РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Бліндаж
1. Серафімка
2. Хлебнікаў
3. Серафімка
4. Обер-яфрэйтар Хольц
5. Сер[афімка]
6. [Дземідовіч]
7. [Піліпёнкі]
8. [Хлебнікаў]
9. [Серафімка]
10. [Хлебнікаў]
[11. Нохем]
[12. Качан]
[13. Серафімка]
8. [ХЛЕБНІКАЎ]
        
8. [ХЛЕБНІКАЎ]

        
        На чацьвёрты ці пяты дзень пасьля раненьня Хлебнікаў адчуў сябе лепей, – мусіць, адляжаўся, нават выспаўся, а галоўнае – перасталі востра балець вочы і галава, і тады зьявілася надзея, што, можа, яшчэ выжыве. Не адразу ён прызвычаіўся да той думкі, што ўжо не ваяка, што ягонае вайсковае мінулае засталося ўсё ззаду, і калі і выжыве, дык яго чакае нешта зусім іншае, амаль невядомае яму. Найперш – сьлепата. Бачыць яму ўжо, мабыць, ня прыйдзецца ніколі, прыйдзецца век жыць уначы. Канешне, калі толькі ўдасца выжыць… Гэтая жанчына Серафіма ўратавала яго ад голаду, адпаіла зёлкамі. Немец, дзякуй яму, памог медыцынай – учора каторы раз прамыў чымсьці сьмярдзючым вочы, было балюча і нязвыкла, але затым стала лягчэй. Канешне, усё тое было незвычайна, боязна і нават дзіка: і тое, што ён, начальнік сувязі стралковага палка капітан Хлебнікаў, цяпер бездапаможны сьляпец, і яго даглядае вясковая жанчына, і лечыць нямецкі оберяфрэйтар, – тое ня ўкладвалася ў звыклую схему ягоных разваг, у тое нават трудна было паверыць. Але чорт з ёй, са схемай, думаў капітан. Усё ж ён быў жывы і нават папраўляўся быццам, а гэта галоўнае. Што яшчэ можа быць болей галоўным на вайне? Тое, што ён цяпер апынуўся ў становішчы нечуваным, выключным, мусіць, вызваляла яго ад многіх ранейшых абавязкаў і давала нейкія новыя і нязвыклыя магчымасьці. Найперш ён адагнаў ад сябе розныя страхі і сумненьні – ён прымусіў сябе не баяцца нічога. Будзь, што будзе. Ці яму ўжо было што губляць?
        І ўсё ж яго непакоіў немец, які так нечакана ўторгся ў ягоны лёс і нават рабіўся патрэбным. Тады, напачатку, мусіць бы, Хлебнікаў прыстрэліў яго, калі б хоць трохі бачыў, – не таму, што баяўся яго, а так, для пэўнасьці. Той дзень, як ён паявіўся ў бліндажы і даў закурыць, Хлебнікаў усё намерваўся, каб як зрабіць гэта нечакана і пэўна. Але гэты немец, нібы адчуваючы ягоны намер, бы жывое срэбра, круціўся па бліндажы, шархочучы то ў куце насупраць, то ля сьцяны ў нагах, то ля выхаду. Гэтак ня трапіш, а ўжо ён пэўна не прамахнецца. І Хлебнікаў пакуль што адклаў свой намер, а затым, як той узяўся лячыць яго вочы, і зусім кінуў думаць пра тое. Чорт з ім – хай жыве. Тым болей што ён сам быў цалкам ва ўладзе гэтага немца, які мог застрэліць яго кожную хвіліну. Але калі яшчэ не страляў, дык, значыць, не хацеў таго. Можа, у яго былі якія свае на тое намеры.
        Можа, нашы яшчэ неўзабаве вернуцца, адаб’юць гэты раён у немцаў, і тады ён будзе выратаваны. Інакш трэба шукаць дапамогу ў мясцовых. Тут ужо ўсе спадзяванкі на Серафіму.
