РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Бліндаж
1. Серафімка
2. Хлебнікаў
3. Серафімка
4. Обер-яфрэйтар Хольц
5. Сер[афімка]
6. [Дземідовіч]
7. [Піліпёнкі]
8. [Хлебнікаў]
9. [Серафімка]
10. [Хлебнікаў]
[11. Нохем]
[12. Качан]
[13. Серафімка]
2. ХЛЕБНІКАЎ
        
2. ХЛЕБНІКАЎ

        
        Застаўшыся адзін у траншэі, капітан Хлебнікаў зьнямогла пасядзеў з пісталетам у руцэ, а пасьля паставіў яго на ахоўнік і з вялікім намаганьнем узгрэбся на ногі. Пісталет ён ашчадна запіхаў у кішэню сваіх перапэцканых у гразі дыяганалевых брыджаў, а сам, расставіўшы ўбакі рукі і лапаючы імі па сьценах цеснай траншэі, пабрыў да напаўзаваленай нары – уваходу ў камандзірскі бліндаж, дзе ён бясконца доўга праваляўся ў кутку на нейчым пакінутым шынялі. Ён і цяпер зьнясілена выцягся на ім, правым бокам угору, каб мець пад рукой пісталет, які ён ашчаджаў цяпер болей за ўсё іншае. Увесь час ён баяўся ўпусьціць яго з рук, запэцкаць гразёй, бо калі яна трапіць у ствол, як тады ён стрэльне ў самы крытычны момант? А стрэліць, мусіць, прыйдзецца, у немца-фашыста ці ў сябе самога, без таго ўжо, відаць, не абыдзецца. Жахлівы ваенны лёс капітана цяпер ушчыльную падвёў яго менавіта да такой магчымасьці. Нічога лепшага ён ня бачыў наперадзе. Як наогул нічога ня бачыў.
        Праўда, раптам зьявілася нейкая цётка, і ён не стрымаўся, нечакана для сябе папрасіў есьці. За час сваёй адзіноты і гэтага раненьня ён мала таго, што напакутваўся душой і целам, дык яшчэ і згаладнеў так, што ўжо з вялікай натугай мог узгрэбсьціся на ногі і выпаўзьці ў траншэю. Яго ўсё хістала, бы п’янага кідала з боку ў бок, у галаве чыгунна гуло і кружылася – ад слабасьці, страты крыві, гэтага жахлівага раненьня. Ён даўно страціў усялякае адчуваньне часу, нават звыклая зьмена сутак стала недаступнай яго разуменьню, як, зрэшты, і ўсё астатняе, што адбывалася навакол. З таго моманту, як ён сунуўся ў тое агнявое правальле, што пагасіла ягоную сьвядомасьць, усё для яго набыло новы сэнс, ці можа, страціла ўсякі даступны сьвядомасьці сэнс, ён кепска разумеў, што з ім адбывалася і нават хто ля яго? Мабыць, абодва вокі яго выбіла выбухам, скроні і твар пякло несьціханым агнём, але тое ён зразумеў пасьля, а тады сьвядомасьць яго затухла на нейкі няпэўны час, невядома, колькі ён праляжаў засыпаны зямлёй у траншэі, але калі апрытомнеў, яго ўжо перавязалі, – ці не санінструктар другога батальёну. Ён пачуў недалёкі голас камбата Глазырына, які пытаўся, што з ім, і той, хто перавязваў, адказаў: «Плохо дело: глаза». «Что, оба?» – данеслася здаля. «Оба, товарищ капитан». Тут непадалёк грымнула некалькі выбухаў, на яго зноў сыпанула зямлёй, і ён пачуў толькі, як камбат закрычаў на некага, каб хутчэй адкрывалі агонь кулямёты. Хлебнікава таропка перавязалі, паклаўшы па камяку ваты ў абедзьве вачніцы, з якіх усё паўзло-сачылася нешта, сьцякаючы па шчоках і падбароддзю, і ён раз-пораз выціраў іх запэцканымі ў гразі пальцамі. Нехта памог яму дабрысьці да бліндажу і прытуліцца ў кутку на гэтым шынелку. Хлебнікаў маўчаў, ні пра што не пытаўся, трываючы жахлівы боль у галаве, ён нават ня слухаў грымоцьце бою, якое невядома чаму стала патроху сьціхаць. Найперш пацішэла на левым фланзе, выбухі, здаецца, перамясьціліся на касагорыну, убок вёскі Любашы; парадзела вінтовачнае грукаценьне побач у траншэі, а галоўнае – ён перастаў чуць галасы – ні крыкаў, ні размоваў, ні каманды. Яшчэ праз якую гадзіну стрэлы чуліся толькі за пагоркам – даносіліся дальнія кулямётныя