РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дажыць да світання
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
9
        
9

        
        Праз якія паўгадзіны, калі добра ўцямнела, яны выбраліся са свайго снежнага сховішча. Абодва скалелі, надта азяблі ногі, хацелася адразу прыпусціць на лыжах, каб як сагрэцца. Але перш трэба было агледзецца. Уночы рух на піашы паменшаў, ішлі адзіночныя машыны, некаторыя слаба свяцілі падфарнікамі. Навокал было ціха і пуста, снежную далячынь з хмызняком зацягнула вечаровай імглой, хмарнае неба без зор нізка навісла над цьмяным начным прасторам. Іваноўскі рашыў ісці на ўсход уздоўж шашы, далёка не адхіляючыся ад яе, каб бачыць увесь на ёй рух. Ён думаў, што як і той раз, увосень, базу павінны выдаць машыны.
        Яны хутка спусціліся са свайго пагорка, па рыхлым снезе перайшлі лагчыну. Дваццаці хвілін хапіла на тое, каб добра ўгрэцца і нават замарыцца. Што ні кажы, а напамінала аб сабе мінулая ноч. Да таго ж, у адрозненне ад учарашняга, Іваноўскі адразу адчуў пры хадзе болын моцны боль у хворай назе, міжвольна ён ступаў ёю асцярожней, болей налягаючы на здаровую. Праўда, ён стараўся прывыкнуць да гэтага свайго болю, думаў, як-небудзь абыдзецца, разыдзецца, авось рана яму не пашкодзіць. Але, падняўшыся на чарговы пагорак, лейтэнант адчуў, што трэба адпачыць. Тады ён трохі расслабіў нагу, цяжар цела перанёс на здаровую і, каб Півавараў, які падыходзіў следам, не заўважыў нічога, зрабіў выгляд, што аглядаецца, хоць аглядацца не было чаго. Шаша была побач, яна ляжала пустая; наперадзе не шмат было ўгледзець, моцны ўсходні вецер пругка дзьмуў у твар, ад яго слязіліся вочы.
        – Ну як, Піваварчык? – знарок жартаўлівым голасам запытаўся лейтэнант.
        – Нічога.
        – Угрэўся?
        – Упарыўся нават.
        – Ну, давай далей.
        Азіраючыся па баках, яны прайшлі яшчэ, мабыць, з гадзіну, зводдаль абышлі край якогась ляска, хвойнік, нейкія будынкі ля дарогі – пасля ўчарашняга абстрэлу з хутара Іваноўскі стараўся трымацца ад будынін далей. Шаша амаль скрозь ішла прама, без паваротаў, гэта аблягчала арыенціроўку, і лейтэнант толькі зрэдку пазіраў на компас – правяраў напрамак.
        Настрой яго быццам нават палепшыўся. Півавараў ішоў па пятах, не адстаючы ні на крок, і лейтэнант, спыніўшыся, запытаўся з некаторай жвавасцю ў голасе:
        – Піваварчык, што ты ў жыцці бачыў?
        -Я?
        – Ну, ты. У жыцці, кажу, што ты бачыў?
        Півавараў паціснуў плячамі.
        – Нічога.
        – Кніжак хоць ты пачытаў?
        – Кніжак пачытаў, – не адразу, нібы ўспамінаючы, адказаў баец. – Усяго Жуль Верна, Копан Дойла, Вальтэра Скота, Марка Твэна...
        – А Гайдара?
        – І Гайдара. Яшчэ Дзюма, усё, што дастаў, прачытаў.
        – Ого! – здзівіўся лейтэнант і нават з некаторай павагай паглядзеў на Піваварава. – I калі ты паспеў столькі?
        – А я захварэў у шостым класе і паўгода не вучыўся. Ну і чытаў. Усё перачытаў, што ў бібліятэцы было. Мне з бібліятэкі насілі.
        Так, мабыць, гэта цудоўна – прахварэць паўгода і прачытаць усю бібліятэку. Колькі ён марыў захварэць у дзяцінстве ды і ў вучылішчы, але болей трох дзён яму хварэць не ўдавалася. Здароўе яго заўжды было добрае, і чытаў ён нямнога, хоць цікавыя кнігі выклікалі ў яго трапяткую да хвалявання радасць, і кніжак, лепшых чым творы Гайдара, яму ў сваім жыцці чытаць не давялося. I то ў дзяцінстве. Пасля стала не да літаратуры – пайшлі кніжкі іншага зместу.
