РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пайсці і не вярнуцца
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
10
        
10

        
        Пакуль Зоська абувалася ў каморцы, Антон перабег цераз намеценую ад парога снежную гурбу, зірнуў у адны дзверы, у другія і раптам, падаўшыся назад, замёр за абгарэлым бервяном шула. Праз паўтары сотні крокаў ад аборы няхутка цягнуліся па раскіслым снезе двое саней з седакамі ў чорных шынялях, убачыўшы якіх, Антон зразумеў: паліцаі. Да аборы даляталі абрыўкі іхняй размовы, смех, хтось, брыдка вылаяўшыся, са злосцю выцяў каня.
        Стоячы за шулам, Антон, аднак, хутка асмялеў ад спалоху, сцяміўшы, што паліцаі кіравалі не сюды, а міма, па нейкай сваёй патрэбе, у бок Нёмана. На абору ніхто з іх не звяртаў увагі, начных слядоў у снезе ўжо не засталося, усё добра зраўняла завея. Антон перавёў дыханне і ўслухаўся ў далекаватую для слыху размову, сэнс якой, аднак, зразумець было цяжка. Ён ужо хацеў быў клікнуць Зоську, як раптам учуў знаёмае слова, якое прымусіла яго зноў замерці за шулам. Выразна пачулася «Сталінград», пасля яшчэ раз сказанае кімсьці з паліцаяў гэтае ж слова і ледзьве пачутае затым «далі» ці, можа, «узялі». Гэта яго зацікавіла. Ён напружыў усю сваю ўвагу і слых, але вецер адносіў словы ўбок, і яму ўдалося пачуць толькі адно «...ступленне». Далей, колькі ён ні ўслухоўваўся, зразумець нічога не мог – сані ад’ехалі далекавата і неўзабаве схаваліся на паваротцы за каменным рогам аборы.
        Небяспека быццам мінулася, паліцаі паехалі, але Антон усё стаяў ля варот, збянтэжаны тым, што пачуў. У якім сэнсе яны гаварылі пра Сталінград? Што значыць «далі»? Здалі ці, можа быць, узялі? А што можа азначаць «...ступленне»? Наступленне або адступленне? Не, мабыць, хутчэй за ўсё сэнс быў у тым, што немцы пачалі новае наступленне на Сталінград, дзе ўсю восень ішлі крывавыя баі, і, мабыць, узялі нарэшце гэты далёкі горад. Мяркуючы па ўсім, здарылася менавіта гэтак, рашыў Антон, што і выклікала жывую цікавасць паліцаяў.
        Але што ж тады атрымліваецца?
        Растрывожаны і амаль збянтэжаны, ён увайшоў у каморку, усё ламаючы галаву над гэтай паліцэйскай шарадай. Зоська пачала нешта распытваць, але ён не слухаў яе, ён думаў, што б тое магло азначаць для яго асабіста. Вядома, колькі-небудзь пераканаўчых фактаў у яго не было, былі толькі здагадкі. Але ён і не меў пільнай патрэбы ў фактах, ён ужо быў гатовы да адзіна магчымага вываду: трэба спяшацца. Трэба, пакуль не позна, канчаць з партызанствам, паклапаціцца пра ўласны лёс і сваю галаву, пакуль яна яшчэ на плячах, укараніцца ў новае, нямецкага ладу, жыццё, калі нічога не выйшла з савецкім.
        – Зося, ты разумееш? – сказаў ён, не паднімаючы да яе галавы. – Немцы Сталінград узялі.
        Ён думаў, што Зоська пачне бедаваць, можа, нават заплача, ён бы тады суцешыў яе. Але, на яго здзіўленне, яна толькі цепнула вачмі і з наіўным выглядам запыталася:
        – Гэта калі?
        – Не ведаю, – ціскануў ён плячыма. – Чуў, паліцаі там размаўлялі.
        
        – Хлусня, мабыць, – падумаўшы, сказала Зоська. – Хаця, можа, і праўда. Столькі нахапалі, што ім. Сіла!
