РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дажыць да світання
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
13
        
13

        
        Усё ж ён ачнуўся, зусім адубелы ад марозу, і хутка прыпомніў, дзе ён і што яму трэба. Яго апошняя мэта жыла ў ім, нават калі знікала прытомнасць; ён толькі не ведаў, колькі мінула часу і на што ён здольны яшчэ. У першую хвіліну ён нават спалохаўся, падумаўшы, што спазніўся: над дарогай ляжала цішыня, ніадкуль не далятала ні гуку. У полі мяло, вакол шархацеў вецер, лейтэнанта занесла снегам, рукі яго так змерзлі, што ён не мог паварушыць пальцамі. Але ён памятаў, што павінен успаўзці на дарогу, толькі там яго шлях мог быць скончаны.
        Зноў пацягнулася бясконцая барацьба са снегам. Іваноўскі поўз марудна, упарта, па метру ў хвіліну, не больш. Ён ужо так аслабеў, што не мог прыўзняць сябе на локцях і сунуўся па снезе бокам, упіраючыся болей нагамі. Болю ў параненай назе ён чамусьці не чуў – напэўна, там штось адбалела. Затое ў грудзях у яго ўвесь час пякло і паліла, усё там ператварылася ў клубок нестрыванага разбухлага болю. Ён вельмі баяўся, каб зноў не пайшла з горла кроў – адчуваў, што ўсе тады для яго скончыцца, асцерагаўся глыбей уздыхнуць, не мог дазволіць сабе адкашляцца. Ён ашчаджаў прастрэленыя свае лёгкія, як нешта самае неабходнае, ад чаго цалкам залежалі апошнія гадзіны яго жыцця.
        Фізічна ён быў дужа кепскі і ведаў гэта. Прытомнасць яго, нібы канатаходзец на дроце, увесь час балансіравала над непрытомнасцю, гатовая кожную секунду сарвацца ў нябыт, і лейтэнант вялізным намаганнем волІ асільваў сваю немач. Траціць прытомнасць, калі ён прыпоўз да самай дарогі, было ўжо занадта.
        Пэўна, усё ж ён бы саўладаў з сабой і цяжка, паволі, але ўспоўз бы на дарогу, калі б не канава. Канава здрадніцкай пасткай пралегла на ягоным шляху. Іваноўскі ледзь не задыхнуўся, трапіўшы ў яе засыпаную снегам глыбіню, і закашляўся. Адразу ж адчуў, што пачалося кровацячэнне, тугі і агідны згустак выслізнуў з яго рота, і цёплы струмень крыві хутка пацёк з падбародка па шыі на снег. Ніц ён ляжаў на краі канавы і думаў, што нічога больш недарэчнага нельга сабе і прыдумаць. Гэтак цяжка, звыш усялякіх магчымасцяў паўзці ноч да дарогі, каб памерці за два крокі ад яе. Заўтра паедуць немцы, і ён замест таго, каб спаткаць іх з гранатай у руках, будзе ляжаць перад імі нікчэмным замерзлым трупам.
        Прытомнасць яго зноў пачала марнець, і тут ужо не магло памагчы ніякае яго намаганне. Погляд заслала змрокам, увесь свет звузеў у яго адчуваннях да маленечкай, светлаватай кропкі, якая вельмі хутка меншала. I вось гэтая кропка пагасла. Але ўсё ж і на гэты раз штосьці перамагло ў ім смерць, і яго спакутаванае цела вярнулася да жыцця. Без жаднага намагання з ягонага боку кропка зноў засвяцілася, і ён раптам зноў адчуў вакол снег, сцюжу і сябе ў ёй, поўнага немачы і болю. Ён адразу ж заварушыўся, затузаўся, стараючыся ў што б там ні стала вырвацца са снегавой пасткі-канавы, успаўзці на дарогу. Пакуль ён быў жывы, ён павінен быў заняць апошнюю сваю пазіцыю і там скончыць жыццё.
