РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзённікі
1941
1942
1943
1944
1945
1946
1948
1949
1950
1951
1952
1953
1942
1942
        
1.I
        
        Цэлы дзень – у дарозе. У 20 км ад Раненбурга наша палутарка скацілася ў нейкую балку. Аж да вечара не маглі з яе выбрацца. А мароз і вецер, здаецца, зусім звар’яцелі. Позна дабраліся да Разані. На кантрольным пункце крыху адагрэліся. Недзе трэба будзе дастаць пісталет, а то я адзін у рэдакцыі цягаю вінтоўку і рукзак, набіты кнігамі, якія трэба будзе некаму падарыць. Едзем у Каломну, а там – рукой падаць і да Масквы.
        
        
4.I
        
        Нарэшце дабраліся да Масквы. I адразу трапілі на прыём да П. К. Панамарэнкі. Многа і цікава расказваў нам аб становішчы на франтах, аб партызанскім руху ў Беларусі. I новасць: у нейкай нямецкай газеце друкуецца М. Васілёк, у што, прызнацца, не хацелася верыць. Надрукаваць маглі і без яго ведама, як гэта было, калі ён сядзеў у нямецкім палоне, а верш яго быў змешчаны ў берлінскай «Раніцы», аб чым ён пісаў мне перад вайной.
        
        
6.I
        
        Перакладаем з Піменам для сваёй газеты артыкул М. Калініна. Заходзіў М. Машара, прачытаў нам свой верш «Здраднік», прысвечаны М. Васільку. Зайздросная аператыўнасць! Калі ўсе мы былі ў ЦК, П. К. Панамарэнка задаў пытанне, як мы глядзім на тое, каб А. Александровіча вызваліць. Амаль усе выказаліся – супроць, кроме М. Лынькова: «Ды ўжо ж не такая яго і віна...». П. Панчанка прамаўчаў, ну і мы з М. Машарам нічога не маглі сказаць, бо не зналі А. Александровіча, не зналі і за што ён быў асуджаны. Помню толькі, якімі ў свой час былі разгубленымі і С. Малько («Паўлік») і Г. Смоляр, і «Герасім», калі мы даведаліся, што і А. Александровіч арыштаваны, а ён тады лічыўся адным з віднейшых лідэраў і заснавальнікаў «пралетарскай паэзіі».
        
        
12.I
        
        Сустрзўся з С. Прытыцкім і П. Глебкам, які прыехаў з Саратава. Даў у «Нзвестня» свой верш «Дарога на Захад». Абяцалі надрукаваць у бліжэйшым нумары. Чамусьці Аркадзь і больш вопытныя людзі не раяць весці дзённіка. Не ведаю, у чым справа.
        
        
18.I
        
        Праслухаў па радыё мітынг беларусаў, які праходзіў у Казані. Разам з М. Машарам і Ц. Крысько наведалі К. Чорнага. Закончыў верш «Вастрыце і куйце зброю». Пачаў яшчэ адзін: «Чуўся гром кананады». Атрымаў адразу два пісьмы ад Любашы і ад М. Камянецкай. Шша, як яна ўратавалася з Друскенікаў. Зараз – у Маскве, але зноў збіраецца ў далёкую дарогу. Няўжо ў варожы тыл, зноў у падполле?
        
        
9.ІІ
        
        З Ташкента прыехаў Якуб Колас. Паўдзённае сонца так яго асмужыла, што стаў падобны на ўзбека. Выступалі сёння на літаратурным вечары. Зноў, выпіўшы, П. Броўка чапляўся да М. Лынькова. Мне здаецца, яго вельмі злуе тое, што старшыня нашага СП мала ці недастаткова ўдзяляе ўвагі яму як паэту-ардэнаносцу і што чытачы сталі больш цікавіцца творамі А. Куляшова, П. Панчанкі. Ну тут нічога не параіш.
        
        
6.ІІІ
        
        ПрыехаўА. Куляшоў са Старой Русы. «Правда» надрукавала мой верш «У завею». Ледзь не спазніўся прыйсці ў сваю казарму на Шабалаўцы, бо пачалася паветраная трывога і недзе блізка загрукаталі зеніткі. Атрымаў ліст ад Я. Бонка. Шша, што ўсіх т. з. «заходнікаў» дэмабілізуюць і накіроўваюць у стройбаты.
        
