РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Бліндаж
1. Серафімка
2. Хлебнікаў
3. Серафімка
4. Обер-яфрэйтар Хольц
5. Сер[афімка]
6. [Дземідовіч]
7. [Піліпёнкі]
8. [Хлебнікаў]
9. [Серафімка]
10. [Хлебнікаў]
[11. Нохем]
[12. Качан]
[13. Серафімка]
6. [ДЗЕМІДОВІЧ]
        
6. [ДЗЕМІДОВІЧ]

        
        Дземідовіч заснуў, можа, пад ранак, з вечару яго раз-пораз біў кашаль, колькі ён ня стрымліваў яго – усё роўна не адчапляўся, аж разрываліся грудзі. Усё ж ён паступова сагрэўся – першы раз за якіх чатыры начы, мусіць Серафімчыны зёлкі мелі нейкую сілу. Дземідовіч дужа пакутваў – ад прастуды, непрыкаянасьці, а яшчэ болей душэўна – ад таго, што гэтак неспадзёўкі рухнуў сьвет, дзе ён прывык існаваць, дзейнічаць, жыць. Пабурыліся ўсе звыклыя меркі, адносіны, а галоўнае – загадкава, незразумела перамяніліся людзі. Тыя, каго ён ведаў шмат год запар, нават змалку, з кім жыў і працаваў гадамі, зараз, калі грымнула гэтая бяда, сталі ня тымі. Сталі незразумелымі, чужымі да ладу ці нядобрымі да яго асабіста – хто ведае. Добра было таму, хто пасьпеў далучыцца да арміі – усё ж войска зьядноўваецца дысцыплінай, загадам начальства, прысягай урэшце. А як вось тым, што мусілі застацца пад акупацыяй, як ім быць? Дземідовіч, на яго няшчасьце, хоць і лічыўся калісь камандзірам запасу, але з прычыны хваробы на сухоты быў сьпісаны з войска па чыстай, пра войска ён ня мог нават марыць. Так сталася, што ён застаўся тут, пад немцам, канешне, меў сёе-тое заданьне ад адпаведных органаў. Але во – выпадак! Ці ён думаў, што адразу ж, як прыйдуць немцы, у мястэчку паявіцца і Асоўскі, той самы правы ўкланіст, да выкрыцьця якога некалі прыклаў руку і Дземідовіч. Правільна прыклаў, бо такога, як гэты інсьпектар райана, трэба было рэпрэсаваць яшчэ гадоў на дзесяць раней. Ды тады зважалі на яго педагагічны вопыт, высокую адукацыю (падумаеш, скончыў Пецярбургскі універсітэт; цяпер каму не вядома, чаму вучылі ў тым універсітэце). Ды і з якога класу паходзіў, засталося не зусім высьветленым. Дземідовіч жа скончыў педтэхнікум, але ён быў сынам селяніна-парабка (на жаль, не рабочага, як іхні заграйана Крукаў), і ўжо ў класавых пытаньнях яму ня трэба было шмат разьбірацца – класавыя інтарэсы ён адчуваў нутром. Стычкі з Асоўскім у яго пачаліся яшчэ ў трыццатым годзе, як толькі Дземідовіч прыехаў у мястэчка настаўнікам і пачаў прымаць актыўны ўдзел у грамадскім жыцьці сьпярша камсамолу, а затым і партыі, як стаў партыйцам-бальшавіком. Стычкі адбываліся збольшага па той прычыне, што ў той час, як ён, Дземідовіч, усімі сіламі і памкненьнямі падтрымліваў палітыку партыі і кіраўніцтва, гэты Асоўскі з усяго імкнуўся зрабіць выключэньне, наконт кожнай кампаніі ён меў сваю думку. І галоўнае – нахабна выказваў яе, не зважаючы нават на прысутнасьць начальства з раёну ці нават з акругі, як ён ня раз тое тлумачыў – па праву старога бальшавіка (на самай справе даўно беспартыйнага, бо яшчэ ў дваццатыя гады яго вычысьцілі з ВКП(б)). Натуральна, што Дземідовіч ня мог трываць гэтых вылазак амаль не замаскіраванага ворага і даваў яму належны адпор. Усё тое было проста, звычайна і правільна для таго часу, хіба ў ягоным выпадку трохі ўскладнілася