РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пайсці і не вярнуцца
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
2
        
2

        
        Хвіліну яны моўчкі трухалі поруч. Зоська з нецярплівасцю ўзіралася ў змрок, імкнучыся ў рэдкім мільгаценні сняжынак заўважыць першыя прыкметы вёскі, але вёскі ўсё не было, нават не пачыналася поле, пад нагамі па-ранейшаму слалася-шастала някошаная балотная трава. Антон пачаў углядацца ў бакі і нават азірнуўся назад, дзе ў змроку зацямнелася штосьці высокае, падобнае на грудок з хвойным гайком. Напэўна, гэты грудок быў тут адзінай прыкметай на іх балотным шляху, і Антон, раптам спыніўшыся, з прыкрасцю вылаяўся:
        – Ах ты, халера! Во куды зайшлі! Гэта ж Круглы грудок. Вёска ўбаку асталася.
        Зоська расчаравана ўздыхнула, яна ледзьве ўжо стаяла на, здавалася, зусім адмерзлых нагах, у грудзях ажно прагоркла ад стомы, а рукі і асабліва ногі вышэй калень зусім здранцвелі ад сцюжы. Спаднічка хутка змерзлася і жорстка муляла сцёгны.
        – Што ж цяпер рабіць? – разгублена прагаварыла яна, спыніўшыся і адчуваючы, што выйсця, мабыць, няма, што, мабыць, прыйдзецца ёй замярзаць на гэтым балоце.
        – Халера! – злаваў Антон. – Трэба ж... Думаў, гэты грудок злева, а ён... Нарабіла ты бяды з гэтай рэчкай.
        Ён бурчаў незадаволена, з яўным папрокам, і яна таксама хацела зазлаваць ды крыкнуць, што ўсё праз яго, што каб ён не з’явіўся за яе плячыма, яна б не сунулася па-дурному ў гэту праклятую рэчку, пашукала б дзе другі пераход. А то сам яе напалохаў, загнаў у ледзяную ваду і яшчэ папракае. Але штось утрымала яе ад сваркі, усё ж яна адчувала і сваю тут віну і таму, перабораўшы крыўду, коратка кінула:
        – Ладна! Ужо сама як-небудзь...
        Аднак у голасе яе пачуліся слёзы, ён, мабыць, заўважыў гэта і змоўк, раптам зноў угледзеўшыся ў прыцемкі. Штось там зашарэлася воддаль, але яна не магла разгледзець, што – задубелымі пальцамі яна выцірала вочы.
        – Пастой! – сказаў ён. – Глядзі, стажок нібы? Праўда! Ану бягом!
        Яна зразумела і нават убачыла ў шэрых ветраных прыцемках шызыя вярхі стажкоў на балоце пад самым кустоўем. Пярэдні стажок быў зусім блізка, за якія паўста крокаў – касабокі, з заснежаным верхам і чорнай палкай у ім, ён з’явіўся для яе паратункам; нічога цяпер, напэўна, нельга было і прыдумаць. Антон першы падбег да стажка і, абмацаўшы яго, пачаў энергічна выскубаць сена. Падбегшы пасля, Зоська таксама сунула ў жорсткае шархоткае сена свае знямелыя рукі. Але перасыпанае снегам, настылае сена так злеглася ў гэтым стажку, што ніяк не паддавалася іхнім рукам. Антон, як ні стараўся, за дзесяць хвілін выскуб толькі невялічкую ямку – болей яно не скублася.
        – Халера! Зляжалася, не выдзераш! Ану скубі, тут нібы мякчэй, – паказаў ён нейкую мясціну ў стажку, а сам падаўся за стажок да наступнага.
        Зоська, здаецца, зусім скалела, хоць ля стажка было трохі зацішней ад ветру, але яе мокрыя ногі і сцёгны ашчаперыў такі мароз, што яна ледзьве трывала. Рукі, аднак, пачалі грэцца ў сене, з травяных нетраў якога разам з духмяным водарам нібы патыхала назапашанае за лета цяпло.
        Яна ўжо гатова была ўціснуцца целам у неглыбокую выскубіну, як здаля пачуўся прыглушаны Антонаў голас:
        – Гэй, сюды ідзі! Чуеш? Топай сюды...
        Гэта прагучала ўзнёсла, амаль бадзёра, яна адразу адчула надзею і, кінуўшы на снег жменю сена, пабегла да суседняга стажка. Там стаяў Антон, які, махнуўшы рукой, знік дзесьці, быццам забег за стажок.
        – Сюды! Лезь сюды, – пачула яна, падбегшы бліжэй, і ледзьве прыкмеціла ў цемры чорную дзірку ў круглым баку стажка, адкуль чуўся глухаваты голас Антона:
        – Нашто скубці, калі гатовае лаўжо ёсць. Ану лезь. Хаця пагадзі – я вылезу.
