РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дажыць да світання
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
2
        
2

        
        Апошнія метры да лесу яны не паўзлі, а прыпіуўшыся, знямогла беглі, пакуль адзін за адным не пападалі ў рэдзенькім чэзлым кустоўі. Распластаныя на снезе сутаргавай горкай задухай, хвіліну збянтэжана маўчалі, не ў стане сказаць ні слова. У кожнага ў такт з сэрцам білася адзіная цяпер думка – нібыта ўдалося, прайшлі, самае горшае засталося ззаду. Немцы з пагорка, здаецца, іх празявалі. Захопленыя стралянінай па поплаве, аслепленыя ззяннем ракет, яны, мабыць, не надта азіраліся па баках, пакуль не расстралялі ля ракі Шалудзяка з Кудраўцом, Дзякуй жа вам, дарагія байцы, расчулена думаў Іваноўскі, лежачы на снезе і ў гарачай задусе хапаючы ротам паветра. Першая плата за поспех была ўнесена, які цяпер будзе яго канчатковы вынік?
        Яшчэ не зусім аддыхаўшыся, Іваноўскі прыўстаў і сеў на снезе. Рэдкія агнявыя бліскаўкі куль нізалі снежныя прыцемкі ўжо далекавата ззаду, насустрач ім несліся іншыя з сасонніку за поплавам – гэта ўступіў у бой батальён. Ля кустоўя ж было спакойна, перад імі ляжаў голы, не надта заснежаны схіл з клоччам быльнягу па межах. Іваноўскі дастаў гадзіынік, была палова дзесятай.
        – Хто страляў? – стрымана, з накіпелым гневам запытаў лейтэнант, успомніўшы злашчасны той стрэл ля ўзмежка.
        Непадалёку сярод распластаных целаў у белым хтось заварушыўся і сеў на снезе. Па вастраку, што выпіраў пад капюшонам, камандзір пазнаў Дзюбіна – старшына быў у будзёнаўцы.
        – Стрэліў Суднік.
        – Я стрэліў, – вінавата і глуха пацвердзіў прастуджаны голас, і лейтэнант змоўк, сваім маўчаннем даючы зразумець, што хоча бачыць парушальніка перад сабой. Суднік расслаблена ўстаў на ногі.
        – Чаму страляў?
        Баец паварушыў у руках вінтоўкай.
        – Ды во, з прадахраніцеля саскочыла.
        Іваноўскі зірнуў на абкручаную бінтам зброю, і яго перасмыкнула ад злосці – у байца была СВТ, эфектная на выгляд дзесяцізарадка, складаная па канструкцыі і не вельмі надзейная ў баі. Проста бяда, як ён перад выхадам недагледзеў, хіба можна было з такой зброяй выпраўляцца ў тыл да немцаў?
        – Чорт бы вас узяў! – не стрымаўшы гневу, з ціхаю злосцю вылаяўся лейтэнант. – Што ў вас за зброя?
        – Вінтоўка.
        – Якая вінтоўка?
        – Самазарадная Токарава нумар эн-эм шэсцьсот дваццаць чатыры.
        – Эн-эм! Вы горшай не маглі знайсці?
        Відаць, толькі цяпер зразумеўшы свой промах, баец вінавата патупіўся. Лейтэнант амаль з нянавісцю пазіраў на яго прыціснутую цяжарам рэчмяшка постаць, мокры, абвіслы на каленях халат. Увесь выгляд гэтае постаці выдаваў віну і пакору. Гэтая яго пакора, аднак, крыху прыцішала накіпелы камандзірскі гнеў, лейтэнант зразумеў, што дарма залішне караць чалавека за справу, аб якой ён не меў разумення. Тым не менш нелыа было і ігнараваць той факт, што Суднік ледзьве не загубіў усю групу, і лейтэнант цяпер проста не ведаў, што з ім рабіць.
        – Вы разумееце, што вы нарабілі?
        – Чорта ён разумее! – раптам, седзячы, злосна загаварыў Лукашоў. – Разгільдзяй ён! Нашто было браць такога!
        Суднік па-ранейшаму стаяў моўчкі, нізка апусціўшы галаву.
        – За такое дзела кокнуць цябе к чортавай матары! – пагрозліва прашаптаў лейтэнант. – Паняў?
