РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Брыль
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Золак, убачаны здалёк
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
8
8
        
        З дарослай дзеўкай, работніцай і весялухай, здарыўся прыступ апендыцыту. Завезлі ў Мілтачы, доктар зрабіў аперацыю. Праз тыдзень, калі ўжо хворую прывезлі дахаты, жанаты брат дзяўчыны нёс яе з воза ў хату, як малую. І яна, казалі, не вытрывала тады, яшчэ на руках, пацалавала яго ў шчаку, а ён, казалі, ажно заплакаў. А ўсё-такі яе, тую спраўную і вясёлую Ліду, празвалі потым Рэзаны Жывот.
        Недабітая выбухам Маня стала Варонай, Шура – Сцягачом, Глушаком. У каго баляць вочы – Сляпы, трохі сутулішся – Гарбач, накульгваеш – Клышаногі, Кандыба…
        Што гэта – натуральны адбор ці проста грубая, бязлітасная цемра?..
        Псіхічнахворых усіх называлі дурнымі. Ці буйны ён, ці не, ці проста так сабе шаламок – усё роўна: Дурны.
        У нашай вёсцы быў дурны Цупрон. Нястрыжаны, няголены, у лахманах, кіслагубы, што гаворыць – не кожны адразу і разбярэ. Рабіў, як гаварылі, за каня – многа і ўсё найцяжэйшае. Зусім бесталковы, але няшкодны грукач. А дзядзіна, пры якой ён жыў, не толькі вечна лаяла яго, але ж і біла, як жывёліну, чым пападзе. Мужык яе, Цупронаў дзядзька, не біў – у іхняй хаце ўсё яна сама. Суседзі чулі тады, як той нядоля плача, даўно дарослы дзяцюк, а румзае, як малое дзіця, сцішна, ледзь не па-воўчы, падвываючы. Аднойчы дзядзіна так ужо набіла ды настрашыла яго, што Цупрон утапіўся. Не на глыбокім, а ў бродзе, укленчыўшы і галаву да плячэй унурыўшы ў ваду. А перад гэтым, калі ён, босы лахмей, бег па вёсцы і плакаў, падвываючы, штосьці сваё балбатаў, ніхто не падумаў, што гэта ён так скардзіцца. От, вядома, Дурны!.. У труне ён быў чорны, страшны. А дуб на могілках, пад якім яго пахавалі, стары, разложысты, зялёны дуб стаў ад гэтага страшным. «Цупронаў дуб». «Пад Цупронавым дубам»…
        У мамінай Руце быў іншы дурны – Салавей. Памерла там неяк адна старая. Каму яна маці была, каму бабуля або цётка – пахавалі раднёй, паплакалі, памянулі. А назаўтра нявестка выйшла на досвітку ў сені – ахнула, закрычала і павалілася. Дзверы на двор былі адчынены, каля сцяны, старчаком, абапёртая аб сцяну, стаяла труна без века, а ў ёй – старэнькая нябожчыца… Самлеўшы, нявестка ўжо не пачула, як за іх плотам, у агародзе, хтосьці зарагатаў.
        Гэта быў Салавей. Такое з ім час ад часу бывала: адкапае і прынясе. Адлупцаваць яго, адвучыць назаўсёды – нельга, ніхто не адолее; хіба толькі адразу забіць, а хто ж гэта возьме грэх такі на душу? І сёстры ў дурня, і брат, і бацькі старэнькія – во дзе няшчасце ў хаце!..
        Босы і летам і зімой, задрыпаны, аброслы, вочы дзікія – у твар такому не зірнеш, ён выходзіў на гасцінец і толькі па каляіне ішоў кудысьці – доўга, гледзячы сабе пад ногі. Сустрэчныя падводы з’язджалі тады набок. У кірмашны дзень дарогу яму даваў увесь бясконцы паток вазоў з мяхамі збожжа, звязанымі цялятамі, парсюкамі, кошыкамі курэй і спалоханымі цёткамі. Дый дзядзькі рады былі, што ціха размінуліся. Хоць Дурны гэты на людзей не кідаўся. Найчасцей ад яго і слова якога не чулі – проста ішоў. А калі і мармытаў сабе пад нос:
        Соловей, соловей, пташечка,
        Канареюшка жалобно поет…
        Калі праходзілі аўтагонкі, ён на гасцінцы чамусьці не паказаўся, а нашы людзі ўспаміналі яго, нібы чакалі такое нагоды. Загінуў Салавей улетку сорак першага. Пакуль пайсці абозным фургонам, крытым чырванавата-карычневым палатачным палатном, з двума здаравеннымі, кароткахвостымі першаронамі абапал дышля, насустрач Дурному – у яго бясконцай і заўсёды вольнай каляіне – цяпер на ўсход ішло такое незвычайнае ды грукатлівае, што не дало яму дарогі – танкі… Ды гэта толькі праз пятнаццаць год.
