РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дажыць да світання
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
7
        
7

        
        Пакуль яны прадзіраліся на лыжах у кустоўі, Іваноўскі адчуў прыступ нейкага непрыемнага, амаль неадольнага ў сабе неспакою.
        Было зусім невядома, чаму гэты неспакой менавіта цяпер так настойліва даняў лейтэнанта. Урэшце, усё складвалася больш-менш удала: яны перайшлі шашу, здаецца, іх не заўважылі, зусім ужо блізка была мэта іх труднага шматкіламетровага начнога шляху. Хаця і з непаладкамі, але набліжаўся фінал, пэўна, цяпер яны маглі ўжо што-небудзь зрабіць. Праўда, сілы іх зменшыліся – частку страцілі пры пераходзе лініі фронту, двое зніклі ўначы, трое засталіся па той бок шашы, і тут іх было толькі двое. Двое, вядома, не дзесяць. Але наўрад ці гэтая акалічнасць была прычынай яго невыразнага і такога неадольнага цяпер неспакою.
        Чым бліжэй яны падыходзілі да хвойнічка, тым усё нецярплівей рабілася на душы ў лейтэнанта. Нецярпенне нарэшце ахапіла яго так моцна, што ён не мог дазволіць сабе спыніцца, каб паправіць на сцягне павязку, – здаецца, пачала крывяніць рана. Зрэшты, ён даўно ўжо стараўся не заўважаць свае раны, да яе збольшага прыцерпеўся за ноч, Цяпер ён нават не дужа азіраўся па баках – ён упарта імкнуўся да хвойніку, быццам там чакала яго самая вялікая ў яго жыцці ўзнагарода. Півавараў, мокры ад поту, які ён перастаў ужо выціраць з твару рукавом маскхалата, стараўся не адстаць, і яны задыхана, хуткім крокам шыбавалі ўскрайкам кустоўя. Ужо зусім добра развіднела, дзьмуў нямоцны марозны вецер, неба, завалочанае хмарамі, нізка навісла над шэрым, непраглядным, затуманеным марознай смугой прасторам.
        Іваноўскі першы ўзабраўся на вяршыню пагорка і праз голае сучча алешніку паглядзеў уніз. Перад ім была лагчына з нешырокім языком хмызняку, у якім лейтэнант ледзьве пазнаў той алешнічак, дзе яны з Волахам чакалі ночы. Але замест гушчару, што тады прытуліў семярых, цяпер сіратліва чарнелі на снезе тонкія дубчыкі, у якіх магло схавацца хіба некалькі птушак, Затое на пагорачку за лагчынай па-ранейшаму таямніча зелянеў хвойнік, абнесены рэдкімі слупкамі нямецкай загарадзі, ля якой ім тады так не пашэнціла з Волахам, але павінна, не можа не пашанцаваць цяпер...
        Убачыўшы знаёмую загарадзь, лейтэнант памалу пачаў спакайнець – галоўнае, усё ж ён дапяў да яе. Астатняе ўжо залежала ад яго ўмельства, знаходлівасці, ад іх смеласці. Дзеянне розных пабочных прычын тут ужо зводзілася да самага магчымага мінімуму.
        Захінуты хмызняком, лейтэнант пастаяў хвіліну ці дзве, трохі адпачыў і памалу пачаў пазбывацца свайго нецярплівага неспакою. Ён стараўся ўпэўніць сябе, што ўсё як-небудзь абыдзецца. Праўда, канчаткова супакоіцца яму не ўдалося, нешта ўсё ж не пераставала яго прыгнятаць, трывожыць і без таго натрывожаныя за ноч пачуцці. Півавараў, ні пра што не пытаючыся, відаць, без слоў разумеў становішча і чакаў, калі яны пойдуць далей. Іваноўскі ж усё не мог адарваць позірку ад хвойнага ўзлоску, быццам спадзеючыся там што ўбачыць. Але на адлегласці болып кіламетра нічога не было відаць, апроч рэдкіх маладых сасонак ды некалькіх слупоў загарадзі. Зрэшты, яно і зразумела, мабыць, немцы паспелі замаскіраваць аб’ект. Яны таксама ўмелі маскіравацца – розныя там сеткі, зялёныя маскі, снег. Вось толькі здзіўляла, куды прапала дарога, на якой разведчыкі Волаха ўбачылі нямецкія грузавікі, што вазілі боепрыпасы. Яна ішла якраз па касагоры да лесу, і цяпер там на снезе не відаць было і следу. «Можа, яе замяло ўночы?» – падумаў лейтэнант. Але хоць які знак павінен быў захавацца нават і пасля завеі. А можа, дарогу праклалі ў іншым, не бачным адсюль месцы! Зрэшты, дарога цяпер яму была непатрэбна, пакарыстацца ёю, відаць, ім не прыйдзецца. Куды важней было знайсці зручныя подступы да гэтага хвойнічка, каб уночы як мага бліжэй падпаўзці да агароджы. Відаць, адкрыты напольны бок для гэтага мала гадзіўся, трэба было пашукаць якія падыходы з захаду.
