РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пайсці і не вярнуцца
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
18
        
18

        
        Антон чакаў Зоську – а што яму яшчэ заставалася, не бегчы ж наўздагон за гэтым баламутам-сяржантам. Вядома, і сяржант, і Зоська цяпер былі яму непатрэбны. Здаецца, ён выкруціўся з найбольшае бяды, адкараскаўся ад самасуду, уцалеў ад паліцэйскай кулі і нават займеў вінтоўку забітага на рэйках Салея. З Зоськай, напэўна, усё ўжо скончана – нашто яму Зоська? Хаця... Хто ведае, што будзе далей, але вось яна выбегла з-за хвоек з залітай крывёю шчакой, і нешта ў Антона хваравіта сцялася ад аднаго толькі выгляду яе прывабнага, а цяпер перакошанага балючай грымасай твару.
        – Бінт ёсць?
        Бінта, аднак, у яе не аказалася, у яго таксама не знайшлося ў кішэнях нічога здатнага для перавязкі. Трэба было разадраць што-небудзь з бялізны, але не распранацца ж тут, пад носам у паліцаяў. Перш за ўсё належала зашыцца ў лесе, калі пашчасціла ўжо адарвацца ад даганятых: кожная хвіліна была дадзена Богам для паратунку.
        – Во чорт! – вылаяўся Антон, услухоўваючыся ў недалёкія, на ўзлеску, галасы паліцаяў, – яшчэ, чаго добрага, кінуцца па слядах. Зоська ўсё заціскала далонню рану, трудна дыхала, і ён схапіў яе за руку.
        – Як? Трываць можаш?
        Яна нешта сказала, але ён не пачуў і павалок яе праз хвойны гушчар далей ад узлеску, у глыб гэтага маладога хвойніку, пакуль той не абклалі паліцаі. Абкладуць, тады зноў прабівайся з боем, што можа скончыцца новай крывёй, калі не пагібеллю абаіх.
        Але неяк нечакана хутка хвойнічак скончыўся, яны выбеглі на рэдкаваты ўзлесак, і Антон дазволіў сабе спыніцца, каб перавесці дыханне. Зоська адразу ўпала на прысыпаны снегам мох, а ён спярша агледзеўся. Наперадзе ляжала нешырокае снежнае поле, зводдаль цямнелася паласа новага ўзлеску. Разглядзець яго здалёк было цяжка – густа сыпаў снег. Але снег цяпер, можа быць, дарэчы, падумаў Антон, ён схавае сляды, замгліць, дасць уцячы ад пагоні. Трохі аддыхаўшыся, Антон павярнуўся да Зоські, якая, схіліўшы галаву, бокам ляжала між хвоек.
        – Ну, ты як?
        Яна не адказвала, толькі, сціскаючы зубы, ціха стагнала. Плячо яе плюшавага сачка было ў крыві, хустка з правага боку таксама прамокла загусцелай плямай крыві, на якую наліпалі сняжынкі. Антон прысланіў да сухога сучка вінтоўку і рашуча расхінуў свой кажушок. Выцягнуўшы з-пад світэра падол сподняй кашулі, ададраў ад яе нешырокі шкумат і прысеў перад Зоськай.
        – Ану дай!
        Здаецца, усё ж дзяўчыне пашэнціла – куля трохі зачапіла галаву, а калі б узяла глыбей, дык перавязка ўжо не спатрэбілася б. Моршчачыся ад крыві, якая ўсё сачылася з раны, Антон абматаў свой шкумат па залепленых снегам і крывёй валасах, як-колечы завязаў канцы, Зоська, дужа збялеўшы, ціхенька стагнала, яе правае вока, брыво і нават шчака заплывалі мяккай сінюшнай пухлінай. Перавязваючы яе, Антон увесь час адчуваў нейкае дзіўнае, непадуладнае яму пачуццё, перамешанае са спагадай і амаль неадольнай фізічнай гідлівасцю.
        – Нічога! – слаба суцешыў ён, скончыўшы перавязку. – Галоўнае – ногі цэлыя! Куды-небудзь дойдзем.