        
10.III
        
        Атрымаў накіраванне на работу ў саратаўскай акружной газеце «Красноармеец». I так, бывай, Масква! Цягнік памалу цягнецца. Вагоны набіты раненымі, бежанцамі, дзяцьмі з Ленінграда. Едуць нейкія дзяўчаты і ўвесь час іграюць на патэфоне. Пажылая і, відаць, хворая жанчына з дзецьмі. На падушцы крыжыкамі вышыты тры літары «РАХ». Дапрацоўваю пачаты ў Маскве свой верш «Гастэла». Усё часцей пачынаю думаць аб сваёй паэме.
        
        
14.III
        
        Ноччу прыехаў у Саратаў. I Любаша, і Максімка ўжо спалі. За маю адсутнасць малыш вырас і такі забаўны! Я рад, што пашчасціла ў гэтыя трывожныя дні яшчэ раз нам сустрэцца, хоць не ведаю, што мяне чакае наперадзе. Па ўсяму адчуваю, што доўга я тут не затрымаюся.
        
        
17.III
        
        У вольны час ад рэдакцыйнай работы пішу сваю паэму «Янук Сяліба». Учора ў маю адсутнасць заходзіў А. Куляшоў. Шкада, што мы размінуліся. Відаць, ён ездзіў да сваіх у Уральск.
        
        
3.ІV
        
        Усе апошнія дні шалеў буран. Атрымаў накіраванне ў Ульянаўск на курсы «Выстрал». Перапісаў у дарожны блакнот першую частку сваёй паэмы. Не ведаю, ці ўдасца мне калі яе закончыць.
        
        
7.ІV
        
        Развітаўся з Максімкам, з гаспадыняй, а Любаша праводзіла мяне аж да цягніка. Не ведаю, як яны будуць тут жыць, бо грошы, якія напярэдадні вайны атрымаў за сцэнарый сваёй «Нарачы», амаль кончыліся, а таго, што атрымлівае па майму атэстату, зараз ледзь хапае на хлеб і малако для малыша, літр якога каштуе болып 30 рублёў. Можа, варта было і Любашы з Максімкам пераехаць у Уральск, дзе знаходзіцца наш тэатр і жывуць сем’і многіх нашых пісьменнікаў. У сваім калектыве лягчэй было б у гэтыя цяжкія часы. Можа. На станцыі Рцішчава ўдалося купіць кавалак хлеба і некалькі цыбулін, якімі падзяліўся са сваім суседам па купэ. Чамусьці цягнік наш далей не пайшоў, і да Пензы мы даехалі на платформе, загружанай нейкім жалезным ломам і дошкамі. Калі даведаліся, што і гэты цягнік далей не пойдзе, каб не мерзнуць на пустой станцыі, пехатой пайшлі да Рузаеўкі.
        
        
12.ІV
        
        Марознай раніцай прыбыў у Ульянаўск, які раскінуўся на высокім і маляўнічым беразе Волгі.
        
        368
        
        Толькі горад вельмі запушчаны, забудаваны невялікімі драўлянымі местачковага тыпу дамамі. Зайшоў на пошту, паслаў пісьмо Любашы і К. Чорнаму. Заглянуў на рынак. Толькі некалькі жанчын прадавалі старое, паношанае рыззё. Неяк сумна стала ад сустрэчы з гэтым горадам.
        
        
14.ІV
        
        Першы дзень заняткаў. Я тут як белая варона – інтэндант трэцяга рангу. Усе – звычайныя байцы. У суседнім узводзе сустрэў варшаўскага дырыжора Бартнера. Як ён сюды трапіў? Хадзіў капаць акопы, потым – насіў ваду з Волгі. Паслаў пісьмы М. Лынькову і Мазалькову. Начамі мерзнем у неацепленай казарме. Ды і з харчамі – туга. Не дзіва, што амаль усе рвуцца хутчэй на фронт.
        
