РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Брыль
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Золак, убачаны здалёк
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
11
11
        
        Тады з вайны вярталіся па-рознаму. Хто зусім цэлы, здаровы, хто трохі паранены, хто газу глытнуў і яшчэ ўсё бухукае. Адзін быў бязногі. Другі на каня крычаў «донарвэтар»: гэта – з палону, дзе ён, у той Германіі, і «страляць» навучыўся ў хаце, добра, што хоць не за сталом, як тыя яго «баўэры».
        А некаторыя і не вярнуліся…
        У Тоні бацька быў. Няхай сабе ён для нас, малых, «нейкі латыш», у нейкім горадзе Лібава, – але быў, і яна не сірата, хоць бацьку таго ніколі не бачыла.
        Мой тата памёр у Казлове, на Тамбоўшчыне, у тым горадзе, які таксама, як Лібава, стаў загранічным, недасягальным. У канцы нашай вёскі, на полі пры гасцінцы пахаваны быў нейкі бежанец. Дзябёлы крыж і пахіліўся ўжо – не наперад, над парослай бур’янам магілай, а назад, як быццам падаючы наўзнак, нават і рукі ў шэрых рукавах расставіў у ціхім, навечным адчаі. І кожны раз, калі б мы з мамай ні ішлі ці ні ехалі міма тае магілы, мама тройчы хрысцілася і ў душы – гэта я зразумеў пазней – горка згадвала татаву магілу, для некага недзе таксама чужую.
        Я свайго бацьку вельмі мала памятаў. Можна сказаць, што больш уяўляў па маміных ды Раманавых успамінах.
        Зямаў бацька, што і ў арміі быў кавалём, загінуў пад самы ўжо канец «мікалаеўскай» вайны і пахаваны невядома дзе, хутчэй за ўсё ў той вялікай салдацкай яме, што называецца брацкай магілай. Пра гэта мне расказвала Зямава мама, калі я, ужо як вучыўся ў Мілтачах, заходзіў да іх.
        Зяма бацькі таксама не ведаў. Шура мог бы свайго пабачыць аж двойчы – калі тата ішоў на захад і калі вяртаўся, першы раз на коратка, а другі яшчэ на карацей заглянуўшы дахаты. Аднак тады яго бедны Аляксандр Сяргеевіч якраз ляжаў, больш за два месяцы, непрытомны, аглушаны выбухам той бліскучай, спакуслівай цацкі, і ні жывога, ні мёртвага бацькі ён не пабачыў.
        Апроч гарадской фатаграфіі на сцяне, дзе яго тата з мамай, таксама невядомай Шуру, зняты яшчэ да яго нараджэння, мелася ў іх і яшчэ адна памятка па Шуравым бацьку. Памятка патаемная, якую ні дзед Богуш, ні дзядзька Іван не паказалі б мне, а Шура паказаў.
        Гэта была не проста якая-небудзь адна – шэптам кажучы – бальшавіцкая афішка, за якую катуюць у пастарунку і гоняць у турму – гэта было аж некалькі газет, на кожнай з якіх вялізнымі і нібы гнутымі літарамі стаяла ў загалоўку: «Правда»…
        Праз многа гадоў і мноства падзей, я, савецкі пасляваенны студэнт, бачыў у бібліятэцы падшыўку «Правды» за той час, вясну і лета дваццатага года. Лісты вялікія, большыя за сённяшнія газеты, папера розных адценняў, благенькая, фарба слабая, цяжка чытаецца. Толькі зрэдку чатыры старонкі, а то ўсё дзве, адзін вялікі ліст. Буйныя загалоўкі: «Телеграммы», «Оборона Советской России», «За границей», «Борьба з польскими белогвардейцами»… І словы Леніна, з яго выступлення перад чырвонаармейцамі, што накіроўваліся на польскі фронт:
        «…С польскими крестьянами и рабочими у нас нет ссор, мы польскую независимость и польскую народную республику признавали и признаем…»
        Гартаючы тую падшыўку, успамінаў я Шуру (з якім мы, дарэчы, разам і партызанілі) і ў мнагалюднай бібліятэчнай цішыні з усмешкай бачыў, як мы, малыя змоўшчыкі, чыталі гэтыя лісты, замкнуўшыся ў Богушавай хаце. Загучнае слова – чыталі: проста гарталі, шапталіся, як заварожаныя тым вялікім словам – «Правда», яшчэ праўдзівейшым ад забароны гаварыць яго ўголас, на людзях…
        Шураў тата таму і забавіўся быў у іхняй хаце, заскочыўшы ў яе другі раз, што Шура тады яшчэ ўсё нічога не гаварыў, не разумеў. А потым тату, калі ён, ранены куляй, зваліўся з каня, уланы дабівалі шаблямі…
        Ці не згадаў Шура яго і тады, на аўтагонках, калі кабыла панесла ў поле няўдалага ездака-каменданта?..