        Галава байца схілілася І яшчэ ніжэй, ён, відаць, абсалютна не ведаў, што сказаць у сваё апраўданне, і, гатовы прыняць кару, маўчаў. Але лейтэнант хутка адчуў, што нічога яму тут не зробіць: апроч як вылаяць гэтага недарэку ён нічога болей не мог.
        – Ладна. Пасля мы з ім паталкуем, – напэўна, адчуўшы гэтую нерашучасць камандзіра, прымірэнча заўважыў Дзюбін.
        – Я яшчэ разбяруся з табой! – шматзначна паабяцаў Іваноўскі і, павярнуўшыся, скамандаваў іншым: – На лыжы!
        Усе разам заварушыліся, рыхтуючы лыжы, і хутка пасталі на іх – затрымлівацца тут не выпадала. Лейтэнант ухапіўся за палкі і азірнуўся, чакаючы гатоўнасці групы.
        – Я б яго правучыў! Мне ён не папаўся, смаркач, – бурчэў паблізу сяржант Лукашоў.
        – Ладна, усё! – гучным шэптам абарваў яго Іваноўскі. – Гатовы? Суднік – за мной! Марш!
        Лейтэнант рэзка ўзяў з месца, кіруючы ў прагаліну між хмызняку, аднак у пухнатым снезе лыжы слізгалі не дужа і рэзалі глыбокую каляіну, з якой тырчэлі толькі іх загнутыя дзюбкі. Голле чаплялася за маскхалат, здзірала з галавы капюшон. Мабыць, чвэрць гадзіны лейтэнант прадзіраўся цераз кустоўе, пакуль не вырваўся на ўзлесак. Тут таксама было па-начному ціха, толькі напорна дзьмуў вецер. Іваноўскі намацаў лыжамі цвярдзейшае і адштурхнуўся палкамі. Позірк яго быў скіраваны наперад, назад лейтэнант не азіраўся, ён чуў за сабой шоргат лыж і прывычнае пахакванне байцоў. Ягонае абурэнне Суднікам пакрысе пачало меншаць, уступаць месца іншым эмоцыям. Як-ніяк, усё ж найбольшая бяда іх мінавала, і Іваноўскі стаў прывыкаць да таго, што іх восем. Праўда, цалкам прымірыцца з гэтым было немагчыма, заўтра ж яму вельмі спатрэбяцца людзі, і Суднік заслугоўваў жорсткае кары. Але як яго пакараць? Расстраляць, вядома, было б занадта, лейтэнант меў арганічную агіду да такога звычайнага на вайне пакарання, калі і без таго гінулі тысячы, на гаўптвахту тут не пасадзіш. Значыць, трэба адкласці ўсё да вяртання. Да таго ж, увогуле, ім пашэнціла, магло быць горш. Калі разабрацца, дык яшчэ невядома, як бы ўсё сталася, каб Суднік не стрэліў, не паранілі Кудраўца і яны не адправілі з ім Шалудзяка, які незнарок падмануў сабой немцаў і выручыў усіх. Зусім магчыма, што да раніцы Ім не ўдалося б прарвацца з-за таго ўзмежка, а повІдну іх бы за паўгадзіны расстралялі ўсіх з мінамётаў. Ці шмат патрэбна для дзесяці чалавек? А так вось прарвалІся, і цяпер толькі б не наскочыць дзе ноччу на якія тылавыя часці.
        Неўзабаве на снезе пачаўся невялікі спуск, лыжы пайшлі лягчэй, рукам стала вальней, і леЙтэнант азірнуўся. Суднік увішна ішоў следам, трошкі адарваўшыся, цягнуўся ў паўзмроку сяржант Лукашоў. Астатнія таксама нібыта падраўняліся, і ў ветраным начным полі чуўся роўны шоргат снегу пад лыжамі. Лейтэнант яшчэ павялічыў тэмп. Дарога была далёкая, нават завельмі далёкая для адной ночы, і вельмі трэба было спяшацца. Тут ён яшчэ памятаў маршрут, вывучаны ўчора па карце, і ведаў, што неўзабаве зноў пойдзе поплаў усё ля той жа рачулкі, якой і трэба будзе трымацца.
