РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Брыль
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Золак, убачаны здалёк
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
5
5
        
        Хлопчык з вялікімі карымі вачыма, з даўно не стрыжанымі залатымі кудзеркамі, – як анёлачак з каляровай паштоўкі. І яшчэ прыгажэйшы, бо сапраўдны, жывы і мілы, няшчасны – хоць ты заплач. Тым больш што з вачэй яго коцяцца буйныя слёзы, а ён не можа іх стрымаць, як ні намагаецца.
        Медсястра, пажылая жанчына ў белым халаце, разбінтоўвае яго адарваную вышэй калена ножку і строга супакойвае:
        – Не плач, стралок. Палез, куды не трэба, вось і маеш…
        Рукі яе працуюць разумна і хутка, робяць тое, што трэба, як найспраўней, і ў гэтым іх матчына дабрата. А хлопчык, цераз сваю неймаверную мужнасць, ціха і зрэдку, з тымі міжвольнымі, буйнымі слязьмі ў вялікіх перапоўненых вачах, на бледных шчоках, на дрыготкім падбародачку, паўтарае:
        – Ой-ёй-ёй!.. Ой-ёй-ёй!..
        Паўза цярплівасці, і тое самае зноў, – усё-такі дзіцячае.
        Гэта я памятаю з лета 1945 года, з перавязачнага пакоя ў менскай клініцы.
        А за гэтым балюча згадваецца яшчэ на дваццаць год ранейшае, з майго пасляваеннага маленства.
        Сяброўка нашых гульняў і працы – на вуліцы, на пашы, у школе – Маня Варона, пра якую бацька яе, прастадушны дзядзька Цыбук, гаварыў неяк нашай маме:
        – Бяда такая, Ганно. Каб гэта ж цяля ці аўца, то чалавек прадаў бы ці дарэзаў бы, а гэта ж дзіця…
        Манін твар быў скарэжаны ад выбуху той «бомбачкі», якую два хлопцы разбіралі, а яна, таксама смелая, толькі глядзела. Гэта здарылася яшчэ тады, калі мы з мамай і Раманам былі ў бежанстве, і хлопца, якога парвала насмерць, таго Вінцусёвага Петрыка, я не ведаю. Другі хлопец, Богушаў Шура, застаўся глухаваты і з сапсаванай левай рукой. А Мані вырвала вока з брывом, патрушчыла сківіцу і рэбры з правага боку. Яна хадзіла скрывіўшыся набок і згорбіўшыся неяк даўганоса, з уцягнутым падбародкам, за што яе і празвалі Варонай.
        Першы раз убачыўшы Маню, я быў нават спалохаўся, а потым той страх і грэблівасць перамяжаліся то з жаласцю, то – спакваля – з прывычкай.
        З усіх маіх сяброў і сябровак ніхто ў нашай вёсцы доўга не ведаў, што засталося пасля вайны на той бок былой лініі расейска-нямецкага фронту, бо толькі наша цётка была так далёка замужам і толькі я быў за тою вагой на яроўскай пашы. І я расказваў на вуліцы з гонарам першаадкрывальніка і адзінага знаўцы пра чорныя драцяныя копы на скошаным лузе і ў збожжы, пра той цымантовы нямецкі бліндаж, які я бачыў у яры, няхай сабе здалёк і зверху, пра яроўскія гумны і хлявы, не такія, як нашы, а плеценыя з вецця і абмазаныя глінай, і пра зямлянкі ў тых людзей, што не паспелі зляпіць хоць бы якую хату, як мой чорнабароды дзядзька Міхаіл.
        А што вайна пакінула ў Аўсяніках, гэта ўжо ведалі мы ўсе. Галоўнае – насып вузкакалейкі.
