РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Брыль
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Золак, убачаны здалёк
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
12
12
        
        Вясной і на нашу… ат сабе вёску, вяртаючыся хто з Паўднёвай, хто з Паўночнай Афрыкі, а хто з Заходняй Эўропы, апускаліся птушкі. Пара буслоў, шпакі і ластаўкі. Асталяваўшыся пасля выраю дома, любыя госці так і не ўмелі толкам расказаць, дзе былі ды што бачылі. Хоць і гаварылі яны – хто клёкатам, хто мітусліва-прастадушным шчэбетам, а хто гуллівым песенным перайманнем – даволі-такі многа, аднак усё, як здавалася нам, толькі пра радасць вяртання, сустрэчы з нашай, і для птушак роднай вёскай.
        Шпакі і ластаўкі – драбяза, якую, каб і вельмі хацелася, не падлічыш. І гэта – прыемнае адчуванне, нібы на зоркі гледзячы, таксама незлічоныя. А бусел – у нас яшчэ кажуць бацян – адзін са сваёю бусліхай, і мы іх віталі, можна сказаць, персанальна. Убачыўшы першага бацяна, мы, хлапчукі, з радасным галёканнем куляліся на падсохлых мясцінах, а дарослыя дзеўкі ледзь не плакалі, заўважыўшы яго не ў палёце, а ўжо на гняздзе: замуж сёлета выйсці не ўдасца… Дзед Богуш, дык той аднойчы, пры мне, нават і павітаўся ўголас:
        – Здаровы быў, божая птушка! Каб жа лета нам добра з табой пералетаваць!
        І глядзеў на буслянку, задраўшы белую бараду, прыжмурыўшы вочы пад сівымі бровамі.
        А мне было вельмі зайздросна, што не на нашым, а на іхнім гумне была адна ў Аўсяніках буслянка. І я туды, на прыгуменне да Богушавых, бегаў часта, балазе яны блізка жылі, і мамін крык: «Юрык! Цэвак няма!» добра даходзіў туды ад нашага парога.
        У той час, напрадвесні, сама кросны па хатах ткаліся, і для малых была бясконцая, нудная работа – сукаць уток з вялікіх клубкоў на цэўкі, што намі ж і наразаліся з роўных, гладкіх прутоў малінніку ці сухадрэўка. Такую цэўку з праткнутым мякішам (сёння ўжо ўсю тую тэхніку трэба растлумачваць), насукаўшы на яе нітак, укладалі ў чаўнок. Сукала было драўлянае, з вялікай качулкай-махавіком, а ў рух яно запушчалася бясконцым ляпаннем насліненай далонню па валіку. Процьму тых нітак даводзілася перасукаць з клубкоў на цэўкі, – то шэрых, на будзённы шарачак, то святлейшых, на палатно кужэльнае, то каляровых, на мудрагелістыя дзяругі-перабіранкі. Далонь аб той гладзенькі валік абаб’еш да пухліны, а толькі што, здаецца, выбег за парог – ізноў: «Юрык!..» А тут жа на вуліцы, дзе падсохла ўжо, і «чыжык», і «лапта», і госці такія – бусел, шпакі!..
        Ніколі нам не пазнаць было – той самы гэта бацян, што летась быў, ці, можа, сын яго з маладзіцай, а то і проста новыя, якім на гэты раз спадабалася якраз тут. Ці, можа, жонка ў каторага адгэтуль, з леташніх буслянят, што вось сюды свайго і прывяла…
        Было і такое адным прадвеснем, што на нашу пару, так і не разгаданую, напаў адзінец. Бойка была заядлая – з пікіраваннем аднаго бусла на дзюбу, штыхам настаўленую буслам другім, з кумільганнем па скаце высокай страхі, калі яны счэпяцца як у грудкі, з пераможным клёкатам законнага гаспадара, калі той чужаніца адлятаў кудысьці, на іншую бойку.
        Усё буслінае жыццё праходзіла навідавоку. І гняздо ён падрамантоўваў, і жаніўся, як на трыбуне, і буслянят выседжваў, толькі галава тырчала днямі над гняздом. Вярнуўшыся з балота з купінай ці ламачынай, а то і са спажывай на чатыры лапкі, ён радасна клекатаў, і клёкат гэты вёска спагадліва чула і познім прыцемкам, і на світанні. Часамі бусел саскокваў з гнязда на страху, абыходзіў яго з бакоў і выкідаў адтуль вераб’іныя гнёзды. Нашылася гэтых падсуседзяў многа, і хоць бы ж ужо ціха жылі, без валтузні і вэрхалу, далі б гаспадару ў свабодную хвіліну пастаяць, падумаць на адной назе…
        Раней за бусла, а тым больш за ластавак, з’яўляліся ў вёсцы шпакі.
