РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сотнікаў
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
14
        
14

        
        Пётру прывялі няскора, мусіць, ужо на захадзе сонца, калі ў камеры зусім згусцеў змрок і акенца ўгары ледзь свіцілася скупымі рэшткамі марознага дня. Ды і ў дзвярах, калі яны адчыніліся, не было ўжо ранейшае віднасці – угнуўшы сівую галаву, стараста моўчкі пераступіў парог і сунуўся ў свой змрочны кут пад акенцам. Рыбак ля сцяны не варухнуўся, толькі сцяўся ўвесь, нібы стараючыся знікнуць у цемры гэтай смярдзючай камеры. Было боязна, што наступным зноў паклічуць яго, хоць ён разумеў, што ад паліцая гэта зусім не залежала. Але не паклікалі нікога, дзверы зачыніліся, лязгнуў засоў. Паліцай, аднак, – гэты раз нехта іншы, не Стась, – пайшоў не да прыступак, а павярнуў у другі бок па калідоры; неўзабаве недзе ў глыбіні склепа загрукала, пачуліся глухаваты вокрык і кароткі жаночы ўсхліп.
        Гэта бралі жанчын.
        Калі ў склепе зноў усё сціхла, да Рыбака памалу пачала вяртацца яго раўнавага. Што ж, бяда пакуль мінула яго, спасцігла другога, і гэта, як заўжды на вайне, насуперак усяму, супакойвала. Нібы тым самым давала яму нейкія шансы выжыць. Хоць, вядома, шансы гэтыя былі дужа хліпкія.
        Рыбак не меў ніякай ахвоты размаўляць з Пётрам, падобна было, старасту білі не дужа, ва ўсякім разе не так, як Сотнікава. Але тое, што ён гэтак маўкліва-адчужана сцішыўся ў сваім куце, нядобрым прадчуваннем занепакоіла Рыбака.
        – Ну як? Абышлося? – знарок бадзёра і трохі помсцячы за ягонае ж падобнае пытанне, запытаў Рыбак.
        Пётра не варухнуўся, памаўчаў. Пасля азваўся надта невясёлым голасам:
        – Не, пэўне, не абыдзецца. Кепскія нашы справы.
        – Горш і быць не можа, – згадзіўся Рыбак.
        Пётра высмаркаўся, відаць было ў прыцемку – звыкла разгладзіў вусы і паведаміў, нібы між іншым, ні да каго не звяртаючыся:
        – Застаўлялі, каб выведаў ад вас. Пра атрад, ну і яшчэ некаторае.
        – Во як! – здзівіўся Рыбак і непрыемна паморшчыўся, успомніўшы, як яны нядаўна размаўлялі з Сотнікавым. – Шпіёніць, значыць?
        – Ну, бытта. Шэсцьдзесят сем год пражыў, а пад старасць на такое дзела... Не-е, не па мне гэта.
        Побач з саломы падхапіўся Сотнікаў, неяк спалохана ўздрыгнуў і прыўзняўся на руках.
        – Хто гэта?
        – Ды той, лясінаўскі стараста, – апанурана сказаў Рыбак.
        Сотнікаў вяла апаў на салому, хвіліну маўчаў. Адчуваў ён сябе куды як кепска, нага па-ранейшаму балела ад сцягна да ступні, калола ў пальцах на руках, у грудзях усё гарэла, цела пылала жарам. Свядомасць яго раз-пораз абрывалася змрочным праваллем: ён то выразна адчуваў наваколле, то яно амаль знікала ў тлумнай мешаніне прывідаў. Гэты раз, аднак, ён хутка ўспомніў начны іх заход у Лясіны, старасту Пётру і цяпер, учуўшы яго побач, усё зразумеў адразу. Праўда, асаблівага жалю да яго ў Сотнікава не было: стараста – не Дзёмчыха. І ўсё ж было непрыемна бачыць гэтага старога поруч з сабой у паліцэйскім засценку, выйсці з якога, мусіць, не ўдасца нікому.
        Размова на тым абарвалася, Рыбак і Пётра сцішыліся кожны ў сваім кутку. Сотнікаў не то задрамаў ці, можа, забыўся ў гарачцы. Акенца зусім пагасла і ледзь шарэла пад столлю, раздзеленае жалязякамі кратаў на чатыры квадраты. У камеры стала зусім цёмна. Гаварыць нікому не хацелася, кожны паглыбіўся ў сябе і свае невясёлыя думкі.
        І тады зноў на прыступках затупалі, расчыніліся надворныя дзверы і нечакана лязгнуў засоў іхняе камеры. Яны ўсе насцярожыліся, сцятыя аднолькавым у такіх выпадках пытаннем: па каго? Тым не менш і цяпер, відаць, не забіралі нікога, – наадварот, некага вялі сюды.
