РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзённікі
1941
1942
1943
1944
1945
1946
1948
1949
1950
1951
1952
1953
1953
1953
        
2.I
        
        Учора адсвяткаваў у Каралішчавічах Новы год. Нешта Пімен замкнуўся, сядзіць дома. Павіншаваў я яго па тэлефоне. Магчыма, ён яшчэ не развітаўся са старым годам.
        
        
7.I
        
        У рускім тэатры пазнаёмілі мяне з М. П. Ахлопкавым. Ён хоча ў праграму дэкаднага канцэрта ўключыць і выступленне каго-небудзь з нашых паэтаў. Папрасіў, каб я яму прачытаў свой верш «Форт Ружана». Тройчы я чытаў, а ён усё патрабаваў: «Мацней! Мацней!» Апошні раз я яму чытаў такім грамавым голасам, што аж сам здзівіўся: «Очень хорошо!» – пачуў з задніх радоў тэатра, адкуль ён слухаў мяне.Аж страх мяне ахапіў, што могуць мяне ўключыць у гэты канцэрт. А галоўнае – трэба напісаць і такі верш, з якім не сорамна было б выступіць.
        
        
14.I
        
        Напісаў казку «Конь і Леў». Вечарам з Любашай былі на фільме «Малады Каруза». Мне здаецца, што паэзія наша вельмі традыцыйная па форме. Паэмы – зарыфмаваная проза. I чорт ведае, як усё гэта ажывіць. Ведаю толькі, што паэзія, якая не ставіць перад сабой складаных праблем свайго часу, перастае быць паэзіяй, да якой мы вяртаемся, якая з’яўляецца неабходнай у нашым жыцці. Мы вельмі любім да розных выкрутасаў прыбаўляць «неа» (неасімвалізм, неарамантызм, неакласіцызм...), хоць гэта ад ніякага пераймання не ратуе.
        
        
18.I
        
        Магчыма, што хутка пераедзем на новую кватэру. Тут, дзе зараз жывём, цеснавата для такой сям’і з дзевяці чалавек, як наша. I неяк шкада пакідаць наседжанае месца, гэты невялікі зялёны дворык і дрэвы, якія сваімі кронамі дацягнуліся амаль да трэцяга паверха.
        
        
12.II
        
        Раніцой хадзілі галасаваць. Ледзь дабраліся да выбарчага ўчастка, такі дзьмуў штармавы і пранізлівы вецер. Пераклаў верш А. Твардоўскага «Ля слаўнай магілы». Спрабаваў перакласці і яго «Нвушку», але нічога не выйшла. Адклаў. У апошнім нумары «Літаратуры і мастацтва» – артыкул Шчарбатава аб маіх вершах. Шмат вельмі слушных крытычных заўваг.
        
        
4.ІІІ
        
        Радыё перадало аб цяжкім стане здароўя таварыша Сталіна. Што прынясе заўтрашні дзень?
        
        
6.ІІІ
        
        У дзве гадзіны ночы прыйшоў Міхась Лынькоў. Ад шафёра Ц. Гарбунова ён даведаўся аб смерці Сталіна. У шэсць гадзін раніцы пачулася мелодыя гімна і голас Левітана абвясціў аб гэтым. Выйшаў на вуліцу, запруджаную народам. Усе пытаюцца, няўжо нельга было хвораму аказаць дапамогу, не дапусціць да трагічнай развязкі.
        Вечарам у СП адбыўся жалобны мітынг, і мы з А. Куляшовым вырашылі ехаць у Маскву.
        
        
7.ІІІ
        
        Субота. У СП сустрэлі С. Шчыпачова, які паведаміў, што вельмі цяжка прабіцца да Калоннага зала. Але мы, пакінуўшы свае партфелі ў брата Рэні Чорнай, пры дапамозе сваіх дэпутацкіх білетаў, хоць з цяжкасцямі, змаглі ўліцца ў чаргу і прайсці міма труны Сталіна.
        
        
8.III
        
        Неспадзявана нам удалося ўладкавацца і ў гасцініцы «Масква» (№ 1406). Раніцай у фае сустрэлі М. С. Патолічава, які запрапанаваў нам далучыцца да ўрадавай беларускай дэлегацыі, і мы змаглі з усімі пастаяць у ганаровай варце. Я ўпершыню так блізка бачыў Сталіна. Аж не верылася, што гэта ляжыць той чалавек, які столькі год быў рулявым нашай краіны.
        
        
9.ІІІ
        
        Гулка над Чырвонай плошчай прагрымеў салют. Над Крамлёўскім палацам узняўся чырвоны сцяг. На граніце маўзалея: Ленін, Сталін.
        
        
11.III
        
        Заўтра з А. Куляшовым выязджаем з Масквы. Вечарам зайшлі да нас А. Твардоўскі і П. Варанько. А. Твардоўскі шмат цікавага расказваў пра Сталіна. Ён прысутнічаў пры пераносе яго ў Маўзалей. Якія цяжкія і трывожныя дні! На мітынгу ў СП Сіманаў заклікаў да напісання твораў пра найвялікшага генія ўсіх часоў і народаў, чыім імем азорана наша сучаснасць і будучыня. Заданне – не з лёгкіх. I як яно будзе вырашана, пакажа час – няўмольны суддзя і карэктар.
        
