РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пайсці і не вярнуцца
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
7
        
7

        
        Яны трошкі збочылі ад рова і неўзабаве прытупалі да нешырокай лесавой дарожкі, прысыпанай свежым, не кратаным нагамі снегам. Антон зірнуў у адзін бок дарогі, у другі, саней адсюль не было відаць, і ён упэўнена павярнуў направа, пакідаючы ззаду шырокія сляды на снезе, у якіх зажаўцеўся дарожны пясок.
        – Во, разжыўся, – сказаў Антон, дастаючы з кішэні абкрышаны кавалак хлеба. – Халера на яе, баба не хацела даваць, ледзьве выцыганіў.
        Зоська міжволі праглынула сліну, атрымаўшы ў рукі палову кавалка свежага сялянскага хлеба з вузенькаю паскай сала.
        – Смачна як пахне! – панюхала яна хлеб. – Любіла такі, на кляновых лістках. Мама пякла.
        – Еш, – проста сказаў Антон, са смакам адкусіўшы сам.
         – Зоська нарэшце ўгрэлася, ісці па роўнай дарозе было куды лягчэй, чым прадзірацца праз калючы гушчар, яна расшпіліла верхні гузік свайго плюшавага сачка і адпусціла вузел хусткі на шыі. Хвойны аснежаны бор ледзь чутна шумеў угары, зверху паволі плылі-ападалі рэдкія прыгожыя сняжынкі. Было ціха. Дзесь чуўся дробненькі стукат дзятла, але Зоська не звяртала на яго ўвагі, яна ўвесь час пазірала наперад, дзе знікала пакручастая лесавая дарожка. Туды ж кіраваў позірк і Антон, які проста і натуральна ўзяў на сябе частку яе дарожнага клопату і звязанай з ім небяспекі. Усё гэта іншы раз магло б толькі парадаваць Зосысу, але цяпер яна мала радавалася, хутчэй наадварот, – усё яшчэ не магла вызваліцца ад сваіх трывожных сумненняў. Праўда, за сябе яна менш баялася – яна трывожылася за Антона.
        – Слухай, вяртайся назад. Тут ужо я сама прайду, – сказала яна, ідучы ззаду, і Антон крута азірнуўся.
        – Нашто? Я правяду.
        – Што, да самага Нёмана?
        – Там будзе відаць, – няпэўна адказаў Антон, і яна не стала пярэчыць – адчула, што ён яе не паслухае. Яна разумела, якімі непрыемнасцямі пагражала абодвум гэта яго ўпартасць, але пярэчыць яму не магла. А можа, і не хацела нават.
        – Там прыехалі па сасну. На падрубу, – кіўнуў ён галавой, трошкі стрымліваючы свой крок. – Прымачок адзін з дзеўкай. Вайна вайной, а яны будуюцца.
        – Ды хіба мала такіх! Думаюць, адседзяцца, перачакаюць. Хай за іх другія ваююць, – зласліва сказала Зоська, і Антон уважліва паглядзеў на яе.
        – Гэта так, – пагадзіўся ён. – Ды ўсім жыць хочацца.
        Жыць хочацца ўсім, падумала яна, але, мабыць, справа не ў гэтым. Хіба не хочацца жыць тым, хто гіне са зброяй у руках, каго арыштоўваюць і знішчаюць за сувязь з партызанамі, нарэшце, тым няшчасным, ні ў чым не вінаватым, якіх нішчаць толькі за іх паходжанне? Хіба не хацеў жыць яе швагер Леанід Міхайлавіч, выкладчык матэматыкі ў местачковай школе, чалавек зусім бяскрыўдны і безадмоўны, затузаны сваёй уладарнай жонкай, роднай сястрой Зоські. Некалі здавалася Зосьцы, якая ціха недалюблівала швагра за гэтую яго бесхрыбетнасць, што ён з лёгкасцю пражыве пры ўсякай уладзе, сцерпіць усё, нікому не скардзячыся і нават ні на каго не пакрыўдзіўшыся. Але вось не ўдалося пражыць Леаніду Міхайлавічу нават першую ваенную зіму – у сакавіку яго ўжо арыштавала гестапа.
