РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пайсці і не вярнуцца
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
1
        
1

        
        Ішоў снег. Белая гушчэча сняжынак коса неслася долу, з ціхім няспынным шолахам хутка засыпаючы сухую ад марозу траву, рудыя зараснікі асакі на балоце. Гладкімі плямамі браліся ўмерзлыя вадзяныя прагалы, якія, каб не пакідаць слядоў, старанна мінала Зоська. Але гэткіх прагалаў у траве было многа, спакваля яна зразумела, што нікуды ад іх не дзецца на гэтым імшыстым балоце, і пайшла наўпрост, не выбіраючы шляху. Дзе-нідзе яна неглыбока правальвалася ў мох то адной, то дзвюма нагамі, але да вады не даставала: за апошнія некалькі дзён балота няблага ўмерзла. Ці то ад завеі, ці ад хуткага набліжэння вечара балотна-лесавы прастор навакол усё болей рабіўся змрочны, няўтульны, хмурылася нізкае неба, поўнячы шчымлівай самотай і без таго неспакойную душу дзяўчыны. Толькі што выбраўшыся з зараснікаў, Зоська ўжо разы тры азірнулася, хаця ні ззаду і нідзе паблізу быццам не было нікога. Каб неяк пазбыцца кепскіх адчуванняў, яна спынілася, агледзелася, зняла з рук сподкі, пазмятала імі з мокрых плячэй снег, страсянула падол спаднічкі. Але не мінула і хвіліны, як снег зноў густа заляпіў ворс яе плюшавага сачка, і яна падумала, што дарма тут абтрасацца, лепей паберагчы сподкі, якія і без таго прамоклі наскрозь і не грэлі. Рукі ўсё болей зяблі, асабліва калі яна пераходзіла голыя, без кустоўя, прагалы балота, дзе мацней дзьмуў вецер і, здаецца, гусцейшы рабіўся снег, які нямала шкодзіў ёй у гэтай дарозе. Тыя, што пасылалі яе, спадзяваліся на чорную, без слядоў, сцяжыну, – яшчэ дзве гадзіны назад не было ніякай завеі, зямля ляжала скрозь голая і ўмерзлая, праўда, надта хмурылася сцюдзёнае неба, але гэтаю восенню яно амаль заўжды хмурылася. I цяпер гэты снег...
        Азірнуўшыся, Зоська згледзела на белай куп’істай траве прыкметныя здаля сляды сваіх ног, абутых у адсырэлыя ўжо і лапленыя ў шмат якіх месцах боты. Праўда, разам з травой снег засыпаў і сляды, і калі гэтая замець не перастане да ночы, дык слядоў, напэўна, можна будзе не надта баяцца.
        Горш, што яна заблудзілася.
        Яна ішла, мабыць, з гадзіну, але патрэбнай ёй леснічоўкі ўсё не было відаць, навокал цягнулася незнаёмае замерзлае балота, там-сям парослае чахлымі пакручастымі бярозкамі, кустоўем лазняку і алешніку. Цяпер ёй і не ўцяміць, як яна згубіла сцяжынку, можа, прамінула ў кустоўі чарговы яе паварот або тая проста прапала пад снегам. Зоська ішла наўздагад, без жаднай упэўненасці, што ідзе правільна. Але запытаць тут не было ў каго, яна ведала, што бліжэйшая вёска была кіламетраў праз восем за рэчкай, да вёскі яшчэ трэба было дайсці. Зброі ў яе не было ніякай, хоць зброю перад выхадам можна было папрасіць у хлопцаў, але калі яна намякнула Дазорцаву, той забараніў катэгарычна – у яе справе лепей было абысціся без зброі. Компаса ёй таксама не далі. Компас, напэўна, памог бы ў шляху, ды ў выпадку чаго навёў бы на падазрэнне, а падазрэння ёй трэба было пазбягаць. Праўда, яна мела пашпарт, нямецкі аўсвайс, але не надта спадзявалася на гэтую тоненькую, з сінімі пячаткамі кніжку, выпісаную на нейкую Адэлаіду Аўгусцевіч. Аўсвайс быў стары, патрэпаны, відаць, не яна першая выпраўлялася з ім з партызанскай зоны, хоць імя той жанчыны дужа падабалася Зосьцы. Ёй бы такое імя.
        А то Зося Нарэйка.
        Хаця што ж, кожнаму – сваё.
