РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Брыль
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Золак, убачаны здалёк
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
4
4
        
        На тых узгорках, якія градой узвышаюцца за вялікай пашай, там, дзе ў глыбокай даліне хаваецца Людзіна вёска Яры, там і далей на поўдзень і поўнач калісьці была нямецкая лінія. З верасня 1915-га да студзеня 1918 года на гэтай лініі стаяла «ў стратэгічнай абароне» войска баварскага прынца Леапольда, генерал-фельдмаршала. Амаль таксама, як і ўся нямецкая армія, з агаворкай пра ўсебаковую і нязменную перавагу прусакоў, баварцы, хоць у асноўным ландвер ды ландштурм, пажылыя апалчэнцы, былі загадзя добра абучаныя, узброеныя найнавейшай тэхнікай і культурна ўбетаніраваныя ў зямлю. Як сведчыць «душа германскага генеральнага штаба» Эрых фон Людэндорф, пазней адзін з галоўных настаўнікаў Гітлера, баварцы былі да таго ж на належным узроўні «eisener Fleiss», незвычайнай, нястомнай, даслоўна – жалезнай руплівасці на службе кайзеру і фатэрлянду.
        Слова «калісьці» падкрэслена мною цяпер, з гістарычнай дыстанцыі. А ў той далёкі дзень майго шчаслівага падарожжа, у разуменні і адчуванні мамы і Рамана і ўсіх дарослых людзей, той расейска-нямецкі фронт, тая вайна – была зусім нядаўна. Бо на немцах яна не закончылася: пасля іх была «свабода», потым белапалякі, тады бальшавікі, зноў палякі, якія і ўсталяваліся ў нашых мясцінах са сваімі панскімі парадкамі, якія пасля «свабоды» былі працоўным людзям вельмі не да душы.
        А мне і Людзе, да якой я прыехаў, усё такое было і недаступна, і цікава толькі па-нашаму, для гульні. «Унуцька-суцька» дома была яшчэ весялейшая, чым у нас, бо госцем быў ужо я, і ад гэтага яна стала як быццам больш, чым на год, старэйшая за мяне. Да таго ж у яе была сяброўка, Наста, зноў жа трохі старэйшая, ужо за нас з Людай абодвух, і я пры іх стаў такім, што хоць за ручку бяры. Але прыкра ад гэтага не было. Нават і тады, калі мы, нагуляўшыся на Людзіным і Насціным дварах і на вуліцы, пайшлі «сценкаю», палявой дарогай, а потым зарослай мяжой з кустамі калючай шыпшыны і апынуліся на зялёным абрыве над глыбачэзным ярам, і Наста, а потым і Люда ўзялі мяне за абедзве рукі. Яр быў такі глыбокі, што не толькі высокія густыя кусты ляшчэўніку на яго крутых схілах, але і старыя яліны на дне былі зусім унізе. Я, праўда, не дрыжаў са страху, што дзяўчаты захочуць звесці мяне ажно ўніз, але ж, прызнацца, і баяўся. Моўчкі баяўся, сам сабе, раптам жыва згадаўшы, што расказвала мама зімою. Як гэта тады яшчэ, вельмі даўно, калі цётка Аксеня ішла сюды замуж, ёй далі ў пасаг карову, і тая карова ніяк не ўмела сыходзіць у яр, пасвіцца разам з другімі на схілах. «Стане, бедная, і са страху раве. А потым яе другія каровы сапхнулі ў той роў. І прыйшлося дарэзаць…» Я, вядома, уніз пайшоў бы, калі б дзяўчаты ішлі, аднак яны мяне туды не павялі, бо дома ім было вельмі строга загадана (сам Міхаіл загадаў) гэтага не рабіць. Мне толькі зверху паказалі штосьці светлае ў зеляніне, на дне яра, побач з лапінай гліністай дарогі, дзве каляіны і конская сцежка якое зноў зніклі ў кустах. Наста сказала:
        – Гэта бліндаж. Цы-ман-то-вы! Іх тамака многа. І ў гэтым рове і ў другіх.
        А Люда растлумачыла:
        – Там былі немцы.
        Ціха сказала гэта і таямніча, нібы і страшачы, і сама баючыся…
        Калі мы пад вечар, з мамай і Раманам, вярталіся дахаты, на вялікай яроўскай пашы я яшчэ вельмі здалёк убачыў тую шэрую вагу над калодзежам і не тады, вядома, а потым зразумеў, што гэта яна была і засталася для мяне найбольшым уражаннем з той франтавой паласы, якую ў нас і тады называлі, і цяпер яшчэ людзі старэйшыя называюць «лініяй Гіндэнбурга».
