РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Сьвятлана Алексіевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чарнобыльская малітва
Гістарычная даведка
Самотны чалавечы голас
Інтэрв'ю аўтара з самім сабой аб прапушчанай гісторыі
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ. ЗЯМЛЯ МЁРТВЫХ
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ. ВЯНЕЦ ТВАРЭННЯ
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ. ЗАХАПЛЕННЕ ЖУРБОЮ
Самотны чалавечы голас
Маналог пра тое, навошта людзі ўспамінаюць
Маналог пра тое, што можна пагаварыць і з жывымі, і з мёртвымі
Маналог пра цэлае жыццё, напісаны на дзвярах
Маналог адной вёскі пра тое, як клічуць душы з неба, каб з імі паплакаць і паабедаць
Маналог пра тое, што знойдзеш чарвяка-дажджавіка, і курыца радуецца
Маналог пра песню без слоў
Тры маналогі пра даўні страх
Маналог пра тое, што толькі ў злосці чалавек хітры, і які ён адкрыты і даступны ў простых словах любові
Салдацкі хор
Маналог пра старыя прароцтвы
Маналог пра месяцавы пейзаж
Маналог сведкі, у якога балеў зуб, калі ён бачыў, як упаў Хрыстос і пачаў крычаць
Тры маналогі пра "тло хадзячае" і "зямлю гаворачую"
Маналог пра тое, што мы не ўмеем жыць без Чэхава і Талстога
Маналог пра тое, што святы Францыск прапаведваў птушкам
Маналог без назвы – крык...
Маналог на два галасы – мужчынскі і жаночы
Маналог пра тое, як штосьці зусім невядомае ўпаўзае, улазіць у цябе
Маналог пра тугу па ролі і сюжэце
Народны хор
Маналог пра тое, чаго мы не ведалі: смерць можа быць такой прыгожаю
Маналог пра тое, як лёгка стаць зямлёй
Маналог пра сімвалы вялікай краіны
Маналог пра тое, што ўжыцці страшнае адбываецца ціха і натуральна
Маналог пра тое, што рускі чалавек заўсёды хоча ў што-небудзь верыць
Маналог пра фізіку, у якую ўсе мы былі ўлюбёныя
Маналог пра тое, што далей за Калыму, Асвенцім і Халакост
Маналог пра свабоду і мару аб звычайнай смерці
Маналог пра тое, што да звычайнага жыцця трэба нешта дадаць для таго, каб яго зразумець
Маналог пра дзіцятка-калеку, якога ўсё роўна будуць любіць
Маналог пра нямога салдата
Маналог пра вечнае і праклятае: што рабіць і хто вінаваты?
Маналог абаронцы савецкай улады
Маналог пра тое, як два анёлы забралі маленькую Волечку
Маналог пра бязмежную ўладу аднаго чалавека над іншым чалавекам
Маналог пра ахвяраў і жрацоў
Дзіцячы хор
Замест эпілога
МАНАЛОГ ПРА АХВЯРАЎ І ЖРАЦОЎ
        
МАНАЛОГ ПРА АХВЯРАЎ І ЖРАЦОЎ

        
        "Чалавек устае на досвітку... I ён не думае пра вечнае, ягоныя думкі пра хлеб надзённы. А вы хочаце прымусіць людзей думаць пра вечнае. Памылка ўсіх гуманістаў...
        Што такое – Чарнобыль?
        Прыязджаем у вёску... У нас маленькі нямецкі аўтобус (падарылі нашаму фонду), дзеці акружаюць нас: "Цёця! Дзядзя! Мы – чарнобыльцы. Што вы прывезлі? Дайце нам што-небудзь". Дайце!!
        Вось ён – Чарнобыль...
        Па дарозе ў зону напаткалася бабуля ў вышыванай спадніцы, фартушку, клуначак за спіною.
        – Куды, бабуля? У госці?
        – Іду ў Маркі... У свой двор...
        А там сто сорак кюры! Ісці ёй кіламетраў дваццаць пяць. Яна дзень ідзе туды і дзень назад. Прынясе трохлітровы слоік, які два гады вісеў у яе на плоце. Але яна пабыла на сваім дворышчы...
        Вось ён – Чарнобыль...
