|
11 У тым, што яны прапалі, Сотнікаў не сумняваўся ні на хвіліну, намеру ўцякаць у яго не было, надзеі на літасць паліцаяў таксама. І ён напружана маўчаў, прыдушаны цяжарам свае віны, што вісела над ім падвойным грузам. Асабліва яго непакоіла Дзёмчыха. Пакуль, аднак, невядома было, што дазналіся пра яе паліцаі і наколькі сур’ёзнае іх падазрэнне адносна яе сувязі з лесам. Ён думаў таксама і пра начную перастрэлку, у якой, мяркуючы па ўсім, дасталося некаму з гэтых бобікаў. Нейкаму Хадаронку. Вядома, падстрэліў яго Сотнікаў, тут ужо ні Рыбак, ні тым болей Дзёмчыха ні пры чым. Яны ўязджалі ў мястэчка. Дарога ішла між прысадаў – два рады крывых вербаў стылі абапал гасцінца, пасля пачалася вуліца. Было ўжо не рана, але сям-там дымілі каміны, невысока пад заінелымі стрэхамі ў марознай смузе вісела зімовае сонца. Наперадзе цераз вуліцу таропка перайшла кабета з каромыслам на плячах. Адышоўшыся па сцежцы да дома, прыпынілася, пільна паглядзела на гэтыя двое саней з паліцаямі. У двары насупраць выскачыла з хаты проставалосае, у галёшах на голых нагах дзяўчо, пляснула на снег памыямі, таксама зыркнула на дарогу і хуценька схавалася ў дзвярах. Недзе гаўкаў сабака, мітусіліся вераб’і ў голым галлі дрэў. Тут ішло сваё – трывожнае, палахлівае, але ўсё ж мірнае жыццё, якога даўно не ведалі, а цяпер ужо ніколі не ўведаюць яны. Сані пераехалі масток і каля драўлянага двухпавярховага дома павярнулі ў бакавую вулічку. Мусіць, яны пад’язджалі. Як ні дзіўна, Сотнікаву хацелася як найхутчэй прыехаць, ён пакутна намёрзся на ветры ў полі; паселішча, як заўжды, абяцала які-ніякі прытулак, хоць гэты раз, вядома, прытулак іх не парадуе. Але ўсё роўна карцела хутчэй у якое памяшканне, каб хоць трохі сагрэцца. Яшчэ здаля Сотнікаў угледзеў вароты і ля іх паліцая ў кажусе з вінтоўкай, побач месцілася ладная цагляная дамоўка, пэўна – колішняя крама ці якая ўстанова, з чатырма закрачанымі вокнамі. Калі яны пад’ехалі бліжэй, паліцай закінуў за спіну вінтоўку і расчыніў вароты. Абое саней уехалі на даволі прасторны, ачышчаны ад снегу двор са старой абгрызенай конавяззю, нейкім хляўком і дашчанай шпакоўняю-прыбіральняй у куце. На ганку з’явіўся яшчэ адзін паліцай – франтаваты малады хлапец у нямецкім кіцелі з белай павязкай на рукаве. – Прывезлі? – А то як жа! – ахвотна азваўся Стась. – Мы ды каб не прывезлі. Во, прымай галубчыкаў! Ён лёгка саскочыў з саней, паддаў локцем вінтоўку – тут ужо ў ёй не было пільнай патрэбы, тут не ўцячэш. Пакуль возчык і Рыбак вылазілі з саней, Сотнікаў паныла аглядаў будыніну, дзе, мяркуючы па ўсім, ім хутка давядзецца сербануць ліха: мураваныя сцены, высокі ганак з паддашкам, крутыя прыступкі ў склеп. Адно з закрачаных вокнаў было пабіта, а ніжнія шыбы застаўлены жоўтымі фанерынамі з абрыўкамі нейкага гатычнага надпісу. Усё тут было прыбрана, падмецена. Тым часам паліцай у кіцелі дастаў ключ і па сходках пайшоў уніз да дзвярэй пад ганкам – там на пагрэбчыку віднеўся здаравенны вісячы замок з перакладзінай. – Давай усіх сюды! Ужо ўсе павылазілі з саней – Стась, Рыбак з возчыкам, воддаль паліцаі з тых развальнёў і Дзёмчыха, ад выгляду якой у Сотнікава жаласна сцялася сэрца: яе за што? Са звязанымі ззаду рукамі яна згорбілася, угнулася, хусцінка