РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пайсці і не вярнуцца
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
19
        
19

        
        Ёй было кепска, вельмі балела ў баку і было цяжка дыхаць, яна ўвесь час імкнулася скінуць з сябе нейкі незразумелы цяжар, але ў яе не хапала сілы, і цяжар працягваў яе душыць – пакутна і няспынна. Слабыя прасветліны ў яе свядомасці хутка зацягваліся мутным наплывам беспрытомнасці, яна пераставала адчуваць сябе, забывалася пра немач і боль. У кароткія моманты прасвятлення невыноснейшым рабіўся боль, праз які ледзьве прабіваліся невыразныя праявы жыцця, і Зоська не магла зразумець, што з ёй здарылася.
        Але нейкая работа свядомасці час ад часу ўсё ж змушала яе на новыя спробы ачнуцца, адна з іх амаль прынесла ўдачу, яна адчула, што памірае, і ўся схаладнела ад жаху. Страх смерці прымусіў яе на новы роспачны рывок свядомасці, яна раптам ачнулася, каб тут жа зноў страціць прытомнасць ад нясцерпнага, ахапіўшага ўсю яе болю.
        Аднак галоўнае, мабыць, было ўжо зроблена, яна ўжо ўведала, што ёй пагражае, і набралася рашучасці супраціўляцца смерці. Яна вельмі баялася смерці і вельмі хацела жыць. Новым падсвядомым намаганнем яна прарвалася праз боль і вярнула сабе адчуванне навакольнага свету.
        Яна яшчэ не магла расплюшчыць вачэй, але зразумела, што ляжыць на снезе і мерзне. У дадатак да болю сцюжа люта працінала яе параненае, знямоглае цела, яна ўся калацілася ў дрыжыках, і першым яе намаганнем было спыніць дрыжыкі. Але дрыжыкі сталі яшчэ болыпыя, разам з тым яна адчула свае рукі, ногі і намаглася, каб павярнуцца, але толькі прастагнала ад болю ў баку. I без таго цьмяная свядомасць зусім абрывалася на гэтым болю, і яна не магла прыпомніць, чаму тут ляжыць. Напэўна, сцюжа і боль выбілі ўсё з яе памяці, і яна, нібы малое, пачынала пазнаваць свет з таго, што было да яе бліжэй.
        Найперш гэта быў снег. Яна няўцямна зграбла кожнай рукой па жмені, адубелыя пальцы кепска слухаліся, але яна ўсё ж адчула ў іх сцюдзёную макрату снегу. Такая ж сцюдзёная золкая макрэдзь была ў яе пад бокам, і марозна дранцвела яе сцягно, на якім яна ляжала. Праз боль адчуўшы пад сабой мокрае, яна зноў намаглася, каб павярнуцца, і расплюшчыла вочы.
        Вакол было цёмна, са змрочнага неба сыпаў дробны сняжок, побач матлялася ад ветру пахілая над снегам сцяблінка. Зоська перавяла позірк бліжэй і не пазнала ўласных рук – так густа іх засыпала снегам. Спалохаўшыся, што хутка яе зусім замяце ў гэтым полі, яна саўганула адначасна дзвюма нагамі і зноў страціла прытомнасць.
        Яна не магла ведаць, колькі на гэты раз часу праляжала без памяці, але, калі свядомасць зноў вярнулася да яе, яна ўжо прыпамятала, дзе ляжыць. I яна адчула яшчэ, што асабліва пякельны боль, які абяссільваў цела, ідзе ад левага боку. Боль гэты не дае ёй дыхнуць, не дае рэзка варухнуць рукой, ён душыць яе непасільным цяжарам, распластаўшы на марозным снезе.
        Але чаму яна адна? Чаму паранена ў гэтым начным снежным полі? Дзе людзі? Дзе партызаны і як яна тут апынулася?