тою акалічнасьцю, што ён кватараваў у доме гэтага самага Асоўскага, побач з царквой, і як таго рэпрэсавалі, заняў ягоную кватэру. Ну але як было не заняць пусты дом – жонка Асоўскага Маргарыта Леапольдаўна тады зьехала ў Ленінград да інжынера-сына, і Дземідовіч быў адзіны прэтэндэнт на гэтую відную дамоўку, бо гадоў пяць цясьніўся ў ягонай бакоўцы за кухняй. Праўда, сям’я ў Дземідовіча была невялікая – ён ды жонка, дзяцей яны ня мелі – дзе ўжо тыя дзеці ў сухотніка? Заняў ладны дом, і ўсё было б добра, калі б некаторыя не пачалі зьвягаць, што, маўляў, таму і пасадзіў, што паквапіўся на жылплошчу. Але ня квапіўся, так атрымалася. І горш за ўсё ў гэтай гісторыі тое, што Мікалай Тарасевіч, ягоны юнацкі сябра, таксама паверыў у яго карысьлівасьць. З таго і пачалося.
        Калі ўжо з чаго пачнецца, тады цяжка ўгадаць усе вынікі і прадбачыць хаду падзей у тых зласьлівых адносінах, тады тыя адносіны павядуць цябе самі, часам насуперак асабістаму твайму жаданьню. Так сталася і з Міколам. Сьпярша нешта зьвягнулі жонкі, жонка Дземідовіча Паліна Аляксандраўна ўвечары неяк паскардзілася на Ядзьвігу Іванаўну, ён падумаў: дурное, прамаўчаў нават. Але праз дзён колькі сам пачуў на перапынку, як жанчыны-настаўніцы паміналі яго імя менавіта ў сувязі з яго дамоўкай. Зрабілася крыўдна, і ён пры выпадку сказаў Мікалаю, каб той крыху ўкараціў язык сваёй жонцы. Той не стрываў, ганарыста адказаў у тым сэнсе, што ня трэба было даваць падставы, не спатрэбілася б і ўкарачваць языкі людзям. «Гэта якім людзям?» – узьвіўся Дземідовіч. «Сам знаеш, якім», – сказаў Мікалай Тарасевіч, і размова на тым абарвалася.
        Размова дык абарвалася, але канфлікт на гэтым ня скончыўся. І калі неўзабаве на партактыве ў дакладзе сакратара райкаму Катушкіна былі падвергнуты крытыцы некаторыя настаўнікі раёну пераважна за нацыяналістычны ўхіл, у спрэчках выступіў Мікалай Тарасевіч, яўна выгараджваючы тых настаўнікаў. Тады ўзяў слова Дземідовіч і, гледзячы ў вочы свайму нядаўняму сябру, сказаў, што замест таго, каб апраўдваць іншых, таварыш Тарасевіч павінен быў бы сьпярша прызнаць уласныя хібы ў гэтым пытаньні: і як нахвальваў «Новую зямлю» Коласа, некаторыя вершы Купалы, і як недаацэньваў пралетарскую паэзію Чарота і Александровіча. Ён тады адкрыў многім вочы на сапраўдную сутнасьць настаўніка беларускай мовы і літаратуры Тарасевіча і ніколькі не раскайваўся ў тым. З бальшавіцкай праматой ён сказаў праўду, нічога не прыдумаў і не ўтаіў. Пра «Новую зямлю», напрыклад, яны колькі перагаварылі ў тыя гады, як найбольш сябравалі. Тарасевіч тады быў у захапленьні ад тае безумоўна шкоднай кулацка-нацыяналістычнай паэмы. А між тым самі Колас і Купала выступалі ў друку з чыстасардэчным прызнаньнем уласнай контррэвалюцыйнай дзейнасьці, якую дагэтуль ня мог распазнаць у іх творчасьці член партыі і настаўнік Мікалай Тарасевіч. Сяброўства іх з таго часу, канешне ж, ляснула, Тарасевіча праз нейкі час пасадзілі, але завошта канкрэтна – гэтага ўжо Дземідовіч ня ведаў. Да той пасадкі ён ня меў аніякага дачыненьня. Тут ягонае сумленьне было чыстае. У той час ён ужо працаваў у райкаме, і з пасадкай Тарасевіча, мусіць, пастараліся іншыя. Але не Дземідовіч.