спаўзла на патыліцу, а ў роце дзіка і недарэчна ўсё тырчала суконная рукавіца – відаць, яны не спяшаліся вызваляць яе ад гэтага кляпа. Сотнікаву аднанож было горш выбрацца з саней; як ні павярніся – заходзілася болем нага. Трываючы той боль, усё ж вылез на снег і трохі скокнуў каля саней. Ён знарок прычакаў Дзёмчыху і, калі тая параўнялася з ім, унікаючы яго позірку, падняў абедзве звязаныя рукі і рвануў за рукавіцу. – Ты што? Ты што, чмур?! – гыркнулі ззаду, і ў наступнае імгненне ён паляцеў тварам на снег, збіты лютым ударам нечага бота. Боль у назе абцугамі сцяў яго адчуванне, ён сашчаміў зубы, але не здзівіўся і не пакрыўдзіўся – ён прыняў гэты ўдар як заслужаны. Пакуль ён, кашляючы, узграбаўся на адно калена, недзе побач абурана гудзеў знаёмы бас старшага паліцая: – Ах ты, вырадак камісарскі! Бач – самаўпраўца! Ану, цягні яго ў штубу! Да Будзілы яго! Аднак ззаду, выкрыкваючы праклёны Гітлеру, залямантавала Дзёмчыха, і яны там усе разам накінуліся на яе. У іх злоснай хватцы і ў галасах адчувалася набрынялая злая варожасць, якая кожную секунду гатова было выбухнуць з усёй сваёй лютасцю. Тут, вядома, было яшчэ горш, чым там, дзе іх узялі, або ў дарозе, тут на поўную сілу даваў сябе знаць крыважэрны фашысцкі орднунг. Чалавек тут пераставаў быць чалавекам і ператвараўся ў часова жывую істоту, пазбаўленую права і цалкам аддадзеную ва ўладу гэтае банды наймітаў. Апеляваць да справядлівасці ці сумлення тут было бескарысна. Усё той лёгкі на падхваце Стась падскочыў да яго, дужа хапіў пад паху, тузануў; ён зноў упаў голымі звязанымі рукамі на снег, але бяздушная сіла гэтага паліцая падхапіла-павалакла яго да ганка, пхнула ў дзверы. Ратуючы хворую нагу, ён дужа ўдарыўся плячом аб вушак. Стась адным дыхам правалок яго па калідоры, шырока расчыніў яшчэ нейкія дзверы і дужым рыўком кінуў на затаптаную, у мокрых слядах падлогу. Сам жа на развітанне вылаяўся, пнуў яго ботам і з сілай грукнуў дзвярыма. Стала ціха. Было толькі чуваць, як дзесь, нібы з рукамыйніка, капала вада і за сцяной бубніў нейкі голас. Сотнікаў, трываючы боль і задышку, марудна адольваючы слабасць, падняў галаву. У пакоі болей нікога не было, гэта трохі здзівіла. Ён з нечаканай надзеяй зірнуў на акно, але яно было моцна загароджана кратамі з самадзелкавых, прыбітых да вушака прантоў. Не, адсюль не ўцячэш! Зразумеўшы гэта, ён расслаблена апусціўся на падлогу, без цікавасці агледзеўся. Пакой меў звычайны казённы выгляд, здаваўся няўтульным і пуставатым, хоць тут быў засланы шэрай байкавай коўдрай стол, аблезлае крэсла за ім і лёганькае гнутае крэселка ля печы-галандкі, ад чорных круглых бакоў якой ішло густое, такое прыемнае цяпер цяпло. Але ззаду па падлозе цякла з дзвярэй сцюжа. Сотнікаў азябла скалануўся і, стрымліваючы стогн, патроху-памалу з асцярогай выцягнуў убок параненую нагу. «Ну вось, тут усё і скончыцца! – журботна падумаў ён. – Дай толькі, Божа, стрываць!» Ён разумеў, што падышоў да свае мяжы, свайго галоўнага рубяжа, а сілы ў яго было дужа мала. І ён найбольш непакоіўся, што можа не стрываць фізічна, – іншага ён не баяўся. Дыхнуўшы цёплага паветра, ён пачаў кашляць, як заўжды, да сутаргавых спазмаў у грудзях, да болю ў галаве, – самым прывязлівым кашлем, які