        – Півавараў, айда! Ціха толькі...
        Ухіляючыся ад мерзлага сучча, якое ўвесь час чаплялася за іх капюшоны, яны пайшлі хмызняком унІз, у абход поля. Іваноўскі зноў увесь насцярожыўся, усё ў ім так сцялася, як не сціскалася за ўсю шалёную мінулую ноч. Але наўкола стаяла цішыня, ім ніхто не спаткаўся, і гэта супакойвала. У каторы ўжо раз лейтэнант браўся прыкідваць, як лепш перабрацца за загарадзь – цяпер гэта было, мабыць, самае важнае і самае цяжкое ў ягонай задачы. Вядома, калі штабялі блізка ля дроту, дык можна будзе закідаць іх гранатамі і бутэлькамі з КС, хаця наўрад ці яны будуць размешчаны на такой адлегласці, каб іх можна было дастаць гранатай. Тады прыйдзецца лезці праз дрот. Лепш за ўсё, мабыць, зрабіць гэта аднаму, а астатнім прыкрыць на які выпадак і забяспечыць адход. Хай нават прыняўшы нядоўгі бой з вартавым, – на іх баку раптоўнасць, а хвіліны часу ім, мабыць, хапіла б, каб зрабіць усе, што трэба зрабіць. Горш вось, калі там – сабакі.
        Але нават калі і сабакі, аднаму або двум прыйдзецца лезці праз дрот – астатнія павінны будуць падманіць сабак і прыняць на сябе агонь вартавых – іншага не заставалася. Галоўнае – паспець за якія секунды запаліць і ўзарваць як мага больш штабялёў. Астатняе зробяць дэтануючыя выбухі, і ўсё давершыць агонь.
        Па хмызняку яны перасеклі лагчыну, краем узлеску абышлі адкрыты ўчастак поля. Паблізу нікога нідзе не было. Ішлі асцярожна, цяпер ужо нетаропка. Часам лейтэнант спыняўся і прыслухоўваўся: наўкола стаяла ветраная зімовая цішыня. Аднойчы вецер прынёс у лагчыну далёкі маторны гул, але, услухаўшыся, Іваноўскі зразумеў, што гэта з шашы. Хвойнік надзіва нема, амаль мёртва маўчаў.
        Праз якіх паўгадзіны на іх шляху нечакана паявіўся равок. Крывулісты і голы, з завеянымі снегам бакамі, ён быў відаць на ўсю даўжыню, і лейтэнант не адразу зразумеў, што гэта той самы равок, адкуль Волах выйшаў у завею да загарадзі. Значыць, трэба было зайсці яшчэ далей, па кустоўі абагнуць базу на кіламетр глыбей. Ужо там напэўна можна будзе падысці да яе бліжэй і разгледзець больш падрабязна.
        Ён азірнуўся на Піваварава, расчырванелы твар якога напалову закрыты быў мокрым абвіслым капюшонам; хлопец з усяе сілы перабіраў палкамі, іх лыжы па-ранейшаму глыбока правальваліся ў рыхлым снезе. Пераадольваючы ў сабе моцнае нецярпенне ад таго, што хутка бліжэла мэта, Іваноўскі моўчкі даў знак байцу пачакаць, а сам абышоў роў і спыніўся за шырокім разгалістым кустом ляшчынніку.