        Недзе сярод начы яго разбудзіла Серафіма, прынесла конаўку гарачага пітва, што пахла чаборам. Ён сонна піў, – зьнямогла, бяз прагнасьці, бы застарэлы хворы, і, выпіўшы, пластом аблёгся на Серафімчыны транты. Быццам трохі сагрэўся, хоць дрыжака не пакідала назусім яго прастылае цела, але ўнутры стала лепей, ён пакашляў і расплюшчыў вочы. Серафімка трудна ўздыхала ў хаце, па цёмнай і нізкай столі блукалі цьмяныя водбліскі з грубкі, і Дземідовіч падзівіўся з свае ж нечаканае думкі: дзе гэта ён так безадмоўна знайшоў прыпірышча? Ці ён думаў калі, што ў самы для яго трудны час прывеціць яго гэтая цёмная жанчына, родная сястра яго, можна сказаць, ідэйнага ворага. Калі б гэта было раней, дык пры сустрэчы ён бы з ёй не павітаўся нават, зрабіў бы выгляд, што незнаёмы. Сапраўды, мець нейкія сувязі ці падтрымліваць знаёмства з сям’ёй ворагаў народу, нацыяналістаў і контррэвалюцыянераў было болей чым неразумна – было злачынна, і многія паплаціліся за гэта. Ён жа заўсёды стараўся нічым не запляміць свой гонар бальшавіка-партыйца.
        Тады ў мястэчку, як вярнуўся гэты Асоўскі, яго не было дома – ён памагаў швагру лапіць гонтам страху на варыўні, куды яны ссыпалі выбраную з агароду бульбу. Як прыбегла жонка з той ашаламляльнай навіной, ён не паверыў нават, але, мусіць, жонка не памылілася. Асоўскі, казала, стары ўжо і зьнямоглы, прыпёрся пасьляабеддзя ў дом і найперш папытаўся пра Дземідовіча. З якой мэтай ён тое пытаўся, было вядома без далейшых роспытаў, жонка нешта ня дужа верагодна схлусіла і пабегла папярэдзіць мужа. Учуўшы тое, Дземідовіч на некалькі хвілінаў разгубіўся, а затым выразна паглядзеў на швагра і ўпершыню тады ўбачыў, як гэты добры, прастадушны чалавек адвёў свой позірк убок. Дземідовіч яшчэ ні аб чым не папрасіў яго, а той ужо замармытаў пра дзяцей, што яны малыя яшчэ, і што ён чалавек рабочы, яму чорт з ёй, абы якой уладай, была б бульба ды кавалак хлеба да бульбіны. Дземідовіч унурыў галаву, замоўк, а як надышоў вечар, кінуў у сумку кавалак хлеба і сала і разьвітаўся з жонкай. Знаёмых у раёне ў яго было шмат – настаўнікаў, партыйнага актыву, калгасьнікаў, думаў: можа і добра, што швагер не прыняў – знойдзе ня горшы прытулак у якім глухім месцы. Мо будзе яшчэ і лепш.