дапякаў яму другі дзень. Так кепска ён даўно ўжо не кашляў, мабыць, з дзяцінства, калі сваёй прастудай выклікаў нямала трывог у маці, якая бясконца перажывала за яго слабыя лёгкія. Але тады нічога не здарылася, ён перарос хваробу, дажыў да дваццаці шасці год. А цяпер што ж – цяпер здароўе ўжо не мела для яго вялікага значэння. Цяпер было важна іншае. Праз кашаль ён не пачуў, як у пакоі з’явіўся яшчэ нехта, ён толькі ўбачыў боты, не дужа новыя, але дагледжаныя, з падбітымі наскамі і дбайна наваксаванымі халявамі. Сотнікаў падняў голаў. Насупраць стаяў немалады ўжо мужчына ў цёмным цывільным пінжаку пры гальштуку, павязаным на нясвежую, у палоску кашулю, у ладных, вайсковага крою брыджах. У паглядзе яго маленькіх, але надта пільных вочак было нешта гаспадарскае, спакойнае, у меру заклапочана разважлівае; пад носам тапырылася шчотачка коратка падстрыжаных вусікаў – як у Гітлера. «Будзіла, ці што?» – падумаў Сотнікаў, хоць нічога з таго пагрозліва-звераватага, якое паліцаі прыпісвалі гэтаму чалавеку, у ім не было зусім. Аднак адчувалася, што гэта начальства, і Сотнікаў сеў на падлозе трохі раўней, наколькі гэта дазваляла яго балючая нага. – Гэта хто вас? Гаманюк? – запытаў чалавек стрыманым начальніцкім тонам. – Стась ваш, – з неспадзяванай ноткай скаргі сказаў Сотнікаў, тут жа, аднак, пашкадаваўшы, што не стрымаў незалежнасці тону. Начальнік рашуча расчыніў у калідор дзверы. – Гаманюка ка мне! Кашаль у Сотнікава пакрысе суняўся, была толькі слабасць, і надта нязручна было апірацца на звязаныя рукі. Ён пакутаваў, не зусім разумеючы сэнс заступніцкага намеру гэтага чалавека. Тым не менш праз паўхвіліны ў пакой уваліўся той самы Стась і з падкрэсленай услужлівасцю стукнуў абцасамі сваіх франтаватых ботаў. – Слухаю вас! Гаспадар пакоя набычыў велікаваты для яго тхарынага тварыка выпуклы, з глыбокімі залысінамі лоб. – Што такое? Пачаму зноў грубасць? Пачаму на пол? Пачаму без мяне? – Вінават! – як дураслівы, варухнуў локцямі і яшчэ больш выцягнуўся Стась. Але па той бяздумнай стараннасці, з якой ён рабіў гэта, таксама як і па бясстраснай строгасці яго начальніка, Сотнікаў адразу западозрыў, што перад ім пачынае разыгрывацца бяздарны імправізаваны фарс. – Хіба такая была інструкцыя? Так нас вучыць германскае камандаванне? – нібы крывымі цвікамі да падлогі, прыбіваў ён паліцая сваімі пытаннямі, а той з фальшывай бояззю толькі пяў грудзі. – Вінават! Болей не буду! Вінават! – Да палонных належаць адпаведныя адносіны. Нямецкія ўлады гатовы шанаваць тых, хто сам здаўся... Не, годзе! Як нямецкія ўлады шануюць палонных, Сотнікаў ужо ведаў, і не стрымаўся, каб не разбурыць усёй гэтай наіўнай самадзейнасці. – Дарма стараецеся! Паліцэйскі трохі паспешліва павярнуўся, азадачана нахмурыў лоб. – Што вы сказалі? – Што чулі. Развяжыце рукі. Я не магу так сядзець. Паліцэйскі нешта разважыў, свідруючы яго насупленым позіркам, але, мусіць, зразумеў, што баяцца няма чаго, і сунуў руку ў кішэню. Падчапіўшы кончыкам нажа тры столкі супоні, ён адным махам перарэзаў яе і схаваў нож. Сотнікаў разняў набрынялыя рукі, на запясцях якіх чырванелі рубцы. – Што яшчэ? – Піць! – сказаў Сотнікаў. Ён рашыў, пакуль ёсць магчымасць, пакарыстацца паблажлівасцю гэтага чалавека, каб