна, часам проста не мог уявіць сабе, як гэта можна прастудзіцца, занемагчы, захварэць. Сапраўды, думаў ён, больш недарэчнага на вайне, як хварэць, нельга сабе і прыдумаць.
        За час службы ў ім з’явілася грэблівае пачуццё да слабакоў, хварліўцаў, розных няўдак, якія па тых ці іншых прычынах чагось не маглі, не ўмелі, не выконвалі. Ён стараўся ўмець і выконваць усё. Праўда, да вайны ў чым-колечы было і цяжкавата, асабліва што датычыла палітпадрыхтоўкі – бракавала адукацыі, а галоўнае – ён не любіў кніжнай навукі, для якой патрэбны былі трыванне, стараннасць. Рыбаку болей па душы была жывая рэальная справа з усімі ўласцівымі ёй няўвязкамі і клопатамі. Відаць, таму ён тры гады праслужыў старшыной роты – характарам яго Бог не пакрыўдзіў, энергіі таксама хапала. У нейкім сэнсе на вайне яму аказалася лёгка, прынамсі проста: мэта барацьбы была відочная, а над іншымі тонкасцямі ён не шмат разважаў, бо ведаў – чым болей фашыстам шкоды, тым лепш. Дагэтуль увогуле шэнціла, найбольшыя хібы яго міналі; ён разумеў, што галоўнае ў іх партызанскай вайне – не разгубіцца, не спудлаваць, у час прыняць рашэнне. Калі лічыць правільным, што вялікі сэнс барацьбы ў тым, каб, змагаючыся за сваё жыццё, чыніць страты ворагу, дык ён меў усе падставы лічыць сябе ўдачлівым партызанскім байцом. Ва ўсякім разе, не горшым за іншых.
        – Мамка, мамка ідзе! – раптам радасна завішчала дзятва за перагародкай, і ён убачыў на сцежцы жанчыну, якая хуценька бегла да хаты.
        Даўгаватая спадніца, кажушок і хустка, якая таўставата абкручвала яе галаву, сведчылі пра не першую ўжо маладосць гаспадыні, але, мусіць, была яна яшчэ і не старая. Цікуючы за ёй, Рыбак трохі захінуўся за шула. Ад дзіцячага крыку за сталом прахапіўся Сотнікаў, чырвонымі са сну вачыма зірнуў на хату, але, згледзеўшы побач таварыша, зноў лёг на лаву.
        Калі ў сенцах грукнулі дзверы, Рыбак адсунуўся ад акна на канец лаўкі і з робленым спакоем знерухомеў ля міскі. Трэба было як мага добразычлівей сустрэць яе, не напалохаць, не пакрыўдзіць чым – з ёй трэба было дамовіцца наконт Сотнікава.
        Яна яшчэ не адчыніла ў хату дзвярэй, як з-за перагародкі сунулася дзятва: дзве дзяўчынкі асталіся пад адхінутаю шырмачкай, а гадоў пяці хлопчык, босы, у падраных, на шлейцы штоніках, кінуўся насустрач.
        – Мамка, а ў нас палцізаны! Палцізаны во!
        Яна памкнулася ўзяць яго, ды раптам выпрасталася – з недаўменным спалохам зірнула на незнаёмага за сталом.
        – Здраствуй, хазяйка, – як мага прыветлівей сказаў Рыбак.
        Але яна ўжо сагнала з твару здзіўленне, хуценька зыркнула на стол з пустой міскай, і ў яе позірку штось нездаволена перасмыкнулася.
        – Здраствуйце, – холадна адказала яна, адхінаючы ад сябе малога. – Парцізаны!
        – Ды во, як бачыце. Вас чакаем.
        – Гэта якая ж у вас да мяне патрэба?
        Не, тут штосьці не ладзілася, жанчына была яўна не настроена на той лад, які ёй прапаноўваў Рыбак, – нешта суровае, зласнаватае і нават сварлівае прабівалася ў яе голасе.