        Наўкола па-ранейшаму было ціха, увогуле спакойна, як бывае спакойна толькі далёка ад перадавой. Іваноўскі ішоў цяпер без учарашняй паспешлівасці, замінаў прыкметны цяжар у нагах і боль раны, які прыкметна запавольваў ягоныя рухі. Праўда, пакуль боль гэты можна было трываць, і, каб не надта засяроджвацца на ім, лейтэнант стараўся скіраваць сваю ўвагу на іншае, нават старонняе. У думках ён цяпер быў ля ягоных байцоў, якія пад камандай Дзюбіна вярталіся да сваіх. Напэўна, ужо ідуць ля ракі, поплавам. Добра, калі не занесла лыжню, яна дапаможа зарыентавацца. Зрэшты, Дзюбін, напэўна, і без таго запомніў дарогу, а ў выпадку чаго дапаможа карта. Карта на вайне – каштоўнасць, шкада толькі, што не заўжды хапае гэтых вось карт.
        Увесь час не выходзіў з галавы Хакімаў. Вядома, напакутуюцца з ім не дай бог, асабліва пры пераходзе лініі фронту. Цяпер з ім не ўскочыш, не рванеш на лыжах, трэба ўсё паўзком, па-пластунску. Але хоць бы прайшлі. Праўда, Дзюбін, напэўна, сумее, павінен прайсці. Дзюбін і растлумачыць начальніку штаба іх няўдачу, неяк апраўдаецца за групу і за яе камандзіра. Хаця пры чым камандзір? Хто мог падумаць, што за якіх два тыдні так многа зменіцца і немцы вывезуць базу?
        Сябе Іваноўскі не адчуваў вінаватым ні ў чым, – здаецца, ён зрабіў усё, што было магчыма. Тым не менш нейкі паганы чарвячок вінаватасці варушыўся ў ягонай душы, быццам лейтэнант усё ж недагледзеў чаго і ў выніку не апраўдаў Даверу. Менавіта гэты неапраўданы давер трывожыў яго болей за ўсё. Цяпер лейтэнант аж скаланаўся ад думкі, што з усёй гэтай задумы можа раптам нічога не выйсці.
        Іваноўскі выдатна ведаў, як можна адным нейкім учынкам спляжыць усю сваю рэпутацыю. Аднойчы з ім было такое, што, падвёўшы чалавека, ён так і не змог вярнуць яго добрыя да сябе адносіны.
        
        Незадоўга перад тым Ігару споўнілася чатырнаццаць гадоў, і ён пяты год жыў у Кублічах – невялікім ціхім мястэчку ля самай польскай граніцы, дзе ў пагранкамендатуры служыў ветэрынарам бацька. Забаў у мястэчку было нямнога. Ігар хадзіў у школу, сябраваў з хлопцамі, а ў вольны час прападаў на каменданцкай стайні. Коні былі, можа, самым вялікім захапленнем яго дзяцінства. Колькі ён перачысціў іх, перакупаў, колькі паездзіў конна – у сядле і без сёдлаў! Гады тры запар ен не заўважаў нічога вакол, апроч коней; кожны дзень пасля ўрокаў бег на стайню і вяртаўся з яе толькі на ноч, каб назаўтра да прыходу дзяжурнага зноў быць там. Пагранічнікі жартавалі часам, што Ігар – нязменны днявальны на іхняй канюшні, і ён бы з задавальненнем згадзіўся штодзень дняваліць, калі б не ўрокі ў школе.
        На стайні заўжды было мноства цікавага, пачынаючы ад кармлення і вадапою, чысткі скрабком і шчоткай і канчаючы ўрачыстым рытуалам вывадкі з пастраеннем, мітуснёй чырвонаармейцаў, прыдзірлівай строгасцю начальства, якое насоўкамі правярала чысціню конскіх бакоў. Было штось бязмерна захапляючае ў коннай яздзе, занятках па вальтыжыроўцы, але асабліва захапляла яго рубка лазы на пляцы за стайняй, калі ўздоўж рада стаякоў з лазовымі прутамі галопам скакалі кавалерысты, направа і налева секучы канцы гэтых прутоў. А чаго варта была джыгітоўка самага ліхога конніка ў атрадзе славутага лейтэнанта Хакасава!
