РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзённікі
1941
1942
1943
1944
1945
1946
1948
1949
1950
1951
1952
1953
1949
1949
        
15.I
        
        Трэба прызнацца, што я зусім збіўся са сваёй старой дарогі. Малая пацеха, што пішу вершы не горшыя, як іншыя, і што іх ахвотна друкуюць, цытуюць у розных дакладах, артыкулах. Яшчэ накідаў адзін фрагмент сваёй паэмы.
        
Армій Савецкіх нястрымныя сілы
Днямі, начамі на Захад ішлі,
Ажно шляхі захлыналіся ў пыле
Ды ад машынаў і танкаў гулі,
Быццам вясельныя струны цымбалаў
Ў час, калі радасць нахлыне на іх,
Быццам патокаў бурлівыя хвалі
Ў час абуджэння вятроў веснавых.
Сцягі чырвоныя ў небе палалі,
З песняй на стрэчу выходзіў народ.
Хлебам і соллю краіна вітала
Доўгачаканае волі прыход.
Што ж заглядзеўся, Яцына Марцін?
Можа, ты ў яву баішся паверыць?
Вольны!
Спяшайся дадому ісці!
Турмаў тваіх расчыніліся дзверы!
Вольны. Шчаслівы.
Каторы ўжо дзень
Гэтым шырокім гасцінцам ідзеш.
Вусны, здаецца, не могуць вады
Ўдосталь напіцца з крыніцаў сцюдзёных,
Ногі не могуць прыстаць ад хады,
Вочы – нацешыцца сонцам паўдзённым,
Плошчамі горада, засенню дрэў,
Дзе малады лістапад адзвінеў...
Тут працаваў ён нямала гадоў.
Тут у падполлі хаваўся калісьці.
Нават заплюшчыўшы вочы знайшоў
З гэтых завулкаў заблытаных выйсце.
 
Вось і знаёмая брама.
Марцін
Вырашыў друга наведаць – Сымона.
Стрэла старая:
– Да позніх гадзін
Сын, – гаварыла, – на працы сягоння.
Ды, калі ласка, заходзьце да нас.
Вы не Яцына? Я ведаю вас.
Недзе пісьмо ёсць ад вашых бацькоў.
Пішуць, што вас не даждуцца з астрогу.
Шчаслівы будуць, як прыйдзеце зноў.
Перакусіце з далёкай дарогі...
Ветлівасцю і прыветам сваім
Матку старая яму нагадала.
Колькі астрожных і летаў і зім
З часу расстання прайшло, мінавала!
Нельга старую пакрыўдзіць было.
I на хвіліну прысеў за сталом.
А на сцяне – краявід Булгака:
Хаты, пакрытыя мохам, саломай.
Змрочны цень гатаўскага сасняка,
Нарачы бераг да болю знаёмы,
Дзе каля лодак вісяць невады,
Дзе маладосці пралеглі сляды.
Адпачываць не згадзіўся Марцін.
Горад хацеў ёв агледзець да ночы,
Зноў па завулках знаёмых прайсці,
Дзе ўсё шумела ў настроі святочным,
Быццам размыўшы затор ледзяны,
Хлынулі бурныя воды вясны.
Упершыню так Яцына ішоў.
Цешыла ўсё яго: лісце каштанаў,
I надзвычайная чырвань сцягоў,
I ля тэатра сабраны натоўп,
Дзе сёння йшлі Крапівы «Партызаны».
        
        
19.II
        
        Ніяк не магу закончыць сваю біяграфію. Паступілі заказы на вершы, прысвечаныя Савецкай Арміі і Пушкіну, з якімі трэба будзе выступаць на розных юбілейных вечарах. А пакуль што пішу працяг сваёй паэмы:
        