        Ён пакуль што прамаўчаў, а яна тым часам расшпіліла старэнькі лаплены кажушок, сцягнула з галавы хустку. Рыбак уважліва паглядзеў на яе – зваляныя, нячэсаныя валасы, запыленыя мочкі вушэй, змораны, не надта стары твар з рэзкімі заўчаснымі зморшчынамі ля вачэй і рота, якія красамоўна сведчылі пра горыч турботнага жыцця жанчыны.
        – Якая яшчэ патрэба? – Яна кінула хустку на шасток ля печы, косым позіркам матлянула па канцы стала з міскай гуркоў. – Хлеба? Сала? Ці, можа, яек на яешню захацелася?
        – Мы не немцы, – стрымана сказаў Рыбак.
        – А хто ж вы? Можа, красныя армейцы? Дык красныя армейцы на фронце ваююць, а вы во па завуголлі шастаеце. Ды яшчэ падавай вам... бульбачкі, агурочкаў... Гэлька, вазьмі Лёніка! – крыкнула яна старэйшай, а сама не раздзелася, а пачала прыбіраць ля прыпечка: чыгункі – на прыпек, цабэрак – у парог, венік – у кут.
        За сталом пачаў натужліва кашляць Сотнікаў. Яна пакасілася на яго, нахмурылася, але змоўчала, не пакідаючы прыбіраць, – тузанула брудную фіранку над дзіркай у падпечча. Рыбак устаў. Здаецца, ён даў маху – абыходзіцца з ёй, мабыць, трэба было стражэй, з гэтаю сварлівай раззлаванай бабай.
        – Дарма, цётка! Мы да вас па-добраму, а вы сварыцеся.
        – Хіба я сваруся? Каб я сварылася, вашай бы і нагі тут не было. Цыц вы, халеры! Вас яшчэ не хапала! – шыкнула яна на дзятву, якая церлася ля занавескі. – Гэля, вазьмі Лёніка, сказала! Лёнік, наб’ю!
        – А я, мамацка, палцізанаў глядзець буду.
        – Я табе пагляджу! – пагрозліва тупанула яна да перагародкі, і дзеці пазнікалі. – Парцізаны! Адно што звання – парцізаны. Лепей бы ўжо дома сядзелі.
        Рыбак пільна сачыў за ёй, згадваючы, чаго яна такая ўзлаваная, гэтая Дзёмчыха. У галаве яго праносіліся самыя розныя меркаванні: жонка паліцая, якая радня іх ці, можа, пакрыўджаная чым пры Савецкай уладзе? Але, падумаўшы, ён адкінуў тыя здагадкі – усе яны не надта стасаваліся да гаротнага жыцця гэтай жанчыны.
        – А дзе твой Дзёмка? – раптам спытаў Рыбак.
        Яна разагнулася і неяк насцярожана, амаль боязна паглядзела на яго.
        – А вы скуль Дзёмку ведаеце?
        – Ды ўжо ведаем.
        – Чаго ж тады пытаецеся? Хіба цяпер жонкі ведаюць, дзе іх мужыкі? Пакідалі во, жыві як хочаш.
        Яна ўзяла з парога венік і пачала замятаць ля печы. Усе яе рэзкія і шырокія рухі сведчылі пра злосць і неспакой. Рыбак сядзеў, не ведаючы, як урэшце падступіцца да гэтай Дзёмчыхі з той размовай, дзеля якой ён і чакаў яе.
        – Тут бач, цётка, таварыш таго...
        Яна зноў разагнулася, зірнула на Сотнікава ў куце. Той варухнуўся, памкнуўся ўстаць і хваравіта перацяў стогн. Дзёмчыха на момант знерухомела з венікам у руках. Рыбак падаўся к таварышу.
        – Ось бачыш, кепска яму, – сказаў ён.
        Сотнікаў хвіліну курчыўся ад болю ў назе, аберуч трымаючыся за калена і сцяўшы зубы, каб не стагнаць.
        – Халера, прыкарэла, мусіць.
        – А ты не тузайся, ляжы. Цябе ж не гоняць.
