РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дажыць да світання
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
11
        
11

        
        Да адпраўлення цягніка заставалася некалькі апошніх хвілін, а яна стаяла на платформе і плакала. Ніхто, відаць, яе тут не праводзіў і ніхто не чакаў, наогул народу ў гэты ранішні час на пероне было няшмат, і Іваноўскі, ступіўшы на прыступак ніжэй, жартоўна гукнуў дзяўчыну:
        – Гэй, бялявая, навошта плакаць? Другога знойдзем.
        Сказана гэта было з бяздумнаю дарожнай лёгкасцю ў адносінах між людзьмі, якія выпадкам спаткаліся і тут жа расстаюцца, каб ніколі болын не сустрэцца. Але дзяўчына ражком стракатай, завязанай на шыі касынкі выцерла вочы і кінула на яго востры, кароценькі позірк. Тым часам цягнік даў гудок. Ззаду за Ігарам, трымаючыся за поручань, навісаў Коля Тамолка; абодва яны былі ў добрым, прыўзнятым настроі і, здавалася, усякае гора маглі перавесці на жарт.
        – А то давай з намі. Да Беластока!
        Дзяўчына машынальна паправіла на тонкай шыі касынку, зноў акінула позіркам твары двух апранутых ва ўсё новае ваенных хлопцаў, і на яе вуснах ужо трапянулася лёгкая ўсмешка, якая і засведчыла змену ў яе настроі.
        – А мне ў Гродна.
        – Якое супадзенне! – жартоўна здзівіўся Іваноўскі. – Нам таксама. Паехалі разам!
        Яна не прымусіла сябе ўпрошваць, падхапіла чамаданчык, які стаяў каля ног, і спрытна ўчапілася за поручань. Іваноўскі падтрымаў яе, Тамолка пастараніўся, і некалькі збянтэжаная і ўзрадаваная такім паваротам справы новая пасажырка паднялася на пляцоўку вагона.
        – Білет, білет, грамадзяначка! – тут жа патрэбаваў у яе мітуслівы дзядзька-праваднік, які з флажкамі ў руках спяшаўся да выхаду.
        – Ёсць, ёсць білет! Усё ў парадку! – тонам, які не пакідаў ценю сумнення, сказаў Іваноўскі, праціскаючыся паперадзе яе ў вагон.
        Ён павёў дзяўчыну ў пятае ці шостае купэ, дзе яны атабарыліся з Тамолкам, сам нёс у руцэ яе чамаданчык, які здаўся яму надта лёгкі, хутчэй за ўсё пусты. Коля лез следам, і дзяўчына, прыціхшы, ішла паміж імі, кідаючы па баках ніякаватыя, трошкі збянтэжаныя позіркі.
        – Во, калі ласка. Можаце займаць маю. Я ўзлезу наверх, – з гасціннай лёгкасцю прапанаваў Іваноўскі сваю ніжнюю полку і апусціў чамаданчык.
        Яна паслухмяна прысела ля акна і не адразу, адолеўшы яўную збянтэжанасць, ціха сказала:
        – А ў мяне білета няма.
        – Што – не хапіла?
        – Укралі...
        – Як?
        – Ноччу. У цягніку з Мінска.
        Гэта было горш. Здаецца, яны бралі на сябе трохі празмерную адказнасць, парушаючы строгі парадак чыгункі, за што магло нагарэць абодвум. Але як было адступаць? Ігар зірнуў на Міколу і прачытаў на яго грубаватым, заўжды нахмураным твары рашучасць стаяць на сваім. Сапраўды як было цяпер дапусціць, каб пакрыўдзілі таго, хто гэтак прастадушна і даверліва пайшоў за імі?
        – Нічога. З правадніком дамовімся.
        Але дамаўляцца мусілі не толькі з правадніком, а яшчэ і з рэвізорам, і з брыгадзірам цягніка, і перагаворы гэтыя скончыліся тым, што на нейкай станцыі, дзе неўзабаве спыніўся цягаік, Іваноўскі збегаў у вакзальную касу і ледзьве паспеў аформіць білет на ўжо занятае ёю месца. Білет быў да Гродна, і дзяўчына прыкметна павесялела, нават заўсміхалася. Яна аказалася разгаворлівай і ўвогуле прыемнай дзяўчынай і хутка не без гумару расказвала ім аб сваіх дарожных прыгодах. Аказалася, што яна жыве ў Гродна і ў Мінск ездзіла да сваякоў, якіх ніколі не бачыла, і тут такое няшчасце ў вагоне. У яе ўсё начыста выграблі з яе чамаданчыка, апроч таго, узялі плашчык, жакет і, ведама, усе грошы. Але вось яна ўратавана і цяпер вельмі ўдзячна абодвум за іх велікадушную дапамогу.
