РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сотнікаў
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
19
        
19

        
        Рыбак выпусціў падстаўку і адхіснуўся – ногі Сотнікава загойдаліся побач, збітая імі шапка ўпала на снег. Рыбак адскочыў, але тут жа нагнуўся і выхапіў яе з-пад вісельніка, які ўжо супакоена раскручваўся на вяроўцы, апісваючы круг у адзін, потым у другі бок. Рыбак не адважыўся зірнуць на яго твар – ён бачыў перад сабой толькі жахліва выпрастаныя ў паветры ногі – адну ў растаптаным бурку і побач неяк вывернутую пятою ўбок брудную, ссінелую ступню з падсохлай паскай крыві на костачцы.
        Усё было скончана.
        Утрапенне жаху трымалася ў ім нядоўга – усяго некалькі кароткіх секунд; намаганнем волі Рыбак перасіліў у сабе збянтэжанасць і, занепакоены няпэўнасцю ўласнага лёсу, азірнуўся. Побач, між Сотнікавым і Дзёмчыхай, лёгка матлялася пятая вяроўка – ці не стане яна ягонай?
        Аднак нічога, здаецца, не пацвярджала гэтага яго апасення. Будзіла выцягнуў з-пад Дзёмчыхі жоўтую скрынку, забралі з-пад аркі ўслон. Яму здаля нешта крыкнуў Стась, але, усё яшчэ знаходзячыся пад уражаннем таго, што адбылося, Рыбак не зразумеў ці не пачуў яго і стаяў, не ведаючы, куды падацца. Купка немцаў і цывільнага начальства пад будынінай пачала радзець – там разыходзіліся, гамонячы, закурваючы цыгарэты, з ажывелаю прыўзнятасцю ў настроі, як пасля ўдала скончанай, увогуле неблагой і нават цікавай справы. І тады ён нясмела яшчэ паверыў: мабыць, пранесла.
        Так, пранесла, яго не павесяць, ён будзе жыць. Карнае мерапрыемства скончылася, знімалі ахову, людзям дазволілі разысціся, і жанчыны, падлеткі, старыя прыціхла павалакліся па абодвух баках вуліцы. Некаторыя часам спыняліся, азіраліся на чатырох вісельнікаў, жанчыны аціралі слёзы і ішлі далей. Паліцэйскія наводзілі апошні парадак ля шыбеніцы. Стась са сваёй нязменнай вінтоўкай на плячы адкінуў нагой цурбан з-пад лішняй пятлі і зноў крыкнуў Рыбаку. Той не так зразумеў, як здагадаўся, што трэба было, і, дастаўшы з-пад Сотнікава падстаўку, кінуў яе пад штыкетнік. Калі ён павярнуўся, Стась стаяў насупраць са сваёй звычайнай усмешлівай маскай на твары. Вочы яго пры тым аставаліся падазрона сцюдзёныя.
        – Гы-гы! Аднак маладзец! Спасобны, падла!
        І паліцай з такой сілай ляпнуў Рыбака па плячы, што той ледзьве ўстаяў на нагах, падумаўшы сабе: «Каб ты здох, сволач!» Але зірнуўшы ў яго сыты, выцягнуты дзеравянай усмешкай твар, таксама ўсміхнуўся – крыва, аднымі вуснамі.
        – А ты думаў...
        – Правільна! А што там, падумаеш! Бандыта шкадаваць...
        «Пастой, што гэта? – не зразумеў Рыбак. – Пра каго ён? Ці не пра Сотнікава?»
        Не адразу, але ўсё выразней ён пачаў разумець, што той мае на ўвазе, і, мабыць, упершыню непрыемны халадок вінаватасці крануўся яго пачуцця. Але ён яшчэ не хацеў верыць у сваю прычаснасць да гэтай расправы – пры чым тут ён? Хіба гэта ён? Сотнікаў сам узлез, сам скочыў з цурбана. Ён толькі трымаў. І то па загаду.