        Днямі я думаў, а дакладней сказаўшы – у маіх гадах неяк зноў па-дзіцячы адчуў, які гэта цуд, якое шчасце – зрабіць вясною шпакоўню. І смешна стала, успомніўшы, як я вучыў дачку-пяцікласніцу рабіць «домік шпаку». Было ў яе такое хатняе заданне, па недарэчнай у гэтым выпадку політэхнізацыі. Так захапіўся бацька, паказваючы, што сам і пачаў, і кончыў. Не хапала толькі бярозы, каб разуцца і залезці найвышэй. Ды не ісці ж мне было за Таццянай у школу.
        І другое ўспомнілася. Вохрысты, з белымі, светлымі вокнамі дом майго друга ў далёкім райцэнтры. Самаробны столік у садзе, вінёўка з яшчэ сакавіта-зялёнай лістотай і недаспелымі грушамі, а ў лістоце ды ў грушах, высока – шпакоўня. Упершыню для мяне такая пацешна незвычайная, бо аж на дзевяць паверхаў, суцэльная.
        Зяма, спакойны і салідны Залман Хаімавіч, добры настаўнік беларускай мовы і літаратуры, быў ужо тады на заўчаснай пенсіі, па здароўі, падарваным двума франтавымі раненнямі. У Зямы ўнукі-школьнікі, шпакоўню гэтую было каму задумаць і змайстраваць, аднак я, гледзячы на яго безнадзейна бледны, дарэшты стомлены твар, спытаўся, кіўнуўшы галавой угару, на шпакоўню:
        – Твая работа?
        – Толькі праект, – усміхнуўся ён у адказ. Ціха было і сонечна, як быццам стомлена-ціха і сонечна і, разумеецца, журботна на душы. Мы даўгавата не бачыліся і, як гаворыцца, зноў богведама калі… Дый наогул… Мы, яго родныя і сябры, ужо ведалі тое, чаго ён як быццам не ведаў. А тут пахла садам і агародам адразу, бо стол стаяў у траве, паміж вінёўкай і яблыняй, побач быў агарод, і ў ім, з-за градаў з рознымі морквамі ды пятрушкамі, падсыхаў вяла-духмяны картаплянік, пах якога я вельмі люблю, з маленства. З самага верхняга, з дзевятага акенца шпакоўні лена, з паўзамі, цвыркаў уніз шэры кум-верабей, нібы маркотны ад безрабоцця камендант апусцелага на канікулы інтэрната.
        Зяма ўспомніў пра іншае, не пра наш педінстытут.
        – Вясной, як толькі шпакі вернуцца, гэтая іх вышынная будыніна пераліваецца… Як нейкая жалейка. Або той губны гармонік.
        Ён не сказаў, чый гармонік, – мы з ім маўчалі пра адно, кожны сабе згадаўшы даўняе. Блазнаватага, добрага дзядзьку Шымана, пастуха, што быў калісьці, да польскай улады, паштальёнам у далёкім расейскім горадзе, але і там не растраціў свае вясковасці, не зжыў свайго маленства, і, вярнуўшыся ў Мілтачы, любіў і мог іграць, пасучы. Больш ніколі ў жыцці я не чуў, каб хто так хораша іграў на такой, здавалася б, дзіцячай забаўцы – на губным гармоніку. У адзіноце, самому сабе і таму, хто не жартам папросіць і добра слухае. Мы з Зямам слухалі, і ён уважыў нас два ці нават тры разы. Калі я ўжо ў іхнюю местачковую школу хадзіў і Зяма мяне часамі трохі праводзіў. Ціха, захоплена іграючы, Шыман стаяў, а мы сядзелі на траве, і нам было вельмі добра. Як і тады, калі мы ігралі ўдвух з Валодзем Казаком, ён на скрыпцы, я на мандаліне. Найбольш усё працяжныя, журботныя мелодыі…
        Пакуль нам з Валодзем іграць удвух, ён пілікаў адзін, а яшчэ раней, да школы, ён не іграў.
        Ігралі шпакі, берасцянкі, жаўранкі. Хто ў голлі дрэў, яшчэ без лістоты, а хто за гумнамі, над полем, яшчэ сырым, з рэшткамі шэрага снегу ў барознах.
