РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзённікі
1941
1942
1943
1944
1945
1946
1948
1949
1950
1951
1952
1953
1941
1941
        
1.VІІ
        
        Учора наш цягнік з беластоцкімі бежанцамі спыніўся ў Новаузенску, амаль на самай граніцы Казахстана. Стэп без канца і краю. Зямля выпалена сонцам, сухавеем. Рэдка дзе ўбачыш нейкі куст ці лапінку жывой зелені. Заўтра Любаша ідзе ў роддом. Хацелася б пачакаць: кім папоўніцца наша сям’я і сама выпішацца з бальніцы. А там – на фронт. Начуем у нейкім інтэрнаце. Разам з намі В. Найдус са сваім малышом. Грыша яе, здаецца, па заданню абкома застаўся ў Беластоку.
        
        
2.VІІ
        
        Амаль усю ноч не спаў. Далёка, за край небасхілу заходзіў чырвоны месяц. За ракой чуліся незнаёмыя галасы нейкіх птушак. У райкоме праслухаў выступленне т. Сталіна. Відаць, пакуль выясніцца справа з маёй мабілізацыяй, трэба будзе пашукаць работы і нейкі куток, дзе мог бы спыніцца. Быў у бальніцы. Любаша крыху чуецца лепш, адпачыла пасля працяглай, цяжкой дарогі. Усе слухаем трывожныя звесткі з фронту. А яны, відаць, яшчэ болын трывожныя, як тыя, што перадаюць. Нападзенне Германіі не магло быць неспадзяваным, калі нат пісьменнікі з Полыпчы, якія абаснаваліся ў Беластоку, гаварылі, што ў пісьмах з Варшавы, з Лодзі сваякі іх папераджаюць: «Хаім, гэтымі днямі збіраецца да цябе прыехаць цесць, з якім ты не ўжывешся», «Дора, мы бацька і маці – раім табе выехаць куды далей ад нашага цяперашняга суседа».
        
        
4.VІІ
        
        Дзякуючы рэцэнзіі ў «Правде» на мой зборнік «Стихотворения», мяне прынялі на работу ў рэдакцыі раённай газеты «За коммуннзм», для якой напісаў некалькі вершаў на рускай мове.
        Заўтра – ударнік. Усім калектывам едзем на праполку люцэрны.
        
        
12.VІІ
        
        Ноччу, пры святле месяца, складалі сена ў «намёты». Усё тут для мяне – нова. I стэп, і людзі, і праца. Страшэнна дакучае непрывычная гарачыня, ад якой няма ратунку. Усё, што можа схавацца ад сонца, хаваецца. I ў гэты час замірае горад, вуліцы становяцца пустымі. Нават супрацоўнікі рэдакцыі не ідуць дамоў на абед. Адзін я плятуся на рынак, каб перакусіць нейкай булкай, выпіць паўлітра малака. Гэта мой штодзённы рацыён.
        
        
13.VІІ
        
        Па дарозе ў рэдакцыю сустрзў знаёмых, якія павіншавалі мяне з нараджэннем сына. Адкуль яны даведаліся? Адразу пабег у бальніцу, куды мяне не пусцілі. Вядома, быў бясконца рад. Пераслаў Любашы запіску і пайшоў шукаць нейкага прытулку для сям’і, бо сам запісаўся дабравольцам на фронт і з дня на дзень чакаю, што выклічуць у ваенкамат.
        
        
20.VІІ
        
        Вярнуўшыся з чарговага ўдарніка, застаў тэлеграму ад А. Фадзеева: «По согласованню с днректнвнымн ннстанцнямн предлагается вам вместе с семьей переехать на жнтельство Саратов. Обратнтесь содействнем Саратовского обкома н райкома ВКП(б). Секретарь презнднума Союза советскнх ігасателей СССР, член ЦК ВКП(б) Фадеев». Тэлеграмы ад А. Фадзеева атрымалі і яўрэйскія пісьменнікі Сфард і Марк, толькі з паведамленнем, што да іх з Масквы прыедзе Л. Квітко.
        Нейкім цудам прыйшло да мяне пісьмо і ад Іонаса Марцінкявічуса, у якім піша, што і ён збіраецца пераехаць у Саратаў.
        
