РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дажыць да світання
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
5
        
5

        
        Ранейшы тэмп гэтай шалёнай гонкі быў канчаткова страчаны, каторую гадзіну яны валакліся ў завеі, як сонныя мухі, і лейтэнант клапаціўся толькі пра тое, каб не згубіць напрамку. Раз за разам ён спыняўся, трэба было зарыентаваць компас і пачакаць валакушу з Хакімавым. Краснакуцкі і Півавараў выбіваліся з сілы, ды і сам ён хістаўся ад знямогі, у галаве п’яна круцілася ад ветру, важка адцягвала плечы зброя, усё болыц балела нага. Але ён па-ранейшаму ішоў наперадзе, і, надзіва, ад яго ні на крок не адставаў Суднік. Баец быў нагружаны звыш меры: апроч сваіх бутэлек з КС, нёс яшчэ дзве кілаграмовыя гранаты Хакімава, яго вінтоўку, якую яны не кінулі, і яго рэчмяшок.
        У цемры ім неяк трапіўся завеяны снегам стажок, згледзеўшы які, лейтэнант збочыў з прамой і праз хвіліну знясілена ткнуўся плячом у прысыпанае снегам, але па-ранейшаму поўнае летняга водару сена. Ногі яго на лыжах неяк слізка паехалі ўбок, і ён мякка споўз целам у затрэсеную сенам гурбіну. Некалькі секунд ціха ляжаў у салодкай знямозе, закрыўшы вочы і адчуваючы, як усё пад ім закружылася ў нейкім сонным бяздумным карагодзе. Спалохаўшыся, што засынае, ён вялізным намаганнем волі прымусіў сябе падняцца. Не, здаецца, ніхто не заўважыў гэтае яго хвіліннай слабасці, ад якой ён сумеўся ў тую хвіліну болей чым ад чаго-небудзь Іншага. Тым часам падышоў да стажка Суднік, прыцягнулі палатачную валакушу з Хакімавым. Апошыі, таксама знямогла, выпаўз са змроку Лукашоў. Усе моўчкі пападалі пад стажком.
        – Многа яшчэ? – натужліва выдыхнуў замыкаючы.
        – Нямнога, нямнога, – з ненатуральнай бадзёрасцю адказаў лейтэнант. – Але трэба налегчы. Там шаша, яе мы павінны перайсці да світання. Удзень нічога не выйдзе.
        – Так, усё ясна, – сказаў Лукашоў. – Тады патопалі,
        – Ну, трэба ісці, – згадзіўся лейтэнант, аднак не знаходзячы ў сабе сілы адразу адарвацца ад мяккага боку стажка.
        – Ну, узялі саначкі. Раз, два! – закамандаваў Лукашоў, і лейтэнант не першы ўжо раз адзначыў у думках, што гэты сяржант усё болей упэўнена стаў камандаваць у групе.
        Ён і ў дарозе ўсё пакрыкваў на астатніх, падганяў, указваў. Заняты сваім, Іваноўскі дагэтуль проста не думаў, добра гэта ці не. Зрэшты, у якасці замыкаючага сяржант задавальняў яго цалкам. Замыкаючы з яго быў выдатны, у такога напэўна ніхто не адстане.
        – Так, устаць. Устаць! – нягучна, са звыклай настойлівасцю камандаваў Лукашоў, які сам ужо стаў на лыжы і гатовы быў рушыць у шлях.
        З відавочным намаганнем падняўся Краснакуцкі, закінуў за плечы раменную лямку ад валакушы. Адзін Півавараў застаўся сядзець, прыхінуўшыся бокам да сена, і не кратаўся.
        – Ну а ты што? Асобнага запрашэння чакаеш? Півавараў
        Півавараў слаба паварушыўся і не ўстаў.
        – Што гэта з вамі? – запытаўся лейтэнант.
        – Я не магу, – з дзіўнай у іх становішчы адкрытасцю сказаў баец.
        – Як гэта – не магу?
        – Не магу. Пакіньце мяне...