        Але вывадку, рубку, джыгітоўку ён назіраў збоку, сам не прымаючы ў іх удзелу – яго яшчэ не пускалі ў строй і нават ні разу не дазволілі сесці з шашкай на каня. Іншая справа – купанне. На мурожным беражку возера, ля пясчанай водмелі стаяла старая, пагрызеная конавязь, і амаль кожны спякотны поўдзень да яе прыводзілі потных, змораных коней. Тут ужо Ігар адводзіў душу, плёскаўся да таго часу, пакуль апошні конь не выходзіў з возера.
        Звычайна ён прыязджаў на Мілцы – маладой рыжай кабыле з танканогім брыкастым жарэбчыкам. Мілка была замацавана за камандзірам аддзялення сяржантам Міцяевым, з якім у Ігара склаліся зусім асаблівыя, можа, нават незвычайныя між хлапчуком і дарослым адносіны. Гэты Міцяеў хоць і служыў тэрміновую, але, у адрозненне ад іншых дваццацігадовых байцоў-пагранічнікаў, здаваўся Ігару амаль старым, з парэзаным маршчынамі тварам, цяжкою хадой і нязграбнай марудлівасцю пажылога вясковага дзядзькі. Родам Міцяеў быў аднекуль з Сібіры, дома ў яго засталіся дарослыя дочкі, і ён даўным-даўно павінен быў бы прызвацца ды і адслужыць сваю службу, калі б не нейкая блытаніна ў яго дакументах, дзе значылася, што Міцяеву ўсяго толькі дваццаць гадоў. Як гэта сталася, не мог растлумачыць і сам Міцяеў, які толькі лаяў нейкага п’янага дзяка ў царкве, з ласкі якога яму давялося служыць разам з тымі, хто мог быць яму зяцем.
        Коні для Міцяева не былі ў навіну, напэўна, за свой век ён перавадзіў іх нямала і таму ахвотна давяраў сваю Мілку ўвішнаму сыну ветэрынара. Ігар карміў яе, чысціў, мыў і выгульваў, у той час як Міцяеў вучыў ды пахвальваў, а то і проста адпачываў, смокчучы сваю цыгарку ў курылцы. Здаралася, што ён нават заступаўся за свайго памочніка перад ягоным бацькам, калі той ушчуваў сына за доўгую адсутнасць дома, што, вядома, не магло не адбівацца на ўроках. Адносіны ў яго з Міцяевым увогуле склаліся такія, што лепшых не пажадаеш, і стары Іваноўскі не раз казаў, што гэты сібірак, напэўна, заменіць хлопцу і бацьку. Ігар не пярэчыў, ён лічыў, што Міцяеў і на самай справе лепшы за бацьку, які не жыў з маці, любіў часцяком выпіць і зусім не песціў увагай свайго самапаса-сына.
        Аднойчы звычайныя турботы з коньмі былі парушаны невялікай падзеяй – на возера прывезлі лодку. Прывёз яе на параконнай фурманцы старшына Белуш, які тут жа апрабаваў яе на вадзе і аб’явіў, што лодка належыць самому каменданту – капітану Зарубіну і што ніхто не павінен дакрануцца да яе пальцам. Каб гарантаваць гэтую яе недатыкальнасць, Белуш прыладзіў ланцуг і прымкнуў лодку да стаяка конавязі. Лодка амаль усё лета праляжала на прывязі, Зарубін ёю не карыстаўся, і местачковыя хлапчукі згаралі ад такога зразумелага жадання паплаваць на ёй па возеры.
