РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пайсці і не вярнуцца
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
20
        
20

        
        Назаўжды расквітаўшыся з Зоськай, Антон адчуў у сабе палёгку, амаль душэўшы спакой, быццам скінуў са спіны цяжар, які доўга не даваў спакою. Цяпер сведак больш не было, ніхто не мог ведаць пра яго намеры, яго грэшную спробу ўцячы ад вайны. Ён зноў быў чысты, сумленны, бязгрэшны ў адносінах да радзімы, людзей і сваіх таварышаў. Падагрэты яшчэ не астылаю злосцю на Зоську, ён не адчуваў вялікіх згрызот сумлення – падумаеш, забіў дзеўку! На свеце, дзе ішла вайна і кожны дзень забівалі тысячы, дзе кожную хвіліну маглі забіць яго самога, гэта маленькае забойства зусім не здавалася яму злачынствам – забіў, бо іначай не мог. Загінула праз дурны свой характар, які ў такіх вось абставінах рана ці позна прывёў бы яе да магілы. Калі б не застрэліў Антон, яе ўсё роўна застрэлілі б немцы, вырваўшы ў дадатак сякія-такія партызанскія звесткі – каму было б лепш ад гэтага?
        Хуткім крокам Антон перайшоў цёмнае поле і выйшаў да хвойнага ўзлеску. Невысокія густыя хвойкі шчыльна сціскалі свой рад, і ён з немалым намаганнем пралез паміж імі, стросшы на сябе белаватае ўначы воблака снегу. Нізка гнучыся, амаль навобмацак ён пачаў прабірацца ў глыб хвойніку. Ён думаў, што далей ад узлеску хвойнік стане радзейшы, але ўвесь гэты хвойнік аказаўся суцэльнай гушчэчай, прабрацца праз якую нават удзень было неверагодна цяжка, не кажучы ўжо пра ноч.
        Доўга прадзіраючыся праз зараснікі, ён балюча разадраў руку, прадраў кажушок на плячы і стаў думаць ужо не пра тое, каб вытрымаць напрамак да Нёмана, а каб хоць вылезці з гэтай гушчэчы. Але, крута павярнуўшы ўбок, ён убіўся ў яшчэ горшы хвойны сушняк, які застаўся, напэўна, пасля аднаго з летніх пажараў, дзе і зусім немагчыма было ні прайсці, ні пралезці праз калючае і цвярдое, як сталёвы дрот, сучча. Зразумеўшы, што гэтае месца лепш абысці бокам, Антон павярнуў назад, пасля зноў пачаў браць улева. Але куды б ён ні падаўся, усюды яго пільнаваў гушчар з калючага галля і сучча, якія зласліва чапляліся за кажушок, абдзіралі твар, рукі, кожны раз здзіралі з галавы шапку. Ён умарыўся, змакрэў ад поту і снегу, які налез у кожную прарэху ягонай апраткі.
        Ужо згубіўшы надзею калі-небудзь выбрацца з гэтых д’ябальскіх нетраў, Антон, гнучыся ў тры пагібелі, адолеў чарговую дзялянку асабліва густога падросту і апынуўся нарэшце на ўзлеску. Наперадзе было поле, ён з палёгкай уздыхнуў: атрос з сябе снег, адчуваючы на разгарачаным твары пругкія ўдары ветру, які па-ранейшаму сыпаў у прыцемках снегавой драбязой. Ён пайшоў па полі, даўшы сабе слова болей не лезці ў зараснікі, дзе ў такую ноч і такое надвор’е можна хіба што хавацца ад ваўкоў. Яму ж трэба было як найхутчэй дабрысці да Астраўка ці, можа, пераправіцца цераз Нёман дзе ў іншай здатнай для таго мясціне. Цяпер гэта займала ягоныя думкі болей за ўсё іншае, таму што затрымка з пераправай пагражала заўтра новай бядой у гэтым малазнаёмым прырэчным раёне з яго паліцыяй, засадамі, патрулямі па вёсках, хутарах, на дарогах.
