РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дажыць да світання
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
8
        
8

        
        Пакуль прабіраліся па знаёмым шляху ў кустоўі, Іваноўскі, трохі ўжо прызвычаіўшыся да сваёй няўдачы, спрабаваў разабрацца ў пачуццях і рашыць, як быць далей. Ведама, знікненне базы рабіла непатрэбнай усю ягоную вылазку, і было крыўдна да слёз за дарэмныя намаганні. Вельмі шкода было забітых, паміраючага Хакімава, але цяпер яго ўсё болей пачало дапякаць пытанне: як гэтую няўдачу растлумачыць у штабе? Надта ўжо ўрэзаліся ў памяць лейтэнанта іх зусім не ваенныя праводзіны, сардэчная генералава прамова ў двары дома з прыгожымі аканіцамі... «Сынкі!..» Вось табе і сынкі! Нікудыкі, маруды і разгільдзяі. Пакуль збіраліся, пакуль блудзілі ўначы, пакуль спалі ў рове, база бясследна прапала.
        Агіднае становішча, болей нічога не скажаш, думаў Іваноўскі і ўвесь час моршчыўся, як ад зубнога болю. Ён ужо не ўхіляўся ад калючага голля хмызняку – ішоў наўпрост, ледзь толькі прыгнуўшыся, і думаў, што лепш бы генерал вылаяў яго ў самым пачатку ды адправіў на праверку ў Дольцава, чым слухаць той яго злашчасны даклад пра базу. А ўжо калі было прынята такое рашэнне, дык хай бы лепш начштаба строга загадаў яму адносна гэтае базы або нават прыгразіў трыбуналам на выпадак невыканання загаду, чым так вось: «Сынкі, на вас уся надзея!» Што яму рабіць цяпер з гэтай генеральскай надзеяй? Куды ён з ёй? Гэтая бязрадасная думка варушыла, трывожыла яго свядомасць, не давала прымірыцца з няўдачай і вымушала на нейкае дзеянне. Але што можна было зрабіць?
        Перайсці шашу зноў аказалася няпроста: яшчэ зводдаль стаў бачны суцэльны паток войска. Ішла, напэўна, нейкая пяхотная часць – калоны варожых салдатаў, брычкі, фурманкі, зрэдку трапляліся конныя; у другім радзе раўлі машыны і цягачы з гарматамі на прычэпе. Густы гэты паток няспынна імкнуў на ўсход, да Масквы, і ў лейтэнанта ў нядобрым прадчуванні сціснула сэрца – зноў! Зноў, відаць, наступаюць, магчыма, прарвалі фронт. Бедная сталіца, як будзе ёй выстаяць супраць такой сілы? Але, пэўна, знойдзецца і ў яе сіла, прынамсі, павінна знайсціся. Іначай навошта тады столькі крыві, столькі заўчасна аддадзеных за яе жыццяў, столькі людскіх пакут і намаганняў – ёсць жа ў гэтым сэнс. Павінен быць.
        Вось толькі ў яго сэнсу атрымалася дужа нямнога – хоць за гэтую ноч яны адмахалі шэсцьдзесят кіламетраў, але база ад таго не стала бліжэй, чым учора. Можа, яшчэ і далей, бо ўчора ў яго была поўная сілы група, нерастрачаная рашучасць, а што засталося сёння? Нават у яго самога, што ні кажы, а паменела сілы, а галоўнае – разам з базай знікла ранейшая яснасць мэты: ён проста не ведаў цяпер, што рабіць і куды падацца.
        Зрэшты, спярша трэба было дайсці да сваіх байцоў.