        Неяк раз надвячоркам, калі коні былі ўжо выкупаны і стаялі на прывязі, а днявальныя пайшлі ў камендатуру вячэраць, Ігар узяў сваю вуду і пайшоў на пратоку лавіць акунёў. Клявала, аднак, кепска, і ён ужо сабраўся перайсці на іншае месца, як з алешніку вылезлі Колька Бароўскі і Яша Фінкель, школьныя яго сябры. Пасля нядоўгай размовы яны далі зразумець, што есць магчымасць «стырыць» камендантаву лодку і сплаваць на ёй да другога берага, дзе сінеў вялікі хваёвы лес і дзе ніхто з іх яшчэ не быў. Ігару гэта задумка здалася надта зваблівай: каго з местачковых хлопцаў не захапляў той бераг, дабрацца да якога было дужа цяжка – перад ім ляжала топкае, з праваллем балота ў вусці пратокі, у якой, казалі, жыве вадзянік. Было звабліва завалодаць лодкай, але на конавязі заставаўся дзяжурным Міцяеў, які адказваў за гэтую лодку перад самім капітанам Зарубіным. Праўда, гэтую прычыну тут жа адвёў Колька, сказаўшы, што Міцяеў мірна спіць пад кустом на папоне, а што датычыць замка, дык ён тут жа паказаў Ігару вялікі ключ ад бацькавага хлява з дрывамі, які замыкаўся такім жа замком, як і лодка Зарубіна. Ігару нічога болей не заставалася, як узяць гэты ключ і спакойна адамкнуць замок лодкі.
        Вёслаў у іх, аднак, не было, яны знайшлі доўгую яловую жэрдку і звалаклі лодку на водмель. Спярша адпіхваліся жардзінай, пасля пачалі грэбці рукамі, лодка выплыла на сярэдзіну, і тут аказалася, што яна дужа рассохлася на беразе і праз яе барты ручаямі ліецца вада. Выліваць ваду не было чым, яны спрабавалі выплёскваць яе рукамі, але лодка ўсё больш асядала кармой у ваду, і неўзабаве хлопцам давялося спешна пакінуць судна. Насёрбаўшыся цёплай вады, яны неяк дабраліся да берага. Лодка ж спакойна сабе затанула.
        Міцяеў ля конавязі спаў так моцна, што нічога не ўчуў, а хлопцы высушыліся на пагорачку і да вечара ўжо былі дома. Назаўтра, ведама, пачаліся пошукі прапажы, аказалася, што хтось бачыў паблізу ад купальні местачковага распусніка Цёмкіна, на якога тут жа і склалі пратакол. Спрабавалі дапрасіць таксама і Ігара, які з раніцы быў ля коней, але дзяжурны Міцяеў не мог нават уявіць свайго памагатага ў ролі злодзея і паручыўся ў яго невіноўнасці. I калі праз дзень Ігар усё ж прызнаўся Міцяеву ў сваёй віне, той спярша не паверыў. Давялося паказаць месца на возеры, дзе неглыбока на ілістым дне затанула лодка, якую хутка паднялі і прыцягнулі на бераг. Убачыўшы яе, Міцяеў толькі плюнуў у пясок і адышоўся ўбок, нават не зірнуўшы на свайго памочніка. Іх двухгадовае сяброўства на тым і скончылася. Да самай дэмабілізацыі Міцяеў не сказаў хлопцу ніводнага слова, быццам не заўважаў яго, не адказваў на яго прывітанне, пры сустрэчы праходзіў міма, нават не пазіраючы ў яго бок. Ігар не крыўдаваў, ён ведаў: гэтая пагарда была ім заслужана.
        
        На іхнім шляху неўзабаве аказаўся рэдзенькі малады хвойнік – пасадка, яны хутка прайшлі яго між роўных радоў падросту, і раптам абодва спыніліся. На самым узлеску, пэўна, была дарога, па якой цяпер некуды ўбок марудна, віхляючы на выбоінах, паўзлі ў цемры машыны. Спачатку Іваноўскаму здалося, што ён зблытаў напрамак і выйшаў да той самай шашы. Але хутка ён зразумеў, што гэта зусім не шаша, а, напэўна, якая паваротка з яе ўбок. Але чаму на гэтай паваротцы машыны?
        Стаіўшыся, ён нядоўга пастаяў на ўзлеску. Машыны паўзлі зусім блізка, пярэдняя ішла з уключанымі фарамі, віхляючы па калдобінах крытым высокім кузавам. Тры іншыя машыны, што ішлі следам, былі таксама высокія і крытыя, – што яны везлі, немагчыма было зразумець. Але той факт, што машыны з’язджалі ўбок з галоўнай магістралі, наводзіў лейтэнанта на некаторыя прыемныя думкі. Болей не пад’язджаючы да гэтай дарогі, ён павярнуў на ўзлеску ўслед за машынамі.
