РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Бліндаж
1. Серафімка
2. Хлебнікаў
3. Серафімка
4. Обер-яфрэйтар Хольц
5. Сер[афімка]
6. [Дземідовіч]
7. [Піліпёнкі]
8. [Хлебнікаў]
9. [Серафімка]
10. [Хлебнікаў]
[11. Нохем]
[12. Качан]
[13. Серафімка]
3. СЕРАФІМКА
        
3. СЕРАФІМКА

        
        Адчуўшы благое, Серафімка прыбегла на свой паруйнаваны, аброслы быльнягом падворак і адразу ўбачыла расчыненыя дзьверы ў сенцы. Усё ж дзьверы яна зачыняла, як ішла раніцай, значыць, тыя там пабывалі. Серафімка кінула на падворак рыдлёўку, убегла ў цемнаватыя сенцы і адразу кінулася да кубёлка, дзе ў зрудзелым слаі солі яна з зімы ашчаджала два кавалкі сала. Ды дзе там! Побач на зямлі валялася счарнелае вечка, а ў кубёлачку было пуста – адна соль на сподзе. Значыць, пабралі, каб іх пабрала крываўка.
        Серафімка ўскочыла ў сваю цесную сьцюдзёную хатку, бразнула засланкай. Чыгунок стаяў на ранейшым месцы ў выстылай печы, бульбачку яны не ўзялі. Тады яна звыкла тузанула са шкафчыка шуфлядку – акрайчык таксама быў там, – значыць усё ж будзе чым пакарміць чалавека. Таропка пачала зьбірацца ў поле: завязала ў старую хусьцінку міску з вывалянай у яе бульбай, зьверху на якую паклала акрайчык і два салёныя гуркі з гарлача, – паесьці галоднаму чалавеку пакуль што хопіць. А там будзе відаць. Яна дужа сьпяшалася, нібы баючыся, што спозьніцца, не ўратуе небараку, паправіла хустку на галаве і выбегла на падворак. Піліпёнкаў ужо нідзе не было відаць, – можа, пайшлі на свой хутар, а можа, дзе яшчэ сноўдаюць па пажарышчах. Тут яна ўпершыню падумала, што пра яе чырвонаармейца ніхто не павінен ведаць, тым больш гэтыя злыдні, ад якіх усяго чакаць можна. Яшчэ дакажуць немцам, тады хто ведае, што будзе. І яму, і ёй таксама.
        Зноў усчынаўся дробны сьцюдзёнаваты дожджык з заходнім ветрам, у полі было холадна, але яна ня дужа адчувала сьцюжу, яна таропка бегла сьпярша дарогай, пасьля цераз перакапаную снарадамі касагорыну да тарфянішча. Варонкі ў нізкіх мясьцінах ужо сталі набірацца вадой – мутна-чорнай вадой на дне; у адной яна ўбачыла нешта падобнае на адзежыну, хоць гэта мог быць чалавек, які нібыта плаваў там увесь у вадзе, і толькі ягоная сьпіна вытыркалася на паверхні. Спалохаўшыся, яна шаснула ўбок, выбегла да траншэі і доўга блыталася там у траншэйнай крапанцы, пакуль знайшла знаёмы, з пабляклай дзярніны пагорак. Мусіць, гэта быў той самы бліндаж. Але цяпер яе ніхто не сустракаў, зеўраў чарнатой нізкаваты ўваход у яго, і яна ціха паклікала:
        – Ці вы тутака?..
        Не адразу ў адказ пачуўся стрыманы стогн, які яшчэ болей устрывожыў яе, і Серафімка, ледзьве адольваючы страх, палезла ў цемрыва.
        – Казалі, есьці… Дык во прынесла бульбачкі…
        Чалавек пластом ляжаў у кутку на разасланым шынялі, у прыцемках трохі бялеў яго ўхутаны бінтамі твар.
        – Вады мне…
        – Вады?..
        Серафімка вінавата зьдзівілася: пра ваду яна і не падумала, яна несла есьці. Але, мусіць, калі хворы, паранены, дык трэба вады, як жа яна не даўмелася адразу?..
        Вандзэлачак з міскай яна пакінула ў бліндажы, а сама выпаўзла ў траншэю, згадваючы, дзе ж тут узяць вады? Апроч лужынаў у варонках ды на тарфянішчы іншай вады тут не было, трэба бегчы дамоў.
        Дзе крокам, а дзе і подбегам яна адолела страшную касагорыну, дабегла да бульбянішча, тут стала спакайней. Дожджык усё сыпаў – дробны, але несьціханы, яна ўжо нямала абмокла – і куртка, і спадніца; босым нагам дождж быў ня страшны, горш, што намокла хусьцінка – другой такой цёплай хусьцінкі ў яе не было. Яшчэ здаля яна ўгледзелася ў свой падворак за вішаньнікам – не, здаецца, цяпер там не было нікога. Суседская хата ўся згарэла да тла: і будынкі, і сьвіран, хляўкі, засталіся толькі платы ды чорная аграмадная Ахрэмава печ з закапцелым комінам, нейкія патарчакі ў варыўні. На гародзе, аднак, ціха пагойдвалася на ветры почапка старога пахілага асьвера над іх сумесным калодзежам. Там павінна быць і вядро, гарлач жа Серафімка ўзяла свой у сенцах і па сьцежцы пабегла да суседскага пажарышча, на якім яшчэ дзе-нідзе слаба дымела на кучах вугольле нават у дождж, зблізку відаць стала крушня каменьня на месцы былой асеці, ды ў варыўні закіданыя галавешкамі на ранейшым месцы стаялі Ахрэмавы жорны, на якіх і яна нямала памалола збожжа. Сваіх жорнаў у яе не было. Жорны толькі абгарэлі трохі з ражкоў драўлянага жолабу, а так камяні былі цэлыя і гатовыя да работы. Серафімка наліла жбан вады з калодзежу і па-над плотам зноў пашыбавала ў поле.