        Голыя, са знятай карой слупы агароджаны былі зусім ужо блізка. Высокія, у рост чалавека, калі не больш, яны прыкметна вылучаліся на снежна-зеленаватым фоне маладых хвоек. Але, дзіўная справа, – за імі ўсё яшчэ нічога не было відаць. Як ён ні напружваў зрок, нідзе не мог згледзець знаёмых штабялёў з жоўтых і зялёных скрынак, якія так выразна стаялі ў яго ў вачах з таго самага моманту, як ён убачыў іх у бінокль. Не было таксама відаць і брызентаў. Гэтая акалічнасць зноў нядобрым прадчуваннем занепакоіла лейтэнанта, і ён махнуў Півавараву – маўляў, сядзь, замры. Той зразумеў сігнал і прысеў на лыжы, а лейтэнант пасля нядоўгага вагання выйшаў з кустоўя.
        Напэўна, ён зрабіў неразумна, як камандзіру групы яму не трэба было так рызыкаваць сабой, але Іваноўскі не мог ужо стрымацца. Нядобрае прадчуванне зноў ахапіла яго, штось засела ў горле, ён праглынуў крыўдны камяк і, не адрываючы позірку ад блізкага ўжо ўзлеску, хутка і наўпрост пайшоў на яго.
        Цяпер іх раздзяляла ўсяго якіх-небудзь тры сотні метраў, і ўжо ў самым пачатку гэтага шляху лейтэнант зразумеў, што дроту на слупах не было. Дрот, які некалі густа аплятаў базу, цяпер быў зняты, і адсутнасць яго самай вялікай трывогай, амаль спалохам адазвалася ў пачуццях Іваноўскага. Ужо нічога не асцерагаючыся і не звяртаючы ўвагі на тое, што яго маглі лёгка заўважыць у адкрытым полі, ён у некалькі рыўкоў дасягнуў крайніх сасёнак і спыніўся, уражаны, амаль знішчаны тым, што ўбачыў.
        База знікла.
        У хвойніку на пагорку не было ні вартавых, ні сабак, ні штабялёў з жоўта-зялёных скрынак – пад нагамі роўна ляжаў някратаны снег ды на ўзлеску цягнуўся рад белых слупоў, што адзіна напаміналі цяпер пра базу – іншых яе прыкмет тут не засталося. Дрот быў акуратна зняты са слупоў і адвезены кудысь, мабыць, у іншае, болей патрэбнае месца.
        Недаўменне ў свядомасці лейтэнанта хутка мянялася на збянтэжанасць, амаль разгубленасць, ён пастаяў на чыстым, свежым пасля начной мяцеліцы снезе, пасля пайшоў на лыжах да супрацьлеглага боку, туды, дзе некалі быў выезд. Але і тут нічога не засталося, толькі ў гушчары маладога сасонніку пад снегам угадвалася некалькі апусцелых ям-капаніраў ды на краі ўзлеску каля слупоў высілася куча прысыпаных снегам жэрдак, напэўна, былых падкладак з-пад штабялёў. Болей ад базы тут не было нічога. Дарога, адсутнасць якой здзівіла лейтэнанта, белаю пустой паласой ляжала пад снегам – па ёй даўно ўжо не ездзілі.
        Зусім і раптам знясілеўшы, Іваноўскі прыхінуўся плячом да шархоткага боку хвоі, уражаны пустэчай і закінутасцю гэтага цяпер нікому ўжо не патрэбнага хвойніку. Базу перамясцілі. Гэта было відавочна, але ён усё не мог у тое паверыць. У яго збянтэжанай свядомасці засела і не хацела знікаць упартая, неадчэпная думка, што гэта прывід, памылка, недарэчнае злое непаразуменне і што патрэбна толькі невялікае намаганне, каб усё гэта знікла. Інакшага ён не мог уявіць сабе, таму што ён не ў стане быў прымірыцца з тым, што і на гэты раз яго спасцігла няўдача, што вялізныя намаганні групы патрачаны ўпустую, што дарма яны смяртэльна рызыкавалі і гублялі людзей, ушчэнт знясілелі самі. Яны спазніліся. Ён не адразу паверыў у гэта, але, пастаяўшы пад хвояй і аддыхаўшыся, усё ж зразумеў, што ніякага прывіду не было. Была жорсткая, злая рэальнасць, яшчэ адна вялізная бяда з усіх бедаў, якія выпалі за гэтую вайну на яго злашчасную долю.