        I ён усё ж выбраўся з гэтай канавы, бокам узваліў на дарожны край цела, прапоўз яшчэ крокі чатыры і аціх, ужо не маючы ніякае сілы. Але пад ім была каляя, ен добра адчуваў яе сваім целам, аб’ехаць яго было немагчыма. Тады ён коратка, сцішана ўздыхнуў і пачаў рыхтаваць гранату.
        З гранатай, аднак, давялося папакутаваць доўга, можа, яшчэ даўжэй, чым у канаве. Непаслухмяныя, памарожаныя пальцы яго, здаецца, зусім страцілі адчуванне, некалькі хвілін ён марна імкнуўся развязаць імі кавалак бінта, якім граната была прывязана да дзягі, але так і не здолеў яго развязаць. Пальцы слепа блукалі па сцягне, ён нават не мог намацаць імі канцы завязкі, і гэта было так неверагодна і так жахліва. Ён ледзь не заплакаў ад такой нечаканай здрады ўласных рук, але сапраўды, рукі першыя пачалі не слухацца яго. Тады ён локцем упёрся ў важкі кругляк гранаты і, сабраўшы ўсе сілы, якія яшчэ былі ў яго, даўлянуў ім на гранату ўніз, да сцягна. Штосьці там лопнула, і ен адчуў, што, адарваўшыся ад дзягі, граната ляжала ў снезе пад ім.
        Але, відаць, ён надта многа патраціў на тое сілы і больш нічога не мог. Ён доўга ляжаў у каляіне, якую замятала віхурай, і думаў, што так яго, мабыць, і замяце снегам. Зрэшты, цяпер няхай замятае, спяшацца ўжо не было куды, ён дасягнуў сваёй мэты, – цяпер толькі б управіцца з гранатай. Няслушнымі, акалелымі рукамі ён усё ж намацаў яе металічную ручку, але чаку разагнуць не здолеў. Тады ён падсунуў гранату да падбародка і зубамі ўпіўся ў загнутыя канцы чакі.
        Раней яму даволі было б кароткага руху двух пальцаў, каб разведзеныя гэтыя канцы выпрасталіся і іх можна было выцягнуць з рукаяткі. Цяпер жа як ён ні біўся, нічога з імі зрабіць не мог. Яны быццам прымерзлі там, нібы іх прыпаялі наглуха, і ён, выламваючы зубы і раздзіраючы дзясны, паўгадзіны грыз, круціў, выгінаў непадаткія канцы драціны. Напэўна, толькі пасля сотай спробы яму ўдалося захапіць абодва канцы зубамі і сціснуць іх у адно. Увесь час ён вельмі баяўся, што не паспее, што на дарозе з’явяцца немцы і ён ім нічога не зробіць. Немцы, аднак, не паявіліся, і калі граната была гатова да дзеяння, ён пачаў настойліва, цярпліва чакаць.
        Але чакаць аказалася ці не самым цяжкім з усяго, што яму выпала ў гэтую ноч. Чуйным, абвостраным слыхам ён лавіў кожны гук у полі, ды апроч несціханага шуму ветру ніякіх гукаў вакол не было чуваць. Дарога, што вымусіла яго на звышмагчымыя намаганні і да якой ён гэтак імкнуўся, ляжала пустая. Усё навокал сціхла, заснула, толькі снегавая крупа аднастайна шархацела па намерзлай тканіне яго халата, паволі замятаючы яго ў каляіне.
        Ён усё ўслухоўваўся, але па-ранейшаму нічога не чуў, і тады з’явілася панылая думка, што, відаць па ўсім, да раніцы тут ніхто і не паедзе. Не такая гэта дарога, каб па ёй ездзілі ноччу, хіба што нехта выткнецца ранкам. Раніцай, напэўна, павінен хто-небудзь выехаць з гэтага штаба або паехаць туды; не можа ж штаб абысціся зусім без дарогі. Але колькі яшчэ заставалася да гэтага ранку – гадзіна ці пяць – ён не меў уяўлення. Ён вельмі шкадаваў цяпер, што пакінуў у лазні гадзіннік; напэўна, гэта было зусім непрадбачліва. Не ведаючы часу, ён проста не мог разлічыць свае сілы, каб дачакаць раніцы.