        Значна пазней мне стала вядома і зразумела, што наша вузкакалейка была праведзена ад чыгуначнай магістралі Масква – Варшава да лініі фронту. Такая самая была праведзена і немцамі, з іхняга боку. Тая вузкакалейка перажыла і другую сусветную вайну, я меў пацеху праехацца ў недарослым вагончыку ў пяцідзесятых гадах. Расейскую вузкакалейку ліквідавалі ў «свабоду». Людзі, хто не быў тады ў бежанстве і ў каго была ў хаце сіла, расцягнулі і рэйкі, і шпалы, і станцыю, што была каля нашай вёскі, а заадно ўжо разабралі і «магазін» – вялікі грамадскі свіран, куды здаўна і разумна ссыпалася збожжа: на выпадак бяды, неўраджаю або пажару, каб талакой ратавацца ад голаду. Паравозікі і вагончыкі нашым параздзіраць не давялося, салдаты адагналі ўсё да тое станцыі Замір’е, што на вялікай чыгунцы, і там яны дасталіся, відаць, камусьці іншаму.
        Калі і я, сказаўшы высокім стылем некаторых заслужаных жыццяпісаў, пачынаў сваю працоўную дзейнасць свіным пастушком, насып вузкакалейкі, дзе ён праходзіў па полі, быў ужо амаль зусім роўна разараны, а на пашы яшчэ заставаўся. Там ён густа ды роўна аброс травою з белымі кветачкамі дзяцеліны і жоўтымі кураслепу, і нашы дзюдзі ахвотна грызлі тую былую стратэгію. А мы то даганяліся па такой незвычайнай дарозе, то скочваліся бокам пад адхоны, то капалі ў іх печкі, гуляючы ў сям’ю.
        Час у маленстве вымяраецца днямі. Два, тры гады таму назад – гэта ўжо вельмі многа, а тое, што было да нас, да нашага ўступлення ў свядомасць – ужо і наогул легенда.
        Такой легендай была для нас наша вузкакалейка таго часу, калі па ёй хадзілі цягнікі і станцыя была, і называлася Сібірка. Будавалі яе «найбольш усё кіргізы ў халатах ды ў каўпачках», як потым я даведаўся – рабочыя каманды з узбекаў, таджыкаў, уласна кіргізаў, што ў тую вайну са зброяй не ваявалі. Цётка Анэта расказвала, што «кіргізы» жылі тады па хатах, вечарамі гулялі ў нейкія косці і галаганілі не па-нашаму.
        – Як раскрычацца каторы раз, дык я і гукаю свайму крахтуну на печ: «Устаў бы ты, Васіль, ды ўзяў бы ты рамень, ды супакоіў бы іх трохі!..»
        Легенда разгаліноўвалася: другая наша суседка, баба Ярына, успамінала, як яна аднойчы выйшла на кірмаш у Мілтачы, каля той станцыі ішла, а салдаты гукаюць:
        – Бабушка, пагадзі, падвязём!
        – Ат, – кажу я ім, – пакуль вы гэты свой самавар распаліце, дык я тым часам і зайду! Ажно ж, трасца яго галаве, распалілі – пыхкае, ляціць. Так і мінулі мяне. Стаяць на той сваёй платхорме ды смяюцца…
        Некаторыя легенды раскрываліся многа пазней. Пра тое, хто колькі схапіў у «свабоду» на той Сібірцы, спачатку толькі гаварылася, доўга і цьмяна, прыблізна, і ўжо толькі ў 1934 годзе, калі наша вёска на большую палавіну згарэла, сын Тонінага дзеда Прочыма, дзядзька Цімох, прызнаўся, што ў іхняй каморы толькі салдацкіх ботаў згарэла сорак тры пары. І не адразу прызнаўся. Пажар быў якраз у кірмашны дзень. Цімох, ледзь не запарыўшы каня, даляцеў з Мілтачоў на той дым тады, калі ўжо яму было позна. Яго трымалі, аплёўшы рукамі, жонка і сястра, а ён ірваўся да сякеры ці хоць да якога друка, каб бегчы да таго, з чыйго двара загарэлася.
        – Цётко Ганно, – казаў ён потым нашай маме, калі яны ў нас жылі, бо наша хата не згарэла, – дальбог жа, забіў бы я тады Ёсіпа, ну, на месцы забіў бы!..
        Тым разам ён і прызнаўся пра сорак тры пары ботаў, раскрыў сямейную таямніцу. Людзі казалі – далёка не ўсю…
        Зрэшты, дзед Прочым у «свабоду» падлапіўся не адзін: большасць людзей з нашай вёскі ў бежанстве не была.