        У гэты раз бліндаж яна знайшла хутчэй, чым надоечы, яшчэ зводдаль згледзеўшы прыкметны пагорачак, і ўсё тоячы ў душы страхавітую неспадзяванку, улезла ў яго з траншэі. Паранены, як і раней, ляжаў на сьпіне, толькі адрывіста прамовіў, як пачуў яе:
        – Тётка?
        – Анягож! Во вадзіцы вам.
        Камандзір выцяг руку з растапыранымі пальцамі, у якія яна ўклала шыйку свайго жбанка, і ён, трохі падняўшыся, глынуў вады і зноў аблёгся плячмі на зямлю.
        – Спасибо.
        Яна пераняла з ягоных рук жбанок і, ня ведаючы, куды тут прыткнуць яго, трымала ля сябе.
        – Может, ты и спасешь меня, тётка? – памаўчаўшы, гаротна сказаў паранены.
        – Дык каб жа як можна было, – лёгка азвалася яна, стоячы перад ім на каленях. – Вось тут паесьці вам, хлебца і бульбачкі.
        Не скрануўшыся, ён моўчкі выцяг да яе руку, і яна падала яму акрайчык, затым у другую руку ўклала пару сьцюдзёных пазаўчарашніх бульбінаў. Камандзір з гатоўнасьцю ўсё ўзяў, але тут жа зьнямогла апусьціў на жывот занятыя харчам рукі.
        – Спасибо вам.
        – Дык пажаласта. Даруйце, болей няма нічога. Было сала, дык Піліпёнкі забралі.
        – Какие Пилипёнки?
        – А, благія людзі. Тутэйшыя.
        – Благие?
        – Ага. Дужа кепскія. Проста нялюдскія.
        Камандзір памаўчаў, падумаў і, усё не паднімаючы рук з ежай, запытаўся:
        – А ты кто же будешь?
        – Ды баба. Калгасьніца. Серафімай завуць.
        – Ну что ж, значит, Серафима? Семья у тебя большая?
        – Не-а. Адна я.
        – Одна?
        – Адна. Адзінокая, – сумна прызналася Серафімка.
        – В Любошах живёшь?
        – У Любашах, ага. Папалілі Любашы, адны галавешкі асталіся.
        – Да-а, – раздумна сказаў камандзір і змоўк. Яна таксама маўчала, ня ведаючы, што сказаць яшчэ.
        – Ты никому только… Про меня. Понимаешь? – сказаў ён пасьля.
        – Анягож. Я – нікому.
        – Может, я поправлюсь еще. А там… Посмотрим.
        – Дык папраўляйцеся. Я вам буду насіць, што трэба.
        – Спасибо, тётка. Видно, хорошая ты душа, – пранікнёна сказаў Хлебнікаў, і Серафімка ледзьве стрымалася, каб не заплакаць ад пахвалы гэтага небаракі.
        – Доктара б вам. Ды нешта тут…
        – Да, доктора… Но, наверно, увы! Может, если бы кого из начальства… Из прежнего руководства, может. Связаться чтоб.
        – Каб жа быў хто! – сказала яна. – А то ў Любашах ні брыгадзіра, ні старшыні. Старшыня дык у Судзілавічах жыў. Парцейны. Але ці застаўся цяпер?..
        – Да-а… Всё рухнуло! Как в прорву… Немцев пока нет?
        – Пакуль не было. Можа, абыдуць?
        – Нет, не обойдут. Скоро появятся, – выдыхнуў Хлебнікаў і зноў трудна і надоўга змоўк.
        Можа, ён заснуў ці забыўся на яе тут прысутнасьць, – ведама, чалавек бяз зроку, – і яна доўга сядзела ціхенька, бы мышка, стараючыся нічым не патрывожыць яго. Хлеб і бульбіны ён усё трымаў у руках, але ні разу не ўкусіў нават. У бліндажы было суха і, здаецца, ня холадна, ня тое, што ў траншэі, адзін бок якой – відаць было на ўваходзе – мачыла дажджом, і мутная вада з даху тоненькім цурком лілася ў траншэю. Трохі яшчэ разважыўшы, Серафімка вылезла з бліндажу і раптам азірнулася ў траншэі – здалося, нехта мільгануў зводдаль за абрушанай траншэйнай павароткай. Схамянуўшыся, яна пастаяла трохі, паслухала, паўзіралася, але ніхто там не паявіўся, і яна падумала, што тое здалося. Тым болей, што бралася ўжо на змрок – ці то ад нізкіх хмараў на небе, ці, можа, пачынала вечарэць; дождж усё сыпаў і сыпаў з неба, скрозь па траншэі сачылася вада, сьцякала на дноз разьбітых, месцамі абрушаных бруствераў. Тады Серафімка падумала, што сёньня яна, мабыць, накорміць параненага, але што будзе ён есьці заўтра? Пра тое трэба было падумаць, і пакуль ня зьмерклася, яна вылезла з траншэі і хуценька пашыбавала па касагорыне ў вёску.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.