РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Бліндаж
1. Серафімка
2. Хлебнікаў
3. Серафімка
4. Обер-яфрэйтар Хольц
5. Сер[афімка]
6. [Дземідовіч]
7. [Піліпёнкі]
8. [Хлебнікаў]
9. [Серафімка]
10. [Хлебнікаў]
[11. Нохем]
[12. Качан]
[13. Серафімка]
7. [ПІЛІПЁНКІ]
        
7. [ПІЛІПЁНКІ]

        
        Прачнуўшыся на сьвітаньні, Дземідовіч адразу зразумеў, што захварэў як мае быць. Цела ламіла ад зьнямогі, галава была цяжкая, бы чыгун, дыханьне залажыла – сухоты ці не, а запаленьне пэўнае, падумаў ён. Побач на пяколку стаяла ягоная конаўка з зёлкамі, ён трохі адпіў з яе і зноў лёг. У хаце было ціха, Серафімка, мабыць, кудысь выйшла, і ён ціхенька паклікаў раз і другі. Не, нідзе нікога. Усё ж, мабыць, трэба было неяк уставаць, штосьці рабіць. Ці хоць бы аб чымсьці дамовіцца – учора ён нават не расказаў ёй аб сваіх клопатах, – папрасіўся пераначаваць і ўсё. А што далей?
        Далей трэба было падумаць, параіцца, абмеркаваць з гэтай жанчынай свой горкі лёс і папрасіць дапамогі. Авось дапаможа.
        Пад стольлю трохі пасьвятлела, мабыць, на двары ўжо разьвіднела, і ён з натугай пераадольваючы слабасьць, падняўся, сеў на палок. Так, сапраўды, мусіць, сёньня ён не хадок – сёньня ён мог толькі ляжаць. Зноў нахапіўся кашаль, біў, біў, ён спрабаваў адкашляцца, ды марна. У грудзях ігралі гармонікі, цямнела ўваччу. Як бы ня страціць прытомнасьць.
        Толькі ён пачаў надзяваць мокрыя гамашы, як недзе зусім побач, здалося за вуглом, грымнуў вінтовачны стрэл і зараз жа зводдаль жаласна заякатаў сабака. Дземідовіч скалануўся ад спалоху і толькі надзеў левы гамаш, як у сенцах стукнулі дзьверы, і ён падумаў, што то Серафіма. Але некалькі крокаў там далі зразумець, што не Серафімка – тупалі цяжка, цьвёрда, тузанулі дзьверы. Ён з адным гамашом у руках выглянуў з запечку, і ўваччу ў яго пацямнела. Цераз парог пераступіў і спыніўся рослы белабрысы дзяцюк у расшпіленай вайсковай ватоўцы, з вінтоўкаю ў руках. З-за ягонага пляча выглядваў другі – з драбнаватым чарнявым тварам у вайсковым, з чорным аколышам, картузе на ўскудлачанай галаве. Дземідовіч здагадаўся, што, мабыць, гэта тутэйшыя паліцаі, і адчуў, як нядобра закалацілася яго сэрца.
        – О, і гаспадар завёўся, – замест прывітаньня бадзёра сказаў першы. – Ці, можа, госьць? Дзень добры.
        – Добры… дзень, – няўпэўнена сказаў Дземідовіч, дрыготкімі рукамі спрабуючы насунуць на нагу сыры, гразкі гамаш. У галаве закружылася, і, каб ня ўпасьці, ён апусьціўся на ўслон.
        – Месны ці прыезджы будзеш? – з робленым спакоем запытаўся пярэдні. Яны абодва ўжо ўлезьлі ў цесную хату і пасталі каля парогу.
        – Ды вось, як бачыце, выпадкам, – няпэўна выціснуў з сябе Дземідовіч, з натугай надзеючы гамаш. – Да цёткі…
        – Да цёткі?
        – Ага, да Серафімы, – рашыў да канца хлусіць Дземідовіч, бо відаць, гэта былі тутэйшыя, іначай ім адказаць ён ня мог.