        Трохі дзіўнаватая гэтая жанчына, думаў капітан, унадзілася ў гэтыя клопаты пра сьляпога, затым пра немца, ды яшчэ прывалакла і гэтага райкамаўца – як яна цяпер саўладае з імі трыма? Пракарміць і то, мусіць, трэба харошы запас харчоў, а ў яе дома ні каровы, ні курыцы. Ды і спаленая вёска… А тут яшчэ зьявіліся паліцаі. Чорт бы іх узяў, тых Піліпёнкаў. Як бы не ад іх ішла найбольшая пагроза Серафіме. Могуць высачыць жанчыну, тады ўсім пагібель. А яна, здаецца, такая прастадушная і падаткая…
        Невядома, ці то была ноч, ці проста немец з Дземідовічам паснулі – Хлебнікаў чуў толькі іхняе дыханьне побач. Дземідовіч усё хрыпеў, часам кашляў і нават мармытаў нешта ў сьне, а капітан, чуйна скіраваўшы ў слых сваю ўвагу, слухаў і думаў. Ён быў кадравы ваенны, даўно служыў у арміі, апроч тае службы мала што разумеў з жыцьця – адных толькі вайсковых клопатаў было яму пад завязку. Служба адбірала ўвесь час, ад ранку да ночы, выхадныя таксама, зіма праходзіла для яго за глухім гарнізонным плотам, лета з раньняй вясны – у лагерах сярод сопак і дзікай прыроды Далёкага Усходу. Жанчын ён бачыў толькі ў пасёлку ды на бліжняй станцыі, гэта былі пераважна жонкі каманднага і начсаставу іх гарнізону; з незамужніх часам трапляліся сёстры ў шпіталі ды афіцыянткі ў камандзірскай сталовай – лічаныя адзінкі на многія дзясяткі камандзіраў, жанатых і халастых. Выбар быў невялікі, маладыя жаніліся на першай, што бліжэй за іншых трапляліся ў жыцьці, і ён таксама ажаніўся з афіцыянткай Марусяй, што так міла ўсьміхалася, раздаючы ім талеркі з вялікага падносу, што спрытна насіла між радамі сталоў. Харчаваліся ня надта каб сытна, малады апетыт быў неспатольны, і Маруся яго спакваля падкормлівала тым, што было на кухні: то пакладзе на талерку які лепшы кавалак мяса, то лішнюю лыжку масла ў кашу. Ён быў удзячны за такую нязвыклую для яго жаночую ўвагу, якой мала бачыў у дзяцінстве ад строгай і сухаватай мачыхі. Маруся яму падабалася. Ужо такая здавалася мілая і ласкавая і нішто сабе з аздабы, але шчасьце з ёй у лейтэнанта Хлебнікава доўжылася з чэрвеню да кастрычніку, калі яны з лагерных палатак перабраліся ў казармы, і аказалася, што жыць ім у гарнізоне няма дзе – кватэраў для маладых не было, і яны туляліся хто дзе – у старшынскіх капцёрках, неўладкаваных гаспадарчых бакоўках. Во тады Маруся і зьмяніла свой мілы характар на плаксіва-зьвяглівы, яе каханьне абярнулася патокам прэтэнзіяў да яго, які так яе ашукаў. Яна ўжо не рабіла ў сталоўцы, а ўвесь дзень сядзела ў сваім кутку на паддашшы казармы і нудліва чакала яго, каб зараз жа, як ён прыйдзе, настылы ў полі, галодны і зьнерваваны, узяцца яго пілаваць за іхнюю неўладкаванасьць, за ягоную невязуху з жыльлём, за тое, што ён гэтакі няўдачнік, атрымлівае шэсьцьсот рублёў у месяц і пяты год ходзіць у лейтэнантах, у той час, як ягоныя сябры пасталі капітанамі. Доўга ён спрабаваў усё тое ператварыць у жарты, абяцаў даслужыцца да генерала, тым болей, што часу да таго ў яго хапала, расказваў пра труднасьці з жыльлём і тое, што не яны адны апынуліся ў такіх умовах. Нават старшыя камандзіры і тыя нярэдка дзялілі адну кватэру на дзьве сям’і, а грошы, дык гэта такая справа, калі ўсё залежыць ад таго, як да іх ставіцца. Тыя ж ягоныя шэсьцьсот рублёў узводнага могуць быць малымі грашмі для буржуя і надта вялікімі для прыбіральшчыцы. Але дзе там! Марусіна крыўдлівая незадаволенасьць спакваля ператварылася ва ўстойлівую варажнечу да яго, жонка яго зьненавідзела. Як натура дужа зайздросная, яна бачыла ўсіх іншых мужоў яе суседак лепшымі за свайго, хоць ён ніколі не сказаў ёй грубага слова, стараўся пазьбягаць зьвягі і спрэчак. Ён болей маўчаў. Але, мусіць, тое яго маўчаньне было самым абразьлівым і нестрываным у адносінах да яе, і, неяк перабіўшыся зіму ў таёжным гарнізоне, яна вясной зьехала да родзічаў у Барнаул. Два гады ён быў ні халасты, ні жанаты, быў у камандзірскай гасьцініцы з халасьцякамі, пасылаў ёй па пошце пяцьсот рублёў у месяц, але пісьмаў не пісаў. І яна яму не пісала таксама, аж пакуль ён не атрымаў тое, дзе яна прасіла выслаць развод. Згоду на развод ён паслаў у той самы дзень і рашыў, што ніколі больш у жыцьці не наблізіцца да ніводнай жанчыны.