        Што я памятаю з першых дзён? Як гэта было? Усё-такі трэба адтуль... Каб распавесці сваё жыццё, трэба пачаць з дзяцінства. Так і тут... У мяне свая кропка адліку. Я ўспамінаю быццам бы іншае. Успамінаю саракагоддзе Перамогі. Тады быў першы феерверк у нашым Магілёве. Пасля афіцыйнай урачыстасці людзі не разышліся, як звычайна, а пачалі спяваць песні. Зусім нечакана. Я памятаю гэтае агульнае пачуццё. Праз сорак гадоў пра вайну загаварылі ўсе, прыйшло асэнсаванне. А дагэтуль выжывалі, аднаўлялі, раджалі дзяцей. Гэтак і з Чарнобылем... Яшчэ вернемся да яго, ён адкрыецца нам глыбей. Стане святыняй. Сцяною плачу. А пакуль формулы няма. Няма формулы! Ідэй няма. Кюры, бэры, зіверты – гэта не асэнсаванне. Гэта – не філасофія. Не светапогляд. У нас чалавек – ці са стрэльбай, ці з крыжам. Праз усю гісторыю... А іншага чалавека не было... Пакуль што не было....
        ... Мая мама працавала ў штабе грамадзянскай абароны горада, яна адна з першых уведала. Спрацавалі ўсе прыборы. Па інструкцыі, якая вісела ў іх у кожным кабінеце, патрабавалася адразу апавесціць насельніцтва, выдаць рэспіратары, супрацьгазы і іншае. Адчынілі яны свае сакрэтныя склады, апячатаныя, засургучаныя, але ўсё там аказалася ў такім жахлівым стане, непрыдатнае, скарыстаць нельга. У школах супрацьгазы былі даваенных узораў і нават памеры дзецям не падыходзілі. Прыборы зашкальвала, але ніхто нічога не мог зразумець, такога ніколі не было. Прыборы проста выключылі. Мама расказвала: "От калі б грымнула вайна, мы ведалі б, што рабіць. Ёсць інструкцыя. А тут?" Хто ў нас узначальваў грамадзянскую абарону? Адстаўныя генералы, палкоўнікі, для якіх вайна пачынаецца так: па радыё перадаюць урадавыя заявы, паветраная трывога, фугасы, запальнічкі... Да іх не даходзіла, што змяніўся век. Патрэбен быў псіхалагічны пералом... I ён адбыўся... Цяпер мы ведаем: будзем сядзець, піць чай за святочным сталом... Будзем гаманіць, смяяцца, а вайна ўжо будзе ісці... Мы нават не заўважым, як знікнем...
        А грамадзянская абарона – гэта такая гульня, у якую гулялі дарослыя дзядзькі. Яны адказвалі за парады, за вучэнні... Нас зрывалі з працы на тры дні. Без ніякіх тлумачэнняў – на вайсковыя вучэнні. Называлася гэтая гульня "На выпадак атамнай вайны". Мужчыны – салдаты і пажарнікі, жанчыны – сандружынніцы. Выдавалі камбінезоны, боты, санітарныя сумкі, пакет бінтоў, нейкія лекі. А як жа! Савецкі народ павінен сустрэць ворага як мае быць. Сакрэтныя карты, планы эвакуацыі, – усё гэта захоўвалася ў незгаральных шафах пад сургучнымі пячаткамі. Паводле гэтых планаў за лічаныя хвіліны па трывозе павінны былі падняць людзей і вывезці ў лес, у бяспечную зону... Вые сірэна... Увага! Вайна...
        Прысуджалі кубкі, сцягі. I, вядома ж, паходны банкет. Мужчыны п'юць за нашу будучую перамогу! I, вядома ж, за жанчын!
        А нядаўна... Ужо цяпер... Аб'явілі ў горадзе трывогу. Увага! Грамадзянская абарона! Гэта было тыдзень назад... У людзей – страх, але страх іншы. Ужо не амерыканцы напалі, не немцы, а што там – у Чарнобылі? Няўжо зноў?