        Трэба было некалькі доўгіх хвілін і немалых намаганняў памяці, каб яна марудна аднавіла ў свядомасці разрозненыя ўрыўкі нядаўняга мінулага. Яна прыпомніла Антона і адчула, што побач яго няма. Памяць яе, ухапіўшыся за канец гэтай нітачкі, пацягнула яе далей, і праз некалькі няўцямных малюнкаў Зоська нагадала палявую грушу і крушню пад ёй, пасля – апошнюю размову з Антонам... Яна кудысьці пайшла... Ага, яна ж скіравала ў Княжаводцы! Тут жа за полем, зусім блізка ад грушы, былі відаць княжаводскія дахі, і яна пайшла ў вёску, кінуўшы Антона... А пасля... Што ж было пасля?..
        Пасля быў здрадніцкі стрэл ззаду.
        Зоська не хацела плакаць, але слёзы самі сабою паліліся цурком па яе твары, і яна не выцірала іх. Яна зноў перастала што-небудзь бачыць у цемры і ледзьве трымала ў сабе свядомасць. Перасільваючы востры боль у баку, яна ўперлася правай нагой у зляжалы пад целам снег і паспрабавала зрушыць з месца. Цела яе на самой справе трохі пасунулася, але Зоська тут жа і знемагла, зноў і надоўга замёршы без руху. I ўсё ж яна ўрэшце ачнулася, сабрала ў сабе мізэрную рэшту сіл, намацала правым каленам ямку ў снезе і пасунулася яшчэ на паўметра.
        Яна папаўзла – марудна, з доўгімі працяглымі супынкамі, ледзьве адольваючы прыступы слабасці, ад якіх мутнела свядомасць. Цяпер, калі яна прыпомніла, як блізка вёска, яна не хацела памерці ў полі, яна імкнулася да людзей. Але дзе яны, людзі? Які доўгі да іх шлях, і колькі яшчэ трэба сілы, якой у яе амаль не асталося.
        Яна паўзла доўга, амаль цэлую вечнасць, раз-пораз губляючы памяць. Часам удары болю з такой лютай ярасцю праціналі яе бок і спіну, што яна знямогла замірала на месwы, доўга не адважваючыся варухнуць ні рукой, ні нагой. У галаве яе нешта балюча разломвалася – здавалася, там выдзіралі мазгі, але да болю ў галаве яна прывыкла ўжо. Горш было з болем у баку, які падпільноўваў яе кожную секунду біў пад дых, варта было неасцярожна варухнуць левай нагой. Гэта быў подлы і люты боль, і Зоська баялася, што ён не дасць ёй дапаўзці да вёскі.
        Але яна павінна ўсё ж дапаўзці. Думка пра Антона мацней за ўсё іншае гнала яе ў Княжаводцы. Яна разумела, што можа хутка сканаць, але перш яна павінна папярэдзіць сваіх пра гэтага здрадніка. Інакш ён вернецца ў Ліпічанку, улезе ў давер к камандзіру і зноў прадасць некага ў зручны для таго момант. Прадаць, ашукаць, наздзекавацца яму нічога не варта, бо для яго не існуе маральных законаў, ён заўжды будзе такі, якім яго павернуць абставіны. А абставіны на вайне – рэч дужа зменлівая, і такі ж зменлівы паміж іх будзе Галубін.
        Але чаму ён такі? Ці, можа, такі ён нарадзіўся, пераняўшы характар продкаў? Або яго гэткім зрабіла жыццё? Але хіба ягонае жыццё было горшае, чым жыццё Зоські з яго паўсядзённаю працай дзеля кавалка чорнага хлеба, у малазямеллі, пры класавым і нацыянальным бяспраўі? Але так жыла тут большасць тутэйшых людзей, і кожны самы забіты бядак з Богам забытай вёскі ведаў, што нельга рабіць супраць сумлення, нельга ісці супраць сваіх. Чаму ж Галубін не засвоіў гэта?