        А гэта вось Серафіма, якую ён ні разу ня бачыў і ўжо не пабачыць ніколі, чужая і незнаёмая, даглядае яго і корміць, ратуе ад пагібелі – па сваёй добрай волі, без усякага разьліку і нават бяз жаднай надзеі. Учора, як прынесла бульбачку і ён пачаў няўмела есьці, так сардэчна забедавала, здаецца, ажно заплакала. Што за жанчына яна і якога хоць бы ўзросту? Голас мяккі, дужа далікатны і мілагучны жаночы голас, але якая яна з твару, аб тым Хлебнікаў ня мог нават здагадвацца. Хоць бы спытаць, колькі ёй год? Канешне, жанчыны яму цяпер без патрэбы, што яму і Серафіма? Але ўсё ж такі… Ён чакаў пачуць яе голас – ведаў, тады пачынаецца дзень, яна прыносіць харч, падтрымлівае ў ім жыцьцё і тоненькай нітачкай зьвязвае яго са сьветам і безьліччу падзей, з якіх выпаў ён. Усе гэтыя дні ён дужа пакутваў бяз курыва, немец прынёс дзясятак слабых, бы трава, цыгарэт, якія ён скурыў за некалькі гадзінаў і прагнуў курыць яшчэ. Можа, і тут Серафіма яму паможа? Ня можа быць, каб у вясковых мужыкоў не знайшлося якога самасаду? Хіба што ў зруйнаванай вёсцы ня знойдзецца і мужыкоў…
        Праклятая вайна, як усё няўлад абярнулася на ёй! Нават для яго, кадравага вайскоўца, для яго вайна – прафесія, і ён за гады сваёй службы ўпарта і старанна спасьцігаў яе таямніцы, складаную тэхналогію барацьбы з ворагам. І можа на вайне ён упершыню задаў сабе сакраментальнае пытаньне: ці падрыхтавалі яго хоць бы ў галоўным да таго, што гэтак спатрэбілася на фронце? Усю сваю службу, колькі памятаў Хлебнікаў, пяхоту вучылі абароне і найбольш – наступленьню, зімой і ўлетку малымі падразьдзяленьнямі і буйнымі злучэньнямі, на тактычных і штабных вучэньнях адпрацоўваліся дзясяткі варыянтаў гэтых складаных тэм. Ніхто з вайскоўцаў ня мог нават падумаць пра такія праблемы адступленьня – такога віду баявой дзейнасьці не прадугледжвалі статуты Чырвонай арміі, якая не зьбіралася адступаць ніколі і планавала разьбіць ворага малой крывёй і магутным ударам. Найбольш верагодным ворагам меркавалася імперыялістычная Японія, там ля яе, на Далёкім Усходзе, адбываліся частыя стычкі і правакацыі, на граніцах з ёю, у Маньчжурыі і Манголіі, стаялі самыя баяздольныя далёкаўсходнія дывізіі Чырвонай арміі, камандзіры ўсіх рангаў і ступеняў нястомна вывучалі арганізацыю і тактыку японскай імператарскай арміі. Немцы перад вайною былі сябрамі, іхнія камандзіры перад вайною вучыліся ў нашых акадэміях, дыпламаты і вайскоўцы рэгулярна прысутнічалі на нашых вялікіх манеўрах БВА і КВА. На захадзе быў пакт, мір і поўны ажур.
        А на справе атрымалася ўсё наадварот. Японцы мірна стаяць, дзе стаялі, немцы ж пад прыкрыцьцём пакту ўварваліся ў краіну і адцяпалі ўвесь яе захад. І няма ім супынку, пруць на Маскву. І хто вінаваты ў гэтым?
        Іхні полк і дывізія адступалі ад Баранавічаў, двойчы выходзілі з акружэньня, перажылі танкавы разгром на Беразіне, страцілі большую палову асабістага складу. Несьціханым болем ныла душа па забітых сябрах, пакутвала ад бясконцых няўдач і паражэньняў, а розум ноччу, у ціхія хвіліны спакою ўсё перабіраў, варашыў тысячы розных прычынаў і фактаў, каб зразумець, у чым справа, хто вінаваты?