        Восемдзесят шосты год... Хто мы? Якімі нас заспела гэта тэхналагічная версія канца свету? Я? Мы? Гэта мясцовая інтэлігенцыя, у нас быў свой гурток. Мы жылі сваім жыццём, адасабляючыся ад усяго, што вакол. Форма нашага пратэсту. У нас былі свае законы: не чыталі газету "Правда", але часопіс "Огонёк" перадавалі з рук у рукі. Толькі-толькі лейцы адпусцілі, мы гэтым ап'яняліся. Чыталі Салжаніцына, Шаламава. Хадзілі адзін да аднаго ў госці, бясконцыя гамонкі на кухні. Аб чымсьці смуткавалі. Аб чым? Дзесьці жывуць акцёры, кіназоркі... Вось я буду Катрын Дэнёў... Апрану на сябе бязглуздую хламіду, укладу валасы... Туга па свабодзе... Той, іншы свет... Чужы свет... Як форма свабоды... Але і гэта была гульня... Уцёкі ад рэальнасці. Хтосьці з нашага гуртка зламаўся, спіўся, хтосьці ўступіў у партыю, зрабіў кар'еру. Ніхто не верыў, што гэтую крамлёўскую сцяну можна праламаць... Што яна рухне... Калі так, дык начхаць на тое, што ў вас там робіцца, будзем жыць тут... У нашым ілюзорным свеце...
        Чарнобыль... I спачатку тая ж самая рэакцыя. А што нам да таго? Хай улады хвалююцца... Гэта ў іх – Чарнобыль... I гэта далёка. Нават на карту не паглядзелі. Нецікава. Нам ужо не патрэбна была праўда... Вось калі на бутэльках з малаком з'явіліся этыкеткі: "Малако для дзяцей" і "Малако для дарослых"... Вось тады ўжо ого! Штосьці набліжаецца... Так, я не член партыі, але ўсё роўна савецкі чалавек. Узнік страх: "Штосьці ў радыскі лісты сёлета, як у буракоў?", але тут жа ўвечары ўключыш тэлевізар: "Не паддавайцеся на правакацыі". I ўсе сумненні развейваюцца... А першамайская дэманстрацыя? Нас ніхто не прымушаў на яе ісці, мяне, напрыклад, ніхто не абавязваў. У нас быў выбар. Але мы яго не зрабілі. Я не памятаю такой шматлюднай, такой радаснай першамайскай дэманстрацыі, як тым годам. Было трывожна, хацелася, вядома, у статак... Каб разам з усімі. Хацелася кагосьці аблаяць... Начальства... Урад...Камуністаў... Цяпер я думаю... Шукаю-шукаю абрыў... Дзе парвалася? А абрыў у самым пачатку... Наша несвабода... Нам ужо і не патрэбна была праўда... Верх вальнадумства: "Можна есці радыску ці не?" Наша несвабода... Несвабода ўнутры нас...
        Працавала я інжынерам на заводзе "Хімвалакно", і ў нас там была група нямецкіх спецыялістаў. Наладжвалі новае абсталяванне. Я ўбачыла, як паводзяць сябе іншыя людзі, іншы народ... Калі яны даведаліся пра аварыю, тут жа запатрабавалі, каб былі ўрачы, былі дазіметры, кантралявалася ежа. Яны слухалі сваё радыё, яны ведалі, што трэба рабіць. Ім, вядома, нічога не далі. Тады яны спакавалі чамаданы і сабраліся ад'язджаць. Купляйце нам білеты! Адпраўляйце дадому! Мы выязджаем, калі вы не можаце забяспечыць нашу бяспеку. Баставалі, слалі тэлеграмы свайму ўраду... Яны змагаліся за сваіх жонак, дзяцей (яны жылі ў нас з сем'ямі). За сваё жыццё! А мы? Як паводзілі сябе мы? Ах, вось якія гэтыя немцы, заўсёды напрасаваныя, накрухмаленыя, – істэрыкі! Баязліўцы! Мераюць радыяцыю ў баршчы, у катлетах... Смяхоцце! Вось нашы мужчыны – гэта мужчыны! Рускія мужыкі! Адчайныя! Змагаюцца з рэактарам! Не дрыжаць за сваё жыццё! Падымаюцца на расплаўлены дах з голымі рукамі, у брэзентавых рукавіцах (мы гэта ўжо бачылі па тэлевізары)! А нашы дзеці са сцяжкамі ідуць на дэманстрацыю! I ветэраны вайны... Старая гвардыя! (Абдумвае.) Але гэта таксама від варварства – адсутнасць страху за сябе... Мы заўсёды гаворым "мы", а не "я": "мы прадэманструем савецкі гераізм", "мы пакажам савецкі характар". Усяму свету! Але гэта – я! Я не хачу паміраць... Я баюся...
