|
 | 1948 |  | Радыё перадало аб прысуджэнні мне Сталінскай прэміі за зборнік вершаў «Каб ведалі». Хаджу пад уражаннем гэтай неспадзяванай узнагароды, бо ніхто ў нас на яе мяне не вылучаў, і нават яшчэ няма гэтага зборніка ні на беларускай, ні на рускай мове. Толькі паасобныя цыклы вершаў з яго друкаваліся ў часопісе «Беларусь». Прынеслі віншавальныя тэлеграмы ад Твардоўскага, Куляшова, Осіна, Зарыцкага... Няспынныя тэлефонныя званкі. Прачытаў пачатак сваёй новай паэмы і забракаваў. Паслаў пісьмо дамоў, ды, відаць, трэба будзе пад’ехаць у сваю Шлькаўшчыну і ўгаварыць, каб там нашы не ўпіраліся ўступаць у калгас, бо ўжо званілі мне з абкома, што дзядзька Максіма Танка сарваў сход, на якім нашы хутаране аб’явілі аб сваёй гатоўнасці пайсці ў калгас, калі ў яго пойдуць дзядзька Фадзей і мой бацька. А сход, здаецца, праводзіў адзін з адказных работнікаў Маладзечанскага абкома Л. Г. Кляцкоў. Відаць, дома не ўяўляюць, чым усё гэта можа закончыцца. Адкапаў у сваіх кніжных залежах стары нумар «Вядомосці літэрацке» і яшчэ раз прачытаў артыкул Ю. Тувіма «Чатырохверш на варштаце» і яго, трэба сказаць, геніяльныя пераклады твораў А. С. Пушкіна. Набраўшыся адвагі, узяўся за пераклады санетаў А. Міцкевіча і выпраўляю ранейшыя свае пераклады. Думаў, пасля прэміі буду пісаць лепш, а лепш – не ўдаецца. Толькі ў вершы для малышоў «Жук і Слімак» прабіўся нейкі жывы проблеск. Мо і далей пайсці па гэтай сцяжыне? 390 А гэта навагодні мадрыгал Я. Коласу:
Каб у гэтым годзе новым Была добрая вясна, I ўраджай нам адмысловы Выгадавала яна; Каб у гэтым годзе новым Дождж заўжды жаданым быў I па ўсіх лясах, дубровах Гадаваліся грыбы. Гадаваліся такія, Каб сам Колас пахваліў, Каб у нетры баравыя Іх збіраць часцей хадзіў. А ў тым лесе, дзе пытаюць: – Колькі жыць? – яму заўжды Кукавала баравая Незлічоныя гады.
| Максім Лужанін казаў, што Я. Коласу спадабаўся мой верш «На камні, жалезе і золаце». Мне толькі здаецца, што перадапошняя страфа лішняя і яе можна было б скараціць, а апошнюю зрабіць не такой сусальнай. А гэта са сваіх назіранняў: трэба асцеражней дзяліцца сваімі ўспамінамі, планамі, бо потым можаш іх сустрэць у творах іншых пісьменнікаў. Так што ў гутарцы з нашым братам варта аб гэтым помніць.
|
|