        Пасля кустоўя байцы ўвайшлі ў рытм, і група хутка рухалася ў шэрым начным паўзмроку. Хмарнае неба шчыльным дываном атуліла зімовы прасцяг, у якім цьмяна шарэлі навокал размытыя плямы кустоў, дрэў, быльнягу і мноства яшчэ нечага, невыразнага і загадкавага. Ракеты на перадавой свяцілі далёка ззаду, адсюль відаць былі толькі іхнія мігатлівыя водсветы за пакатым узгоркам.
        Паступова Іваноўскі пачаў спакайнець, набіраць раўнавагі і разважнасці. Праўда, увесь час не выходзіў з галавы Шалудзяк, так няладна з ім атрымалася – пашкадаваў, называецца. Напэўна, спатрэбіўся б заўтра, усё ж сапёр і пажылы чалавек, не які там хлапчук, як гэты Суднік. Мабыць, з сапёрамі яму не пашэнціла, хоць болей за іншых былі патрэбны менавіта сапёры. Але тут нічога не зробіш. У той час, як група ляжала ў святле ракет, здавалася, вярнуў бы назад палавіну, абы другая палавіна прарвалася. Лейтэнант з уласнага вопыту ведаў, што далёка не ўсё у жыцці атрымліваецца так, як трэба, тым больш на вайне. Каб дасягнуць мэты, часам трэба да апошняй магчымасці змагацца з магутнаю сілай абставін, іначай праваліш справу і прападзеш сам. Наогул вайна бязлітасная да кожнага, але сапраўды першым на фронце гіне баязлівец – менавіта той, хто болей за іншых даражыць жыццём. Зрэшты, даволі гіне і смелых. Вайна надзіва сляпая ў адносінах да людзей і далёка не па іхніх заслугах распараджаецца жыццямі. Як нідзе ў мірным жыцці, тут здрадлівы і зменлівы лёс чалавека, якому, каб выжыць, ні на хвіліну нельга выпускаць з рук тугіх лейцаў абставін, пры ўсякіх, самых немагчымых, умовах трэба старацца кіраваць імі.
        Горыч ад першай і такой недарэчнай страты не пакідала Іваноўскага. Ненадоўга лейтэнант забываў пра яе, заняты дарожнымі клопатамі, але яна ўсё вярталася шчымлівым, надта добра знаёмым на вайне болем. I колькі ён ні перажыў яго за пяць месяцаў, гэты вярэдлівы ў сэрцы боль, і якім бы звыклым ён ні здаваўся часам, зусім прывыкнуць да яго было немагчыма. Колькі ўжо Іваноўскі страціў назаўжды за гэтыя месяцы вайны! Думалася, пара б ужо і прывыкнуць да саміх страт і скарыцца усведамленню іх непазбежнасці. Але як ні прывыкаў, не-не ды і находзіла такая роспач, што, думалася, лепш бы падставіў пад тую праклятую кулю сваю ўласную голаў, чым бачыць, як назаўжды апускаюць у магільную глыбіню блізкага табе чалавека.
        А свайго лепшага сябра, разведчыка капітана Волаха, ён нават не паспеў закапаць...
        Проста ў іх не знайшлося рыдлёўкі і якіх-небудзь пятнаццаці хвілін часу, а ад шашы ўжо імчаліся на матацыклах немцы. Адстрэльваючыся, яны з Паграбняком загарнулі цела капітана ў палатку і таропка закідалі яго перамешаным са снегам лісцем. Так і застаўся іх камандзір на ўзлеску таго далёкага смаленскага ўрочышча, дзе ледзьве не засталіся ўсе. А наступнага за ім, сяржанта Рукавіцына, нават не ўдалося вынесці з пагорка, на якім яго напаткала куля, і праз дзесяць хвілін яго там падабралі немцы.
        Наогул Іваноўскаму шанцавала ў вайну на харошых людзей, але самым вялікім шанцаваннем, вядома, быў капітан Волах. Нейкім невыразным пачуццём лейтэнант зразумеў гэта адразу, як толькі ўбачыў яго на прысмужанай ранішнім туманам прасецы ў Бароўскіх лясах. Стоячы на каленях, капітан нешта вытрасаў з кішэняў у пакладзеную на мох фуражку, побач ляжала разгорнутая карта, а навокал сядзелі і ляжалі яго разведчыкі. Усе былі ў зялёных маскіровачных халатах з адкінутымі капюшонамі і ў пілотках, толькі ў аднаго капітана была фуражка, па якой лейтэнант адразу пазнаў у ім камандзіра і прывітаўся.
