РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Брыль
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Золак, убачаны здалёк
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
7
7
        
        Калі на пашы над усімі намі верхаводзіў Шура, дык у школе я адчуваў сябе амаль што раўнёю з ім, а ў нечым і першым. Мы вучыліся ў адным класе – пасля ваеннага ліхалецця многа было пераросткаў, і класы былі па ўзросту няроўныя, – да таго ж я вучыўся лепш, нямала дапамагаў Аляксандру Сяргеевічу, выручаў яго, і гэта, як адчуванне раўнавагі ў нашай дружбе, было мне прыемна.
        Школа стаяла трохі наводшыбе, бліжэй да гасцінца. Стары, шэры даміна пад гонтавым дахам, з незвычайна для вёскі вялікімі вокнамі. Адзін пакой на ўсе тры класы, калідор, у якім мы распраналіся, і пакойчык настаўніка. Раней, для нашых бацькоў ці старэйшых сямейнікаў, школа была расейскай, царкоўнапрыходскай, а для нас яна стала польскай, «паўшэхнай», і арудаваў тут малады паляк, які нядаўна прыехаў недзе з-пад Кракава ці Жэшува, каб тут на новы лад даводзіць нам, што мы – дзеці народа без імені, без роднай мовы. Ва ўсім гэтым, праўда, спачатку лепш разбіраліся старэйшыя, а для нас, дакладней – пры нас, «пан навучыцель» часцей за ўсё выглядаў квактухай пры качанятах. Гімназіст-недавучка, падмацаваны настаўніцкімі курсамі, нібы фанабэрысты трохі, нібы прастадушны, не злосны, чужаніца гэты, каб вучыць нас на сваёй мове, павінен быў хоць трохі разбірацца ў нашай, у звычаях іншага асяроддзя. Спачатку ён разбіраўся неяк сам, а неўзабаве знайшоў памочніцу. За паўтара кіламетра ад нашых Аўсянікаў быў моцны хутар «без’языкага», Кучуры, які гаварыў пра самога сябе: «Я – Куцура, маленькі памесцыцак». У яго была Верачка, якую ў нас называлі Цукерка, таксама недавучка, толькі ўжо з расейскай гімназіі. Наш пан Сатурнін Комар хадзіў туды нешта з паўгода, потым Цукерка павянчалася з ім у нясвіжскім касцёле і стала паняй Камаровай, а ён для «памесцыцка» – ганаровым зяцем. І жыць перабраўся на хутар, пакойчык пры школе назваўшы канцылярыяй.
        Пры дзіўным імені – Сатурнін, якое мы не адразу засвоілі, прозвішча ў яго было нібыта наскае: падумаеш, розніца – Комар там ці Камар. І гэта рабіла пана навучыцеля неяк пацешна зразумелым, ледзь не блізкім для вёскі, калі б не лічыць яго чужацкага навучання, а потым, калі ён знюхаўся з Кучурамі, і нялюбасці да багатага, ганарлівага хутаранца, частка якое прыйшлася і на зяця. Падгладзіўся польскі дзяцюк, пачаў валачыцца са стрэльбай, бахкаць на зайцоў, на качак. А ўсё ж, трэба сказаць, што ён па-ранейшаму сам вітаўся з людзьмі, сам загаворваў, «крывіўся трохі па-нашаму». Дайшло нават да таго, што, калі «пачаліся гуртке», славутая стотысячная Грамада, магутны ўздым нацыянальнай самасвядомасці, Камар сам вучыў нас і па-беларуску, тры-чатыры ўрокі на тыдзень. Праўда, вучыў ён не толькі пры дапамозе Цукеркі, але і тых пераросткаў, што трохі ведалі родную грамату з дому.
        Ужо ў другім класе і я сяды-тады дапамагаў пану навучыцелю. Ён пойдзе ў сваю канцылярыю і сядзіць, чытае або так ляжыць, а я пішу на дошцы першаму класу – нашы літары, словы, а то і кароценькія сказы. Такому памочніку бывала і нялёгка. Адна няўрымста так раз напрыкрала мне, што давялося, па прыкладу настаўніка, узяць і за вуха. Яна пабегла скардзіцца, а потым, увайшоўшы ў клас, кінула мне пераможна:
        – Казаў, каб ты прыйшоў. Вось палядзіш цяперака!..
        Але ў густа накуранай канцылярыі наш асветнік ледзь адарваўся на момант ад кнігі, паглядзеў на мяне і з нейкай крывой усмешкай сказаў, вядома ж, па-польску:
        – І ахвота табе, браце, зачапацца з бабаю?.. Ідзі, пішы далей.