        – Значыць, Серафіма – цётка? – дапытваўся паліцай. – А дзе ж яна, тая цётка?
        Цяжка тупаючы па дошках падлогі вялікімі гразкімі ботамі, ён прайшоў да грубкі, зазірнуў у запечча.
        – Ды кудысь выйшла, – ціха сказаў Дземідовіч.
        – Так, так! З якой мэтай – да цёткі? – раптам запытаў паліцай, спыніўшыся перад ім насупраць. – Надоўга?
        – Ды так, наведаць, – сказаў Дземідовіч.
        – Камандзір? Акружэнец?
        Яны ўжо абодва прыдзірліва аглядвалі яго змарнелуюў пінжаку постаць. Затым той, чарнявы, ціха зазначыў:
        – Не падобна. Гражданскі, мабыць.
        – Да? Гражданскі? – утаропіўшы ў яго позірк, дапытваўся першы. – Адкуль? З раёну? З вобласьці?
        – Ды ну, што вы, хлопцы! – зьмяніў стрыманы тон Дземідовіч. – Нельга ўжо родственіцу праведаць? З Полацку я.
        – З Полацку?
        – З Полацку.
        – Гляджу, аднак, быццам мне твая фізія знаёмая, – настырчыўся першы. – Як прозьвішча?
        – А навошта? Ну Максімаў.
        – Максімаў… Не, усё-такі недзе я цябе бачыў. Во не прыпомню, – еў яго позіркам паліцай. Другі тым часам абышоў хату, паглядзеў за стол, у змрочныя куткі, за занавеску ў запечча. – У міліцыі рабіў?
        – Ды што вы, хлопцы?
        – Але дзе ж Серафімка? – не стрываў першы і праз уцалелую шыбку зірнуў у заткнутае трантамі вакно.
        – Можа, карову пагнала, – паспрабаваў Дземідовіч адвесьці іхнюю ўвагу на іншае.
        – О, у яе ўжо і карова паявілася! – зьдзівіўся паліцай. – А то казанскай сіратой прыкідвалася…
        – Паявілася, ага.
        – Тады паглядзім на выгане, – вырашыў першы. – Ну дык мы не разьвітваемся, пляменьнічак. Яшчэ пабачымся, – запэўніў паліцай ужо ў дзьвярах. Мусіць, аднак, яны мелі іншую мэту гэтага прыходу і напаткалі яго тут выпадкова. Значыць, трэба было змывацца.
        Толькі куды?
        Застаўшыся адзін, ён зноў адчуў сябе блага, ледзьве насунуў у рукавы непрасохлы, сыраваты з учарашняга плашч, зноў сеў на ўслон. І сядзеў так, кашляючы і слухаючы, як ад натугі зьвініць у галаве. Ён думаў, што тыя зараз прыйдуць з Серафімкай і возьмуць яго. Ці застрэляць на месцы. Каб ведаць такое, дык хоць бы дамовіцца ўчора з гаспадыняй, што ён яе пляменьнік ці брат, а то… На яго шчасьце, хутка на падворку затупалі ціхенькія крокі, і ў сенцы ступіла Серафімка. Дземідовіч падняўся з услону.
        – Паліцаі былі. Цябе шукаюць.
        У вачах Серафімкі шаснуў цень страху, і яна зьмянілася з твару.
        – Ай, божачкі!..
        – Схавай мяне куды, – загаварыў Дземідовіч. – Бо зноў прыйдуць.
        – Ай, божачкі! – зноў вымавіла Срафімка і раптам падхапілася ад парогу. – Хуценька, хуценька ідзіце сюды… Я зараз зірну.
        Яна выскачыла на падворак, паазіралася і зноў ускочыла ў сені.
        – Ідзіце сюды… За мной, во агародамі да тых кусьцікаў…
        Ён не пытаўся, куды, цяпер яму засталося толькі спадзявацца на Серафімку, у ёй быў яго паратунак. Хістаючыся ад зьнямогі, ён паклыпаў за ёй па сьцежцы цераз гарод да кустоўя, там ужо было якое-ніякое сховішча, і яна пачакала яго, узяла за руку.