        – Вось гэта нумар! – здзівіўся Іваноўскі. – Ты што, жартуеш?
        – Дурыць ён, а не жартуе! – зазлаваў Лукашоў і прыкрыкнуў: – Ану, устаць!
        Тонкі слабасільны Півавараў, мабыць, не разлічваў на такую дарогу і ўжо дайшоў да мяжы ў сваіх і без таго не дужа вялікіх магчымасцях. Наўрад ці ад яго можна было чаго дабіцца, але і пакідаць яго пад гэтым стажком таксама было немагчыма.
        – Ану, уставайце! – строга скамандаваў Іваноўскі. – Сяржант Лукашоў, падніміце байца!
        Ён не мог болей нічога, апроч як ва ўсёй строгасці выкарыстаць сваю ўладу – толькі яна магла тут падзейшчаць. Лейтэнант, вядома, разумеў усю бессардэчнасць свайго далёка не таварыскага патрабавання, разумеў, што гэты ўвогуле паслухмяны і старанны баец заслугоўваў лепшага з ім абыходжання. Але цяпер Іваноўскі перакрэсліў у сабе ўсякую сяброўскую сардэчнасць, пакінуўшы адну толькі халодную камандзірскую патрабавальнасць.
        Лукашову, відаць, не трэба было загадваць двойчы, ён ступіў да байца і вырваў са снегу палку.
        – Чуў? Устаць!
        Півавараў расслаблена заварушыўся, пачаў уставаць, нібы аб чымсь разважаючы і ледзьве перамагаючы ў сабе знямогу. I Лукашоў ускіпеў:
        – Канчай прыдурвацца! Устаць!
        Дужым рыўком за каўнер сяржант паспрабаваў паставіць байца на ногі, але Півавараў толькі заваліўся на спіну, ускінуўшы нагу з лыжай. Лукашоў ірвануў яшчэ – баец шэрым бяссільным комам скурчыўся ў паднятай ім снежнай віхуры.
        Не адолеўшы ў сабе дзіўнага, не ў лад з ягоным жаданнем пачуцця, лейтэнант рэзка перакінуў на разварот здаровую з лыжай нагу.
        – Адставіць, Лукашоў!
        – Што там адставіць! Нянькацца з ім... бач, прыкідваецца!
        – Так, ціха! Ён не прыкідваецца. Півавараў, ану... Пару глыткоў.
        Ён зняў з дзягі пляшку, усю дарогу ашчаджаную ім на пасля, на заўтрашні дзень, які, мяркуючы па ўсім, прыйдзецца праседзець у снезе, ды на дарогу назад, якая, зусім магчыма, будзе цяжэй, чым гэта. Нават напэўна будзе. Прынамсі, іх цяпер не праследавалі, іх проста яшчэ не бачылі, ноч і завея надзейна хавалі іх след. А што будзе заўтра? Можа, так здарыцца, што заўтра яны будуць з зайздрасцю ўспамінаць гэтую ўвогуле ціхую ноч. Але як бы там ні было сёння, а калі яны не дойдуць да месца, дык проста не атрымаюць магчымасці на гэта іх заўтра.
        Півавараў некалькі разоў глытнуў з пляшкі, пасядзеў яшчэ, нібыта ў роздуме, і аслабела, хістка падняўся.
        – Во і добра. Давай сюды вінтоўку. Давай, давай! А рэчмяшок возьме Лукашоў. Вазьміце, сяржант, у яго рэчмяшок. Зусім мала асталося. Самая дробязь. Затое давідна зашыемся ў ельнік, разведаем, выгледзім і вечарам такі тарарам зробім! На ўсю Смаленшчыну. Толькі б Хакімава дацягнуць. Як ён там, дыхае?
        – Дыхае, таварыш лейтэнант, – сказаў Краснакуцкі, беручыся за сваю раменную лямку– А можа 6, пакінуць, га, таварыш лейтэнант? Закапалі б у стажок...