        Яна сама асцярожна завязала на ягоны ласкут сваю хустку, ад чаго яе галава стала нязграбна-вялікай. З Антонам яна не размаўляла, відаць, ледзьве адольваючы боль, і ён не даймаў яе роспытамі. Ён болей услухоўваўся ў невыразныя гукі лесу і аднастайны шум хвой, з трывогай ловячы галасы паліцаяў. Але тыя, мабыць, адсталі, лес быў спакойны, роўна шархацеў снег па кажушку на плячах.
        – Як, ісці можаш?
        Замест адказу Зоська зрабіла нямоглую спробу падняцца, і ён падаў ёй руку, памог стаць на ногі.
        З кароткімі супынкамі яны перайшлі поле і ўперліся ў новую сцяну хвойніку, якая рабіла тут плаўны выгінасты паварот, як Зоська раптам спынілася, пераламалася ўся на сярэдзіне, і Антон, азірнуўшыся, зразумеў: яе бралі ваніты. Пакуль яна скаланалася ў сутаргах, ён разгублена стаяў насупраць, думаючы, што як бы не давялося несці яе на плячах. Але не давялося, Зоська пакрысе абціхла, выпрасталася, і яны пайшлі далей. Праўда, яна ўвесь час адставала, змушаючы Антона прытрымліваць свой крок, і ішла нібы п’яная, спатыкаючыся, гатовая на кожным кроку ўпасці. Руку не апускала ад галавы, глядзела адно сабе пад ногі, адставала, і Антон цярпліва чакаў яе ў часе супынак, калі яна дагоніць яго. Напэўна, ёй трэба было б адпачыць, але ён імкнуўся адысці як мага далей ад чыгункі, а пасля... Але ён і сам мала разумеў, што будзе пасля.
        Мінуўшы хвойнік, яны доўга брылі па голай снегавой роўнядзі невядома куды. Антон даўно ўжо не пазнаваў мясцовасці, напэўна, ён тут ніколі не быў, і ішоў абы-куды. Снег не пераставаў. Снегавая завея секла з абодвух бакоў, і ён думаў, што напрамак вытрымліваў правільна. Бачнасць вакол была кепская, а сярод раўніннага поля і зусім не стала нічога відаць – у густой белай імгле толькі мільгалі, скакалі, несліся сняжынкі. Але вось трошкі ў баку ад яго напрамку штось зашарэла цьмянай круглаватаю плямай – здалося, стажок ці, можа, сцірта саломы. Аднак спакваля Антон здагадаўся, што гэта адзінокае дрэва ў полі. Падумаўшы, што пара адпачыць, ён збочыў да гэтага дрэва і, трохі пратупаўшы, праз сетку завеі ўбачыў здаля і другое высокае дрэва, а за ім рад дрэў ніжэйшых, цені будынін, саламяную страху з комінам. Здаецца, яны прыбрылі да вёскі. Вёска цяпер была ім дарэчы, у ёй, мабыць, прыйдзецца пакінуць Зоську. Але – калі б ноччу. Удзень паяўляцца ў незнаёмай вёсцы – заўжды вялікая рызыка, тым болей пад носам у немцаў.
        Шырока ступаючы ў неглыбокім снезе, Антон падышоў да дрэва і спыніўся. Гэта была старая раскошная груша-дзічка з цэлым воблакам калючага сучча, што раскінулася на мяжы двух зямельных надзелаў. Пад грушай напаўзамеценая снегам грувасцілася вялікая крушня камення, сабранага з поля. Калі сесці ніжэй, дык за крушняй можна было затуліцца ад ветру і старонняга вока, іншага прытулку паблізу нідзе не было відаць.
        – Вунь вёска, бачыш? – кіўнуў Антон Зосьцы, калі тая прыплялася да грушы.
        – Княжаводцы, – нейкім незнаёмым голасам ціха сказала Зоська. Антон уважліва зірнуў на яе і здагадаўся: гэта ад пухліны, якая скарэжыла ўвесь правы бок яе твару.
        – Што, знаёмая вёска?