        Пакуль Рыбак уладкоўваў нагу ўздоўж лавы, Дзёмчыха хмурылася, але што далей разкаваты выраз яе стомленага твару пачаў мякчэць.
        – Падкласці што трэба, – сказала яна і пайшла за перагародку, адкуль неўзабаве вынесла старую, з клоччам шэрае ваты, ватоўку. – На, мякчэй будзе.
        «Так, – адзначыў у думках Рыбак. – Гэта ўжо іншая справа. Можа, яшчэ падабрэе гэта злосная кабеціна».
        Сотнікаў прыўзняўся, яна паклала ватоўку ў кут пад яго галаву, і ён, пакашліваючы, тут жа апусціўся зноў. Дыханне яго па-ранейшаму было частае і труднае.
        – Хворы, – ужо іншым тонам, спакойна сказала Дзёмчыха. – Жар, пэўна. Вунь як гарыць.
        – Гэта пройдзе, – махнуў рукой Рыбак. – Гэта не страшна.
        – Ну канешне! – зазлавала жанчына. – Вам усё не страшна. І страляюць у вас – не страшна. І што маці гора – не страшна. Нічога не страшна. А нам... Зёлак зварыць нада, напіцца, спацець. А то вунь могілкі побач.
        – Могілкі не самае горшае, – праз кашаль сказаў Сотнікаў.
        Ён неяк нядобра ажывеў пасля кароткага забыцця, мусіць, ад тэмпературы, ці што. Рыбак проста не пазнаваў яго: рэзка счырванелы твар, ліхаманкавы бляск вачэй і нейкая ненатуральная парывістасць у рухах.
        – Што ж яшчэ можа быць горш? – спытала Дзёмчыха, збіраючы са стала талеркі. – Мабыць жа, у пекла не верыце?
        – Мы ў рай верым, – сказаў Рыбак.
        – Дачакаецеся раю, а як жа.
        Гаспадыня забразгала засланкай, палезла ў печ, пачала шоргаць там чыгунамі. Аднак, падобна было, яна ўжо спакойнела, нават дабрэла. Рыбак адчуваў тое і думаў, што, можа, як-небудзь усё яшчэ ўладзіцца.
        – Цёплай бы вады рану абмыць. Ранілі яго, цётка.
        – Ды ўжо ж бачу – не сабака ўкусіў. Вунь усю ноч ля Стараселля бахалі, – паведаміла яна і абаперлася на вілачнік. – Кажуць, аднаго паліцыянта падстрэлілі. Невядома, ці выжыве.
        – Паліцая?
        – Ну.
        – А хто казаў?
        – Бабы казалі.
        – Ну, калі бабы, то пэўна, – усміхнуўся на канцы лаўкі Рыбак. – Яны ўсё ведаюць.
        Дзёмчыха зласліва азірнулася ад печы.
        – А то не? Мабыць, ведаюць. Вы ж во пытаецеся, бо не ведаеце.
        Яна падала ім ваду ў чыгунку, скінула кажушок і ступіла за шырмачку да дзетвары.
        – Ну, вы ўжо самі. А то не хапала мне яшчэ вам порткі знімаць.
        – Ладна, ладна, – пагадзіўся Рыбак і падступіўся да Сотнікава. – Давай бурак знімем.
        Сотнікаў сашчаміў зубы, учапіўся рукамі ў лаўку, і Рыбак як-колечы сцягнуў з яго нагі акрываўлены мокры бурак. Далей трэба было зняць штаны, і Сотнікаў, паморшчыўшыся, выціснуў:
        – Я сам.
        Было пакутна і балюча, і ўсё ж ён, расшпіліўшы, ссунуў да каленяў таксама скрываўленыя штаны. Сярод падсохлых крывавых пацёкаў на яго целе Рыбак згледзеў урэшце ранку. Яна аказалася зусім невялічкай, падпухлай, з сіняватым абадком наўкруг – тыповай кулявой ранай, якая трохі яшчэ крывяніла. З другога боку сцягна выхаду не было, што значыла: куля засела ў назе. Гэта ўжо было горш.