        Здранцвелымі пальцамі сціскаючы рукаятку гранаты, ён ляжаў грудзьмі на дарозе і чакаў. Вачэй ён амаль не расплюшчваў, ён і без таго ведаў, што навакол шэры снегавы змрок і нічога болей. У насцярожанай начной цішыні быў побра чуваць кожны гук у свеце, але тых гукаў, якіх ён чакаў, нідзе не было чуваць.
        Лежачы на адным месцы, ён хутка пачаў траціць цяпло і мёрз, выразна ўсведамляючы, што мароз і вецер, напэўна, расправяцца з ім хутчэй, чым гэта зробяць немцы. Ён усё болей адчуваў гэта кожнаю клетачкай свайго наскрозь прамерзлага цела, якое не магло ўжо і дрыжэць. Проста ён неадступна, паслядоўна, паволі замярзаў. I ніхто не мог ні памагчы яму, ні ўзбадзёрыць, ніхто не даведаецца нават, як ён скончыў жыццё. Пры гэтае думцы Іваноўскі адчуў страх, бадай што спалох. Ніколі яшчэ ён не быў у такой адзіноце, заўжды ў цяжкую хвіліну хто-небудзь быў побач, заўжды было на каго абаперціся, з кім перажыць найгоршае. Тут жа ён быў адзін, як загнаны, падстрэлеыы воўк у бясконцым марозным полі.
        Вядома, ён быў асуджаны на пагібель і разумеў гэта з дастатковай у яго стане выразнасцю, хоць і не вельмі шкадаваў аб тым. Выратаваць яго нішто не магло, ён не спадзяваўся на цуд, ведаў, што для такіх, з прастрэленымі грудзьмі, цуду на вайне не бывае. Ён ні на што не спадзяваўся, ён толькі хацеў памерці не марна. Толькі б не замерзнуць на гэтай дарозе, дачакацца світанку і першай машыны з немцамі. Здорава, калі б гэта быў генерал, ужо Іваноўскі ўзняў бы яго ў паветра разам з шыкоўным яго аўтамабілем. На горшы выпадак прыгадзіўся б таксама палкоўнік ці які-небудзь важны эсэсавец. Мяркуючы па ўсім, штаб у вёсцы вялікі, важных чыноў там хапае.
        Але для таго трэба было дажыць да світання, выстаяць перад д’ябальскай сцюжай гэтай жахлівай ночы. Аказваецца, перажыць ноч было так цяжка, што ён стаў баяцца. Ён баяўся змерзнуць, баяўся заснуць або надоўга страціць прытомнасць, баяўся болю ў грудзях, які падпільноўваў кожны ягоны рух, баяўся мацней кашлянуць, каб не сцячы крывёй. На гэтай праклятай дарозе яго пільнавалі спрэс небяспекі, якія ён павінен быў перамагчы, абхітрыць, адужаць, каб датрываць да ранку.
        Рук сваіх ён амаль ужо не адчуваў, але цяпер пачалі дранцвець ногі. Ён паспрабаваў паварушыць пальцамі ў боце, але гэта яму не ўдалося. Тады, каб неяк утрымаць цяпло, што хутка пакідала цела, ён пачаў стукаць змерзлымі ботамі аб дарогу. У начной цішыні ззаду пачуўся глухі, устрывожаны грукат, і ён перастаў. Ног ён не сагрэў ніколькі, але самому стала кепска, і ён, адчуўшы, што траціць прытомнасць, апошнім намаганнем сунуў пад сябе гранату Гранату цяпер ён вымушаны быў берагчы больш за жыццё. Без гранаты ўсё яго існаванне на гэтай дарозе адразу страчвала сэнс.