        – Ну, марш!
        Хтось нябачны і амаль нячутны прашмыгнуў у дзверы і стаіўся каля парога ля самых ног Рыбака. Калі дзверы за ім зачыніліся і паліцай, пасвістваючы, замкнуў надворны замок, Рыбак кінуў у цемру:
        – Хто тут?
        – Я.
        Голас быў дзіцячы, гэта стала зразумела адразу – невялічкая постаць сцялася ля самых дзвярэй і маўчала.
        – Хто я? Як завуць?
        – Бася.
        «Бася? Што за Бася? Быццам жыдоўскае імя, але адкуль яно ўзялося, гэта дзяўчо? – здзівіўся Рыбак. – Усіх жыдоў у мястэчку расстралялі яшчэ ўвосень, здаецца, не асталося ніводнага – як гэта апынулася тут? І чаму яе прывялі ў іхнюю камеру, а не да Дзёмчыхі?»
        – Адкуль ты? – не тоячы заклапочанае цікаўнасці, запытаў Рыбак. Дзяўчынка маўчала. Тады ён запытаў другое: – А колькі табе гадоў?
        – Трынаццаць.
        У куце заварушыўся Пётра.
        – Гэта самае... Ці не Мэера-шаўца ты дачка?
        – Ну, – ціха пацвердзіла дзяўчынка.
        – А-я! Мэера ж тады застрэлілі з усімі. Як жа ты ацалела? Мусіць, схавалася дзе?
        У адказе было ціхае, насцярожанае, а можа, недаверлівае, маўчанне. Зрэшты, Рыбак ужо не чакаў яе адказу, ён раптам згубіў усякую цікавасць да гэтай дзяўчынкі, устрывожаны іншым: чаму яе сюды прывялі? У склепе ж былі, напэўна, і яшчэ месцы, недзе паблізу сядзелі жанчыны – навошта дзяўчынку падсадзілі ў мужчынскую камеру? Які ў гэтым сэнс?
        – І чаго ім трэба ад цябе? – тым часам распытваў Басю Пётра.
        – Каб сказала, у каго хавалася.
        – А-а, во як! – зразумеў у кутку Пётра. – Ну што ж... Гэта так. А ты не сказала ж?
        Бася зацялася, нібы і не дыхала, абмерла і маўчала.
        – І не кажы, – проста адобрыў стараста. – Нельга такое казаць. Людзі дабро зрабілі, дык і маўчы. Калі і біць будуць. Ці, мусіць, цябе ўжо білі?
        Замест адказу ў парозе пачуўся хліп, за якім прарваўся нясцерпны, балючы плач. Ён быў кароценькі, але столькі дзіцячай роспачы вылілася ў ім, што ўсім у гэтай камеры зрабілася ніякавата.
        Сотнікаў на саломе нібы ачнуўся і на момант зацяў дыханне.
        – Рыбак!
        – Я тут.
        – Там вада была.
        – Што, піць?
        – Дай ёй вады. Ну што ж ты сядзіш!
        Намацаўшы пад сцяной кацялок, Рыбак пацягнуўся ў парог да дзяўчынкі.
        – Не плач. На вады.
        Бася трохі папіла і адразу неяк суцішылася.
        – Ідзі да мяне, – паклікаў Пётра. – Тут во месца ёсць. Будзем сядзець. Во ля сцяны дзяржыся.
        Дзяўчынка ўстала і, нячутна ступаючы ў цемры босымі нагамі, паслухмяна перайшла да старога. Той трохі пасунуўся, даў ёй месца поруч з сабой.
        – Да-а! Папаліся... Што яны яшчэ зробяць з намі?
        Рыбак засяроджана маўчаў, не маючы ахвоты падтрымліваць размову; побач ціхенька стагнаў Сотнікаў. Яны чакалі. Уся іх увага цяпер міжвольна засяродзілася на прыступках – адтуль ішла бяда.
        І сапраўды, чакаць яе доўга не давялося.
        Праз якую гадзіну там затупацелі знаёмыя крокі, пачулася злосная гамонка: «Ідзі, ідзі!» – «Каб цябе так у пекла гналі, нячысцік!» – «Ану, варушыся, а то як дзвіну!» – злосна прагырчаў мужчынскі голас. На прыступках затупалі, замацюкаліся. Сумнення не было – гэта вялі Дзёмчыху.
        Але чамусьці яе таксама не пагналі ў ранейшую камеру – крокі спыніліся ля іхніх дзвярэй, загрымеў засоў, і той самы, ужо добра знаёмы ім Стась піхнуў Дзёмчыху цераз парог. Жанчына спатыкнулася, зачапілася за Рыбаковы ногі, упала і голасна залямантавала ў цемры:
        – Куды ты піхаеш, нягоднік! Тут мужыкі, а Божачка мой!..