        – Таварыш камандзір, дазвольце звярнуцца.
        – Калі ласка, – проста і ўсмешліва, без ценю камандзірскай строгасці сказаў капітан. – Звяртайцеся, калі ёсць з чым. А то ў нас во адзін пыл.
        Відаць, ён не супраць быў пажартаваць і, можа, нават пачаставаць іх махоркай, але махорка ў яго ўся скончылася, як скончылася яна І ў лейтэнанта Іваноўскага. Праўда, лейтэнанту цяпер было не да курыва, ён болей бы ўзрадаваўся сухару ці кавалку хлеба, бо два дні яны амаль нічога не елі. Пасля разгрому ў начным баі пад Крупцамі ён адбіўся ад палка, трапіў у акружэнне, выйшаўшы з якога з дванаццаццю байцамі блукаў па лясах у пошуках сваёй часці. Але нідзе ён не мог набрысці нават на рэшткі сваёй дывізіі, часам траплялі байцы з невядомых яму часцей, але ніхто з іх нічога толкам не ведаў, у прыфрантавой паласе ўсе пераблыталіся – і нашы, і немцы. Яшчэ праз дзень вакол засталіся адны толькі немцы, ён скрозь натыкаўся на іх саміх або на свежыя іх сляды і тыдзень кідаўся па пералесках у пошуках якога-ніякога выйсця. У яго не было карты, і зусім незразумелай была абстаноўка, сустрэчныя ў шляху чырвонаармейцы давалі самыя супярэчлівыя звесткі. Зразумела было адно – нашы адышлі далёка, а немцы пруць на Маскву. У некалькіх выпадковых сутычках ён страціў яшчэ трох чалавек; двое зніклі ўначы: можа, адбіліся дзе ў цемры і прысталі да іншых груп, а можа, і яшчэ горш. З ім засталіся чацвёра, яны забрылі ў нейкую лясную глушэчу, дзе ўжо не было ні немцаў, ні нашых. I вось гэтая выпадковая сустрэча з групай разведчыкаў на краі лясной прасекі.
        Капітан усё ж нешта натрос з кішэняў і скруціў тоненькую скупую цыгарку. Астатнія моўчкі і, як здалося лейтэнанту, з затоеным сумам назіралі за сваім камандзірам.
        – Як запальнічка, уцалела? – запытаў капітан, запіхваючы ў сінія галіфэ вывернутыя кішэні,
        – Якая запальнічка? – здзівіўся Іваноўскі.
        I раптам усё прыпомніў.
        Сапраўды, месяц назад пад Касачовам, дзе яны стаялі тады ў абароне, неяк перад світаннем начальнік разведкі палка прывёў на батарэйны НП незнаёмага камандзіра ў фуражцы і з ордэнам Чырвонага Сцяга на габардзінавай гімнасцёрцы. Як трошкі развіднела, яны пачалі нешта разглядваць у стэрэатрубку на нямецкім баку, нешта адзначалі на карце. Пасля разам паснедалі. Капітан яшчэ пачаставаў Іваноўскага «Казбекам» і, прыкурваючы, звярнуў увагу на яго трафейную запальнічку ў форме будыйскага манаха. Запальнічка сапраўды была даволі забаўная: націснеш на спружынку – і ў манаха адскоквала палавінка чэрапа, з якога ўспыхваў далікатны агеньчык полымя.
        Запальнічка была пры ім, Іваноўскі дастаў маленькую чорную фігурку манаха, вялікім палыдам ціскануў на спружынку. Але ў гэты раз агеньчык не паявіўся, мабыць, не было бензіну.
        – Цікава, цікава, – сказаў капітан. – Шкада, курыва кот наплакаў.
        – У нас таксама ні каліва, – сказаў Іваноўскі.
        Іх твары ўраз пасур’ёзнелі, капітан нацягнуў на плечы сваю прадраную ў некалькіх месцах куртку. Адчуваннямі завалодала невясёлая франтавая будзённасць.
        – Даўно бедствуеце? – запытаўся капітан.
        – З семнаццатага. Як разбілі пад Касачовам.