        – Знаёмая. Улетку тут у сяброўкі была.
        – Во і добра. Ёсць дзе прытуліцца. Пацямнее – пойдзем. А пакуль сядай, трэба чакаць.
        Ён вывернуў з-пад снегу плоскі вялікі камень на краі крушні, і Зоська з гатоўнасцю апусцілася на яго, зноў, быццам ад зубнога болю, левай шчакой паклала галаву на далоні.
        – Ляснула тваё заданне, – сказаў Антон, сядаючы на другі камень побач. – I маё таксама. Што рабіць?..
        Ціха стогнучы, Зоська маўчала, і ён, павярнуўшы затвор, зірнуў у магазінную каробку вінтоўкі. Там было ўсяго два патроны і стрэленая гільза ў патронніку. Гільзу ён выкінуў на снег, патроны ўціснуў глыбей у каробку. Два патроны, вядома, мала, амаль нічога, хіба што на крытычны выпадак. Добра, аднак, што здабыў вінтоўку. Праўда, сам ледзьве не трапіў у паліцэйскія лапы, але вінтовачку ўсё ж падхапіў. Шкада, не паспеў памацаць у Салея ў кішэнях, мабыць, там знайшоў бы якую пару абоймаў. Але і так ледзьве дабег да хвойніку. Ва ўсякім выпадку з вінтоўкай ужо можна будзе вярнуцца ў атрад, вось толькі што ён скажа ў атрадзе аб сваёй трохдзённай адсутнасці? Чорт, як няскладна ўсё атрымалася! I трэба ж было яму выбраць такі недарэчны момант. Не, каб пачакаць пару дзён у лагеры і дачуцца аб тым, што здарылася пад Сталінградам. Але хто мог думаць, што справы ў Сталінградзе абернуцца такой нечаканасцю і ў такі менавіта час? Ды і Зоську ніколі раней не пасылалі ў Скідзель, як можна было ўпусціць такі здатны шанец? Эх, Зоська, Зоська! Гэта яна па-дурному парушыла ўсе ягоныя планы і ледзьве не загубіла яго і сябе таксама... А можа, яна ўратавала сябе і яго? – раптам падумаў Антон. Калі на ўвазе мець Сталінград, дык сапраўды ўтрымала ад згубнага апошняга кроку. Ведала роўна столькі, колькі ведаў і ён, а глядзі, здагадалася... Што значыць жаночае адчуванне! У яго ж такога адчування не аказалася, і ён ледзьве не сунуўся ў гэты паліцэйскі мурашнік у Скідзелі. Цяпер няцяжка было ўявіць, чым бы ўсё скончылася, калі б ён прывалокся да таго ж Капыцкага. Вось і атрымліваецца, што Зоська была разумнейшая за Антона і хоць бы ўскосным чынам ратавала яго.
        Адвярнуўшыся ад ветру, Антон цярпліва сядзеў на камені, падняўшы каўнер кажушка, вінтоўку паклаў на калені. У гэтай беганіне, мітусні і перастрэлцы ён не заўважыў, колькі мінула часу, і думаў, што неўзабаве пачне вечарэць. Але пакуль што было відна, усё сыпаў снег, і праз якія-небудзь паўвярсты ад грушы відаць былі голыя кроны дрэў і стрэхі хат у Княжаводцах. Трэба было яшчэ пачакаць. Ён не адчуваў сцюжы, і каб не вецер, дык у кажушку яму наогул было цярпіма сярод гэтага завейнага поля пад грушай.
        Вось як толькі Зоська?
        – Яна дзе жыве, сяброўка твая? – Антон павярнуўся да Зоські. – З якога канца?
        Зоська марудна прыўзняла абсыпаную снегам галаву і коратка зірнула на яго з пакутным выразам на апухлым твары.
        – А табе што?
        – Ну, як падысці? Калі з гэтага канца, дык можна рызыкнуць і цяпер. Каб не цягнуць да ночы.
        Яна зноў апусціла няўклюдна абвязаную галаву левым бокам на рукі і ледзь чутна спыталася:
        – Спяшаешся?
