РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мёртвым не баліць
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
6
        
6

        
        Людзі ідуць, ідуць, ідуць...
        I я іду. Іду без мэты, немаведама куды, насустрач цёплай вясновай ночы. Вячэрняя сцішанасць высокага пагоднага неба мірам і добрасцю ліецца ў разварушаную душу. Дробненька рассыпаецца музыка са «Спідолы». Гэта перада мной мерна крочаць, нібы плывуць у людскім патоку, трое хлапцоў. Чорныя вячэрнія гарнітуры, вастраносыя чаравікі. Вельмі дбайна прычэсаныя шавялюры.
        Я іду за імі і думаю пра сваё.
        Цяпер, праз дваццаць год, можна меркаваць па-рознаму. Хоць, прызнацца, я і дагэтуль толкам не ведаю, як усё тое адбылося. Магчыма, адступаючы, немцы наўмысля пакінулі ў нашым тыле танкавую групоўку. А можа, нашы часці самі абышлі яе, гонячыся за тэмпам наступлення. Уперад, не зважаючы ні на што, глыбей у варожы тыл – было няпісаным правілам кожнай наступальнай аперацыі. А танкі засталіся. Гэта найбольш верагодна. Важна было акружыць Кіраваград, паставіць пад пагрозу разгрому дзесятак нямецкіх дывізій. Каму там клопату, што ў нейкім месцы нашага баявога парадку ўтварылася прарэха, у якую ўлезлі немцы.
        Для фронту гэта было нястрашна, для арміі таксама. Дывізіі было горш. А вось кам... Мне, небаракам-параненым, таксама як і заклапочана-бяспечным тылавікам, гэта было пытаннем: жыць ці памерці.
        Мусіць, тады я зрабіў усё ж няправільна. Калі б ведаць, што будзе далей, дык трэба б крыкам крычаць на ўвесь стэп. Надакучаць рознаму начальству, не зважаць, што маглі паставіць і да сцяны, палічыўшы за панікёра. Вядома, панікі на фронце баяліся ўсе гады, пачынаючы з сорак першага. Наконт яе былі грозныя загады, у тым ліку і самога Сталіна. Падазрэнне ў панікёрстве часам мела куды больш небяспечныя вынікі, чым рэальная пагроза з боку немцаў. Таму, як след не разабраўшыся ў абстаноўцы, камандзіры да часу стараліся маўчаць, спадзеючыся, што начальству раней данясе сусед. Я ж у свежым запале нечаканай сутычкі аб гэтым тады не падумаў.
        Людскі паток з тратуараў уліваецца ў вялізны натоўп на плошчы.
        Тут помнік.
        На плошчы гамана і штурханіна. Натоўп пацясняецца, падаецца ўбок, прапускаючы да помніка строй піянераў са сцягам. Лясны водар хвоі ад вянкоў настройвае на адпаведны хаўтурны лад. Урачыстая хвіліна ўскладання. Людская гамана прыціхае. Гучней грымяць маршы з дынамікаў.
        Ля помніка чуецца нейкая каманда. Я думаю, можа, тут будзе мітынг? Хоць на мітынг штось не падобна – няма ні трыбун, ні арганізатараў.
        Звонкім, добра пастаўленым галаском юная выхаванка школьнай самадзейнасці бадзёра чытае верш. Ніхто не забыты, нішто не забыта. Гучна звіняць над плошчай высокія, поўныя аптымізму словы. Малайчына дзяўчо!
        Невядома чаго, я праціскаюся між людзей да помніка. Што я там хачу ўбачыць? Скрозь – твары, твары, твары. На мяне ніхто не звяртае ўвагі. Тым лепш. Я разумею, што знайсці тут каго – безнадзейная справа. Як іголку ў стозе сена. I ўсё ж лезу ўсярэдзіну. Гранітнае падножжа манумента завалена зелянінай вянкоў. Колькі хваёвых галін! На вайне яны спадарожнічалі забітым у іх апошнім шляху на зямлі. Разам іх клалі ў магілы. Часта замест дамавін...
        Да агню, аднак, не падступіцца. Там піянеры. Стройныя рады белых сарочак і кофтачак. Урачыстая чырвань гальштукаў. Яны салютуюць. Я спыняюся ў шчыльнай групе моладзі. Хлопцы і дзяўчаты. Зноў вастраносыя туфлі, абцасікішпількі. Пышныя і старанныя прычоскі. I над плошчай усё той жа прыглушаны россып транзістараў:
        
         А за окном то дождь, то снег,
         И спать пора. Но никак не уснуть...