        – Сіла, ага, – пагадзіўся Антон, не зусім уяўляючы, як яму размаўляць далей. Ён не чакаў ад Зоські такой лёгкасці ў адносінах да галоўнае сутнасці яго пытання і пакутна шукаў У галаве магчымыя подступы да галоўнага. Зоська ж, знешне быццам абыякавая да яго навіны, далікатным дотыкам сцюдзёных пальцаў захінула на ім кажушок.
        – Зашпіліся, бо холадна. Паліцаяў многа паехала?
        – Чалавек шэсць, мабыць.
        – Паехалі міма?
        – Ну. Тут побач дарога.
        – Гэта горш. I печку затапіць нельга?
        – Печку нельга, – сказаў ён і дадаў не надта рашуча: – Можа, выйдзем і пойдзем у Скідзель?
        – Удзень? Ну што ты!..
        Не, здаецца, яна заставалася пры ранейшым рашэнні, падумаў Антон, і мае намер выконваць сваё заданне. А тое, што неўзабаве скончыцца вайна і немцы ўсёй сваёй сілай наваляцца на іх пушчу і, як зайцаў, перастраляюць усіх партызан, гэтага яна не дапушчае і ў думках.
        – Слухай, а ты ведаеш, дзе знаходзіцца Сталінград? – запытаўся Антон.
        – Далёка, – сказала Зоська.
        – Вот гэта адказ! – кісла ўсміхнуўся Антон. – У школе за такі адказ што ставілі?
        – Двойку, – усміхнулася Зоська.
        Антон падняўся на ногі, надзеў у рукавы кажушок. Зоська, стоячы насупраць, абедзвюма рукамі ўзяла яго за рукавы вышэй локцяў.
        – Мы ж не ў школе, Антоша. Мы свой экзамен здалі, – сказала яна з уздыхам.
        – Як бы не так, – сказаў ён і нецярпліва вызваліў рукі. – Як бы галоўны экзамен не быў наперадзе.
        – Усё можа быць, – ахвотна пагадзілася Зоська. – Так трудна дабрацца да гэтага Скідзеля, а што будзе там – аднаму Богу вядома.
        – Вось іменна, – пацвердзіў ён і спахапіўся, адчуўшы, што кожны з іх мае на ўвазе сваё. – Таму слухай. Давай, пакуль ёсць час, абмазгуем усё. Каб не застацца ў дурнях.
        – Давай, – сказала яна. – Толькі... Ты пабудзь, а я на хвілінку...
        Гарэзліва ўсміхнуўшыся яму, яна выскачыла з каморкі, туга прычыніла за сабой дзверы. Ён стаяў і задуменна пазіраў у парог. Думкі ягоныя цяпер кружыліся каля Зоські, ад разумных паводзін якой надта шмат залежала ў ягоным рашэнні. Вядома, ён разумеў, што схематызму партызанскага мышлення ў ёй будзе даволі, мабыць, не так проста пераканаць яе ў адзіна правільным выйсці і падвесці да непазбежнага. Галоўнае, каб яна зразумела ўсю безнадзейнасць іх партызанскіх пакутаў, нікчэмнасць іх партызанскіх сіл перад сілай фашысцкага гіганта, з якім не можа саўладаць уся Чырвоная Армія. Да таго ж Зоська не мае права забыць, што ў Скідзелі ў яе маці, і павінна разумець, якой небяспецы падвяргае яе як партызанка. Калі дагэтуль усё неяк абыходзілася, дык гэта не значыць, што немцам або паліцыі ўрэшце не стане вядома, дзе знаходзіцца дачка адной жанчыны са Скідзеля. Антон адчуваў, што ў тым быў ягоны галоўны козыр, і ён выкіне яго пад канец, калі, можа, не падзейнічаюць усе іншыя козыры. Праўда, у яго някепскай задуме было адно слабаватае месца, тое, што датычыла сябра Капыцкага. Як той паставіцца да Галубіна і ягонай сяброўкі, калі яны з’явяцца на жыхарства ў Скідзель, заставалася невядома. I нават калі сам Капыцкі паставіцца да іх добразычліва, дык як на гэта паглядзяць яго начальнікі – немцы?