        I яны з Піваваравым, падхапіўшы ў рукі лыжы, зноў сунуліся ўсё ў той жа супрацьтанкавы роў. Ісці далей да шашы было небяспечна, яны затаіліся за чарговым земляным паваротам, зрэдку выглядваючы з-за яго на адкрыты ўчастак дарогі. Часта выглядваць не было сэнсу – калона войска цягнулася там без канца і пачатку, – перайсці ў такі час не было чаго і думаць. Значыць, зноў трэба было чакаць. I лейтэнант пачаў пакорна бавіць на сцюжы свой час, у поўным бяздзеянні, за паўкіламетра ад немцаў. Цяпер, аднак, нядаўняга нецярпення ўжо не было, ён гатовы быў сядзець тут да ночы, усё роўна ўдзень тут не было куды сунуцца. Да таго ж ён яшчэ не прыняў ніякага рашэння і не ведаў, куды накіравацца далей – шукаць базу або, можа, вярнуцца да сваіх за лінію фронту. З Піваваравым ён амаль не размаўляў – размова перашкодзіла б слухаць, а слых цяпер быў для іх адзіным сродкам бяспекі ў гэтым бясконцым снегавым супрацьтанкавым рове. Іваноўскі час ад часу даставаў з кішэні танкавы свой гадзіннік, які толькі і ведаў, што сведчыць, як хутка і няспынна ідзе час. Набліжалася халодная зімовая ноч. Нягледзячы на сцюжу, вельмі хацелася спаць. Напэўна, толькі цяпер Іваноўскі адчуў, як прытаміўся за гэты начны пераход. Вялікае напружанне апошніх некалькіх дзён цяпер паступова спадала, нервы расслабляліся, непрыкметна для сябе ён нават заснуў, прыхінуўшыся спіной да марознага снегавога адхону. I раптам прахапіўся ад ціхага Голасу Піваварава:
        – ...а, таварыш лейтэнант! Праходзяць, здаецца.
        – Што? Праходзяць?
        Неяк прымасціўшыся на адхоне, баец назіраў за дарогай, голас яго прагучаў з надзеяй, і лейтэнант таксама ўзлез на адхон. Шаша сапраўды ачышчалася ад войска – апошнія фурманкі марудна адпаўзалі на ўсход. Напэўна, пакуль не позна, трэба было бегчы да сваіх на пагорак.
        Яны падхапілі лыжы і трушком пабеглі па дне рова, ступаючы ў глыбокія, яшчэ не замеценыя снегам свае сляды. Ім зноў пашанцавала, яны ў самы час выбраліся на ўезджаную пустую дарогу і, перабегшы яе, зноў схаваліся ў рове. Пакуль беглі, добра ўгрэліся, у Іваноўскага спацела спіна, а ў Піваварава зноў густа заплыў потам твар, па скронях і шчоках цяклі буйныя, нібы стэарынавыя, кроплі. Цяжка дыхаючы, баец сціраў іх рукавом маскхалата, але нідзе не адстаў, не замарудзіў, і Іваноўскі ўпершьшю, мабыць, адчуў сяброўскае пачуццё да яго. Слабаваты гэты баец стараўся з усяе сілы, і было б несправядліва не ацаніць гэтага.
        На пагорку за першым паваротам рова Іваноўскі прыцішыў крок і некалькі разоў з палёгкаю выдыхнуў гарачаю парай. Здаецца, зноў перайшлі. Аднекуль зводдаль зноў даляцеў вуркат дызеляў, але гэта яго не палохала. Яго думкі ўжо беглі наперад, туды, дзе іх чакалі байцы, і першай трывогай лейтэнанта было: як там Хакімаў? Вядома, неразумна было б чакаць, што той ачнецца і ўстане на ногі, але ўсе ж... А раптам ён памёр? Чамусьці падумалася аб тым без спалоху, нават без жалю, хутчэй наадварот – з надзеяй. Як бы ўсё аказалася прасцей, калі б гэты Хакімаў памёр, як бы ён дапамог групе. Але, мабыць, гэта не залежала ад ягонай волі і іхняй патрэбы.
        Дзесь зусім блізка ў рове былі яго байцы, і лейтэнант прыслухаўся – здалося, ён злавіў знаёмы разважлівы голас, і гэта яго здзівіла. Лейтэнант прыспешана выйшаў з-за павароткі і тварам у твар сутыкнуўся з Дзюбіным. Мабыць, пачуўшы ягоныя крокі, старшына павярнуўся і з напружанаю ўвагай на бурым, нібы апечаным, твары зірнуў у вочы Іваноўскаму. Непадалёк сядзелі на снезе Лукашоў, Краснакуцкі, Суднік, і каля валакушы з Хакімавым самотна згорбіўся Заяц.