        Ледзьве адарваўшы плячо ад хвоі, ён стаў на лыжы і адштурхнуўся палкамі. Лыжы крыху паехалі па шархоткім снезе і спыніліся. Ён не ведаў, што рабіць далей, упершыню за некалькі дзён адпала неабходнасць спяшацца, і ён абапёрся на палкі. На хвойнай галінцы паблізу з’явілася вяртлявая сарока, якая ўвесь час злосна стракатала на яго; пырхнула над галавой і з кароткім піскам знікла ў голлі сінічка. Іваноўскі стаяў зусім абыякавы да натуральнага жыцця лесу і не заўважаў нічога. Нейкае здранцвенне скавала яго аслабелыя мышцы, ён ні пра што не думаў, ён толькі глядзеў у пустэчу падлеску, адчуваючы ў сабе такую знямогу, што адолець яе, здавалася, не было ніякай магчымасці.
        Так прадаўжалася нямала часу, але хвойнік па-ранейшаму заставаўся пусты і непатрэбны, і лейтэнант нарэшце вымушаны быў схамянуцца: усё ж яго чакалі байцы. Перш за ўсё – Півавараў. Іваноўскі азірнуўся – баец цярпліва сядзеў за ровам, там, дзе ен і пакінуў яго, і лейтэнант махнуў рукой – давай, маўляў, сюды.
        Пакуль Півавараў ішоў па ягоным следзе да хвойніку, Іваноўскі адшпіліў рамяні лыж і сышоў на снег. Напэўна, тут можна было не баяцца, у пустым сасонніку не было нікога. Ён зморана прысеў на невысокі, абсыпаны снегам пянёк, выцягнуў убок нагу. Трэба было рашыць, што рабіць далей. А галоўнае – сцяміць, як гэтую няўдачу растлумачыць байцам. Ён не мог пазбавіцца ад прыкрага адчування нейкай сваёй віны, нібыта ён выдумаў усю гэтую гісторыю з базай і кагось ашукаў. Хоць, калі разабрацца, дык болей за іншых ашуканы быў ён сам.
        Хаця, разважыўшы, рабілася ясна, што тут не было ашуканства, а была вайна з яе тысячамі хітрасцяў, тонкасцяў, выпадковасцяў, з усёй рознанакіраванасцю яе фактараў.
        Півавараў ціха падышоў па яго лыжні і моўчкі спыніўся насупраць. Баец няўцямна азіраў хвойнік, зрэдку кідаў на лейтэнанта недаўменныя позіркі. Нарэшце ён здагадаўся аб нечым.
        – А што... Хіба тут была?
        – Вот іменна – была.
        – Халеры! Вывезлі, ці што?
        – Вывезлі, канечне! – Іваноўскі ўскочыў са свайго пянька. – Пакінулі нас у дурнях!
        На здзіўленне лейтэнанта, Півавараў вельмі стрымана адрэагаваў на яго запальчывыя, поўныя гневу словы.
        – Відаць, спазніліся.
        – Ну. Больш за два тыдні мінула. Было калі.
        – А цяпер як жа? Прыйдзецца шукаць.
        – Што шукаць?
        – Ну, базу. Загад жа...
        Вядома, базы не было, але загад знішчыць яе заставаўся. Ці даўно лейтэнант сам дабіваўся ў штабе гэтага загаду, які нарэшце і атрымаў на сваю галаву. «Што ж, цяпер давай выконвай загад, лейтэнаыт Іваноўскі, шукай сваю базу», – злосна падумаў пра сябе лейтэнант. Аднак тон, з якім Півавараў упамянуў пра загад, усё ж спадабаўся лейтэнанту, і ў душы ён нават узрадаваўся. У выпадку чаго, напэўна, байцам доўга тлумачыць не прыйдзецца – калі гэта зразумеў Півавараў, дык, пэўна, зразумеюць і астатнія.
        Бяда, якая спярша так прыдушыла лейтэнанта, памалу пачала меншаць, хоць, вядома, ён не мог не разумець, што клопату і яшчэ прыбавілася. Відаць па ўсім, базу перамясцілі на ўсход, бліжэй да лініі фронту – там яе і трэба будзе шукаць. Калі ісці ўздоўж шашы, аглядаючы кожны лясок, – магчыма, і Ўдасца на яе наткнуцца. Але тут ён успомніў пра тых, за дарогай, пра небараку Хакімава і падумаў, што, пэўна, шукаць яе не прыйдзецца. Налэўна, гэта запатрабуе вялікага часу, болей прыпасаў, чым тыя, што мелі яны. Зноў жа, ці доўга пройдзеш з Хакімавым? Ды і ці лёгка адшукаць у гушчары лясоў старанна замаскіраваны аб’ект, які цяпер стаў для іх іголкаю ў стозе сена? Зрэшты, зусім можа быць, што базы і наогул ужо няма – развезлі па частках і расстралялі ў баях усё, да апошняй міны.