        Ён задам выпаўз з нары, і яна, не доўга думаючы, нырнула галавой у яе духмяную цемру, што абяцала якую ні ёсць і схованку ад пранізлівага начнога ветру. Яна ўжо зусім здранцвела і не спадзявалася калі-небудзь сагрэцца.
        – Во і будзем сушыцца. Што – яшчэ холадна? – падабрэлым голасам пытаўся ён, узлезшы следам і шорхаючы сенам ля выхаду– Нічога! Надыхаем, знаеш, як цёпла стане. Толькі ты распранайся. Распранайся, распранайся, скідай з сябе ўсё мокрае. I яшчэ во... На мой кажух, ухутайся. А я лаз загарну. Цёпла будзе, пабачыш.
        Ляскаючы зубамі, яна паспешліва ўладкоўвалася ў гэтай поўнай сеннага шэрхату і травяных пахаў схованцы і старалася не думаць, што яе можа чакаць у такім неспадзяваным начлезе. Нязручна сцягнула з ног мокрыя боты, разгарнула анучы і сунула ногі ў лагодную цяплынь Антонавага кажушка. Антон заклаў сенам лаз, і яна, не доўга думаючы, сцягнула з сябе ўсё мокрае, што толькі можна было сцягнуць, тужэй загарнулася ў кажушок і, усё яшчэ калоцячыся ад сцюжы, ніяк не магла сагрэцца.
        – Во гэта начлег! – задаволена сказаў Антон, шорхаючы сенам побач. – Не горш, чым у зямлянцы, праўда?
        – Праўда, – ціхенька сказала яна і, падумаўшы, запытала: – А ты... Па свайму заданню, ці як?
        – Я? – няпэўна перапытаў ён, пасоўваючыся бліжэй да яе падцятых, загорнутых у кажушок ноп– Ды амаль што па твайму.
        – Гэта што – разам, значыць, пойдзем?
        – Безумоўна. Не будзеш пярэчыць?
        – Не, што ты!
        – Во і добра.
        Зоська гаротна ўздыхнула. Калі б не тыя яе недарэчныя страхі, усё магло б стацца лепш і нават цікавей, яны б заначавалі дзе ў вёсцы, пры людзях, а не ў гэтай нары, дзе хоць і цяплей, чым у полі, але... Яна нерухома, амаль не дыхаючы, курчылася ў самым канцы гэтай зробленай кімсьці нары. Усё ж у такім становішчы яны апынуліся ўпершыню, і яна страх як баялася гэткага блізкага суседства з гэтым увогуле сімпатычным, хоць яшчэ і мала ёй знаёмым мужчынам. Хоць бы ён не пачаў да яе лезці, яна проста не ведала, як тады паводзіць сябе. З аднаго боку, яна была ўдзячна яму за тое, што выцягнуў яе з вады, уладзіў у гэта прыстанішча, сагрэў сваім кажушком. А з другога – хто ведае, што ў яго ў галаве. Мабыць, трэба ад яго трымацца далей і паводзіць сябе з ім строга, бо ці мала што можа тут з імі здарыцца.
        – Ну як, грэешся? – клапотна запытаў ён, усё бліжэй пасоўваючыся да яе макраватага, настылага бока. Голас яго цяпер гучаў зусім інакш, чым на поплаве, – гэта быў зусім іншы голас, з ноткамі дабрыні і спачування, якім яго Зоська прывыкла чуць апошнім часам у лагеры.
        – Грэюся, – сказала яна.
        – Хутка сагрэешся, – паабяцаў ён. – Гэта я ведаю. Неяк заначаваў увосень. Дождж ліў, жывой ніткі не было. А ў стажку ўсё высахла. Лепш, чым на печы ў хаце... Памятаеш Заглядкі? – раптам запытаў ён без усякай сувязі з іх сённяшнім здарэннем, і яна ўсміхнулася.
        – А, Заглядкі! А як жа... Такія вечарыны былі...
        – Вечарыны на славу. Кузняцоў гэта любіў. Умеў ваяваць і пагуляць любіў.
        – Дык малады быў.
        – Малады, ага. Дваццаць чатыры гады.
        – Здаецца, калі ўсё было. А ўжо няма ні Кузняцова, ні шмат каго, – самотна ўздыхнула Зоська.
        – Хто ведае, можа, і нас хутка не будзе.
        – Не, – зябка здрыганулася Зоська. – Не хочацца аб тым думаць. Не трэба аб гэтым. Аб іншым трэба.
        – Гэта правільна, што аб іншым, – пагадзіўся Антон. – Але аб чым ты ні гавары, як ні весялі сябе, а гэта ў табе сядзіць, бы прысохла. Як хвароба якая.