        Зоська нясцерпна пакутавала ад болю, душэўныя пакуты, аднак, дапякалі не менш. У яе не было ніякай упэўненасці, ці дапаўзе яна да ваколіцы, ці дачакаецца нарэшце людзей. Але ёй вельмі патрэбны цяпер былі людзі, толькі яны маглі памагчы ёй. Было б жахліва ў адносінах да сябе, маці, таварышаў, якія паслалі яе з лесу, пайсці і не вярнуцца, як не вярнуўся з задання іх першы камандзір Кузняцоў, не вярнулася, загадкава недзе прапаўшы, група Сураўца, ніколі не вернецца забіты на «жалезцы» Салей, ды і ці мала іншых. Не, яна павінна сабраць у сабе ўсе сілы, не паддацца смерці і вярнуцца ў лес. Хаця б для таго, каб расказаць, што з ёй здарылася і чаму яна не магла зрабіць тое, што павінна была зрабіць.
        Яна памятала: вёска была зусім блізка ад грушы, але не ведала, колькі яна прапаўзла ў гэтым снезе. Вецер усё сыпаў і сыпаў снежнай драбнотай, замятаючы яе след у полі, але зусім замяце яго ён, напэўна, не хутка. А раптам сюды вернецца Антон? – жахнуўшыся, падумала Зоська. Вернецца, каб дабіць яе – гэта зусім лагічна. I так дзіўна, што ён не прыкончыў яе, можа, палічыў мёртвай? Ці спяшаўся ўцячы?
        Зоська кепска бачыла адным левым вокам, ды і было цёмна. Боль у галаве не даў ёй павярнуцца, і яна толькі прыслухалася, прыціхшы на снезе. Але, апроч ветраных парываў і звыклага шуму завеі, побач, здаецца, нічога не было чуваць.
        Часам яе цягнула ванітаваць, як пасля чаду, свядомасць зноў пачала цямнець, і яна падумала, што, мабыць, не дапаўзе. Мабыць, тут і застанецца. Але пакуль яна яшчэ нешта магла, яна з апошніх сіл пасунула сябе ў рыхлым снезе адзін, другі, трэці раз і знерухомела. Наперадзе ў завейным паўзмроку штосьці цямнела, але, трацячы прытомнасць, яна не паспела разгледзець што. Патрэбна была доўгая пакутная паўза, перш чым прытупіўся боль у баку, і, трохі збочыўшы галаву, яна ўбачыла перад сабой плот. Парныя калы з жэрдкамі-перакладзінамі ламанай лініяй беглі ад яе да вёскі. Гэта была летняя агародка ў канцы гародаў, значыць, хаты ўжо блізка. Зоська ўзрадавалася свайму адкрыццю, нібы прадвесцю яе паратунку, і, зрабіўшы вялізнае намаганне, дасягнула нарэшце крайніх калоў плота. Каб памагчы сабе прапаўзці яшчэ трохі, яна ўхапілася за тонкі канец ніжняй жэрдкі, і той з ціхім хрустам зламаўся. Болей сілы ў яе не засталося. Збянтэжаная няўдачай, яна паляжала трохі і, прыўзняўшы ў руцэ абломак, ударыла ім па жэрдцы вышэй. Яе ўдар глуха аддаўся ў начной цішы, і ў той час дзесьці зводдаль пачуўся ўстрывожаны брэх сабакі.
        Зоська ўнутрана трапятнулася – гэта была ўдача, яна прыўзняла палку і пастукала некалькі разоў мацней. Сігнал яе, мабыць, перадаўся па плоце, і, здалося, брэх пачуўся бліжэй. «Брашы ж, брашы, мілы сабачка! – падумала Зоська. – Брашы. Можа, цябе пачуюць...»
        У шчаслівай упэўненасці, што дапаўзла і што зараз да яе нехта выйдзе, яна ўся абвяла і надоўга страціла прытомнасць.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.