        Апроч капрызнай Цукеркі, у яго была яшчэ і цешча, звяглівая пані Кучурыха. Ці не адтуль ішла яго прымакоўская мудрасць, набытая на чужой старане?.. Зрэшты, тады я так не падумаў. Вярнуўся ў клас, можна сказаць, пасталеўшы.
        Шура настолькі верыў мне, што, калі я часамі падказваў яму ззаду, на больш чуткае вуха, што-небудзь для смеху не так, ён упіраўся і даводзіў настаўніку яўную недарэчнасць. А потым і не злаваў на мяне, ну, не вельмі злаваў, а то яшчэ і ўсміхаўся, трохі разгублена, а трохі дабрадушна. Штурхане толькі трохі або небалюча ляпне па карку сваім сцягачом.
        Вельмі яму не давалася польская мова, з тымі яе насавымі галоснымі – «он» ды «эн». Колькі Камар ні папраўляе яго вымаўленне – усё ў Богуша не так. І злуюцца абодва.
        А я не толькі падказваў Шуру часамі не тое, але і мог падвучыць яго, старэйшага, да «рэспусту». Так аднойчы мы з ім накралі ў школе кантовых таўкачыкаў крэйды і ўвечары панапісвалі ледзь не кожнаму ў вёсцы яго мянушку. Ад варот да варот, ад сцяны да сцяны, у каго тая сцяна сама на вуліцу вылезла. Натэч, Акудыты, Пшэпюрка… Першая мянушка ад таго, што пажылы, паважаны дзядзька Субота не выгаворваў «п», казаў не «пайшлі», а «тайшлі», не «на печ», а «на тэч»… Другога дзядзьку, худога, доўгага Панасевіча, стары бацька ноччу крыкам з печы ганяў ад жонкі на ложку, бо і так ужо многа дзяцей: «А куды ты?!» Трэці дзядзька, наймаладзейшы, порсткі Савачка, зусім нядаўна служыў у панскім войску і, на пабыўцы, смешна выглядаў у рагатай шапцы, у авіячах-абмотках, з «сяледчыкам», кінжальным штыхом на сцягне. Яшчэ і па-польску курдупель набыльваў, калечыў мову, – чым не Пшэпюрка, перш за ўсё з-за тых яго – трэба, не трэба – «пшы» ды «пшэ». Ну і яшчэ мянушкі ў людзей, і яшчэ… Мужчынскія, бабскія: Сячкарня, Ведзьма, Маркітантка… Назаўтра адны проста сціралі тую крэйду з варот ці са сцяны, а хто і лаяўся, калі дзеці ў школу ішлі («Грамацеі смаркатыя!…»), а нам з Шурам было ўпотай прыемна, што вось жа і невядома, хто гэта зрабіў. Бо мы і на сваіх варотах панапісвалі: ён – дзядзькава Чэп-дрэп, а я Раманаву мянушку – Дзяцел.
        Шура праславіўся аднойчы і самастойна. Неяк на нашым гасцінцы – быў такі незвычайны дзень! – праходзілі міжнародныя аўтагонкі. Дарэчы кажучы, нядаўна я быў у Амерыцы, турыстам, а там, між іншым, нам паказалі і музей славутага Форда, аўтамабілі – ад самага іх з’яўлення і да нашых дзён. Цікава было глядзець не толькі на машыны найранейшыя, але і на мадэлі трыццатых, нават саракавых гадоў – такія ўжо яны пацешныя ў сваёй недасканаласці. Там я прыгадаў дні свайго маленства, гады дваццатыя, калі мы, пастушкі, як толькі з-за ўзгорка пакажацца раз у тыдзень якая-небудзь машына – так і ляцім ад свіней на гасцінец, з радасным крыкам: «Та-на-біль!» або на польскі лад: «Са-ма-ход!» І раптам – аўтагонкі! Амаль цэлы дзень, адзін за адным, ды ўсё розныя, амаль кожны адкрыты, з панамі, кожны такі прыгожы, усё з іншым сцяжком на радыятары. Быў чэрвень, час у гаспадарцы свабаднейшы, пасля веснавой работы – перад касавіцай, аднак жа будні дзень. Ды ўсё ж і моладзь, і пажылыя мужчыны, колькі там тыя маці і жонкі ні сварыліся, доўга стаялі чародкамі пры гасцінцы.