        Зоська дагэтуль не магла сабе ўявіць, якую віну перад немцамі меў Леанід Міхайлавіч і завошта яны яго расстралялі. Але, мабыць, штось было, інакш бы ён так не развітваўся з жонкай, дзецьмі і Зоськай пры арышце – развітваўся назаўжды, са спакойным усведамленнем непазбежнасці кары і свайго злога лёсу.
        Тым часам вузкая лясная дарожка вывела іх на шырокі прагал з бальшаком і лініяй сувязі, якія пад вострым вуглом перасякалі іх шлях. Там яшчэ здалёку былі прыкметны нейкія сляды ад палазоў ці колаў, па ўзбочыне нехта нядаўна прайшоў, пакінуўшы неглыбокія ямкі ў снезе. Антон толькі выйшаў з-за прыдарожных дрэў і адразу ж павярнуў назад.
        – Давай стараной. Ну яе, гэтую дарогу...
        Яны сышлі ў лес, прабраліся праз калючы гушчар маладога хвойніку і пайшлі лесам зводдаль ад бальшака, аднак не губляючы таго з поля зроку. На бальшаку было пуста, прадзірацца ж праз хваёвы зараснік і падрост каштавала немалых сіл, куп’істая лесавая зямля з пнямі, жорсткай папараццю і галлём не давалі як разысціся, і Зоська падумала: можа, варта было б рызыкнуць і пайсці бальшаком. На самай справе, яна ўжо здарова прытамілася на гэтым шляху і ледзьве спраўлялася за Антонам, шырокія плечы якога мільгалі ў зарасніках. Зоська хацела была паклікаць яго, але перадумала: добра ёй з дакументам і пропускам, а як будзе яму ў выпадку сустрэчы з паліцыяй або немцамі? Адзін ягоны наган можа загубіць абаіх... I яна моўчкі цярпліва прабіралася па ягоным следзе ў неверагодна калючай хвойнай гушчэчы, з якой яны вылезлі на імшарыстую нізінку, зарослую старым змрочным ельнікам. Тут было ціха, цёмна і дзікавата, нібы ў склепе. Шумна дыхаючы, Зоська раптам заўважыла, як Антон знерухомеў наперадзе між дзвюх абымшэлых елак, і яна затаіла дыханне: з боку дарогі чуўся прыглушаны маторны гул, ён набліжаўся, з ім разам данесліся галасы, мужчынскі смех. Антон засцярожліва падняў руку.
        – Чуеш, немцы...
        У Зоські абмерла сэрца, яна прыслухалася – гул нядоўга патрымаўся на ранейшай ноце за ельнікам і памалу стаў слабець, аддаляцца. Падобна было на тое, што там сапраўды праехалі немцы, і яна падумала: добра, што Антон збочыў з дарогі. Так лепш, хаця і цяжэй. Мабыць, дарогі цяпер не для іх.