        Найперш ён скіраваў свой шлях у Замашанскі сельсавет, бліжэй да пушчы; то быў самы глухі, хоць і далёкі куток у раёне, і там, у Замошшы, быў у яго сябра, таксама настаўнік Пракапёнак, з якім яны тры гады запар удзельнічалі ў агіткампаніях. Зноў жа Дземідовіч ня раз бываў там упаўнаважаным па падпісцы на пазыку і ведаў многіх людзей. Ужо там яму не дадуць прапасьці, там яму дапамогуць. Каб лішне не назаляць каму, пайшоў ноччу, прасёлкамі, адмахаў кіламетраў з трыццаць і пад ранак пастукаў у знаёмае высокае вакно Пракапёнка. Баяўся, таго не застане ў хаце, думаў, можа, падаўся ў эвакуацыю. Аж не, Пракапёнак быў дома. Неўзабаве яны ўжо сядзелі на кухні, выпілі па чарчыне і гаварылі пра іхнюю агульную бяду. Абстаноўка ў Замошшы, аднак, таксама была ня простая, некаторыя з людзей, нават з чэсных і ціхіх, цяпер пачалі паказваць свой нораў. Пракапёнак расказваў, як яго ўчора на вуліцы спыніў аднавокі Зуб і прыгразіў: маўляў, ваша ўлада скончылася. Пракапёнак пачаў размову, яму важна было даўмецца, чаму так раптам перамяніўся гэты працавіты чалавек, бацька семярых дзяцей. Аказваецца, той не перамяніўся, ён заўжды памятаў, як упаўнаважаныя з Пракапёнкам спаганялі з яго грошы на пазыку. «Дык што ж ты хочаш, – сказаў Пракапёнак. – Калі падпісаўся, дык трэба бало плаціць». А ён кажа: «Напомніць вам, як падпісвалі? Калі памяць кароткая?» Як падпісвалі, Пракапёнак памятаў, і таму спыніў тую непатрэбную размову, і цяпер вось сядзіць, бы на вугольлі, чакае. Сыйшоў бы куды ў лес, каб не сям’я – жонка ды двое малых. Куды ад іх дзенешся?
        Дземідовіч зусім азмрачнеў, гатовы быў упасьці ў роспач і запытаўся толькі: «Ну хоць да вечара можна перабыць?» – «Да вечара можна, – кажа, – але ня болей. Сам панімаеш…»
        Што ж, ён панімаў, усё ж ён быў чалавек з сэрцам і не жадаў бяды дзецям Пракапёнка. Паляжаўшы на гарышчы да вечара, ён, як зьмерклася, узяў сваю сумку і пачаў разьвітвацца. «Дык куды ж ты цяпер?» – запытаўся сябра, і Дземідовіч сказаў: «А нікуды». Ён і сапраўды ня ведаў, куды падацца. Лепей бы ў лес, каб было лета, але, на жаль, лета скончылася, на парозе стаяла восень. Дзьмулі халодныя вятры, рудое лісьце з бяроз церушыла на Пракапёнкаў падворак…
        Ноччу, ідучы па пустой і гразкай дарозе з Замошша, ён падумаў, што, мабыць, прытулку ў былых сяброў ён ня знойдзе – тыя самі баяцца, бо, канешне ж, усе на падазрэньні. Складана было і трудна ўсе перадваенныя гады, накапілася шмат гаркаты ў адносінах паміж сваімі ж, засталіся недабітыя і недавыкрытыя ворагі, якія цяпер во паказваюць свае іклы. І спадзяюцца на немцаў. Думаючы пра гэтых, недабітых, Дземідовіч пачынаў закіпаць ад злосьці – недагледзелі, не разгадалі ў свой час. А ўжо стараліся! Але ніякай работы, мабыць, не бывае бяз браку, асабліва ў такой рабоце, як класавая барацьба. А што было б, каб ня гэтая барацьба, каб нікога не рэпрэсавалі, не ссылалі? І ўсе тыя яўныя і тайныя ворагі дажыліся да гэтага часу? Страшна падумаць нават, што тады было б! Парэзалі б у першую ж ноч акупацыі ўсё кіраўніцтва, партыйны актыў, усіх, хто памагаў органам. Не, мабыць, правільна іх душылі ўсе дваццаць гадоў.
        А можа, і не зусім правільна?