        Вось мы з Валодзем рэжам дровы, так сказаць, памагаем Раману. Забаўляемся – пакуль прыйдзе. Богушаў дзядзька Іван, які ўчора памагаў увесь дзень, а сёння, пра што сказаў увечары, крышку прыпозніцца, бо трэба хлеб у печ пасадзіць. Раман коле ўчора нарэзаныя круглякі, а нам з Валодзем дазволіў трохі пакоўгаць разаком. «Толькі пальцаў сабе не адпілуйце!..» Бярозавае палена мы выбралі з горбы каля плота самі – найлягчэйшае, каб няцяжка было падняць яго на козлы, ну, і яшчэ з адной думкай…
        Сонечна. З-за гумна, калі ў нас стане зусім ціха, чуваць, як звоніць-шчабеча-заліваецца жаўранак – адзін, а мо і больш іх там, бо песня такая, што нібы і з усіх бакоў, не толькі зверху. А на старой бярозе, што ад вуліцы, шчабеча шпак. Ды так жа стараецца, так ужо крыльцамі разводзіць, ахае ды ойкае, і па-кашэчы табе, і ледзь не па-салаўінаму, і смехам, і як пакрыўджана, што нам – хоць ты зусім не рэж, а толькі слухай…
        Але мы рэжам, завіхаемся. Разак шоргае і звініць, раз-пораз згінаецца, пырскае пілавіннем, і вось, нарэшце, наша першае палена – шах! – ападае на зямлю. Тады нам чуваць і жаўранак з-за гумна і шпак, яшчэ лепш, з бярозы. Бо і Раман якраз не гахкае – паставіў кругляк на калодзе, а сам глядзіць на нас. Валодзя падсвіствае шпаку, і хоць гэта ў яго, як заўсёды, выходзіць амаль па-шпачынаму, той, каля нашай шпакоўні, як быццам і зусім не чуе – так заняты песняй. Раман пакінуў пазіраць на нас, зноў гахкае, і мы з Казаком прыступаем да выканання свайго намеру…
        Канец палена адпілаваўся роўна. Адступіўшы на шырыню двух маіх пальцаў, мы пачынаем адразаць сабе качулку. Гэтак жа проста гэта, калі ты збоку глядзіш, а цяпер… Разак наш скача. Пальцам збоку яго, як гэта робяць дарослыя, не прытрымаеш на патрэбнай лініі, бо ўсё-такі боязна палец той падстаўляць. Адзін няўдалы надрэз… Другі… Усё не так!.. А тут яшчэ да маіх ног раптам падбег, прычапіўся мой Мурза. Зусім яшчэ шчанюк. Ён то крадзе што-небудзь, атопак які ў каморы ці дзяркач у кухні, і ўсё стараецца лепш перахаваць; ён то ў хаце са мною разыдзецца на падлозе, і мама кажа, што ёй тады не пазнаць, дзе хлопец, дзе шчанюк; ён то сядзе, мой Мурза, у адчыненай брамцы, глядзіць на вуліцу і, як стары, нешта ўсё думае… А вось жа недзе быў, прыбег!..
        Што ж, можна і адпачыць, тым больш што з качулкай ніяк не выходзіць. Валодзя пускае сваю руку, я цягну разак на сябе і прысланяю яго да нашага палена на козлах, а свой канец, сваю ручку кладу на зямлю. Мурза гыркае, глуха бармоча, учапіўшыся на ўсе зубы ў маё рукаво, а я траплю сыравата-халаднаватай далонню другое рукі яго мяккія, цёплыя вушы. Тут ён пускае маё рукаво, хоча схапіць за руку. Не кусае, а толькі зубамі казычацца. І Валодзя гладзіць Мурзу. А той і на Валодзю агрызаецца. Мы так з ім раздурэліся, што не заўважылі, як нехта падыходзіў. Мурза першы заўважыў, разгаўкаўся.
        – Што, – зверху спытаўся дзядзька Іван, – сабраліся вераб’і ды вошай б’юць? Здароў, Раман! – І на Мурзу: – Ай-ёячкі, які ж ты страшны! Сціхні! Ну!..
        Над шчанюком, малым і ўедлівым, – вялізны чалавечына, Чэп-дрэп. І мы з Казаком засмяяліся. Мы ўжо даўно ведалі, чаму дзядзьку Івана так празываюць. Дзед Богуш, – гэта яшчэ даўней было, – купіў у Мілтачах гадзіннік-ходзікі, а дадому вярнуўся позна, калі малы Іван ужо спаў. І ўранні ён, як на сваю бяду, расказваў дзецям на вуліцы:
        «А шоння ноччу я прачнуўша і не шпаў, і мяне шон не браў. Бо на шчане ў наш нешто ўшо: чэп-дрэп, чэп-дрэп!..»