        Чацвёра павешаных ціха і важка пакручваліся на напятых вяроўках – усе збочыўшы галовы, з ненатуральна перацятымі ў петлях шыямі. Нехта з паліцаяў прыладжваў кожнаму на грудзі фанерку з надпісам на расейскай і нямецкай мовах. Рыбак не стаў чытаць таго надпісу, ён наогул стараўся не глядзець туды – пятая пустая пятля няздзейсненай пагрозай гняла і палохала яго. Ён думаў, што, можа, яе адвяжуць ды прыбяруць з гэтай вісельні, тады б яму было ўжо спакойней. Але ніхто з паліцаяў нават не падышоў да яе.
        Здаецца, усё было скончана, ля павешаных стаў вартавы – малады паліцэйчык у суконнай паддзёўцы з вінтоўкай на плячы. Іншых пачалі строіць. Каб не замінаць, Рыбак саступіў з маставой на вузенькі, утаптаны ботамі тратуар і стаяў так, увесь у насцярожаным чаканні таго, што будзе далей. У ягоных думках была блытаніна, таксама як і ў пачуццях, радасць уласнага паратунку чымсь зацямнялася, але ён яшчэ не мог толкам даўмецца чым. Зноў у ім аднавілася прыціхлае было, але ўпартае жаданне даць дзёру, прарвацца ў лес, трэба было толькі падлавіць адпаведны момант. Цяпер яго ўжо нічога тут не трымала.
        Паліцаі звыкла строіліся ў калону па тры, іх набралася тут чалавек пятнаццаць – рознага зброду ў новенькіх форменных шынялях і пілотках, але траплялі і ў кажушках, ватоўках, чырвонаармейскіх абносках. Адзін нават быў у скуранцы з адрэзанай правай палой. Людзей на вуліцы ўжо амаль не асталося – толькі ў скверыку наводдаль стаяла некалькі падлеткаў і з імі тоненькі хваравіты хлопчык у будзёнаўцы. Разявіўшы рот, ён усё сморгаў носам і ўглядаўся ў шыбеніцу, падобна было – яго дзівіла там лішняя, пятая пятля. Спакваля, відаць, ён зразумеў нешта і пальцам з даўгога рукава паказаў якраз у яго на тратуары. Рыбак з непрыемнасцю цепнуў плячамі і ступіў убок, каб схавацца за паліцаямі, якія ўжо знерухомелі ад звычнай каманды старшага. Старшы той паліцай таксама нібы абмёр ад камандзірскай стараннасці і падцяў да сцёгнаў кулакі, на нямецкі манер выткнуўшы ў бакі локці.
        – Смірна!
        Паліцаі ў калоне страпянуліся і зноў знерухомелі. Старшы абвёў іх злосным, строгім позіркам і спыніў яго на адзінокай постаці збоч тратуара.
        – А ты што? Стаць у строй!
        Рыбак схамянуўся. Гэтая каманда абнадзейвала і азадачвала адначасна. Аднак раздумваць не было калі, ён хуценька скочыў на вуліцу і стаў ззаду за ўсімі, побач з нейкім высокім, у чорнай аўчыннай папасе дзецюком, які непрыязна пакасіўся на яго.
        – Шагам марш!
        І гэта было і зразумела, і звыкла. Рыбак бяздумна ступіў у такт з іншымі, і, калі б не пустыя рукі, якія невядома куды было дзець, можна было б падумаць, што ён зноў у атрадзе, сярод сваіх. І калі б перад вачамі не мільгалі шызыя абшлагі і замусоленыя бела-блакітныя павязкі на рукавах.
        Яны пайшлі ўніз той самаю вуліцай, па якой ішлі сюды, аднак гэта была зусім іншая дарога. Побач бурлілі жвавасць і самазадаволенне – ён быў сярод пераможцаў. На паўгода, дзень ці гадзіну, але адчувалі яны сябе куды як бадзёра, падагрэтыя ўсведамленнем здзейсненай помсты ці проста ўдала скончанай працы; некаторыя ціха перагаворваліся, чуліся смяшкі, і ніхто ні разу не азірнуўся назад, на браму. Затое на іх азіраліся ўсе. Тыя, што брылі цяпер з гэтае акцыі пад сценамі платоў і дамовак, з дакорам, страхам і нясхоўнай нянавісцю ў счырванелых ад плачу жаночых вачах праводзілі гэтую зграю здраднікаў. Іх, аднак, тое не клапаціла і не турбавала, мусіць, яны прывыклі, на бяспраўных запалоханых людзей яны проста не звярталі ўвагі.