        Пасля глыбокага правалу ў свядомасці, за якім наступіў доўгі прамежак лІпкай, бяссільнай знямогі, ён зноў адчуў пранізлівы люты холад і амаль жахнуўся. Здавалася, гэтай ночы не будзе канца і ніякія ягоныя хітрыкі пе дапамогуць яму датрываць да ранку. «Але як жа можа так быць? – ледзьве не крычаў у ім поўны пратэсту, амаль роспачны голас. – Няўжо ж так нічога і не выйдзе?» Дзеля чаго ж тады выдаткавана столькі яго намаганняў і яго сілы? Няўжо ж усе яны прападуць марна? Але ж яны прадукт яго матэрыяльнага «я» і самі, напэўна, матэрыяльныя, як кожпая энергія, яны ж – знясіленае яго цела і пралітая ім кроў, чаму ж яны павінны ў гэтым матэрыяльным свеце прапасці без следу? Ператварыцца ў нішто?
        Тым не менш ён амаль пэўна ведаў, што ўсё скончыцца кепска, і адначасна адмаўляўся разумець гэта. Ён хацеў верыць, што ўсё, зробленае ім у такіх пакутах, павінна недзе адбіцца, у чымсьці выявіцца. Няхай не сёння, не тут, не на гэтай дарозе – можа, у іншым месцы, праз нейкі няпэўны час. Але ж павінна яго пакутлівая смерць, як і тысячы іншых, не меней пакутлівых смерцяў, прывесці да нейкага выніку на гэтай вайне. Інакш як жа гінуць у пустой безнадзейнасці адносна сваёй патрэбы на гэтай зямлі і ў гэтай вайне? Ён жа для чагось нарадзіўся, жыў, столькі змагаўся, цярпеў, праліў сваю гарачую кроў і цяпер у пакутах аддаваў жыццё. Павінен жа ў гэтым быць нейкі, хай не дужа каб значны, але ўсё ж чалавечы сэнс.
        I ён раптам паверыў, што будзе. Што абавязкова будзе, што ніякія з чалавечых пакутаў не пазбаўлены сэнсу на гэтым свеце, тым больш салдацкія пакуты і салдацкая кроў, пралітая за гэту непрытульную, мерзлую, але ж такую сваю зямлю. Ёсць у гэтым сэнс! I будзе вынік, іначай не можа, бо іначай не павінна быць.
        Яму б толькі дажыць да світання.
        Тым часам мароз дабіраўся ўжо да яго нутра, і лейтэнант адчуваў гэта. Краем прыцьмелай свядомасці ён сачыў за тым, як сцюжа марудна, але няўхільна авалодвала яго абяскроўленым целам, і лічыў кароткія хвіліны, якія яму яшчэ засталіся. Аднойчы, расплюшчыўшы вочы, ён раптам здзівіўся і з натугай расплюшчыў іх шырай. Над полем світала. Цемра, якая, здавалася, век шчыльным покрывам аблягала зямлю, трохі прыўзнялася над ёй, у полі стала прастарней, праяснелася неба, і ў ім выразна адбілася заінелае вяршалле бяроз. У прытуманеную ранкам далячынь імкнула перамеценая завеяй дарога.
        Ухапіўшы ўсё гэта адным позіркам, які тым не менш амаль знясіліў яго, лейтэнант хацеў апусціць галаву, як раптам штосьці ўбачыў. Здалося спярша, што гэта машына, але калі ён лепей угледзеўся, дык зразумеў, што гэта фурманка. Стомлены працяглай увагай, ён палажыў галаву на снег, адчуваючы ў сабе збянтэжанасць, страх і надзею адначасна. Бялізнае, як прысуд, пытанне паўстала перад ім: хто едзе ў фурманцы? Калі сяляне, калгаснікі, дык гэта быў цуд, у які ён нядаўна яшчэ не хацеў паверыць: да яго набліжаўся паратунак. Калі ж немцы... Не, ён ніяк не мог сцяміць, чаму ў гэты ранішні час з вёскі, у якой атабарыўся вялікі штаб, павінны паявіцца з фурманкаю немцы? Усё ў ім паўстала супраць такога недарэчнага меркавання, бо цэлую ноч ён чакаў чаго хочаш, але ўжо не абозную фурманку з паклажай, да якой яму не было ніякае справы.