        – Ды ну, пра што гаварыць! – адмахнуўся Іваноўскі і перавёў размову на іншае: – А вы даўно жывяце ў Гродна?
        – Там і нарадзілася.
        – Ого! Значыць, тутэйшая?
        – Ну.
        – А так добра гаворыце па-руску?
        – А ў нас дома заўжды гаварылі па-руску. У мяне бацька рускі, і цётка, яго сястра, таксама руская. Толькі мама полька.
        – А дзе вы вучыліся?
        – У польскай гімназіі. Рускіх жа ў нас не было.
        – А як вас завуць? – усё больш цікавіўся Ігар.
        – Янінка. А вас – калі не вайсковая тайна? – амаль ужо какетліва ўсміхнулася яна.
        – Мяне Ігар, а яго Мікалай.
        – У мяне дзядзька, што ў Мінску, таксама Ігар. Ігар Пятровіч. А вы да нас служыць едзеце?
        Тут ужо яны пераглянуліся, гэта сапраўды ў нейкай меры адносілася да строгай вайсковай тайны, з лёгкасцю, аднак, разгаданай іх спадарожніцай. Але што тут было таіцца? Сапраўды, тыдзень назад, пасля сканчэння вучылішча, яны атрымалі назначэнне ў армію, штаб якой размяшчаўся ў гэтай яе Гродні.
        – Падобна, што так, – няпэўна сказаў Іваноўскі. – А што гэты Гродна – нішто гарадок?
        – Вельмі добры горад. Не пашкадуеце.
        – Думаеш, нас у Гродна пакінуць? – з уласцівым для яго скептыцызмам сказаў Тамолка. – Запруць куды-небудзь у лясны гарнізон.
        – О, дык у лесе ж цудоўна! У нас такія лясы! Дзіва! – поўная захаплення загаварыла Янінка.
        Іваноўскі змоўчаў. Ягоныя адносіны да лесу, нават самага прыгожага, не супадалі з захапленнем гэтай дзяўчыны. Бывала, у вучылішчы, у шматмесячных летніх лагерах, лясы, палі, уся гэта аддаленасць ад пастаяннага месца жыхарства з яго хай сабе несамавітым, але наладжаным бытам так надакучвалі пад восень, што самая багатая прырода рабілася невыноснай – хацелася ў горад. Правільна кімсьці сказана, што ваенныя не заўважаюць прыроды, для іх болей важна надвор’е.
        Тым не менш у наіўным захапленні Янінкі прысутнічала такая шчырасць, што Іваноўскі заўсміхаўся, гатовы ўжо палюбіць першы, што трапіцца, гродзенскі лес. I наогул нешта ў ёй усё больш яму падабалася, у гэтай жвавенькай, даволі мілавіднай, з какетліва рассыпанымі на лбе светлымі кудзеркамі дзяўчыне ў просценькай стракатай сукенцы. Яму ўжо было сорамна за той свой фрывольны жарт на вакзале ў Баранавічах, за нетактоўнасць іх прапановы, каторую выбачала хіба што іх пазнейшая дапамога ў яе здарэнні.
        Цягнік з кароценькімі прыпынкамі на маленькіх станцыях ішоў усё далей на захад. За акном, нібы ў мінулае, адплывалі назад зялёныя чэрвеньскія палеткі, пералескі, велічныя хвойныя бары, вёскі і скрозь – хутары, хутары. Іваноўскі ніколі не быў у гэтым баку Беларусі, меней як за два гады ўз’яднанай з яе ўсходняй часткай, і цяпер у ім нарадзілася шчырая цікаўнасць да ўсяго, што адносілася да гэтага не вядомага для яго і, напэўна, такога натуральнага для Янінкі жыцця.