        У полі стаяла начная цішыня, ісці было лёгка; Антон пакрысе душэўна аціх, амаль супакоіўся. Ён стараўся не думаць ні пра нядаўняе сваё забойства, ні пра тое, што яму давялося перажыць з Зоськай. Што было, тое мінулася, казаў ён сабе, у ягоным становішчы было разумней паклапаціцца пра будучае. Мабыць, давядзецца шукаць таго баламута-сяржанта і яго сябрука Пашку, хаця Антон нават не ведаў іх прозвішчаў і не меў уяўлення, з якога яны атрада. Але яны б, мусіць, пацвердзілі ягоны ўчынак пры пераходзе «жалезкі», усё ж ён прыкрыў іх агнём і тым даў магчымасць уцячы ад паліцаяў. Праўда, яны ж маглі расказаць і пра непрыемны выпадак з Зоськай на хутары. Можа, лепей не спасылацца на гэтых людзей, што хаця і ўскладніць яго апраўданне, затое дасць яму магчымасць адрачыся ад Зоські: яе ён не бачыў, не сустракаў, нічога пра яе не ведае. Пайшла і прапала, ці мала што магло здарыцца з партызанскай разведчыцай у варожай зоне. Наогул такая пазіцыя знешне выглядала даволі пераканаўчай і не павінна выклікаць падазрэнне, трэба толькі паводзіць сябе цвёрда і настойліва. Дзе быў трое сутак? Хадзіў па вёсках, хацеў разжыцца абуткам. Боты зусім разваліліся, колькі разоў гаварыў камузвода, ніякай увагі. А які ж з яго партызан зімой без абутку? Чаму не далажыўся начальству, не папрасіўся адпусціць? Шыш бы яго адпусцілі, калі б папрасіўся.
        Авось не застрэляць.
        Пасля непралазнага гушчару хвойніку крочыць па полі была адна асалода. Заняты сваімі думкамі, ён адмахаў кіламетры са тры, калі не болей, як раптам адчуў, што перамяніўся вецер. Спярша дзьмуў злева, а пасля стаў заходзіць ззаду. Ці, можа, ён сам, а не вецер змяніў кірунак? Антон спыніўся, прыслухаўся. Але ў полі нічога не было чуваць, апроч звыклых парываў ветру і шорхату снегу. Тады ён угледзеўся ў снегавыя прыцемкі, у якіх знікаў раўнінны палявы прастор, і таксама не мог там убачыць нічога пэўнага. Усё ж ён узяў трохі ўправа, здалося, штосьці там высілася над краявідам, хаця гэта мог быць змрочны край неба, і хутка, на яго здзіўленне, з паўзмроку выплыла цёмная сцяна лесу. Але тут не павінна было быць ніякага лесу, падобна, што ён заблудзіўся.
        Трохі азадачаны, ён спыніўся ў некалькіх кроках ад лесу, абапёрся на знятую з натруджанага пляча вінтоўку. Позіркам ён спрабаваў пранікнуць далей у ветраны змрок начы, але позірк меў сілы на якіх-небудзь сто метраў, не больш. На працягу гэтых ста метраў наперадзе і столькі жа ззаду была прыкметна толькі плаўная крывуляка ўзлеску, які чамусьці здаўся яму знаёмы. Ды яны ж сёння пляліся тут з Зоськай! Яна яшчэ тут ванітавала, і ён, не ў стане нічым памагчы, стаяў і глядзеў на скалечаную агнём сасну на ўзлеску. Вунь, здаецца, і пагарэліца, голае сучча якой чорнымі рагулямі тырчыць у прыцьмелае поле. Чорт ведае куды яго занесла!
        Трэба было павяртаць назад, абысці хвойнік і выходзіцьда Нёмана, але Антон, яшчэ не разумеючы навошта, пайшоў да ўзлеску. Каля дрэў было зацішней ад настырнага ветру ў полі, ён падышоў да сасны і прысланіўся да яе чорнага шархоткага боку. Усё ж адчувалася стома, трохі кружылася ў галаве, цягучы ветраны гул не спыняўся ў вушах. Даўшы сабе кароценькі адпачынак, Антон чамусьці перастаў думаць пра тое, як выйсці да Нёмана і дзе перабрацца на яго левы бераг. Яго думкі пайшлі іншым кірункам, і перад вачмі паўстала знаёмая крывуляка ўзлеску, за ёй – тое самае поле з шушай, дзе, напаўзавеянае снегам, ляжыць цяпер цела Зоські. Пад раніцу яго, мабыць, зусім замяце снегам..