        – Да, сляпое, – заклапочана сказаў Рыбак. – Трэ даставаць.
        – Ты ж не дастанеш, – пачаў раздражняцца Сотнікаў, – дык завязвай, і годзе.
        – Нічога, нешта прыдумаем. Хазяюшка, можа, перавязаць чым знойдзецца? – гукнуў Рыбак за перагародку, а сам мокрым ручніком пачаў аціраць падсохлую кроў.
        Нага ў Сотнікава нервова падрыгвала, мабыць, было балюча, той, аднак, намогся і трываў, і Рыбак падумаў, што ўвогуле рана не такая і страшная, калі толькі куля не зачапіла косці. Калі яе выняць, дык праз месяц усё загоіцца. Куды важней гэты месяц недзе перабыць, перахавацца, каб не папасціся ў лапы да немцаў.
        Калі Дзёмчыха з’явілася ў дзвярах з кужэльным кавалкам у руках, Сотнікаў сарамяжліва схамянуўся, і яна заўважыла тое.
        – Не бойся. На во, перавязвайце, чым знайшла.
        Увесь час, пакуль Рыбак абкручваў сцягно, Сотнікаў душыў у сабе стогн і, калі ўсё было скончана, пластам упаў на лаву. Рыбак спаласнуў у чыгунку рукі.
        – Ну во, аперацыя і скончана. Хазяюшка!
        – Бачу, не сляпая, – сказала Дзёмчыха, з’яўляючыся ў дзвярах.
        – А што далей, ось загвоздка! – Рыбак з відочным клопатам ссунуў на патыліцу шапку і запытальна паглядзеў на жанчыну.
        – А я хіба ведаю, што далей.
        – Ісці ён не можа – факт.
        – Сюды ж прыйшоў.
        Мабыць, яна нешта адчула ў яго далекаватых закідах, і яны пільна і насцярожана паглядзелі адно на аднаго. І гэтыя іх позіркі засведчылі куды болей, чым было сказана ў словах. Рыбак зноў адчуў сваю няўпэўненасць, слабасць свайго лагічнага грунту – як было давесці гэтай жанчыне, што іншага выйсця ў іх няма. Але і яна, відаць, няблага разумела, чым рызыкавала, згадзіўшыся на іх патрэбу, і мела намер стаяць на сваім.
        У даволі лёгкай, амаль дробязнай дагэтуль размове настала дакучлівая замінка. Сотнікаў задышліва прыціх на лаве, а Рыбак у клапоткім роздуме зірнуў у акно.
        – Немцы!!
        Як уколены, ён адскочыў у парог, за якую долю секунды ўсё ж паспеўшы згледзець некалькі ўзброеных постацяў, што стаялі на могілках. Менавіта стаялі, а не ішлі, ён нават не зразумеў, куды яны былі звернуты тварамі, ён толькі ўбачыў абрысы постацяў са стваламі вінтовак над іх плячамі.
        Сотнікаў падхапіўся з лавы, шырока замахаў ля сябе рукой – стараўся схапіць вінтоўку. Гаспадыня як стаяла, так і збялела да белага палатнянага колеру. Рыбак спярша хацеў быў выскачыць за дзверы, ды зноў вярнуўся зірнуць у акно, але яго апярэдзіла Дзёмчыха.
        – Ідуць! Трое сюды ідуць!
        Сапраўды, трое з могілак накіроўваліся ўніз да сцежкі, якраз, мусіць, па нядаўніх іхніх слядах. Як толькі Рыбак згледзеў тое, усё ў ім апала ўнутры ў шчымлівым прадчуванні бяды. Ніколі ён не палохаўся так, нават сёння ўначы, а цяпер нешта сказала яму, што будзе найгоршае. На нейкае імгненне ён сапраўды разгубіўся. Здаецца, найлепей было ўцякаць, аднак ён зірнуў на скурчанага на лаве Сотнікава, які сціскаў у адной руцэ вінтоўку, і спыніўся. Уцякаць не выпадала. Дзёмчыха, мусіць, таксама зразумела гэта і трывожлівым шэптам загаманіла:
        – На гарышча! Лезьце на гарышча!!
