РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Брыль
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Золак, убачаны здалёк
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
9
9
        
        Лета – як лета, зіма – як зіма, гразь высыхае або замярзае, а ўвосень вуліца нашай вёскі – проста вялізнае, даўжэзнае карыта глыбокай гразі, ад плота да плота. Ідучы з пашы, каровы паволі, цяжка выцягваюць ногі, адну за адной, а вым’е, у каторай большае, валачэцца па той халоднай, глеіста-шэрай рошчыне – пакуль дамыцца потым да малака!.. Якая сумная, бясконцая работа, тое цярплівае выцягванне ног з гразі – і каровам, і коням, і самому табе, калі з пашы ці ў школу ідзеш каля плота, дарма выбіраючы месца, дзе лепей ступіць. А ўжо авечкам бедным – хоць ты плыві. Яны яшчэ і горка бэкаюць ад мокрай крыўды за сябе, за нас, за ўсё жывое. Бо тут жа і дождж – спорны часамі прыпусціць, а то цярушыць бясконца, і з такой жа гэта занудлівай упэўненасцю, як быццам толькі яго тут і не хапала…
        Во калі глухмень!..
        Апроч жывёлы ды сваіх людзей каля платоў, па вуліцы цэлымі днямі ніхто чужы не пройдзе, не праедзе. От, праплыве калі-небудзь воз незнаёмага пагарэльца з дзесяткам кулёў нажабраванай саломы. Сяды-тады прасунуцца старцы ў зрэбнай будзе, мокрай, з худымі рэбрамі абручоў. Дзед і баба, гуннявы і жаласна-галасістая. І малёканне сумнае па надвор’і: «Дзеткі вашы маленькія, анёлачкі боскія, чыстакроўна мадлітэўныя…» (Часта яны, анёлачкі, паміралі.) Прашалэндае, здарыцца, хоцькі-няхоцькі збочыўшы з гасцінца, мясцовы, суседні падпанак на мокрай, нягеглай пары ў кракаўскіх хамутах…
        А часцей за ўсё наша карыта наведвалі анучнікі, госці заўсёды жаданыя і руплівыя самі: гешэфт ёсць гешэфт.
        Адзін з іх, маленькі, кучаравы Мэйшка, быў вельмі ж звонкагалосы і меў свой уласны, адмысловы рэчытатыў. Як толькі ён, прымасціўшыся бокам на сваім шырокім возе, укалышацца ў вёску, дык адразу і загалёкае, як на пажар:
        – Баббы-баббы-баббы, ого-го-о!..
        Потым ішла музычная рэклама:
        – Міло браць! Голкі браць! Хварбі браць!.. Баббы-баббы-баббы!..
        У трэцім калене згадваліся патрэбныя Мэйшку прадметы натуральнага абмену:
        – Ас-мі-чы-ны з-пад коўдро! Ку-дзе-ля! Яй-цы! А-ну-чы!..
        І наступаў узрыў той самай, што і ў пачатку, сілы, ужо не заклік, а ледзь не адчай у адным шматступенчатым слове: – Баббы-баббы-баббы-о-го-го!..
        Не такі мудрагеліста-звонкагалосы быў другі анучнік, Лёкім. Затое ўсё ў яго было спраўнейшае – і конь, і воз, і сам ён, салідны белабароды Саваоф, які ўязджаў у нашу гразь, седзячы не бачком на цапку, а з нагамі на возе, і не галёкаў, як блазен, а важна і глуха ўрываючы бухаў:
        – Боб! Боб! Боб!..
        З яго ў нас смяяліся: «Уй, мой Лёкум! Усім яму любяць: і бабы, і маладзіцы…» Так хвалілася яго жонка – тая першая, што памерла. Апрануты дзед Лёкім быў заўсёды добра, асабліва пасля таго, калі ён, на здзіўленне ўсяму наваколлю, ажаніўся з маладой, казалі нават, што і прыгожай, не мілтачоўскай, а недзе аж з Клецка. А пра яго багатую, разложыстую бараду, жаўтлявую праз сівізну, расказвалі, што з яе былі наздзекаваліся ў вайну польскія жаўнеры, – падпалілі, звязаўшы чалавеку рукі.