        Зосьцы вось толькі б перайсці гэта балота, пералезці на той бок рэчкі і выбрацца на Скідзельскі шлях – там пачыналася знаёмая мясцовасць, там былі людзі, там бы яна ўздыхнула. Праўда, яна разумела, што там яе пільнавала нямала небяспек іншага роду, але цяпер ёй здавалася, што тут страшней. Яна амаль перастала пазіраць пад ногі, дзе звыкла шорхала каляная ад марозу трава, – яе позірк імкнуў наперад, у пагусцелы над балотам змрок, у якім цьмела навокал мноства невыразных плям, няпэўных палос наводдаль, нейкіх незразумелых ценяў. Здавалася, усюды, замершы, пільнуюць яе балотныя здані, можа, ваўкі, а можа, і нядобрыя людзі. Але кожны раз, падышоўшы бліжэй, яна бачыла, што гэта цьмелі ў снезе высокія купіны папараці ці кусты багуну, а то і нізенькія, перасыпаныя снегам елачкі. Напэўна, нікога болей і не магло быць у гэты час на ўмерзлым балоце, аднак, па меры таго як цямнелася, невыразны загадкавы страх усё болей агартаў дзяўчыну.
        Яна ўпарта гнала яго прэч, у думках лаяла сябе за палахлівасць і ўсё ўгаворвала: ну, чаго ты баішся, дурніца, што ж тут можа быць страшнае? Баяцца прыйдзецца там, дзе людзі, дарогі, варта, праверка дакументаў, паліцыя. Тут жа скрозь бязлюднае балота, непагодны восеньскі вечар, снег – усё хоць, можа, і малапрыемнае для падарожніка, затое зусім бяспечнае. Чаго тут баяцца?
        I тым не менш тут ей здавалася страшней, чым там, наперадзе, паблізу ад вёсак з вартай, патрулямі, праверкамі ўсіх чужых, падазроных.
        Яна ўзышла на ледзьве прыкметны ў балоце грудок, пакрыты небалотнай, без ледзяных плямаў травой, з рэдкімі зараснікамі алешніку, які бязладна шарэў на белай зямлі. Завея нібы парадзела, і хоць неба ўгары зрабілася цямней, чым дагэтуль, кустоўе відаць стала далей, за ім, здаецца, шарэла сцяна дальняга лесу, і Зоська падумала: ці не там скончыцца гэта балота? Яна набавіла кроку, рашуча кіруючы цераз грудок па зарасніку, як раптам амаль жахнулася: праз пяць крокаў ад яе матлянулася штосьці жывое і, як здалося, вялізнае, і толькі праз момант, неяк авалодаўшы сабой, Зоська ўбачыла наводдалек зайца. Вялізны русак размашыстымі скачкамі ўцякаў прэч з балота, пакуль не знік у прыцемках. Адольваючы спалох, Зоська перавяла дыханне і нерашуча, сама не ведаючы чаму, азірнулася.
        Тут яна застыла ў нямым здзіўленні, на момант, але з пэўнай дакладнасцю ўбачыўшы зводдаль сілуэт чалавека, які нібыта з асцярожнай увагай назіраў за ёй ззаду. Спалохана ўгледзеўшыся ў яго, Зоська цепнула вейкамі, і сілуэт у той жа момант знік у пагусцелых прыцемках, нібы зліўся з невыразнымі плямамі зямлі і кустоўя. Абмершы сэрцам, Зоська яшчэ паўхвіліны ўзіралася, ды марна: ззаду не было нічога такога, што хоць бы прыблізна нагадвала сабой чалавека. Тады яна падумала, што памылілася, што гэта здалося, і, палаяўшы сябе за дурны спалох, прыспешаным крокам пайшла ўніз з грудка.
        Некалькі хвілін яна таропка крочыла драбналессем, усё ўхіляючыся ад сцюдзёнага голля алешніку і ледзьве стрымліваючы напружанае жаданне азірнуцца хоць бы таму, каб упэўніцца, што ззаду нікога няма. Але яна не азіралася, яна прымусіла сябе глядзець толькі наперад, дзе, пэўна, канчалася балота і цягнуўся па баках рэдкі зараснік, а пад нагамі роўна шархацела высокая, прысыпаная снегам трава. Там, наперадзе, ужо ўгадваўся ў прыцемках шырокі вольны прасцяг, кустоўе канчалася, да цёмнай сцяны хвойнага лесу было зусім блізка. Зоська падумала, што дзесь там павінна быць рэчка. Не Бог ведае якая гэта рачулка, у якой летам трэба было пашукаць мясціну глыбей, каб пакупацца, увосень разлілася і цяпер трывожыла Зоську – як цераз яе перабрацца? Лёгка было Дазорцаву раіць там, у лесе, пашукаць брод, які павінен быць недзе каля леснічоўкі. Але як ёй знайсці гэты брод, калі яна згубіла саму леснічоўку і нават не ведае, у якім баку тая засталася.