        – Во туды, у лясок, там… Я знаю, куды.
        Паліцаі, мусіць, шукалі яго на выгане на другім канцы спаленай вёскі, а яна хутка прывяла яго ў рэдкі дробны лясок з маладым бярэзьнікам, тут ужо можна было затуліцца ад вёскі, і яна пачакала крыху, пакуль ён адкашляецца.
        – Што, кепска вам?
        – Кепска, Серафіма, – сказаў ён, цяжка і хрыпата дыхаючы. – Я сказаў, што ты мая цётка.
        – Во як! – толькі і сказала яна, з непрыемнасьцю падумаўшы, аднак: якая я табе цётка? Можа, гады на два старэйшая, магла б быць жонкай, сястрой. А то – цётка.
        Яна ўжо ведала, дзе схавае яго – іншага схову ў яе не было, а ў бліндажы ўтрох ім, можа, будзе лепей. Сёньня ранічкай, як яна прынесла ежу камандзіру і насунулася на таго немца, дык ледзь не самлела ад спалоху. Добра, што камандзір азваўся, мусіць, зразумеў яе страх і супакоіў. Сказаў, што гэта дэзерцір, ня трэба баяцца. Тады яна пасьмялела трохі, але ўсё роўна баялася, пакуль, седзячы ў бліндажы, карміла сьляпога. На яе радасьць, сёньня камандзір чуўся лепей і трохі зьеў яе харчу, астатняе да крошкі даеў, мусіць, добра такі згаладнелы немец. Трэба было падумаць, чым накарміць гэтыя дзьве душы заўтра, і з такім клопатам яна прыбегла дамоў. А тут такая нагода – паліцыя. Што ж цяпер ёй рабіць, думала Серафімка. Зноў жа, гэты Дземідовіч, мусіць, захварэў не на жарты, ён зусім ня мог бегчы і хістка плёўся за ёй па малаходжанай сьцежцы ў зарасьніках, а то спыняўся зусім, кашляў – гучна і надрыўна, па-сабачы. Трохі супакоіўшыся ад спалоху ў хаце, яна пачала думаць, што цяпер, удзень, мусіць, нягожа весьці цераз поле чужога чалавека. Але і як было пакінуць хворага ў лесе? Яшчэ зусім тут абляжа, што тады з ім рабіць? Цяпер хіба што падысьці да бліндажу ня полем, а збоч, ад поплаву, тою траншэяй. Там усё ж болей схоўна. Мо так іх не заўважаць здаля.
        Ня надта хутка і спрытна яны выйшлі з ляску па-над вялізным прасьцягам тарфянішча, і Серафіма, ідучы наперадзе, усё азіралася на Дземідовіча, прытрымлівала свой крок, каб ня дужа адрывацца ад чалавека. Так яны адолелі даволі даўгі схіл і падышлі да канца траншэі. Тут, аднак, у мелкай, па пояс, ня болей, траншэі ня надта каб было схоўна, і дужа гразка ў дне, але Серафімка скочыла ў яе шчыліну; неўзабаве туды, павагаўшыся, улез і Дземідовіч. Прыгінаючыся, яны доўга прабіраліся крывулякамі разьбітых хадоў, якія пакрысе рабіліся глыбейшымі, бруствер абапал вышэў, і высокаму Дземідовічу ўжо можна было ня горбіцца. Але, мусіць, яму не спадабалася нешта, і ён, ужо другі раз прыпыняючыся, пытаўся ў Серафімы:
        – Куды гэта мы?
        – Ідзіце, ідзіце, – лагодна казала яна, азіраючыся. – Там двое, але нічога. Бліндаж вялікі.
        – Бліндаж?..
        – Ну, бліндаж.
        Дземідовіч ня ведаў, радавацца ці злаваць – бліндаж і нейкіх двое ў ім – добра, калі свае. А калі немаведама якія? Як тады яму быць?
        Мусіць, ля апошняй павароткі яны спыніліся, і Серафіма ціха гукнула:
        – Гэта я, Серафіма...