        Пасля яны быццам усё ж згубілі бальшак, таму што за гадзіну лесавога шляху з таго боку не данеслася ніводнага гуку, зніклі і ўсе іншыя адзнакі дарогі. Антон пакрочыў трошкі марудней, і Зоська пачала выроўніваць сваё дыханне. Яна ўжо страціла ўсякае ўяўленне аб гэтай мясцовасці, ніяк не арыентуючыся ў дзікім незнаёмым лесе і спадзеючыся толькі на Антона, які, мабыць, ведаў, куды вёў яе. Яны перайшлі дзялянку са штабелем нарыхтаваных хваёвых дроў, пералезлі шырокі круты роў, з надта слізкага схілу якога Зоська з’ехала на спіне, а пасля ледзьве ўзлезла на другі, не меней абрывісты бераг. Рукавы сачка, калені і спаднічка зноў прамоклі наскрозь, выкачаныя ў снезе. За ровам вялікі лес кончыўся, пачалося драбналессе, падзьмуў вецер, у якім па-ранейшаму гойсалі рэдкія сняжынкі. Неба нядобра хмурылася, стала сцюдзёна, але нейкія няўлоўныя адзнакі ўжо сведчылі пра набліжэнне ракі, рэльеф прыкметна памкнуў уніз. I вось наперадзе, між прывольна разбегшыхся па схіле сосен, зашарэў пусты, прытуманены снегападам абшар. Вады яшчэ не было відаць, а лес скончыўся, і Зоська зразумела: яны падышлі да ракі.
        «Малайчына, правільна. Не заблудзіўся», – з задавальненнем падумала яна пра Антона і бягом дагнала яго.
        – Ну, во, пажалста. Выйшлі! – кіўнуў ён рукой на разлеглае ўнізе рэчышча.
        Яны нетаропка абышлі маладыя хвойкі і спыніліся на абрыве. Унізе, каля іх ног, магутна гнаў сцюдзёныя хвалі Нёман.
        Некалькі разоў у дзяцінстве Зоська бачыла гэтую раку, але ўсё ў летні час, і тая не рабіла на яе вялікага ўражання – абмялелая, з пясчанымі залысінамі берагоў, яна здавалася тады нешырокай, спакойнай, раённага маштабу рачулкай. Цяпер жа выгляд яе змяніўся так, што было не пазнаць, быццам гэта была другая рака, так яна раздалася ўшыркі і з імклівай магутнаю плынню несла ў сабе нейкую таямнічую, нават пагрозлівую сілу. Ва ўсю яе бачную з гары даўжыню ішло «сала» – густая мешаніна крыг з абцёртымі, нібы ў стылым тлушчы краямі, якія няспынна плылі і плылі, штурхаючыся і кружачыся, і ціхі, таемна-магутны шоргат стаяў над ракой. Абрывістыя лясныя берагі шырока расступіліся перад напорыстай сілай стыхіі, абыякавай да іх спакойнага расліннага жыцця, занятай сабой і сваім спрадвечным рухам да мора.
        – Астравок, здаецца, вышэй будзе. Мы трохі ніжэй выйшлі, – сказаў побач Антон.
        Зачараваная суровай прыгажосцю ракі, Зоська хвіліну не магла адвесці ад яе вачэй, думаючы, як жа ім пераправіцца цераз гэтую ледзяную плынь? Дзе знаходзіцца Астравок, яна не задумвалася, яна ўжо прывыкла, што ў такіх справах Антон разумеў болын, зноў жа, увосень ён тут усё скалясіў са сваёй групай. Не спускаючыся да вады, яны пайшлі па-над абрывістым берагам у пошуках гэтага самага Астраўка.
        – Значыць, так, – павярнуўся да яе Антон. – На заставе там Петракоў. Або, можа, сяржант з дэсантнікаў. Той, каторага летам пад Зельвай падабралі. Дык ты назавеш пароль і скажы, што ўдваіх ідзем. Паняла?
        – А ты не вернешся?
        – Ты слухай сюды. Кажы так. А пасля пабачым.
        Зоська не пярэчыла, здаецца, яна ўжо страціла здольнасць пярэчыць гэтаму чалавеку, усё ў якога атрымлівалася лепш і больш хвацка, чым у яе. Ён яўна адбіраў у яе ініцыятыву ў гэтым яе паходзе, але яна не трывожылася, – ну і няхай! Мабыць, ва ўсім, што датычыла вайны, ён быў болыпы спец, чым яна.