        Тады што ж – вяртацца з цэлай узрыўчаткай, з поўным запасам гранат? Зноў цягнуць на сабе чортавы бутэлькі з КС і дрыжэць, каб які-небудзь фрыц, запусціўшы па дурноце чаргу, не пацэліў у іх куляй? I гэта, страціўшы палову групы! З цяжкалараненым у валакушы. I, нарэшце, у агідным становішчы поўнага няўдачніка з’явіцца перад генералам? Што генерал скажа яму?
        – Да-а...
        Іваноўскі чарпануў жменю снегу, пажаваў і плюнуў. Як заўжды, ласля бяссоннае ночы ў роце доўга трымаўся агідны металічны прысмак. Чамусьці трохі хіліла на ваніты. I нават быццам бралі дрыжыкі. Хоць дрыжыкі, магчыма, бралі ад стомы і страты крыві.
        – У цябе бінт ёсць? – запытаўся лейтэнант у Піваварава.
        Той зняў рукавіцу і пачаў мацаць кішэні, а лейтэнант падняўся з пянька.
        – Давай памажы во, – сказаў ён, расшпІльваючы штаны. Ён падумаў, што цяпер ужо няма ніякага сэнсу ўтойваць недарэчнае сваё раненне.
        – Што, параніла?
        – Ды зачапіла ноччу. Во чорт, усё сочыцца...
        Не дзіва, што Півавараў спалохаўся – белыя споднікі лейтэнанта і яго ватныя штаны былі густа запэцканы падсохлай ужо крывей. Са знешняга боку сцягна з невялікай ранкі хутка споўз да калена цёмна-буры струменьчык крыві.
        – Давай. Абматай. Ды мацней каб.
        – Доктара трэба.
        – Які там доктар. Вось ты і будзеш доктарам.
        Было відаць, што Півавараў устрывожыўся раненнем камандзіра болыл, чым знікненнем базы. Прысеўшы побач, баец не надта ўмела абкруціў бінтамі сцягно і туга звязаў канцы сабачым вузлом.
        – Не спаўзла каб.
        – Ладна. Пакуль патрымаецца.
        Скрываўлены бінт Іваноўскі кінуў на снег, падцягнуў штаны, завязаў матуз запэцканых маскіровачных шаравараў. Півавараў прывязаў лыжы. Мяркуючы па ягоным спакойным выглядзе, няўдача з базай ніяк не адбілася на яго роўным настроі, і лейтэнант у душы пазайздросціў ягонай вытрымцы. Зрэшты, ён проста баец, а байцу што – з байца дшат не возьмеш.
        – Што вось цяпер хлопцам сказаць? – заклапочана сказаў камандзір, адчуўшы жаданне параіцца, каб хоць крыху развеяць сваю маркоту.
        – А так і сказаць. Што ж такога, – проста адказаў Півавараў.
        – Што немцы нас ашукалі?
        – Ну а што! Ашукалі, дык ашукалі!..
        – Відаць, твая праўда, – падумаўшы, рашыў лейтэнант. – Трэба так і зрабіць. Толькі куды вось далей?
        – А вы на карту паглядзіце, – прастадушна параіў баец.
        – Якую карту?
        Святая прастата, Півавараў, мабыць, думаў, што на ваеннай карце ўсё абазначана. Таксама, бывала, вясковыя цёткі, убачыўшы, як камандзір разгортвае карту, здзіўляліся, калі ён пытаўся, як называецца гэтая вёска або колькі кіламетраў да горада. Так і гэты яго Півавараў.
        Зрэшты, лейтэнант нерваваўся і, здаецца, пачынаў злавацца – балела патрывожаная рана, і надта прыкра было на душы – ён усё яшчэ не меў пэўнага ўяўлення, што рабіць далей. Невідушчым поглядам ён хвіліну азіраў пакатае, з далёкім кустоўем поле, пакуль думка пра пакінутых за дарогай байцоў не змусіла яго дзейнічаць. Тады ён адштурхнуўся палкамі і хутка пайшоў па ранейшым сваім следзе ўніз.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.