        Антон задуменна таптаўся па зляжалай саломе. У вочы яму трапіўся стары растаптаны акурак, Антон нагнуўся, падабраў яго і панюхаў. Гэта быў недакурак нямецкай цыгарэты – тонкі, з жаўтлявай паперы, хаця, вядома, курыць яго мог тут хто хочаш – ад немцаў да партызанаў, напэўна, людзей тут перабыло нямала, і ўсе пакідалі сляды. Беглым позіркам Антон акінуў гранітныя бакі камянёў у сцяне і ў кутку пад акенцам згледзеў брудны шкумат бінта. Пацягнуў за яго – з-пад саломы выцягнуўся цэлы жмут старых, замусоленых, з засохлай крывёй бінтоў, якія ён гідліва адкінуў прэч і наском бота запіхнуў глыбей у салому. Толькі ён зрабіў гэта, як у каморку ўскочыла Зоська з ненатуральна збялелым тварам, і Антон, сцяміўшы кепскае, запытальна ўставіўся ў яе.
        – Антон, там...
        – Што такое?
        – Там забітыя!
        Забітыя – не жывыя, забітых можна ўжо не баяцца, падумаў Антон, выцягваючы руку з кішэні, ад нагана. Зоська выскачыла з каморкі, і ён, не спяшаючыся, пайшоў за ёй цераз языкі намеценага з варот снегу ў дальні, з абрушаным дахам, канец аборы.
        – Во глянь! Я падыходжу, думала, камяні, а гэта забітыя. Глянь – божа! Ды гэта ж наш Суравец! – калоцячыся ад хвалявання, загаманіла Зоська.
        Антон падышоў да сцяны, дзе ў прыцемку напаўабваленага падстолля за грудай камення ляжалі забітыя.
        Сапраўды, адзін з іх быў Суравец. Антон адразу пазнаў яго па венгерскім, пясочнага колеру, кіцелі з мноствам гузікаў на грудзях – болей такога шыкоўнага кіцеля не было ні ў каго ў атрадзе. Іншых прыкмет удалога падрыўніка засталося не шмат, хіба што яго неслухмяныя, заўжды рассыпаныя напалам валасы, якія цяпер змерзліся ад крыві і снегу. Суравец ляжаў на спіне, раскінуўшы босыя, у брудных падцёках ногі, ботаў на ім не было, а з правага боку чарнела рваная дзірка ў кіцелі. Мабыць, яшчэ ў жывога з яе наплыло шмат крыві, якая цёмнаю лужынай змерзлася на бруднай, у гнаі, земляной падлозе. Побач, прыткнуўшыся плячом да сцяны, сагнуўшыся і нізка звесіўшы бялявую галаву, сядзеў малады хлопец у заношанай блакітнай майцы. Усё верхняе з яго было знята, а ў майцы на спіне чарнелі тры крывяныя дзіркі ад куль, што выйшлі дзесь спераду, – усё ў яго там, на грудзях, жываце і каленях, было заліта ссохлай ці змерзлай крывёю. Гэтага другога Антон ведаў мала, нават не памятаў прозвішча, бо той паявіўся ў атрадзе нядаўна, казалі – нейкі камсамолец з тутэйшых.
        – Вось бачыш? Антон! – Ухапіла яго за руку Зоська. – Гэта ж іх тут забілі?
        – Ну, панятна, забілі. Не самі ж яны, – сказаў Антон і крануў за плячо забітага. Труп мякка паваліўся набок – прыціснутыя да жывата рукі і падкурчаныя ногі так і засталіся сагнутыя.
        – У спіну. Бачыш, з аўтамата ззаду. Паліцэйская работа, адразу відаць, – сказаў Антон і паглядзеў на Зоську, якая ўся змянілася з твару, стала не пазнаць дзеўкі, так яна перажывала аб забітых. Антон перажываў таксама, але не сказаць каб дужа. Ён ужо адвык дужа перажываць за другіх, прыйшоў час паклапаціцца аб сабе. Каб таксама не давялося камусьці перажываць за яго самога.
        – Антоша, як жа гэта? Яны ж ішлі ў Ліду, як жа яны тут апынуліся? I дзе астатнія? Ніхто ж з шасцярых не вярнуўся.