        Аднак па беразе яны прайшлі кіламетры два, перш чым убачылі на рачной паваротцы прытоплены ў вадзе астравок, зарослы па берагах голым цяпер лазняком. Нёман тут раздзяляўся на два рукавы, галоўнае яго рэчышча абмінала з таго боку, а пратока ля гэтага берага была густа забіта лёдам, рух якога амаль спыніўся ў вузкім вадзяным рукаве. Трохі бліжэй абрывісты лясны бераг разразала вялізная прамоіна-роў, з якой вырывалася ўгору ледзь прыкметнае на цьмелым хвойніку шэрае клочча дыму.
        – Задымілі, – сказаў Антон. – Мабыць, грубку раскачагарылі.
        Не паспелі яны, аднак, наблізіцца да вусця рова, як аднекуль з кустоў насустрач выбег мітуслівы, чорненькі, бы вугалёк, сабачка, які са злым брэхам кінуўся на Антона. Антон спыніўся, прытупнуў нагой, але сабачка і не падумаў спалохацца, і толькі калі ён падхапіў з-пад ног камень, тады кінуўся назад у роў. Аднак адтуль па сцежцы насустрач ужо шкандыбаў няголены, у ватных штанах і нейкай самаробнай суконнай апранашцы пажылы чалавек з тоўста абвязанай шыяй. Ён глухавата адкашляўся, хутка супакоіў сабачку. Антон уважна павітаўся:
        – Здароў, Петракоў.
        – Здароў, – глухім голасам адказаў чалавек, стоячы на абрыве. За ягонымі плячыма відаць былі дашчаныя дзверы зямлянкі, іржавы камінок над якой капціў клоччам шызага дыму.
        Антон прапусціў Зоську наперад.
        – Кажы пароль.
        Яна і сама ведала, што трэба назваць пароль, але ці гэта трэба зрабіць цяпер, ці потым, яна забылася. Як заўжды, выручаў Антон.
        – Прывет вам ад Міроныча, – сказала яна, з увагаю пазіраючы на худы, з шэрым шчаціннем твар Петракова. Той, ціха кашлянуўшы, прамовіў водзыў:
        – Даўнавата з кумам не бачыліся.
        Здаецца, усё было правільна, пароль і водзыў супалі. Зоська з палёгкай уздыхнула і тут жа надумала запытаць, як наконт пераправы, ды Петракоў павярнуўся на абрыве.
        – Гэта... Сюды ідзіце. Ціш ты, шкварка! – крыкнуў ён на сабачку, які зноў паспрабаваў накінуцца на Антона. Зоську ён яўна ігнараваў увагай, увесь свой гнеў кіруючы на яе спадарожніка.
        – Гэта... Прайдзіце пакуль што... Во сюды, – адчыніў Петракоў падвешаныя на скуратах дзверы зямлянкі, з якой прыемна дыхнула на іх цеплынёй і дымам.
        Зоська і Антон, прыгнуўшыся, улезлі ў цесненысую, выкапаную ў рове зямляначку з абломкам шкла ў дзвярах замест акенца, лаўкай і добра напаленай печкай, дым з якой упарта не хацеў лезці ў комін і раз-пораз кідаўся ўсярэдзіну. Петракоў працёр далонню слязлівыя вочы і ўзяў з долу бот, за якім пацягнулася доўгая нітка дратвы.
        – Зашыць трэба... А вы гэта, сядайце, – кіўнуў ён на лаўку, сядаючы сам каля печкі. – Пакуль Барматухін лодку прыгоніць.
        Яны селі. Зоська бліжэй да печкі, Антон – ля самых дзвярэй. Антон беглым позіркам акінуў зямлянку.
        – А дзе ж начальнік твой?
        – А няма начальніка, – сказаў Петракоў, з натугай круцячы шылам дзірку ў задніку.
        – Як? Быў жа сяржант гэты. З дэсантнікаў. Петракоў адкашляўся, плюнуў у кут за печкай.
        – Быў. Папаўся сяржант. Цяпер я во.