        Дзіўна, але ён ужо не адчуваў да яе нядаўняй варожасці, у глыбіні ягоных пачуццяў нарадзіліся новыя адносіны да яе, падобныя болей на шкадаванне і ціхі, невыразны сум. Ён гаротна ўздыхнуў, падумаўшы, што ўсё магло скончыцца інакш, калі б... Але надта шмат рознага ўключала ў сябе гэтае калі б, каб тут пра яго думаць. Адно несумненна: вайна парушыла спрадвечныя адносіны паміж людзьмі, паставіла чалавека ва ўмовы, калі не падпарадкавацца яе злой волі не было ніякай магчымасці. Во і тут: хіба ён хацеў яе забіваць? Проста ён сам хацеў выжыць, а выжыць удваіх зрабілася немагчыма.
        Ноч няспынна адмервала свае хвіліны, яму трэба было ісці, а ён усё стаяў пад сасной, хаваючыся ад сцюдзёных парываў ветру, які самотна шархацеў па кары дробным снегам. Штосьці не давала яму павярнуць у другі бок і пакінуць гэту мясціну. Трошкі прыплюшчыўшы вочы, ён усё бачыў у ветраным змроку знаёмую грушу з крушняй камення ў снезе... Гэта было зусім недалёка адсюль, адразу за хвойнікам. Калі ісці хуткім крокам, уся дарога туды зойме дваццаць хвілін. Нясмела напомніўшы аб сабе, дзіўнае гэта жаданне стала хутка набіраць сілу і ахапіла яго ўсяго. Ён разумеў усю недарэчнасць гэтай задумы і пытаўся: навошта туды ісці? Але нясмелы голас сумнення неўзабаве прымоўк, капітуліраваўшы перад уладай жадання. Антон яшчэ вагаўся, але ўжо ведаў, што доўга не вытрывае. Яму стала патрэбна яшчэ раз пабачыць мёртвае цела Зоські, пераканацца, што яна не пакутавала доўга, што наўкола ціха-спакойна, яго ніхто не шукае, і пасля з палягчэлай душой адпраўляцца за Нёман.
        Нервова скалануўшыся ад нецярпення, ён зразумеў марнасць супраціўлення гэтаму жаданню і закінуў за плячо вінтоўку.
        Далей увесь шлях па полі да грушы быў яму добра знаёмы, ды і лінія ўзлеску не дала згубіць напрамак, ён абышоў хвойнік і апынуўся на княжаводскім полі. Тут трэба было прайсці па прамой не болей як адзін кіламетр. Цёмная, без зорак, ноч, здаецца, і яшчэ пацямнела, няспынна сыпаўся снег, калючыя ягоныя крупінкі балюча сцябалі па настылых руках і твары. Мароз, мабыць, стаў болыны, Антон пільна ўгледзеўся ў паўзмрок і яшчэ зводдаль пазнаў раскідзістае сучча грушы, якім непрытульна пагойдваў вецер. На ранейшым месцы пад грушай грувасцілася знаёмая крушня. Але ён толькі зірнуў на грушу, камяні крушні і прабег каля іх у поле, дзе, аднак, чамусьці не ўбачыў таго, што хацеў убачыць. Вельмі добра памятаў, як Зоська ўпала, раскінуўшы на снезе чорныя рукі, і ляжала так, бачная здалёку. Цяпер жа прыблізна на тым самым месцы нічога не было відаць, і ён падумаў: як хутка яе замяло снегам. Але снег з самага вечара сыпаўся дробны, нават у ямках яго намяло не шмат, ля мяжы і крушні ён быў толькі па костачкі. Трохі занепакоены, Антон прабег далей, чым трэба было, павярнуў назад. Дзіўна, падумаў ён, няўжо ж ён так памыліўся ў адлегласці. Але ён памятаў добра, што Зоська адышлася перад яго стрэлам метраў на пяцьдзесят ад грушы, інакш у паўзмроку ён бы ў яе не пацэліў. Дык дзе ж яна магла быць? Шырокай васьмёркай Антон абабег поле, зноў зайшоўшы ад грушы, дакладней прыкінуў напрамак стрэлу.
        Але на тым месцы, дзе яна ўпала, забітая яго куляй, цяпер яе не было.
        Адчуўшы нядобрае, ён прыгнуўся, каб убачыць на снезе сляды, і ўбачыў невялічкую цёмную плямку, згроб яе ў жмені разам са снегам – несумненна, гэта была кроў. Але дзе ж тады сама Зоська?