        – Што ж, пойдзем разам. Вось тут, на маёй карце, азначаны стык, сюды і паспрабуем сунуцца.
        Яны прабіраліся яшчэ чацвёра сутак, але ніякага стыку ў нямецкай лініі фронту не знайшлі, як, зрэшты, не знайшлі і самога фронту. Стаяла глыбокая восень, лісце з дрэў усё абсыпалася, пасля сцюдзёных зацяжных дажджоў наступіла ранняя золкая сцюжа. Дарогі былі забіты абозамі, аўтамабілямі, фурманкамі перадавых і тылавых нямецкіх часцей. Байцы падбіліся ад шматдзённай хадзьбы па бездаражы, схуднелі ад голаду. Некаторых пачалі дапякаць прастуда, кашаль. Лейтэнанта мучыла скуллё па ўсім целе. А пасля ў групе з’явіўся паранены ў нагу разведчык, які не мог ісці, і яны па чарзе неслі яго на звязаных з жэрдак і палаткі насілках. Па гэтай прычыне яны не маглі ісці хутка, але камандзір не хацеў пакідаць разведчыка. Гэта быў выдатны разведчык, светлавокі і светлавалосы атлет па прозвішчу Фіх, які лёгка размаўляў па-нямецку. Паранілі яго выпадкова, калі яны ўдзень заскочылі ў вёску, каб распытацца пра дарогу і разжыцца чаго-небудзь з ежы, і ўжо ў самым пачатку вуліцы наткнуліся на немцаў. Першага немца, які выйшаў з падворка, капІтан зваліў ударам нажа ў шыю. Гэта аказаўся афіцэр з сумкай, і Волах па старой звычцы разведчыка перш-наперш схапіўся за яго палявую сумку. Але следам за афіцэрам ішлі яшчэ двое, адзін з іх стрэліў з пісталета і трапіў Фіху ў сцягно. Добра, што Балаенка тут жа крамсануў чаргой, немец упаў, і яны ўсе кінуліся на гарод, падхапіўшы параненага, які пасля гэтага стрэлу не ступіў болей ніводнага па зямлі кроку. Напэўна, нямецкая куля пашкодзіла які-небудзь цэнтральны нерв, нага павісла, бы нежывая. Да таго ж неўзабаве паднялася тэмпература, мабыць, пачалося заражэнне. Бясконцыя пераходы прычынялі нясцерпныя мукі параненаму, павязка ўвесь час спаўзала, рана крывяніла. Фіх, сцяўшы зубы, трываў, усё болей хмурыўся і не хацеў размаўляць.
        Аднойчы яны спыніліся адпачыць на нейкім зарослым маладым дубнячком прыгорку. Лісцяны лес ужо стаяў увесь голы і непрытульны, толькі пакручастыя дубкі шалясцелі на ветры сваёй надта пажухлай, але яшчэ па-летняму густою лістотай. Тут было трохі зацішней: дубняк надзейна хаваў іх ад чужых вачэй. Як толькі спынІлІся, разведчыкі пападалі на зямлю. З маўклівай адчужанасцю на схуднелым твары ляжаў на насілках Фіх. Есці не было чаго, курыць таксама. Два разведчыкі пайшлі шукаць якое жыллё, каб разжыцца на ежу і пакарміць параненага.
        – Слухай, Фіх, – раптам сказаў капітан. – Ты не бойся. Мы цябе не пакінем. Мы цябе вынесем, і ўсё будзе добра. Галоўнае – не падай духам.
        – Аддайце мой пісталет, – слабым голасам прамовіў Фіх.
        Два дні запар ён патрабаваў свой пісталет, які, западозрыўшы кепскае, выняў у яго з кабуры Волах. Цяпер кожная размова з ім пачыналася і канчалася патрабаваннем Фіха вярнуць пісталет.
        – Ну во, ты зноў за сваё! Аддам я твой пісталет. Але спярша трэба цябе данесці да сваіх.
        – Аддайце мой пісталет! Нашто ўзялі? Для апраўдання сумлення? Плюнь, капітан...