        На нейкай невялікай станцыі іхні вагон спыніўся якраз насупраць маленькага прывакзальнага рыначка, і Іваноўскі выскачыў на платформу, таропка накупляў у газету несамавітага сялянскага харчу – яек, гуркоў, вясковай каўбасы і нават міску гарачай, разварыстай маладой бульбы. Пасля яны елі ўсе разам, хлопцы клапатліва частавалі дзяўчьшу, якая зусім ужо асвойталася ў іхняй кампаніі, ахвотна смяялася, жартавала, смачна ядучы гуркі з бульбай. Пасля абеду, мабыць, штось сцяміўшы ў адносінах да яе Ігара, Мікалай зважліва адышоўся і ўзлез на верхнюю полку паспаць. Яны ж засталіся ўдваіх – адно супраць аднаго, раздзеленыя маленькім вагонным столікам.
        Яму было добра з ёй, хоць ён усё яшчэ не мог да канца асіліць у сабе нейкае спазнелае пачуццё ніякаватасці, быццам якую вінаватасць за свае намеры, хоць з самага пачатку ніякіх намераў у яго не было. Янінка ж, мяркуючы па ўсім, адчувала сябе зусім натуральна і вольна. Яна зняла свае маленькія, белыя, на коркавай падэшве басаножкі і, напяўшы на каленях караткаватую сукенку, па-хатняму проста ўладкавалася на цвёрдым сядзенні, увесь час з нейкай мілай хітрынкай заглядваючы яму ў вочы.
        – А ў нас, ведаеце, Нёман, – казала яна, менавіта так, на беларускі лад вымаўляючы гэта слова, і Іваноўскі ўнутрана ўсміхнуўся, прыпамінаючы сваё недалёкае дзяцінства, школу, вядомую паэму Якуба Коласа і гэтую беларускую назву ніколі не бачанай ім ракі. – Адразу пад акном круты спуск, дзве вярбы і плыты ля самага берага. Я там купаюся з плытоў. Ранічкай выбегу, на рацэ яшчэ лёгкі туманок сцелецца, вада цёплая, як сырадой, нідзе нікога. Так накупаюся, што ўвесь дзень радасна.
        – А мне болей азёры падабаюцца. Асабліва лясныя. У ціхае надвор’е – прыгажосць, – сказаў Іваноўскі.
        – Рэкі лепш, што вы! У азёрах вада балотам смярдзіць, а ў рэчцы заўсёды праточная, чыстая, бы сляза. Улетку на рацэ – рай. Ды што там! Вось прыедзем – пакажу. Спадабаецца.
        Мабыць, сапраўды спадабаецца. Ен ужо быў упэўнены, што гэта штось незвычайнае: домік, дзве вярбы на абрыве, плыты ля берага, з якіх можна ныраць у глыбокі, імклівы Нёман. I ён ужо маляваў гэта ў сваім уяўленні, хоць з вопыту ведаў, што самае багатае ўяўленне ніколі не адпавядае сапраўднасці. У сапраўднасці ўсё інакш – горш або лепш, але менавіта інакш.
        Янінка паводзіла сябе з ім лёгка і вольна, так, быццам яны даўно былі знаёмыя, а ён усё адчуваў нейкую невыразную скаванасць, якая не толькі не міналася з часам, але і яшчэ большала. Ігару пачынала здавацца, што, бесцырымонна гукнуўшы яе ў Баранавічах, ён выглядаў перад ёй як чалавек легкадумны, схільны да нікчэмных дарожных прыгод і што яна не магла не заўважыць гэтага. Хоць ніякага легкадумства ў тым не было, была простая дзіцячая гуллівасць, якая, можа, і не зусім дарэчы ў характары дваццацідвухгадовага выпускніка ваеннага вучылішча, нядаўна атэставанага на пасаду камандзіра ўзвода. Тады, на пероне, ён нават і не разгледзеў яе, толькі ўбачыў – разглядаў ён яе цяпер шырока раскрытымі, амаль здзіўленымі вачыма, якія, як ні стараўся, не мог адарваць ад яе прыгожага, усмешлівага твару.
        Пад канец дня, пад’язджаючы да Гродна, ён ужо ведаў, што не расстанецца з ёю – яна ўсё больш зачароўвала яго сваёй юнай пекнасцю і вабіла чымсьці загадкавым і таямнічым, для чаго ён проста не знаходзіў назвы, але што адчуваў няспынна. Пра яе дарожнае здарэнне яны не гаварылі, здаецца, яна забылася пра яго і толькі аднойчы заклапочана варухнула броўкамі, калі перастаўляла на паліцы свой чамаданчык.