        Ён упаў на калені і аберуч пачаў мацаць снег, адразу наткнуўшыся пальцамі на ледзьве прыкметную для вока шырокую баразну ў снезе з ямінамі ад калень, і зразумеў, што яна папаўзла. Гэтае адкрыццё збянтэжыла яго. З мешаным пачуццём спалоху і недаўмення ён ускочыў на ногі, пакінуўшы на ранейшым месцы вінтоўку, і пабег па няроўнай баразне – цераз быльнёг, міма паўзасыпанага палявога куста ў напрамку нябачнай адсюль, але недалёкай вёскі. Калі ж усё стала зразумела, Антон вяла выпрастаўся, сцішыў крок, спыніўся зусім і самотным разгубленым позіркам уставіўся ў змрок. Ён яе не забіў, толькі параніў, і яна папаўзла ў вёску, дзе ў яе знаёмыя, сувязныя, сяброўкі. Яму ж падацца туды было нельга. Спрабуючы як-колечы асэнсаваць новы паварот у сваім становішчы, ён вярнуўся назад, падабраў вінтоўку. Называецца, пашкадаваў патрон і – загубіў жыццё. Праклятая Зоська! Колькі ж гэта можа яшчэ цягнуцца? Палічыўшы яе забітай, ён хутка страціў свой гаеў супраць яе, ён нават гатовы быў палюбіць яе мёртвую, якая сваёй смерцю, несумненна, саслужыла б яму добрую службу. Але цяпер ён яе ненавідзеў як ніколі раней. Яна з’явілася пачварна непераадольнай перашкодай на яго і без таго заблытанай пуцявіне жыцця. Як яму вызваліцца ад яе?
        Але вызваліцца, напэўна, было ўжо немагчыма: упусціўшы яе, ён траціў над ёю сваю ўладу. I наадварот, дабраўшыся да Княжаводцаў, яна займела грозную ўладу над ім і цяпер можа зрабіць з ім усё, што захоча. Напэўна, у гэты час, калі ён кідаецца па начным полі, яна ўжо расказвае некаму пра яго злачынства. Праз некалькі дзён аб гэтым стане вядома ў атрадзе.
        Хісткім няроўным крокам Антон ішоў супраць ветру, не адчуваючы яго марозных парываў, панура апусціўшы галаву, засунуўшы ў кішэні рукі. Пляваць яму было на сцюжу, на гэты пракляты вецер у голым прамёрзлым полі. Вайна заганяла яго ў тупік, з якога не было выйсця. Куды ён цяпер мог падацца, дзе шукаць прытулак? Ён нават не меў дзе пераспаць, пад’есці, пагрэцца; небяспека пагражала яму з двух бакоў. Ён звыкла прадаўжаў баяцца паліцыі і немцаў, але і партызаны з сённяшняй ночы рабіліся яму ворагамі. Цяпер не было сэнсу шукаць пераправу за Нёман – у Ліпічанку яму шлях закрыты.
        Але куды ж тады не закрыты?
        Усё выразней асэнсоўваючы безвыходнасць свайго становішча, ён бачыў нямала віноўнікаў сваіх няўдач, сярод каторых, аднак, не было яго самога. За трыццаць без малога гадоў свайго жыцця ён не прывык прызнавацца сабе ва ўласных грахах, і калі здараліся якія канфлікты, любую віну гатовы быў перакласці на іншых. Сам жа ён ва ўласных вачах заўжды заставаўся бязгрэшны, бо, маючы строгасць да іншых, быў велікадушны да сябе самога. Сябе ён любіў і песціў, хацеў толькі дабра, якое, здаралася, у яго адбіралі іншыя. У даным выпадку насуперак яму недарэчным чынам стала партызанская разведчыца Зося Нарэйка, віноўніца ўсіх яго бед.
        Антон слепа брыў у начным полі, пазбаўлены мэты, душэўна спусцелы, раззлаваны на свае няўдачы і, ведама, перш за ўсё на Зоську. Праўда, цяпер ён дакараў сябе за памылку, за тое, што пашкадаваў патрон і не стрэліў другі раз. Нашто цяпер яму гэты патрон, нашто гэта вінтоўка? Хіба для таго, каб забіць сябе? Але дудкі – забіваць сябе ён не будзе. Ён яшчэ малады і яшчэ амаль што не жыў. Нягледзячы на вайну, хацеў пачаць жыць, як спрадвеку прынята ў людзей, але не ўдалося. Мабыць, нельга так усё адразу – жыць, ваяваць, кахаць і мець шчасце. Шкада, што позна ён пераканаўся ў гэтым. На крывавым уласным вопыце, за які ці не прыйдзецца яшчэ заплаціць усё тым жа ўласным жыццём. Але жыццё ў яго адно, чаму ён павінны ў маладыя гады з ім расставацца?