        Усе павярнуліся да камандзіра, але ніхто не сказаў ні слова, і лейтэнант таксама моўчкі, не зірнуўшы ні на каго, падышоў да валакушы.
        – Як Хакімаў?
        – Ды ўсе так жа. Без памяці, – сказаў Лукашоў.
        – Вады давалі?
        – Як жа вады? У жывот...
        Мабыць, так, у жывот. Калі ў жывот, дык вады нельга. Але што ж тады можна? Глядзець, як ён пакутуе, і самім пакутаваць з ім разам?
        Лейтэнант угледзеўся ў збялелы твар Хакімава з пакутлівым выразам разнятых пасмяглых вуснаў – баец ледзь чутна стагнаў, заплюшчыўшы вочы, і немагчыма было зразумець, чуў ён што або не.
        – Трэба б яго паўшубкам укрыць, – сказаў здаля Дзюбін.
        Яму быццам з нейкаю злосцю адказаў Лукашоў:
        – Паўшубак! Дзе тут возьмеш паўшубак!
        – Тады прападзе.
        – Даўно прыйшоў? – ые паварочваючыся ад Хакімава, запытаўся Іваноўскі.
        – Гадзіну назад, – сказаў Дзюбін і кінуў у бок Зайца: – Во праз яго. Лыжу зламаў...
        – Якім чынам?
        – Ды як лес аб’язджалі, – сказаў Заяц. – На нейкую купіну налез, хрась – і гатова. Не вінаваты я...
        Напэўна, іншым разам было б дарэчы як след вылаяць гэтага Зайца, які ўжо двойчы падвёў групу, але цяпер Іваноўскі змоўчаў. Тое, што Дзюбін дагнаў астатніх, трохі парадавала яго, хоць радасць гэтая, ведама, азмрочвалася цяпер агульнаю іх няўдачаю. Лейтэнант знарок стараўся маўчаць, не заводзіць аб тым размову, ён проста баяўся таго моманту, калі выявіцца, што шалены іх крос быў марны. Але доўга маўчаць яму не давялося, хоць яго змрочны выгляд ніяк не падахвочваў да размовы, і гэта бачылі ўсе. Тым не менш пытанне пра базу, відаць, непакоіла лыжнікаў, а побач у рове сядзеў прастадушны малады Півавараў, да якога цяпер і скіраваліся погляды астатніх. Першы не вытрымаў Лукашоў.
        – Ну што там? Шмат немцаў? – ціха запытаўся ён за плячамі ў лейтэнанта.
        – А няма немцаў. I склада таксама няма, – проста адказаў Півавараў.
        – Як няма?
        Лейтэнант унутрана сцяўся, нахмурыў бровы. Ён не бачыў, але амаль фізічна адчуваў, як трывожна замерлі за яго спіной лыжнікі, і, доўга не вытрымаўшы, сам падняўся на ногі.
        – Як, лейцінант? Гэта – на самай справе? – павярнуўся да яго Лукашоў.
        Усе астатнія з вялікім здзіўленнем, амаль са спалохам глядзелі на камандзіра.
        – Базы няма. Напэўыа, перабазіравалася ў іншае месца.
        Зрабілася ціха, ніхто не сказаў ні слова, толькі Краснакуцкі праз зубы цыркнуў на снег. Заяц недаўменна глядзеў проста ў твар Іваноўскаму.
        – Называецца, гарадзілі гарод. Плялі лапці, – прабурчэў Лукашоў.
        – Што зробіш, – уздыхнуў Краснакуцкі. – На вайне ўсё бывае.
        – А можа, яе там і не было? Можа, яна дзе ў другім месцы? – змрочна засумняваўся Лукашоў, па-ранейшаму звяртаючыся да лейтэнанта.
        – Там была, – проста адказаў яму Півавараў, – Слупы во стаяць. Без дроту толькі.