        – Шуміць усё, – ціха сказала Зоська.
        – Вецер. Шумець доўга будзе. Затое нас не чуваць. Заглушае.
        – Усё роўна страшна. Цішай трэба.
        – А нічога. Тут нідзе нікога.
        Абое, змоўкшы, прыслухаліся, але сапраўды вакол было ціха, толькі знадворку шумеў сенам вецер. Загорнутыя ў кажушок Зосьчыны ногі пачалі трохі сагравацца, макраватая тканіна на целе памалу цяплела, нара набіралася чалавечага духу, і знямога салодкаю хваляй пачала агартаць стомленае цела дзяўчыны.
        – А знаеш, – сказаў раптам Антон, і яна падняла заплюшчаныя неўпрыкмет вейкі, хаця ў абсалютнай цемры ўсё роўна нічога не было відаць. – Я памятаю, як ты была апранута... Там, у Заглядках. У сінюю сукенку ў гарошак. Правільна?
        – Правільна, – проста адказала Зоська. I сукенка ў гарошак і той адзіны танец з ім пад балалайку ў салдатчынай хаце, калі Антон нечакана выхапіў яе з купкі дзяўчат і хвілін дзесяць ліха круціў па хаце, яна добра памятала і цяпер радасна здзівілася, што гэта самае прыпомніў і ён.
        – А танцавала ты ладна.
        – Дык і ты... Ладны танцор.
        – Любіў дзяўчат пакружыць.
        – А цяпер не любіш?
        – Цяпер не да таго. Цяпер самога вайна закружыла.
        – Забылася... Адкуль ты родам?
        – Ды я з Усходняй. Барысаў, горад такі, мо чула?
        – Гэта за Мінскам, здаецца?
        – За Мінскам. А ты мясцовая?
        – Са Скідзеля. Дваццаць восем кіламетраў ад Гродні.
        – Знаю. Хадзіў у верасні. Амаль да Гродні дабраліся. Бобікі там нас шуганулі. У Ласосне. А ты з маці жыла?
        – З мамай і старшай сястрой. Замужняй. А шурына немцы вясной расстралялі.
        – Добра яшчэ, што вас не ўзялі. А маці і цяпер там?
        – Там, дзе ж ёй яшчэ быць? З вясны не бачыла, проста душа чарнее. Як яна там?
        – Трэба пабачыцца. Туды ж ідзеш? – запытаў ён і прыціх. Зоська ўся напружылася ў цемры.
        – А ты адкуль ведаеш?
        – Ведаю.
        Часта задыхаўшы, Зоська прымоўкла, і ён сказаў як аб чымсь само па сабе зразумелым:
        – Што ж ты – амаль дома будзеш і маці не праведаеш? Так не гадзіцца.
        – Знаеш, не зусім дома. Ды і другіх спраў багата.
        – Ну, панятна, надавалі табе заданняў, трэба выконваць. Але і пра сябе падумаць не грэх, – сказаў ён і пазяхнуў. – У мяне таксама ў Скідзелі ёсць знаёмыя. Былы сябрук нават.
        – Жыве там?
        – Жыве.
        – Дзе, на якой вуліцы? Можа, я знаю?
        – Не, ты не знаеш. Ён чалавек новы.
        – Ну, новых я, канешне, не ведаю. Каторыя прыехалі ў трыццаць дзевятым, тыя не дужа знаёмыя. Я ж перад вайной у Навагрудку вучылася.
        – Я і кажу: не знаеш, – пацвердзіў Антон. Зашорхаўшы сенам, ён павярнуўся на бок і раптам паклаў руку на яе плячо. Яна палахліва здрыганулася, зрабіла слабую спробу адсунуцца, але адсунуцца тут было некуды.
        – Не трэба...
        – Цяплей будзе. А то ты ў маім кажушку, а мне...
        – А табе холадна?
        – Ну так, знаеш... Не дужа, але ўсё-такі.
        Яна змоўкла, і ён абняў яе рукой за плечы. Ад яго вялікага і дужага цела ішло прыемнае для яе цяпло, і яна, прыціхшы, амаль што абмерла пад ягонай рукой.
        – Ты такая малеча, – шэптам прамовіў ен з прыкметнай ноткай лагоды ў яго басавітым голасе. Ёй раптам зрабілася смешна – ніхто яе ніколі не зваў малечай, была яна хоць і невысокага росту, але дужанькай, спрытнай дзяўчынкай.
        – Я не малеча, – сказала яна. – Я, знаеш, дужая.
        – Ды ну?
        – Ага. Магу паваліць. Нават такога, як ты.
        – Як я?
        – Ну.