        – Не! – цвёрда сказаў Іваноўскі. – Не выйдзе. А раптам немцы? Тады што? Нам жыць, а яму прападаць? Што тады генерал скажа? Памятаеце, ён нам наказваў: трымайцеся адзін за аднаго, болей вам не будзе за каго трымацца.
        – Яно-то так, – уздыхнуў Краснакуцкі. – Ды каб недарма цягнулі...
        Гэта праўда, падумаў Іваноўскі, магчыма, і дарма. Зусім можа быць, што іх намаганні ў адносінах да Хакімава акажуцца марнымі. Хутчэй за ўсё так і будзе. Столькі часу баец у непрытомнасці, ды яшчэ гэтая калатнеча, сцюжа, – закачанее, і ўсё. Верагоднасць такога канца была надта вялікай. Але бяда ў тым, што фізічныя здольнасці параненага, мусіць, кепска дапасоўваліся да сілы байцоў, якія могуць выдыхнуцца раней, і тады ўсім будзе кепска. Іваноўскі, не прызнаючыся нават сабе, пачынаў невыразна адчуваць, што Хакімаў паволі, але, напэўна, воляю франтавога лёсу ператвараецца з харошага байца і таварыша ў міжвольнага іх мучыцеля, калі не болып. Ніхто пра тое яшчэ не сказаў ніводнага слова, але відавочна ўсе яны пачалі адчуваць нешта падобнае ў адносінах да гэтага бедалагі.
        Навучаны горкім уласным вопытам, лейтэнант выдатна разумеў, якая гэта бяда – паранены ў групе. I справа тут не толькі ў страце яшчэ аднаго патрэбнага байца. Гэта раненне нязносным фізічным грузам клалася на ўсіх і ставіла пад пагрозу выкананне баявой задачы. Цяпер яны, безумоўна, спозняцца, не здолеюць у цемры перайсці шашу, застануцца ў снезе на полі, дзе на іх проста могуць наткнуцца немцы. Але як ні перажываў Іваноўскі ад усведамлення такой бязрадаснай перспектывы, ён не мог дапусціць і думкі, каб пакінуць параненага. Абавязак камандзіра і чалавека ўладарна дыктаваў яму, што лёс гэтага небаракі, пакуль ён жывы, не можа быць выдзелены з іх агульнага лёсу. Кожны з іх павінен зрабіць для яго ўсё, што зрабіў бы для самога сябе. Гэтае правіла было законам для разведчыкаў Волаха, такім яно застанецца і ў групе Іваноўскага.
        Як і ўсе ў групе, яе камандзір амаль выбіўся з сілы за гэтую надзвычай цяжкую ноч. З натугай пераадольваючы не моцны, але несціханы боль, ён ледзьве варушыў параненан нагой. Тым не менш, утаіўшы ад астатніх сваё раненне, ён заставаўся ў вачах байцоў роўны з усімі ў сваіх фізічных магчымасцях, і гэта без скідкі накладвала на яго роўныя з іншымі абавязкі. З нейкага часу ён пачаў адчуваць у сабе некаторую няёмкасць за тое, што, вымушаючы іншых на звышчалавечыя намаганні, сам ішоў улегцы, узяўшы ў якасці дадатковай нагрузкі толькі вінтоўку Піваварава. Ён не мог многага, але абавязак таварыскасці патрабаваў сумленна падзяліць з астатнімі ўсе іх дарожныя нагрузкі.
        Яны абышлі хвойны ўзлесак і зноў рухаліся ўздоўж рэчышча, якое здавалася Іваноўскаму адносна бяспечным участкам шляху. На карце тут значыліся толькі лугі, хмызнякі і балоты, вёсак паблізу не было, і сустрэча з немцамі меркавалася найменш верагоднай. Дзве перамеценыя снегам дарогі яны перайшлі ўдала, нікога на іх не сустрэўшы. Цяпер заставалася апошняя – вялікая і, вядома, па-тылавому ажыўленая шаша, перайсці якую можна толькі ўначы. Але да шашы было яшчэ кіламетраў пяць – сем, і лейтэнант, хістаючыся ад знямогі, пачакаў Краснакуцкага.