        Вядома, на гарышча, куды ж яшчэ можна было падацца ў сялянскай хаце? Яны сунуліся ў цемнаватыя сенцы, у куце якіх чарнеў квадратны лаз на гарышча, але драбіны пад ім не было, і Рыбак ускочыў на круглыя камяні жорнаў. Найперш ён перакінуў на гарышча вінтоўку і азірнуўся.
        – Давай тваю!
        Сотнікаў, расставіўшы рукі, гробся цераз парог, Дзёмчыха падтрымлівала яго, ён падаў вінтоўку, і Рыбак таксама сунуў яе ў цёмную дзірку гарышча. Потым, ледзь не паваліўшы жорны, узвалок на іх Сотнікава. Верхняе бервяно адсюль усё яшчэ было высока, ухапіўшыся за яго рукамі, ён зашкрэбаў па сцяне ботамі і неяк ускараскаўся. Тут жа ўхапіў працягнутыя рукі Сотнікава. Дзёмчыха ўвесь час старанна і няўлад пасабляла знізу, паўхвіліны Сотнікаў напружана высільваўся на сцяне, але ўрэшце таксама пераваліўся цераз верхняе бервяно і апынуўся на столі хаты.
        – Пакулле там! За пакулле лезьце! – падказвала знізу гаспадыня.
        Рыбак ступіў па мяккай засыпцы гарышча, тут, як і ў сенцах, панаваў змрок, але з-пад страхі і праз маленькае акенца ў шчытку трохі цадзілася святла, у якім ён убачыў шырокі цагляны слуп коміна, нейкія транты на вешале, зламаны калаўрот у доле. Зводдаль пад дахам грувасцілася ладная куча пакулля.
        – Сюды давай!
        Сотнікаў, падабраўшы вінтоўку, на кукішках падаўся пад страху ў кут, куды ён паказваў, Рыбак ботам піхнуў на яго пакулле, потым яшчэ. Потым таксама ціснуўся ў падстрэшак за спіну таварыша, слыхам пранікаючы туды, уніз, дзе непадалёк ужо рыпелі на снезе крокі.
        Хвіліну яны, замёршы, ляжалі, ледзь утаймоўваючы дыханне. У нос шыбала рэзкім пяньковым пахам, кастрыца абсыпала твар і калолася за каўняром. Ледзьве спраўляючыся з дыханнем, Рыбак з усяе сілы стараўся згадаць па тым, што ўбачыў: ішлі яны менавіта па іхніх слядах ці так проста кіравалі ў вёску. Калі па слядах, тады, вядома, будуць шукаць. Тады наўрад ці ім тут адлежацца. У грудзях Сотнікава рыпела-гуло, гэта перашкаджала слухаць, яны абодва змярцвелі, стараючыся як мага болей учуць. Галасы былі ўжо так блізка, што іх узяў жах – немцы загаварылі з Дзёмчыхай.
        – Прывет, фрава! Як жысць?
        То былі паліцаі, гэта было зразумела з першага іх слова, яны пратупалі па падворку, здаецца, накіроўваючыся да ганка. Дзёмчыха чагось маўчала, і Рыбак стаіўся ў чаканні, з усяе сілы прагнучы, каб прайшлі міма.
        – Што маўчыш? Заві ў госці, – глухавата пачулася на гарышчы.
        – Хай вас на могілкі завуць, такіх гасцей.
        «Э, не трэба так, – пранеслася ў галаве Рыбака. – Нашто ты задзіраешся!» Пільна слухаючы, ён балюча перажываў грубыя словы гаспадыні і баяўся, што яна дастукаецца ўрэшце бяды.
        – Ого! Ты што, недавольна?
        – Давольна. Радуюся, а як жа?!
        – То-та! Гарэлка ёсць?
        – А ў мяне хіба крама?