        І нас у школе было не ўтрымаць. І сам Камар з намі стаяў, і Цукерка прыйшла памаленьку, спачатку ў школу з хутара, а потым і на гасцінец, жывот прыкрыўшы расшпіленым плашчыкам. Наша школьная чарада, крыху ўперамешку з дарослымі, была найбольшая.
        На адным і на другім выездзе з Аўсянікаў стаялі пешыя паліцыянты. З вінтоўкамі, і кожны яшчэ з «божым пальцам» – паўметровай гумовай палкай, культурным кіем, на англійскі ўзор, але ўжо сваёй вытворчасці. А потым і пан камендант паказаўся ад Мілтачоў, дзе ў іх быў «пастарунак».
        Трэба думаць, што ён і гэтым разам не павітаўся б з людзьмі, як тады, калі яму адказаў дзед Богуш, але ж цяпер стаялі тут, у натоўпе, і свае. Ён важна казырнуў па-вайсковаму, двума пальцамі, пані Веры сказаў «цалуен рончкі», а пану Сатурніну «чэсць!». Было б, відаць, і яшчэ што-небудзь, але тут…
        Тут мне трэба спачатку агаварыцца шырэй.
        У Мілтачах апроч пастарунка былі яшчэ царква, крамы вакол рыначнай плошчы, пошта, пякарня, заезд, бальніца і школа-сямігодка, куды з навакольных вёсак хадзілі, закончыўшы такую, як наша, трохкласную. Была і добраахвотная пажарная каманда, пры якой нядаўна арганізавалі духавы аркестр. Трэцяга мая, у свята канстытуцыі, Камар вадзіў нас у Мілтачы, і там мы чулі, як той аркестр два разы зайграў «Ешчэ Польска…», перад мітынгам і пасля. А тады пажарнікі пайшлі па плошчы і па вуліцы – пад марш.
        Перад аркестрам пайшоў пан камендант. Ужо і мы, малыя, ведалі, хто ён такі, што такое панская паліцыя. Наш Камар – няхай сабе ён і не злосны, а то і вясёлы бывае, – не прыехаў бы сюды з-за свету, марочыць нас на свой лад, каб не было гэтай паліцыі. Яна высочвае, арыштоўвае, катуе ў склепе той мураванкі, дзе пастарунак, а потым гоніць у турму ўсіх тых дзецюкоў і дзевак, што хочуць, каб і тут, як у Саветах, толькі за трыццаць два кіламетры адгэтуль на ўсход, не было маёнткаў і розных іншых багацеяў, у вёсках і ў гарадах, а каб усё было для тых, хто многа працуе, а сам усё бедны ды бедны. І каб школа была ў нас свая, на роднай мове. Такіх людзей – пад паліцэйскім канвоем, у кайданках – мы ўжо не раз бачылі на нашым гасцінцы: яны ўсё тутэйшыя – з Рыкавіч, з Хвоева, з Пагудзенкі і з іншых вёсак, што навокал Мілтачоў. Сядзяць у турме і нашы: Суботаў Кастусь, што вучыўся ў Наваградскай беларускай гімназіі, і дзядзька Хведар, Шураў сваяк, пляменнік дзеда Богуша.
        І ён, гэты пан камендант, – не проста задавака, а галоўны кат. Так пра яго і гавораць.
        Ён не проста ішоў перад строем пажарнай каманды – яшчэ і шаблю сваю з похвы выхапіў, трымаў перад сабой упоперак. І галаву задзёр. У круглай сіняй шапцы з вялікім, акантаваным бляхай козырам. Грукату мноства ног не чуваць было ад галёкання труб. Пажарнікі прайшлі ў канец брукаванай вуліцы, павярнулі назад. Ужо і трубы хрыпяць слінява ад стомы, і камендант спацеў, ачмурэлы ад фанабэрыі, а ўсё яшчэ тупае, задзірае наглянцаваныя боты, трымае шаблю, талопіцца толькі наперад і трохі ўгару. Калі ж параўняўся з людзьмі – усё-такі зірнуў убок, дзе на краі натоўпу стаяла ягоная пані і пані іншых паноў. Пан камендант не проста паглядзеў на іх – ён яшчэ раптам… высалапіў язык! І жонцы, і ўсім. Звычайны, тоўсты, чырвоны язык. І жонка яго, і ўсе іншыя пані – настаўніцы, жонкі паліцэйскіх, ужэнднікаў, навакольных падпанкаў і багацейшых асаднікаў – таксама ж ведалі, што за нялюдскую работу робіць ён у сваім пастарунку. Аднак на гэтага ката яны глядзелі па-іншаму, з чужога для нас боку. Для іх высалаплены язык пана Зыгмуся – гэта было так молада, так гарэзліва-міла, што не толькі жонка яго, але і ўсе іншыя пані заўсміхаліся, загаманілі і запляскалі далонькамі ў пальчатках.