        
        Яны жывуць сваім, куды больш ім блізкім. I я іх разумею. На самой справе: прайшло амаль дваццаць год. Шмат хто нічога ўжо і не памятае з таго, што было ў раннім дзяцінстве. Многія нарадзіліся пасля вайны. Вайна для такіх – абстракцыя.
        Марудна я прабіраюся між іх шчыльных груп. Мне патрэбен Вечны агонь. Навошта – не ведаю сам. Хіба каб наблізіцца. У кожным агні ёсць невытлумачальная зваблівасць. Магчыма, гэта інстынкт, выпрацаваны ў глыбінях стагоддзяў. У старажытных агонь быў сродкам жыцця, ачышчэння і ахвярнасці. Цяпер ён сімвал іншага сэнсу. Мне хочацца толькі зірнуць на яго і тым далучыцца да памяці мёртвых.
        Не дужа ветліва рассоўваючы людзей, я ўсё ж прабіраюся да абеліска. Праўда, агню амаль не відаць, Над хвояй празрыстымі хвалямі струменіць гарачае паветра. У шырокім маўклівым крузе замерлі людзі – дарослыя і дзеці, мужчыны і жанчыны. Строгія позіркі ўсіх скіраваны да адной кропкі – сімвалу вялікага сэнсу. Твары ўрачыста засяроджаны. Яны вельмі мудрыя і вельмі светлыя, гэтыя твары. Мне здаецца, я ніколі не бачыў такімі нашых людзей. Цяжка нават паверыць, што гэта самыя звычайныя твары самых звычайных людзей. Зрэшты, тут тыя, па лёсе якіх усім сваім цяжарам праехала вайна. Ледзьве паўзіраўшыся, я ўжо разумею гэта.
        Што ж, пэўна, я таксама не буду тут лішні.
        Я выцягваю галаву з-за нейчай высокай чорнай спіны і моўчкі стаю з усімі. Мяккай пазалотай пабліскваюць карнізы і ляпныя рэльефы помніка. Насупраць, нібы мармуровая скульптура, – нерухома жалобны твар жанчыны. Яна ў вялікай чорнай хусціне, з-пад якой выбіваецца на лбе пасма зусім белых валасоў.
        Непадалёк, скрыжаваўшы на грудзях рукі, сядзіць інвалід у калясцы. I раптам я чую ціхі голас таго, што стаіць перада мной.
        – Ён які, агонь? Сапраўдны?
        – Самы сапраўдны, татка. Гэта ад газу агонь. Як на кухні ў Кузьмічовых.
        Васьмігадовы хлапчук тармосіць за руку чалавека. Той, аднак, роўна стаіць, трошкі схіліўшы голаў.
        – Вялікі?
        – Вялікі, татка. Толькі вянкамі заклалі – не відаць.
        – А вянкоў многа?
        – Многа. На мазаўскі самазвал не ўлезуць.
        – Самазвал ён як «студэбекер», так?
        – Што?
        Хлапчук не пачуў або не разумее незнаёмага слова. Я тлумачу:
        – Многа вянкоў. Пэўна, на поўны «студэр» з верхам. Чалавек на паўабарота паварочвае да мяне пабіты порахам, рабаваты твар.
        – Дзякуй.
        Калі ласка. Хаця навошта дзякаваць. Жорстка памечаныя вайной, мы і так выдатна разумеем адзін аднаго. Мы – пабрацімы аднаго лёсу. I мне робіцца добра тут, у гэтым цесным страі. На гэтым стыхійным мітынгу без прамоўцаў.
        Хлопчык з-пад бацькоўскай рукі з паважнай цікаўнасцю азіраецца на незнаёмага чалавека.
        Аднак добрага патроху. Здаецца, жаданне выканана. Неяк унутрана прасвятлеўшы, я пачынаю вылазіць з натоўпу.
        Усё ж Вечны агонь у памяць аб тых, хто загінуў – гэта здорава! Калі толькі вечнасць яго не акажацца кароткай.
        Здаецца, у адносінах да ўвекавечання забітых я памыляўся. Памяць аб стратах у нашай краіне, як ні ў адной іншай, шматзначная і сімвалічная. Напэўна, ніколі ў мінулым народ не губляў столькі невядомых салдат, як у апошняй вайне. I дагэтуль нікому невядома, колькі маці не дачакаліся з вайны ні сыноў, ні паведамленняў пра іхні лёс. I ляжаць яны ў зямлі невядомымі. Героі і негероі з невядомымі чалавецтву пакутамі і невядомымі подзвігамі, невядомымі лёсамі і імёнамі. Дык хай будзе благаславенны агонь у іх памяць!..