        – Ты, тётка? – глуха данеслася з-пад зямлі, і Серафімка першая падышла да напаўзасыпанага ходу ў бліндаж. Дземідовіч жа нерашуча спыніўся зводдаль, і толькі як яна схавалася там, сунуўся сьледам.
        – Во прывяла яшчэ, – казала камусь Серафімка. – Ня бойцеся, свой. У райкаме рабіў.
        Дземідовіч стаяў, дужа ўгнуўшы галаву, якая ўпіралася ў нізкую столь, і ва ўсе вочы глядзеў у паўзмроку на вайскоўца з забінтаваным тварам, што ляжаў у куце. Той паклаў на палу шыняля свой пісталет і адхінуўся на сьпіну.
        – Фамилия?
        – Дземідовіч, – сказаў госьць. Тут ужо, мабыць, можна было не таіцца, перад ім ляжаў, мусіць, паранены капітан войск сувязі. Трохі паспакайнеўшы, Дземідовіч зірнуў убок, за Серафімку, і сударгава сьцяўся: з другога кутка на яго пільна і выпрабавальна ўзіраўся нейкі дзяцюк у нямецкім мундзіры з няпэўным, але адразу відаць было, чужым выразам на белабрысым твары. Мусіць, зразумеўшы зьдзіўленьне Дземідовіча, Серафімка пасьпяшалася супакоіць яго:
        – Нічога, нічога… Як-небудзь…
        «Добра – як-небудзь», – падумаў Дземідовіч, які ўжо быў ня супраць даць адсюль драла, каб толькі мог. Але ўжо, мусіць, яму адсюль ня выйсьці, ён ужо ў пастцы – такія думкі перш за ўсё іншае паявіліся ў яго галаве. Капітан між тым варухнуў упартым падбароддзем, паказваючы кудысьці ўбок.
        – Садись, Демидович, рассказывай. Где наши? Это немец-дезертир, не обращай внимания. Закурить имеешь?
        – Не куру я… – паныла выціснуў з сябе Дземідовіч.
        – Не куришь? Жаль… А то у немца эти сигареты, что трава. Серафима! – паклікаў капітан. – Ты не сможешь достать курева? Ну махры там или самосада?
        – Табакі? Дык дзе ж… Каб які мужчына быў.
        – А ты постарайся. Без курева тут погибель… Так где фронт, не слыхать?
        – А хто ж яго ведае. Але няблізка.
        Дземідовіч па чарзе пераводзіў свой устрывожаны позірк то на капітана, то на немца ў куце. Пасьля апусьціўся пад сьцяной ля ўваходу, закашляўся. Капітан услухаўся ў яго кашаль і, як той трохі прыціх, спытаўся:
        – Что, простудился?
        – Прастудзіўся, халера на яго…
        – Да, надо было в избе полежать.
        – Паляжаў ноч. Ды ранкам паліцаі выкурылі.
        – Полицаи? Уже и полиция организовалась? Вот сволочи! И откуда взялись? Свои? Прихожие?
        – А чорт іх ведае, – сказаў Дземідовіч, крадком пазіраючы на немца.
        – Піліпёнкі, Піліпёнкі гэта, – хуценька ўставіла Серафімка. – Болей некаму. Яны – халерныя людзі.
        Хлебнікаў трохі павярнуў галаву ў яе бок.
        – Ты еще здесь, Серафима? Так позаботишься о куреве, да?
        – Ай дзе ж, дык ня ведаю. Ну пашукаю… Дык я гэта пайду. Вячэру ж вам трэба.
        Яна палезла да выхаду, і капітан яшчэ раз напомніў:
        – Главное – закурить.
        Яны засталіся ўтрох, у бліндажы трохі павальнела. У грудзях у Дземідовіча зноў захрыпела, ён паспрабаваў адкашляцца, ды дзе там: мабыць, забіла ўсе лёгкія. Кашляючы, крадком пазіраў на немца, які цяпер уважліва разглядаў яго і, як ён трохі сьціх, спытаў:
        – Пневмония?