        Бывалі дні, калі ён з крыкам бегаў па чыстаполіцы, атакаваў у лоб ці акружаў які-небудзь пусты прыгорак, лажыўся з размаху, зноў падхопліваўся, бег… Жанцы ці сейбіты не чапалі яго, і ён нікога не чапаў – ён рабіў сваю справу адзін.
        Гэта была яшчэ ўсё вайна. Зноў і зноў яна прачыналася ў ім, калісьці светлым сялянскім падлетку, што з бацькавага мазаля закончыў гарадское вучылішча, а потым, маладзенькі прапаршчык, звар’яцеў у першай штыкавой атацы…
        У вёсцы тады будынкі стаялі так: ад вуліцы – хата, сені, камора, хлявы, усё «адным шнурам», пад суцэльнай страхой. Часцей за ўсё пасля хаты кухня і сені былі малыя, дзве бакоўкі, а ў некаторых кухні не было, у хаце і грубка і печ, а сені затое вялікія. Як у Шуравага дзеда.
        Аднойчы цёмным, дажджлівым вечарам я зайшоў з двара ў Богушавы сені, зачыніў за сабою дзверы і, пакуль наўздагад, па прывычцы ісці ў чорнай цемры да хатніх дзвярэй, спыніўся і немаведама чаму ўспомніў бабулю, якую Салавей прынёс і ў адкрытай труне паставіў каля сцяны. А тут яшчэ раптам, як з таго свету, пачулася зычнае, ніколі не чутае, гугнява-здушанае «бэ-лэ-лэ!..». Я не самлеў, я толькі рвануўся да дзвярэй у хату… З мяне смяяліся. Бо гэта ж у іхніх сенях быў катух для авечак, пра што я ведаў і сам, і гэта ж авечка забэкала так незвычайна, з сенам у роце.
        Страх… Я ўжо тады, дарэчы, ведаў яго і з кніжак, чытаў «Вія», пасля чаго баяўся хадзіць на змярканні ў гумно. Аднак жа з Салаўём і ў тых расказах пра нядаўнюю вайну, якіх я – і дома, і ў Богушавых, і на вуліцы – чуў так многа, страх быў іншы.
        Ды, можа, і зусім не страх гэта, а штосьці іншае?..
        – Пакінь, Алесь, супраць ночы! А то дзіця ізноў не засне…
        Так гаварыла мама майму дзядзьку, свайму малодшаму брату, які часта прыходзіў да нас з іхняй Руты. І пра што б калі ні гаварыў, зноў сыходзіў на сваё, пра вайну. Там ён, дзядзька Алесь, быў старшым унцерам кулямётнай каманды, амаль зусім непісьменны, а даслужыўся за храбрасць, бо было ў яго аж чатыры георгіеўскія крыжы. Раман расказваў, што ў горадзе Казлове, калі мы там у бежанстве былі і тата наш яшчэ жыў, працаваў на заводзе, дзядзька Алесь прыязджаў да нас на пабыўку, і ўтрох яны, тата, дзядзька Алесь і Раман, ішлі па вуліцы, дык афіцэры ім казыралі. Не ім, вядома, а дзядзьку, але і тату з Раманам прыемна было. У нас і здымак вісеў на сцяне, пад шклом, у вялікай раме, разам з іншымі здымкамі, – дзядзька Алесь з усімі чатырма крыжамі, у шапцы з цэшкай, з нашыўкамі на пагонах. Не такі ўжо стары, якім ён бачыцца цяпер, а бязвусы, і вочы быстрыя. Цяпер у яго не было дзвюх рабрынаў, многа зубоў няма пад вусамі, часта бухукае. Жывуць яны бедна, дзядзька з цёткай Аленай і трое іхніх дзяцей, у будзень дзядзька прыходзіць да нас зімою ў такім кажушку, што ён нібы чарапіцай пакрыты – латка на латцы.
