РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пайсці і не вярнуцца
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
16
        
16

        
        Стоячы на снезе ў раўку, Антон не пазіраў ні на Зоську, ні на двух партызан, якія ўзяліся есці з паперкі, і пах варанага мяса пакутна дражніў яго нюх. У каторы раз за сённяшні ранак і ноч Антон быў аглушаны і збянтэжаны, амаль раздушаны тымі нечаканасцямі, што абрынуліся на яго галаву. Мала яму было нязломнай упартасці Зоські, вераломнай выхадкі гаспадара хутара, які пайшоў па каня, а прывёў партызан, дык цяпер яшчэ і Сталінград. Горад, які, на ягоную думку, даўно павінен быў здацца, прынёсшы людзям канец гэтай праклятай вайны, гэты горад, аказваецца, не толькі ўтрымаўся, але яшчэ і даў у зубы немцам. Цяпер там наступленне, вайна доўжылася, перамога яшчэ невядома каму дастанецца. Ці не пра тое ж гаварылі ўчора і паліцаі, размову якіх так недарэчы недачуў Антон і з тае прычыны ледзьве не нарабіў глупства. Можа, цяпер ён павінен быў дзякаваць Зосьцы за яе выратавальную для абаіх цвёрдасць, дараваць яе выхадку з тапаром, наогул паспрабаваць памірыцца з ёю. Сапраўды, новая паваротка ў вайне вымушала Антона перагледзець некаторыя з сваіх ранейшых рашэнняў, перайначыцца ў адпаведнасці з новымі абставінамі.
        Калі толькі дазволяць гэтыя абармоты з Ліпічанскай пушчы, якія звязалі ягоныя рукі і вядуць невядома куды. Ужо ці не на той бок Нёмана? У такім выглядзе ён не мог паявіцца ў партызанскай зоне, дзе яго адразу возьмуць пад арышт, ужо там яму не мінуць следства. Усякую магчымасць абвінавачвання трэба было пагасіць тут. Але як? З гэтым зласлівым недамеркам, якога яны называюць сяржантам, нават і паразмаўляць немагчыма, ён загадзя ўсё ведае і ўпэўнены, што Антон – вораг. Ды і Зоська таксама ашчэрылася супраць – не падысці. Але, разважыўшы, Антон падумаў, што ў ягоным становішчы, як ні дзіўна, выручыць яго можа менавіта адна толькі Зоська. Можа ўтапіць канчаткова, а можа і вызваліць – гэта ўжо будзе залежаць ад яе да яго адносін.
        Сяржант з таўстуном тым часам, напэўна, даелі мяса і ляніва дажоўвалі хлеб, пазіраючы на абрыў, дзе павінен быў паявіцца некуды пасланы імі Салей. Зоська дэманстратыўна адвярнулася ад яго і засяроджана калупала ботам у снезе. У раўку было схоўна, не дужа ветрана, падаў рэдкі сняжок. Ногі ў непрасохлых ад ночы ботах пачалі хутка мёрзнуць на невялікім марозе, але Антон не спяшаўся выпраўляцца адсюль, ён напружана меркаваў, што рабіць, як падступіцца да гэтага сяржанта ці хаця б да Зоські. Ён адчуваў, што пакуль была такая магчымасць, пасля яна можа знікнуць, і ён ні да каго ні з якога боку ўжо не падступіцца.
        Ён не надумаў нічога, хаця мінула, мабыць, болей чым дваццаць хвілін, і Салей не вяртаўся. Гэтая яго затрымка пачала прыкметна трывожыць сяржанта, які, стоячы на дне раўка і засунуўшы рукі ў кішэні старога, з рудымі падпалінамі ад агню шыняля, усё пазіраў на абрыў і нецярпліва таптаўся ў снезе – ужо вытаптаў невялікую, з квадратны метр, пляцоўку. Нарэшце, мабыць, згубіўшы трыванне і нядобрым словам памянуўшы японскага гарадавога, палез на схіл. Там, над раўком, дзе пачыналася ворыва, было трохі раўней, і назіраць адтуль было болей зручна. Скамечыўшы ў руках снежку, ён шпурнуў ёю ў равок і скамандаваў:
        – Ану давай усе сюды! Усе, усе! I вы таксама.