        Цяпер ён ішоў вельмі марудна, часта спыняўся і слухаў. Далёкі нутраны гул дызеляў нейкі час яшчэ быў чуваць, пасля, заглушаны павевам ветру, неяк адразу сціх. Іваноўскі паправіў на сабе дзягу з цяжкой гранатай, азірнуўся на Піваварава. Той быў побач; прыціхлы ў прадчуванні небяспекі, ён ледзьве спраўляўся са сваім дыханнем.
        – Ану, паглядзім, што там. Ты адстань трошкі...
        Півавараў кіўнуў, таўхануў локцем вінтоўку, рэмень ад якой наўкось перарэзаў яго белыя ў маскхалаце, вузкія грудзі. Ведама, трохі слабаваты аказаўся яго памочнік, але тут і дужы напэўна не вытрываў бы. Зашорхаўшы па снезе лыжамі, Іваноўскі пайшоў па ўзлеску.
        Хвойнічак хутка скончыўся, наперадзе быў ручай або рэчка з кустоўем па берагах, Іваноўскі з прыкметнай натугай зморанага чалавека перабраўся цераз яе і яшчэ прайшоў полем. Нечакана для сябе ён убачыў дарогу – дзве глыбока прарэзаныя ў снезе аўтамабільныя каляіны. Каб не пераходзіць яе і не згубіць у цемры, ён вярнуўся назад і на некаторай адлегласці пайшоў полем.
        Вёска паявілася нечакана хутка – без адзінага гуку, без бляску святла, з шэрага паўзмроку перад ім раптам вьшікла страха хлеўчука, за ёю другая, і лейтэнант тут жа ў думках вылаяў сябе за неасцярожнасць – ад вёскі трэба было трымацца далей. Толькі ён наважыў павярнуць у поле, як перад ягоным позіркам за вуглом хлеўчука мільгануў характэрны абрыс гусенічнага ўсюдыхода. Тут жа было і яшчэ нешта, незразумела грувасткае ў паўзмроку. Тонкая патарчака ад яго высілася ў небе, і, паўзіраўшыся крыху, лейтэнант зразумеў, што гэта антэна. Вядома, у вёсцы не магло быць ніякае базы, затое магло размясціцца на ноч якое тылавое ці маршавае падраздзяленне немцаў.
        – Бачыў? – ціха запытаўся Іваноўскі ў напарніка.
        – Ну.
        – Што гэта, як думаеш?
        Півавараў толькі цепнуў плячом, ён не ведаў, што гэта, як не ведаў таго і лейтэнант, які цяпер звяртаўся да яго, як да роўнага. Калі б было ў яго пяць або дзесяць байцоў, Іваноўскі нізашто б не дазволіў сабе такога ў адносінах да іх панібрацтва, але цяпер для яго гэты Півавараў быў больш чым баец. Ён быў першы яго памочнік, ягоны намеснік, галоўны яго дарадца – іншага тут узяць не было дзе.
        Выкінуўшы ўбок лыжу, Іваноўскі развярнуўся ў поле, Півавараў павярнуў таксама, яны крута ўзялі ў абход вёскі. Але, крыху прайшоўшы па снежным полі, лейтэнант спыніўся пры думцы: а раптам гэта які-небудзь буйны штаб немцаў? Штаб ім спатрэбіўся б нават болей, чым тая злашчасная база, якую немаведама дзе было шукаць уначы.
        Хвіліну ён пастаяў на ветры ў роздуме, згадваў, што можна было зрабіць. Побач чакаў Півавараў. Баец разумеў, мабыць, што камандзір рашаў штосьці важнае для абодвух, і чакаў гэтага рашэння са спакойнай салдацкай вытрымкай, А Іваноўскі думаў, што, ведама, лепей бы абысці гэта асінае гняздо, але, можа, спачатку варта было падкрасціся бліжэй, разведаць – авось надарыцца што-небудзь зручнае і ім пашанцуе болей, чым з той базай.