        Тым не менш гэта была фурманка, і яна памалу да яго набліжалася. Ужо сталі відаць і запрэжаныя ў яе коні – пара ўкормленых рыжаватых біцюгоў, якія, махаючы кароткімі хвастамі, лёгка, амаль без натугі цягнулі за сабой грувастка накладзены саломай воз. На самым яго версе сядзелі два немцы, адзін з іх варушыў лейцамі, і абодва яны ціха між сабой размаўлялі.
        Іваноўскі заціх у каляіне, зусім аглушаны тым, што ўбачыў, такога нешанцавання ён не мог і прадбачыць. Пасля столькіх смерцяў, пакут і перажыванняў замест базы боепрыпасаў, замест генерала ў шыкоўным «опель-адмірале» і нават штабнога, з партфелем палкоўніка, яму наканавана ўзарваць двух нягеглых абознікаў з возам саломы.
        Але, мабыць, іншага ўжо не будзе. Па крайняй меры, для яго нічога ўжо не будзе. Ён рабіў свой апошні ўзнос – для Радзімы, у імя свайго салдацкага абавязку. Іншыя, болей значныя ўзносы перападуць іншым. Будуць, напэўна, і вялізныя базы, і пыхлівыя прускія генералы, і ваўкаватыя эсэсаўцы. Яму ж выпалі абознікі. З імі ён і схопіцца ў сваім апошнім баі, зыход якога вырашаны быў загадзя. Але ён павінен схапіцца – за сябе, за Піваварава, за забітых пры пераходзе перадавой Шалудзяка і Кудраўца. За капітана Волаха і яго разведчыкаў. Ды ці мала яшчэ за каго...
        I ён зубамі выдраў з рукаяткі тугое колца чакі.
        Фурманка паволі набліжалася, і, здаецца, з воза яго ўжо заўважылі. Немец з паднятым каўняром шыняля, што сядзеў да яго бокам, яшчэ гергетаў нешта, а другі, у насунутай на вушы пілотцы, што кіраваў коньмі, ужо выцягнуў шыю, углядаючыся ў дарогу. Іваноўскі сунуў пад жывот гранату і ляжаў, не крануўшыся. Ён ведаў, што здаля не дужа прыкметны ў сваім маскхалаце, зноў жа, у каляіне яго трохі прымяло снегам. Стараючыся не варухнуцца і амаль зусім перастаўшы дыхаць, ён затаіўся, прыплюшчыў вочы; калі заўважылі, няхай падумаюць, што ён мёртвы, і пад’едуць бліжэй.
        Але бліжэй яны не пад’ехалі, а крокаў за дваццаць спынілі сваіх біцюгоў і нешта закрычалі яму. Ён па-ранейшаму не варухнуўся і не азваўся, толькі неўпрыцям за імі сачыў прыплюшчапымі вачыма, амаль з пяшчотай адчуваючы пад сабой выратоўчы кругляк гранаты.
        Не дачакаўшыся адказу, адзін з немцаў, што сядзеў на возе з паднятым каўняром шыняля, узяў карабін і задам споўз на дарогу. Другі застаўся на возе з лейцамі ў руках, і лейтэнант прамычэў ад прыкрасці. Атрымлівалася і яшчэ горш, чым ён думаў: да яго ішоў адзін. Іваноўскі ўнутрана сцяўся, у вачах яго пазмрачнела, дарогу і бярозы пры ёй чамусьці павяло ўбок. Але ён неяк утрымаўся ў прытомнасці і чакаў.
        Немец тым часам лязгнуў затворам, штось крыкнуў і, матляючы поламі шыняля, пайшоў па дарозе. Карабін ён трымаў напагатове, прыкладам пад пахай. Іваноўскі патроху адпускаў пад сабой планку гранаты і моўчкі паўтараў, бы малітву: «Ну ідзі ж, ідзі...» Ён чакаў, увесь ператварыўшыся ў жывое ўвасабленне чакання, на іншае ён ужо быў не здольны. Ён не мог дакінуць да немца гранату, ён мог толькі ўзарваць яго разам з сабой.