        Лейтэнант адышоўся ад валакушы, кінуў позірк на Судніка, які з насыпу напружана пазіраў у роў. Камандзір стараўся не бачыць Лукашова, але ён і без таго адчуваў, як нядобрая, злая сіла распірала сяржанта і той гатовы быў пачаць сварку.
        – А што, і слядоў ніякіх няма? – са спакойнай дзелавітасцю запытаўся Дзюбін.
        – Нічога няма, – адказаў Іваноўскі.
        – Што ж атрымліваецца... Як жа так? – не сунімаўся Лукашоў. – Нехта вінаваты, значыць.
        Лейтэнант рэзка павярнуўся да яго.
        – Гэта ў чым вінаваты?
        – А ў тым, што за так укалывалі. Ды і людзей паклалі...
        – Дык вы што прапануеце? – асадзіў яго лейтэнант рэзкім пытаннем.
        Ён не мог пачынаць з ім спрэчку, бо ведаў, што ў гэтым іх напружанні недалёка да сваркі, да таго ж ён не мог не адчуваць, што ў значнай ступені сяржант меў рацыю. Але навошта было цяпер шмат гаварыць пра тое, ад чаго і так было кепска кожнаму? Зноў жа, у такіх выпадках у арміі не было прынята адкрыта выказваць сваё незадавальненне, тым больш абурэнне – падобнае заўжды каралася з найбольшай строгасцю.
        Тым не менш Лукашоў загарачыўся, вочы яго заблішчалі, азызлы, з натапыранай шчэццю твар стаў злосны і нядобры.
        – Што мне прапаноўваць? Я кажу...
        – Лепш памаўчыце!
        Сяржант Лукашоў змоўк і адышоўся ўбок, а лейтэнант зноў сеў на снег. Размова была не з самых прыемных, але нешта, што дапякала яго з самага ранку, разам апала, неяк само па сабе ўсё вырашылася, хоць, можа, і не самым найлепшым чынам. Болыіі да яго не звярталіся, напэўна, бачылі, што цяпер ён ведае не болей за іншых. Байцы моўчкі чакалі новай каманды або рашэння, як быць далей, і ён, зразумеўшы гэта, дастаў з запазухі карту. Ён спрабаваў усё ж нешта знайсці на ёй, штось рашыць для сябе, спрабаваў зразумець, куды з найбольшай верагоднасцю магла перамясціцца гэта праклятая база. Але колькі ён ні ўзіраўся ў карту, тая не адказала ні на адно з ягоных пытанняў, чырвоная лінія шашы хутка знікала за яе краем, суседняга ж аркуша ў яго не было. I тут, і, напэўна, далей зручных для склада месцаў было мноства: у лясках, хмызняку, раўках. Дзе іх шукаць?
        Ён так сядзеў доўга і маўчаў, не прыбіраючы з каленяў раскладзенай карты, па якой снежнай крупой шархацеў вецер. Ён ужо нічога не разглядваў на ёй – проста ён пазбягаў непатрэбных цяпер размоў з байцамі, іх запытальных позіркаў. Ён адчуваў, што неадкладна трэба нешта рашыць і, як толькі сцямнее, трэба адсюль ісці. Толькі куды?
        – Падмяніце Судніка. Нябось закалеў на ветры, – ні да каго не звяртаючыся, сказаў лейтэнант, калі адчуў, што нядобрая маўклівасць у групе надта задоўжылася. – Заяц!
        Заяц адразу ж устаў і пачаў узлазіць на бруствер, а Суднік, абсыпаючы снег, задам з’ехаў у роў. Паднятае ім снежнае воблака абдало Дзюбіна, які заварушыўся і стаў на ногі.
        – Дык што ж далей, камандзір? – запытаўся ён.
        – Што такое? – зрабіў выгляд, быццам не зразумеў, Іваноўскі, хоць ён выдатна разумеў, што непакоіць старшыну.
        – Куды далей пойдзем?
        – Вы пойдзеце назад, – проста рашыў камандзір.
        – Як? Я адзін?