        
26.VІІ
        
        Разам з друкаром Альферам на рэдакцыйнай машыне ездзілі ў бальніцу. Ён – за сваёй жонкай, а я – за Любашай і Максімкам, якому яшчэ да яго нараджэння далі гэта імя. Прагна ўслухоўваюся ў звесткі з фронту. А звесткі гэтыя з кожным днём усё больш і больш трывожныя.
        
        
27.VІІ
        
        Раніцой, на папутным грузавіку выехалі ў Саратаў. У нейкай смузе выплыла сонца. Горача. Пыліць «без меры ў шырыню і без канца ў даўжыню» стэпавая дарога. Плача наш малыш, якога ніяк не ўдаецца Любашы ўсцішыць. Крыху весялей стала на тэрыторыі немцаў Паволжжа. Абапал дарогі пацягнуліся старанна дагледжаныя, апрацаваныя палі пшаніцы, сланечнікаў, бахчавых культур. На паўгадзіны былі спыніліся ў пасёлку. Забег у чайную, папрасіў па-нямецку хлеба, малака. Пад вечар паромам з Энгельса перабраліся на другі бераг Волгі, у Саратаў, перапоўнены ваеннымі, бежанцамі з Прыбалтыкі, Беларусі, Украіны. У клубе чыгуначнікаў імя К. Лібкнехта, дзе далі нам прытулак, сустрэлі знаёмых – А. Бурава, I. Марцінкявічуса і старога майго знаёмага – былога сакратара ЦК камсамола Заходняй Беларусі Ю. Левіна.
        
        
1.VІІІ
        
        Некалькі дзён блукаў па абкомаўскіх адрасах, дзе можна было б нам знайсці нейкі прытулак. Нарэшце ўдалося спыніцца на адным з прадмесцяў у невялічкай хаціне на вуліцы Раждзественскай, 7, а самае галоўнае – у надзвычай добразычлівай гаспадыні Ксені Нікіцічны Андрэевай, якая ветліва прыняла нас, змардаваных, і нат памагла выкупаць Максімку і падрыхтаваць яму ў куточку на сваім куфры першую пасцель.
        У Саюзе пісьменнікаў сустрэўся з П. Цвіркам, В. Вольскім, Л. Левіным і з групай украінскіх пісьменнікаў.
        
        
2.VIII
        
        Сёння прыехалі з Гомеля П. Броўка і А. Кучар. Дамовіліся разам ехаць у Маскву, дзе зараз знаходзяцца некаторыя кіраўнікі нашага беларускага ўрада, ці ў Гомель, які яшчэ не змаглі захапіць немцы, дзе яшчэ выходзяць нашы газеты і знаходзіцца група адказных работнікаў ЦК КП(б) Беларусі.
        
        
10.VІІІ
        
        Едзем у Маскву. На некалькі гадзін цягнік спыніўся ў Разані. Купіў на вакзале зборнік М. Ціханава «Сто стнхотвореннй». Пасля непраспанай ночы нешта дрэнна сябе адчуваў, аж мусіў у скверы прылегчы на лаўцы. П. Броўка, В. Вольскі, А. Кучар пайшлі шукаць піва. Расстаўся я з Любашай і Максімкам. Не знаю, як яны будуць жыць і ці зможам мы зноў сустрэцца. А на захад адзін за адным няспынна ідуць ваенныя эшалоны з гарматамі, танкамі. У адным з вагонаў нехта іграў на гармоніку «Кацюшу».
        
        
13.VІІІ
        
        Масква. А. Кучар з В. Вольскім пайшлі ў Саюз пісьменнікаў, а я з П. Броўкам шукаць Я. Купалу, які недзе жыў у раёне т. з. Грузінскага рынку, на кватэры свайго друга мастака К. Елісеева. Сам гаспадар летні сезон звычайна праводзіў на падмаскоўнай дачы. Надзвычай гасцінна прынялі нас Іван Дамінікавіч і цёця Уладзя. Неяк яна ўмела хутка арганізаваць застолле. Усё, як кажуць, у яе руках гарэла. Здаецца, сам рассцілаўся настольнік-самабранка з усімі прысмакамі, якіх мы даўно ўжо не каштавалі. А да ўсяго гэтага – і тая беларуская прынука, без якой і пачастунак не лічыцца пачастункам.
        