        Ці не пра Шуравага бацьку намякаў нам у злосці ды ў страху Камар, калі ставіў нас на калені, а сам крычаў: «Я вас ведаю! Ведаю!..»
        Словам, і Аляксандр Сяргеевіч быў сірата ваенны.
        Аднак ні ён, ні Зяма, нават ні Тоня не называліся – брыдкае, непрыемнае слова! – байструкамі.
        Такімі былі ў нас два хлопцы – Валодзя Казак і Толя Немец.
        Яшчэ студэнтам, на бульбе ў калгасе, пачуў я ад цёткі, у якой мы з сябрам кватаравалі, мянушку Пяціхвілінка. Пра малую дзяўчынку, суседчыну. «Чаму?» «А гэта ўжо як нашы немцаў гналі, дык яе адзін баец за пяць хвілін змайстраваў». Мы пасмяяліся разам з тою гаваркою цёткай. Можна, вядома, і пасмяяцца з трапнага слова, але тады гэта, калі не думаць пра тую дзяўчынку.
        Неяк пры мне, у санаторыі, за абедзенным сталом, адзін паважаны таварыш у гутарцы з другім паважаным, да таго ж яшчэ і пісьменнікам, расказваў салідна, з пэўным, амаль непрыкрытым разлікам:
        – Я быў у свае мамы выблядак. Нашай змене, падрастаючым пакаленням, вы самі гэта панімаеце, каб добра, шчацельна апісаць, было б очань палезна ведаць, як гэта з выблядка палучыўся такі чалавек, як я…
        І ніхто з нас тады, ні я, ні нават пісьменнік, не сказалі таварышу: «Бедная ваша маці!..»
        Народ і ў грубасці сваёй мудры, і прымаўку мае спрадвеку: «Байструк – з божых рук». У гэтым азначэнні ёсць і тая праўда, што такія дзеці найчасцей бываюць спраўныя ды здольныя, а ёсць і іншае: крыўдзіць такога грэх. Трэба думаць, што не толькі ў нас, беларусаў, ёсць такая разумная прыказка. Спецыяльна я гэтым не займаўся, але нядаўна, у «Первых воспоминаниях» іспанкі Аны Марыі Матутэ, з прыемнасцю сустрэў дзве цікавыя рэчы. Аказваецца, і ў Іспаніі ў гады майго малалецтва ў вёсках рабілі хадакі з аўтамабільных пакрышак, як і ў нас, у Заходняй Беларусі, дзе і прымаўка была: «што ні беларус, то і аўтабус» – след такі самы. І другое, – і там, у Іспаніі, байструкоў, «незаконных» дзяцей, народ называе божымі дзецьмі.
        Дзіця-то божае, але ж доля ліхая.
        Жылі ў Аўсяніках дзве дваюрадныя сястры, Каця Курыца і Жэня Паганка. Каця, бялявая, ціхманая, хадзіла паволі, нібы і ў белы дзень крадучыся, і час ад часу неяк па-курынаму цікавала на неба: то адным вокам збоку ўгару, то другім. Ад гэтага і мянушка пайшла. А Паганка была чарнявая, прыгожая, разбітная, з мянушкай спадчыннай – ці ад грыбоў такіх, ці ад нейкай у іхнім родзе па-язычаску свавольнай весялухі. У Каці пасля бацькоў засталася старая хата і шнурок поля, яна сяк-так і гаспадарыла. А Жэня, яшчэ раней асірацелая, хатку сваю і палоску прадала і паехала, як многія тады, у Пецярбург, працавала там на панчошнай фабрыцы, гады ў рады наведваючыся ў Аўсянікі, дзе жыла іх цётка, адна на дзвюх з Кацяй.