        – А, гэтак...
        – Так во. А вы туды? – падняў ён на Зоську нейкі спакутаваны позірк счырванелых, мусіць, ад дыму, вачэй.
        – Туды, – скупа пацвердзіла Зоська. Петракоў, сціскаючы ў руках бот, ціха ўздыхнуў.
        – Да-а-а...
        – А што? – не зразумела Зоська.
        – Ды нічога, што ж... Учора вунь вярталіся хлопцы з Чапаеўскага. Двое. Трэцяга няслі ў пасцілцы. Во боты з яго.
        Зоська перацяла дыханне.
        – Што? Забілі?
        – Забіты. Дзве кулі. Адна ў грудзі, другая ў жывот.
        – Да, дрэнь справа, – паморшчыўся Антон.
        Зоська моўчкі сядзела, непрыемна ўражаная гэтаю весткай, хаця, калі разважыць, чаго тут было здзіўляцца? Ці мала дзе каго забілі – ішла вайна, і забівалі кожны дзень сотнямі. I ўсё ж яна адчувала, што гэта між іншым пачутая навіна мела нейкія адносіны і да яе, – можа, забіты перапраўляўся на той бок ля гэтага самага Астраўка, ды і забілі яго недзе ў тых жа мясцінах, дзе прыйдзецца дзейнічаць ёй. Зноў жа размова пра кулю ў жывот заўжды выклікала ў Зоські непрыемнае адчуванне. Болей за ўсё яна баялася менавіта кулі ў жывот, хаця і разумела, што атрымаць кулю ў галаву ці ў грудзі, мабыць, не лепей. Петракоў з дапамогай самаробнага шыла і дратвы старанна рамантаваў бот, увесь час хрыпла пакашліваў, і Зоська, гледзячы на яго тоўста абвязаную нейкай суконкай шыю, сказала:
        – У вас горла баліць, ага?
        – Ды ўжо баліць, – адказаў ён, не адрываючыся ад свайго занятку. – Застудзіў і вот... Відаць, дакашляю гэту зіму.
        – Ну чаму вы так! – здзівілася Зоська, адчуўшы ў ягоным голасе тужлівыя ноткі. Петракоў толькі махнуў рукой.
        – А, усё роўна. Чым жысць такая...
        Антон нецярпліва рэзка ўстаў з лаўкі і, сагнуўшы галаву пад нізкаю столлю, зірнуў праз няшчыльна прычыненыя дзверы, з якіх усё несла ветрам і сцюжай.
        – Ну дзе ж твой Барматухін? Ці, можа, ты перавязеш?
        – Барматухін перавязе. Ён цяпер перавозчык. Антону яўна тут не сядзелася, ды і Зоська ледзьве трывала ў гэтай прагорклай ад дыму зямлянцы. Цяпер яе, праўда, расчуліў спакутаваны выгляд Петракова, і ёй стала шкада хворага чалавека.
        – Дык, можа, лякарства трэба якое? Можа, вам мёд памог бы? – сказала яна, настылымі рукамі пагладжваючы прыгрэтае ля печкі калена.
        – Якое лякарства! Мне ўжо нішто не паможа, прыйдзецца таго... Сухоты ў мяне, – проста паведаміў Петракоў і змоўк, глыбока засунутай у халяву рукой мацаючы канец дратвы.
        Зоська збянтэжылася. Яна не ведала, што ў такіх выпадках можна сказаць чалавеку, чым суцешыць яго. Ды і ці трэба суцяшаць наогул?
        Сабачка, які быў недзе знік, радасна заскавытаў па той бок дзвярэй, Антон зірнуў праз акно і адступіўся. Дзверы шырока расчыніліся, і ў іх паявіўся, відаць, вельмі азяблы хлапчук з худзенькай шыяй і ў сямі нейкіх неахайна захінутых на грудзях апранахах. На яго галаве, глыбока насунутая на вушы, сядзела шэрая паношаная кепка з гузічкам наверсе.