        Я рашуча выбіраюся з плошчы. Аднак гэта не проста. Уздоўж тратуара рады людзей. Нехта шчоўкае «Зоркім». Жанчына на выцягнутых руках высока ўзнімае дзіця. Хай бачыць і памятае малы.
        За тратуарам рад чырвоных газіровачных аўтаматаў. Ля іх таксама людзі. Лязгае мядзяк, нетаропка гудзе жалезнае нутро, і аўтамат акуратна адмервае сваю порцыю. Стараючыся не ступаць у лужы на асфальце – шукаю шклянку. Ля крайняга аўтамата, засланяючы адзін аднаго, нешта шальмуюць двое. Ужо немаладыя. Па ўзросце – былыя франтавікі. У абодвух у руках па шклянцы, але не падобна, каб з газіроўкай. Той, што стаіць насупраць, перахапіўшы мой заклапочаны позірк, з фамільярнасцю, на якую не пакрыўдуеш, падміргвае:
        – Адну хвілінку...
        I хавае за аўтамат бутэльку. Я спыняюся ўбаку і чакаю. Мужчьшы цішком стукаюць шклянкамі. Адзін рослы, цяжкаваты, з бурачнага колеру тварам. На ягоным пінжаку тры рады ордэнскіх планак. Два – Чырвонага Сцяга, па адным Аляксандра Неўскага і Айчыннай вайны. У другога, крыху маладзейшага і нейкага дужа пакамечанага з твару, лацкан няновага рудога пінжака важка адцягваюць дзве Чырвоныя Зоркі. Відаць, прывінціў спецыяльна для свята. Мужчыны таропка п’юць. Крэкнуўшы, заядаюць сухой воблай. Старэйшы – мажны крутаплечы дзядзька – выразным кіўком паказвае на маю нагу.
        – Што, на вайне?..
        – На вайне.
        – Ну, а газіроўку п’еш! Ці не зарабіў? – змрочна папракае ён і пытаецца: – Трахнула дзе?
        – На Другім Украінскім.
        – Сусед. Я з Першага. А гэты з Ленінградскага, – з трэскам ламаючы воблу, ківае ён на сабутэльніка.
        Я чакаю шклянку, а ён, памарудзіўшы, нагінаецца за бутэлькай. Шырокая вялікая яго рука налівае болей паўшклянкі.
        – Давай! За тых, хто хоча, а не можа.
        – Ну што вы!.. Я не п’ю.
        Ён, увачавідкі хмялеючы, гатовы абурыцца:
        – Як гэта не п’еш? Тады ты не франтавік. Ты – чыгуначнік.
        У яго нетаропкія рухі, бясспрэчны камандзірскі тон, цяжкаваты позірк чалавека, які ведае сабе цану. Маладзейшы, наадварот, увесь час смеючыся вачыма, грызе ўстаўнымі металічнымі зубамі воблу і падміргвае:
        – Давай, друг! За рускіх Іванаў.
        Мне зусім не хочацца піць, але іх фамільярная катэгарычнасць абяззбройвае. Хіба што за Іванаў. Маладзейшы выдзяляе кавалак воблы, і я паспешліва, захлынаючыся, п’ю. Як і на фронце. Выпадковая чарка сярод незнаёмых суседзяў-танкістаў або мінамётчыкаў. Праўда, там не было і следу няёмкасці.
        – Ну і нішто! – адабрае старэйшы. – Справіўся. А казаў, не п’ю. У якім званні?
        – Я?
        – Ну, вядома ж, не я.
        – Малодшы лейтэнант.
        – Зразумела. Ванька-ўзводны.
        – Ага. Праўда, і ротным быў.
        – Я таксама. Да Берліна вырас у дывізійнага.
        Салёны кавалак рыбы пячэ ў роце. Настроем хутка завалодвае хмельная лёгкасць. 3 рэпрадуктараў грыміць «Свяшчэнная вайна». Побач лезуць, тоўпяцца, штурхаюцца людзі. Аднак мы не звяртаем на іх увагі. Мяне пачынае цікавіць старэйшы. Але наконт дывізійнага ён, здаецца, «загнуў».