        Можа, хай бы сабе жылі мужыкі, не чапалі б іх, ня мелі б зла і яны. Зямлі было даволі, усе, хто хацеў, пасьля рэвалюцыі зямлю атрымалі і калупаліся б на ёй, як маглі і ўмелі. Вядома, што селяніну абы які, але абязкова каб уласны лапік, і ён не падніме ад яго носа, будзе калупацца ад цямна да цямна…
        Але ці гэта можна было дазволіць? У сьвятле новых памкненьняў і новых рашэньняў? Паводле палажэньняў марксізму-ленінізму, якое так бурна авалодала масамі, мусіць, тое б было няправільна. А што датычыць нізавога, раённага кіраўніцтва, дык для яго галоўнае было вызначыць, што правільна, а што няправільна. Іменна паводле навукі марксізму-ленінізму. Шчасьце краіны і партыі, што на чале яе стаў правадыр Сталін, які, можа, адзіны мог тое вызначыць і ажыцьцявіць практычнае выкананьне марксісцкіх палажэньняў. Усё тое, што рабілася перад вайной, як гэта было ўсенародна прызнана, было адзіна магчыма і правільна. Дык у чым жа тут можна сумнявацца?
        Усё сваё жыцьцё Дземідовіч прагнуў выразнасьці і праматы, не любіў усякіх складанасьцяў і заўжды гнаў ад сябе сумненьні, якія, ведаў, нібы твань, засмоктвалі ў сябе чалавека. Варта толькі было паддацца на кручок фактаў, усумніцца ў малым, ступіць хоць на адзін крок у багну. Ён ведаў таксама, што вагацца яму было нельга, партыйны кіраўнік павінен быць чалавекам жалезных перакананьняў – ва ўсім давяраць кіраўніцтву, якое ўжо напэўна разумнейшае за ўсіх, хто ніжэй, і ўсё, як мае быць, абмеркавана, перш чым паявіцца перад краінай у форме пастановы ці рэзалюцыі. Ужо таварыш Сталін іх добра абдумаў. А таварыш Сталін ніколі не памыляецца, гэта было вядома кожнаму школьніку.
        Так думаў Дземідовіч, тупаючы цёмнай дарогай з Замошша, і на Цімкавіцкім раздарожжы, трохі павагаўшыся, павярнуў да Бялавіч. Там у яго не было знаёмых калег-настаўнікаў, але дзесьці жыў калгасьнік-пчаляр, якога ён падвозіў гады тры назад па дарозе з Полацку. Дземідовіч тады вяртаўся з нарады, езьдзіў на райкамаўскай лінейцы з харошым данскім жарабком у аглоблях, пчаляр з рэдкім у тутэйшых месцах імем Парфір аказаўся мяккім, разважлівым чалавекам, апавядаў пра норавы сваіх пчолаў, скупа пахваліўся сваім сынам, які ў яго быў камандзірам-лётчыкам і нядаўна прыязджаў на пабыўку з жонкай і дзіцем. Па сакрэце паведаміў, што сын пабываў у Іспаніі і мае ордэн за ўдзел у паветраных баях. Прыпамятаўшы цяпер таго Парфіра, Дземідовіч рашыў завітаць у Бялавічы, якія былі амаль па дарозе і недалёка, можа праз якіх дзесяць кіламетраў ад Замошша.
        У Бялавічах ужо гасьлі рэдкія агні ў вокнах, калі ён увайшоў на вясковую вуліцу. Дзе жыў той Парфір, Дземідовіч, канешне ж, ня ведаў, і тупаў па цёмнай вуліцы, прыглядаючыся да падворкаў, каб дзе каго згледзець і запытацца. У адной хаце бразнулі дзьверы, і ён паклікаў. Маладая жанчына, сьпярша трохі спалохаўшыся, паказала яму наўкось цераз вуліцу на цёмную хату пад клёнам, і неўзабаве Дземідовіч шукаў клямку на незачыненых дзьвярах Парфіра. Парфір быў у хаце адзін, паліў нанач грубку. Дземідовіч шчыра ўзрадаваўся, павітаўся і сказаў, што, мабыць, дзядзька яго ня памятае, не пазнаў. Але той спакойна так кажа: «Чаму ж не пазнаў – пазнаў. Вы ж таварыш Дземідовіч з райкаму, хто ж вас не пазнае тут?» Дземідовіч падумаў, што тым лепей для яго, і напомніў пра іхнюю сустрэчу на Полацкай дарозе, і як яны добра пагаманілі тады аб жыцьці. Усё ж ён хацеў, сам не прызнаючыся сабе, неяк паддобрыцца да гэтага чалавека, пачуць яго спачуваньне і атрымаць дапамогу. Але Парфір ня дужа сьпяшаўся спачуваць, размову ён быццам падтрымліваў, але бяз жаднай ахвоты, толькі часта ўздыхаў, пазіраючы на агонь у грубцы. Дземідовіч скупа, але пераканаўча, як здавалася яму, расказаў пра становішча на франтах, у якім стане апынулася краіна ў выніку гэтага зьнянацкага нападу Гітлера, і як цяпер трудна ўсім і асабліва тым, што апынуліся на часова занятых фашыстамі тэрыторыях. Пра сябе ён яшчэ не сказаў ні слова, але Парфір, калі ён трохі прымоўк, раптам заўважыў, з-пад касмылявых брывоў зыркнуўшы на госьця:
        – Цяпер вам трудна, гэта канешне. Але ж дзе, чалавеча, вы тады былі, як усім трудна было?