        Атупеўшы ад няспыннага сустрэчнага ветру, снегу і знямогі, Антон набрыў уначы на невысокі чыгуначны насып, амаль без засцярогі перайшоў яго ў рост і пабрыў далей, стараючыся не згубіць напрамак, узяты ад Княжаводцаў. Не адразу ён зразумеў, што мае на мэце той польскі хутар, дзе так няўдала прабыў апошнюю ноч з Зоськай. Чаму менавіта той, а не які-небудзь іншы, ён не мог сабе адказаць. Можа быць, ён ішоў туды толькі таму, што там усё ж былі знаёмыя яму людзі, і ён разлічваў перакусіць у іх і пагрэцца. Прытым яму было малаважна, як яны паставяцца да яго, злосці на іх ён не меў, хаця першы ўрок трэба было запомніць на будучае. Цяпер ён не выпусціць з хаты нікога, пакуль сам не выйдзе з яе. Але перш за ўсё ён пад’есць і трохі адпачне ў цяпле, а пасля будзе відаць. Пасля ён што-небудзь прыдумае.
        Яму тэрмінова трэба было нешта прыдумаць дзеля свайго паратунку, але думкі яго не ішлі далей бліжняга клопату гэтай ночы і таго знаёмага хутара, а што рабіць далей, ён так і не мог даўмецца. Зразумела было толькі тое, што да партызанаў яму ісці нельга, да Капыцкага нельга таксама. Да Капыцкага быў нейкі сэнс прыйсці разам з Зоськай, без яе ж яго ў паліцыі не чакае нічога добрага. Ось жа д’ябальскае становішча, у якое яго загнала вайна!
        Здаецца, аднак, ён усё ж аслабеў за гэтыя суткі няспыннай хады па снезе, без сну і без харчу. Некалькі разоў ён заўважаў, што пачынае драмаць на хаду, адчуванне небяспекі прытупілася ў ягонай свядомасці, ён не пазнаваў мясцовасці і быццам бы ішоў не туды. З намаганнем стросшы з сябе дрымоту, ён паазіраўся і зразумеў, што зноў зблытаў напрамак. Як і пазамінулай ноччу, перад ім пралегла на поплаве Котра. «Гэта ж трэба двойчы заблудзіць на адным месцы!» – думаў ён, гледзячы на крывуляку кустоўя ўздоўж рэчкі. Мяркуючы па ўсім, хутар застаўся справа, бліжэй да Скідзеля. Зноў жа, пачынала світаць. Нядаўна яшчэ густы, затканы снегападам змрок прыкметна радзеў, снегавыя прыцемкі разбавіліся празрыстай світальнай сінькай, доўгая зімовая ноч уступала свае правы дню. Антон не заўважыў нават, калі перастаў сыпаць снег, якога тут намяло амаль па калена. Ззаду за ім цягнуліся свежыя, бачныя нават у змроку сляды, і ён падумаў, што з такімі слядамі далёка не пройдзеш. Так яго хутка дагоняць у полі.
        Як і пазамінулаю ноччу, яму нічога не заставалася, як павярнуць па рацэ направа. Праўда, ён мог бы павярнуць і налева, але там на мыску пры ўпадзенні Котры ў Нёман была вялікая вёска, а ў вялікай вёсцы заўжды лютуе паліцыя. Антон палічыў за лепшае не выпрабоўваць свой лёс і трымацца ад вёсак далей. Але і да хутара было далекавата, па прыцемках ён проста мог не паспець. I тады ён з палёгкай прыпомніў, што недзе паблізу адгэтуль была тая самая развалюха абора. Іншага прытулку ў гэтай мясціне, мабыць, ужо не знайсці.
        Недалёка адышоўшыся ад ракі, ён неўзабаве знайшоў гэтую абору, яшчэ здалёку ўбачыў над ёй старое, аблепленае вараннём дрэва. Ужо зусім развіднела, поле наўкола было пустое, дзьмуў марозны паўночны вецер. Антон асцярожна вылез з хмызняку, услухаўся. Было надта холадна. Нават вароны нерухома сядзелі на дрэве, без звычайнай сваёй валтузні. Людскіх слядоў каля аборы быццам не было відаць, і ён з невядома чаму задрыжэўшым сэрцам увайшоў у яе шырока расчыненыя вароты.