        Цікава сёння прасачыць за сабой. За сваімі пачуццямі. Як яны развіваліся? Мяняліся. Прааналізаваць. Даўно спаймала сябе на тым, што прывучаюся быць больш уважлівай да свету наўкол. Наўкол сябе. Пасля Чарнобыля гэта само сабой атрымліваецца. Мы пачалі вучыцца гварыць "я"... Я не хачу паміраць! Я баюся... А тады? Я ўключаю тэлевізар гучней: чырвоны сцяг уручаюць даяркам, пераможцам у сацыялістычным спаборніцтве. Але ж гэта ў нас? Пад Магілёвам? У вёсцы, якая апынулася ў цэнтры цэзіевай плямы? Яе вось-вось пераселяць... Голас дыктара: "Людзі самааддана працуюць, нягледзячы ні на што", "цуды мужнасці і гераізму". Хоць патоп! Рэвалюцыйным крокам! Так, я не член партыі, але ўсё роўна савецкі чалавек. "Таварышы, не паддавайцеся на правакацыі!" – дзень і ноч грыміць тэлевізар. Сумненні развейваюцца... (Маўчыць.)
        Яшчэ кавы? Трэба перадыхнуць... Сабрацца з думкамі...
        Наперадзе нас чакае разуменне Чарнобыля, як філасофіі. Дзве дзяржавы, размежаваныя калючым дротам: адна – сама зона, другая – усё астатняе. На падгніўшых слупах вакол зоны, як на крыжах, вісяць белыя ручнікі... людзі ідуць сюды, як на могілкі... Тут пахавана не толькі іхняя хата, а цэлая эпоха. Эпоха веры! У навуку! У справядлівую сацыяльную ідэю! Вялікая імперыя разлезлася па швах. Развалілася. Спачатку – Афганістан, затым – Чарнобыль. Калі імперыя рассыпапася, мы засталіся адны. Я баюся вымавіць, але мы любім Чарнобыль. Гэта зноў адшуканы сэнс нашага жыцця... Сэнс нашых пакут. Як вайна. Пра нас, беларусаў, свет даведаўся пасля Чарнобыля. Гэта было акно ў Еўропу. Мы адначасова і яго ахвяры, і яго жрацы. Боязна вымавіць...
        У зоне... У самой зоне... Заходзіш у хату... Адчуванне, як ад спячай прыгажуні. Калі яшчэ не разрабавана: фатаграфіі, лялькі, мэбля... Яны павінны быць дзесьці паблізу, людзі. Часам мы знаходзім іх... А яны не гавораць пра Чарнобыль, яны гавораць пра тое, што іх падманулі. Іх хвалюе: ці атрымаюць яны ўсё, што ім належыць, і ці не атрымаюць іншыя болей? У нашага народа ўвесь час адчуванне, што яго падманваюць. На ўсіх этапах вялікага шляху. З аднаго боку – нігілізм, адмаўленне, з другога – фаталізм. Уладам не вераць, вучоным, урачам не вераць, але і самі нічога не робяць. Бязвінныя і абыякавыя. У саміх пакутах адшуканы сэнс і апраўданне, усё астатняе быццам бы і няважна. Уздоўж палёў – таблічкі "Высокая радыяцыя"... Палі аруцца... Трыццаць кюры... пяцьдзесят... Трактарысты сядзяць у адкрытых кабінах (дзесяць гадоў мінула, але дагэтуль няма трактараў з герметычнымі кабінамі), дыхаюць радыеактыўным пылам... Дзесяць гадоў мінула! Хто ж мы? Жывём на заражанай зямлі, аром, сеем. Раджаем дзяцей. Які тады сэнс нашых пакут? Навошта яны? Навошта іх столькі? Мы пра гэта цяпер шмат спрачаемся. З маімі сябрамі. Бо зона – гэта не бэры і кюры, мікрарэнтгены. Гэта – народ. Наш народ... Чарнобыль "дапамог" нашай, якая гінула, сістэме... Зноў надзвычайшчына... Размеркаванне. Паёк. Як раней убівалі ў мазгі "калі б не было вайны", гэтак цяпер з'явілася магчымасць усё спісваць на Чарнобыль. "Калі б не было Чарнобыля". Адразу вочы мутнеюць – смуткуем. Дайце! Дайце нам! Каб было што дзяліць. Кармушка! Громаадвод!