        – Пайсці і не вярнуцца – справа няхітрая, як двойчы два, – сказаў Антон. – Цяпер тут усё – цёмны лес.
        – Слухай, а чаму паліцаі іх не забралі? Чаму тут пакінулі? – не сціхала Зоська, здаецца, гатовая вось-вось заплакаць. Абедзвюма рукамі яна страхавіта ўчапілася ў Антонаў кажушок.
        – А я адкуль ведаю? Можа, для прынады. Во мы прыйшлі, а яны і прыскачуць. Хто іх, сволачаў, ведае.
        оська, пабялеўшы, ва ўсе свае вялікія вочы глядзела на Антона.
        – Што ж нам рабіць, Антон? – роспачна пыталася яна.
        – Чорт яго ведае, што рабіць. Айда пакуль што адгэтуль.
        Яны пералезлі цераз абрушаную груду камення і вярнуліся ў ранейшы канец аборы. Зоська ўсё азіралася, востра перажываючы пагібель знаёмых людзей. У Антона ж было такое адчуванне, быццам ён трапіў у пастку і чамусь не спяшаецца з яе выбрацца. Ён ужо ведаў з практыкі, што прамаруджанне рэдка прыносіць удачу і лёгка можа загубіць кожнага (ці не яно загубіла ў гэтай аборы і Сураўца). Зусім можа быць, што паліцаі пры выпадку або рэгулярна наведваюць гэта адзінокае ў полі прыстанішча і каго-небудзь застаюць тут. Не, трэба хутчэй змывацца, думаў Антон. Але як змыешся, калі ў гэтым полі ты відзён за пяць кіламетраў, і ў кожную хвіліну цябе могуць дагнаць паліцаі.
        – Прыйдзецца пакуль патырчэць тут, – спыніўшыся, сказаў ён і паглядзеў у шырокія, з сарванымі завесамі вароты. – Толькі назіраць трэба, а то...
        Зоська зразумела і таксама спынілася, зірнуўшы ў ветраную прастору поля. Поле перад аборай ляжала пустое, з ледзьве прыкметным адсюль следам саней на дарозе; у вароты дзьмуў сыры пранізлівы вецер; рыхлы снег, што наваліў уначы, усюды асеў і падтайваў; хмызняк каля аборы рэзка зачарнеўся на яго белізне; з тоўстага галля вяза ўсё падалі долу мокрыя камякі снегу. Там недзе на нябачнай з аборы вяршаліне гучна крычалі вароны.
        – Ціш, зараза! – сказаў Антон і падумаў, што вароны цяпер могуць іх выдаць. Падняўшы з-пад сцяны абломак латы, ён ступіў на крок за вароты і замахнуўся на цэлую вароннюю зграю, што абляпіла вяз. Вароны адна за адной пасаскоквалі з голля і паляцелі кудысь за Котру.
        – Зося, – сказаў Антон, вярнуўшыся ў абору. Зоська, усё яшчэ з пабялелым тварам, уважліва паглядзела на яго, і ў гэтым яе паглядзе была бездань самоты. – Зося! Ты разумееш наша становішча? – сказаў ён, таксама ўзіраючыся ў яе блакітныя, васільковыя вочы.
        – Ну, разумею, – ціха адказала яна.
        – Не, ты не разумееш, – сказаў ён. – Калі сапраўды Сталінград узяты, дык... Вайне будзе канец. Ці яны замірацца, ці... Расіі ж нічога не застаецца. Сібір? Але што ў той Сібіры? Немцы ж зайшлі вунь куды, за Маскву. Ты панімаеш?
        – Я панімаю, – па-ранейшаму ціха сказала Зоська.
        – Да чаго ж мы даседзімся ў сваёй Ліпічанцы? Яны ж нас з сабакамі пераловяць. Калі мы раней з голаду не дойдзем.
        Зоська трошкі адвярнулася ад яго і самотна пазірала з варот у хмарную далячынь шырокага поля з шызаю паскай лесу на гарызонце.
        – Можа, і так, – нявесела сказала яна.