        Гэты язык і воплескі я прыгадаў, калі пан камендант пад’ехаў да нашай чарады пры гасцінцы і павітаўся – толькі з Камарамі. Ён хацеў яшчэ штосьці сказаць, ды тут з-за ўзгорка выгудзеў новы адкрыты легкавік. Камендантава сівая кабыліца – не сказаць, што такі ўжо агонь, – раптам упудзілася, ірванула з месца галопам, панесла! Не па гасцінцы, а ў поле – па бульбе, па аўсе, па жыце – наўпоперак загонаў, зверху ўніз, у даліну… Яздок, расставіўшы локці, бездапаможна тузаўся на ёй, усё далей, далей ад нас. А наўздагон яму пераможна, нібы нарэшце дачакаўшыся такога, грымнуў рогат і крык – і дарослых, і наш, са свістам у пальцы.
        І вось тады Шура, як быццам азораны, умомант нанава перажыў усе свае пакуты з «он» ды «эн» чужое граматы, убачыў той мілтачоўскі грымучы аркестр і закрычаў услед каменданту:
        – Затронбіш – кабылэн – у дупэн!
        Няхай не вельмі правільна, аднак адразу з трыма насавымі галоснымі.
        Вокліч гэты прыйшоўся якраз на паўзу ў нашым галёканні, усе пачулі яго, і рогат з крыкам ды свістам выбухнуў з новай сілай.
        Тады наш Камар упершыню зазлаваў па-сапраўднаму. Пагнаў усіх нас у школу, а там Шуру і мяне паставіў у кут на калені.
        За што ж мяне? Няўжо ён падумаў, што я падказаў? А мо са страху за такую дэманстрацыю пры ім? Ці проста таму, што мы з Шурам дружым?
        Дарэчы, так ён і крычаў:
        – Я ведаю вас! Ведаю!..
        Педагог з пана Сатурніна наогул быў вялікі. Дагэтуль жыва помніцца, як ён тады, калі нам першы раз грымелі трубы, купіў сабе цэлую шклянку марожанага і пры нас, пры дзецях, з якіх далёка не кожнаму бацькі купілі б таго смаку хоць у найменшых круглых вафельках, доўга, спакойна, са смакам еў яго на ганку крамы лыжачкай, а мы глядзелі знізу чарадой, чакалі, калі ж ён кончыць… Даволі часта, лянуючыся падрыхтавацца да чарговых заняткаў, а то і не вельмі цямячы, як іх сёння весці, ён прыносіў якую-небудзь кнігу, не падручнік, а з этажэркі ў канцылярыі, і ў нас было чытанне. Пан навучыцель, пацясніўшы тых, што сядзелі на першай парце або і выселіўшы некага на другую, садзіўся на парту тварам да нас, ногі паставіўшы на дошку сядзення, і пачынаў што-небудзь чытаць, усім тром класам адразу.
        Але за гэта я ўжо яму дзякую, са спазненнем ды наўздагон. За тое дзякую, што праз чужую мову я часамі даходзіў тады – усе мы даходзілі – да хараства такога ж блізкага, як і сваё, да праўды роднай і нам, беларускім мужыцкім дзецям. Скажам, у той гуральскай казцы, дзе хлопец з апошняй у сям’і місай мукі адчыніў дзверы свіронка, а сіберны вецер раптоўна так дзьмухануў, што вымеў з місы ўсю муку – панёс яе, не збярэш, не дагоніш!.. Гэта быў толькі пачатак польскай народнай казкі, толькі яго я і помню цяпер, але і ён мне гаворыць многа…
        Быў у нас і другі культуртрэгер, з іншаю мовай і іншым панствам, – мілтачоўскі поп.
        Маліцца мама мяне вучыла і прымушала з самага малку, аднак са словам «рэлігія» я пазнаёміўся толькі ў школе, упершыню спыніўшыся на ім у «роскладзе годзін», павешаным Камаром на сцяне, толькі тады ўсвядоміў, што не адны малітвы, але і ўсе тыя гісторыі, якія нам бацюшка так цікава расказвае, гэта таксама рэлігія. Бо сам ён іх называў інакш – «законом божиим».