        Пакуль яны стаялі так у нерашучасці, дзесьці ў вёсцы бліснула плямка святла, штось асвяціла на снезе і тут жа пагасла. Гэты выпадковы пробліск нічога не вытлумачыў ім, але паказаў у цемры напрамак, пэўнае месца. Мабыць, там была вуліца, і лейтэнант урэшце наважыўся падысці да яе бліжэй, каб зразумець, што там адбываецца.
        – Так, Піваварчык, прыадстань. I паціхеньку – за мной!
        Півавараў згодна кіўнуў, Іваноўскі рашуча адштурхнуўся палкамі і пайшоў да вёскі.
        Спярша на ягоным шляху паявіўся стары паламаны плот, праз дзірку ў якім ён выйшаў на гарод і ў начным паўзмроку наткнуўся на тонкія дрэўцы з кустоўем – падобна, на мяжы двух гародаў. Ён павярнуў крыху ўбок і пад прыкрыццём гэтых дрэўцаў пайшоў па неглыбокім снезе да цемнаватых сілуэтаў будынін. Вакол па-ранейшаму было ціха, халаднавата, парывамі дзьмуў вецер, у паветры коса несліся негустыя сняжынкі. Ніякіх пэўных гукаў сюды не далятала, але ўсё ж па якіхсьці невыразных прыкметах Іваноўскі ўгадваў прысутнасць у вёсцы чужых, якімі цяпер маглі быць толькі немцы. Адчуваючы, што вось-вось нешта для яго адкрыецца, ён асцярожна ішоў да будынкаў.
        Зусім ужо блізка горбілася заснежаная страха хлява, ля якога крывабока тырчэў падскубаны з аднаго боку і падпёрты жардзём стажок. Дрэўцы межавай пасадкі тут разам канчаліся, крайняй у радзе была раскідзістая грушка з таўставатым, прыкметным сярод танканогага вішняку камлём. Убачыўшы яе зводдаль, Іваноўскі падумаў, што за гэтым грушавым камяльком, мабыць, трэба прысесці, перачакаць. Але ён яшчэ не дайшоў да грушкі, як зусім невядома адкуль ля стажка паявілася нейкая постаць у расшпіленай даўгаполай вопратцы, і ён, скалануўшыся, сцяміў: немец! Немец ад нечаканасці на секунду знерухомеў, пільна ўгледзеўся ў яго, але тут жа, мабыць, спакайнеючы, пракартавіў здаля:
        – Es schien, ein Russe...1
        Іваноўскі нічога не зразумеў і, мабыць, надта рэзка рвануў рукаятку аўтамата, які вісеў на яго грудзях. Затвор гучна шчоўкнуў у цішы, немец, зразумеўшы памылку, прыдушана крыкнуў і вёртка кінуўся па снезе ад стажка – наўскос, цераз гарод, да суседняга дома. На секунду разгубіўшыся, Іваноўскі прысеў і, здаецца, своечасова: тут жа ад будынін бухнуў адзіночны стрэл, куля гучна шчоўкнула ў намерзлым голлі кустоўя. Але ён ужо быў напагатове і з калена коратка тыркнуў чаргой па шэрым вугле за парканам, пасля другой чаргой – ніжэй, па ўцекачу, які ўжо быў гатовы схавацца ў цень будыніны. Апошнія яго кулі былі, аднак, лішнія – немец адразу ткнуўся галавой у снег і застыў там; Іваноўскі тут жа выкінуў левую лыжу на разварот, схапіў адну палку. Другую, спяшаючыся, ен упусціў у снег і толькі нагнуўся за ёй, як у цемры двара зноў пыхнула чырвоным агнём, і ён ціха войкнуў ад глыбокага, вострага ўдару ў плечы. Адразу адчуў, што паранены, знячывелы шалёна рвануўся на лыжах з гэтага гарода, туды, дзе нецярпліва чакаў яго Півавараў.
        Прамарудзіўшы напачатку, немцы падарылі яму чвэрць хвіліны дарагога для яго часу. Ён ужо праскочыў палову межавых прысадаў, як яны толькі пачалі выбягаць з двароў на гарод. Хтось закрычаў там, камандна і строга, і чалавек пяць іх пусцілася за ім наўздагон. Ён добра іх бачыў, азірнуўшыся, і на секунду, відаць, разгубіўся, цямячы, спыніцца яму каб агнём з ППД збіць іх увішнасць, або хутчэй бегчы ў цемру. Але хутчэй у яго ўжо не выходзіла, ён хутка слабеў ад болю і ледзьве ўпраўляўся з лыжамі.