        …Шэры кручок вагі, самотны шэры журавель – адзін тырчыць на зялёным бязмежжы…
        Нашы Аўсянікі, калі глядзець на іх збоку, з гасцінца, тырчалі і яшчэ тырчаць у неба высокімі, улетку густымі, зімой бязлістымі кронамі рэдкіх, вышэйшых за будынкі дрэў, сярод якіх найвышэйшыя тры магутныя, несмяротныя ліпы, пад адной з якіх жыла мая Тоня Латышка. У зямлю наша вёска ўваходзіць, умацоўваючыся, як доўгімі, тоўстымі палямі, стваламі калодзежаў, нябачнымі збоку слупамі чыстай, сцюдзёнай вады. Адны з гэтых ствалоў даўжэйшыя, ідуць глыбей, некаторыя нават і вельмі глыбока, два найкарацейшыя называюцца крыніцамі, з іх драўляных, нізкіх зрубікаў ваду чэрпаюць проста вядром. Над калодзежамі, якія ў большасці з цымантовых кругоў, то цяжка клыгаюць, з поўным вядром, то гулліва ляскочуць, з пустым, круцёлкі з жалезнымі корбамі. І толькі над тым калодзежам, што на вуліцы, перад Суботавай хатай, вялікім крукам тырчыць у неба журавель, вага, адна на ўсю нашу вёску.
        Гэта рыплівае, калі цягнуць ваду, а то ўсё больш маўклівае, шэрае збудаванне было для нас, малых, і велічным, і таямнічым. Нашу сталасць і сілу яно выпрабоўвала сурова і бязлітасна. Спачатку паспрабуй дацягнуцца рукой да вялікага драўлянага вядра, што вісіць на смыку. А ўчапіўшыся за тоўсты край вядра, часцей за ўсё мокры ад нядаўняга акунання, трэба ж перацягнуць вядро ў свой бок, каб потым ужо, натужна хапаючыся лапкамі за гладкі і таксама не тонкі для хлапечай жмені смык, прымусіць усю тую механізацыю задраць угару цяжэйшы канец вагі. Ён самым задам камля ляжыць на перакладзіне, а той канец, які танчэйшы і тырчыць у неба, трэба прыгнуць носам да зруба, каб вядро дайшло да вады і зачэрпала, хоць бы напалавіну. Ну, а наверх дастаць? Над зрубам не нахілішся, бо ты малы, на зрубе, на самым узмежку таго свету, не станеш – усе-такі страшна. Страшна, але ж і хочацца, аднаму перад адным. Таму нас і ганялі ад калодзежа – амаль усе, хто большы.
        Строгая самавітасць гэтага незвычайнага збудавання парушалася толькі адзін раз у год, свавольнай купальскай ноччу.
        Якое гэта было вясёлае свята, які, на жаль, кароткі вечар! Спачатку, па поўдні, кветак трэба на лузе нарваць, перш за ўсё тых, што завуцца купаллем. А хадзілі па кветкі не толькі нашы дзяўчаты, але і мы. З кветак разам вілі вянкі, вязалі крыжы і закідалі іх на стрэхі хат. Нават каровы ў той вечар вярталіся з пашы з вянкамі на рагах. А трэба ж было яшчэ прынесці з ямаў за вёскай пяску ў прыполах сукенак і кашуль, высыпаць сцежкі ад хаты да хаты, – хто каго любіць, хто да каго хадзіў бы ці ходзіць. І дзецюкам, і дзеўкам такое рабілі, і самі сабе, куды вясялей, размяркоўвалі такім чынам або намячалі нашы першыя сімпатыі.
        А самае важнае, чым вызначаўся гэты вечар, яшчэ было наперадзе, пра яго нам, найменшым, можна было толькі здагадвацца, хоць і ніколі не ўгадаеш, што яны вычвараюць, тыя вялікія, дзецюкі і маладзейшыя мужчыны. Гэта тады ўжо, калі нас, малечу, нарэшце, расклічуць, разгоняць па хатах.
        І вось уранні акажацца, што ўсяго, чаго мы спадзяваліся, так і не ўгадалі. Ну, добра – зноў нечы комін накрылі шкляною шыбай: глядзі, гаспадыня, ад прыпека ўгару – неба табе відно, а дым туды не ідзе, увесь на хату. У кагосьці знялі вароты і з дзвюх вярэяў зрабілі на вуліцы перад хатай буду. «Укралі» чыйгосьці каня, прывязалі за чужым гумном, нават і торбу з сечкай на храпу надзелі, каб не ржаў. Яшчэ і кароў суседзям мянялі ў хлявах, а то і чужога бычка паставілі падслепаватай бабе Агаце на месца зведзенай каровы – дой. І вялікая шыльда была на хаце ў Парасчыных. Бо звяглівая, быстрая цётка Параска сама звычайна стрыгла свайго папіхача Максіма. На шыльдзе той не толькі літары выпісаны: Парыкмахер, але і цётка намалявана, як яна верхам на дзядзьку сядзіць, біндзёжыць яго кудлачы вялізнымі авечымі нажніцамі.