        – Ну як?
        – Ды во, хутка выцягнуся. Далі б глыкнуць, ці што?
        Лейтэнант даў яму пляшку, той зрабіў некалькі зацяжных глыткоў.
        – Ну, лепш?
        – Нібыта. Хутка зашабашым?
        – Хутка, хутка. Давайце памаіу. Удвох пацягнем.
        – Ну якое ўдвох! Толькі тузацца будзем. Ужо сам як-небудзь... Быццам буран сціхае?
        Лейтэнант азірнуўся і, на здзіўленне сваё, убачыў, што завея сапраўды амаль сціхла. Чорнае неба прыўзнялося, аддзялілася ад зямлі, унізе ляжала надзіва спакойнае белае поле, нібыта прыпухлае ад сакавітай начной белізны. Па баках зноў паявілася шэрая блытаніна хмызняку з рэдкімі плямамі маладых елачак. Мабыць, набліжаўся ранак. Ацяжэлай рукой лейтэнант дастаў з кішэні гадзіннік – было чвэрць на сёмую.
        – Ого! Яшчэ адзін рывок – і канец. Прывал да самага вечара.
        Новы непакой на нядоўгі час надаў сілы, і лейтэнант энергічна заслізгаў лыжамі. З’явілася новая прыкрасць ад таго, што так не ў час сціхла завея, якая цяпер была б куды як дарэчы. Без завеі перайсці шашу будзе трудней, тым больш калі яны спозняцца. Здаецца, ім не хопіць якой гадзіны цёмнага часу, і гэтая гадзіна можа вырашыць усё. Генерал у кароткім наказе перад выхадам настойліва раіў максімальна выкарыстаць цемнату – толькі ноч абяцала ім нейкую надзею на поспех, удзень, згледзеўшы іх, немцы, вядома, пастараюцца знішчыць усіх да апошняга. Што гэта іменна так, лейтэнант выдатна разумеў без доказаў, і ўсё ж ён быў удзячны генералу за яго клопат і добрую параду, у якой адчувалася нешта зусім не генеральскае, а болей бацькоўскае ў адносінах да ўсіх і да лейтэнаыта таксама. Вядома, яны разумелі, што на іх ускладвалася і што з гэтай ночы рабіліся поўнымі ўладарамі ўласнага лёсу, бо ў трудную хвіліну дапамагчы ім не зможа ніхто – ні генерал, ні сам Бог. Але ўсю дарогу ў гэтай шалёнай ночы лейтэнант нёс у сабе ціхенькую іскрынку ўдзячнасці генералу за яго зусім не генеральскае стаўленне да іхняга лёсу. Гэтая іскрынка грэла яго, вяла і таіла ў сабе маленькую жаданую надзею на поспех.
        А ўсяго тры дні назад, аціраючыся пры штабе пасля выхаду з нямецкага тылу, Іваноўскі болей за ўсё баяўся трапіць на вочы менавіта гэтаму прыдзірліваму, строгаму і ўладарнаму генералу – начальніку штаба. Ды і не толькі ён – многія ў ціхай лясной вёсцы, дзе размясціўся штаб, з таропкай баязлівасцю праходзілі міма яго высокага, з блакітнымі аканіцамі, дома. Генерал быў бязлітасна строгі да ўсіх сваіх падначаленых, а тут, вядома, усе, апроч хіба самога камандуючага, былі ў яго прамым падначаленні. Аднаму Богу было вядома, за што ён мог кожную хвіліну прыдрацца: генерал не дараваў, калі кагось заставаў без справы, спаганяў за парушэнне формы адзення і маскіроўкі, лаяў тых, хто, на яго думку, недастаткова хутка выконваў загады, – ці мала за што можа прыдрацца да падначаленага строгі начальнік у арміі? Неяк міжвольна Іваноўскі зрабіўся сведкам, як генерал лаяў аднаго палкоўніка за адсутнасць нейкіх дадзеных на ўчастку левага фланга і як пасля гэтага палкоўнік, у сваю чаргу, разносіў камандзіра разведкі, дзве разведгрупы якога не вярталіся з-за лініі фронту, хоць мінулі ўсе тэрміны іх вяртання.