        
14.VІІІ
        
        Мінулую ноч правялі ў СП. Занялі канапу, крэслы. Доўга на новым месцы не мог заснуць. Прачнуўся ад грукату зенітак. Недзе блізка рваліся нямецкія бомбы, бо ўсяго мяне асыпала бітым шклом і пылам штукатуркі. На падлозе валяліся нейкія кнігі, выбухам сарваныя са сцен карціны, склееныя з рознакалёрнага шмацця. У небе над апусцелай вуліцай Вароўскага вісеў велізарны заграджальны шар.
        Калі будзе час, трэба наведаць на Чырвонай Прэсні сваю старую Ціхвінскую вуліцу, дзе некалі з бацькамі жыў у бежанстве, і мо ў бюро даведак пашукаць нашых былых знаёмых. Помню нашага земляка Купрэвіча, гаспадара кватэры Іларыёна Шкандравіча Парамонава. Пахадзіць па знаёмых дварах, дзе была мая першая школа, дзе гуляў са сваімі сябрамі ў гарадкі, у бабкі, у лапту, у фанты.
        
        
22.VІІІ
        
        Вось ужо больш тыдня, як блукаем па Маскве. Пару начэй начавалі ў М. Зінгера. Падчас паветранай трывогі дзяжурылі на даху дома. Магчыма, заўтра перабяромся ў гасцініцу. У СП сустрэў Е. Путраманта і Л. Пастэрнака. Быў на вечары, на якім выступаў А. Фадзееў. Чытаў свае вершы па радыё.
        
        
23.VIII
        
        Спыніліся ў гасцініцы «Масква». Заходзіў Я. Купала. Прыйшоў, падпіўшы, П. Броўка. Пачаў нечага прыставаць да В. Вольскага, да А. Кучара. Пачалася сварка, выкліканая нейкімі невядомымі для мяне ранейшымі, яшчэ даваеннымі канфліктамі.
        Не ведаю, як будзе далей, бо грошай засталося толькі дзесяць рублёў. Не маю нат чым заплаціць за нумар.
        
        
24.VIII
        
        У парку М. Горкага меўся адбыцца мітынг, але перашкодзіў дождж. Закончыў верш, які пачаў пісаць яшчэ ў Саратаве, «Мы вернемся». Сустрэўся з I. Марцінкявічусам. Неба зацягнута хмарамі, магчыма, сёння не будзе налётаў, не будуць будзіць сірэны паветранай трывогі. Чытаю Г. Гейне, якога, чамусьці, не любіў вялікі алімпіец – Гётэ. А дарма. Бывае, што слава нейкага графамана засланяе генія. Так было з А. Пушкіным, Міцкевічам, Норвідам...
        
        
26.VIII
        
        Трэба рабіць нейкія захады. Пантофлі развальваюцца, у касцюме хадзіць ужо сцюдзена. Прыйшоў п’яны Емяльянаў, які прыліп да Я. Купалы, памагае пісаць яго выступленні. Чалавек вельмі несімпатычны. Паслаў свой верш у «Правду». Не ведаю, ці знойдуць там каго, каб пераклаў яго на рускую мову. Шкада, што не ведаю адраса Я. Мазалькова ці Б. Ірыніна. Нешта доўга не вырашаецца справа накіравання нас на работу ў франтавую газету. Ноччу разбудзіў гул зенітак. Прачнуўся і П. Броўка, пачаў крычаць, каб хутчэй беглі ў бомбасховішча.
        
        
29.VIII
        
        Паслаў некалькі пісем Любашы ў Саратаў, але адказу на іх яшчэ не атрымаў. Прыйшоў Я. Купала. Відаць, зноў піў з Емяльянавым. Нат дамоў не змог пайсці. Мы саставілі з П. Броўкам свае ложкі, і ён заначаваў у нас. Спаў ён неспакойна. Некалькі разоў будзіўся: «Якая гэта Ная (?) ляжыць ля мяне».
        – Дзядзька Янка, гэта – я, Максім.
        – А, гэта – вызвалены брат...
        Над вуліцай Горкага па аблоках блукаюць промні пражэктараў. Пэўна, прарваўся нейкі нямецкі самалёт.
        