        – I нават бялілы забралі. Татку везла. У нас цяпер бяліл не дастаць.
        – А што, бацька – маляр?
        – Мастак, – проста сказала Янінка. – А з фарбамі цяпер кепска. Раней мы фарбы з Варшавы выпісвалі.
        Нарэшце цягнік прыбыў на станцыю Гродна, і яны, трохі хвалюючыся, сышлі на перон. Янінка са сваім пустым чамаданчыкам у руках павяла іх да штаба арміі, які быў ёй па дарозе. Але ў штабе, апроч дзяжурнага, нікога больш не аказалася, трэба было чакаць да ранку. Пераначаваць можна было тут або ў гарнізоннай гасцініцы, лейтэнанты, аднак не сталі шукаць гасцініцу і прынеслі свае рэчы ў нейкі маленькі, падобны на капцёрку пакойчык з трыма салдацкімі ложкамі каля сцен. Тамолка адразу ж пачаў уладкоўвацца на тым, што стаяў у куце пад нішай, а Ігар, крыху выцершы з ботаў пыл, заспяшаўся на вуліцу, дзе на бліжэйшым рагу пад каштанам яго ўжо чакала Яніна. Яна шчыра ўзрадавалася яго паяўленню і яшчэ болей таму, што ен быў вольны да заўтра, і яны пайшлі па вечаровае вуліцы горада, усё ў якім было для яго незвычайна цікавае.
        За тыя пару гадзін, якія яны з Мікалаем прабылі ў штабе, Янінка паспела прыбрацца і цяпер была ў цёмнай ладнай спаднічцы і светлай шаўковай кофтачцы з маленькім белым каўнерыкам каля тонкай шыі, на яе нагах цверда пастуквалі высокія абцасікі модных туфляў. Прыбраная, яна здавалася старэйшай за свае юныя гады і вышэйшаю ростам – амаль упоравень з яго плячом. Яны ўсё ішлі вуліцай, і яму было невыказна прыемна, што яе тут многія ведалі і паважна віталіся: мужчыны – пачціва дакранаючыся рукой да капелюша, а жанчыны – ветлівым кіўком галавы з добразычліваю ўсмешкай на лагодных тварах. Яна адказвала з падкрэсленай ветлівасцю, але і з нейкаю няўлоўнай годнасцю і стрымана, напаўголаса апавядала яму пра тое цікавае, што траплялася ім на вуліцы.
        – Вось наша Раскоша, так яна раней называлася. Нічога асаблівага, але во царква, пабудаваная ў памяць забітых на руска-японскай вайне. Нізенькая, праўда, але вельмі акуратная цэркаўка. Я там хрысцілася. А далей, бачыце, такія смешныя домікі, вунь цэлы рад, з франтончыкамі накшталт петушыных грабеньчыкаў. Гэта дамы тэкстыльшчыкаў з Ліена. Ага, не здзіўляйцеся. У васемнаццатым стагоддзі Тызенгауз выпісаў з Ліёна ткачоў і пабудаваў для іх такія самыя домікі, як у Францыі. Во стаяць і дагэтуль. А то вунь дом польскай пісьменніцы Элізы Ажэшковай, яна тут жыла і памерла. Ведаеце, цікава пісала.
        Гарадок яму сапраўды падабаўся сціплай, але абжытай утульнасцю сваіх брукаваных вулічак з вузенькімі, выкладзенымі пліткамі тратуарамі, якія былі дбайна аздоблены гладкімі каменнымі скосамі. На сценах многіх дамоў кучарава зелянеў вінаград, некаторыя з іх да трэціх паверхаў былі ўвіты яго ўчэпістаю лазой. Але болей за ўсё ён чакаў сустрэчы з расхваленым Янінкай Нёманам, які, як яна сказала, працякаў тут жа, дзелячы горад на дзве няроўныя часткі.
        Каля гатычнай грамады касцёла вуліца павяртала ўбок, і яны ціха пайшлі ўздоўж гандлёвых радоў і гарадской ратушы. На рагу пад каштанамі нейкая жанчына гандлявала марожаным, і Янінка, якая ўвесь час ішла поруч, лёгенька дакранулася да яго локця.
        – Ігар, можна мне папрасіць вас?..