        Іваноўскі тут быў выпадковым, чужым чалавекам. За час сваёй не надта вялікай армейскай службы яму не даводзілася бываць нідзе вышэй штаба дывізіі, і цяпер ёя з цікавасцю назіраў жыццё гэтай тылавой установы. Разы два, зрэшты, у вёсцы паднімаўся перапалох, калі наляталі «юнкерсы», скінутыя імі бомбы, аднак, не ўчынілі асаблівай шкоды, апроч таго, што разбурылі пусты хляўчук ды забілі на вуліцы асядланую гнядую жаробку. У астатнім усё тут ішло мірна і роўна, хіба што часам па аддзелах пачынаў свой абход начальнік штаба, і тады ўсе палкоўнікі, капітаны і ўвішныя пісары ненадоўга перажывалі трывогу. Але неўзабаве, каму зрабіўшы вымову, а на каго проста накрычаўшы, генерал знікаў, і зноў у вёсцы ўсё ішло, як заўсёды.
        Пасля пераходу лініі фронту лейтэнант Іваноўскі паявіўся тут з двума ўцалелымі разведчыкамі, бо пасля смерці капітана Волаха палічыў сваім абавязкам далажыць аб усім, што здарылася за два тыдні іх блукання па нямецкіх тылах. Але заклапочаныя сваімі справамі штабныя начальнікі аднесліся да яго без асаблівай увагі, і гэта яго пакрыўдзіла. Надта свежым быў у яго памяці боль нядаўніх страт, смерць Волаха, усе іх неймаверныя перажыванні там, у нямецкім тыле, каб ён так проста мог прымірыцца з гэтай няўвагай. Ён прыйшоў у хату разведаддзела да бялявага маладога палкоўніка і з ходу пачаў выкладаць яму сутнасць справы, але той доўга і невідушча глядзеў на яго, яўна думаючы пра нешта іншае. Пасля палкоўнік абарваў ягоны расказ і загадаў усё падаць у пісьмовай форме. Нібы між іншым, ён запытаўся, ці прайшоў лейтэнант праверку ў Дольцаве, дзе знаходзіўся зборны армейскі пункт. Іваноўскі пакрыўдзіўся. Ён сказаў бяляваму, з прыгожа ўкладзенымі валасамі палкоўніку, што ў Дольцава ён паспее, а вось да нямецкага склада боепрыпасаў можна спазніцца і тады ўсе іх намаганні і ўсе страты, у тым ліку і смерць выдатнага армейскага разведчыка капітана Волаха, могуць аказацца дарэмнымі.
        – Як дарэмнымі? – здаецца, упершыню нешта сцяміў палкоўнік і адарваў аловак ад паперы, па якой старанна лінеіў нейкую складаную, з мноствам графаў табліцу.
        – Вельмі проста, – адказаў лейтэнант. – Загінулі без карысці. Ні за панюх табакі.
        – Во як! – сказаў палкоўнік і ўстаў, абцягваючы гімнасцёрку і крута выгінаючы зайздросна развітыя мускульныя грудзі. – Вы з якой, сказалі, дывізіі?
        Іваноўскі назваў дывізію і полк.
        – Гэта якой жа арміі? Гэта нават не нашага фронту. Так не пойдзе, пішыце аб’ясненне.
        Нічога не зробіш, давялося ўзяцца за гэта «аб’ясненне». Ён пісаў яго двое сутак, хаваючыся ад прыдзірлівага генерала, які якраз прыехаў з перадавой і, як звычайна, пасля нядоўгай адсутнасці наводзіў у штабе парадак. Іваноўскі часова прытуліўся ў штабным АХО, з пісарам якога напярэдадні выпіў пляшку шнапсу, і той велікадушна падзяліў з «нічыйным» лейтэнантам свой ложак у паўразбуранай пустой хаціне. Праўда, у дадатак да пляшкі давялося адарыць гасціннагга пісара трафейным люстраным компасам і назаўсёды расстацца з прыгожай запальнічкай-манахам. Але за два дні ён склаў падрабязную справаздачу памерам у два школьныя сшыткі ў клетачку.