        
30.VІІІ
        
        Былі ў П. К. Панамарэнкі, які толькі што прыехаў з фронту. Расказваў пра баі пад Гомелем. Пайшоў блукаць па знаёмых з дзяцінства вуліцах Масквы. Ля Беларускага вакзала, як арыштанта, цягнулі салдаты велізарны заграджальны балон. Іх зараз больш, як зор над Масквой. Прайшоў міма фабрыкі, дзе некалі працавалі бацькі, міма Бутырскай турмы, сцяна якой, помню, была размалявана лозунгамі: «Смерць польскай буржуазіі», «Все – на загцнту революціш...». Выйшаў на Ціхвінскую вуліцу. Вуліца мала змянілася. Магільнік, абшарпаная царква, у якой калісьці прасіў Мікалая-цудатворца, каб не каралі мяне дома за мае правіненні ў школе. I трэба сказаць, што ён выслухаў маю просьбу і абышлося без чарговай лупцоўкі. Пастаяў каля дома (№ 16, кв. 1), у якім жылі да самага ад’езду на Радзіму. Нічога тут за дваццаць год не змянілася.
        Як дзяды, стаяць, пачарнелыя ад часу, двухпавярховыя дамы. Ледзь не спытаў: ці помняць яны мяне, падшыванца, які на іх двары гуляў са сваімі сябрамі ў бабкі, у гарадкі, шумам запаўняў іх скрыпучыя сходы, ганяў галубоў.
        
        
31.VІІІ
        
        Выступаў на славянскім мітынгу. Мітынг зацягнуўся, бо вельмі ж з доўгімі прамовамі выступалі нашы балгарскія і югаслаўскія сябры. На гэтым мітынгу пазнаёміўся з Ул. Бранеўскім. Ён прачытаў два свае вядомыя вершы, напісаныя ў першыя дні вайны: «Багнэт на бронь!» і верш, прысвечаны Варшаве.
        
        
9.ІХ
        
        Нарэшце атрымаў пісьмо ад Любашы. Піша, што Максімка падрос. Зноў паспрачаліся П. Броўка з А. Кучарам. Заходзілі Я. Купала і У. Н. Малін, які раіў нам не выязджаць з Масквы, бо мае выходзіць тут беларуская газета. Але дакуль жа нам сядзець без работы і нечага чакаць? Мы нат ужо не можам расплаціцца і за гасцініцу. Выслухаўшы нас, сакратар ЦК КПБ сказаў толькі – а гаварыў ён, расцягваючы кожнае сваё слова: – Зна-чнт... вы ста-лн... непла-те-же-спо-соб-ны-мн... На гэтым і закончылася наша бяседа.
        
        
17.ІХ
        
        Некалькі гадзін правёў у музеі У. I. Леніна; вечарам пайшоў глядзець «Нору». Пачаў верш «Асенняй поўначчу». У ліфце гасцініцы сустрэў Л. Пастарнака. Казаў, пераклаў адзін з маіх вершаў і даў яго ў тыднёвік «Віднокрэнгі».
        
        
19.ІХ
        
        Атрымалі назначэнне ў франтавую газету, рэдактарам якой – Міхась Лынькоў. Сёння ж выдалі нам ваенную форму. Збіраемся ў дарогу. Прыйшлі развітвацца знаёмыя П. Броўкі, А. Кучара. Вельмі перажывае В. Вольскі, што не едзе з намі, хоць і ён прасіў, каб яго як былога вайскоўца накіравалі на фронт. Відаць, справа ў тым, што ў пашпарце ён запісаны як немец з Прыбалтыкі. Хоць які ў чорта з яго – немец!
        