чэргі, там жа таўкла-чахала артылерыя, толькі свая ці нямецкая – ён зразумець ня мог. Менавіта цяпер, як страціў зрок, ён пачаў слухаць-услухоўвацца ў гукі бою, каб нешта меркаваць аб ім; дагэтуль жа яго клопат быў зусім іншы – яму патрэбна была сувязь, якая ўвесь час ганебна зьнікала, ірвалася. Праз гэты пракляты клопат пра сувязь ён і апынуўся тут, у траншэі другога батальёну, дзе яго пільнавала няшчасьце. Але хіба ён мог тое прадбачыць? Зьнерваваны, раздражнёны начальнік штаба, які кіраваў боем пасьля таго, як учора забіла снарадам кампалка Сомава, сарваным голасам патрабаваў ад яго сувязь з першым і другім батальёнамі, якія трэція суткі адбівалі нямецкія атакі. Пасьля нядоўгага перапынку сувязь з першым батальёнам была ўсё ж адноўленая, а тэлефон з другім упарта маўчаў з паўдня, хоць на лінію былі пасланы аж шасьцёра сувязістаў, ды ніводзін з іх не вярнуўся. З палкавога КП паслаць ужо не было каго, і начальнік сувязі выскачыў пад агонь сам, пэўна ведаючы, што неўзабаве пакладзе і яго. Але ён ужо ня мог болей чуць пагрозьлівай лаянкі начальніка штабу, у той момант яму было ўжо ўсё роўна: выжыць або загінуць, толькі б аднавіць сувязь. Праўда, сьпярша яму нават пашчасьціла, ён зусім цэлы дабраўся да першай траншэі, у двух месцах зрасьціў перабіты асколкамі провад, аднавіў сувязь і нават пасьпеў яшчэ далажыць пра тое начальніку штабу. Немцы жахліва лупілі снарадамі па касагорыне і па батальёне, але тут, у траншэі, было спакайней, чым на голым полі, і Хлебнікаў рашыў трохі счакаць, перш чым выпраўляцца назад. Зноў жа ён хацеў пабачыцца з камбатам, каб запытацца, колькі той яшчэ тут пратрымаецца з батальёнам. І толькі ён, прыгнуўшыся, сунуўся з бліндажу ў траншэю, як цяжкі земляны пласт, раптоўна ўзьняты выбухам, апантана абрынуўся на яго, паваліў на сьпіну, і ён пасьпеў толькі падумаць: ня трапіла ў полі, дык во – дагнала ў траншэі. Пасьля ён ужо нічога ня памятаў, аж пакуль яго ня выцягнулі з-пад землянога завалу.
        Трываючы востра-пякучы боль у галаве, Хлебнікаў ляжаў у бліндажы і чакаў, калі хоць хто-небудзь зазірне сюды, каб запытацца, што там адбываецца, дзе камбат? Але ішоў час, напэўна, ужо сьціхаў бой (што толькі нёс ён палку – перамогу ці паражэньне?), а да яго ніхто не заходзіў. Тады ў сьвядомасьць капітана пачаў паўзьці страх – ці не застаўся ён тут адзін, ці не пакінулі яго чырвонаармейцы? Гэта было б жахліва, да такога становішча ён быў не гатовы, пра тое ён нават ня мог падумаць. Але, мабыць, пакінулі. Праз нейкі час вакол зусім сьціхла, ня стала чуваць ніводнага стрэлу ці выбуху ў полі і над тарфянішчам – падобна, настала ноч. Але дзе ж нашы? Дзе другі батальён, дзе камбат? Дзе хоць бы які чырвонаармеец? Адзін, без дапамогі, забыты ўсімі, ён тут прападзе, гэта ж пэўна. Вось зьявяцца немцы, шпурнуць у бліндаж гранату, якая ўмомант разматляе ягоныя вантробы, паперабівае рукі і ногі. Добра, калі ён сканае адразу. А калі яны возьмуць яго жывым…
        Напакутваўшыся так у няпэўнасьці, ён падняў свой пісталет, даслаў з магазіна патрон у патроньнік. Засталося даволі лёгкае – націснуць на спуск, і ўсё назаўжды скончыцца. Мусіць, гэта ўсё ж самае лепшае. Бо іначай, што ж чакае яго, сьляпога і бездапаможнага, апроч пагібелі ад ворагаў ці ад свае раны. Не, лепей ужо ён сам. Паднесьці пісталет да балючай, няўклюдна-тоўста забінтаванай скроні і ціскануць. Якую секунду болю ў і без таго перапоўненай болем галаве і далей – нішто. Поўнае вызваленьне ад пакутаў і перажываньняў.