        – Гэта калі? – не зразумеў Дземідовіч.
        – А тады. Як стагналі ўсе, сьлёзы лілі. Галадалі і з голаду пухлі, як у трыццаць трэцім.
        А, во ён пра што, з непрыемнасьцю падумаў Дземідовіч, ужо ці за нямецкую ўладу ён? За акупантаў? Усё ж цяпер Дземідовіч не хацеў абвастраць размову і даволі няпэўна адказаў:
        – Было, канешне, і тады труднае. Індустрыялізацыю праводзілі, напружвалі ўсе рэсурсы. Трэба было.
        – Можа, і трэба, – пагадзіўся Парфір. – Але ж нашто было з народу знушчацца? Над сваімі зьдзек утвараць?
        – Ну гэта ты кінь, дзядзька, які зьдзек? Класавая барацьба была, гэта праўда. А зьдзеквацца над сваімі ніхто не хацеў.
        – А тое, што, даўшы зямлю, назад адабралі – ня зьдзек? Што за працу з калгасу нічога не давалі – ня зьдзек? І што абіралі сялянаў: і мяса, і малако, і яйкі, і воўну? І скуры са сьвіней? І лён, і бульбу? І яшчэ грошы: налог, страхоўка, самааблажэньне… А пазыка? Я, думаеш, чаму тры калоды пчолаў завёў? Што дужа мёд люблю? За восем гадоў я яго лыжкі не паспытаў. Каб сплаціць усё – купіць і здаць, во для чаго. Пры тым што ў калгасе кожны дзень рабіў, летась трыста семдзесят працадзён выгнаў. А што атрымаў на іх – паўтара пуда гірсы. Ну як жыць было?
        Такога Дземідовіч тут не чакаў, гэты проста аказаўся затоенай контрай. Бач ты, мала яму гірсы дасталося? Быццам іншым даставалася болей! Ці іншыя меней плацілі-здавалі дзяржаве. Але, глядзі ты, колькі накапіў крыўды!
        – Дарма вы так, Парфір. Я лічыў вас сазнацельным калгасьнікам, а вы? – папракнуў Дземідовіч.
        – А я і сазнацельны! – падняў ад грубкі счырванелы, аброслы сіваю шчэцьцю твар гаспадар хаты. – Я самы сазнацельны ў дзярэўні. Усё выконваў. Жылы з сябе цягнуў, а выконваў. Столькі мала хто тут стрываў, як я. Не хацеў быць несазнацельным, вінаватым дзяржаве, каб папракалі начальнікі.
        – Яно і панятна. У цябе ж, здаецца, сын камандзір? Лётчык?
        Парфір трохі прымоўк, бы ўспамінаючы штось невясёлае, і Дземідовіч падумаў, што пра сына сказаў, мабыць, дарэчы. Але Парфір нечакана сказаў:
        – У тым-та і справа, што сын быў камандзір, лётчык. Ды сплыў. Пасадзілі лётчыка. Тры гады ні пісьма, ні прывета. Мо і жывога няма ўжо…
        Ах, вось што…
        – Да-а, – роздумна прамовіў Дземідовіч, са злосьцю думаючы, што і тут ашукаўся. І тут ня тое! Мабыць, гэты Парфір перажывае за сына, таму і такі ненастроены. А ён думаў: разумны дзядзька, з ім можна будзе паладзіць. Але начорта такія разумныя, што з іх карысьці? Толькі маўчаць да пары, падладжваюцца. Але во паразьвязвалі языкі, загаманілі пра тое, пра што маўчалі гадамі.