        – У дывізійнага, кажаце? Занадта высока.
        – Высока? Думаеш, да дывізійнага не дабраў? Так? Ану, палічы. Адзін камплект роты – дзвесце чалавек.
        – Гледзячы якой роты.
        – Якой! Штрафной, вядома.
        – Штрафной?
        Я з новай цікаўнасцю пазіраю на гэтага чалавека. Плячом ён прысланяецца да чырвонай сценкі аўтамата.
        – Ну і вось. Дзвесце памнож на дванаццаць. Дванаццаць разоў фарміраваліся. Не лічачы частковых папаўненняў. Дывізія!
        Ну, можа, і не дывізія, але таксама нямала. Я першы раз бачу чалавека, які на фронце камандаваў штрафной ротай, і з несхаванай цікаўнасцю гляджу на яго. Малодшы растрыбушвае пачак «Беламору».
        Жанчына ў празрыстай хустачцы, з медзяком у пальцах выглядае шклянкі.
        – Шкляначкі вольныя?
        – Заняты! – буркае старэйшы.
        – П’яніцы праклятыя!
        – Цыц, цётка! У нас памінкі!
        Цётка, адышоўшыся, грозіцца:
        – Вось паклічу дружыннікаў, тады паменяцё. У працвярэзнік вас, алкаголікаў!
        – Што? Дружыннікаў? Кліч! Кліч дружыннікаў! – пачынае распаляцца старэйшы і пагрозліва ступае ад аўтамата.
        Малодшы, бліснуўшы металічнымі зубамі, хапае яго за руку.
        – Кузьміч, спакойна! Спакойна, Кузьміч!
        – Што спакойна? – крычыць Кузьміч. – Ідзіце вы... Давай яшчэ пляшку!..
        Малодшы дастае з-за пазухі яшчэ бутэльку, і Кузьміч спрактыкавана адкручвае галоўку. Рукі яго дрыжаць. Гарэлка цераз берагі шклянкі ліецца на асфальт. На гэты раз яны п’юць удвух і моўчкі.
        Я думаю, што трэба ісці. Але Кузьміч, пляснуўшы рэшту гарэлкі пад ногі, узнімае на мяне счырванелыя, незадаволеныя вочы.
        – Што глядзіш? Асуджаеш? Так? Асуджаеш? Ты, чыгуначнік! – амаль абразліва заканчвае ён.
        – Кузьміч, спакойна! Ціха, Кузьміч, – бярэ яго за пінжак малодшы.
        Кузьміч злымі вачыма глядзіць на мяне. Здаецца, ён ужо забыўся, хто я, і гатовы абрушыць на мяне ўвесь свой накоплены з вайны гнеў.
        – Ладна. Бывайце здаровы! – кажу я. – Дзякуй.
        Малодшы ловіць маю руку.
        – Няма за што. Ты не крыўдуй. Ведаеш, Кузьміч, ён добры...
        Я іду па тратуары і прыкметна кульгаю. Выпіўшы, я заўжды здорава накульгваю. I я не крыўдую. Увогуле п’яныя агідныя. Асабліва сярод цвярозых. Але гэтага «дывізійнага» можна зразумець. Дзвесце на дванаццаць! Паняволі азвярэеш.
        Асабліва з часам. Калі ўсё гэта адстоіцца і ўзмацніцца ў эмацыянальнай памяці. Тады і замітусяцца хлопчыкі крывавыя ў вачах.
        А Сахно? Ці бачыць ён сваіх хлопчыкаў?
        Не, я размазня і баязлівец. Трэ было зараз жа затрымаць яго, праверыць дакументы. Калі што, крыкнуць на дапамогу людзей. Столькі перадумана аб ім, а калі з’явіўся ўрэшце проста неверагодны, можа, адзіны ў жыцці выпадак, я разгубіўся.
        Франтавік, называецца!
        Гарэлка пячэ нутро, тлумна муціць маю свядомасць. Карціць нешта зрабіць, на штосьці адважыцца. I я брыду, куды вядуць мяне вуліцы. Спачатку па праспекце, пасля на перакрыжаванні зварочваю за рог. Неўзабаве людскі гушчар на тратуары радзее. Раптам пыхнуўшы, угары загараюцца ліхтары. Іх матавыя шары, як парныя месяцы, цьмяна свецяцца ўгары за рэдкай яшчэ лістотай ліп. Па меры таго як цямнее неба, яны ўсё разгараюцца і свецяць ярчэй.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.