        Калі ён прынёс сваю працу, бялявы палкоўнік, відаць, быў не ў настроі. Размашыстым дакладным рухам, не зірнуўшы, ён перакінуў ягоныя сшыткі нахуседні стол, за якім сядзеў над паперамі лысы брывасты маёр.
        – Кавалёў, займіцеся. Што ён там сачыніў – мне чытаць няма часу.
        Але Кавалёў таксама па нейкай прычыне не мог прачытаць гэта адразу, і лейтэнанту нічога больш не заставалася, як пайсці і чакаць у сваёй хаціне. Ён ужо ўскінуў да пілоткі руку, каб павярнуцца і выйсці, як дзверы ў хату шырока расчыніліся і на парозе, згінаючы галаву, паявіўся той самы, каго ён болей за іншых баяўся сустрэць. Камандзіры за сваімі сталамі ўскочылі, а Іваноўскі толькі павярнуўся ды так і застыў з паднесенай да пілоткі рукой.
        Напэўна, яго нехуцавы, нязвыклы тут выгляд – у пісаравай ватоўцы, без знакаў адрознення на ёй і ў заношанай суконнай пілотцы, калі ўсе камандзіры штаба хадзілі ў аўчынкавых шапках, – здаўся незвычайным і спыніў на сабе востры позірк генерала.
        – Хто такі? – тонам, які не абяцаў нічога прыемнага, запытаўся ён, звяртаючыся да палкоўніка.
        – Лейтэнант Іваноўскі, камандзір узвода такога-та палка, такой-та дывізіі, – з натужнай ліхасцю чужым голасам адрапартаваў лейтэнант.
        – Якой, якой дывізіі?
        Іваноўскі цвёрда паўтарыў нумар сваёй дывізіі.
        – Што вы тут робіце?
        – Ён з акружэння, – сказаў палкоўнік, стоячы перад генералам і ўсёй сваёй імпазантнай постаццю выказваючы належную павагу, але з адценнем нейкай фамільярнай вольнасці.
        Іваноўскі ж акамянела застыў навыцяжку, упершыню ў жыцці размаўляючы з такім высокім начальствам.
        – Акружэнец? Чаму тут?
        – Я тут з поваду нямецкай базы боепрыпасаў, таварыш генерал.
        – Новая справа! – сказаў генерал, стоячы напаўабарота да лейтэнанта. Погляд яго прыдзірлівых вачэй не сыходзіў з напружанай постаці Іваноўскага. – Што за база? Дзе? Адкуль вам пра яе вядома? Вы разабраліся, палкоўнік?
        – Разбіраюся, таварыш генерал, – зусім інакшым тонам, чым размаўляў дагэтуль, сказаў палкоўнік.
        Аднак гэты яго тон чалавека, які гаворыць не зусім тое, што было ў сапраўднасці, вымусіў лейтэнанта на новую ў адносінах да яго дзёрзкасць.
        – Палкоўнік не хоча разбірацца, таварыш генерал, – выпаліў Іваноўскі. Генерал кінуў востры запытальны позірк у бок лейтэнанта, пасля – у бок палкоўніка. I лейтэнант, адчуўшы, што тут можа нешта раз і назаўсёды рашыцца, дадаў: – Артылерыйская армейская база за шэсцьдзесят кіламетраў адсюль. Некалькі эшалонаў боепрыпасаў, ахова невялікая, навокал драцяная загарадзь у адзін кол. Можна ўзарваць.
        – Во як! Вы ўжо і разведалі? – сказаў генерал і павярнуўся да яго ўсім тулавам у расшпіленым паўшубку, з-пад белых бартоў якога бліснула белая эмаль ордэнаў.