        Рыбак жа апаныў душой і думаў з трывогай: трэба змывацца. Можа, вось там, на паваротцы, скочыць за плот і па-за хляўком перабегчы садок, яшчэ адолець плот і прарвацца з мястэчка? Добра, каб блізка быў які лес ці хоць бы хмызняк або раўчак. Або каб дзе ў двары папаўся пад рукі конь.
        Рыпаў снег пад падэшвамі, паліцаі ішлі па-армейску ў нагу, поруч па тратуары крочыў старшы – ладны вайсковец у апярэзаным рамянямі паліцэйскім шынялі. На баку яго целяпаўся нізкавата падвешаны міліцэйскі наган у пацёртай скураной кабуры з меднай праціркай наперадзе. За мастком пярэднія сцішылі крок, нехта там замінаў іх калоне, і старшы пагрозліва крыкнуў. Яны трохі пацясніліся, размінаючыся, – нейкі дзядзька ў пустых развальнях нерастаропна збочваў пад самыя вокны ашалёванай, урослай у зямлю хаціны. І Рыбак раптам аж скалануўся ад рэальнасці свайго жадання кінуцца туды, выхапіць лейцы і ўлупіць па кані – можа б, і вырваўся. Але дзядзька!.. Прытрымліваючы нецярплівага маладога коніка, той азірнуўся на іх начальніка і ўсю іх калону, і, мабыць, міжвольна ў тым яго позірку пыхнула такая нянавісць да іх, што Рыбак зразумеў: не, з гэтым не ўдасца. Але з кім тады ўдасца? І яго нібы абухом па галаве аглушыла нечаканае разуменне, што ўцякаць яму няма куды. Пасля гэтае ліквідацыі – няма куды. З гэтага строю дарогі да ўцёкаў няма.
        Ад раптоўнасці гэтага адкрыцця ён збіўся з нагі, спалохана падскочыў, прапускаючы крок, але зноў ступіў не ў лад, і сусед азваўся пагардлівым басам:
        – Ты што?
        – Анічога.
        – Мабуць, без прывычкі? Наву-учышся.
        Рыбак, аднак, змоўчаў, усё болей выразна разумеючы, што з уцёкамі скончана, што гэтаю ліквідацыяй яго скруцілі лепш, чым учора супоняй. І хоць пакінулі жывога, але нейкім чынам таксама ліквідавалі.
        Так, звароту назад, да ранейшага, цяпер, мабыць, ужо не было – ён гінуў усур’ёз, назусім, і самым неспадзяваным чынам. Цяпер ён скрозь вораг. Усім. І, пэўна, самому сабе таксама.
        Узрушаны і анямелы, ён аніяк не мог даўмецца, як гэта сталася і хто ў тым вінаваты. Немцы? Вайна? Паліцыя? Вельмі не хацелася вінаваціць сябе і дужа карцела ўскласці віну на іншых – на час, на абставіны. Ды і сапраўды, у чым быў вінаваты ён сам? Хіба ён выбраў сабе такі лёс? Хіба ён не змагаўся да самага канца? Болей і напружаней, чым нават гэты разумнік Сотнікаў? Зрэшты, з усіх у ягоным няшчасці найболей быў вінаваты Сотнікаў. Калі б ён не захварэў, не падлез пад кулю, не вымусіў столькі валэндацца з сабой, Рыбак, мусіць, даўно быў бы ўжо ў лесе. А цяпер вось таму дык усё роўна ў вяроўцы на браме, а яму як, жывому?..
        Усё ўвачавідкі рушылася, гінула, здабытае цаной такіх намаганняў у барацьбе за самае дарагое – жыццё. І на чорта яму цяпер тое жыццё? Каб служыць немцам?