        – Калі ласка, – са шчырай гатоўнасцю выканаць самую яе неверагодную просьбу азваўся ён.
        – Ведаеце, я даўно марыла... Ну гэта... Каб мяне хлопец пачаставаў марожаным.
        – Ах, марожаным!..
        Іваноўскі амаль жахнуўся, падумаўшы, які ж ён вахлак, калі сам не здагадаўся аб гэтым! Але ён, здаецца, і не заўважыў гэтай прадаўшчыцы, так быў захоплены вуліцай, радам каштанаў за агароджай касцёла, яму проста было няўцям, чаго магла пажадаць ягоная багіня.
        – Прошэ, паненка! Дзенькую гжэчнэго пана, – падзякавала прадаўшчыца, калі ён адмовіўся ад некалькіх капсек рэшты.
        – Дзенькуе, пані Вандзя, – у сваю чаргу цырымонна падзякавала Яніна, прымаючы з рук старой жанчыны вафельныя скрылёчкі з марожаным паміж імі.
        У канцы кароценькай вуліцы над ліпамі засвяціўся такі шырокі прасцяг, які можа адкрыцца толькі з вельмі высокага ўзгорка, і яны хутка выйшлі на каменны мост цераз роў. Гэта быў уезд у старажытны, з паўразбуранымі сценамі замак, па другі бок ад якога ў глыбіні парку высіўся раскошны палац за фігурнай рашоткай агароджы.
        – Замак караля Польшчы Баторыя, – урачыста аб’явіла Янінка. – А гэта Новы замак. А цяпер зірні вунь туды. Ба чыш?
        Ён зірнуў цераз каменны, амаль у чалавечы рост парапет і ўнутрана ахнуў ад вышыні, на якой яны апынуліся. Далёка ўнізе па каменных прыступках лесвіцы рухаліся маленькія фігуркі людзей, якія расходзіліся па абодва бакі набярэжнай, што плаўна агінала бераг і дзесьці знікала пад густой навіссю дрэў.
        – Ну, бачыш? Як табе падабаецца? – хінучыся да ягонага локця, пыталася Яніыка.
        Старажытныя, змураваныя з вялізных камянёў сцены замка, гэты цяжкі, аграмадны, перакінуты цераз каменную лесвіцу мост, вялізныя масівы зеляніны на пагорках, высачэзны, уладарны над горадам слуп гарадской каланчы паблізу, вядома, не маглі не спадабацца яму, і ён гатовы быў аглядаць усё гэта да вечара. А вось Нёман з такой вышыні ніяк не ўразіў яго – звычайная, сярэдняй велічыні, заціснутая высокімі берагамі, рака. Помніцца, азёрныя прасторы куды з болыпаю сілай краналі яго пачуцці. Затое Янінка была ў захапленні менавіта ад Нёмана і нязмоўчна шчабятала ля яго вуха:
        – Паглядзі, паглядзі туды. Бачыш, якое цячэнне! Бачыш быстрак! Вунь там, пад вербамі, такія віры! Ого! Толькі сунься – закружыць, панясе, не выберашся.
        Яны прайшлі трохі назад і па той самай гранітнай лесвіцы спусціліся да ракі. Не, усё ж рака была цудоўная, мабыць, з вышыні ён проста не ацаніў яе належным чынам. На яе правым беразе зелянела добраўпарадкаваная, абсаджаная дрэвамі набярэжная, справа высіліся вялізныя, пакрэсленыя сцежкамі адхоны з рэштаю крапасных сцен наверсе. Рака плаўным паваротам хавалася за недалёкімі абрывамі, на якіх высіліся суцэльныя шапкі вербаў, там жа канчаўся горад, і далей сінеў хвойны лес, за які садзілася сонца. Яны памалу ішлі ўздоўж Нёмана, і Янінка ўсё гаварыла і гаварыла штось не вельмі абавязковае ў гэтую хвіліну вечаровага хараства, а ён думаў, як усё ж дзіўна ўладкавана жыццё. Да сённяшняй раніцы ён і не падазраваў аб яе існаванні на гэтай зямлі выпадкам убачыў яе ў Баранавічах і звярнуўся з дурным, па сугнасці, жартам, з якім, напэўна, не павінен быў бы звяртацца выхаваны малады чалавек. А цяпер вось, прабыўшы з ёй дзень, ён не ведаў ужо, як быць далей – далейшае жыццё без яе проста траціла для яго ўсю сваю радасць.