        Сярод усіх тых прыштукаў, за якія ніхто, каб надта, не злаваў (цётка Параска, вядома ж, уранні крычала на вуліцы), асаблівае месца займала вага. Яна была адна, не на нечым двары, а на вуліцы, гуртавая, а на дадатак – на ўзгорачку, і кожны раз яе каранавалі чым-небудзь іншым. На задзёртай дзюбе то барану павесяць старую, шаноўную, з яшчэ драўлянымі, вялізнымі зубамі, узяўшы яе ў некага з-пад страхі, то веснічкі вялікія туды ўсцягнуць, то лясныя сані без аглобляў… Для малога, ад саменькага нізу гледзячы, – проста цуд! Гэта ж табе не вянок карове на рог начапіць!..
        А потым шэрая, высозная вага зноў па-будзённаму доўга, самотна тырчэла над зрубам, над вуліцай, нават над стрэхамі, над тымі дрэвамі, што ў садах.
        Але не тая гэта была самотнасць, як у вагі, што так далёка ад нашай вёскі стаіць на зялёнай пустэчы…
        Пазней, калі я ўжо кнігі не толькі гартаў, але мог і чытаць, тая не наша вага спалучылася для мяне з двума датуль не чутымі, загадкава незвычайнымі словамі: венгерская пушта… Вельмі проста цяпер разгарнуць энцыклапедычны том і ўбачыць: «Пушта, пуста (венг. рuszta, славянск. паходжання) – назва стэпаў у Венгрыі». Тады ж я тыя два словы праслібізаваў пад малюнкам у расейскім растрэсеным падручніку геаграфіі. Слова «венгерская» даволі доўга, а «пушта» яшчэ даўжэй чаравалі мяне сваёй таямнічасцю, абуджаючы ў прагным на новае ўяўленні цьмянае адчуванне, якое можна назваць падсвядомай патрэбай экзотыкі, да якое мы цягнемся з самага малку, як да вуголля, замурзана жуючы яго без найменшага паняцця пра неабходны дзіцячаму арганізму кальцый.
        Адтуль жа, ад падсвядомай тугі па экзотыцы пазней прыйшла мая цікавасць і любоў да геаграфічнай карты з яе карычневымі, зялёнымі і блакітнымі адценнямі гор, раўнінаў і мораў ды акіянаў з іх рознай глыбінёй. Добра было разглядаць тыя карты, яшчэ больш прыемна – самому іх расфарбоўваць алоўкамі ці акварэллю. І ва ўсім гэтым быў свой глыбокі падтэкст, свая свядомая і несвядомая мара, надзея: ах, каб жа гэта і мне!.. А можа, яно і будзе?..
        На ілюстрацыі ў старым падручніку была вага над калодзежам, доўгае карыта, раўніна і самотнасць – адчуванне ўжо знаёмае, што вось і набыло двайное, загадкава прыгожае імя: «венгерская пушта». Самотнасці зусім не перашкаджала тое, што пад вагою каля калодзежа былі чалавек і коні, якія пілі з карыта: я разумеў, што і вага, убачаная на чужой, далёкай яроўскай пашы, стаіць не так сабе, а каб у спёку пастухі паілі з карыта кароў. Аднак такое, праца яе, бывала рэдка, больш яна проста стаяла – адна ў чыстаполіцы…
        Дома ў нас, за гасцінцам, які спачатку быў паўднёвай граніцай майго дзіцячага свету, віднеўся голы, самотны хутар, за ім прастора падсохлага куп’істага балота, тады святлейшае поле, а на полі, на ўзгорачку – яшчэ больш самотнае, здалёк маленькае дрэва. Яно таксама клікала кудысьці ўдаль, і да яго я за ўсё маё пражыванне ў родных Аўсяніках так і не выбраўся дайсці. Спачатку, па малалецтву, не змог, а потым, калі падрос і свет мой пачаў з кожным годам рабіцца ўсё большым, дрэва тое – з яго сумам ды заклікам – спакваля адыходзіла ў перажытае, ва ўспаміны.