        Апроч усяго таго, што вайна пакінула для дарослых, – рэйкі, шпалы, калючы дрот, дошкі, бэлькі, боты, шынялі, папахі са штучнай мярлушкі, башлыкі, – было сёе-тое і нам, для адкрытай гульні і для захоўвання ў таямніцы. Былі патроны, з порахам і пустыя, салдацкія рамяні, цэшкі і гузікі, снарадныя галоўкі, з якіх, пры дапамозе цвіка і вяровачкі, рабіліся прышыбкія ваўчкі. У хаце ў нас адкрыта вісела на вушаку плеценая казацкая нагайка, якая прымала часам пэўны ўдзел у маім выхаванні, а пад страхой у нашым хляве была заткнёна сцішна бліскучая, вострая шашка ў скураной похве з меднымі бляшкамі – таксама казацкая. Шашкай можна было пакарыстацца раз у год, дый то з вялікаю асцярогай. Гэта, праўда, рабіў спачатку адзін Раман, калі мы ў полі, на макрэйшым ад пашы канцы паласы, секлі ўвосень капусту. Я толькі пазіраў, а мама ківала галавою на Рамана.
        – І ты як блазен, гаспадар!.. – А потым нечакана дадала: – Даў бы ўжо і гэтаму секануць. Бачыш, як уталопіўся?
        Раман мне даў, і я тады ссек ажно чатыры качаны. Па хатах засталіся яшчэ і сякія-такія пісьмовыя помнікі прыфрантавой паласы: кнігі, падшыўкі ілюстраваных часопісаў, паштоўкі патрыятычнага зместу. На адной з іх мы бачылі самага першага георгіеўскага кавалера той вайны, данскога казака Кузьму Кручкова; на другой вусатага дзеда Франца-Іосіфа, аўстрыйскага цара, які сядзеў, як у лодцы, у вялізным галёшы; на трэцяй скакала дзеўка, а расейскі салдат іграў на балалайцы. На паштоўках былі і вершыкі, з якіх я памятаю паасобныя радкі. Першы вершык расказваў, як той казак Кручкоў адзін адбіваўся ад цэлай чарады нямецкіх коннікаў, многіх пасек, пакалоў, а потым «товарищи тут подоспели и Кузьке живо помогли». Другі пра дзеда ў галёшы, расказваў, як «Франц-Иосиф видел сон, будто он Наполеон». Трэці вершык – дуэт з-пад балалайкі:
        – Все не может перестать,
        Пляшет с новой силой!
        – Ну, а как же не плясать,
        Коль приехал милый?
        Да кніг і часопісаў, што зрэдку захаваліся ў некаторых хатах, я вярнуўся пазней, з ужо абуджанай ахвотай, а то і прагай да слова, а тады мы, малыя, толькі гарталі іх, дзеля «цацак», малюнкаў.
        Вайна пакінула і насценную літаратуру.
        Над дзвярыма цётчынай хаты, перавезенай у Яры з далейшай ад нямецкай лініі вёскі, застаўся чорны надпіс буйнымі літарамі: Villa Lieschen. Раман у бежанстве хадзіў у гарадское вучылішча, і ён, у мой першы прыезд да цёткі Аксені, растлумачыў, што гэта азначае «віла Лізачка», што так пацешыўся на чужыне нейкі вусаты мурлач у спічастай, сукном абцягнутай касцы. Ужо і цёткі няма, і Міхаіла, яшчэ даўней, у Люды дзеці павырасталі, а надпіс той усё трымаецца – ужо не на хаце, а над дзвярыма хлява, зробленага са старое хаты.
        А на дзвярах нашай адрынкі, з сярэдзіны, ужо тым часам зусім зацёрся падрабязны, старанна выведзены алоўкам адрас казака з данской станіцы Міцякінскай, імя і прозвішча і нумар часці якога памяць мая аж дагэтуль не захавала.