        Яны доўга ішлі так па беразе і, калі сонца зусім схавалася за зубчастаю сцяной лесу, павярнулі назад да горада. Слухаючы часты перастук яе абцасікаў побач, ён невыразна адчуваў, як штосьці ў ягоным жыцці дзівосна перайначваецца, набываючы невядомы, але вельмі дарагі яму сэнс. I ён быў рады таму, амаль шчаслівы. Побач ледзьве прыкметна струменіла бліскучая гладзь Нёмана, людныя ўдзень берагі нанач прыкметна пусцелі, стомленыя за дзень рыбакі адзін за адным складвалі свае вудзільны і ішлі ў горад. Між цемных узбярэжных камянёў ціха плёхалі дробныя хвалі і зыбка гойдаліся чорныя, поўныя смалістага паху чаўны. Аграмадныя вербы, навісшы над набярэжнай, клалі на яе густы змрок, у якім адзін за адным знікалі прахожыя. У паветры чуўся саладкаваты пах дыму і даносілася прыціхлае вечаровае дыханне горада.
        У густым летнім змроку цёплае ночы Янінка прыкметна пасмялела, напэўна, канчаткова адолеўшы тое, што раздзяляла іх удзень, і цяпер ішла зусім поруч, лёгенька дакранаючыся пальцамі да яго локця. Неяк неўпрыцям для яго яна перайшла на ты, і ён таксама некалькі разоў сказаў ёй ты, абаім стала надзіва проста, канчаткова знікла дзённая няёмкасць і незразумелая нацягнутасць, якая нядаўна
        была між імі.
        Як толькі яны ступілі пад вербы, у густы, вільготны змрок ночы, Янінка, нічога не кажучы, раптам кінулася лезці кудысь па травяністым схіле ўгору. Ён спыніўся ў нерашучасці, ашчаджаючы свае хромавыя выхадныя боты, але яна з цемры падбадзёрыла яго – давай, давай! – і сама хутка палезла між калючых кустоў, усё вышэй, на кручу. Ён не бачыў, што было наверсе, паўнеба там закрывала нешта, падобнае на раскідзістую крону дрэва, але ён адчуў у яе голасе змоўніцкі азарт таямніцы і таксама палез у зараснікі. Скінуўшы з ног туфлі, Янінка караскалася ўсё вышэй, зводдаль прыгаворваючы яму напаўголаса:
        – Зараз ты нешта пабачыш. Зараз, зараз...
        Праз якую хвіліну ён адолеў самае крутое месца і хоць абадраў да крыві руку, але ўзлез на край нешырокай, абнесенай рашоткай тэрасы, ад гладкіх камянёў якой яшчэ ішло прыемнае дзённае цяшю. Побач, закрыўшы палову неба, высілася магутнае старое дрэва і паднімалася стромкая сцяна нейкай будыніны. Вакол было ціха і цёмна, знізу, з-пад вербаў, ледзьве даносіўся ціхі плёск Нёмана, пахла вапнай ад сцен і кропам з недалёкіх, напэўна, гародаў.
        – Ну, ты зразумеў? Ты зразумеў, што гэта такое?
        – А што?
        – Каложа – во што! Дванаццатае стагоддзе, ты зразумеў?
        – Цяпер зразумеў, Але каб паглядзець...
        – Пабачыш! – проста запэўніла Янінка. – Паспееш. А цяпер ідзі сюды...
        Яна зноў матлянулася ў цемру, лёгенька пралезла праз негустую рашотку агароджы, нырнула ў пралом у сцяне, і яе светлая кофтачка зусім знікла ў змроку. Каб не згубІць яе, ён заспяшаўся следам, пакуль не апынуўся на невялікім глухім травяністым двары. Неба тут спрэс закрывалі дрэвы, было цёмна, і ў гэтай цемры ледзьве ўгадвалася шэрая сцяна побач. Прыслухоўваючыся да наваколля, замерла побач Янінка. Але вакол было ціха, бы ў склепе, і яна падкралася да нізенькіх дзвярэй у нішы. Там паклала ў доле туфлі і, пацягнуўшы да сябе дзверы, па-змоўніцку шапнула яму: «Лезь!» Ён ледзь прашчаміўся ў вузкую шчыліну, затым знутры таксама патрымаў дзверы, каб магла пралезці яна. Калі дзяўчына апынулася побач, дзверы самі сабой зачыніліся, і абаіх агарнула такая цемра, што ён зусім перастаў бачыць яе, і, каб не згубіць, лёгенька прытрымліваў яе за плечы. У насцярожанай цішыні ўверсе штось заварушылася, залапатала.