        Зоська, за ёй таўстунок Пашка і апошні Антон пачалі лезці па схіле ўгору. Лезці па слізкай, засыпанай снегам траве было нязручна наогул, а са звязанымі рукамі дык і зусім немагчыма. На сярэдзіне схілу Антон паслізнуўся і бездапаможна выцяўся грудзямі аб зямлю, адразу пачуўшы на вуснах саленаваты прысмак крыві. Сяржант угары зласліва, коратка рагатнуў, і Антону спатрэбілася немалое намаганне, каб не паддацца шаленству, якое хлынула на яго. Ім смешна! Звязалі, абяззброілі, кудысьці вядуць сілай і яшчэ цешацца з яго немачы. Знарок не спяшаючыся, ён падняўся з каленяў, як-колечы стаў на расслізганым схіле; побач на снег упала некалькі ружовых кропляў крыві – няхай! Яны ўсе ўтраіх спакойна стаялі наверсе, на абрыве, і з насмешлівым здзекам пазіралі, як ён няспрытна караскаецца на схіл, і ён знарок прадэманстраваў ім сваё прыніжэнне – хай радуюцца. Гэты ўдар зубамі аб зямлю не шмат дадаваў да тых няўдач, якія спасцігалі яго сёння, і без таго ён адчуваў сябе абражаным. Пад іх зласлівымі позіркамі ён выбраўся з раўка, пакідаючы за сабой чырвоныя на снезе кроплі, і пакорліва стаў перад канваірамі.
        – Што раскрывяніўся?! – незадаволена сказаў сяржант, перастаючы ўсміхацца. – Ану вытрыся! Неча тут крывёю смаркацца.
        Антон стаяў моўчкі, з нямым дакорам у позірку і не варухнуўся нават, калі збоку да яго нечакана ступіла Зоська. Працягшы руку, яна рукавом сачка коратка выцерла яго бараду, зрабіўшы гэта моўчкі, двума кароткімі рухамі рукі, і Антон ледзьве ўтрымаўся, каб не скалануцца ад яе дотыку. Толькі калі яна адышлася з такім выглядам, быццам ёй няма больш да яго справы, штось унутры ў яго варухнулася – сум па страчанаму ці, можа, надзея.
        – Так, так! – з’едліва ўхмыльнуўся сяржант. – Цяпер бачу, японскі гарадавы!..
        Ён не скончыў, аднак, – усе разам павярнуліся да недалёкага грэбня пагорка, дзе трошкі ў баку ад ланцужка сваіх ранейшых слядоў паказаўся Салей. Ён хутка шыбаваў уніз да раўка, часам шырока слізгаючы па снезе, і сяржант з таўстуном, мабыць, штосьці ўчуўшы, прыціхлі. Антон, трошкі адвярнуўшыся, выцер аб каўнер кажушка кроў, што ўсё сачылася з драпіны на барадзе, і таксама глядзеў на Салея. Ён адчуваў, што той нясе вестку, якая і для яго можа аказацца важнай.
        – Ну што? – нецярпліва крыкнуў сяржант, калі пасыльны падышоў крокаў на дваццаць. Але той толькі махнуў рукой.
        – Што, не дайшоў? – запытаў таўстун Пашка.
        – Дайшоў. Але што карысці...
        – Чаму так?
        – Сівага ўзялі! – аб’явіў Салей, падышоўшы, і скінуў вінтоўку прыкладам на снег, ссунуў на патыліцу шапку. Ад яго спатнелага лба ішла пара.
        – А гэта... Баба яго? – напомніў сяржант.
        – Баба асталася. Ад яе і дазнаўся. Цераз беразнячок не прайсці.
        – Ды ну?
        – Аблава там. Паліцыя і жандары. Акурат у бярозах заселі.
        – А калі правей. Полем?
        – А вёска там. З вёскі ўсё на віду. Не пусцяць.
        – Дзяла, японскі гарадавы! – паныла сказаў сяржант і павярнуўся назад да раўка. Паўхвіліны ён звузелымі вачмі ўзіраўся ў прытуманеную шэрань прасторы.
        – Што ж нам цяпер, дняваць тут? – ціха сказаў да яго Пашка.
        – А хрэн яго знае...
        – Я так думаю, – пасля паўзы запараным голасам сказаў Салей. – Можна паспрабаваць ля чыгункі. Насыпка там невысокая, але... Якіх паўвярсты.
        – А цераз насып не бачна? – усумніўся Пашка.
        – Не, не ўбачаць. Калі паўзком...
        – Паўзком? З гэтымі во? – злосна кіўнуў сяржант на Антона.
        – Калі толькі паўзком, – настойваў Салей.
        – Ну і задача, японскі гарадавы! – вылаяўся сяржант і сеў задам у мяккі, неглыбокі тут снег.
        Антон насцярожана слухаў, стараючыся нешта ўцяміць з іхняй размовы, але толькі і зразумеў, што прайсці дзесьці нельга, што недзе на іхнім шляху немцы. Цяпер ён нават не ведаў, як аднесціся да гэтай няўдачы. З аднаго боку, ён адчуў міжвольную радасць, што ў гэтых абармотаў штось не заладзілася, і хай – не толькі ж яго спасцігаць няўдачам. Але, разважыўшы, ён адчуў няпэўную яшчэ небяспеку, каб усё гэта не абярнулася для яго яшчэ горшым чынам.