        Голас яго ўжо адтайваў, лейтэнант з радасцю адзначыў гэта і тут жа рашыўся сказаць усё напрамую.
        – Проста можна ўзарваць. Або спаліць. I наступаючыя на Маскву нямецкія войскі застануцца без боепрыпасаў.
        Ён выпаліў гэта і зараз жа пашкадаваў аб сваёй паспешнасці, якая адразу і прыкметна прытушыла ўзнікшую да яго цікавасць начальніка штаба. Генерал штось буркнуў у каўнер паўшубка і сеў ля стала на лаўку. Астатнія асталіся стаяць на ранейшых месцах.
        – Кажаш, проста? Пых – і нямецкія войскі без снарадаў? Так, ці што?
        – Не зусім так, таварыш генерал, – паспрабаваў выправіць свой промах Іваноўскі. – Мы ўжо спрабавалі, але...
        – Ужо і спрабавалі? Паспелі? Ну і што ж?
        – Дваіх страцілі. У тым ліку капітана Волаха.
        – Вось так, лейтэнант... як цябе? Іваноўскі. З наскоку не возыйеш, з галавой трэба. Але ён маладзец, – сказаў генерал, звяртаючыся да палкоўніка. – Калі так, пашліце яго з групай. Дайце чалавек дзесяць. Займіцеся гэтым. I не марудзьце. .
        – Ён без праверкі, таварыш генерал, – ціха ўставіў палкоўнік.
        Гееерал незадаволена саўгануў бровамі.
        – Ерунда! Яго ўжб праверылі. Немцы праверылі. А гэта будзе другой праверкай. Я скажу Клюзіну – трэба ж урэшце давяраць сваім людзям. – I, павярнуўшы галаву да нечакана ўзрадаванага лейтэнанта, сказаў падабрэлым голасам: – Рыхтуйце групу, лейтэнант. Во з ім. Паслязаўтра даложыце аб гатоўнасці. Ясна?
        – Ёсць! – не сказаў, а па-дзіцячы, у захапленні выкрыкнуў Іваноўскі і, ліха казырнуўшы, зачыніў за сабой дзверы.
        Назаўтра яму пашанцавала менш. Палкоўнік, да якога ён зноў прыйшоў раніцай, адправіў яго да нейкага маёра Каламійца, лейтэнант чакаў гэтага маёра паўдня, і, калі ўрэшце дачакаўся і перадаў загад палкоўніка, той амаль знішчыў яго першай жа фразай:
        – А дзе я вазьму людзей? У мяне нікога няма. Застаўся адзін ездавы.
        Адчуўшы, што зноў усё рушыцца, Іваноўскі не стаў больш нічога ні высвятляць, ні даказваць, а, поўны новай рашучасці, шпаркім крокам накіраваўся да высокага дома з прыгожымі аканіцамі. Вядома, яго туды не пусцілі, ён распачаў недарэчную спрэчку з няўмольным вартавым ля ганка і проста ўжо быў у роспачы, калі дзверы ў хату нечакана расчыніліся і на парозе з’явіўся сам генерал. Начальнік штаба не адразу пазнаў учарашняга лейтэнанта, і таму спатрэбілася зноў назваць сябе і дрыгнуўшым голасам паведаміць, што з арганізацыяй групы нічога не выходзіць.
        Генерал гнеўна зыркнуў на яго вачыма, быццам у гэтай няўдачы быў вінаваты сам Іваноўскі.
        – Як не выходзіць?
        – Няма людзей, таварыш генерал. Палкоўнік паслаў...
        – Зімянькова ка мне! – кінуў ён камусьці, хто стаяў у яго за спіной, і той хуценька шмыгнуў у сенцы, куды, ні слова больш не сказаўшы, вярнуўся і генерал.
        Іваноўскі застаўся ля ганка адзін на адзін з вартавым, які з маўкліваю злосцю пазіраў на яго. «А ўсё ж не пройдзеш!» – было напісана на ягонай фізіяноміі. Але лейтэнант ужо і не рваўся ў гэтую прасторную хату. Ён пакорліва прачакаў хвілін дваццаць, пакуль на ганку зноў не з’явіўся старшы лейтэнант у паўшубку, з маўзерам цераз плячо.