        – Сігнал давалі, дзядзька Мікалай?
        – Даваў, як жа. Во перавезці, – паказаў позіркам на гасцей Петракоў, і Зоська здагадалася, што ўрэшце прыйшоў Барматухін. А яна думала, што гэта будзе чорны мужык з барадой. Хлопец, аднак, увайшоў у зямлянку і прычыніў за сабой дзверы, за якімі тоненька віскатаў сабачка.
        – Закалеў. Такі вецер усчаўся...
        – «Сала» ўсё прэ? – запытаў Петракоў.
        – Яшчэ болей стала. Такія крыгі – ого!
        – Стане Нёман, – рашыў Петракоў. – Хужы дзела будзе.
        – А нам хужы не будзе, – сказаў Барматухін.
        Ён прысеў перад печкай, працяг да агню скорчаныя ад сцюжы рукі, і Зоська падумала: як жа ён іх пераправіць у такі ледаход? А раптам аб лодку стукнецца крыга, і яны апынуцца ў вадзе. Але Нёман – не балотная рэчка, адсюль не так проста выбрацца на бераг. Яна са страхавітым клопатам пазірала на Петракова і хлопца, якія быццам і не думалі аб тым. Барматухін, усё трымаючы ля агню настылыя рукі, павярнуў да яе востранькі, з пасінелым носам, тварык і нібы падміргнуў нават.
        – На сувязь? У разведку?
        – Барматухін! – са зморанай строгасцю прыкрыкнуў Петракоў. – Табе што? За чым нада, за тым і ідуць.
        – А! – расчаравана выдыхнуў хлопец. – Бытта няведама, па што за Нёман ходзяць. Абы варочаліся.
        – Як-небудзь пастараемся, – сказала Зоська.
        – Во-о! Так усе гавораць. Толькі не ўсе варочаюцца. У нядзелю перавозіў шасцярых, два разы лодку ганяў. А ўчора вяртаюцца трое. I то адзін нежывы. Застрэлены.
        – Барматухін! – зноў спыніў яго Петракоў. – Памаўчы лепш.
        – Ды я – калі ласка, – з гатоўнасцю пагадзіўся падлетак і ўстаў. – Ну дык пайшлі хіба?
        Ямчэй захінуўшы на грудзях свае надзетыя адзін на адзін пінжачкі, ён тужэй падперазаўся брызентавай, ад вайсковых штаноў, папружкай і нагой піхнуў лёгкія дзверы. Яны адзін за адным выйшлі на вузенькую прыступку каля парога. Зоська, азірнуўшыся, сказала Петракову:
        – Як-небудзь папраўляйцеся, дзядзька.
        – Ды дзякуй, – без асаблівай удзячнасці азваўся Петракоў.
        Пасля дымнага цяпла зямлянкі на дварэ іх адразу ж ахапіла сцюжай, пранозліва дыхнуў з ракі вецер, Зоська дробненька здрыганулася. Але Барматухін ужо бег па сцяжынцы да берага, і яны рушылі следам. Зоська ўся ўнутрана сцялася, пазіраючы на ледзяны крыгалом на рацэ, цераз якую ім трэба было пераправіцца.
        Барматухін тым часам з хрупасткім шоргатам абламаў тонкі ледзяны закраек ля берага, спіхнуў з водмелі пласкадонку і прытрымаў яе за драўляны нос.
        – Залазьце.
        Антон лёгка і ўпэўнена сігануў цераз борт, падаў руку Зосьцы, і тая са страхам няспрытна ўлезла ў лодку, на дне якой плёскалася вада і плавалі празрыстыя кавалачкі лёду.