        Так яно і аказалася – рака была тут. Яшчэ зводдаль Зоська пазнала яе, убачыўшы шэраг выгінастых вольх, якія прывольна разрасліся на краі голага дрыгвяністага поплаву. Паміж ракой і кустоўем ляжаў прасторны, засыпаны снегам лугавы прасцяг. Перш чым выйсці на яго, Зоська спынілася, зірнула ў адзін бок, пасля ў другі і, не ўтрымаўшыся, таропка азірнулася. Але ў шэрых снегавых прыцемках скрозь было ціха і бязлюдна, толькі бязладныя парывы ветру няспынна церушылі на балота снегам і тым парушалі санлівую ціш ночы.
        Зоська выйшла на поплаў, рашуча кіруючы да купкі старых крывых алешын, што раскінулі над берагам адмысловую блытаніну голля. Яшчэ здалёку між іхніх камлёў яна ўбачыла супрацьлеглы, таксама парослы кустоўем бераг і нібы прыпаяны да яго цьмяны закраек лёду, які дзе-нідзе цямнеўся разводамі мокрага снегу. Такі ж, з плаўна выгінастым, нібы падталым, краёчкам лёд цягнуўся і ўздоўж гэтага берага, а паміж імі чарнела няроўная паласа чыстай вады. Была яна не шырокая, гэтая злашчасная вадзяная палоска, месцамі ледзяныя берагі амаль сыходзіліся, але рака скрозь упарта разлучала іх, і Зоська нерашуча спынілася. Не, тут перайсці не было магчымасці.
        Мінуўшы некалькі вольх, яна зноў падышла да невысокага, але стромкага берага. Рака тут крута паварочвала да лесу, і шырокая закраіна лёду з таго боку амаль ушчыльную падышла да абрыву ля яе ног, можа б, і ўдалося да яе дабрацца. Калі б на што абаперціся. Або яшчэ лепш пакласці з берага доўгую палку і па ёй асцярожна перайсці на той бок.
        Трэба было пашукаць палку.
        Схіліўшыся, каб ухінуцца ад нізка навіслага голля, Зоська абышла некалькі тоўстых вольх, мацаючы рукой іх шархоткія камлі, і незнарок кінула позірк на прытуманеную далячынь поплаву. Яна зноў палахліва здрыганулася, застыўшы ў нязручнай паставе: цяпер ужо не магло быць сумнення – цераз поплаў з кустоўя па яе слядах ішоў чалавек.
        Паўхвіліны яна стаяла так, у змярцвенні, не адрываючы позірк ад поплаву. Адсюль нельга было разгледзець чалавека, начное сутонне згладжвала яго абрысы, але стракатая белізна снегу, а галоўнае, таропкія рухі яшчэ здалёк выдавалі яго. Паўзіраўшыся, Зоська зразумела, што гэта – мужчына і што кіруе ён да ракі ўпэўненым крокам чалавека, які мае пэўную мэту і, мабыць, ведае шлях. Рукі яго мерна пацепваліся ў такт кроку, здаецца, яны не былі занятыя зброяй ці якой ношай, але ці меў ён што за спіной, яна не магла згледзець. Тым не менш яна востра адчула, што ён ужо бачыць яе, што ёй трэба як найхутчэй уцякаць і што ўцячы ў яе становішчы можна толькі ў адзін бок – за раку.
        Яна спалохана кінулася да берага, маючы намер саскочыць з абрыву, але ўбачыла ўнізе цемнаватую паску мокрага снегу і пабегла далей. З-пад снегу ля самай вады тырчаў нейкі сук, яна на бягу выдрала яго і вяршалінай з наліплым брудным лісцем перакінула цераз чорны паток на крыгу. Аднак сук аказаўся кароткі, да таго ж здорава выгнуты пасярэдзіне, ён адразу перавярнуўся і амаль увесь схаваўся ў вадзе. Баючыся, што не паспее, і ліхаманкава працуючы рукамі, Зоська выбралася з-пад абрыву і аберуч учапілася ў нятоўсты пахілы адростак у бліжнім кусце. Нядоўга завісшы пад ім, яна зноў зірнула на поплаў: запаволіўшы крок, чалавек набліжаўся да рэчкі. Іх раздзяляла ўжо не болей як сотня крокаў, Зоська з усяе сілы тузанула дрэўца, і тое няроўна адламалася ля самага кораня. Не спрабуючы нават абламаць на ім голле, яна саскочыла з абрыву і перакінула над вадой гэтую хісткую, маланадзейную апору.