        А да вагі на яроўскай пашы я не вытрымаў-такі, нарэшце, падышоў. Хоць і не хутка, а ўжо як быў юнаком. Да цёткі мы ездзілі не часта, але рознымі порамі года. Упершыню ўбачаную ўлетку, вагу пасля бачыў я і ў асенняй імглістай аголенасці палёў, і ў белай сцюдзёнасці адзіноты зімовай. Зімою я і наблізіўся да яе, не падышоў, а пад’ехаў, вяртаючыся з Яроў. Снегу было яшчэ няшмат, самы пачатак зімы, і кабыла весела бегла па белі, з адным чалавекам ў лёгкіх санках. І ў чалавека было лёгка на душы, бо ў тых Ярах, якія ён, здавалася, добра ўжо ведаў, яго спаткала рэдкая ўдача. Дзякуючы Людзе, што з шапялявай ды смяшлівай шчабятушкі вырасла на талковую і прыгожую дзеўку, я даведаўся, што ў аднаго яроўскага пажылога бывальца ды кнігалюба ёсць Рубакін, «Апавяданні пра вялікія падзеі разных часоў і народаў», кніга з багатай, прынаднай назвай, яшчэ адна кніга, пра якую дагэтуль я толькі чуў. І вось яна ўжо ў мяне пад кажухом, над поясам! Дзядзька, сябар нябожчыка Міхаіла, ахвотна паверыў, пазычыў на цэлых два тыдні, «ну, а не зможаш, дык хай сабе і трохі надаўжэй». Радасць далёка не бібліятэчная, дзе безліч шчыльна застаўленых паліц і загадкава перапоўненых кнігасховішчаў; радасць – на малады апетыт самотнага, прагнага самавука, для якога ад кнігі да кнігі няпэўныя месяцы надзеі на ўдачу і часта многія кіламетры ад вёскі да вёскі. Ад новай рэдкай удачы мне і падумалася тады: «Ну, дакуль жа я буду ўсё міма ды міма свае венгерскае пушты? Паўкіламетра збочыць, ды яшчэ на зімовай дарожнай свабодзе». І збочыў.
        Тады я ўжо ведаў, нават даволі даўно, што гэтая вага на працягу двух з нечым ваенных гадоў стаяла на нейтральнай паласе, паміж акопамі расейцаў і немцаў. Ні разу за той час не зарыпела, не апусціла ў застаялую ваду выпетранага ад многіх спёкаў ды сцюжаў драўлянага вядра, не асвяжыла першым попаўзам плыні доўгае, патрэсканае, ужо нібы па-музейнаму старадаўняе карыта-дзяўбунец…
        Як выбухалі тут, навокал гэтага мёртвага вадапою, снарады, гулі-сіпелі асколкі і цёўкалі кулі?.. Чаму не збіла вагі – калі не снарадам, дык асколкамі?.. Няўжо і тут было чутна хрыпатае, дзікае штыкавое «ўра»?.. А потым, можа, і тут снавалі вялыя санітары і, набрыўшы на яшчэ адзін труп, утыкалі яго вінтоўку штыком у зямлю, прыкладам высока ўгару, значачы такім чынам яшчэ адну сваю нялёгкую знаходку?..
        А можа, і тут, на гэтай пашы, якая за два пустыя леты ператварылася ў шчодра зарослы, чатыры разы не скошаны луг, па густой і намёрзлай траве якога, мякка топчучы разбітымі ботамі і шалпочучы поламі збуцвелых шынялёў, ішлі насустрач адны адным людзі, нарэшце, без зброі, – з усходніх акопаў салдаты ўжо не царскія, а з заходніх яшчэ ўсё кайзераўскія, – каб тут, у першым братанні, напіцца з аднаго вядра?..
        Так я думаў тады, першы і адзіны раз у жыцці пастаяўшы каля свае даўняе загадкі. Ужо не дзіця, а без двух год салдат другой вайны, яшчэ шырэй, яшчэ глыбей, страшней сусветнай, ужо без братання…
        Гэтай другой вайны, якая зноў жа здаецца людзям апошняй, калодзеж на пашы не перажыў, хоць і дайшоў, казалі, ад старасці. Едучы да цёткі Аксені пад восень 1944 года, пасля даўжэйшай разлукі, я ўжо не ўбачыў самотнай шэрай вагі. Аднак яшчэ праз трыццаць год, у службовай камандзіроўцы, яна мне прыгадалася ў новым, страшным падабенстве.
        Далёка ад нашага Наднямоння, у трохі інакш маляўнічым магілеўскім Прыдняпроўі, на месцы колішняй, назаўсёды ўжо невядомай вёскі, спаленай гітлераўцамі разам з людзьмі, у лугавой, па-летняму раскошнай чыстаполіцы стаяў самотным помнікам шэры калодзежны журавель. Ужо не над вадой, заваленай у спарахнелым зрубе, з неяк ненатуральна строма задзёртай вагой і дубовай, тупой ды тоўстай рагацінай сахі, каля якіх бездапаможна звісаў і ад ветру пагойдваўся смык без вядра – як рука з адарванай далонню.

Крыніца: http://libatriam.net/read/345966/0/
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.