        – Дык вось, малышка! У цябе ў Скідзелі маці, у мяне там, я казаў табе, начальнік паліцыі Капыцкі, мой землячок з Барысаўшчыны. ён павінен нам памагчы. Давай застанемся ў цябе. Будзем жыць, як людзі, як муж і жонка. Я ж пакахаў цябе, Зоська.
        Здаецца, ён сказаў усё, асцярожна абняў яе за плечы і прыгарнуў да сябе, не адчуўшы, аднак, яе сустрэчнага руху. Зоська, быццам ёй стала кепска, ні жэстам, ні рухам не выказала ні сваёй радасці, ні нязгоды. Яна быццам здранцвела ў ягоных руках, і ён ціха ўсклікнуў, з усёй лагодай, на якую быў здатны:
        – Зоська!
        – Ну, – з уздыхам сказала яна. – Ты гэта пажартаваў? Пажартаваў жа, праўда? – I адхінулася, далікатна, але настойліва вызваляючыся з ягоных рук.
        – Ніколькі. Я абсалютна сур’ёзна.
        Яна зрабіла тры вялых крокі і стала ля шула, усё назіраючы ў поле. Антон зноў парывіста абняў яе ззаду і лёгенька пацалаваў у шчаку.
        – Не трэба, Антон.
        – Ну як жа! Я ж кахаю цябе.
        – За гэта дзякуй. Але... Тое, што ты прапануеш, у другі раз было б маім шчасцем. Але цяпер...
        – Ну, а што цяпер?
        – А цяпер гэта подласць. Калі не болей.
        – Дзівачка! – сказаў ён, адчуўшы, што ўжо нервуецца. – Во ты наслухалася прапаганды... А ты не падумала, апроч таго, пра сваю маці? Што з ёй будзе?
        – Не знаю, што будзе, Антон, – нейкім чужым, дрыготкім голасам сказала Зоська. – Але ў такі час уцякаць з атрада... Знаеш, так нават жартаваць нельга. Гэта занадта страшна.
        – А я табе кажу: самы час. У атрадзе заставацца больш нельга.
        – Час сапраўды цяжкі. I таму ўцякаць – гэта здрада. Гэта ты сказаў, не падумаўшы.
        – Не, я ўсё добра абдумаў. Я хачу ўберагчы цябе і тваю маці, і сябе, канешне. Інакш, сама разумееш, мы ўсе прападзем. Як тыя вунь, – кінуў ён у дальні канец аборы.
        – Што ж, можа быць, – пагадзілася Зоська, у другі раз ставячы яго ў тупік. Ён болей за ўсё баяўся, што яна не зразумее ягоных довадаў, а яна, аказваецца, довады хапала адразу, але ніяк не магла прыняць вывады, якія лагічна вынікалі з гэтых довадаў.
        – Можа быць, можа быць! – пачаў траціць раўнавагу Антон. – Дык чаго ж ты хочаш? Загінуць? Можа, табе жыць агоркла?
        Зоська ўздыхнула, павярнулася да яго тварам, узялася за вялікі гузік на яго кажусе.
        – Антон, ты разумееш... Каму жыць не хочацца? Я ж зусім і не жыла яшчэ, можна сказаць. Але што ж ты прапануеш? Ісці да фашыстаў? Што ж гэта такое? Гэта ж горш, чым нават смерць. Тут трэба згубіць сумленне. Яны ж чума дваццатага стагоддзя. Супраць іх увесь свет. З імі ж жыць немагчыма, яны ж звяры.
        – Ну, гэта гледзячы для каго звяры. Калі з імі па-добраму...
        – Ты жартуеш: па-добраму! Яны вунь колькі перабілі і тых, хто з імі па-добраму і па-дрэннаму, і тых, хто ніяк. Людзі для іх – жывёла на ўбой, а не людзі.
        – Ну ладна! – сказаў ён нецярпліва. – Я хіба кажу, што яны – золата? Але ж у нас няма выбару. Што ж нам рабіць? Яны – сволачы, але ж яны перамогуць. Мы ж павінны з гэтым лічыцца.
        – Па-першае, яшчэ не перамаглі. I ці перамогуць, яшчэ невядома. Нават калі ўзялі Сталінград і возьмуць Маскву. Ёсць яшчэ Урал, Сібір...