        Апошні раз Жэня прыехала ўлетку 1916 года, ды так ужо і засталася ў роднай вёсцы, бо знайшла сабе казака. Усякія ў нас пабывалі тады: данскія, кубанскія, арэнбургскія, цярскія… Яе быў арэнбургскі. Спачатку ехаць ад яго ў свой Піцер Жэні не хацелася, бо ён і павянчацца абяцаў, завезці да бацькоў. Пасля, калі яго сотню кудысьці перавялі, Паганка была ўжо тоўстая, а неўзабаве і абрадзінілася, і цётка, жанчына добрая, нікуды яе не пусціла. Тады прыйшла «свабода», адна ўлада, другая – чорненькі, шустры, як венік, Валодзя рос вясковым байстручком, мама якога, у сваіх успамінах і ў кепіках суседзяў, доўга яшчэ заставалася «піцерскай».
        У Жэні дык хоць каханне было, яе той казак, гаварылі, на руках цераз гразь пераносіў, каб чаравічкаў не забрыдзіла. Ёсць што ўспомніць пра шчасце, першае і адзінае на ўсё жыццё. А Каці, калі ўжо смяяцца, як у нас смяяліся, пашанцавала знячэўку. У студзені 1918 года немцы ішлі на ўсход і па дарозе, начуючы ў Аўсяніках, нейкі ландштурміст-абознік, згаладнелы па сваёй фраў, пашкадаваў гаспадыню без лішніх песняў, а назаўтра паехаў у сваім параконным фургоне – чортведама куды, адкуль ён сам і хто ён. Калі і казаў ёй што ноччу і ўранні, дык і няшмат, і нічога не разбярэш… Да наступнай зімы і Каця ўжо была з прыбыткам.
        Такім чынам, сярод усяго іншага, што засталося ў нашай вёсцы пасля амаль сямі гадоў ваеннага ліхалецця, былі яшчэ і два салдацкія варожыя сыны – Казак і Немец.
        Пра іх паходжанне мы, сябры-аднагодкі, даведваліся спакваля, з усёй той грубай і вясёлай непрыкрытасцю, якая ў наша разуменне працэджвалася з гутарак дарослых. Ад гэтага бруду, ад гэтай дзікасці і мы, чыстыя душы, у пэўнай меры лічылі сябе вышэйшымі за гэтых хлапчукоў, а ў злосці, здавалася, нават бачылі на іх таўро пагарды: «Ах ты, казацкі, ах ты, нямецкі байструк!..»
        Толю Немца пусціў на свет, відаць, такі самы вахлачок, якім атрымаўся і сын. З адным меншым вухам, з адным меншым вокам, з самага малку па-старэчы зморшчаны лоб. А вусны дзіцячыя – пупсік на верхняй губе. На галаве – леташняя салома. А сам як быццам штосьці незвычайнае ведае, чагосьці недагаворвае і ўсміхаецца неяк шматзначна. Здаецца нават, не ведаючы яго бліжэй, што хлопец зладзеяваты. Дарма – проста ціхі, на доўгую цярплівасць пушчаны гарапашнік. Калі ж разбурчыцца крыху, не разбярэшся, што ў яго да чаго. І не ваяка быў Толя. Хадзіў ён, як і мама яго, нібыта ў нечым вінаваты, ці то сам, ці праз некага. А яшчэ ж і беднасць такая – што людзі бачаць, а што і не ўбачаць, колькі ты там ні вый употай, колькі ні хлюпай бульбачкай свайго носа.
        Валодзя, хоць і Казак, таксама быў не ваяка.
        А Шура Богуш падкраўся неяк на нашым двары да быстрай, неаб’езджанай жаробкі, ускочыў на яе з калоды, і – яна яго панесла! Спачатку па двары. То на дыбы, то задам! Тады пераскочыла цераз нізкія веснікі на агародную дарожку, вылецела на прыгуменне і закружылася там, то брыкаючы заднімі нагамі, то ўздымаючыся на іх. І толькі там ужо Шура паляцеў. На цвёрдай сцежцы. Раман прынёс яго ў хату, і там адлівалі…
        А то і такое бывала ў нас, з пацукамі.