Упершыню ён пачуўся такім
I маладым і бясконца шчаслівым.
Упершыню не сачыла за ім
Гончая зграя шпікоў дэфензівы.
Ліст у кішэні намацаў Марцін.
Трэба было б прачытаць дзесь, прысесці
Хоць бы на нейкую пару хвілін.
Толькі дзе знойдзеш зацішнае месца?
Нат у музеі, куды ён зайшоў,
Стрэў экскурсантаў шматлікі натоўп.
Вось ён мінуў зал адзін і другі.
Даўнія граматы, кнігі ды грыўні,
Вопратка прадзедаў, зброя, сцягі –
Свет незнаёмы, далёкі і дзіўны.
Гаснуў за даўнімі вежамі дзень.
Змрок кажаном апускаўся на горад.
Толькі зары развітальны прамень
Ззяў, заблытаўшыся ў слуцкіх узорах...
Сеў на услоне Марцін ля вакна.
Ліст прачытаць да канца ледзь асіліў.
Стома раптоўная і цішыня
Сном непрабудным яго атуліла...
Сном, у якім ён убачыў музей,
Стол шырачэзны, пастаўлены ў зале,
I ў незнаёмым натоўпе людзей
Імя яго – ён пачуў – вымаўлялі:
– Дзе тут таварыш Яцына? Ідзі!
– Дайце яму, грамадзяне, дарогу!
Слухай! Злачынцаў і катаў судзі!
– Будзь справядлівым, бязлітасным, строгім!..
Суд, пэўна, будзе – Марцін зразумеў.
Злева – сядзеў з ім рабочы з завода,
Справа – чырвонаармеец сядзеў,
Рукі паклаўшы на зброі паходнай...
Тут і падсудных убачыў Марцін,
Быццам васкросшых з музейных партрэтаў –
Зданні, страхоцці, якія ў жыцці
Тысячагоддзе блукалі па свету.
Колькі іх гэтых магнатаў, паноў,
Колькі іх тут крывапіўцаў, тыранаў,
Здраднікаў, Юдаў, іх паслугачоў
У залатых жупанах ды сутанах!..
        
        
21.II
        
        Апошнімі днямі з нейкімі перабоямі працуе мой тэлефон: то не магу, куды трэба, дазваніцца, то трапляю ў нейкую прыёмную. Хоча мяне наведаць К., пачытаць вершы, якія нідзе не друкаваліся. Цікава. Толькі ў мяне – адказаў я яму – няма такіх вершаў.
        
        
15.III
        
        Прасілі літоўскія сябры напісаць хоць кароткія ўспаміны пра П. Цвірку. Эх, як неспадзявана пакінуў ён усіх сваіх шматлікіх сяброў! Прачытаў пару цікавых вершаў А. Суцкевера, з якім калісьці быў пазнаёміўся ў Вільні на нейкім літаратурным вечары. Ф. Маркаў расказваў мне, як ён яго выратаваў з гета. Потым самалётам перакінулі ў Маскву. Ад сакога Суцкевера чуў, што з партызанамі быў на маёй Мядзелыпчыне і нат у маіх бацькоў.
        Божа, якая ў нас нудная і вялікапосная любоўная лірыка! I гэта тады, як гаварыў стары бабнік Г. Сенкевіч: «Прыгожая кабета заўсёды варта столькі золата, колькі важыць, але кабета, якая пры гэтым кахае, проста не мае цаны». Не хапае нам сваіх БояўЖаленскіх, Май-Беразоўскіх...
        
        
21.III
        
        Трэба будзе ўзяцца і прывесці да нейкага ладу свой кнігазбор і ўсё лішняе перадаць у Сваткаўскую школьную бібліятэку.
        Атрымаў пісьмо ад С. Малько. Звычайна з яго візітам пачынаюцца бясконцыя сустрэчы з былымі падполыпчыкамі-капэзэбоўцамі. Зразумела, што на такіх сустрэчах кожны ўспамінае бурныя гады сваёй маладосці, якія, відаць, як і гады Айчыннай вайны, назаўсёды застануцца ў памяці яе ўдзельнікаў. Праўда, часамі дзіўна, што і цяпер у нашым асяроддзі часта разгараюцца схаластычныя спрэчкі: хто схіляўся да левай, а хто да правай апазіцыі, хто правільна, а хто няправільна ацэньваў тагачасную тактыку кампартыі, быццам час не ўнёс сваіх карэктываў у мінулыя падзеі, спрэчкі, памылкі, трагедыі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.