        Неяк яны начавалі на хутары пад Менскам. Была цёмная ноч, зьбіралася на дождж, дружна насядалі камары, і, каб уратавацца ад іх, Хлебнікаў пайшоў спаць на хутар у хату. Там ужо былі палкавы начарт Бурш, начхім Емяльяненка, нехта з байцоў. Не запальваючы сьвятла, яны палеглі на лаўках, але ня спалі, гаманілі пра тое і гэта, а найбольш – пра нашы няўдачы. І тады Бурш сказаў, што ў такой сітуацыі, калі праціўнік навязвае нам сваю тактыку, трэба гэтую тактыку пераняць у яго, гэта значыць нешта пазычыць у немцаў. Тое Бурш у найбольшай меры адносіў да дзеяньня танкавых злучэньняў, а таксама нямецкай пяхоты, іхніх аўтаматчыкаў, якія дзейнічалі зусім інакш, чым гэта вызначалася ў нашых статутах. Ня ў прыклад нашым баявым парадкам, немцы наступалі ў адзін ланцуг, камандзіры ў іх былі ззаду, адкуль кіравалі боем, ніхто ў іх ня бег перад ланцугом з пісталетам у руках і з крыкам «Ура!». Ніхто тады Буршу не запярэчыў. Хлебнікаў таму, што ўжо засынаў ды і адчуваў пэўна: начарт кажа праўду, што можна было сказаць насуперак? Праўда, наступаць ім яшчэ не даводзілася, яны ўсю дарогу адступалі, але контратак было ўжо нямала, і кожны раз камандзіры і камісары павінны былі весьці байцоў за сабой у штыхавую, падахвочваючы іх крыкамі «Ура!» і «За Сталіна, за Радзіму!». Ня дзіва, што сярэдніх камандзіраў у іх не хапала, у батальёнах амаль усіх павыбівала, ротамі камандавалі старшыны і сяржанты, а батальёнамі часьцяком нядаўнія ўзводныя, лейтэнанты. Жахліва не хапала боепрыпасаў і сродкаў сувязі, якія таксама былі далёка ня лепшыя. Хлебнікаў, калі выпадала, стараўся разжыцца трафейнымі – выдатнымі тэлефоннымі апаратамі ў эбанітавых футаралах, а таксама нямецкім чырвоным кабелем, які быў куды лепшым за наш эзекерытавы. Мабыць, праўду тады казаў Бурш, але на другі дзень, як яны былі ўжо на маршы, па калоне пакацілася чутка, што Бурша арыштавалі асобаддзельцы за пранямецкую агітацыю. На прывале пад вечар да закрытай машыны асобага аддзелу паклікалі і Хлебнікава, і ён там пісаў тлумачэньне, пра што ў той вечар гаварыў на хутары Бурш і чаму ён, капітан Хлебнікаў, ня даў яму водпаведзь. Хлебнікаў пісаў, лаяўся ў душы і праклінаў усё на сьвеце – ці ён сам думаў інакш, чым начальнік артылерыі? Але во насуперак свайму жаданьню мусіў капаць на сумленнага і разумнага камандзіра, якому тая размова, мяркуючы па ўсім, будзе каштаваць жыцьця.
        А калі во цяпер напішуць на яго самога? Хоць бы за гэты хаўрус з нямецкім яфрэйтарам? Мусіць, таксама не паздаровіцца, не зважаючы, што паранены.
        «Ну і чорт з ім!» – лаяўся ў думках Хлебнікаў. Ужо, мабыць, цяпер яму ня страшна нічога. Цяпер ён не камандзір і нават не паранены. Цяпер ён – сьляпец, калека, жабрак. А жабраку-калеку можна ўсё. Усё, што дапускае яго сумленьне. Пляваць яму на іншых і іхнія відушчыя клопаты. Яны – ня ён. Бо яны відушчыя.
        Яму б толькі вось закурыць…
        Але ў бліндажы спалі, а Серафіма яшчэ не прыходзіла, значыць, яшчэ была ноч, дзень яшчэ не наступіў. Але, мабыць, наступіць. Што толькі ён прынясе ім у гэты бліндаж?
        Ад доўгага ляжаньня на мулкіх земляных камяках даўно ўжо нылі ягоныя сьцёгны, ён круціўся на шынялі, спрабуючы легчы і так, і гэтак, але ўсё было мулка і нязручна. Сон прыходзіў урыўкамі, як да птушкі на дрэве, Хлебнікаў то крыху драмаў, то зноў вяртаўся да бязрадаснай свае рэчаіснасьці. Усё ж тут, у бліндажы, ён адчуваў сябе старшым над двума іншымі, хоць яго ніхто і не назначаў ім, але па даўняй вайсковай завядзёнцы ён рашаў за ўсіх і зьдзівіўся б, калі б хто-небудзь яго не паслухаўся. Шкада, што абодва яго падначаленыя былі з яўным бракам: адзін – немец, які ўсё ж кепска разумеў па-руску, а другі хворы – каго пашлеш, калі што будзе патрэбна? Сам таксама не хадок. Заставалася адна Серафіма.
        Зноў Серафіма. Як не мяркуй, увесь сьвет для іх, мабыць, сыходзіўся на гэтай вясковай цётцы.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.