        – Спяшаюся, а як жа. Пагуляў, і годзе. Трэба за справу брацца.
        – Скідзель недалёка. Пятнаццаць кіламетраў.
        – А нашто Скідзель? Мне ў атрад трэба.
        – Во як! Значыць, перадумаў?
        – А хоць бы і перадумаў. Ты ж чула: замінка ў вайне палучылася. Немцаў ад Сталінграда пагналі. А там у іх лепшыя сілы.
        Зоська маўчала, і ён пачаў падцягваць самаробны рэмень на вінтоўцы. Відаць, гэты Салей быў такі партызан, як і яго вінтоўка з іржавым, забітым гразёй затворам і трэснутым пасяродку прыкладам, рэмень замест трэнчыка быў прывязаны да ложа матузом. Трэба будзе ўсё гэта прывесці ў належны выгляд, інакш які ж ён партызан з гэткаю зброяй. Цяпер, калі, на бяду ці на шчасце, у яго сарвалася з гэтым Скідзелем, Антон нават ажывеў неяк, нягледзячы на перажытае, – усё ж ён вяртаўся да труднага, але звыклага жыцця ў лесе, сярод сваіх, знаёмых людзей. Але як яны паставяцца да яго пасля такой доўгай самавольнай адлучкі – гэта пытанне, як стрэмка ў целе, сядзела ў яго трывожнай свядомасці. Ён яшчэ нічога да канца не дадумаў, але ўжо адчуваў, што ўсё будзе залежаць ад Зоські. Зоська можа яго ўратаваць, а можа і загубіць, калі ён вернецца ў атрад. Значыць, перш за ўсё трэба наладзіць адносіны з Зоськай.
        – Зося, а Зося! Ты на мяне не сярдуй, – сказаў ён амаль з просьбай у голасе. – Я ж хацеў як лепей. Для цябе і для сябе.
        – А я і не сярдую. Што на цябе сердаваць!
        – Во маладзец! – сказаў ён узрадавана. – Прыйдзем да сваіх, паправішся... Мы яшчэ паладзім з табой, праўда?
        – Не ўжо, мы не паладзім.
        – Гэта чаму? Я ж цябе...
        – Памаўчы лепш, – глуха перапыніла яна, і ён падумаў: няўжо так пакрыўдзілася? Ці вельмі баліць рана? Рана, вядома, кепская, як бы Зоська, калі нават і выжыве, не засталася трохі вар’яткай. Галава ўсё ж не мяккае месца ззаду. Галаву перш за ўсё берагчы трэба, таму, мабыць, салдатам на фронце выдаюць каскі. Разумныя людзі прыдумалі. Калі пашкоджаны чэрап, дык можна і памерці, гэта няважна, што пакуль стаіш на нагах і пры памяці. Памёр жа вунь ад такой раны ў галаву партызан з першага ўзвода Сажнёў, хаця перад тым двое сутак быў на нагах і чуў сябе някепска.
        – Слухай, Зоська, – сказаў ён мякчэй, амаль ласкава. – Ты ўчора казала, што можаш напісаць камандзіру. Ну пра мяне вобшчам...
        – Што напісаць? – не зразумела яна.
        – Ну ты гаварыла... Што я памагаў табе і так далей. Што прыкрыў групу там, на «жалезцы». Бо калі б не я, яны б там усіх, як Салея. Ты ж бачыла, так жа?..
        – А нашто пісаць? – холадна сказала Зоська. – Ты што, мяне ўжо закапваеш?
        – Я не закапваю. Але ж ты застанешся, – кіўнуў ён на вёску. – А мне ў атрад.
        – Ужо як-небудзь і я дабяруся ў атрад.
        – Але пакуль ты дабярэшся, мяне могуць... Як я там апраўдаюся?
        – Пра што ж ты думаў раней?
        – Раней пра іншае думаў. Пра цябе, між іншым, – пачаў злавацца Антон.