        – А закусь! Ану-ка, гані пару кілбас!
        – Ого, чаго захацелі!! З ката я іх вам нараблю? Падсвінка забралі, а цяпер кілбас ім!
        – Во як ты нас спатыкаеш! – з’едліва заскрыпеў другі голас. – Партызан дык нябось і смятанкай карміла б!
        – Мае дзеці смятаны паўгода не бачылі.
        – Так мы табе і паверым!
        Ну, вядома, нельга было так злосна і сварліва абыходзіцца з імі, вось яны і не прайшлі міма – іх важкія крокі затупалі ўжо ў сенцах, але, здаецца, дзверы ў хату яшчэ не адчыняліся, і Рыбак аж пахаладзеў ад нечаканага і такога простага цяпер меркавання: а раптам палезуць на гарышча шукаць кілбас? Ды не, пакуль што загрукала ў сенцах, – мусіць, адкінулі века ў скрыні, пасля застукала нешта драбнейшае, нешта ўпала на дол і пакацілася з гучным бляшаным лязгатам. Баючыся скрануцца, Рыбак ціха ляжаў за пакуллем, скоса пазіраючы на змрочны, у павуцінні, бок кроквы з адсталай карыной і думаў: не, прыйшлі не па іх. Шукаюць спажывы – звычайны паліцэйскі занятак у вёсцы, а на могілках, мусіць, пост-засада – будуць пільнаваць дарогу.
        Яны яшчэ не скончылі свайго груку ў сенцах, як Сотнікаў побач ненатуральна выпнуўся, спіна яго выгнулася, у грудзях нешта ліхаманкава захадзіла, і Рыбак ажно спалохаўся, што кашляне. Ды ён не кашлянуў, неяк стрымаўся, сціх, а яны там, унізе, ужо бразгалі клямкай, і вось ужо іхнія галасы прыглушана данесліся з хаты.
        – Дзе гаспадар? У Маскоўшчыне?
        – А я скуль ведаю?
        – Не ведаеш? Затое мы ведаем. Стась, скажы, дзе яе мужык?
        – Ды, пэўна ж, у войску.
        – О, сука, скрывае! Ану, улупі ёй!
        – А-яй! Гадаўё вы! – закрычала Дзёмчыха. – Каб вам скруцянець да вечара! Каб вашыя вочы груганы паклявалі! Каб вы дзяцей сваіх не ўбачылі!..
        – Ах, во як! Стась!
        Невядома, што яны зрабілі з ёй, але ў хаце жахліва закрычала дзятва, загаласіла дзяўчынка, і раптам з напятых грудзей Сотнікава бухнуў кашаль. Бухнуў толькі адзін раз, але ў Рыбака аж пацямнела ўваччу, рукі самі шаснулі ў пакуллі да рота Сотнікава, але той бухнуў і яшчэ. У хаце ўраз усё змоўкла, нібы ўсе выскачылі з яе. Рыбак спазнела сцяў Сотнікаву сківіцы, і той скурчыўся ў сутаргавай нутраной патузе.
        – Хто там? – урэшце пачулася з хаты.
        – Ды ніхто. Кот у мяне там, прастуджаны, ну, кашляе, – чуваць было, спалохана загаманіла Дзёмчыха, ды яе не надта ўпэўненыя словы, мусіць, нікога не пераканалі.
        – Стась! – уладна скамандаваў гучны разлютаваны голас.
        Рыбак зацяў дыханне на выдыху, выразна адчуваючы, што вось-вось усё загіне. Мусіць, трэба было абараняцца, страляць, хай бы і яны пагінулі, але невядома адкуль з’явілася апошняя надзея на цуд, падумалася: а раптам пашанцуе, не знойдуць. Ён разумеў, што гэта кволая надзея – сястра роспачы, але іншай у іх не асталося, і ён з усяе сілы прагнуў, каб яна спраўдзілася.