        
24.ІХ
        
        На легкавой машыне, якую ўдалося П. Броўку мабілізаваць у паспрэдстве, з рознымі дарожнымі прыгодамі даехалі да Болахава, дзе сустрэлі К. Чорнага, М. Машару, многіх супрацоўнікаў беларускіх газет, работнікаў ЦК. Толькі пад вечар дабраліся да свайго месца назначэння. Рэдакцыя газеты «За Савецкую Беларусь», як і Палітупраўленне Бранскага фронту, знаходзілася ў невялічкай леснічоўцы. Па суседству з рэдакцыяй другой франтавой газеты «На разгром врага». Радасна сустрэлі нас М. Лынькоў, К. Крапіва, П. Панчанка, з якім мы часта перад вайной сустракаліся ў Беластоку, А. Стаховіч, Д. Пінхасік... Амаль усю ноч не спалі, дзяліліся сваімі навінамі, успамінамі і рады былі, што хоць у такі трывожны час мы змаглі сабрацца адной сям’ёй.
        
        
30.ІХ
        
        Капаем зямлянкі. Няспынна гудуць нямецкія самалёты. Пагасілі касцёр, ля якога грэліся, каб іх не прывабіў дымам. Прыйшло пісьмо ад хворага П. Глебкі, які ляжыць у бальніцы. Збіраецца вярнуцца ў рэдакцыю. Вельмі перажывае М. Лынькоў, бо сям’я яго засталася ў Мінску. Перажываем усе, бо амаль у кожнага нехта пакутуе ў няволі. Пагаршаецца сітуацыя і на нашым Бранскім участку фронту.
        
        
4.Х
        
        Вярнуўся з Арла, дзе друкуем сваю газету. Усю дарогу нямецкія самалёты суправаджалі і абстрэльвалі нашы машыны. Яшчэ раз перачытаў выдатны верш Я. Кулалы «Беларускім партызанам», які, не маючы арыгінала, мы з Піменам пераклалі на беларускую мову для сваёй газеты. Цікава, ці нам удалося хоць крыху наблізіцца да купалаўскага тэксту. Мо некалі ўдасца зверыць.
        
        
5.Х
        
        На світанні прыйшоў загад рыхтавацца ў дарогу. Нямецкія танкі прарваліся аж да нашага каманднага пункта фронту. Дождж. Разам з рэдакцыяй газеты «На разгром врага» гразкімі і блытанымі ляснымі дарогамі стараемся вырвацца з нямецкага кальца, якое кожную мінуту гатова замкнуцца.
        
        
7.Х
        
        Пры пераездзе праз Аку ледзь уратавалі сваю паходную друкарню і машыны. Змерзлі. Снег. Спыніліся ў нейкім калгасе, але аказалася, што збіліся з дарогі, зноў завялі машыны і пачалі прабівацца далей пад няспынным абстрэлам нямецкіх самалётаў.
        
        
23.Х
        
        Увесь час – у дарозе. Толькі на пару дзён затрымаліся ў Шчыграх. Сустрэўся з Якавам Хелемскім, з якім пазнаёміўся яшчэ ў Бранскім лесе, і з Іцковым – былым дырэктарам нашай кінастудыі. Пад абстрэлам нямецкай авіяцыі грузімся на платформы. Едзем у Касторнае. Дарога загружана. Не ведаем, калі дабяромся да месца назначэння, бо цягнікі за ноч праходзяць якіх 5–10 кіламетраў.
        
        
27.Х
        
        Нарэшце дабраліся да Касторнага. Спыніліся ў нейкай бабулі Лынькоў, Крапіва, Гурскі, Стаховіч, Мацава, рэдактар газеты «На разгром врага» Валавец і я. Абараняючы ад налётаў станцыю, амаль цэлы дзень б’юць кулямёты і зеніткі, снарады якіх чорнымі сонцамі ўзрываюцца ў небе.
        
        
30.Х
        
        Вечарам пяць месершмітаў зноў спрабавалі бамбіць станцыю. Паў Харкаў. Заўтра еду ў Ялец, дзе друкуецца наша газета. Напісаў верш, прысвечаны Кастрычніку, які пойдзе ў святочным нумары. Атрымалі загад перабірацца ў Варонеж.
        А на полі вецер замятае снегам нязжатую пшаніцу. Відаць, год быў ураджайны, бо яна стаіць густой, непралазнай сцяной. Чарнеюць трупы пабітых коней, кароў і незлічоная колькасць разбітых машын і іншай рознай тэхнікі.
        