        Рэдка яго прывозілі да нас, затое дні гэта былі нібы святочныя. Зранку па бацюшку пасылалі падводу, мы ведалі хто, чый тата або брат паехаў гэтым разам у Мілтачы, і мы чакалі, хваляваліся. Чамусьці мне найлепш уяўляецца прыезд зімовы. Пачуўшы званок з-пад дугі ці ўбачыўшы праз намаразь акна каня і сані, мы рваліся з класа на двор, і Камар нас пускаў, бо і сам ён ішоў сустракаць паважанага госця. Не апрануўшыся, мы высыпалі на двор і крычалі ўжо не «дзень добры», а «здрастуйця». Старэнькі, сівы, ён цяжка вылазіў з саней-вазка, так незвычайна, багата апрануты, у чорнай каракулевай шапцы, у чорным доўгім паліто з каракулевым каўняром, а пад паліто, калі ён распранаўся ў канцылярыі і ўваходзіў у клас, была яшчэ чорная доўгая раса. Без пазлацаных рызаў, у якіх мы вельмі рэдка бачылі яго ў царкве, або калі ён прыязджаў хаваць каго-небудзь, ці раз у год служыў малебен у нашай капліцы на могілках. Трэба сказаць, што наш пастухоўскі фальклор ахопліваў і бацюшку, была і такая прыпеўка:
        Гоп-па-па, гоп-па-па,
        чорна с… у папа,
        а ў папіхі белая,
        поп за ёю бегае!..
        Аднак у школе мы пра гэта забываліся. Ён таксама, як і Камар, садзіўся на першую парту, яшчэ больш пацясніўшы вучняў або выселіўшы не аднаго, а двух, гаварыў сваё «ну-с…» і пачынаў расказваць «з галавы». Усе тыя гісторыі – які быў страшны сусветны патоп і як потым голуба паслалі з каўчэга ў разведку і ён вярнуўся з маслічным лістам у дзюбе; як браты прадалі Іосіфа ў няволю, а потым самі, у вялікі голад, прыязджалі да яго, калі ён стаў амаль царом; як маленькага, вельмі прыгожага Майсея бедная маці схавала ў трыснягу ў прасмоленым кашы і як яго знайшла там фараонава дачка… – усё гэта і многа іншага з расказаў бацюшкі хвалявала маё ўяўленне, гучала для нас цудоўнымі казкамі. І казкі гэтыя былі, у параўнанні з Камаровымі, куды больш даступныя для нас на мове расейскай, якую так ці гэтак, уперамешку з роднай, ужывалі ў нас дарослыя, – у сваіх гарадскіх ды ваенных успамінах, у песнях, – на мове, якая была і ў тых кнігах, што засталіся па хатах з вайны.
        Можна было б цяпер і таму бацюшку падзякаваць наўздагон, як і настаўніку, за хоць такое, ускоснае ды міжвольнае, далучэнне нас да багаццяў сусветнай літаратуры, аднак у тым іх навучанні было, у кожнага, сваё «але»…
        Чужаніца настаўнік прыехаў сюды з далёкага, невядомага краю, разам з паліцыяй, пад аховай яе вінтовак і «божых пальцаў» марочыў нашы галовы, занечышчаў нашы светлыя душы недарэчнай варожасцю да ўсяго, што наша, роднае – дома, на нашым месцы пад сонцам. Бо ён чытаў нам не толькі мудрыя, светлыя казкі свайго польскага народа, вершы і апавяданні з яго чалавечнай, высакароднай літаратуры, але і ўсякую так званую патрыятычную марноту. Захоплена, раз-поразу задзіраючы ўгару руку, чытаў нам Камар саладжава-нягеглыя вершыкі, скажам, пра вусы, шаблю і Каштанку, кабылу пана Пілсудскага, пра якога мы дома і на вёсцы, ад тых, каму мы верылі найбольш, добра ўжо ведалі, што ён – галоўны кат ужо не ў Мілтачах, але на ўсю нашу Заходнюю Беларусь, на ўсю Польшчу, для ўсіх працоўных, бедных людзей. І пра Савецкі Саюз, пра «большэвікуў» Камар чытаў і гаварыў нам толькі дрэннае: і хамы ўсе там, і разбойнікі… А мы ўжо ведалі, што там і зямлю далі людзям, і волю роднай мове кожнага – праўда, найлепш для нас зразумелая.