        Іншых пісьмовых помнікаў не засталося. Або пісьменнасці было ў той час настолькі менш, або моды такое – мазаць на сценах, на дзвярах. Быў затое ў Аўсяніках ваенны фальклор, брудныя пацяробкі з афіцэрскіх і салдацкіх сталоў, якімі доўга ласаваліся і моладзь, і мы, цікаўная малеча.
        Вясёлая балбатуха Люба, маладзейшая Тоніна цётка, ці па ваду ішла, ці грады палола, ці памыі пляхала з вядра за плот – заўсёды штосьці спявала. Многа ўсяго-ўсялякага вынесла яна свежай памяццю з ваенных дзён, вырастаючы з падлетка на дзеўку, і цяпер не магла ўсім тым скарбам нацешыцца. Настырным, звонкім голасам выводзіла ці вышчабетвала то жаласлівую «Разлуку», то весялейшае што-небудзь, скажам, такі вось «жестокий романс»:
        Ваходзіць мілай ў залу,
        Растропаны вусы,
        Знімае чорну шляпу
        І смотрыць на часы…
        Спявала Люба вельмі старанна, амаль урачыста, і для душы, і з пэўным разлікам выданніцы, і гэтым паднімаючы сабе цану. Дый пра вайну яна ўспамінала па-свойму:
        – Ераплан нямецкі прыляціць, з такімі чорнымі крыжамі. Та-ра-лах-ціць!.. А салдацікі павыбягаюць з хатаў ды з вінтовачак: пух!.. пух!.. Ой, весела было!..
        Дзецюкі і мужчыны добрымі галасамі спявалі на вуліцы салдацкія брыдкія песні і яшчэ бруднейшыя прыпеўкі, у паўзах падмацоўваючы іх матам, рогатам і іншымі адзнакамі маладога здароўя. І ў вясновыя звонкія вечары ўсё такое свабодна даходзіла ў хаты. Мама наша толькі ўздыхала: «Госпадзі, і памаліцца не дадуць…» А мне, калі б гэта па-відному, сорамна было б зірнуць ёй у вочы, нібы вінаватаму. Хоць сам я на пашы і лаяўся. Праўда, менш за іншых, бо з асцярогай, што дома дачуюцца. Бо і Раман пры маме, нават пры мне не лаяўся.
        З тых неахайных песенных аб’едкаў дзецям даставаліся аб’едкі яшчэ больш прыблізныя. Хоць бы з той песні, дзе
        У цяні густой акацыі,
        На беражку марском
        Сядзеў старык Гарасім
        І чысціў пуп пяском…
        Мы разумелі ўсё, апроч Гарацыя, з якога ў нас атрымаўся Гарасім, балазе такі дзядзька ў Аўсяніках быў.
        За брыдкія песні дома нам даставалася, хоць і далёка не кожнаму, і мы іх спявалі на пашы, у поўнай свабодзе.
        Былі, аднак, не толькі брыдкія. З тых дзён я ўсё жыццё люблю дзве паэтычныя песні – «По Дону гуляет» і асабліва «Под ракитою зеленой».
        Першая з іх, пры ўсёй прастаце, нават і прымітыўнасці, гучаннем сваёй раздольнай мелодыі назаўсёды спалучылася для мяне са светлым летнім вечарам, калі дзяўчаты і маладзіцы вярталіся з сенавання і здалёк яшчэ ў вёску плыла іх песня, калі не вельмі стройная, дык шчырая – да захаплення… Зрэшты, гэта ўжо сёння я так гавару, тады ж іх песня была чароўна прыгожая.
        Другую, «Под ракитою», спявалі звычайна мужчыны. І некаторым з іх, старэйшым, словы песні нагадвалі многае, што каму давялося паспытаць ці ў царскую вайну, ці ў грамадзянскую. У гэтай песні мяне чаравала ўжо не толькі мелодыя, але і словы, і тое, што бачылася за імі, асабліва ж там, дзе
        …Кровь лилась из свежей раны
        На истоптанный песок…
        Пясок патаптаны не проста, не так сабе, а ў штыкавым баі, жах якога я адчуваў, як тады мне здавалася, ужо на ўсю глыбіню.
        А былі ж яшчэ пра вайну і расказы, расказы…

Крыніца: http://libatriam.net/read/345966/0/
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.