        Не, тут ён не застанецца, у такога ён прасіць прытулку ня будзе. Такі яго не схавае, глядзі яшчэ заўтра ж выдасьць паліцыі. Можа, ужо і сам у паліцыі, ці там сын, зяць. Такія нам сёньня – ворагі, з неўтаймаванай злосьцю думаў Дземідовіч.
        Трохі пагрэўшыся ў напаленай, ды няласкавай Парфіравай хаце, ён суха разьвітаўся і пайшоў зноў у ноч. Доўга клыпаў гравійкай, падбіўся, хацелася спаць, а спачыць не было дзе. Зноў жа пасыпаўся дождж, ад якога ня надта ўберагаў ягоны руды, пацёрты плашчык, і ён усё думаў, куды б завярнуць, дзе схаваццца ад непагадзі. Ён і так колькі дзён чуўся даволі блага, пачало дапякаць нездароўе, часам ліхаманіла, а ў тую ноч на дажджы ён такі прастудзіўся добра. Ля Бывалаўскіх хутароў збочыў з гравійкі і, не разьбіраючы дарогі, дабрыў да нейкай сядзібы. Стукаць у вокны ўжо не наважыўся, згледзеў трохі наводдаль ад хаты чорную ўначы пуню і праз незачыненыя вароты ўлез у яе. У куце якраз ляжала трохі леташняй, паточанай мышамі саломы, ён зашыўся ў яе ля сьцяны і, усё дрыжучы целам, задрамаў троху да ранку.
        Прачнуўся, аднак, пазнавата, ужо чуліся галасы ля хаты, але ён ня стаў абзывацца. Ён ціхенька выбраўся з пуні і, даўшы добрага кругаля, абышоў хутар, выбіўся на нейкую палявую дарожку і борзда пасігаў па ёй, каб сагрэцца. Пасьля ночы ўвогуле чуўся ён кепска, балела горла, надта ламіла косьці. Тады ж ён пачаў кашляць і спалохаўся ад думкі: ці не абвастраюцца гэта сухоты, трохі залечаныя за апошнія гады. Калі па такім часе адкрыюцца сухоты, тады яму кранты. А і сапраўды было падобна на тое. Асабліва дакучаў кашаль.
        Той дзень ён на бяду яшчэ дужа прамачыў ногі ў гамашах, трава пасьля дажджу скрозь была мокрая, і недзе ў пасьляабеддзе зразумеў, што далей ісьці няма сіл. Рэшту таго дня праваляўся ў разламанай паветцы ля вёскі Берагі пад Тумілаўскай пушчай. Ён усё думаў, як выратаваць сябе, куды падацца? Дзіўна, што падацца ўвогуле не было куды, нідзе ніякае пэўнасьці, ніякай надзеі. То занадта баязьлівыя, празьмерна асьцярожныя, то няпэўныя, а то проста варожыя. І што здарылася з людзьмі? Ці сапраўды ў бяду свая рубашка бліжэй да цела?
        І тады ён успомніў пра Серафімку. Ведаў яе здаўна і нават неяк улетку заязджаў у хату, яшчэ як сябраваў з Мікалаем. Ехалі з нейкага сходу, завіталі. Пасьля колькі разоў сустракаў у мястэчку, быў на кватэры. Цёмная, малапісьменная баба, звычайная вясковая цётка. Але цяпер яму, можа, такая і трэба. Мабыць, ня будзе філасофстваваць, зводзіць рахункі, наракаць. І паможа. Калі толькі не хавае крыўды за брата.
        Іншага ў яго не заставалася, а Любашы былі недзе за лесам, і надвячоркам ён пусьціўся ў дарогу – цераз лес і поле да старых торфараспрацовак, дзе на пагорачку прыткнуліся гэтыя Любашы.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.