        За ноч снегавая гурбіна ля дзвярэй куды пабольшала і даставала да наступнай сцяны, каля шула відаць былі напаўзамеценыя сляды ног, але, здаецца, гэта былі ягоныя з Зоськай сляды. Нізенькія дзверы ў кубавую былі расчынены, і ён нерашуча пераступіў высакаваты парог.
        Тут было трохі зацішней ад ветру, але сцюдзёна, як і ў полі. Антон апусціўся на зляжалую гнілую салому, прысланіўся спіной да валуна ў сцяне. Настылыя рукі засунуў за пазуху, калені затуліў палой кажушка. Было б някепска трохі заснуць, дваццаці хвілін яму б, напэўна, хапіла, каб зняць атупеласць і займець патрэбную жвавасць. Большага ён не мог дазволіць сабе.
        З пакорай аддаючыся прыемнай знямозе, якая адразу ахапіла яго, ён нейкі час яшчэ вастрыў слых, баючыся празяваць небяспеку. Але, апроч невыразнага шорхату саломы на даху, сюды не пранікала болей ніякіх гукаў, было спакойна, ціха і глуха. Рыхтуючыся задрамаць, Антон думаў, што не мінула яшчэ двух сутак, а як усё катастрафічна змянілася ў ягоным лёсе. Два дні назад з ім была Зоська, і з ёй жыла ў ім надзея. Хай сабе марная, дурная надзея, але ёю цешылася яго ачарсцвелая ў лясных нетрах душа. Ды вось стала так, што яны разышліся ворагамі, абаім жыць на гэтай зямлі зрабілася нельга. Ён прыдбаў адзіноту, Зоська назаўжды знікла з яго жыцця, але ад таго яму не стала лягчэй. Па-ранейшаму ён пакутаваў ад безвыходнасці і перастаў разумець чаму. Няўжо ўся справа ў Зосьцы? Але як тады зразумець, што ён, здаровы, разумны мужчына, трапіў у такую залежнасць ад гэтай смаркачкі! Хіба Зоська мацнейшая за яго, разумнейшая ці болей падрыхтаваная да гэтай крывавай вайны? Пасля свайго ранення яна ледзьве ліпела на свеце, адной нагой стаяла ў магіле, і ён толькі ціхенька папіхнуў яе. I тым не менш яна выжыла, недзе схавалася і па-ранейшаму ўладарыла над ягоным лёсам.
        Ён задрамаў, як здалося яму, не болей чым на пяць хвілін і тут жа прачнуўся ад блізкага голасу за сцяной. Хтось вялаю, без злосці лаянкай паганяў каня. Як і два дні назад, Антон спалохана выскачыў з кубавой і адразу ж у праёме варот убачыў на дарозе сані. У іх, стоячы на каленях, нейкі дзядзька ў ватоўцы глухім голасам паганяў рыжага, з аблезлымі бакамі коніка. Ехаў ён у напрамку да Скідзеля.
        – Гэй, стой! – крыкнуў Антон, паяўляючыся ў варотах.
        Дзядзька азірнуўся на абору і прытрымаў каня, не ведаючы, што рабіць далей. Антон таксама не ведаў, нашто ён спыніў яго, хіба каб разжыцца харчам. Ці распытаць пра абстаноўку на гэтай дарозе і прыняць нейкае рашэнне. Ён адчуваў, што без пэўнага рашэння доўга тут не прабудзе. Немагчыма жыць між зямлёй і небам, трэба хутчэй злазіць на зямлю. Дзе толькі драбіна на гэтую страчаную ім зямлю?
        У полі і на дарозе быццам нікога больш не было, можна было выйсці з аборы, але Антон палічыў за лепшае паклікаць да сабе чалавека.
        – Ты, давай сюды!
        Ён не сумняваўся, што дзядзька зараз жа выканае ягоны загад, і для пераканаўчасці перахапіў у руцэ вінтоўку. I на самай справе, дзядзька зачапіў за капыл лейцы і, пакінуўшы на дарозе сані, нетаропка, з яўнаю бояззю пайшоў да аборы. Пакуль ён ішоў па снезе, Антон разгледзеў яго самаробную з аўчыны шапку на галаве, старую залапленую ватоўку і лапці-чуні з накручанымі на брудныя анучы вяроўкамі. Маленькія слязлівыя вочкі на зарослым шчаціннем твары яшчэ зводдаль насцярожана ўставіліся на ўзброенага чалавека ля аборы.