        
16.III
        
        А. Куляшоў прынёс для «Полымя» цікавы верш пра Сталіна. Толькі, можа, расцягнуты. Але ён, напэўна, як кожную сваю рэч, будзе яшчэ раз дваццаць правіць, даводзіць да належнага ўзроўню. Чуваць, што наша дэкада мастацтва і літаратуры, якая безліч раз адкладвалася, адбудзецца ў красавіку г. г.
        
        
21.III
        
        Вечар на аўтазаводзе. Даклад чытаў М. Лынькоў: «Вобраз Сталіна ў беларускай літаратуры».
        Насталі цудоўныя прадвясеннія дні. У такі час дома на дрывотні пілавалі і складалі ў клады дровы. Цікава, як там зараз у Шлькаўшчыне? Напэўна, на полі ўжо чарнеюць першыя праталіны.
        
        
26.III
        
        Раніцой выклікалі ў ЦК. У загадчыка аддзела культуры і прапаганды К. Буслава застаў вядомага артыста і рэжысёра М. П. Ахлопкава. Яны пазнаёміліся са зместам майго дэкаднага верша. Зрабілі некалькі заўваг. У сувязі з апошнімі падзеямі неабходна ўнесці ў тэкст некаторыя змены. Гэта, здаецца, ужо будзе пятая ці шостая рэдакцыя, і яшчэ невядома ці прыйдзецца мне яго чытаць. У «Лнтературной газете» грамавы артыкул А. Фадзеева аб рамане Гросмана ў часопісе «Новый мнр». Чытаю Жуля Камвона. Чуваць, з нейкай місіяй прыедзе да нас К. Сіманаў.
        
        
31.III
        
        Падчас аварыі загінулі Ів Фарж і ўсе пасажыры і каманда самалёта.
        
        
9.ІV
        
        Заўчора ва універсітэце быў мой літаратурны вечар, пасля якога шмат было розных пытанняў і запісак. Прачытаў новую цікавую аповесць А. Карпюка.
        А гэта некалькі старонак з франтавога блакнота...
        
        
18.ІV
        
        З захапленнем прачытаў апавяданне М. Лынькова «Агні Танганьікі». Сам Міхась Ціханавіч зараз ляжыць у лечкамісіі хворы. Трэба будзе яго наведаць. Учора былі ў мяне Я. Брыль, I. Грамовіч, М. Аўрамчык. Заседзеліся на радасцях, што будзе ў нас выходзіць новы штомесячны літаратурны часопіс «Маладосць».
        Прачытаў цікавы зборнік вершаў Дзяргая і ўзяўся за М. Федароўскага і Го Мо-жо, які мне здаецца кітайскім В. Брусавым. «Дух непрымірымасці, рэвалюцыі – маці ўсіх мастацтваў». З Го Мо-жо я калісьці пазнаёміўся ў Празе на Кангрэсе прыхільнікаў міру, на якім ён выступаў з палымянай прамовай і абвясціў тэлеграму аб фарсіраванні народнай кітайскай арміяй Янцзы.
        
        
9.V
        
        Субота. У мінулую сераду ездзіў з А. Куляшовым на Нарач. Былі ў Занараччы, у Купе і ў Пількаўшчыне. Рыхтуюся да экзаменаў па палітэканоміі і філасофіі. Прачытаў незакончаную аповесць Змітрака Бядулі «Сярэбраная табакерка». Пачатак гэтай рэчы мне вельмі спадабаўся. Але далей ёсць шмат мясцін, якія выклікаюць сумненне, губляецца падтэкст. Шкада, што ён не паспеў давесці гэту рэч да канца. I так гэта адзін з лепшых яго твораў па задуме, філасофскай глыбіні, прасякнуты народнай мудрасцю і арыгінальны па форме. I хоць К. Крапіва не раіць гэты незакончаны твор друкаваць, але іншыя члены рэдкалегіі «Полымя» з некаторымі скарачэннямі раяць даваць. I я з імі згодзен.
        
        
2.VІ
        
        Перад сваімі гастролямі ў Львоў заходзілі Палосін, Кузьменка. Збіраюся з’ездзіць у Брэст на адкрыццё помніка партызанам і на сустрэчу з выбаршчыкамі ў Ружану. Званіў П. М. Машэраў. Раіў мне з нашай брыгадай пісьменнікаў з’ездзіць у Кіеў, дзе ЦК камсамола Украіны запланаваў правесці шэраг літаратурных вечароў і сустрэч з рабочымі, пісьменнікамі. Бяру ў дарогу Л. Рудніцкага «Старое і новае». З. Азгур пазнаёміў мяне са сваім цесцем, вядомым мастаком Г. Н. Гарэлавым. Піша мой партрэт і расказвае аб сваіх цікавых сустрэчах з М. Горкім на Капры і з Рэпіным у яго Пенатах...
        