        І поп не толькі вучыў нас маліцца, не толькі расказваў цікавыя казкі, святыя гісторыі. Часта, сказаўшы сваё «ну-с», ён пераходзіў на палітыку, да Саветаў, дзе, як казаў, «коммуна, что означает, дети, кому на, а кому и нет». Хіхікаў аж да кашлю, тады адхаркваў макрату, акуратна выплёўваў яе ў вялікую чыстую хустачку, прыглядаўся туды, паволі складваў хустачку, клаў яе белы квадрацік у глыбозную кішэню расы і, як Камар, пачынаў пра разбойнікаў, дзікуноў ды яшчэ і бязбожнікаў, якім калісьці, на тым свеце, давядзецца гарэць, не згараючы ў вечным агні…
        Зімою, у палавіне другога класа, мне ішоў дзевяты год, а Шуры дванаццаты. І вось аднойчы, калі мы ўдвух, пасля такой «рэлігіі», ішлі дахаты, ён пачаў:
        – Мне дзед казаў, што гэты поп служыў у паліцыі. Не ў польскай, а ў расейскай. І ў свабоду людзі хацелі яго забіць на вуліцы. На кавалкі парвалі б, але ён адмалёкаўся, што маленькія дзеці, што пойдзе на папа. І людзі пашкадавалі яго…
        Цётка Марта, дваюрадная сястра нашай мамы, служыла тады ў бацюшкі. Неяк яна прыйшла да нас з Мілтачоў і расказвала, як тыя бацюшкавы колішнія дзеці, цяпер тры брыдкія незамужнія ганаровыя пападзянкі, анічога не хочуць дома рабіць, а п’юць не малако, не чай, а шакалад з маленькіх кубачкаў. Во як жывуць!.. А тут яшчэ з гэтай паліцыяй… Аж не верыцца.
        Я маўчаў. Мне згадалася на тыя нашы меркі даўняе – што было пазалетась, калі я яшчэ ў школу не хадзіў. Як бацюшка прыязджаў у Аўсянікі ўлетку і, пасля малення ў капліцы і над магіламі, быў хрэсны ход па полі і па вёсцы. Наша мама, злосная на Рамана, што ён не памагае ёй, сама вынесла на вуліцу стол, заслала яго чыстым настольнікам, палажыла бохан хлеба і дзве свечкі, сабе і мне. Гэтак тады многія павыносілі, амаль перад кожнай хатай стаялі белыя сталы. Хрэсны ход, з вялікім драўляным крыжам, з пратэсамі і песнямі спыніўся і каля нас. Бацюшка ў пазалочанай рызе маліўся, мілтачоўскія дзеўкі, пеўчыя, падпявалі, а мы з мамай стаялі са свечкамі. Мая таксама была вялікая, соладка пахла расплаўленым воскам, і агеньчык то роўна гарэў, то калываўся, калі я махаў свабоднай рукою, хрысціўся. А можа, і ад тых дзявочых «аллилуя, аллилуя, слава тебе, бож-же», бо пеўчыя былі зусім блізка, столькі іх дыхала на агонь. Яшчэ як мы з мамай стаялі каля стала адны, чакаючы, яна мне загадала не толькі крыж пацалаваць, але і бацюшкаву руку. Я, можа, не забыўся б пра гэта і сам, але яна, як дайшло да таго цалавання, штурханула мяне, і я, вядома, паслухаў…
        «Мне дзед казаў» – такое для Шуры было неабвержнаю праўдаю. А я адразу не зусім паверыў пра тую бацюшкаву паліцэйскую службу, і, як толькі мы з дзедам Богушам, у той жа вечар, апынуліся ў іхняй хаце толькі ўдвух, я спытаўся, ці праўда гэта.
        – Праўда, унучак. Але не паліцэйскім, не спраўнікам ці прыставам, а следавацелям па паліцічаскіх дзялах. Яшчэ ў тую свабоду, што ў пятым годзе была. Ён чалавек вучаны, – удакладніў дзед і, памаўчаўшы трохі, дадаў: – Такі вялікі прыход, колькі вёсак, і Мілтачы на пяць вуліцаў. Што дзень, то і мярцвец, што нядзеля, то і вянец, – чаму тут не будзеш, як ты здароў, унучак, кажаш, піць той шакалад?
        Я ніколі яшчэ не цалаваў чужое рукі. Ды такой яшчэ жоўтай, халоднай і валасатай, сціснутай на крыжы…
        Не, я такога пра сябе нікому не скажу!

Крыніца: http://libatriam.net/read/345966/0/
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.