        Ззаду некалькі разоў стрэлілі – часта і не дужа гучна, бадай, з пісталетаў, але ён усё ж адарваўся ад даганятых, цяпер трапіць у яго было цяжка. I ўсё ж адна куля ўдарыла кудысь пад ногі, ён, не азірнуўшыся, прыгнуўся ніжэй і з усіх, хутка слабеючых сіл стараўся прарвацца з гарода. Але вось і яшчэ адна куля працягнула вісклівую сваю струну над самай яго галавой, ён падхапіў аўтамат, каб выпусціць назад чаргу, як аднекуль спераду моцна і гучна бабахнула раз і другі. Ён зразумеў радасна, амаль паратоўча – гэта Півавараў; стрэл свае трохлінейкі ён бы пазнаў дзе хочаш. Тым часам з паўзмроку амаль насустрач яму адзін за адным бліснулі тры частыя ўдары, кулі прайшлі зусім побач, але ен ужо нёс у сабе ўпэўненасць: свая куля яго не зачэпіць.
        – Хутчэй, таварыш лейтэнант!
        Іваноўскі ўпаў, трохі не дайшоўшы да плота, але не ад болю ў грудзях, які хутка авалодваў усёй яго правай паловай цела, а таму, што не хапіла дыхання. Ён задыхнуўся. Але ён ведаў, што Півавараў ужо дзесь побач і не пакіне яго.
        Выплюнуўшы з рота снег, ён тут жа паспрабаваў падняцца, але ногі яго дзіўна пацяжэлі, да таго ж заміналі скрыжаваныя пры падзенні лыжы. Адна з іх зусім саскочыла з яго нагі, тады ён тузануў другой і таксама вызваліў яе з рамянёў. Ззаду і яшчэ хлопнула некалькі стрэлаў, але яго, здаецца, ужо не даганялі, іх затрымаў Півавараў, які і выбег да яго з прыцемак.
        – Таварыш лейтэнант!..
        – Ціха! Дай руку.
        – Я ўлажыў там аднаго! Хай цяпер сунецца...
        Здаецца, ён і не надта здзівіўся яго раненню, хутка памог падняцца, але байца, мабыць, займала іншае, і ён нават не спрабаваў таго ўтаіць. Падобна было, што ён і не здагадваўся, як проста цяпер іх маглі забіць тут абодвух.
        Лейтэнант хацеў быў сабраць лыжы, але зноў у галаве ў яго закружылася, і ён ткнуўся плячом у мяккі марозны снег. Півавараў, напэўна, толькі цяпер зразумеў стан камандзіра і, скінуўшы са сваіх ног лыжы, кінуўся на дапамогу.
        – Што вас, здорава, га? Таварыш лейтэнант!
        – Нічога, нічога, – выціснуў з сябе Іваноўскі. – Памажы.
        Трэба было як мага хутчэй адсюль уцякаць, з хвіліны на хвіліну іх маглі дагнаць немцы. Півавараў раптам прымоўк і, падтрымліваючы лейтэнанта, павёў яго кудысьці ў цемру, далей ад вёскі, у поле. ІваноўскІ пакорна валокся па снезе, заплятаючыся нагамі, у галаве яго хмельна кружылася, здавалася, вось-вось пачнуцца ваніты. Два разы ён выплюнуў на снег штосьці цёмнае, не адразу сцяміўшы, што гэта кроў. «Добра атрымаў!.. Добра атрымаў!..» – думаў ён амаль са злараднасцю, як пра кагось іншага, не пра сябе.