        – Вы і астатнія. Паспрабуйце ўратаваць Хакімава.
        – А вы?
        – Я? Я паспрабую знайсці базу.
        – Адзін?
        Гэтае пытанне старшыны Іваноўскі пакінуў без хуткага адказу. Ён не ведаў, пойдзе адзін ці яшчэ з кім, але што трэба працягваць пошукі – гэта ён зразумеў дакладна.
        – Не, не адзін. Пойдзе яшчэ нехта.
        – На самай справе. А можа, я, лейтэнант? – сказаў Дзюбін, нібы выпрабоўваючы сваю рашучасць.
        Але лейтэнант маўчаў.
        Іваноўскі напружана дадумваў тое, чаго не дадумаў раней. Вядома, выйсце для яго магчыма толькі такое, ён не мог рызыкаваць усімі, ягоныя людзі зрабілі ўсё, што павінны былі зрабіць, і не іхняя віна, што мэта аказалася недасягнутай. Далей пачынаўся асобны рахунак яго камандзірскага гонару, амаль асабісты яго паядынак з нямецкай хітрасцю, і байцы да гэтага адзінаборства не мелі адносін. З гэтага часу ён пачне дзейнічаць на свой страх і ўласную рызыку, астатнія павінны вярнуцца за лінію фронту.
        Лейтэнант узняў вочы ад карты і зірнуў на Дзюбіна. Парэзаны заўчаснымі зморшчынамі, цёмны ад сцюжы твар старшыны быў спакойны, погляд з-пад маленькага казырка чырваназорнай будзёнаўкі спакойна, без патрабавальнасці чакаў чагось і нібыта гаварыў цяпер: возьмеш – добра, а не возьмеш – таксама напрошвацца не стану. I лейтэнанту амаль захацелася ўзяць з сабой старшыну, напэўна лепшага напарніка тут знайсці было немагчыма. Але тады старшым над групай ён павінен назначыць Лукашова, а ён чамусьці не хацеў гэтага. Лукашова ён трохі ўведаў ужо ў гэтай дарозе, і ў душы камандзіра з’явілася ўстойлівая непрыязь да яго.
        Значыць, з групай павінен застацца Дзюбін.
        Іх вельмі мала вярталася назад, і ім быў давераны трудны Хакімаў, іх новы шлях наўрад ці будзе лягчэйшы за іх дарогу сюды, а лейтэнанту вельмі хацелася, каб яны па магчымасці шчасліва дабраліся да сваіх. У гэтым сэнсе разумней за ўсё было даверыцца вопытнаму, ураўнаважанаму старшыне Дзюбіну.
        – Не, старшына, – сказаў лейтэнант пасля працяглае паўзы. – Паведзіцё групу. Са мной застанецца... Півавараў.
        Усе з некаторым здзіўленнем павярнулі галовы ў бок прылёгшага на баку Піваварава, які пры гэтых словах камандзіра быццам засаромеўся і сеў раўней.
        – Так, Півавараў?
        – Ну, – проста адказаў той, зачырванеўшыся і міргнуўшы белымі вейкамі.
        – Ну і лады, – сказаў лейтэнант, задаволены тым, што ўсё так хутка ўладзілася.
        (Пасля ён не адзін раз будзе пытацца ў сябе: чаму яго такі важны выбар нечакана для самога, амаль бессвядома выпаў на гэтага маладога байца? Чаму б у памочнікі сабе не ўзяць сапёра Судніка або рослага, дужага Краснакуцкага? Няўжо бяскрыўдная пакорлівасць слабасільнага вясковага хлопчыка толькі і вызначыла яго рашэнне? Або тут зрабіў сваю справу іх сумесны сённяшні пераход цераз шашу, дзе яны ўдвух перажылі небяспеку і першае для абодвух расчараванне?)
        Тым не менш выбар быў зроблены, Півавараў неяк ураз падабраўся, пасур’ёзнеў і ціха сядзеў у патаптанай ботамі снегавой гурбе.
        – Што ж, вашае права, – сказаў ДзюбІн. – Дык як там перадаць, у штабе?