        
4.ХІ
        
        Пішу верш «Хмары з Захаду». Быў з А. Кучарам на спектаклі «Овад». Прачытаў «Танкер Дербент». Чуваць, што пад Кіевам загінулі Крымаў і Далматоўскі. Шкода, не маю з сабой фатаграфіі Любашы і Максімкі. Як нам гэта не прыйшло ў галаву зняцца, калі мы былі ў Саратаве. Усім калектывам рэдакцыі слухалі выступленне т. Сталіна. Адразу ўзяліся перакладаць яго для газеты. Сёння наведалі нас М. Бажан і С. Галаваніўскі.
        
        
9.ХІ
        
        Неспадзявана завітаў да нас жывы-жывёханькі Я. Далматоўскі, якому ўдалося прарвацца з акружэння і ўратавацца. Увесь вечар расказваў пра свае прыгоды. Тры месяцы блукаў па акупіраванай немцамі тэрыторыі Украіны.
        Укамплектавалі новую рэдкалегію нашай газеты ў складзе Я. Купалы, М. Лынькова, К. Крапівы, К. Чорнага, П. Броўкі і мяне.
        Сазваніўся з Саратавам. Смірноў-Ульянаўскі сказаў, што, быццам, мая сям’я выехала ў Алма-Ату. Не ведаю, што змусіла Любашу з малым ехаць у такую далёкую дарогу.
        
        
13.ХІ
        
        Едзем у страшэнную завею. Часамі спыняемся і шукаем дарогу. Дабраліся да Лебядзяні, дзе на платформы пагрузілі свае машыны. Начуем з Піменам у нейкай старэнькай бабкі. Нарэшце атрымалі зімняе абмундзіраванне.
        Вечарам з вёдрамі спусціўся за вадой з высокага берага Дона. Вецер развявае грывы коней, што падчас перагону палі тут сярод стэпу. Калі ж мы недзе спынімся? Трапілі ў паток адступаючай арміі, за якім крочыць несціханы гром кананады, зарава пажару. Усё болып і болыы аддаляемся ад сваёй Радзімы.
        
        
19.ХІ
        
        Мічурынск. Начуем у апусцелай бальніцы. Раніцой М. Лынькоў паехаў у Тамбоў. Паступіў загад перабрацца ў будынак двухпавярховага Мічурынскага інстытута, рыхтуем новы нумар газеты. Узяўся за верш: «Не шкадуйце, хлопцы, пораху!». Калі Любаша з малышом выехала з Саратава, не ведаю, як мне зараз іх адшукаць.
        Па суседству з намі – рэдакцыя франтавой газеты «Зольдцайтунг», у якой працуе латвійская пісьменніца Зігфрыда.
        
        
29.ХІ
        
        Нарэшце, пісьмо ад Любашы. I так яна – у Саратаве! Сёння ва ўсіх радасны настрой: нашы вызвалілі Растоў. У адным з пакояў знайшоў зборнік Верхарна. Хлопцы недзе дасталі гарэлкі. Выпіўшы, П. Броўка пачаў чапляцца да М. Лынькова, што па яго віне апошні нумар сваёй газеты мы не паспелі пры дапамозе авіяцыі закінуць у тыл ворага. А што можна было зрабіць? Самі ледзь вырваліся з пасткі.
        
        
8.ХІІ
        
        Уключылася ў вайну Японія. Пачалася адліга. Начамі цемень. 3 фронту паступаюць болын радасныя звесткі. Абмяркоўваем з Піменам свае творчыя планы: калі вернемся дамоў, трэба будзе пачынаць у паэзіі рэвалюцыю. Трэба аб гэтым напісаць і А. Куляшову. Хадзілі глядзець кінакарціну «Шчорс».
        
        
10.ХІІ
        
        Сёння прымалі К. Крапіву ў партыю, а П. Панчанку – у кандыдаты. У вольны час чытаю Л. Фейхтвангера. Гэтымі днямі з Піменам трэба будзе ехаць у Тамбоў, дзе друкуецца наша газета. Мо ўдасца пабываць і ў тэатры, хоць ён і пашкоджаны нямецкімі бомбамі, але там ёсць, здаецца, і нашы беларускія артысты і ставяць «Княжну Турандот».
        