        Янінка здрыганулася ў ягоных руках, але тут жа паспяшалася супакоіць яго:
        – Не бойся: то галубы.
        – Я не баюся, – шэптам адказаў Ігар, хоць яму было і цікава, і страшнавата адначасна.
        – Гэта іканастас, гэта аналой. А тут вось...
        Нячутна ступаючы ў цемры па каменнай шархоткай падлозе, яна падвяла яго да нейкай сцяны, дзе прымусіла сесці, затаіцца, а сама, прыўстаўшы, крыкнула:
        – О-о!
        – О-о! О-о! О-о! – адгукнулася ў розных месцах мноствам таямнічых галасоў, ад якіх яму зусім ужо стала страшна.
        – О-о-о! – паўтарыла яна мацней.
        – О-о-о-о! О-о-о-о!.. – пакацілася кудысьці далей, мабыць, пад нябачныя ў цемры скляпенні прытвораў, і нарэшце заглухла ўгары, напэўна, у званіцы.
        – Галаснікі, зразумеў? – ціха шапнула Янінка.
        – Якія галаснікі?
        – Не ведаеш? Эх ты!.. Ідзі сюды... Во сюды, сюды...
        Яна зноў павяла яго ў цемру, трымаючы за руку, як відушчы водзіць сляпога, дзесьці спынілася, лёгенька таўханула ў бок.
        – Во, мацай. Ты ж вялікі, напэўна, дастанеш?
        Ён пачаў мацаць цагляную сцяну, пакуль не наткнуўся рукамі на нейкія гладкія, адпаліраваныя дзіркі ў ёй, але зразумець нічога не мог, хоць ні пра што не пытаў ужо і не дзівіўся. Ён ужо прывык за сённяшні дзень да такога мноства загадак і ўражаныяў, што, каб разабрацца ў іх, напэўна, патрэбны быў час.
        А часу якраз было мала, самая кароткая ноч у годзе хутка імкнулася насустрач дню, і калі яны выбраліся з царквы, над горадам ужо гаслі зоркі, і далёкі сонечны водсвет затрапятаў на ўсходнім ускрайку неба. Янінка таропка, не даючы Ігару апамятацца, гаварыла і гаварыла штосьці аб тым значымым і цікавым, што бачыла, ведала, чым абавязкова хацела падзяліцца з ім. Падхапіўшы ў рукі туфлі, яна ўжо лезла кудысь цераз калючыя зараснікі на абрыве, і ён ледзьве спраўляўся за ёю, ужо не клапоцячыся пра свае выхадныя боты, якім, напэўна, дасталося за гэтую ноч.
        – Ідзі, ідзі сюды! Ну што ты такі непаваротлівы! Не бойся, не ўпадзеш. Я падтрымаю...
        Яны пералезлі змрочны глыбокі роў і зноў выйшлі на бераг зусім яшчэ соннай, засланай лёгкім туманам ракі. Але Янінка пабегла і яшчэ ніжэй – па голых камянях да вады.
        – Ідзі сюды. Пакуль татка спіць, я табе пакажу мой кветнік. Ужо зацвілі мацейкі. Пахнуць на досвітку – страх!
        Слізгаючы на скураных падэшвах, ён спусціўся па каменным адхоне ўніз, да лодкі, у якую залезлі абое, і Янінка з адным вяслом у руках пачала разварочваць лодку ўздоўж па цячэнні.
        – Так бліжэй будзе. А то па мосце пакуль абыдзеш...
        – Якая ты, аднак! – сказаў ён, не стрымаўшы свайго захаплення.
        – Якая? Нядобрая, га? Праўда, нядобрая?
        – Цудоўная!
        – Дзе там цудоўная! Во прачнецца татка, будзе гэтай цудоўнай!
        Моцнае цячэнне на сярэдзіне панесла лодку ўніз, але яна неяк выграбла адзіным вяслом да берага, і хутка яны падплылі да нейкага дашчанага плота пад тоўстымі камлямі вербаў.
        – Ану, хапайся. А то панясе...
