РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзённікі
1941
1942
1943
1944
1945
1946
1948
1949
1950
1951
1952
1953
1945
1945
        
5.ІІ
        
        Закончыў працу над сваім новым зборнікам «Вастрыце і куйце зброю». Відаць, гэта адзін з маіх самых слабых зборнікаў. Пара было б перастаць пісаць пра тое, што там некага задавальняе, а пра тое, што самога мяне непакоіць, ды неяк выкарабкацца з дрыгвы прапісных ісцін і аджыўшых свой век канонаў. Трэба, пакуль не позна, выйсці на сваю дарогу, з якой збіўся, стараючыся не адстаць ад славутых ардэнаносцаў.
        
        
7.ІІ
        
        Званілі з рэдакцыі «Звязды», каб падзяліўся з чытачамі сваімі творчымі планамі. Ну і дзівакі! Тыя планы, якіх чакае газета, мала каго цікавяць, а свае – я не збіраюся прыбіваць да дзвярэй Вітэнбергскага сабора.
        
        
23.II
        
        З цэлым дэсантам нашых пісьменнікаў ездзіў у Гродна, Вільнюс, Каўнас. У Гродне сустрэліся з Ф. Маркавым. Паколькі ў гасцініцы свабоднага нумара не было, саставіўшы ложкі, размясціліся ўсе ў нейкім катушку. Да позняй ночы ён расказваў нам пра свае партызанскія прыгоды. Потым узяўся крытыкаваць некаторыя творы нашых пісьменнікаў. Дасталося і маладзейшым і т. з. класікам.
        
        
27.V
        
        Разам з П. Панчанкам і П. Пестраком былі на Нарачы. На пару дзён спыніўся ў бацькоў. Вельмі кепскія справы са здароўем мамы. Не ведаю, як і памагчы сваім старым. Калі б было крыху прастарней у мяне, забраў бы іх у Мінск, хоць яны пра гэта і слухаць не хочуць.
        Раніцой дзядзька Фадзей адвёз мяне ў Мядзела, адкуль буду дабірацца дамоў на нейкай папутнай машыне. На Баторыне плавала цэлая чарада качак. Пару раз выстралілі па іх з дзядзькавай партызанскай вінтоўкі, але яны нават і не напалохаліся. Стары, спрацаваны конь ледзь цягнуў нашы кары па сыпучых азарацкіх пясках.
        Перад ад’ездам з дому мама падарыла для Любы яшчэ ў дзявоцтве вытканы ёю ручнік і торбачку сушаных баравікоў, ад паху якіх аж кружыцца галава. Відаць, збіраецца на дождж, бо ад аваднёў няма адбою. Гарачыня. Неба распісана газавымі шлейфамі рэактыўных самалётаў. Бацька казаў, што ад гулу іх пачалі паміраць пчолы. I зараз ва ўсіх зводзяцца пчолы. I ў нас ад ранейшай пасекі засталося толькі нейкая пара лежакоў.
        
        
17.ХІІ
        
        Чытаю нашых гісторыкаў і палітыкаў, якія ніяк не могуць удакладніць граніц нашай Беларусі. Адны замахваюцца ад мора да мора, другія спыняюцца на зусім абкарнанай суседзямі тэрыторыі. А яна павінна праходзіць, як некалі пісалі аб граніцах Полынчы Пайпер і Ожуг, «Ад далоні – да далоні», «Ад плуга – да плуга». А ўсе іншыя прэтэнзіі – і смешныя і тояць у сабе шмат сварак і небяспечных канфліктаў, якія былі і ў далёкім мінулым і на нашай памяці.
        Дзень, як і ўсе іншыя, закончыўся тэлефоннымі перазвонамі з Масквой, Кіевам, Вільнюсам...
        Складаю свой новы зборнік «Каб ведалі». Не ведаю толькі, ці ўключаць у яго такія «нявытрыманыя» вершы, як «Камяні», «Сон над Нёманам», «Апалазорка», «Дарога»...
        
        
25.ХІІ
        
        Новы год страчаю з цэлай падборкай вершаў. Некаторыя можна было б павесіць і на ёлку: «Сон над Нёманам», «Шапэн», «Вільнюс»... Не дае мне спакою Яносік з Тараховай. Перачытваю Тэтмаера, Заборскага, Дабравольскага і ўспамінаю незабыўныя кадры фільма пра гэтага легендарнага героя, якому прапанавалі ворагі памілаванне, калі згодзіцца служыць ім, а ён адмовіўся і кінуў ім у твар: «Якім зварылі, такім і ешце!».

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.