        Вялікія бочкі на збожжа называліся пасамі. Вясною ў іх заставалася трохі жыта ці аўса, і там, прыпадняўшы века пасы, можна было ўбачыць двух-трох пацукоў, якіх у нас называюць бацамі. Тады мы наладжвалі паляванне. Ішлі дахаты і прыносілі сваіх катоў, таксама двух ці трох. Укінуць іх туды і века трохі прытрымаць – эх, і пачнецца ж у пасе!.. Наша Рыска, малая тыгровая кошачка, спраўлялася найлепш – хапала першага-лепшага баца за карак і наверх! Катам было страшней, чым кошкам: бацы ведалі, за што іх хапаць. Раз адзін кот, малады, нават вякнуў у пасе, на шчасце схоплены не за тое. Катам па хатах жылося добра, змалку ў кожнага з нас быў свой мармытун. А тут мы іх, пестуноў, так бязлітасна ці бяздумна падводзілі. Дзеля свайго азарту, цікавасці і трохі страху.
        І вось аднойчы Аляксандр Сяргеевіч, прыпадняўшы века найніжэйшай пасы, ледзь не шэптам усцешыўся:
        – Э, а яны ж тут блізенька!..
        Па яго загаду мы з Казаком ірванулі ўгару над пасай лёгенькае века, а Шура ледзь не нырнуў туды цераз борт і, вырваўшыся адтуль з двума бацамі ў руках, закрычаў:
        – Расступіся, народ, ліхарадка бярот!
        І выскачыў на двор, а мы за ім. Там ён з размаху гвазнуў адным, тады другім вялізным бацом аб сцяну, а на таго, якога кідаў з левай, яшчэ і наступіў скураным хадаком, які, па-нашаму, лапаць.
        Ух ты!.. Я паглядзеў на Казака і падумаў, няўжо і я, як ён, таксама пабялеў?..
        Валодзя быў не тое што баязлівец, а нейкі добры, гультаяваты, вясёлы. Калі яго лаялі байструком, ён так і не мог зразумець, чым жа ён вінаваты, чым вінавата мама, – яму было проста балюча, а мне яго шкада. Аднак на пашы ён вельмі ахвотна спяваў адну з тых, як наша мама казала, брыдкіх песень, што засталіся з вайны:
        Гэй, там каля рэчкі,
        гэй, там каля бору
        казак маладзенькі
        вёў дзеўку ў камору..
        Далей ішлі ўсе падрабязнасці, і ён іх выводзіў – адзін ды старанна, усё да апошняга слова, як быццам і не ўяўляючы, што гэта мае зусім блізкае дачыненне да ягонай маці. Спяваць дык спяваць!.. Валодзя яшчэ і на скрыпцы іграў. Спачатку на самаробнай, а потым, калі ўжо мы сталі дзецюкамі, і да сапраўднай дайшло.
        З Казаком я дружыў.
        Трохі большае захапленне нейкім адным, пасля другім ці трэцім не перашкаджала дружбе з усімі. У пачуццях мы былі шчырыя, свабодныя, а час і абставіны рабілі сваё. Пусты смех Тонінай цёткі Любы абарваў, перапыніў на нейкі час нашу з Латышкай першую, відаць, найлепшую, найшчырэйшую дружбу; потым, на пашы і ў школе, мы ўжо не зблізіліся так, каб нам, ад хаты да хаты, высыпалі купальскім белым пясочкам сцежку: «жаніх і нявеста». Мы проста дружылі, як пастушкі – пускалі адно аднаго дадому ці на рэчку, а як вучні – дзяліліся кнігамі, часамі нават што-небудзь цяжэйшае разам і вырашалі. Пакуль я не ведаў Зямы, найбліжэйшым сябрам быў у мяне Шура. Потым, калі я стаў хадзіць у школу ў Мілтачы, а дзед Богуш памёр, і дзядзька Іван Шуру са мной не пусціў, найбліжэйшым быў у мяне нейкі час Зяма.
        Ну, а Валодзя Казак быў маім сябрам заўсёды, паміж усімі іншымі дружбамі.

Крыніца: http://libatriam.net/read/345966/0/
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.