        Ён і сапраўды адчуваў сябе бадай што пакрыўджаным яе незгаворлівасцю. Во ўжо даў Бог звязацца з гэтым упартым дзяўчом, з якім немагчыма нават дамовіцца. Проста дзіўна, адкуль бярэцца ў ёй гэтая казліная ўпартасць. Мяркуючы па яе знешнасці, ніколі не падумаеш, што характар яе такой каменнай цвёрдасці, – на выгляд такая лагодная, без грубага слова, заўжды з гатоўнасцю падтрымаць добры жарт. А тут... Скула зрабілася, а не дзеўка. Такія яму яшчэ не трапляліся. Заўжды ён умеў з імі ладзіць, калі не адразу, дык спакваля, і дамагчыся свайго праз лагоднае слова, вясёлы жарт. З жанчынамі яму заўжды шэнціла, і ён нярэдка звяртаўся да іх у цяжкі момант свайго жыцця. А тут сарвалася...
        Снег усё сыпаўся з неба, але быццам цішэйшы стаў вецер, і, здаецца, пачало нарэшце цямнець. Поле хутка засцілалі прыцемкі, траціла скупое святло абкладзенае хмарамі неба. У Антона замерзлі ў сырых ботах ногі, і ён устаў з каменя, пачаў, тупаючы, грэцца пад грушай. Дрэвы і дахі ў Княжаводцах усё яшчэ віднеліся за полем, але ён ведаў, што праз гадзіну ці меней зробіцца цёмна. Ён адвядзе Зоську ў вёску, знойдзе яе сяброўку, можа, там будзе спакойна, і Зоська застанецца ў знаёмых. Яму ж трэба прабірацца ў атрад. Снег пакуль неглыбокі, за ноч ён адмахае кіламетраў трыццаць, мясцовасць па той бок Нёмана яму добра знаёмая. Але перш чым расстацца з Зоськай, трэба дамагчыся ад яе паперу, што ён памагаў ёй у разведцы, а не прападаў немаведама дзе трое сутак. Канешне, ён разумеў, што і з такой паперай не проста выкруціцца, але з дапамогай Зоські ўсё, можа, абыдзецца. Без яе ж яму поўны капут, самому яму не апраўдацца.
        – Ужо цямнее, – спакутаваным голасам сказала Зоська, прыўзняўшы галаву.
        Напэўна, ужо можна было, не баючыся, выходзіць са свайго сховішча ў поле. Пакуль яны дашкандыбаюць да вёскі, сцямнее і яшчэ болей, але Антон бавіў час: яму хацелася напаследак дамовіцца з Зоськай.
        – Зараз пойдзем, – сказаў ён. – Давай руку, уставай, пагрэй ногі.
        Ён памог ёй падняцца з каменя, і яна, хіснуўшыся, ледзьве ўтрымалася на нагах. Антон падхапіў яе пад руку, але, нецярпліва варухнуўшы локцем, яна адхіліла яго дапамогу.
        – Я сама.
        Што ж, калі ласка, давай сама, калі можаш. Толькі яна не спяшалася сама, звярнуўшы набок галаву, спярша нязручна ўгледзелася ў яшчэ прыкметныя абрысы Княжаводцаў.
        – Я пайду ў вёску, – глуха сказала яна, адвярнуўшыся. – А ты ідзі за Нёман.
        – Нашто? – здзівіўся Антон. – Спярша давяду цябе, устрою...
        – Гэта не трэба, – сказала яна.
        – Чаму? – насцярожыўся ён. Упартае нежаданне ягонай дапамогі чымсьці азадачвала Антона, але ён яшчэ не здагадваўся, што было прычынай гэтага нежадання.
        – Я пайду адна.
        – Не, адну я цябе не пушчу.
        Яна яшчэ пастаяла, згорбіўшыся і хваравіта трымаючы руку на павязцы, і раптам моўчкі апусцілася на ранейшы свой камень.
        – Во яшчэ фокусы! – сказаў ён. – Ты што, начаваць тут збіраешся?
        – Ідзі за Нёман! – ціха, але цвёрда сказал яна. – Пасля я пайду ў Княжаводцы.
        – Ах, во як! – здагадаўся Антон. – Значыць, не давяраеш?
        – Не давяраю.