        
8.VІ
        
        На Брэстчыне трапіў у такое бездарожжа, што нат спазніўся на пачатак адкрыцця помніка партызанам. Начаваў у Пружанах. З М. Засімам пабывалі ў яго вёсцы Шэні і наведалі магільнік, на якім пахаваны закатаваныя фашыстамі яго бацькі.
        
        
20.VІ
        
        Вярнуўся з Кіева, ачараваны хараством гэтага горада і стомлены бясконцымі сустрэчамі, гасціннымі прыёмамі нашых украінскіх сяброў.
        Няма калі адпачываць. Трэба рыхтавацца да выступлення на пленуме Камітэта прыхільнікаў міру.
        
        
26.ІХ
        
        Зноў апынуўся ў лечкамісіі. Наведала Любаша. Казала, заходзіў брат Веры Харужай. У пісьме, якое пакінуў, дзякуе за верш, прысвечаны яго сястры. М. Рыльскі прыслаў здымак, зроблены яго сынам Богданам, калі мы былі ў К. Арлоўскага ў яго калгасе «Рассвет».
        
        
4.Х
        
        Чуюся лепш, хоць да нармальнага стану яшчэ далёка. Ездзіў з Максімам у Шлькаўшчыну наведаць бацькоў. У Маскву ехаць на пасяджэнне Славянскага камітэта адмовіўся, бо, можа, паеду далечвацца ў Жалезнаводск. З захапленнем чытаю «Греческне эггаграммы».
        
        «Я та Ланда, что гордо смеялась над всею Элладой,
        Чей осаждался порог роем влюбленных, дарю
        Пнфнн зеркало, вндеть себя в нем, какою я стала
        Уж не хочу, а такой, как я была, не могу».
        (Платон. «Афродыте от Лаыды»)
        
        Набыў Гардэліна «Смерць Эмпедокла» і «Сатыры» Ювенала. Вечарам заходзіў дзядзька Рыгор. Ён толькі што вярнуўся з гастроляў па Украіне.
        
        
25.Х
        
        Нядзеля. Зноў ляжу ў лечкамісіі. Прыходзіла Любаша. Былі А. Куляшоў, А. Зарыцкі, У. Нейфах. Глядзеў прафесар Трусевіч. Загадаў есці лімоны... Кожны дзень мяне наведвае сімпатычны С. I. Ларэнцэвіч.
        
        
4.ХІ
        
        Б. Шоў, Ластоўскі, Хасе Марці... Стараюся, хоць у бальніцы, папоўніць свой пусты кацялок галавы.
        Падчас хваробы напісаў два вершы: «Сад» і «Ля пасёлка Леніна».
        
        
30.ХІ
        
        У Оперным тэатры, у якім глядзелі з польскай дэлегацыяй «Страшны двор», сустрэў Міраслава Жулаўскага, аўтара цікавай аповесці «Чырвоная рака», якую варта перакласці і даць у часопісе «Полымя». Хутка юбілейны вечар П. Пестрака. Магчыма, пры дапамозе М. С. Патолічава, атрымаю пуцёўку ў Барвіху, бо хвароба дае знаць аб сабе. Недзе чытаў, што Ф. Шапэн вельмі баяўся, каб яго не пахавалі жывым.
        
        
14.XII
        
        Учора Куляшовы, Лужаніны і мы гасцілі ў Лыньковых. Міхась Ціханавіч толькі што вярнуўся з Нью-Йорка. Раніцой паехаў да бацькоў. У старой хаце, у якой жыве дзядзька Фадзей, на сценах развешаны паляўнічыя стрэльбы і трафеі – скуры лісіцы, зайцоў, белак. Сумнавата старым у гэтых кустах. Трэба будзе прывезці ім радыёпрыёмнік. На дарогу надзялілі мяне яблыкамі і пару бутэлькамі ад знаёмага варажбіта нейкай «жывой вады», якая, нібыта, лечыць ад усіх хвароб.
        
        
28.ХІІ
        
        Пачаўся пленум нашага СП, на які прыехалі з Масквы: Ісакоўскі, Суркоў, Мазалькоў, Піменаў. З дакладам выступіў А. Макаёнак. Вечарам зайшоў да нас М. Засім. Напіўся, чорт! Пазычыў сто рублёў і, здаецца, пайшоў да Я. Брыля. Пісанне даецца яму цяжка. Амаль кожны верш дапрацоўваем, шліфуем у рэдакцыі. Засеў пісаць навагоднія віншавальныя паштоўкі, тэлеграмы. А гэта Я. Коласу:
        
        Паколькі настала з снягамі зіма,
        А ў доме яшчэ тэлефона няма,
        У светлае ў навагодняе ранне
        Фотатэлеграмнае шлю прывітанне.
        Жадаю ад сэрца здароўя і сілы,
        Каб з чаркаю, а не з лякарствам дружылі,
        I так, як у песні, якую Вы пелі,
        Гадоў не лічылі Вы і не старэлі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.