        Угаварыць яго было немагчыма, капітан, відаць, разумеў гэта і асабліва не ўгаворваў. Іхняе становішча не пакідала зашмат ілюзіі, ды яны і не мелі патрэбы ў ілюзіях. Безнадзейнасць Фіхавага стану была відавочнай як для самога Фіха, так і для ўсіх васьмярых у групе, у тым ліку і старога дружка Фіха сяржанта Рукавіцына, які ўсю дарогу даглядаў параненага, як толькі было магчыма. Бяда, аднак, заключалася ў тым, што магчымасці гэтыя былі надта малыя, а Фіх хутка згасаў, І Рукавіцын нічым не мог яму памагчы. З прыгнечаным выглядам ён сядзеў над таварышам і бруднай насоўкай выціраў яго бледны спатнелы лоб.
        – Да-а, дзяла! – сказаў капітан. – Што ж нам з табой рабіць?
        Пытанне было чыста рытарычнае, ніхто не мог і не спрабаваў на яго адказаць. Зрэшты, капітан і не чакаў адказу – проста ён разважаў услых. Аднак на гэты раз разважаць яму давялося нядоўга – вярнуліся два разведчыкі і паведамілі, што вёсак паблізу няма, а недалёкая адсюль леснічоўка стаіць пустая – нічым, што было б можна з’есці, пажывіцца там не ўдалося. Але, ідучы назад, разведчыкі ўбачылі, як па дарозе ў суседні лясок адна за адной ішлі гружаныя нямецкія машыны, якія хутка там разгружаліся і ўлегцы вярталіся ранейшай дарогай. Відаць па ўсім, у лясок перабазіруецца які-небудзь вялікі нямецкі склад.
        Вядома, яны разумелі, што склады могуць быць розныя: з фуражом, боепрьшасамі, палівам, рэчавай, інжынернай або нават хімічнай маёмасцю. Але могуць быць таксама і з прадуктамі. Напэўна, верагоднасць апошняга меркавання здалася згаладнелым байцам найбольшай, і капітан жвава ўскочыў на ногі.
        – Ану, дзе? Далёка?
        – Ды кіламетры за два адсюль.
        Яны хутка зняліся з месца, мінулі дубнячок, пасля абышлі па краі равок, перайшлі макраватую лугавінку, зноў улезлі ў калючае густое кустоўе, на выхадзе з якога па камандзе Волаха ўсе разам сталі. Праз сучча алешніку было відаць, як па калдобістай, разбітай дарозе ў рэдкі сасновы лясок паўзлі сямітонныя «б’юсінгі», недзе там яны разгружаліся і хутка кацілі ўніз, мабыць, за новай партыяй грузу.
        Капітан адразу ж сеў, дзе стаяў, дастаў з-за пазухі бінокль. Разведчыкі апусцілі насілкі з Фіхам.
        – Ух ты, што там наварочана! Во гэта да! – здзівіўся капітан. – Дротам абносяць, так, так. А падыходы ўвогуле неблагія. Ось бы, калі сцямнее... На, зірні, – сказаў ён, перадаючы бінокль Іваноўскаму.
        Лейтэнант адшукаў у голым суччы прагаліну, накіраваў у бок лесу бінокль. Выразна стала відаць, як там разгружаліся машыны. Працавалі, здаецца, палонныя, на невялікай адлегласці ад іх тырчэлі цёмныя постаці ў даўгіх шынялях, з вінтоўкамі ў руках. Пад высокімі хвоямі на ўзгорку выцягнуліся даўгія грувасткія рады зялёных і жоўтых скрынак. Некалькі раней уладкаваных штабялёў былі ўжо накрыты і абвязаны брызентам.
        – Цікава, што? – разважаў капітан. – Але ўсё роўна. Зробім феерверк на ўсю Смаленшчыну. Рукавіцын, супрацьтанкавая граната ў цябе цэлая? Дабро! А тол ты яшчэ не выкінуў, Паграбняк? Ракеты трэба падрыхтаваць таксама. Спатрэбяцца.
        Ён тут жа, у алешніку, абвясціў свой імправізаваны план нападу на склад, размеркаваў абавязкі паміж васьмёркай змораных, галодных людзей. З параненым пакінуў спярша двух байцоў, а пасля аднаго Рукавіцына. Сваім намеснікам назначыў яго, Іваноўскага. Рашылі пачынаць, як толькі крыху сцямнее.
        – Вясёленькая будзе ноч! – радаваўся капітан, тручы азяблыя рукі. – Закурыць бы цяпер, ды нечага...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.