        
24.ІV
        
        Зноў насілі ваду і вучыліся капаць акопы, хоць пасля поснага і вадзяністага баршчу не хоча слухаць лапата, якой дзяўбём прамерзлую зямлю.
        Неспадзявана дзяжурны паклікаў мяне ў штаб, дзе я даведаўся, што галоўнае палітупраўленне выклікае мяне ў Маскву. Вечарам удалося неяк уладкавацца на санітарны цягнік і зноў крануцца ў дарогу – на стрэчу невядомым вятрам, прыгодам, грамавым падзеям вайны.
        
        
28.ІV
        
        А цягнік ледзь валачэцца. Цэлы дзень прастаялі ў Чуфараве. Больш дваццаці гадзін – у Рузаеўцы. У майго суседа па купэ завязаўся раман з санітаркай Дусяй. Калі наш цягнік і далей так будзе марудна цягнуцца, могуць тут пачацца і роды. Калісьці Тувім і Сланімскі ламалі галаву над вынаходствам машыны, якая рухалася б пры дапамозе сексуальнай энергіі, мо дзякуючы гэтай энергіі і наш цягнік зноў крануўся ў дарогу.
        
        
30.ІV
        
        Масква. Першага сустрэў у гасцініцы Ц. Крысько. Ад яго і даведаўся, што мяне з Ульянаўска адклікаў (магчыма, па просьбе М. Лынькова) у распараджэнне Беларускага партызанскага штаба наш другі сакратар ЦК Пётр Захаравіч Калінін, які адначасова быў і начальнікам штаба. Ведаў я яго па Вілейцы, дзе ён працаваў сакратаром абкома і заступіўся за маіх бацькоў, якіх у 1941 г. збіраліся вывезці ў Сібір.
        Удалося ў каўчэзе, якім была гасцініца «Масква», адшукаць і Пімена. Да позняй ночы чыталі свае вершы. А калі леглі спаць, пазваніў М. Лынькоў. Амаль да дня праседзеў у яго. Гэтымі днямі ён атрымаў ад брата фатаграфію свайго сына. На стале стаяла апарожненая з Кандратам бутэлька гарэлкі. Вочы былі зацягнуты слязамі, і мне здалося, што ён нікога з нас не бачыць. Выйшаў на балкон, нахіліўся: «Якія ходзяць маленькія людзі!» Ледзь угаварылі яго вярнуцца ў нумар. Цяжкое ўражанне пакінула гэта ноч.
        
        
4.V
        
        Працую ў рэдакцыі агітплаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». Сустрэў М. Зімяніна і С. Прытыцкага. Яны, здаецца, збіраюцца ляцець у наш партызанскі край. Мо будуць і ў маіх аколіцах, так хацелася б нешта пачуць пра бацькоў. Усё не магу адважыцца папрасіць у М. Лынькова пазычыць грошай, каб паслаць Любашы, бо пакуль я тут атрымаю нейкі ганарар, пройдзе шмат часу, а ў яе там з малышом хапае розных цяжкасцей.
        
        
15.V
        
        Сёння правёў Пімена на фронт. Атрымаў трывожнае пісьмо ад Любашы: цяжка захварэў наш Максімка. Быў у міністра аховы здароўя. Прасіў яго тэрмінова паслаць тэлеграму ў бальніцу, каб там аказалі неабходную дапамогу.
        
        
8.VІ
        
        Жыву ў адным нумары са сваім рэдактарам – М. Чаускім. У нашым жа нумары 1212 знаходзіцца і рэдакцыя агітплаката. Кожны дзень у нас тлумна і шумна: паэты, мастакі, партызаны, госці... Толькі калі ўсе разыдуцца, бяруся за сваю паэму.
        
        
22.VІ
        
        Прыехаў Я. Купала. Адразу трапіў у круг розных падхалімаў і нахлебнікаў. Шкада, што няма з ім Уладзіславы Францаўны, якая ўмела адшыць самых настырных.
        