        – Што? – аж спалохаўся Дземідовіч. – Можа быць. Калі ня горш… – сказаў ён і тут жа пашкадаваў: знайшоў каму скардзіцца на сваю хваробу. Немец сядзеў пад сьцяной, расставіўшы калені, з перапэцканымі ботамі на нагах. На яго шырокай дзязе з белай бліскучай спражкай грувасьціўся вялікі чорны кабур, мабыць, з пісталетам, падумаў Дземідовіч. Чорт ведае, што робіцца, у якую пастку яго завяла Серафіма. Але ж гэты капітан? Ці ён не разумее ўсяго жаху становішча? Трэба было б запытацца ў яго, пагаварыць, але Дземідовіч усё касавурыўся на немца – а раптам той разумее па-руску?
        Неўзабаве так яно і атрымалася, як ён найболей баяўся: немец, калі ён крыху суняўся пасьля кашлю, выразна сказаў да яго:
        – Пневмония немножко помогаль… Их… Я имель стрептоцид.
        Ён выцягнуў з кутку нейкую сумку, расшпіліў яе, пакалупаўся там і дастаў паперку, з якой вылушчыў белую таблетку.
        – Браль!.. Унд васер, один таблет.
        Амаль са страхам у душы Дземідовіч сядзеў насупраць, ня ведаючы, як быць: узяць ці адмовіцца. І капітан, нібы адчуўшы яго нерашучасьць, сказаў:
        – Возьми! Не обманет. Мне вон глаза обработал, сразу гной течь перестал.
        Дземідовіч працягнуў руку, узяў таблетку, уважліва разгледзеў яе на далоні. Праглынуць ці не? А раптам атрута? І ён сьцяў яе ў кулаку, непрыкметна сунуў у кішэнь плашча.
        – Да-а, попали, как мыши в горлач, – грубавата сказаў капітан, уздыхнуўшы. – Чего дождемся?
        Дземідовіч таксама ўздыхнуў і ціха заплюшчыў вочы. Карцела апусьціцца долу, скорчыцца, легчы – аддацца спакою. Але як было аддавацца спакою ў гэткай кампаніі, і ён сядзеў ля ўваходу, зьнямогла сочачы з-пад ілба за немцам. Той доўга поркаўся ў сваёй сумцы – перабіраў медыцынскае начыньне – скруткі бінтоў, бутэлечкі, пакункі, нажніцы. Твар яго быў заклапочаны сваёй увагай, на іх ён ужо амаль не глядзеў. І тады Дземідовіч спытаў:
        – Мусіць, афіцэр будзеце?
        – Вас? – не зразумеў немец, але за яго адказаў капітан:
        – Не офицер. Погоны у него какие? Без знаков? А на рукаве что у него?
        – На рукаве нашыўка. Нейкі вугольнік, – сказаў Дземідовіч.
        – Вот, угольник. Значит, ефрейтор.
        – Я, я, – заківаў галавой немец. – Обер-ефрейтор Хольц.
        – Рабочы ці селянін будзеце? – зноў пацікавіўся Дземідовіч.
        – Арбайт? Ніхтс арбайт. Студент.
        – А, студэнт. А бацька хто? Ацец?
        – Отец у него профессор, – сказаў капітан. – Мы вчера познакомились. Ничего, хороший немец, надежный.
        Дземідовіч змоўчаў: так ужо і надзейны? Адкуль гэта вядома капітану? Хіба сам сказаў? Але ён табе нагаворыць. Перавязаў галаву? А калі ён шпіён? Засланы сюды сьпецыяльна?
        – Только вот сигарет прихватил маловато, – паскардзіўся капітан. – Наверно, думал в плену разжиться. А у нас у самих в кармане – вошь на аркане.
        Ну курыва, мабыць, ня самае цяпер важнае, − думаў Дземідовіч. − Без табакі яшчэ ніхто не памёр. Ён во ня еў з учарашняга, хоць у сумцы муляла з паўбохана хлеба, заставалася трохі і сала. Але… Няёмка было цяпер тое выкладваць, а галоўнае – дзяліцца з тым немцам. Лепш ён пагаладае, а там будзе відаць.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.