        Яна ўсё ж паспела, хоць і намачыла ля берага ногі, у левым боце непрыемна захлюпала, але цяпер, мабыць, можна было адважыцца. Нядоўга думаючы і амаль фізічна адчуваючы набліжэнне таго чалавека, яна ступіла на крывы канец дрэўца і ўзмахнула рукамі.
        Ёй удалося зрабіць толькі тры нясмелыя таропкія крокі, як вяршалінка дрэўца, падагнуўшыся, саслізнула з закрайка, і Зоська апынулася ў вадзе.
        Гэта было жахліва ў яе становішчы. Падумаўшы, што ўсё пралала, яна інстынктыўна рванулася да недалёкай і такой недасяжнай цяпер крыгі, Але ногі яе ў вадзе раптам згубілі апору, дно пахінулася ўбок, яна шыбанула ў ваду амаль да сярэдзіны, з жахам адчуўшы, як цячэнне пругка ўдарыла яе ў сцёгны, пагражаючы зваліць з ног. I тады праз шум разварушанай целам вады, аднекуль зверху пачулася:
        – Зоська, пастой! Ты што, здурнела?
        «Антон?» Ахопленая спалохам, збянтэжаная, яна хіснулася ад глыбіні і замерла ў вадзе, пазнаўшы голас таго, каго меней за ўсіх чакала цяпер пачуць. Але памылкі быць не магло – спрытна сігануўшы з абрыву, Антон падхапіў з вады дрэўца і размашыста кінуў яго мокрым вяршком ёй у рукі.
        – Ану, трымай! Я пацягну...
        Яна ўжо і сама ўправілася з даволі моцным на глыбіні цячэннем і, спакваля пераборваючы спалох, ухапілася за голле дрэўца, дужа пацягнуўшы за якое, Антон вывалак яе з вады.
        – Давай сюды! Бо, на сухое... Эх ты, дурніца! Хіба так можна кідацца?
        – Ой і напалохаў жа ты мяне... А адкуль ты ўзяўся?
        – Узяўся. Хіба так можна? Тут глыбіня – во! – адмераў ён сабе далонню па грудзі, I яна, ледзьве стрымліваючыся, каб не закалаціцца ад сцюжы, паглядзела ў ягоны твар. Не, ёй не здалося, гэта сапраўды быў ён, партызан з трэцяга ўзвода Галубін, якога яна некалькі дзён назад пачала зваць Антонам.
        – А я гляджу даганяе нехта. Так напалохалася, што... Сэрца ледзьве не выскачыць.
        – Прамокла дужа? Ну, канешне! Ану, быстра за мной! – скамандаваў ён. – Бягом! Тут вёска недзе была.
        Яна не пярэчыла, адразу паддаўшыся ягонай уладарнай патрабавальнасці, тым больш што патрабавальнасць гэта была ёй паратункам, яна і сама адчувала, што гэтак нядоўга і задубець на ветры. Узлезшы на абрыў, ён пабег па-над рэчкай кудысьці па поплаве ўлева, і яна, ледзьве трываючы сцюжу, якая паліла ногі і ніз жывата, пабегла следам.
        – Рукамі, рукамі во так! – паказаў ён, замахаўшы на бягу рукамі. – Угору-ўніз! Угору-ўніз! Грэйся!
        Рака павярнула пад лес, цёмная сцяна якога адышлася і спакваля знікла ў прыцемках, дзесь там жа зніклі пакручастыя прырэчныя вольхі. Яны беглі па поплаве ў напрамку нізенькіх зараснікаў, што цямнелі на снезе, і яна адчувала, як усё болей дранцвеюць ногі ў мокрых пацяжэлых ботах; спаднічка спярша мокра хлюпала, пасля пачала цвярдзець на марозе, сподкі яе засталіся ў рацэ, і рук яна амаль ужо не адчувала.
        – Адкуль ты ўзяўся? Цябе што – паслалі за мной?