        І ўсё расказвае пра вайну… Як яны перлі з Усходняй Прусіі і ў яго за адну ноч конь раскаваўся на ўсе чатыры нагі. Як за Каўказам туркі ў чырвоных шапках ішлі на яго кулямёт, а дзядзька падпусціў іх так блізенька, што аж чуваць было, як дыхаюць, а тады ўжо ўсіх пакасіў… Як у Галіцыі… Як каля возера Нарач…
        А потым аднойчы ён уздыхнуў, памаўчаў і як выстагнаў:
        – Божа мой!.. Божа мой!.. Рукі, ногі, галовы – навалам!.. І кішкі на дроце… Людзі – людзей, чалавек – чалавека!..
        …Мы едзем з мамай да цёткі Аксені, у Яры.
        Мама дала мне лейцы, трохі патрымаць, а потым забрала. Бо вось насустрач нам едзе доўгі абоз. Вазы – нібы з якой канюшынай або з сухім картаплянікам – высока нашантыраны вялізнымі кубамі густа зматанага дроту, чорна-карычнева-іржавага, змацаванага процьмай калючак. Таго самага дроту, які тры гады таму назад здаваўся мне копамі, несамавіта чорнымі копамі на чыстай пакошы і ў збожжы. Таго дроту, пра які Раман тады сказаў: «Мо і крыві было на ім», а мама перапыніла яго, што пры дзіцяці не трэба…
        Я ўжо намнога старэйшы, пры мне ўжо столькі гаворана… Я ўспамінаю дзядзькава – з горкай тугою пасля азарту – пра рукі-ногі-галовы і кішкі на дроце… Я гляджу на вазы, якія хмарна сунуцца насустрач нам, і мне здаецца, што бачу іх – тыя кішкі, расцягнута пасохлыя ў калючай, іржавай гушчыні – у кожнай хмары, ад воза да воза… Коні, такія розныя, стараюцца ісці, цягнуць усе аднолькава. Дзядзькі-гаспадары, усе аднолькава незнаёмыя, ідуць побач з вазамі і не прытрымліваюць іх, як вазы сена ці канюшыны, за валок убітых грабель, а толькі лейцы трымаюць. Спакойна ідуць, задаволена – такі заработак цяперашнім светам не часта здараецца.
        Я ўжо вялікі, хоць мама і забрала ў мяне лейцы, – я яшчэ летась сыходзіў з Людай у самы найглыбейшы іхні яр, і мы там заходзілі ў бліндажы, дзе калісьці сядзелі немцы. Як у склепе халодным – такая там цымантовая сцішната. З высокай гары за першым ярам, калі глядзець на ўсход з колішняга нямецкага боку, відаць лугі, справа – круты зялёны ўзгорак, тая «георгіеўская сопка», з якое немцы ніяк не маглі выбіць расейцаў снарадамі; насупраць – вёска і безгаловая царква; злева – далёка і ледзь прыкметна – шэры кручок вагі, мае «венгерскае пушты».
        Чорныя копы дроту, нарэшце, вывозяць.
        Вага застаецца адна.
        Я ўжо туды, да яе, пераношу многае з пачутага пра вайну. І выбухі снарадаў, і густы, насмерць пякучы звон куляў, і крык «ура», і глуха-хрыпатую, як душачыся, лаянку, апошнюю для многіх… І балючую, цудоўную песню пра тое, як гэта там, пад зялёнай ракітай
        кровь лилась из свежей раны
        на истоптанный песок…
        Можа, не там ён, каля вагі, той патаптаны пясок, і не над нашай ракою – над нейкай іншай, далёкай, у тым баі, дзе раптам стаў назаўсёды дурным той маладзенькі прапаршчык, што сёння – страшны Салавей?..
        І вось мне здаецца цяпер, на гасцінцы, што гэта не мы з мамай едзем насустрач чорнаму драцяному абозу, што гэта прапаршчык… Што гэта я іду… Босы, брудны, нястрыжаны. Гляджу пад ногі, і ўсе вазы даюць мне дарогу. Бо гэта я туды, дзе будзе зноў патаптаны пясок… Я не адзін. Усе гарлапаняць строем, і я, бо гэта ж трэба і мне, мармычу, як быццам нікога не чуючы:
        Салавей, салавей, пташачка,
        канарэюшка жалабна паёт!..
        А наша мама нікому цяпер не кажа, што супраць ночы такога не трэба, бо дзіця… бо гэта я пасля не засну…
        Цяпер не ноч, цяпер такі ясны, сонечны дзень.
        Ноч будзе потым.

Крыніца: http://libatriam.net/read/345966/0/
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.