        Ён паспеў ухапіцца за слізкі, гнілаваты слупок у вадзе, яна выскачыла на бераг, і яны выцягнулі лодку на траву.
        – Раніцай рыбакі адгоняць... А цяпер... Во гэтым завулачкам, а пасля каля саду пярэйдзем бульбу, і там, пад касцёлам на беразе, мой домік. Ты не вельмі стаміўся? – раптам клапатліва запыталася яна, заглядваючы яму ў вочы.
        – Не, нічога.
        Яны пайшлі ўскраінным, парослым вільготнаю муравой завулкам. Яна ўсё несла ў абедзвюх руках свае туфлі, на хадзе трошкі дакранаючыся да яго плячом, і ён праз тонкую тканіну кофтачкі адчуваў цяпло яе цела, чуў яе блізкае зморанае дыханне, незразумелы пах яе валасоў і думаў, як яму здорава пашанцавала сёння. Ён ужо быў удзячны сваёй нявыхаванасці, якая дазволіла яму той недарэчны жарт у Баранавічах, удзячны гэтаму гораду з яго старажытнасцю і гэтай ночы, такой не падобнай на мноства пражытых ім начэй.
        – Янінка, – ціха паклікаў ён, набліжаючыся да яе ззаду, але яна толькі таропка набавіла кроку.
        – Янінка...
        – Во абыдзем гэтую хатку, пасля павернем на сцежачку,
        перабяжым цераз сад...
        – Янінка!
        – Давай, давай, не адставай! А то хутка татка ўстане ды як спахопіцца...
        Аброслаю дзядоўнікам сцежкай уздоўж плота яны ўзлезлі вышэй. Пачынала світаць. Побач у росным змроку садоў яшчэ драмала Занёманне. Добра ўтаптаная сцяжынка вывела іх на край бульбянога поля, скрозь усыпанага белымі зоркамі кветак. Дужа пахла маладым бульбоўнікам і свежай роснай зямлёй. Янінка таропка ішла наперадзе, і ён, шоргаючы ў бульбоўніку сваімі ботамі, ледзьве спраўляўся за ёй. Ужо зусім блізка на светлым ускрайку неба відаць былі стромкія купалы касцёла, за якім дзесьці ў цёплай рачной вадзе ціха плёскаліся яе плыты. Заставалася прайсці яшчэ, можа, сотню крокаў, якія аддзялялі іх ад касцельнай агароджы, як у начной цішыні яшчэ соннага горада з’явіўся нейкі чужы, незразумелы, настойлівы гул.
        Янінка наперадзе адразу ж спынілася.
        – Што гэта? Што гэта гудзе? Гэта самалёты?
        Так, гэта набліжаліся ў небе самалёты, але ён проста не верыў, што так недарэчна і не ў час можа пачацца тое самае страшнае, што ўсе апошнія дні благім прадчуваннем жыло, мацнела, прыгнятала людзей. Хапаючыся за слабенькую надзею, што, можа, яны памыляюцца, ён душыў у сабе страх і чакаў.
        Але памыліцца было немагчыма.
        Спалоханая Янінка, быццам шукаючы абароны, кінулася да яго, і толькі ен паспеў яе абняць, як шэраг блізкіх магутных выбухаў кінуў іх на цвёрдае сцебле бульбоўніку. Ранні світанак асвятліўся серыяй вогненна-чорных бліскавак, тугія гарачыя хвалі ўдарылі ім у спіны, густа закідалі бульбоўнік зямлёй...
        Як толькі мінуўся першы грымотны грукат, ён падхапіўся, Янінка таксама ўскочыла побач і з паблытанымі на гала-ве валасамі, у запэцканай кофтачцы невядома навошта старалася надзець на брудную нагу свой туфель. Аглушаны выбухамі, ён не адразу пачуў яе надзіва аслабелы голас, якім яна гукала яму:
        – На мост бяжы! Хутчэй на мост! Там за касцёлам мост!..
        Ну, ведама, яму трэба было на мост, у штаб, ён ужо разумеў, што здарылася, і іначай не мог.
        Не азірнуўшыся болей, праз грымотныя ўдары выбухаў, падаючы і ўскокваючы, ён памчаўся на мост, несучы ў збянтэжанай свядомасці ледзьве ўхопленае зрокам аблічча дзяўчыны з чорным бліскучым туфлем у росным бульбоўніку...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.