        – Паслалі, ага. Супакойся. Ты ж такая разведчыца, што...
        – А што?
        – Ды нічога. Добра, паспеў, а то б...
        Яна ўсё яшчэ не магла пераадолець збянтэжанасці, зразумець, чаму ён апынуўся тут, за дзесяць кіламетраў ад лагера. Калі яе пасылалі ў гэтую дарогу, не было і размовы аб Галубіне, рыхтавалі на заданне яе адну. Але вось ён тут, і першае яе здзіўленне хутка сталася радасцю. Гэта была прыемная для яе нечаканка, калі б толькі не той яе недарэчны спалох, які па-дурному штурхнуў яе ў раку. Але хто ведаў, што гэта Галубін, а не які-небудзь паліцай або немец. Прымаючы папрок, Зоська вінавата маўчала. Сцюжа ўсё болей скоўвала яе рухі, ногі вышэй калень нядобра гарэлі, быццам абпаленыя, унутры, праўда, ад доўгага бегу рабілася цяплей, але яна адчувала, што спыняць бег нельга. У бегу быў яе паратунак, асабліва калі там, наперадзе, вёска, можа, там яна і сагрэецца. I Зоська пакорна бегла поруч з гэтым нечаканым яе выратоўцам, з якім толькі раніцой рассталася каля лагернай кухні. Яна сказала яму, што цяпер убачацца не так хутка, можа, праз тыдзень ці два. Яна не магла сказаць, куды і па што яе выпраўлялі. Галубін, аднак, штось зразумеў, насцярожыўся, нават спрабаваў затрымаць яе за рукаў, але яна вырвалася і ўжо са сцяжынкі гарэзліва памахала яму сподкам. Пасля таго, як атрад перабазіраваўся ў паўднёвую частку Сухога балота і яна пачала памагаць Сцепанідзе ўпраўляцца на кухні, гэты Галубін часцяком прыпыняўся ля яе, то павітаецца, то пажартуе, разы два яны нават недалёка прайшліся ўдваіх, і яна падумала, што, можа, трэба было б яму намякнуць, куды яна ідзе. Але тады, ля кухні, яна нічога яму не сказала, а пасля ёй стала не да Галубіна, гадзіны са тры яна праседзела ў штабе, слухала інструктаж начальніка разведкі Дазорцава, вывучала паролі для сувязі са сваімі людзьмі ў вёсках, пароль-пропуск праз зону суседняй партызанскай брыгады. Ведама, шлях быў не блізкі, усё трэба было вывучыць напамяць – там запытаць не будзе ў каго, і з Галубіным яна болей не ўбачылася.
        Каб яна не адставала, Антон стрымліваў бег і шырокім размашыстым крокам з хрустам таптаў падмерзлую траву поплаву, упэўнена вёў Зоську ў змрок снежнае ночы. Яна хацела сказаць, што ёй трэба за рэчку, але стрымала сябе – цяпер сапраўды спярша трэба было абсохнуць, і яна амаль з радасцю ўхапілася за гэтую яго таварыскую дапамогу, якая аказалася вельмі дарэчы. А яна, дурная, баялася.
        – Тут недзе вёска была. Забыў, як называецца. Кандыбаўшчына, здаецца. Не чула такой?
        Яна моўчкі пакруціла галавой.
        – Што, здорава выкупалася? Ану? – ён скінуў рукавіцы і цепнуў рукой яе па спіне і ніжай. – Жакетка наўродзе сухая. Спадніца толькі. I ногі. Ану хутчэй! Шырай шаг, малеча! – бадзёра закамандаваў ён.
        –Там так глыбака! Ніколі не думала, – сказала яна, ціхенька ляскаючы зубамі.
        – Глыбака, канешне. Гэта ж не ўлетку. Трэба было каля леснічоўкі перапраўляцца, а ты во куды шыбанула.
        – Я і хацела каля леснічоўкі. Але ж... заблудзілася.
        – Я так і падумаў. Яшчэ не выйшла з зоны, а ўжо заблудзілася. Як жа ты будзеш там, разведчыца?
        Што яна магла на гэта сказаць? Пачатак сапраўды атрымаўся няўдалы, магло быць і горш, калі б не падаспеў ён. А можа, без яго яна была б асцярожней і не палезла так раптам у рэчку? Але заблудзілася па сваёй віне, тут ужо вінаваціць не было каго, тут была сама вінаватая...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.