        Чуваць было, як паліцэйскія з грукатам статка выскачылі ў сенцы, люта бразнулі аб сцяну дзверы, на гарышчы пад страхой адразу пасвятлела. Над імі чорнаю хрыбцінай азначылася кроква з шызым дрыготкім шматком павуціння і ўваткнутым у салому ржавым сярпом. Некалькі невядома адкуль праніклівых на гарышча ценяў слізгала сюды-туды пад страхой.
        – Драбіну! Давайце драбіну! – басавіта камандаваў звыклы загадваць голас.
        – Няма драбіны, нікога там няма, чаго вы прычапіліся?
        Дзёмчыха плакала.
        Стук, удар у сцяну, шкрэбат ботаў па бёрнах і – зусім блізкі задыханы голас:
        – Дык цёмна там. Нічога не відно!
        – Што не відно? Лезь, я загадваю, туды т-тваю маць!
        Зноў шкрэбат па сцяне, лапанне рук па верхнім бервяне сцяны, зморанае дыханне і нецярплівае знізу:
        – Ну што?
        – Зачапіўся неяк. Але цёмна.
        – Крыкні!
        – Эй, хто тут! Вылазь, а то зараз гранатай улуплю! – раздалося, здаецца, пад самай страхой. Але крокаў на столі не было чутна – мусіць, паліцай не адважыўся пералезці сцяну.
        – Так ён табе і вылезе! – гуў знізу камандзірскі бас. – Схоў які ёсць?
        – Ёсць бытта. Сена, ці што...
        – Пырані вінтоўкай!
        – Дык не дастану.
        – Эй, ідрыт тваю мутар! Тожа ваяка! На аўтамат! Аўтаматам часані!
        Гэта ўсё, кропка, сказаў сабе Рыбак і змярцвеў, амаль фізічна адчуваючы, як зараз іхнія целы разнясе ў ашмоцце імпэтная аўтаматная чарга. Але гэта ўжо занадта, гэта ўжо смерць, на якую ён ні за што не мог пагадзіцца.
        І ўсё ж ён марудзіў, нават не варухнуў пальцам, хоць побач ля бока муляла вінтоўка. Стараючыся выкарыстаць апошнія секунды, ён шалёна мітусіўся ў думках, шукаючы паратунку, але нідзе яго не знаходзіў: так ладна папаліся яны ў гэтую пастку. Мусіць, усё было скончана, трэба было ўставаць, і на момант яму захацелася, каб першы гэта зрабіў Сотнікаў. Ён паранены, хворы ўрэшце, ён кашлем выдаў абодвух, яму болей выпадала здавацца ў палон. Але Сотнікаў ляжаў, бы нежывы, толькі напяўся, падобна было – нават перастаў і дыхаць.
        – Ах, не лезеш! Ну, я табе!..
        Пад дахам пачуўся кароткі металічны шчоўк – надта знаёмы гук аўтаматнага затвора, які адцягваюць на баявы ўзвод. Далей мелася быць тое самае апошняе, за чым нічога ўжо больш не бывае. Можа, якая секунда аддзяляла іх ад гэтага апошняга рубяжа між жыццём і нябытам, але і тады Сотнікаў не варухнуўся, не кашлянуў нават. І Рыбак, напаследак жахнуўшыся, рэзка адкінуў ад сябе пакулле.
        – Стой! Не страляй!
        – Рукі ўгору! – здзічэла закрычаў паліцай, і Рыбак падумаў, як бы той з перапуду не ўсадзіў у яго чаргу.
        На кукішках ён выграбся з-пад страхі і ўстаў. Над бервяном насцярожана застыла паліцаева галава ў кубанцы і нерухомы ствол накіраванага на іх аўтамата. Цяпер самым страшным для Рыбака быў той ствол – ён вырашаў усё. Скоса і пільна пазіраючы на яго, Рыбак падняў рукі. Чаргі пакуль што не было, пагібель нібыта адсоўвалася, гэта было галоўнае, а астатняе для яго ўжо не мела сэнсу – пра астатняе цяпер ён не думаў.
        – Ага! Папаліся, галубчыкі! Ану, вылазь, у душу вашу маць!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.