        
20.ХІІ
        
        Прыйшла звестка, што ў дарозе з Н. Бурас ва Уральск памёр Змітрок Бядуля. Што такое магло здарыцца?
        Вось і не стала аднаго з цікавейшых беларускіх пісьменнікаў – ветэранаў нашага адраджэння – паэта, празаіка, перакладчыка з яўрэйскай мовы. Хай будзе яму лёгкай далёкая ўральская зямля. Шкада, што ён не дажыў да вызвалення сваёй Радзімы.
        
        
28.ХІІ
        
        Атрымалі загад: перад Новым годам быць у Маскве. Але М. Лынькоў захварэў. I мы толькі праз пару дзён змаглі выехаць з Ліпецка. Пачаў верш: «Яшчэ нямала вёрст і дзён». Сяк-так, прыкрыўшыся абледзянелым брызентам, акачанелыя ад сцюжы, едзем стэпам, глуш і снег. Усё часцей думаю аб шляхах развіцця нашай паэзіі. Ніяк яна не можа выйсці за традыцыйныя свае рамкі. Мне здаецца, гэта адчувае і Пімен. А пакуль што і я, як і ўсе, патанаю ў пустазвонстве. Зноў прыстала наша палутарка. Нейкія непаладкі ў маторы. Каб разагрэцца, М. Ц. Лынькоў выдзяляе са сваіх камісарскіх запасаў кожнаму па невялікай чарачцы цяпельца.
        
        
30.ХІІ
        
        I так, як у бежанскім сваім дзяцінстве, накіроўваюся ў Маскву. Што там мяне чакае, удалі ад Радзімы, якую мы зараз усе часта ўспамінаем, загубіўшыся на франтавых дарогах пад няспыннымі бамбёжкамі. Ратуючыся ад нямецкіх самалётаў, некалькі раз спыняліся пад ахову прыдарожных дрэў. Пасля бамбёжкі нейкага пасёлка мы прабіраліся далей, аб’язджаючы разбітыя машыны, павозкі, нейкія бочкі, скрыні, пабітых коней.
        Сёння паспрачаўся з А. Кучарам, Разышліся мы з ім у ацэнцы некаторых нашых «класічных» твораў. Пад лопат абмерзлага брызента, якім прыкрыліся мы ў сваёй рэдакцыйнай палутарцы, пачалі складацца несуразныя радкі: «Вазьмі маю волю ў няволю», «На скрыжаванні палявых дарог»... А што далей? Прываліўшыся да свайго напоўненага кнігамі рукзака, здаецца, прыдрамаў. Прачнуўся на нейкім кантрольным пункце, пачуўшы голас М. Лынькова: «Ну як там, уюнушы, жывы?»
        
        
31.ХІІ
        
        Па абочынах дарогі цягнуцца бясконцыя натоўпы бежанцаў. На небасхіле ўздымаецца чорная хмара дыму. Што можа быць самым страшным у жыцці? Хіба, само жыццё.
        Думаў весці дзённік, але няма калі. А шкада, бо пісаць ёсць аб чым. Нешта наша машына, як загнаны конь, пачынае прыставаць. Каля нейкага згарэлага пасёлка заечы след перасек нам дарогу. Мо як у тую памятную ноч пад Бранскам, калі ледзь не трапілі ў варожую пастку, зноў мы збіліся з дарогі. На прыпынку М. Лынькоў з К. Крапівой нешта звяраюць па карце.
        А вецер мяце, як у блокаўскай паэме «Дванаццаць», і мы ўсё больш і больш аддаляемся ад сваёй Радзімы, і ніхто з нас не ведае «Што там наперадзе?» (А. Гарун).
        На старым запушчаным пагосце бялее некалькі, відаць, нядаўна пастаўленых, абітых фанерай пірамідак. Надпісы пахаваных сцёр дождж. Мне здаецца, што няма больш узрушальнага надмагільнага сімвала, як просты крыж – перасячэння дзвюх дарог: жыцця і смерці.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.