        Яны не азіраліся, і без таго было зразумела, што ззаду не ўціхаў вэрхал, раздаваліся крыкі. Праўда, стрэлаў ужо не было, але трывожлівыя галасы ззаду падганялі іх болей за стрэлы. Відаць, немцы высыпалі на ваколіцу або, можа, ішлі следам. У Іваноўскага ўжо ўсё было мокра ад поту і крыві, на баку праз бязь маскхалата праступіла вялікая цёмная пляма; ён загнана дыхаў, плюючы на снег крывянымі згусткамі. Некалькі разоў абодва яны падалі, але Півавараў тут жа ўскокваў, хапаў лейтэнанта пад пахі, і яны зноў хістка і няроўна валакліся ў шэрым марозным сутонні, пятляючы па зімовым, прадзьмутым усімі вятрамі полі.
        Калі ўжо зусім знясілелі абодва, лейтэнант, неяк выплюнуўшы крывавую пену, прамычэў: «Стой!» – і ўпаў бокам на снег. Побач упаў Півавараў. Ужо нідзе не было нічога чуваць і не відаць нічога, нават не зразумець было, у якім баку вёска. Думалася, што яны апынуліся на краі свету, дзе няма ні сваіх, ні немцаў, і Півавараў, аддыхаўшыся, сеў на снезе.
        – Зараз перавяжам, – сказаў ён, лапаючы па кішэнях у пошуках бінта. – Куды вас?
        – У грудзі. Пад рукой во...
        – Нічога, нічога! Зараз перавяжу. А я таму як даў, дык адразу... Другі, гляджу, драла... Цэлую абойму выпусціў!
        Іваноўскі адкінуўся на спіну, зняў дзягу, расшпіліў ватоўку, Півавараў сцюдзёньші рукамі абмацаў цела. Кроў, якая багата намачыла адзенне, пачала ўжо астываць і пякла на марозе, як лёд. Зрэшты, пёкся, магчыма, снег, якога набілася ўсюды, лейтэнант скаланаўся ад дрыжыкаў, але трываў моўчкі. Баец туга абкруціў яго грудзі двума ці трыма пакетамі, моцна завязаў канцы.
        – Вельмі баліць?
        – Ды ўжо ж, баліць, – раздражнёна адказаў Іваноўскі. – Усё, зашпілі дзягу.
        Півавараў памог камандзіру зашпіліць на ватоўцы дзягу, абцягнуў падол маскхалата. Памалу лейтэнант пачаў грэцца, хоць цела яго па-ранейшаму білі дробныя нервовыя дрыжыкі.
        – Не трэба было туды ісці, – сказаў баец, выціраючы аб штаны запэцканыя крывёй рукі.
        – Што ж ты не сказаў раней?
        – Дык я не ведаў, – паціснуў адным плячом Півавараў.
        – А я ведаў? – раздражнёна кінуў лейтэнант.
        Ён разумеў, што робіцца злы і несправядлівы і што Півавараў тут ні пры чым, што ва ўсім ён вінаваты сам. Але менавіта ўсведамленне гэтай вінаватасці больш за ўсе і злавала Іваноўскага. Так, цяпер ён уліп, загубіў сябе і, мабыць, гэтага байца таксама, канчаткова праваліў важнае заданне з базай, нічога не дабіўся ў вёсцы. Але зрабіць інакш – абысці бокам базу, штаб, гэтую вёску і тым зберагчы сябе – ен не мог. На такой вайне гэта было б злачынствам.
        – Дыскі давайце сюды. I аўтамат таксама. Я панясу, – ціха сказаў Півавараў, і Іваноўскі моўчкі згадзіўся – цяпер, вядома, ён многа несцІ не мог.
        Сабраўшы ў сабе рэшту сілы, ён толькі павярнуўся, каб сесці на снег.
        – Што ж, трэба ісці.
        – Ага, давайце вунь туды. Як ішлі, – ажывіўся Півавараў. – Яй-богу, тут недзе павінна быць вёска.
        – Вёска?
        – Ну. У нейкую вёску трэба. Без немцаў каб.
        Мабыць, так, падумаў Іваноўскі. Цяпер ім толькі і застаецца прыбіцца ў якую-небудзь вёску, да сваіх людзей, болей няма куды дзецца. Ён проста не адразу зразумеў, як крута гэта яго раненне мяняла ўсе яго планы. Цяпер, мабыць, трэба болей клапаціцца пра тое, каб не трапіць да немцаў. Базы яму ўжо не бачыць...
        
        ––––––––––––
        1 Мне здалося, рускі... (ням.)

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.