        Дзядзька Іван вельмі добры. Ён і карміў мяне з Шурам не раз, і з печы нас не праганяў, калі ў іхняй хаце былі вечарынкі, і стрыг абодвух «пад бручку». Шуру глядзіць ён, як маці, а сам такі здаравенны, што хату, здаецца, падніме, і такі даўгатвары, што можа ўзяць, і браў ужо, у рот гусінае яйцо, зубы і губы стуліць, а яно потым цэлае…
        Аднойчы ў нядзелю, калі мы ішлі купацца, разам вялікія і малыя, вялікія пачалі на лузе гуляць у чахарду. Адзін прыгнецца на калена нізенька, другі разбяжыцца – гоп! – цераз яго, і сам адбегся і прыгнуўся – для таго, хто за ім. І так – адзін за адным, адзін за адным. Спачатку толькі дзецюкі скакалі, а мы, падшыванцы, беглі збоку. Потым Шура не вытрымаў – разгаляваўся і гоцнуў цераз нашага Рамана. Ёсць! Разагнаўся зноў, падбег, адштурхнуўся аберуч ад крыжа свайго здаравеннага дзядзькі, таксама гоцнуў здорава і – ну, далей!.. Я, як і ўсюды, за ім. Цераз Рамана мне, можа, і ўдалося б, аднак я даў адразу на Чэп-дрэпа. Падскочыў, здаецца, нядрэнна, ды дзядзька Іван быў для мяне ажно вельмі задоўгі ды зашырокі, і я засеў на ягоным крыжы.
        – Што ты там кешкаешся, як жаба на купіне, злазь! – па-бабску вякнуў ён і, трасянуўшы азадкам, скінуў мяне ў траву.
        А ўжо тым часам цераз яго махнуў наш Раман. І сам Чэп-дрэп усхапіўся, паляцеў да крайняга. І мне прыйшлося ўсіх даганяць. Было і крыўдна, і весела, і ганарыўся я нават, што вось і пасядзеў хоць трохі на такім вялікім!..
        Тое адчуванне – крыху гордае, а значна больш вясёлае цяпер – вярнулася да мяне; дзядзька Іван, Чэп-дрэп – такі здаравенны, а я каб трошкі, дык і пераскочыў бы!.. А тут жа яшчэ і Мурза, і шпак, і сонейка!.. І вось мы з Казаком, як згаварыўшыся, смяемся. Нібы з таго, што мой цюцька зусім не баіцца вялізнага дзядзькі Івана, а дзядзька наш сказаў ніколі не чутае – пра вераб’ёў, якія вошай б’юць.
        – Ну, вэк, малыя, – загадаў Чэп-дрэп. – Давай, Раман, рэзаць. А то мне скора і хлеб ісці даставаць.
        Тут ён заўважыў на канцы палена наш раздвоены-растроены надрэз і ўцяміў:
        – Качулкі захацелася? Мы вам іх зараз нашастаем.
        Разак – нібы зусім не той: шах-мах, і вось яны, адна за адной, адваліліся ад палена на зямлю і не забрудзіліся – дзве качулкі. Чысценькія, кругленькія, з бяроставай скарыначкай – яшчэ адна радасць прадвесня. Як яны пахнуць у нашых руках і як гэта добра – спрытна шпурнуць качулку, каб пакацілася да таго, хто яе адаб’е кіем назад на цябе, каб ты адбіў, каб яна пакацілася, паскакала па нашай падсохлай вуліцы, а то і загула над зямлёю, нібы снарад!..
        І мы з Валодзем, а Мурза за намі, пабеглі з двара.
        У той дзень цэвак сукаць не трэба было, бо мама не ткала. Яны з цёткай Жэняй снавалі новае. Сярод хаты – мала яшчэ тых кроснаў было! – стаяла рыплівая сноўніца, мая мама снавала, размахваючы сноўніцу, а Валодзева пільнавала клубкоў.
        Гэта ўжо мы з Казаком засталі іх так, калі, да потнай стомы нагуляўшыся, вярнуліся да нас.
        Шырокая на ўсю хату сноўніца, ганяючы вецер, шугала, як карусель, пра якую аднойчы расказваў Раман; мы асцярожна абышлі яе каля самай сцяны, прабраліся да стала.
        – Ужо і поўдзень, богу дзякаваць, – сказала цётка Жэня.
        Цяпер я разумею, а тады не разумеў, што гэта ў яе быў намёк. Дома дык цётка і спыталася б у Валодзі: «Есці ўжо хочаш, сынок?» Мама намёк той зразумела.
        – Вось даснуем яшчэ гэта, – сказала яна, – дый будзем абедаць. І Раман з Іванам прыйдуць. Юрык, вы там кніжку якую-небудзь, пакуль што…
        А мы з Казаком якраз пра гэта і дамаўляліся, ідучы з качулкі. Хоць і есці, вядома, хацелася.

Крыніца: http://libatriam.net/read/345966/0/
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.