        Былі анучнікі і апроч гэтых двух, але ўжо значна менш цікавыя.
        І былі яшчэ мяшэчнікі, стары мітуслівы Дзічка і баба Роха. Хадзілі яны кожны сам сабе і толькі не ў завіруху ды не ў такую гразь, як позняй восенню. Дзічка быў смешны. У хаты ён не заходзіў. Ад варот – ледзь не подбегам – да зачыненага акна і гукне ў яго цераз высокую прызбу:
        – Шэрсць-есць-га-німа-пайшоў!
        Сам і спытаецца, сам сабе і адкажа, рэдка хто яго добра пачуе ды ў хату пакліча.
        Другою была баба Роха.
        Неяк вясною яна зайшла да нас не адна – мех за ёю нёс незнаёмы дзяцюк.
        – Ганно-сястрыцо, здрастуй! – прывіталася, як заўсёды з парога. – Як ты сягоння жывеш, як ты здарова маешся?
        Гаварыла баба Роха неяк аж надта па-беларуску, без жыдоўскага акцэнту, густа-гучным і смачным голасам вясковай дабрадушнай цёткі.
        Дзяцюк, спусціўшы з пляча няпоўны мех, пакланіўся:
        – Здраствуйце вам! Называм сень Тэофіль.
        Пяць слоў на дзвюх мовах. І дзіўнае – польскае імя. Па тагачаснай модзе.
        На дзецюку былі запыленыя боты-дудкі, галіфэ і суконная куртка, а над губамі ды бровамі – «варшаўская» кепка з доўгім казырком.
        – Гэто, Ганно, мой пляменнік, Малчын найменшы, Тэпсік. Ты ж нашу Малку ведаеш: што за Нохімам. Большыя дзеці – нішто сабе, а гэты, сястрыцо, я і пры ім скажу: гультай, паніч. Тэпсік, сядзь тут, на лаве, не тырчы ля парога.
        Тэофіль падышоў да лавы, каля стала, за якім я рашаў задачкі, і, паглядзеўшы на мяне, сказаў з таўстагубай усмешкай:
        – Гаронца!
        – А мы ў цябе, Ганно-сястрыцо, і паабедалі б, – гаварыла тым часам старая, яшчэ ўсё стоячы перад мамай каля печы.
        – Ой, Рохачко, мо хібо трохі малака, а то ж капуста ў мяне заскварана.
        Мама гаворыць гэта, а сама як быццам усміхаецца.
        – Салам? – спыталася Роха, як быццам сама і не ведае, чым гэта заскварваюць.
        – Салам, – пацвердзіла мама, таксама як быццам не ведаючы, што госці сала есці не можна, аднак яна есць.
        – Каб без сала, сястрыцо, дык гэто горо было б. Яму, можа, дай малака. Тэпсік, капусту будзеш есці? Ці малака табе?
        – Буду, – важна адказаў Тэофіль. – А потым пап’ю і млека.
        Яны абедалі без нас, бо мы з мамай толькі што ад стала, а Рамана дома не было. Потым мама пайшла ў агарод, Роха, пакінуўшы мех і Тэпсіка ў нас, падалася са сваімі голкамі ды шмолкамі па хатах, а Тэпсік сказаў мне:
        – Дай, хлопак, якую-небудзь ксёнжку. Расейскую ілі польскую, ушыстко едно.
        Наш тоўсты, добра такі растрэсены, аднатомнік Пушкіна, які Раман прывёз з бежанства, ляжаў у шуфлядзе стала. Калі я дастаў яго і палажыў перад госцем, ён мне параіў пайсці пагуляць. Я пайшоў. Каровы выганяць было яшчэ рана, а мне ж карцела паглядзець, як той Тэофіль чытае. Бо я ўжо многа чытаў у Пушкіна, а сёе-тое ведаў і на памяць: само запомнілася, не завучваў. Скажам: «Трусоват был Ваня бедный» або «Горит восток зарею новой». Калі я ўвайшоў у хату – Пушкін ляжаў разгорнуты, а госць драмаў, заслінена адвесіўшы чырвоную губу. Ён падцягнуў яе, прахапіўшыся, паправіўся на лаве і сказаў:
        – Да… Такую ксёнжку нада чытаць з бутэлечкай харошага вінца, на мяккай канапе…
        Другі раз, тою ж вясной, але тыдняў праз два і ў нядзелю, баба Роха прыйшла таксама не адна, а з такім, як я, хлапчуком. Зноў жа з парога:
        – Ганно-сястрыцо, здраствуй! Мало было табе майго пляменніка, дык на яшчэ і ўнука. Куды нянька, туды і лялька. Самому ж вельмі захацелася, як пра твайго яму расказала. Зяма, скажы добры дзень!