        – Праходзьце далей. Адзін на карму, другі на сярэдзіну. I сядайце, сядайце! Стаяць не можна! – звыкла распараджаўся Барматухін. Калоцячыся ад сцюжы і страху, Зоська апусцілася на мокрую папярэчыну, Антон прысеў на карме. Барматухін паднатужыўся, адпіхнуў лодку ад берага і ў апошні момант спрытна ўскочыў у яе сам.
        Зоська ледзьве жывая сядзела на папярэчыне, з усяе сілы трымаючыся рукамі за мокрыя бакавіны лодкі, якая пагрозліва зазыбалася, выцялася носам аб крыгу, але на дно не пайшла і нават не зачэрпнула вады. Стоячы на карме, Барматухін спрытна працаваў вяслом, ва ўсе бакі круцячы сваёй круглай у кепцы галавой. Паволі лодка паплыла ад берага, пасля яе імкліва падхапіла цячэнне і, на вялікі страх Зоські, хутка панесла між крыгаў. Але Барматухін таксама тут не шманаў – размахваючы вяслом, то гроб, то адштурхоўваўся ад цяжкіх крыгаў, адпіхваючы іх далей ад лодкі. Разы два крыгі ўсё ж здорава грукнулі ў борт, вада ў лодцы плёхнулася, Зоська яшчэ мацней учапілася ў дошкі бартоў, у яе кружылася галава, а лодка здавалася такой ненадзейнай, што проста дзіва было, як яна яшчэ трымаецца на паверхні ў гэтым калаўроце крыг і вады. Але лодка трымалася, і Барматухін яшчэ неяк кіраваў ёю – наўкось да процілеглага, у лазняках, берага. Пераадолеўшы першы спалох, Зоська нясмела азірнулася – нізкі пясчаны астравок і лясны бераг з прамоінай прыкметна аддаляліся, ужо ледзьве стала відаць сцяжынка на абрыве, і зусім прапала за выступам Петракова зямлянка, наўкола шырока разлёгся вадзяны прастор, і бясконцыя чароды крыг імкліва праносіліся міма. Але ўрэшце і сярэдзіна ракі засталася ззаду, лодка ўвайшла ў болей спакойную ўзбярэжную плынь. Тут крыг стала меней, яны ледзьве плылі, раскручваючыся амаль на адным месцы, і ў Зоські палягчэла на сэрцы. Рухава распіхваючы лёд вяслом, Барматухін прывёў лодку ў хмызняк, дзе яна супакоена торкнулася нарэшце ў падмыты край берага.
        – Фу! – з палёгкай выдыхнула Зоська. – Ну і нацярпелася страху.
        – Які тут страх? – здзівіўся Барматухін. – Хіба тут страшна?
        Антон першы выскачыў на бераг, дапамог выйсці Зосьцы.
        – Ну, перавозчык, дзякуй табе, – сказаў ён.
        – Няма за што, – бойка і, мабыць, звыкла адказаў Барматухін. – Вы, гэта самае, направа не хадзіце, там вёска. I па беразе не ідзіце: небяспечна па беразе.
        – Гэтак? Ды што ж нам – па паветры, ці што? – здзіўлена пажартаваў Антон.
        – Не, не па паветры, – сур’ёзна адказваў Барматухін, стоячы ў лодцы і старанна хукаючы на свае скалелыя рукі. – Вунь на дрэва трымайце. Там скора лес будзе.
        – Ну што ж, пойдзем на дрэва, – пагадзіўся Антон.
        – А будзеце вяртацца, во тут у лазе лодку знойдзеце.
        – Ясна.
        Яны палезлі ад ракі на некруты, але слізкі ад снегу бераг, а Барматухін, трохі адплываючы ў ціхай вадзе, усё дзьмуў на свае азяблыя пальцы.
        – А як завуць цябе? – азірнулася з абрыву Зоська.
        – Барматухін.
        – А імя, імя як?
        – А, імя... Ды Валодзька імя.
        «Дай Бог табе вырасці, – падумала Зоська. – I яшчэ перавезці нас на той бок».

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.