        – Ідзіце да капітана Зімянькова і атрымайце людзей. Заўтра ў трынаццаць ноль-ноль генерал чакае з дакладам аб гатоўнасці групы.
        – Ёсць! – сказаў Іваноўскі.
        Ён не запытаўся нават, хто гэты капітан Зімянькоў і дзе шукаць яго, – давялося пытацца пра тое ў канаводаў на вуліцы. I сапраўды, пад вечар у яго ўжо быў на руках спіс з васьмі байцоў і аднаго старшыны; дзесятым у гэтым спісе значыўся ён сам.
        I лейтэнант пачаў рыхтавацца.
        Апроч людзей, трэба было атрымаць боепрьшасы, бутэлькі КС, узрыўчатку, два метры бікфордава шнура. Чацвёра байцоў былі ў абтрэпаных шыняльках без ватовак, трэба было іх пераабмундзіраваць. Хтось доўга не хацеў выдаваць маскхалаты (на накладной не было подпісу старшага начальніка), за лыжамі ён ездзіў у тылавую, за пятнаццаць кіламетраў, вёску. Апошнюю ноч перад выхадам ледзьве прыдрамнуў пару гадзін, паеў толькі раз за дзень, выстаяў на трох інструктажах, але ў трьгааццаць усё ж прывёў групу ў двор высокага, з прыгожымі аканіцамі дома. На гэты раз яго адразу ж прапусцілі ў пакой, і ён з трапяткім гонарам далажыў аб гатоўнасці выканаць баявы загад.
        Генерал скончыў тэлефонную размову і паклаў трубку. Як быў у футравым на гімнасцёрцы жылеце, моўчкі выйшаў у двор, дзе, пастроеныя па камандзе «смірна», чакалі дзевяць байцоў з Дзюбіным на чале. Генерал моўчкі абышоў гэты строй, агледзеў усіх, і на яго немаладым, у зморшчынах, з запалымі шчокамі твары ўпершыню за ўвесь час свайго прабывання ў штабе Іваноўскі не знайшоў і следу начальніцкай строгасці. Цяпер гэта быў проста зморшчаны твар абцяжаранага шматлікімі турботамі, зморанага, даўно не маладога ўжо чалавека:
        – Сынкі! – сказаў генерал, і штось у душы лейтэнанта жаласна ўздрыгнула. – Вы ведаеце, куды ідзяце? Ведаеце, што будзе цяжка? Але, трэба. Бачыце: мяце, – паказаў ён у нізка аселае хмарнае неба, з якога падаў лёгкі сняжок. – Авіяцыя на прыколе. На вас уся надзея...
        Ён і яшчэ гаварыў, раячы, як трэба паводзіць сябе ў трудную хвіліну ў тыле ворага, дзе ўжо ніхто, апроч хіба таварыша, табе не паможа. Але ён мог бы і не рабіць гэтага – лейтэнант ужо меў некаторы вопыт баявых дзеянняў у нямецкім тыле, накоплены за час яго двухтыднёвых блуканняў па смаленскіх лясах. А вось яго зусім не начальніцкі, амаль што сяброўскі тон і яго ўвага да іх поўных невядомасці лёсаў кранулі лейтэнанта, які з гэтай хвіліны гатовы быў на ўсё, абы толькі выканаць баявую задачу. Нават смерць у гэты час не здавалася яму чымсьці жахлівым – ён гатовы быў рызыкаваць жыццём, калі гэта спатрэбіцца для Радзімы.
        Напэўна, так адчуваў сябе не адзін ён, а і астатнія ў гэтым кароценькім страі на двары, поўныя маўклівай увагі і рашучасці. I калі Іваноўскі, аддаўшы чэсць, павярнуў групу на выхад, у ягонай душы гучалі фанфары. Ён ведаў, што выканае ўсё, на што пасланы, іншага не павінна, а таму і не магло быць...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.