        Здаецца, гэта было ўжо занадта, яна жартоўна перахвальвала свае здольнасці, але гэта таму, што адчувала пагрозу, якая ішла ад яго, і няўмела старалася неяк абараніць сябе.
        – Што, Дазорцаў навучыў? – зацікаўлена запытаў ён. – Самба?
        – Ага. Самба.
        – Глядзі ты! Ну і разведчыца!
        – А што? Хіба кепска?
        – Не, чаму ж? Яшчэ каб аружые. Але аружыя нябось не далі?
        – Разведчыку не абавязкова аружые. Лепей харошыя дакументы.
        – Гэта правільна.
        – А ў цябе ёсць дакументы? У мяне нейкі аўсвайс патрэпаны. Як бы не ўліпнуць з ім.
        – Патрэпаны – гэта добра. Гэта лепей, чым новы.
        – Па аўсвайсу я Адэлаіда, паняў? – не без гонару паведаміла Зоська. – А цябе як па дакументу?
        – А ўсё так жа: Антон Галубін.
        – А хіба не замянілі? Трэба ж памяняць імя і прозвішча.
        – Навошта мяняць? У мяне дакумент нязменны, – ён ціхенька варухнуў нагой, – Рэвальвер сістэмы наган.
        – Ой! – здзівілася Зоська – Як жа гэта? А раптам праверка?
        – На выпадак праверкі гэта болей надзейна, чым твой аўсвайс.
        Стрымліваючы дрыжыкі, Зоська насцярожана сціхла – тое, што ў Антона аказалася зброя, ёй не спадабалася. Навошта зброя? Так бы яны спакойна прабіраліся прасёлкамі, выдаючы сябе за сялян з якой-небудзь далёкай вёскі, на выпадак затрымкі і вобыску – у кішэнях нічога падазронага, як і вучыў Дазорцаў. А тут – наган! Як бы праз гэты наган не праваліць заданне і не прапасці самім.
        – А ў штабе там ведаюць, што ты з наганам?
        – Мне самому лепей ведаць, з чым трэба ісці.
        – Ой, я баюся...
        – А ты не бойся. Ты мне даверся. Ужо мы як-небудзь, – сказаў ен жартоўна і, прыгарнуўшы яе за плечы, раптам пацалаваў каля вуснаў.
        – Ой! Ты што?
        – Нічога, нічога... Знаеш, пасля таго, ля кухні, я месца сабе не мог знайсці.
        – Гэта чаму? – з салодкім прадчуваннем запытала Зоська.
        – Таму. За цябе спалохаўся.
        – Во дурненькі! Ну чаго ж ты? – ласкава сказала яна, міжвольна падаўшыся ў сене да яго шырокіх грудзей. – Я ж не маленькая. Ужо хадзіла ў Міхневічы. Помніш, як там Стукачова павесілі?
        – Міхневічы што? Міхневічы тады пад рукой былі. А тут кіламетраў трыццаць. Па прамой калі.
        – Дык ты за мяне спалохаўся? – перапытала яна, усё ўсміхаючыся ў цемры. Гэта яго прызнанне здалося ёй такім дзіўным і такім прыеыным, што яна захацела пачуць яго яшчэ раз.
        – Ну. А ты гэта... Ужо сагрэлася, – абвясціў ён, усё цясней ашчаперваючы яе за плечы. Яна чула на сваім твары разгарачанае яго дыханне, сэрца яе часта забілася, трошкі аддгрэтымі пальцамі яна ўчапілася ў яго дужыя рукі. Але ён з настойлівай сілай усё больш павальваўся на яе, рукі яго саўгануліся пад кажушок да яе сцёгнаў, і яна спалохана крыкнула:
        – Ты што? Ану, кінь! Прэч рукі! А то...
        – Што?
        – Крычаць буду.
        – Крычаць?
        – А ты думаў?
        – Ну што ж, – сказаў ён, падумаўшы, і раптам разняў у яе за спіной свае доўгія рукі. – Крычаць не варта. Спаць будзем.
        Зоська прыціхла, спакайнеючы ад хвіліннай трывогі, зручней захуталася палой кажушка.
        – Ты гэта не думай. Я не такая.
        – Ладна, – сказаў ён стомлена. – Лічы, пажартаваў. Пажартаваць жа можна?
        – Можна. Але трэба знаць як.
        – А ты, гляджу, злюка.
        – Няхай сабе злюка.
        – Во ўжо не думаў.
        – Можа, пойдзеш адзін? Калі ласка. Плакаць не буду.
        – Не, яшчэ пачакаю, – не адразу сказаў ён і сціх. Яна таксама прыціхла, адчуўшы, што такая размова – ужо амаль сварка, а сварыцца з ім ёй зусім не хацелася.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.