        – Давай, давай! Чорт цябе не возьме! – прыкрыкнуў Стась. – Да ранку перабудзеш!
        – А ўранку што? – запытаў Рыбак, раптам учуўшы нейкі намёк у голасе паліцая.
        Стась ужо прычыніў быў дзверы, але зноў расчыніў іх і гаркнуў у шчыліну:
        – А ўранку грос алес капут – во што? Фарштэйн?
        «Капут? Як капут?» – трывожна пранеслася ў збянтэжанай свядомасці Рыбака. Але сэнс гэтага слова быў надта выразны, каб доўга сумнявацца ў ім, і гэтая яго выразнасць ударыла, як аглаблёй па галаве. Значыць – уранку канец!
        Амаль не адчуваючы сябе, Рыбак механічна падцягнуў ногі, даў прымасціцца ля парога жанчыне, якая ўсё хліпала, смаркалася, нарэшце пачала ўздыхаць – спакойнець...
        Хвіліну яны ўсе маўчалі, потым Пётра памяркоўна разважыў:
        – Што ж зробіш, калі папаліся. Адкуль ты, жанчынка?
        – З Паддуб’я, калі ведаеце.
        – Ведаю, а як жа. Чыя ж ты там будзеш?
        – Ды Дзёмкі Вокуня жонка.
        Імкнучыся як-небудзь прыцяць у сабе нядобрыя прадчуванні, Рыбак пад сцяной пачаў прыслухоўвацца да Дзёмчыхі. Чамусьці ён не хацеў адзывацца, тым болей што Дзёмчыха, мабыць, не пазнала яго ў цемры. Але яны пазнаёміліся ўжо з яе сварлівым характарам, і цяпер, апынуўшыся ў такім становішчы, Рыбак думаў, што гэтая цётка яшчэ ўчыніць ім тут скандал – было за што. Але яна памалу спакойнела, яшчэ раз высмаркалася. Голас яе пакрысе рабіўся цішэйшы, такі, якім яна размаўляла з імі ў вёсцы. Хіба толькі трудныя паўзы між яе адрывістых фраз сведчылі пра яе перажыванні.
        – Дзяла, – заклапочана сказаў Пётра. – А Дзёмка ў войску?
        – Ну. Дзёмка там недзе горачка прымае, а з мяне тут знушчаюцца. Забралі во! Дзяцей на каго пакінулі? Як яны будуць там без мяне! Ой, дзетачкі мае родненькія!..
        Толькі што сціхшы, яна загаласіла-заенчыла зноў, і гэты раз ніхто яе не суцяшаў, не супакойваў – было не да таго. У камеры злавесна гучалі страшныя словы Стася; яны прыгнялі, устрывожылі, змусілі нядобра апанурыцца ўсіх, апроч хіба старасты, які аставаўся знешне спакойны і разважлівы. Між тым Дзёмчыха неяк нечакана, нібы ўсё выплакаўшы, паўздыхала і спакойней ужо зазначыла:
        – Во людзі! Як звяры! Глядзі, якім чортам стаў гэты Пронька.
        – Партноў, ці што? – падтрымаў размову Пётра.
        – Ну. Я ж яго кавалерам памятаю – тады ўсе Пронькам звалі. А пасля на настаўніка вывучыўся. Ягоная ж матка на хутары жыла, дык каждае лета на малако ды на яблычкі прыязджаў. Наглядзелася. Такі ласкавы быў, «дабрыдзень» усё раздаваў, з мужчынамі за ручку здароўкаўся.
        – Знаю Партнова, а як жа, – сказаў Пётра. – Супраць Бога, бывала, агітаваў. Ды так складна...
        – Вужака ён быў. І ёсць вужака. Не ўсе ведаюць толькі. Культурны.
        – А паліцайчык гэты таксама з вашага боку бытта?
        – Стась? Наш. Піліпёнак малодшы. За панажоўшчыну пасадзілі, ды вярнуўся, як пачалося гэта. І што вырабляць стаў – страх. У мястэчку ўсё з жыдоў знушчаўся. Біў, казалі, страляў. Дабра нацягаў – Божачка мой! Усю хату заваліў. А цяпер во і да нас, хрышчоных, дабраўся.
        – Гэта так, – пагадзіўся Пётра. – З жыдоў пачалі, а, глядзі, намі скончаць.
        – Каб ім на асіне вісець, вырадкам гэтым.
        – Я во ўсё думаю, – заварушыўся стараста. – Гэтыя нашы, каторыя з імі? Як во іх разумець? Жыў, еў каторы, людзям у вочы глядзеў, а цяпер займеў вінтоўку і ўжо застрэліць меціцца. І страляюць! Колькі перабілі...