        Хлопец несарамліва здалёк прывітаўся з усімі, з мамай, Раманам і мною, а тады падышоў да мяне, падаў руку і сказаў на дадатак:
        – Здароў!
        І я таксама адказаў:
        – Здароў!
        А баба Роха тым часам тлумачыла маме:
        – Мяха яшчэ поўнага не панясе, ды ўсё ж мне трохо весялей. Той кунэлэмул[1], Тэпсік, не хоча памагчы, пану заўстыдам, неганарова. А гэта майго Хаіма-нябожчыка сынок. Сіротка, як і ваш. Бацьку яго, сама, сястрыцо, ведаеш, германец забіў, каб ён аб вугал галавою біўся, дзе ён ёсць!..
        Баба Роха пайшла з таварам па хатах, а мы з Зямам пабылі спачатку ў нас, глядзелі кнігі, потым у садзе, на вуліцы. Да Шуры пайшлі, аднак у іх нікога дома не было. А потым, як Зямава баба вярнулася, селі абедаць – усе разам.
        Але спачатку, толькі мама адсланіла печ, каб даставаць гаршкі, Роха штосьці ёй там зашаптала, і шэпт быў такі, што я і ля стала пачуў:
        – Сама ўжо… я такі поп, што бяру і боб… А за яго… Раструбіць па ўсіх Мілтачах…
        – Ды не, Рохачко. Сёння пасоля з пеўнем, а потым панцак забелены, – уголас адказала мама.
        Было пацешна, калі баба Роха зачэрпала з місы кавалак мяса, а тады ўзяла яго са свае лыжкі пальцамі і палажыла Зяме на лусту.
        – І ты, – сказала, – палцамі бяры. Раней бог стварыў палцы, а тады ўжо відэлцы.
        А больш дык добра было, што гэты хлопец, такі не наш, не вясковы, і такі… ну, па-іншаму свой, сядзіць вось у нас за сталом, як калісьці Шура, – той, першы раз, з нашым першым агульным уловам. Ён, Зяма, як і мы з Аляксандрам Сяргеевічам, канчае другі клас, а калі мы кончым трэці, дык і мы будзем у чацвёрты хадзіць у Мілтачы, і тады ўжо нам будзе яшчэ лепш дружыць. Шкада толькі, што вось паабедаем і ён пойдзе… І я папрасіўся Зяму правесці.
        – Яшчэ чаго? – здзівілася мама. – Ён жа з бабаю, не адзін. А каровы твае?
        Адразу ў дзве столкі супраць. Першае «супраць» адхіліла баба Роха:
        – Ганно-сястрыцо, хай сабе дружаць сіроткі. Ці ж ты, здарова, не бачыш? А Зяма і вучыцца добра. Ён яшчэ і карцінкі малюе, як жывапівец.
        Мы з Зямам засмяяліся. А пра другое маміна «супраць» я сказаў, што папрашу Тоню: яна мне вінавата не паўдня, а цэлы дзень адпасвіць. Тут яшчэ і Раман сваё гаспадарскае слова сказаў, і наша мама пусціла мяне.
        Мех з анучамі ды з кудзеляй баба Роха пакінула ў нас, бо заўтра ўранні Раман меўся ехаць у Мілтачы. Яны ўсё яшчэ нечага, баба і мама, ніяк не маглі дагаварыць, і мы пайшлі з Зямам адны.

Крыніца: http://libatriam.net/read/345966/0/
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.