        
28.VІ
        
        У дзесяць гадзін вечара пазваніў А. Астрэйка: забіўся Янка Купала.
        Як гэта магло здарыцца? Раніцой я быў у яго. На канапе, скінуўшы боты, ляжаў П. Броўка. А перад гэтым, здаецца, былі А. Твардоўскі і М. Святлоў. На стале была нейкая закусь і стаяла недапітая бутэлька шампанскага.
        – Вось ты, Максімка, не п’еш і мне забаранілі дактары, да якіх прыехаў на абследаванне. Але гэтага мы з табой пакаштуем.
        Наліў мне палову бакала, а сабе – яшчэ менш і тое разбавіў вадой. Выпілі мы, і я з ім развітаўся. Настрой у яго быў добры. Рыхтаваўся да сустрэчы свайго 60-годдзя, якое збіраўся адзначыць у Маскве ў кругу сваіх сяброў.
        Забіўся Янка Купала...
        Я пачаў сыходзіць па лесвіцы. На парэнчах шостага і ніжэйшых паверхаў віднелася кроў, якую пасыпалі нейкім парашком і абследавалі эксперты. На партэры, дзе заўсёды сядзеў чысцілыычык-асірыец, Я. Купалы ўжо не было, толькі прыбіральшчыца змывала вялікую пляму яго крыві.
        Загадкавая і незразумелая смерць.
        
        
1.VІІІ
        
        У Саюзе пісьменнікаў на Вароўскага стаяла адкрытая труна, у якой ляжаў Я. Купала. На скроні былі відаць крывавыя падцёкі. З ордэна У. Леніна пры ўдары грудзьмі зляцела эмаль. Ля галавы нехта паклаў папяровую стужку з надпісам, узятым з яго верша: «Мне сняцца сны аб Беларусі». Праводзілі Я. Купалу пад грукат зенітак, якія недзе адбівалі налёт фашысцкіх самалётаў.
        
        
3.VІІІ
        
        Сёння прынялі мяне кандыдатам у партыю. Прынялі як выхадца з другой партыі (КПЗБ). Яшчэ, казалі, невядома ці зацвердзіць Маскоўскі гарком. Сустрэўся з Піменам, які прыехаў на пленум СП. Падчас паветранай трывогі спусціліся з ім у бомбасховішча, дзе чыталі свае вершы.
        
        
28.VІІІ
        
        З Міхасём Ціханавічам наведалі бацькоў М. Ф. Сільніцкага, якія гэтымі днямі прыехалі ў Маскву. Вечарам глядзеў цудоўны балет «Дон Кіхот». Закончыў чацвёртую частку сваёй паэмы «Янук Сяліба». Фронт набліжаецца да Сталінграда. Чытаю К. Крапівы «Песню пра Радзіму». Атрымаў два лісты: ад Любашы, у якім піша пра хваробу Максімкі, які ўсё яшчэ ляжыць у бальніцы, і другі ліст ад Р. Р. Шырмы. Буду старацца наведаць сваіх саратаўцаў, а ў нашым ЦК прасіць П. К. Панамарэнку аказаць нейкую дапамогу Р. Р. Шырме.
        
        
30.ІХ
        
        Учора пазнаёміўся з Максімам Лужаніным, які толькі што вярнуўся з-пад Сталінграда. Сніўся сон, што я ў сваёй Шлькаўшчыне. Толькі нікога не застаў дома. Сонца нейкім мёртвым святлом азарае на балоце пакрыты інеем алешнік. А навакол – жудасная цішыня. Быў у нашых партызан: Ул. Царука, А. Шатуры, Бонка, які быў у маіх бацькоў. Ён чуў, што недзе ў Мінску загінуў Г. Смоляр. Пішу эпілог сваёй паэмы.
        
        
22.ХІІ
        
        Прыехалі з Калінінскага фронту: П. Глебка, П. Панчанка, А. Кучар, I. Гурскі. Прачытаў выдатную паэму А. Куляшова. Толькі зараз у яго амаль кожны дзень папойкі, на якіх часта бываюць А. Фадзееў, А. Твардоўскі, В. Катаеў. Відаць, поспех паэмы ўскружыў яму галаву, бо ўжо нам з Піменам падчас сустрэчы падае толькі два пальцы. Учора, напрыклад, мы не дачакаліся канца тэлефоннай размовы з нейкай афіцыянткай, не развітаўшыся, пакінулі яго нумар.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.