пасля ўжо трываць. Паліцай кінуў Гаманюку: – Дай вады! Той выскачыў у калідор, а паліцай зайшоў за стол і нетаропка ўмясціўся ў сваё крэсла. Увесь час ён паводзіў сябе падкрэслена стрымана, нібы таіў штось важнае для арыштанта. Позірк яго вострых, чымсь заклапочаных вачэй амаль не сыходзіў з Сотнікава. – Можаце сесці на стул. З дапамогай рук Сотнікаў перабраўся да крэсла і прысеў там, адставіўшы ўбок нагу. Хоць трошкі, ды стала зручней, так ужо можна было трываць. Ён уздыхнуў і паглядзеў за печ, у кут ля акна, не адразу зразумеўшы, што шукае не што іншае, як прылады катавання – мусіць жа, яны павінны тут быць. Але нічога здатнага для таго тут не было відаць. Між тым адносіны яго з гэтым паліцаем перайшлі за мяжу ўмоўнасці. Сотнікаў адчуваў: паколькі гульня не ўдалася, неўзабаве пачнецца размова па сутнасці, якая абяцала мала прыемнага. І ён стараўся сабраць свае сілы, падрыхтавацца ўнутрана, каб вытрымаць да канца. Тым часам Стась Гаманюк прынёс кварту вады, падаў Сотнікаву, і той выпіў усю. Паліцай з-за стала падазрона сачыў за кожным ягоным рухам, нешта ўсё разважаў ці, можа, стараўся што адгадаць. – Ну, пазнаёмімся, – даволі міралюбна сказаў ён, калі Стась выйшаў. – Маё прозвішча Партноў. Следчы паліцыі. Вось так. – Маё вам нічога не скажа. – А ўсё ж? – Ну Іваноў, дапусцім, – сказаў Сотнікаў праз зубы – балела нага. – Не настойваю. Хай будзе Іваноў. Так і запішам, – пагадзіўся следчы, хоць нічога і не запісваў. – З якой банды? Ого, так адразу ўжо і пра банду? Перш чым адказаць на такое больш чым непрыемнае пытанне, Сотнікаў памаўчаў. Партноў, свідруючы яго позіркам, узяў са стала запэцканы чарнілам драўляны прэс, пакруціў у руках. Сотнікаў невідушча пазіраў на яго пальцы і не ведаў, як лепш: гуляць у паддаўкі ці адразу адмовіцца ад паказанняў, каб не блытацца ў хлусні. Тым болей што ў хлусню гэту, мабыць, не надта павераць. – А вы думаеце, я вам скажу праўду? – Скажаш, – проста і з такой натуральнай упэўненасцю сказаў следчы, што Сотнікаву стала не па сабе, і ён спадылба запытальна паглядзеў на паліцэйскага. – Скажаш! Пачатак не абяцаў нічога добрага. На гэта пытанне ён, вядома, адказваць не будзе, але і іншыя, мабыць, не будуць лягчэйшыя. Следчы чакаў, гуляючы з прэсам. Рухі ягоных рук былі спакойна-ўпэўненыя і неспяшлівыя, аднак гэтаю самай неспяшлівасцю і выдавалі стоеную да пары напружанасць. Дзіўна, што з выгляду ён быў зусім мала падобны на ката-следчага, які меў на рахунку, відаць, не адно загубленае жыццё, а хутчэй нагадваў сціплага сельскага служачага. І ўсё ж нешта ў ім таілася невядомае, загадкавае і страхавітае. Сотнікаў чакаў, калі яно выбухне з лютасцю, ён толькі не ведаў, за якім пытаннем здарыцца тое. – Якое мелі заданне? Куды ішлі? З якога часу ў вас агентам гэтая жанчына? – Ніякі яна не агент. Мы выпадкам зайшлі ў яе хату, узлезлі на гарышча. Яе і дома ў той час не было, – знешне спакойна растлумачыў Сотнікаў. – Ну вядома, выпадкам. Так усе гавораць. А да лясінаўскага старасты вы таксама зайшлі выпадкам? Ага, во як! Значыць, ужо дазналіся і пра старасту? Хаця данёс, мабыць, у той самы вечар. Пашкадавалі, называецца, – з непрыемнасцю падумаў ён пра старасту. Аднак выходзіла, што паліцаі ведалі пра іх куды