        Нядоўга пасядзеўшы на снезе і ўсё хмурачы свае тонкія броўкі, сяржант кіўнуў Пашку, і той апусціўся насупраць на кукішкі, з увагаю ўставіўшыся ў яго востры, па-змоўніцку ажывелы твар. Неўзабаве таўстунок ужо згодна ківаў галавой. Салей, абапёршыся на вінтоўку і стоячы да іх бокам, услухоўваўся ў іхнюю размову. Антон здаля таксама спрабаваў што-небудзь пачуць, але сяржант заўважыў ягоную цікавасць і азірнуўся.
        – Ну ты! Ану адыдзі! Адыдзі, адыдзі! На пятнаццаць шагоў марш!
        Рабіць не было чаго, Антон паволі адышоўся крыху і спыніўся, коса пазіраючы на партызан. Невыразная трывога пачала ўсё болей тачыць яго і без таго неспакойныя пачуцці. Ён не ўчуў ніводнага слова са сказаных сяржантам дзвюх ці трох фраз, але ён заўважыў, як выпнуўся на хвіліну звычайна дабрадушны і мяккі твар таўстуна Пашкі, які, праўда, хутка зноў стаў ранейшы. Салей трохі паморшчыўся і ўпаўголаса пацвердзіў:
        – А што, можна...
        Не так зразумеўшы, як здагадаўшыся, Антон спярша амаль памярцвеў ад страху, а пасля ў ягоную свядомасць варам шыбануў спалох, і ён кінуўся да сяржанта.
        – Што вы робіце? За што? Я партызан, я з немцамі ад вясны ваюю, а вы? Не маеце права!
        – Ты што? Ты што? – марудна падняўся сяржант. – Ану ціха!
        – Гэта безабразіе! Я чэсны! Я свой, савецкі, а вы...
        – Ціха! – крыкнуў сяржант. – Японскі гарадавы! Ты чаго разышоўся? Ты ж вунь да немцаў дзёру даць збіраўся. Ты ж іхні агент.
        – Я не агент! Я партызан з «Сувораўскага». Гэта яна па злосці, – кіўнуў ён на Зоську. – Там паміж намі праізашло... Хай яна пацвердзіць. Зося! – крыкнуў ён Зосьцы з такім роспачным сумам, што, здаецца, камень бы не стаў абыякавы. Зоська, аднак, паўзіралася ў яго, звузіўшы вочы, і прамаўчала.
        – Што ж мы, на руках цябе панясём? – з’едліва расцягваючы словы, сказаў сяржант. – Там, можа, з боем прабівацца прыйдзецца. I паўзці трэба?
        – Панятна, паўзці, – згодна пацвердзіў Салей.
        – Ну што ж, я папаўзу! Я ўмею. Паверце, яй-Богу. Навошта ж губіць бязвіннага? Я ж нічога такога...
        У ім усё напружылася і аж дрыжэла ад прадчування таго, што зараз, відаць, усё і рашыцца. Відаць, апошняе слова будзе за гэтым сяржантам. Але чаму б не заступіцца за яго Зосьцы? Чаму яна маўчыць, як набраўшы ў рот вады? Гэтыя ж яго бачаць упершыню і прымаюць за нейкага агента, але ж яна можа сказаць, што ён не агент. Ён партызан! З той самай Ліпічанскай пушчы, з таго ж атрада, што і Зоська. Чаму ж яна не заступіцца за яго? Няўжо яна не разумее, што яны ўдумалі з ім зрабіць?
        – Зося, скажы ім: я ж не вораг. Ты ж ведаеш, я чэсна ваяваў і чэсна ваяваць буду. Ці мала што паміж намі здарылася! Пры чым жа тут яны? Скажы, Зося!
        Стоячы трошкі наводдаль, Зоська абыякава пазірала кудысь у чысты, з рэдкім быльнягом снег, і сяржант раптам прыпамятаў:
        – А што ёй казаць? Яна ўжо сказала. Там, на хутары. Што ты да немцаў перабегчы сабраўся.
        – Няпраўда! – запальчыва перапыніў яго Антон. – Гэта памылка! Сплашное непаразуменне.
        – А, здаецца, і ты казаў, быдта яна таксама рашыла перабегчы? Дык як жа вас разумець?
        – Гэта няпраўда! Я памыляўся.
        – Харошая памылачка, японскі гарадавы! А калі б мы яе шлёпнулі, паслухаўшы цябе?