        – Стой! – загадаў Антон, калі дзядзька крокаў на пяць не дайшоў да варот, і той паслухмяна спыніўся. – Хлеба няма?
        – Не-е, – трохі здзіўлена сказаў чалавек. – Які ж хлеб? Дома...
        – Ясна. I нічога болей? Каб пажраць?
        – Нічога. Дарога ж нядальняя. Так што навошта ж...
        – А куды едзеш?
        – Дык у Скідаль, – махнуў ён рукой на дарогу і знерухомеў, чакаючы новых пытанняў.
        – На базар?
        – Не. Які ж базар у панядзелак? Па доктара еду.
        – Захварэў?
        – Ды не. Я не захварэў. Але...
        – Баба, значыць? – вёў малацікавую гутарку Антон, маючы на ўвазе неўпрыкмет выпытаць у гэтага выпадковага праезджага што-колечы з таго, што яго найболей цікавіла.
        – Не баба, – дзеўка.
        – Ах, дзеўка... А там на дарозе, не бачыў, паліцаяў няма?
        – Не, не бачыў. Можа, дзе і ёсць, а на дарозе не бачыў.
        – I партызанаў не чутна?
        – Не-е. Не чуваць. У нас, ведаеце, не чуваць нічога. Глуха жывём.
        – А ты з якой вёскі?
        – Ды з Княжаводцаў, – сказаў дзядзька і махнуў у другі канец дарогі.
        Антон спалохана змоўк. Упамінак пра Княжаводцы прымусіў яго забыцца на ўсе іншыя пытанні – здаецца, з’явілася магчымасць дазнацца, можа, пра самае для яго важнае, і ён, звузіўшы вочы, рэзка спытаў:
        – Ах, па доктара едзеш?
        – Ну.
        – Да дзеўкі?
        – Ну.
        – Яна што, дачка?
        Міргнуўшы слязлівымі вачмі, дзядзька раптам збянтэжыўся, быццам заікнуўся перад адказам, і Антон, не даючы адумацца, схапіў яго за куртаты каўнер ватоўкі.
        – Кажы, да каго – доктара! Быстра!
        – Дык да дзеўкі, сказаў.
        – Якой дзеўкі? Да Зоські са Скідзеля? Ну? Раненай у галаву? Да? Кажы хутка!..
        Але хутка казаць, мабыць, ужо не было патрэбы. Дзядзька бездапаможна заміргаў вачмі, здавалася, у адно імгненне згубіў здольнасць да мовы, рукі яго затрэсліся, разгубленым позіркам ён ліхаманкава сноўдаў па раз’юшаным ад жахлівай здагадкі, аброслым калючай бародкай Антонавым твары. Антон таксама зайшоўся ў дзіўнай, ахапіўшай яго ліхаманцы, сцяміўшы ўвачавідкі, што лёс у апошні раз кідаў тапельцу свой выратоўчы круг, за які той павінен схапіцца або ісці на дно. I не разважаючы доўга, ён з апошняе сілы, што яшчэ заставалася ў яго, кінуўся да гэтага круга. Пакуль Зоська жывая, ён павінен злапаць яе ў лясных Княжаводцах. Тое, што яму не ўдалося на хутары, павінна ўдацца цяпер. Вядома, гэта не дужа прыгожа ў адносінах да дзяўчыны, якую ён нядаўна яшчэ кахаў, але ў гэтым яго паратунак. Што ж яму застаецца?
        – Так, ясна! – сказаў Антон, рэзка піхнуўшы ад сябе дзядзьку– Ану ў Скідзель! У Скідзель хутчэй! – закрычаў ён. – Быстра!!!
        Спалоханы і збянтэжаны дзядзька павярнуў на дарогу, але Антон абмінуў яго і, падбегшы да саней, ухапіў лейцы.
        – Нэ-э! Хутчэй! Рыссю!
        Сцебануўшы каня, ён скочыў у сані, дзядзька ледзьве паспеў ухапіцца за пяпярэчыну ззаду, конік натужна рвануўся па перамеценай за ноч дарозе, і Антон, стаўшы на калені, пачаў сцёбаць яго вераўчанымі лейцамі.
        Яму вельмі трэба было паспець.
        У гэтым быў яго паратунак.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.