больш, чым яны на тое разлічвалі, і Сотнікаў на хвіліну сумеўся. Мусіць, гэта быў разлічаны ход у допыце. Следчы са з’едлівасцю на твары адзначыў дасягнуты ім эфект, кінуў свой прэс і закурыў. Пасля акуратна прыбраў са стала партабак, запальнічку, крошкі тытуню здзьмухнуў на падлогу. Праз дым уважліва паглядзеў на яго, чакаючы адказу. – Да, выпадкам, – пасля паўзы цвёрда сказаў Сотнікаў. – Не арыгінальна. Вы ж разумны чалавек, а хочаце выехаць на такой прымітыўнай хлусні. Трэ было б прыдумаць нешта хітрэйшае. Гэта ў нас не пройдзе. Не пройдзе, мабыць, так. Але чорт з ім. Быццам ён спадзяваўся, што пройдзе. Ён наогул ні на што не спадзяваўся. Было толькі шкада няшчаснае Дзёмчыхі, якую невядома як было выгарадзіць. – Вы можаце зрабіць з намі што хочаце, – стараючыся як мага памяркоўней, сказаў Сотнікаў. – Але не чапайце жанчыны. Проста яе хата аказалася з краю. А я не мог ісці далей. – Дзе паранены? – У нагу. – Я не пра тое. Дзе, у якім раёне? – У лесе. Два дні назад. – Не пройдзе, – гледзячы ва ўпор, заявіў следчы. – Заліваеце. Не ў лесе, а на бальшаку гэтай ноччу. Чорт! Ведае пэўна ці ловіць? – апанурыўся Сотнікаў. Але як жа трымацца далей? Няўдала схлусіш у дробязях – не павераць і ў праўду. А праўду пра Дзёмчыху вельмі неабходна было давесці гэтаму прыслужніку, ды ён адчуваў, што давесці яе будзе цяжэй, чым якую хлусню. Сітуацыя ў самым пачатку складвалася самым найгоршым чынам. – А калі я, напрыклад, пацверджу, вы адпусціце жанчыну? Вы можаце гэта абяцаць? Вочкі следчага са злосцю, здаецца, пранізалі Сотнікава. – Я вам нічога не абавязаны абяцаць. Я задаю пытанні, а ваш абавязак адказваць. Значыць, не ўдасца, паныла думаў Сотнікаў. Вядома, са сваіх рук яны нікога не выпускаюць. Знаёмая завядзёнка. Тады, мабыць, прапала Дзёмчыха. – Нізашто пагубіце жанчыну. А ў яе трое малых. – Губім не мы. Губіце вы! Вы яе ў банду ўцягнулі. Чаму тады не думалі пра дзяцей? – жорстка дакараў следчы. – А цяпер позна. Вы ведаеце законы вялікай Германіі? «Законы! Даўно ты пазнаў іх, пракляты смоўж? – міжвольна падумаў Сотнікаў. – Нядаўна яшчэ, мабыць, зубрыў зусім другія законы, а цяпер вось перакваліфікаваўся, спрытнюга!» Аднак апошняе яго пытанне прагучэла трохі двухсэнсоўна – падобна было, ён нешта хацеў спіхнуць з сябе на плечы вялікай Германіі. Сотнікаў памаўчаў, а следчы падняўся, адсунуў крэсла і раздумна падышоў да акна з кратамі. Праз акно ён паўзіраўся на двор, дзе чуліся галасы. Зноў ён трымаў у сабе нешта прытоенае, асабліва не напіраў з допытам і ці то думаў, як злавіць яго, ці, можа, разважаў аб чымсь, зусім тут староннім. У калідоры застукалі боты, пачулася гамана, лаянка, здаецца, некага там вялі ці неслі. Калі гамана перамясцілася на ганак, следчы сказаў энергічна, як чалавек, якому надакучыла займацца нецікавай справай: – Так, хопіць. Назавіце банду! Яе камандзіра! Сувязных! Колькасны склад! Месца базіравання. Толькі не спрабуйце хлусіць. Сотнікаў адкашляўся і сумна ўсміхнуўся. – Надта вы многа ад мяне хочаце. Неўпрыцям для сябе ён перайшоў на іронію, да якой звычайна звяртаўся ў непрыемных размовах з дурнямі і нахабнікамі. Праўда, для Стася ці яшчэ каго з гэтых запраданцаў іронія яго была далёкая ад разумення – на гэтага ж начальніка яна