        – Да-а, – некалькі збянтэжана сказаў ён і таксама сеў на камень вышэй.
        Аказваецца, магчыма і такое, падумаў Антон. Ён прыкрываў яе агнём на чыгунцы, не кінуў у хвойніку, убярог ад паліцэйскай пагоні. Ён, можна сказаць, уратаваў яе, рызыкуючы сваёй галавой, а яна не давярае яму. Яна не хоча паказаць, куды пойдзе ў Княжаводцах, каб ён не выдаў яе сяброўку, ці што? Але ён ужо не збіраўся ісці да немцаў, ён вяртаўся ў атрад – чаго ж ёй яшчэ трэба?
        З намаганнем падаўляючы ў сабе злосць супраць дзяўчыны, якая сёння не пераставала здзіўляць яго сваімі выхадкамі, ён раптам адчуў меру яе варожасці да сябе, і яму стала страшна. З такім пачуццём да яго яна раскажа ў атрадзе пра ўсё, што з імі сталася, і яму напэўна нездабраваць. Калі там дазнаюцца пра яго няздзейснены план адносна Скідзеля, пра намер наведаць Капыцкага, яго проста завядуць у роў, дзе ён назаўжды і застанецца. Менавіта цяпер, калі справы на фронце далі надзею, калі ён рашыў заставацца да канца партызанам, калі ён размежаваўся з немцамі і Капыцкім, ён можа загінуць ад рук сваіх жа таварышаў. I толькі таму, што недзе ўсумніўся, па маладосці захацеў выжыць і, можа, у цяжкі час не саўладаў з нервамі.
        I пагубіць яго тая самая, з якой ён гатовы быў звязаць назаўжды свой лёс і праз якую, мабыць, ледзьве не зрабіў сваё самае вялікае глупства.
        Але ж не зрабіў – во што, мабыць, галоўнае. Гаварыў, праўда. Але ці мала што можа нагаварыць чалавек, калі яму смажаны певень балюча ў зад клюне!
        – Ну добра, – памякчэла сказаў Антон пасля доўгага пакутнага роздуму. – Добра... Я пайду за Нёман. Але ты абяцай мне памагчы.
        – Чым? – адрывіста запыталася Зоська, не павяртаючы галавы. Аберуч яна абапіралася на каменне.
        – Не кажы нікому, што я хацеў з табой... у Скідзель. Яна зрабіла спробу павярнуцца да яго на камені, але толькі павяла плячыма. Цяжкая яе галава немачна імкнулася долу.
        – А што я заместа скажу? Што праспала з табой ноч у аборы? Што не дайшла да Скідзеля, бо заначавала на хутары? Што праваліла гэта заданне, бо даверылася табе? Што я дурніца, ідыётка і прадажніца, якую трэба пад суд?
        Здаецца, яна заплакала, угнуўшы галаву і калоцячыся, і ў гэты раз ён не пашкадаваў яе – настала чарга шкадаваць самога сябе. Сапраўды, перспектыва перад ім вырастала зусім незайздросная, трэба было тэрмінова штосьці рабіць для свайго паратунку. Але ён не ведаў што і самотна сядзеў пад крушняй, тужлівым позіркам сноўдаючы па вечаровай прасторы поля. Наўкола амаль ужо сцямнелася, дрэвы і стрэхі ў Княжаводцах знікалі ў паўзмроку, вецер санлява шархацеў снегам у калючым голлі на грушы.
        – Во ты, значыць, якая! – са стрыманай злосцю сказаў Антон. – За сябе дрэйфіш? Праваліла заданне! I хочаш праваліць маё жыццё?
        – За сваё жыццё ты сам будзеш адказваць. Ты яго так скіраваў. Ці ж я мала цябе адгаворвала?
        – Дапусцім, я памыліўся. Прызнаю. Але не памыляецца той, хто нічога не робіць. Хто на печы сядзіць. А мы на памылках вучымся. Хто гэта сказаў? Ты ж адукаваная, павінна ведаць. I яшчэ ты жанчына, ты павінна быць добрай. А не такой злосніцай.
        – Мая дабрата мяне і загубіла, – ціха сказала Зоська.