        – Што ў той Сібіры...
        – Мы – людзі. I мы ніколі не пагодзімся з імі, нават калі яны і перамогуць. Ты кажаш, што няма выбару. Выбар ёсць: або мы, або яны. Во ў чым наш выбар.
        – Да-а, – сказаў ён, памаўчаўшы. – Здорава, аднак, цябе напрапагандавалі.
        – Прапаганда тут ні пры чым. Я сама гэта ведаю. Бо маю вочы і вушы, Таму лепей давай не будзем. Давай забудзем гэтую нашу размову. Яе не было, так?
        – Размову можна забыць, – апалым голасам сказаў Антон. – Аднак лягчэй ад таго не будзе. Трэба нешта рабіць.
        Ён быў расчараваны і баяўся, што ўсё сапсаваў, калі пачаў вось так, напрасткі. Мабыць, трэба было інакш – танчэй, з падыходам. А ён у лоб ляпнуў сваю прапанову. Цяпер вось атрымлівай. Цяпер ён і не ведаў, з якога боку да яе падступіцца. Здаецца, усе свае козыры ён ужо выклаў у гэтай гульні і ні на крок не пасунуўся да сваёй мэты.
        Антону надакучыла таптацца на мокрым снезе ў варотах, і ён адышоўся далей, знайшоў камень, падкаціў яго бліжэй да выхаду і, сеўшы, прысланіўся да шула. Праз тры крокі ад яго з гаротным выразам твару стаяла Зоська. Было відавочна, што адносіны паміж імі набывалі новы характар і трэба было зараз жа штось зрабіць, каб уратаваць іх і разам сябе таксама. Але Антон быццам забрыў у тупік і не ведаў, што можна было прыдумаць, чым падзейнічаць на гэтую яе неразумную ўпартасць.
        – Зося! – сказаў ён пасля даўгой паўзы. – Я думаў, ты мяне сапраўды кахаеш?
        – У тым-та ўся справа, – хуценька павярнулася яна. – Інакш быў бы другі разгавор.
        – Гэта які?
        – Просты. Хіба я змагла б з табой так размаўляць?
        – Як?
        – Гэтак цярпліва. Пераконваць цябе.
        – Мяне, ці ведаеш, пераконваць не трэба.
        – Не, трэба, Антон, – пераканана сказала яна, прысядаючы перад ім на кукішкі. – Гэта ў цябе дурата. Невялікая слабасць. Гэта забітыя на цябе так падзейнічалі. На мяне, ведаеш, таксама... падзейнічалі. Хіба ў іншым сэнсе.
        – У якім жа?
        – Ды, знаеш, жыць расхацелася.
        – Во гэта і відно!
        – Не, нічога табе не відно, Антон. Знаеш, ідзі ты назад у атрад. Калі што, я скажу, што ты быў са мной. Скажу, што я папрасіла цябе праводзіць...
        – Дзівачка! – нявесела ўсміхнуўся Антон. – Спярша ты вярніся пасля гэтых тваіх заданняў.
        – Пастараюся, – сказала яна.
        – Пастараешся! Гэтага мала. Умець трэба! А ты такая ўмелая...
        – Ага, я не надта ўмелая, прызнаюся. Але...
        – Во. I не агіціравай мяне. Я ў атрад не вярнуся, – жорстка сказаў Антон. – З мяне хопіць. Я ваяваў чэсна ўсе восем месяцаў. Але – годзе! I цябе не пушчу.
        – Жартуеш? – сказала яна дзіўна схаладнелым голасам.
        – Ніколькі!
        Антон ускочыў з каменя, зірнуў у вароты. У ім з’явілася непахісная цвёрдасць. Толькі яна магла памагчы яму саўладаць з лёсам і з гэтым упартым дзяўчом. Няхай насуперак яе волі. Ён ужо ведаў, што з дзяўчатамі трэба заўжды насуперак іхняй волі, і тыя пасля не скардзяцца. Некаторыя нават удзячны на ўсё жыццё. Трэба толькі рашуча і цвёрда, не зважаючы на іх жаласныя енкі...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.