        – Ну што вы! Я гэта па злосці. Па крыўдзе. Таму што яна... Мы з ёй пасварыліся. Бо я... Мы палюбоўна. Зоея, скажы ім. Што ж ты маўчыш? Яны ж хочуць мяне застрэліць!
        Зося, як здалося яму, трохі адмякчэлым позіркам павяла па ягонай расхрыстанай постаці, пасля зірнула на трох партызан зводдаль. Відаць, яна вагалася, і сяржант, якому, відаць, пачало дакучаць гэтае следства, прыкрыкнуў:
        – Дык што? Ён праўду кажа? Ці дэмагогію разводзіць?
        Цяпер яны ўсе ўставіліся ў пакутна напружаны твар Зоські, і Антон даўмеўся, што ад яе адказу будзе залежаць, жыць яму ці тут жа памерці. Але Зоська з акамянелым тварам прадаўжала маўчаць.
        – Што ж, прадавай! – з роспаччу асуджанага працадзіў ён. – Няхай забіваюць. За маю любоў...
        – О, ён ужо пра любоў! Спрытнюга, японскі гарадавы! – усміхнуўся сяржант і звыклым рухам скінуў з пляча аўтамат. Абсівераныя Зосьчыны вусны ўздрыгнулі, і, быццам баючыся, што не паспее, яна прамовіла:
        – Ладна, не трэба. Ён свой...
        – Дык якога ж д’ябла?! – ускіпеў сяржант, трымаючы ў руцэ аўтамат. – Якога ж д’ябла ты нам мазгі круціш? То крычала: перабягаць надумаў, а цяпер наабарот. А то – абодвух к чортавай матары!..
        – Я па злосці, – ціха сказала Зоська.
        – Таварыш сяржант! – узмаліўся Антон, адчуўшы, што, не зважаючы на паказны свой гнеў, сяржант завагаўся і трэба не даць яму зноў прыдбаць упэўненасць. – Таварыш сяржант, я ж казаў... Развяжыце мяне, я дакажу. Яй-Богу! Я ж свой, савецкі...
        – Вось бачыш! – сказаў сяржант Зосьцы. – Ён ужо і развязаць просіцца.
        – Хай, развяжыце, – сказала Зоська.
        – Развязаць? – Развяжыце.
        – А не баішся?
        – Не, не баюся.
        – Ну і дзівосы! Стэфан казаў, на хутары з тапаром кідалася, а тут – развяжыце! Ну і жаночая логіка! Ладна, што ж, сапраўды... Пэцкацца тут аб яго. Пашка! – крыкнуў ён таўстунку. – Развяжы! Але май на ўвазе, калі што – адразу чаргой у спіну. Я цацкацца не люблю, японскі гарадавы!
        – Ну што вы, таварыш сяржант...
        Лёгкім рухам плячэй Антон скінуў з сябе незашпілены кажушок, і Пашка развязаў ззаду вяроўку. «Як здорава, аднак, мець рукі развязаныя, – падумаў Антон. – Быццам здабыць волю». Але да волі, мусіць, было далёка, хаця і бліснула надзея. Хутка спакайнеючы, Антон надзеў у рукавы кажушок, скалеўшы, старанна зашпіліў яго на ўсе гузікі.
        – Аддалі б і наган, га, таварыш сяржант, – лагодна звярнуўся ён з новай просьбай.
        – А шыш не хочаш! Яшчэ яму і наган! – раззлаваўся сяржант. – Во прыйдзем, разбяруцца, тады і палучыш.
        «Значыць, яшчэ на падазрэнні. Яшчэ будуць трымаць на прыцэле, – думаў Антон. – Ну што ж, няхай так. Яшчэ невядома, галубочкі, як вам удасца прайсці каля немцаў. Гэта яшчэ мы пабачым...»
        – Ну, шагам марш! – сказаў сяржант, закідваючы за плячо аўтамат. Салей з Пашкам ужо стаялі гатовыя рушыць, Антон таксама цяпер не марудзіў, адна Зоська чамусь затрымалася.
        – Пагадзіце, – сказала яна. – Мне трэба ў Скідзель.
        – Ось табе і раз! – злосна азірнуўся сяржант. – Зноў ёй у Скідзель! А гэтага я куды павяду? Што я скажу там? Не, спярша дойдзем да Ліпічанкі, разбярэмся, а пасля – куды хочаш. Хоць у Берлін да Гітлера!
        – Вы сарвеце заданне.
        – Вы самі сарвалі сваё заданне. Чаго сталі? – крыкнуў ён на сваіх. – Ану марш! Салей – наперад!
        Салей паслухмяна ступіў у снег і пакрочыў па схіле наўкось да вяршыні пагорка; за ім рушыў Антон. Сяржант пачакаў, прапусціў перад сабой Зоську, таўстунка Пашку і пайшоў ззаду за ўсімі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.