        – Ну во! – падхапіў Антон. – Сама прызнаеш. Дык чаму ж ты і мяне загубіць хочаш? Я ж табе не вораг!
        – Бываюць свае горш за ворагаў, – ціха сказала Зоська. – Ворага можна забіць. А ў свайго не стрэліш.
        – А, во як! Ты ўжо гатова і страляць! Гэта за што? За мой клопат? За тое, што я цябе ратаваў?
        Антон ускочыў на ногі – яе бязглуздыя словы даводзілі яго да шаленства. Ён – горшы за ворага!.. Ён увесь калаціўся ад злосці пры адных толькі ўспамінах аб перажытым з ёй за апошнія суткі. Колькі разоў ён яе выручаў, колькі памагаў ёй, колькі напакутаваўся ад яе дурных выхадак! Канешне, ён не забыўся, што было і іншае, што ён прымяніў грубасць, і яна мела права пакрыўдзіцца. Але цяпер ён не хацеў памятаць гэта. Ён памятаў толькі зробленае ім дабро і абураўся ад думкі, што за гэта яго дабро яна імкнулася адплаціць яму злом. I яшчэ шкадуе, што не мела магчымасці стрэліць!
        – Сучка ты подлая! – крыкнуў ён з ціхай ярасцю, і яна, адхіснуўшыся, знерухомела на камені.
        Праз якую хвіліну, не сказаўшы ні слова ў адказ, Зоська з натугай паднялася на ногі і, падтрымліваючы рукой галаву, кудысьці пайшла вакол крушні. Антон з нянавісцю пазіраў на яе ззаду, яна была для яго агідная, і ён у думках сказаў сабе, што не пакліча яе нізашто. Няхай, як знае, ратуе сябе сама, а хоча – хай гіне, яго дзела малое. Хутчэй за ўсё і загіне. За першай жа хатай у вёсцы налезе на паліцая і заўтра са звязанымі рукамі апынецца ў Скідзелі. Але хай, ён бедаваць не будзе. З яго ўжо хопіць. Ад гэтага часу ён ёй не таварыш і знаць яе болей не хоча.
        Прасачыўшы, як яна хісткім няпэўным крокам абышла крушню, беручы кірунак да вёскі, Антон са злосцю закінуў за плячо вінтоўку. Яму трэба было ў другі бок – да Нёмана, у лес. Іхнія шляхі назаўжды разміналіся, і ён не шкадаваў.
        Ён прайшоў дзесятак крокаў ад грушы і разгублена спыніўся ад новае думкі: а раптам ёй пашанцуе? Яна знойдзе ў вёсцы знаёмую і раскажа ёй пра ўсё, што здарылася паміж імі. Рана ці позна пра гэта стане вядома ў атрадзе... Не, ён не мог дапусціць, каб яна прыйшла ў вёску. Для яго гэта было раўназначна самагубству.
        – Зося! – не сваім голасам крыкнуў Антон. – Зося!!
        Зоська быццам не чула і не азірнулася. Яе цёмная з нязграбнай галавой постаць паволі аддалялася ад грушы, і Антон ускінуў вінтоўку. Ён разумеў, што ў магазіне ўсяго два патроны, але вока яго заўжды было зоркае, а рука дастаткова цвёрдая. Баючыся ўпусціць яе ў прыцемках, ён таропка прыцэліўся ў чорную спіну, і плаўна націснуў на спуск.
        Стрэл, бліснуўшы чырвоным агнём, на секунду асляпіў яго, Антон апусціў вінтоўку і ўгледзеўся ў змрок. Зоська цёмнаю плямаю нерухома ляжала на снезе, раскінуўшы рукі. Не адрываючы ад яе позірку, ён перазарадзіў вінтоўку, але другога стрэлу, напэўна, ужо не спатрэбілася. Зноў жа апошні патрон трэба было пакінуць на які крайні выпадак.
        – Во! Так будзе лепш, – са злосцю сказаў ён сабе, вылаяўся, плюнуў на снег і хутка пакрочыў цераз поле ў лес.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.