        У бязладным цягучым одуме, ад якога блыталася, цьмела свядомасць, Рыбак датупаў з калонай да знаёмых варот паліцыі. На вялікім двары іх спынілі, па камандзе звыкла павярнулі да памяшкання. Ля ганка ўжо стаялі начальнік, следчы Партноў і двое ў нямецкай вайсковай форме. Старшы паліцай зычна далажыў, што каманда з ліквідацыі прыбыла. Начальнік прыдзірліва агледзеў калону.
        – Вольна! Дваццаць хвілін перакур, – сказаў ён і позіркам зачапіўся за Рыбака. – Ты зайдзі да мяне.
        – Ёсць! – мярцвеючы ад чагось непазбежнага, што зусім падступіла да яго, буркнуў Рыбак.
        Сусед таўхнуў яго локцем у бок.
        – Яволь, а не ёсць. Прывыкаць нада.
        «Пайшоў ты к д’яблу! – вылаяўся ў думках Рыбак. – І наогул хай усё ідзе к д’яблу. У тартарары. Навек!»
        Каманду распусцілі. Рыбака ўсё болей апаноўвала разгубленасць, ён кідаў наўкола здзічэлыя позіркі і не ведаў, куды падацца. Вакол гаманілі, тапталіся паліцаі, лязгала зброя, у паветры запахла салодкім дымком цыгарэт. Накаторыя скіравалі ў памяшканне, адзін павярнуў да вузкай дашчанай збудоўкі з дваімі дзверкамі на драўляных закрутках. Рыбак бокам таксама падаўся туды.
        – Эй, ты! Куды?
        Ззаду з чуйнай устрывожанасцю ў вачах стаяў Стась.
        – Зараз. На хвілінку.
        Здаецца, ён сказаў спакойна, стаіўшы ў сабе свой адзіна магчымы цяпер намер, і Стась адвярнуўся да купкі сяброў: там абмяркоўвалі акцыю. Але к д’яблу! Усіх і ўсё! Рыбак ірвануў скрыпучыя дзверы, зашчапіўся на драцяны кручок, паглядзеў угору. Столь была невысокая, але, мабыць, для яго справы вышыні хопіць. Між няшчытна пакладзеных дошак чарнелі пасткі толю, за папярэчыну лёгка можна было прадзець папружку. Са злоснай рашучасцю ён расшпіліў кажушок і раптам схамянуўся – папружкі на штанах не было. І як ён забыўся, што яе адабралі перад тым, як пасадзіць іх у склеп. Рукі яго марна замітусіліся ў адзежы, але нідзе ў яго не знаходзілася нічога, на тое здатнага.
        За перагародкай глуха тупнулі боты, цягуча праскрыпелі дзверы. Рыбак сцяўся ў абсалютнай бездапаможнасці – не было нават магчымасці выканаць сваю апошнюю волю. Хоць ты рынься галавой уніз. Неадольная роспач ахапіла яго, і ён аж застагнаў ад нясцерпнасці, гатовы заплакаць.
        Але знаёмы голас знадворку вярнуў яму частку цвярозасці.
        – Ну ты доўга там? – пракрычаў здалёку Стась.
        – Счас, счас...
        – Начальства заве.
        Ну вядома, начальства не любіць чакаць, да начальства належыць з’яўляцца бягом. Тым больш калі вырашана зрабіць цябе паліцаем. Яшчэ ўчора ён марыў пра тое, як пра збавенне. Сёння ж здзяйсненне гэтае мары абарочвалася катастрофай.
        Рыбак высмаркаўся і, не адразу трапляючы гузікамі ў пятлю, зашпіліў кажушок. Мусіць, ужо нічога не зробіш – такі яго лёс. Ненавісны вайсковы лёс, які гэтак яго ашукаў. Не могучы зрабіць што іншае, Рыбак адкінуў кручок і, стараючыся зацяць у сабе разгубленасць, ступіў з прыбіральні.
        На парозе, нецярпліва выглядаючы яго, стаяў начальнік паліцыі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.