        – Як гэты, як яго... Будзіла ваш, – са злосцю напомніў Рыбак.
        – Хапае. І Будзіла, і ці мала яшчэ якіх, тутэйшых і чорт ведае адкуль. Любіцеляў паразбойнічаць. Што ж, цяпер ім прыволле, – глухім басам разважаў лясінаўскі стараста.
        Штосьці ўспомніўшы, яго нецярпліва перапыніла Дзёмчыха:
        – Кажуць, Хадаронак гэты, што ўночы падстрэлілі, здох. Каб ім усім паздыхаць, гадаўю гэтаму.
        – Усе не паздыхаюць, – сказаў, уздыхнуўшы, Пётра. – Хіба што нашыя пераб’юць.
        На саломе заварушыўся, задыхаў, спрабаваў падняцца ды зноў апаў долу Сотнікаў.
        – Вы даўно так думаеце? – прасіпеў ён.
        – А што ж думаць, сынок? Усім ясна.
        – Ясна? Як жа вы тады ў старасты пайшлі?
        Настала няёмкая цішыня, усе змоўклі, насцярожаныя гэтым зласнаватым пытаннем. Нарэшце Пётра, нешта адолеўшы ў сабе, загаварыў дрыготкім, мусіць, ад хвалявання, голасам:
        – Я пайшоў! Калі б ведалі... Нягожа гаварыць тут. Хаця што ўжо цяпер таіцца. Адбрыкваўся, як мог. У раён не ехаў. Хіба я дурны, не разумею, ці што. Ды во гэтак уночы раз – тут-тук у акно. Адчыніў, гляджу – наш былы сакратар з раёна, начальнік міліцыі і яшчэ двое, пры зброі. А сакратар мяне ведаў калісь, яшчэ ў калектывізацыю адвозіў яго пасля сходу. Ну, слова за слова, кажа: «Чулі, цябе ў старасты мецяць. Дык пагаджайся. А то Будзілу паставяць – усім горай будзе». Во і пагадзіўся на сваю галаву.
        – Да-а, – няпэўна сказаў Рыбак.
        – Паўгода выкручваўся. А цяпер што рабіць? Давядзецца пагінуць.
        – Пагінуць справа няхітрая, – буркнуў Рыбак, канчаючы непрыемную яму размову. Тое, што паведаміў пра сябе стараста, не было нечаканасцю – пасля допыту ў Партнова Рыбак аб чым-колечы ўжо здагадваўся. Але цяпер ён быў цалкам заняты сваім клопатам і болей за ўсё баяўся, каб некаторыя з яго выказаных тут меркаванняў не дайшлі да вушэй паліцыі і не абарвалі апошнюю нітачку яго спадзяванняў.
        Сотнікаў між тым, расплюшчыўшы вочы, моўчкі ляжаў на саломе, не ведаючы яшчэ, верыць пачутаму ці ўсумніцца. Аднак падобна было – стараста гаварыў праўду. Але што ж тады выходзіла? Выходзіла нешта зусім малапрыемнае для іх. У спакучанай свядомасці Сотнікава з’явілася адчуванне нейкай недарэчнай памылкі адносна Пётры. Але хто ў ёй вінаваты? Ніхто, мабыць, не мог прадбачыць такога выніку – шэраг выпадковых няўвязак прывёў да такога канца. Хаця тут трэба было яшчэ разабрацца, тады як у выпадку з Дзёмчыхай усё было зразумела: Дзёмчыха – жывы дакор іх недаравальнай абыякавасці. З некаторым страхам прыслухоўваючыся цяпер да рухаў жанчыны, Сотнікаў таксама чакаў, што кабета пачне іх лаяць апошнімі словамі. Ён не ведаў, чым бы тады адказаў ёй і чым супакоіў. Але пакуль што яна ўсю сваю злосць скіроўвала на паліцыю і немцаў – іх жа з Рыбаком і не ўспамінала, нібы яны не мелі дачынення да яе бяды. На жахлівае паведамленне Стася яна таксама, здаецца, не рэагавала, можа, не зразумела яго ці проста не звярнула ўвагі.
        Зрэшты, зразумець яго было страшна нават ужо навучанаму іхнім парадкам Сотнікаву. Ён таксама не мог даўмецца, ці паліцай палохае іх, ці сапраўды вырашана скончыць з усімі ў адзін дзень? Няўжо ім не хапіла б дзвюх смерцяў – яго з Рыбаком, навошта яшчэ забіваць і Дзёмчыху, і гэтага старасту, і дзяўчынку? Неверагодна, але, мусіць, так, думаў Сотнікаў. Скарпіён павінен джаліць, інакш які ж ён скарпіён? Дзеля таго і пазапіхвалі іх у адну камеру. Камеру смертнікаў.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.