        Аднак гэты абознік, відаць, быў не надта каб смелы і ішоў да яго так асцярожна, што, здавалася, кожную секунду мог павярнуць назад. I ўсё ж ён набліжаўся. Іваноўскі ўжо бачыў няголены, нейкі заспаны ягоны твар, заінелыя гузікі на шынялі. Далёка яшчэ не дайшоўшы да лейтэнанта, ён зноў штось гукнуў і спыніўся. У наступнае імгненне лейтэнант ледзь не закрычаў ад крыўды, убачыўшы, як немец узнімае да пляча карабін і пачынае цэліцца. Цэліўся ён няўмела, надта старанна, ствол карабіна доўга хадзіў з боку ў бок; напарнік яго ўсё гергетаў штось з воза, напэўна, даваў парады. Іваноўскі па-ранейшаму ляжаў нерухома, шырока расплюшчанымі вачыма глядзеў на свайго забойцу, і слёзы роспачы каціліся па яго твары. Вось ён і дачакаўся світання і сустрэў на дарозе немцаў! Усё канчалася недарэчна, подла і бяздарна, як ні ў якім выпадку не павінна было канчацца. Што ж яму цяпер заставалася? Устаць? Крыкнуць? Падняць угору рукі? Або ціха і пакорна прыняць гэту апошнюю кулю ва ўпор, каб назаўсёды знікнуць з твару зямлі?
        Вядома, ён знікне, цяпер яму засталося некалькі лічаных секунд, за якімі настане Вечны Вялікі Спакой. У ягоным становішчы гэта было нават зманліва, бо адразу вызваляла ад пакут. Але застануцца жыць іншыя. Яны перамогуць, ім аднаўляць гэту зялёную шчаслівую зямлю, дыхаць на поўныя грудзі. I кахаць. Але хто ведае, ці не залежыць шчаслівы іх лёс ад таго, як памрэ на гэтай дарозе дваццацідвухгадовы камандзір узвода лейтэнант Іваноўскі?
        Не, ён не ўстаў, таму што ўстаць ён не мог, і не крыкнуў, хоць, напэўна, мог бы яшчэ крычаць. Ён толькі здрыгануўся, калі ў ранішняй чуйнай цішы грымнуў вінтовачны стрэл і яшчэ адна куля ўпілася ў яго акрываўленае цела. Яна ўдарыла яму ў плячо, напэўна, разбіла лапатку, але ўсё роўна ён не паварушыўся і не застагнаў нават. У апошняй натузе сцяў зубы і назаўжды ўжо заплюшчыў заінелыя вейкі. З апошняй трапяткою надзеяй ён слухаў набліжэнне чужых, незнаёмых крокаў і думаў, што, магчыма, яшчэ і не ўсё страчана, можа, яшчэ і ўдасца. Якісьці самы мізэрны шанец у яго яшчэ заставаўся. Памалу, вельмі асцярожна, трываючы новы пякельны боль, ён паварочваўся на бок, каб вызваліць з-пад цела гранату. I ён вызваліў яе якраз у той момант, калі крокі на дарозе сціхлі недзе паблізу. Ён адчуў тады побач тугі пружыністы рывок планкі, і тут жа нечакана гулка ляснуў узрывальнік. Немец коратка крыкнуў, мабыць, кінуўся прэч. Іваноўскі паспеў яшчэ ўчуць два яго спалоханых крокі і болей нічога не ўчуў... Праз некалькі секунд, калі асеў перамешаны са снегам пыл, яго ўжо не было на гэтай дарозе, толькі невялікая вароыка курылася на ветры ў адной каляіне; вакол на размеценым снезе ляжалі мёрзлыя камякі зямлі, фурманка з растрэсенай навокал саломай абярнулася набок, ля яе, спрабуючы ўстаць на ногі, біўся ўкормлены рыжы біцюг, а за канавай ляжаў ніц адкінуты выбухам труп немца. Другога не было відаць...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.