        – Я напішу, – падумаўшы, сказаў Іваноўскі.
        Паперы, аднак, у яго не знайшлося, быў толькі трафейны аловак, давялося старшыне выдраць лісток са свайго замусоленага блакнота, на якім лейтэнант, нядоўга падумаўшы, напісаў: «Аб’екта на месцы не аказалася. Група панесла страты, адпраўляю яе назад. Сам з байцом прадаўжаю пошукі. Праз двое сутак вярнуся. Іваноўскі. 29.11.41 г.».
        – Вось. Перадайце начальніку штаба.
        – Гэта самае, гранаты возьмеце?
        – Ага. Гранату і пару бутэлек. Півавараў, вазьміце ў Судніка бутэлькі з КС. Гранату дайце сюды.
        Старшына зняў з пояса супрацьтанкавую гранату, якую лейтэнант тут жа падвязаў кавалкам бінта да дзягі.
        – I харчамі б запасціся трэба.
        – Харчамі таксама. Дайце сухароў. Кансерваў пару бляшанак. Самі ж, напэўна, у АХЧ снедаць будзеце...
        – Дай божа, каб у АХЧ, – з надзеяй уздыхнуў Краснакуцкі.
        – Толькі глядзіце пры пераходзе. Як бы зноў не напароліся. Не шкадуйце жыватоў, галовы цалейшыя будуць.
        – Гэта так, – ціха пагадзіўся Дзюбін.
        – Ну, здаецца, цямнее, можаце рушыць. А мы тут яшчэ пасядзім. Як там на шашы, Заяц?
        – Нейкая з фарамі коціць. Адна ці болей – добра не відаць.
        Старшына завязаў рэчмяшок, Півавараў складваў у свой сухары і дзве вялікія, загорнутыя ў анучу бутэлькі з КС. Лукашоў і Краснакуцкі, не чакаючы каманды, падступіліся да абсыпанага снегавым пылам Хакімава.
        – Глядзіце Хакімава, – сказаў лейтэнант Дзюбіну. – Можа, яшчэ дажыве да ранку.
        – Пра што гаварыць!
        – Тады ўсё. Топайце!
        – Што ж, шчасліва, лейтэнант, – павярнуўся Дзюбін і тут жа закамандаваў байцам: – Ану, узялі! За лыжы, за лыжы бярыце! Паднімайце вышэй! Вышэй, яшчэ вышэй! Во так...
        Яны паднялі Хакімава і як-колечы выбраліся з рова. З насыпу Дзюбін яшчэ азірнуўся – развітанне атрымалася таропкае, невыразнае, і Іваноўскі махнуў рукой.
        – Шчасліва!
        Калі яны схаваліся ў полі і апошні за насыпам знік высокі капюшон старшыны, Іваноўскі сеў на снег. Ён адчуў асаблівае задавальненне ад таго, што Дзюбін не прапаў, дагнаў групу і цяпер з тымі, хто вяртаўся, будзе талковы і чалавечны камандзір, які павінен іх вывесці да сваіх. А яны тут неяк абыдуцца ўдвух з Піваваравым, які ўсё яшчэ стаяў у рове, пазіраючы цераз край высокага насыпу. Каб неяк зменшыць няёмкасць, выкліканую гэтым расстаннем, лейтэнант сказаў з неўласцівай яму жартоўнасцю:
        – Сядай, Піваварчык. Скора і мы патопаем. Цябе як завуць?
        – Пётра.
        – Пецька, значыць. А мяне Ігар. Ну што ж, можа, нам яшчэ пашанцуе. Як думаеш?
        – Можа, і пашанцуе, – няпэўна сказаў Півавараў, тручы ложа вінтоўкі, і ўздыхнуў – ціхенька і парывіста.
        – Ладна. Няма чаго ныць – яшчэ не ўсё страчана. Яшчэ мы з імі схопімся. Хоць нас двое, але і гэта – сіла. А цяпер пакуль ёсць час, давай падрубаем, менш несці прыйдзецца, – сказаў Іваноўскі і пачаў развязваць свой рэчмяшок.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.