        Мабыць, так, гэта было б найлепей, думаў капітан Хлебнікаў. І гэта прыйдзецца зрабіць. Толькі вось рашучасьці на тое ў яго не хапала, усё ён чагосьці чакаў, услухоўваўся, цягнуў – нібы на што спадзяваўся. Хіба спадзяваўся на цуд. Але ішоў час, а цуда не адбывалася, і ён лаяў сябе, абзываў баякам, сьлізьняком, – ён ужо сябе ненавідзеў за сваю нерашучасьць. І нудзіўся, пакутваў ад болю і безвыходнасьці.
        Бясконца доўга цягнуўся час, Хлебнікаў змагаўся з болем і то забываўся, то губляў прытомнасьць, можа нават, зьнясілены болем, драмаў, то ўсхопліваўся, слухаў. Часам рабілася холадна, ці гэта яго знабіла, цела біла дрыжака, і ён спрабаваў хоць як-небудзь сагрэцца, захінуцца шынялём, на якім ляжаў. То рабілася горача, і ён пацеў, абліваючыся гарачым потам.
        Мінуў, мабыць, не адзін дзень, хоць ён зусім ня мог адрозьніць дня ад начы; страляніна даўно спынілася, і вакол было ціха і глуха, бы ў падзямельлі. Ён і сапраўды быў у падзямельлі, воддаль ад дарог, у полі пад вёскай з такой памятнаю для яго і ласкавай назвай – Любашы. Неяк ён прахапіўся ад гулу, што глухаватай магутнаю хваляй аднекуль плыў у бліндаж, але паслухаўшы, ён падумаў, што гэта, мабыць, гудзе на шашы за тарфянішчам. Шаша-брукаванка была ўсё ж далекавата ад участку другога батальёну, ён гэта памятаў з карты, якую трымаў у руках на КП, яшчэ калі яны ладзілі тут абарону. Шкада, тады ён ня надта цікавіўся навакольлем, не паглядзеў, дзе яшчэ былі вёскі. Хаця, што яму цяпер вёскі, хіба ён дойдзе да іх…
        Невядома ўжо, ці ён спаў, ці ліпеў на мяжы страты прытомнасьці, але неяк адразу пачуў блізкія ад траншэі крокі і схапіўся за пісталет. Слухаў з дрыготкім сэрцам у грудзях, чакаючы пачуць галасы, каб дазнацца – хто? Ды не пачуў нічога. Ціхія крокі чалавека, які нібы крадзецца, спыняецца, слухае, чуліся ззаду ад бліндажу, на тыльным баку траншэі, і ён раптам спалохаўся, што ўпусьціць гэтую рэдкую магчымасьць азвацца. Але як было і азвацца? А калі там немец?..
        І ўсё ж ён не стрываў, з пісталетам у руках выпаўз у траншэю, упіраючыся ў мокрыя сьцены плячмі і локцямі, неяк устаў на ногі і падаў голас. Мусіць, той яго голас прагучаў роспачна і бездапаможна, хоць ён і стараўся надаць яму сілы і рашучасьці, і ён нарыхтаваўся стрэліць.
        Ды гэта была жанчына.
        Цяпер ён нібы прыдбаў надзею і ўхапіўся за яе. Ён толькі баяўся, каб жанчына не ашукала яго, не напалохалася сьляпога, можа б яна памагла. Як яна магла яму памагчы, ён ня ведаў, найперш ён прасіў есьці, бо аслабелы, адчуваў, што не працягне доўга. Ён проста сканае тут, у гэтай нары, перш чым яго знойдуць свае ці немцы ці ён наважыцца ўрэшце пусьціць сабе кулю ў лоб. Гэта ўжо зусім было б брыдка, гэта проста было б па-дурному. Ну але што ён мог, невідушчы?.. Ці ён сам выбраў сабе гэты лёс? Ён толькі стаў ягонай ахвярай, – недарэчнай, крыўднай ахвярай, што папоўніць і без таго немалы сьпіс ахвяраў гэтай вялікай вайны.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.