дзейнічала, здаецца, самым належным чынам. Да пары той, аднак, стрымліваўся, толькі крыва перасмыкнуў вуснамі. – Куды ішлі? – Мы заблудзілі. – Не пройдзе. Хлусня! Даю дзве хвіліны на роздум. – Не старайцеся. Мабыць, у вас шмат работы. Тут ён угадаў пэўна. Тхарыны тварык следчага зноў перасмыкнуўся, але, здаецца, ён умеў валодаць сабой. Ён нават не павысіў голасу. – Жыць хочаш? – А што вам да майго жыцця? Ужо вы мне яго не даруеце. Следчы звузіў маленькія вочкі. – Не даруем! Бандытам не даруем! – сказаў ён і раптам крута павярнуўся ад акна; кавалак попелу з канца яго цыгарэты ўпаў і разбіўся аб насок бота – здаецца, яго вытрымка скончылася. – Расстраляем, гэта безумоўна. Але спярша мы з цябе зробім катлету. Фарш зробім з твайго маладога цела. Павыцягваем усе твае жылы! Паслядоўна пераламаем косці. А пасля аб’явім, што ты выдаў астатніх. Гэта каб цябе там, у лесе, не дужа любілі. – Не дажджацеся. Не выдам. – Не выдасі ты – другі нехта выдасць. А спішам на цябе. Паняў? Ну, як? Сотнікаў маўчаў, яму рабілася млосна. Цела пакрылася потам, стала не да іроніі. Ён адразу адчуў, што гэта не проста пагроза, шантаж – яны здольны на ўсё. Гітлер іх вызваліў ад сумлення, ад людскасці і нават звычайнай чалавечай маралі, іх звярыная сіла ад таго, вядома, пабольшала. Ён жа перад імі толькі чалавек. Ён звязаны дзесяткам абавязкаў перад людзьмі і Радзімай, магчымасць хлусіць і апраўдвацца ў яго не надта вялікая. Так, іх сродкі ў гэтай барацьбе аказаліся няроўныя, перавага была на баку ворага: што выстаўляў Сотнікаў, тое з надзвычайнай лёгкасцю абвяргаў следчы. Расставіўшы ногі ў абвіслых на каленях брыджах, Партноў упёрся ў яго вострым позіркам і чакаў. Сотнікаву было надта кепска, і ён пакутна падбіраў словы ў адказ, адчуваў – гэта будуць апошнія яго словы, і не знаходзіў нічога. Правая рука следчага асцярожна цягнулася да прэс-пап’е на стале. – Ну? – Сволачы! Следчы трошкі паспешлівей, чым трэба было, схапіў прэс-пап’е і прыстукнуў ім па стале, нібы ставіў апошнюю кропку ў гэтым бяскроўным і тым не меней жахлівым допыце. – Будзілу ка мне! У калідоры пачулася зычнае: «Будзілу к спадару следчаму!» – пасля чаго Партноў спакойна абышоў стол і ўсеўся ў сваім крэсле. На Сотнікава ён ужо не глядзеў, нібы яго і не было тут. Ён пачаў закурваць. Здаецца, яго місія была скончана, пачыналася другое аддзяленне допыту. Сотнікаў увесь напружыўся: урэшце надышоў час таго, кім яго палохалі яшчэ ў вёсцы. І хоць ён ужо не чакаў нічога добрага і гатовы быў да найгоршага, але цяпер аж здрыгануўся, калі дзверы шырока расчыніліся і на парозе з’явіўся Будзіла. Мусіць, гэта быў тутэйшы паліцэйскі кат – здаравенны бугай на два метры росту, з касцістым, нібы конская морда, тварам і аднавокі. Палохаў увесь яго драпежны медзведзяваты выгляд, асабліва вялізныя касматыя рукі, якія ён нёс, нібы цяжкія, абвіслыя долу рычагі. Таксама, мусіць, па ўсталяванай тут завядзёнцы, увайшоўшы, коса прыцэліўся ў ахвяру сваім цэлым вокам. – Ану! Сотнікаў сядзеў, рызыковым непаслушэнствам адцягваючы нешта безумоўна для сябе жахлівае. Тады той з размеранай спаважнасцю падышоў бліжэй і вялізнай пяцярнёй шырока і ўчэпіста згроб на запалых грудзях Сотнікава яго шынелак. – Ану, бальшавіцкая гніда!..
|
|