        Чарнобыль – ужо сімвал. Вобраз. Але гэта яшчэ і мая работа... Так бы мовіць, быт... Я езджу... Бачу... Была патрыярхальная беларуская вёска. Беларуская хатка. Без туалета і цёплай вады, але з абразом, драўляным калодзежам, вышыванымі ручнікамі, посцілкамі. З гасціннасцю. Зайшлі мы ў адну такую хату папіць вады, а гаспадыня дастае са старога куфра, старога, як яна сама, ручнік і падае мне: "Гэта табе на памяць пра мой двор". Былі лес, поле. Зберагалася абшчына і рэшткі свабоды: зямля вакол хаты, сядзіба, свая кароўка. З Чарнобыля іх пачалі перасяляць у "Еўропу" – у еўрапейскага тыпу пасёлкі. Можна пабудаваць дом – лепшы, камфортны, але ж нельга пабудаваць на новым месцы ўвесь гэты аграмадны свет, з якім яны былі спалучаны. Пупавінай! Каласальны ўдар па псіхіцы чалавека. Разрыў традыцый, усёй спракаветнай культуры. Калі да гэтых новых пасёлкаў пад'язджаеш, яны – як міражы на небакраі. Размаляваныя. Блакітньм, сінія. I адразу ўяўляеш іх, як цуд, і назвалі іх – Майскі, Сонечны. Еўрапейскія катэджы куды больш зручныя, чым хаціны. Гэта ўжо гатовая будучыня. Але ў будучыню нельга апусіць на парашуце... Людзей ператварылі ў малпаў... Яны сядзяць на зямлі і чакаюць, калі прыляціць самалёт, прыбудзе аўтобус і прывязуць гуманітарную дапамогу. Не тое, каб узрадавацца шанцу: я вырваўся з пекла, маю дом, чыстую зямлю і павінен ратаваць сваіх дзяцей, у якіх Чарнобыль ужо ў крыві, у генах. Я буду свабодным...
        Жывуць у гэтых катэджах, як у вальерах. Яны разбураюцца, рассыпаюцца. Жыве там несвабодны чалавек. Асуджаны. Ён жыве ў крыўдзе і ў страху. Ён хоча камунізму. Чакае... Зоне патрэбен камунізм... На ўсіх выбарах там галасуюць за цвёрдую руку, смуткуюць па сталінскім парадку: ваенным. Ён для іх сінонім справядлівасці. Там і жывуць па-ваеннаму: міліцэйскія пасты, людзі ў вайсковай форме, прапускная сістэма, пайкі. Чыноўнікі, якія размяркоўваюць гуманітарную дапамогу. На скрынках па-нямецку, па-руску напісана: "Нельга абменьваць. Нельга прадаваць". Скрозь прадаецца. У любым камерцыйным кіёску...
        I зноў як гульня... Рэкламнае шоу... Я вязу караван з гуманітарнай дапамогай. Чужыя людзі... Іншаземцы... У імя Хрыста, у імя чагосьці едуць да нас. А ў лужынах, у гразі, у куфайках і кацавейках стаіць маё племя... У кірзавых ботах... "Нам нічога не трэба! Усё роўна раскрадуць!" – я чытаю ў іхніх вачах і такі тэкст. Але побач тут жа... Жаданне ўхапіць пакунак, скрынку чагосьці замежнага. Ужо ведаем, дзе якая бабуля жыве... Як у запаведніку... I агіднае, вар'яцкае жаданне... Раптам кажу: "А мы вам зараз пакажам! Знойдзем такое! Што вы і ў Афрыцы не спаткаеце. Нідзе ў свеце такога няма! Дзвесце кюры – трыста кюры..." Заўважаю, як мяняюцца і самі бабулі, некаторыя ну проста сталі "кіназоркамі". У іх ужо завучаны маналогі, і сляза прабіваецца ў тых месцах, дзе трэба. Калі прыязджалі першыя іншаземцы, яны маўчалі, толькі плакалі. Цяпер ужо навучыліся гаварыць. Можа, дзецям жуйка, скрынка з адзеннем лішняя перападзе... I гэта побач з глыбокай філасофіяй, з тым, што ў іх тут свае адносіны са смерцю, з часам. I не пакідаюць яны сваіх хат, родных кладоў не з-за нямецкага шакаладу... Жуек...
        Вяртаемся... Я паказваю: "Якая прыгожая зямля!" Сонца апусцілася нізка-нізка. А свяціла лес, поле. Нам на развітанне. "Так, – адказвае хтосьці з нямецкай групы, які гаворыць па-руску, – прыгожая, але атручаная". У яго ў руках – дазіметр. I я разумею, што гэты заход сонца дарагі толькі мне. Гэта – мая зямля".
        
        Наталля Арсеньеўна Рослава,
        старшыня Магілёўскага жаночага камітэта
        "Дзеці Чарнобыля"


Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.